Сцэнарная распрацоўка майстар-класа "пішам водгук на літаратурны твор"




Дата канвертавання16.04.2017
Памер149.53 Kb.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму

Салігорскага раённага выканаўчага камітэта

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

"Сярэдняя школа №3 г.Салігорска"


СЦЭНАРНАЯ РАСПРАЦОЎКА МАЙСТАР-КЛАСА
"ПІШАМ ВОДГУК НА ЛІТАРАТУРНЫ ТВОР"

Іваноўская Алена Аляксандраўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры, першая кваліфікацыйная катэгорыя

Салігорск

2013

Тэма: “Пішам водгук на літаратурны твор”.
Педагог-майстар: настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Салігорска” Іваноўская Алена Аляксандраўна.
Працягласць: 45 хвілін.
Удзельнікі: педагогі, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.
Мэта майстар-класа: павышэнне прафесійнага майстэрства педагогаў- удзельнікаў майстар-класа ў працэсе актыўных педагагічных зносін па засваенні вопыту працы педагога-майстра.
Задачы майстар-класа:

- канструяванне перад удзельнікамі майстар-класа сваёй мадэлі адукацыйнага працэсу;

- навучанне удзельнікаў майстар-класа канкрэтным навыкам, якія складаюць аснову педагагічнага вопыту, і спосабам дасягнення намечаных вынікаў;

- дэманстрацыя ўмення педагога-майстра праектаваць паспяховую дзейнасць вучняў;

- аказанне дапамогі ўдзельнікам майстар-класа ў вызначэнне задач іх прафесійнага самаўдасканалення.
Чаканыя вынікі дадзенага майстар-класа:

- разуменне ўдзельнікамі майстар-класа сутнасці сістэмы педагога- майстра;

- практычнае засваенне ўдзельнікамі майстар-класа найважнейшых навыкаў педагога-майстра;

- актывізацыю пазнавальнай дзейнасці ўдзельнікаў майстар-класа;

- павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў майстар-класа.
Форма правядзення: педагагічная майстэрня.
Форма работы: групавая. Удзельнікі адразу дзеляцца на тры групы, кожная з якіх садзіцца за асобны стол.
Вучэбна- метадычнае забеспячэнне і ТСО: прэзентацыя “Пішам водгук на літаратурны твор”, раздатачны матэрыял удзельнікам майстар-класа.
Ход майстар-класа
1 . Арганізацыйна-матывацыйны этап.

Слова педагога-майста.

Самае складанае ў рабоце настаўніка-філолага - напісанне водгука на твор. Перад вамі байка Кандрата Крапівы “Ліслівае цяля” (дадатак 1). Складзіце сваё меркаванне пра яго. Пазнаёмцеся з водгукам на гэты верш, напісаны маімі вучнямі, з якімі я займаюся на дадатковых стымулюючых занятках па падрыхтоўцы да алімпіяд.

Параўнайце сваё меркаванне з водгукам. Ці супалі яны? Выкажыце сваё меркаванне. З якой праблемай мы сутыкнуліся? Выберыце адказ з прапанаваных варыянтаў (можа быць некалькі адказаў):

- Вучні не могуць напісаць водгук.

- Вучні не могуць адэкватна ацаніць верш.

- Вучні не ўмеюць бачыць аўтарскую пазіцыю.

- Вучні справіліся з выяўленнем асноўнай тэматыкі і праблематыкі твора.

- Вучні не справіліся з вызначэннем ролі вобразных сродкаў.

(Выказванне ўдзельнікамі майстар-класа свайго меркавання).

Вывад педагога-майстра: вучні ў большай сваёй ступені не ўмеюць пісаць водгук.


2. Актуалізацыя суб'ектнага вопыту ўдзельнікаў.

Перад намі паўстала новае пытанне: чаму вучні не ўмеюць пісаць водгук? Выкажыце свае меркаванні. Колькі гадзін у праграмме па беларускай мове і літаратуры адведзена на навучанне вучняў пісаць водгук? Ці мае настаўнік дастаткова ведаў для таго, каб навучыць вучняў?

(Выказванне ўдзельнікамі майстар-класа свайго меркавання).

Вывад педагога-майстра: на навучанне вучняў пісаць водгук адведзена 1 гадзіна па беларускай мове ў 8 классе пры вывучэнні тэмы "Сказы з аднароднымі членамі: будова, значэнне, ужыванне". Не ўсе настаўнікі валодаюць дастатковымі ведамі, каб навучыць вучняў пісаць водгук.


3. Вызначэнне тэмы, мэты і задач майстар-класса.

Тэма нашага майстар-класса “Пішам водгук на літаратурны твор”. Прашу вас працягнуць фразу: “Я даведаюся...”. “Я састаўлю...”. “Я зраблю вывад...”.


4. Выклад канцэптуальных асноў уласнай сістэмы працы.

Пасля некалькі гадоў работы ў школе для мяне стала відавочным, што для выніковага выступлення вучняў на 2 этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры неабходна сістэматычна і сур'ёзна працаваць з імі па напісанні водгука. Як я ужо пазначала, у школьнай праграме па беларускай мове прадугледжана 1 гадзіна на навучанню вучняў пісаць водгук. У курсе беларускай літаратуры ужо з 5 класа сярод відаў работ пазначаны "Водгук на прачытаную кнігу, прагледжаны спектакль, кінафільм, тэлеперадачу" (у 5-7 класах вусны, у 8-11класах вусны і пісьмовы). Але ў дадзеным выпадку такі від работы успрымаецца як выказванне свайго асабістага ўражання ад кнігі, спектакля ці кінафільма як літаратурных аб'ектаў вялікай формы. Нас жа цікавіць водгук на вершаваны ці празаічны твор малой формы, часцей за ўсё верш.

У працэсе работы я сутыкнулася з праблемай недастатковасці тэарэтычнага матэрыялу па гэтаму пытанню, адсутнасцю кніг для настаўніка, адсутнасцю ўзорных водгукаў вучняў, якія можна было б выкарыстоўваць у рабоце.

Такая сітуацыя патрабавала ад мяне як настаўніка-філолага сабраць матэрыялы, скласці памятку для вучняў па напісанні водгука, сабраць капілку водгукаў вучняў. Паспрабуем разабрацца, што такое водгук.

Водгук – маўленчы твор, заснаваны на выяўленні эмацыйна-ацэначных адносін да прачытанага, убачанага, пачутага. Мэты напісання водгукаў: падзяліцца ўражаннямі, зацікавіць, пераканаць, даць ацэнку. Водгук як жанр патрабуе ад аўтара дэманстрацыі ведаў па тэорыі вершаскладання, спецыфіцы літаратурнага працэсу, ведання спецыфікі кіно, тэатра, умення сцісла, дакладна інтэрпрэтаваць змест, тэму, ідэю, выяўляць уласнае стаўленне, разважанні. Дзейнасць па напісанні водгукаў патрабуе творчасці, выяўляе чытацкі вопыт вучня, дэманструе агульны ўзровень духоўнай і маўленчай культуры школьніка, ступень яго далучанасці да мастацтва.

Патрабаванні да зместавага напаўнення водгукаў: выяўленне асноўнай тэматыкі і праблематыкі, бачанне аўтарскай пазіцыі, вызначэнне ролі сюжэта, кампазіцыі, разуменне ролі мастацкіх вобразаў, бачанне ролі выяўленчых сродкаў, абгрунтаванне асабістых ацэнак, моўнае і кампазіцыйнае афармленне, наяўнасць творчага характару, пісьменнасць. Для выпрацоўкi ўмення пiсаць водгук на прачытаную кнiгу бяруцца невялiкiя па аб’еме, але займальныя па зместу i нескладаныя па сюжэту творы (звычайна з тых, якiя прапануюцца для пазакласнага чытання). Напiсаныя водгукi абмяркоўваюцца, указваюцца iх недахопы, адзначаецца станоўчае..

У водгуку вельмі важны ацэначны кампанент, які ўтрымлівае тры аспекты: лагічны, эстэтычны і этычны. Сфармуляваная вучнем ацэнка – сведчанне таго, што ён адэкватна ўспрыняў і асэнсаваў твор, кінафільм, тэатралізаваную пастаноўку. Ацэнка павінна быць матываванай. Неабходна выхоўваць у вучняў культуру падачы матэрыялу, мастацкі густ, пашану да слова.

Без перабольшання, водгук на мастацкі твор належыць да найбольш складаных і адказных конкурсаў алімпіяды як для вучняў і настаўнікаў, якія займаюцца падрыхтоўкай каманд, так і для членаў журы. Гэта абумоўлена творчым характарам конкурсу.

Водгук як спецыфічны жанр мае на мэце не перадачу фактаў, падзей, фабулы твора, а яго інтэрпрэтацыю — асэнсаванне, разуменне зместу і мастацкай формы тэксту. Пры ігнараванні гэтага патрабавання водгук зводзіцца або да пераказу, або да сачынення «па матывах». У некаторых выпадках гаворка канцэнтруецца вакол тэмы, якой прысвечаны твор, пры гэтым таксама застаецца па-за ўвагай эстэтычны статус мастацкага тэксту. У такім разе на першы план выступае не эстэтычны, не ацэначны кампанент, а ў лепшым выпадку — маральна-каштоўнасныя разважанні аўтара.
5. Практычныя заняткі з удзельнікамі майстар-класа.
1) Слова педагога-майстра.

На аснове ўсіх знойдзеных мною матэрыялаў і свайго вопыту я склала памятку “Магчымы змест водгуку”.

(Настаўнік-майстар раздае кожнай групе памятку “Магчымы змест водгуку” (дадатак 3).

Давайце паспрабуем ўявіць сябе на месцы вучняў – удзельнікаў алімпіяды – і напішам водгук на верш. Па той прычыне, што мы абмежаваны ў часе, пісаць водгук будзем калектыўна па групах. Вы ўжо раздзелены на тры групы па 6-7 чалавек у кожнай. Выберыце таго, хто будзе запісваць водгук. Першая група працуе над уступам, другая група складае асноўную частку, а ад трэцяй групы мы чакаем заключэння. Я прапаную вам верш Уладзіміра Караткевіча “І тады закалыхалася хмара” (дадатак 4).

(Удзельнікі майстар-класа працуюць над водгукам 15 хвілін).

Слова педагога -майстра.

Давайце абмяркуем выкананую работу.

(Удзельнікі майстар-класа зачытваюць свае часткі водгука).
2) Слова педагога -майстра.

Ці згодны вы з тым, што звычайнаму вучню толькі гэтай памяткі “Магчымы змест водгука” не хапае для напісання свайго водгука на твор? Я ў гэтым упэўнілася, працуючы з вучнямі. І таму склала яшчэ адну памятку “Як пісаць водгук”, у якой паэтапна прапісала ўсе дзеянні вучня. Я прапаную вам прачытаць памятку і выказаць свае меркаванні. Прапануйце свае фармуліроўкі асобных этапаў работы вучняў, дапаўненні.

(Настаўнік-майстар раздае кожнай групе памятку “Як пісаць водгук” (дадатак 5).

(Удзельнікі майстар-класа працуюць над памяткай 5 хвілін).

(Удзельнікі майстар-класа дапаўняюць памятку).

3) Слова педагога -майстра.


Мы ўжо ўпэўніліся ў тым, што водгукі вучняў часта недасканалыя, дзеці не ўмеюць бачыць аўтарскую пазіцыю, нярэдка не спраўляюцца з вызначэннем ролі вобразных сродкаў. Прааналізаваўшы шматлікія водгукі, я вызначыла агульныя недахопы, з якімі вас пазнаёмлю. Спадзяюся, што яны дапамогуць вам у рабоце з вучнямі.

(Настаўнік-майстар раздае кожнай групе памятку “Недахопы ў водгуках вучняў” (дадатак 6).


4) Слова педагога -майстра.

Як я ўжо пазначала, у працэсе работы сутыкнулася з праблемай недастатковасці тэарэтычнага матэрыялу па напісанніі водгука, адсутнасцю кніг для настаўніка. Я склала спіс літаратуры ў дапамогу настаўніку. Гэта дапаможнікі такіх вядомых мовазнаўцаў, як Ул.І.Куліковіч, Г.М.Малажай, В.П.Красней, В.В.Кушнярэвіч. Акрамя пытанняў, над якімі мы ўжо працавалі (магчымы змест водгука, як пісаць водгук, недахопы ў водгуках вучняў), у дапаможніках можна знайсці творы для напісання водгукаў, узорныя водгукі ўдзельнікаў абласной і рэспубліканскай алімпіяд, памяткі для вучняў “Сродкі мастацкай выразнасці”. Дапоўніце яго, калі ласка, мой спіс вядомымі вам кнігамі, каб кожны з нас мог заўсёды пакарыстацца матэрыялам у сваёй працы.

(Настаўнік-майстар раздае кожнай групе “Спіс літаратуры па напісанні водгука” (дадатак 7).

(Удзельнікі майстар-класа дапаўняюць спіс літаратуры).


6. Рэфлексія майстар-класа.

Слова педагога -майстра.

1) Пакладзіце на чысты ліст паперы сваю далонь, абвядзіце яе і напішыце на кожным пальцы свае думкі з нагоды сённяшняга нашага майстар-класа.



  • Вялікі - для мяне было важным і цікавым ...

  • Указальны - мне спадабалася, што ...

  • Сярэдні - я атрымаў інфармацыю ...

  • Безыменны - я атрымаў бы вялікую карысць, калі б ...

  • Мезенец - для мяне было недастаткова ... (мне было цяжка ..., мне не спадабалася ...).

2) Падзяліцеся сваім меркаваннем, запісаным на паперы, з удзельнікамі майстар-класа.

Дадатак 1

Кандрат Крапіва. Ліслівае цяля.

«Ліслівае цяля дзве маткі ссе».

Вы гэту прыказку напэўна чулі ўсе.

Але на практыцы выходзіць,

Што і цялятам часта шкодзіць

Залішне многа малака.

У дзядзькі аднаго, вяскоўца-кулака,

Было штук пяць кароў.

А кожны ж ведае, здароў,

Які ў кароў вясковых абавязак:

Трасянку есці ў дзень тры разы,

Настойваць гной, вадзіць цялят

Ды малака даваць патроху.

Такія ж абавязкі акурат

У кулака Цімоха

Спаўнялі гэтыя сумленна,

I скора нек пасля каляд

З іх дзве ўжо прывялі цялят.

Ды толькі для Цімоха тое дрэнна,

Што у Гнядой — бычок і у Рабой — бычок

(Яны былі супроць дачок),

А гаспадар хацеў цялушку гадаваць,

Бычкоў рашыў ён прадаваць.

Вось аднае нядзелі

I зараўла Гняда:

Ёй не на ўме яда,

Ёй не на ўме вада.

Аднак жа на пратэст не паглядзелі:

Бязлітасны мяснік панёс

Яе Пярэстага на воз.

Між тым Рабая

Аб гэтым нават і не дбае:

Пры ёй рыжман яе малакасос.

Але й яе спаткаў не лепшы лёс.

У пераплёце загародкі

Жардзін са дзве было кароткіх,

I вось у дзірку ля сцяны

Пралез Бычок-дурніца

Ды да Гнядой пачаў маніцца.

Нюхнуліся яны,

I пачаліся ў іх цялячыя пяшчоты.

Бычок з вялікаю ахвотай,

Падлезшы да Гнядой пад вымя,

Губамі мяккімі, вільготнымі сваімі

Пачаў там так прыемна казытаць,

Так міла хвосцікам матаць,

Як быццам гэта той, Пярэсты,

I аддала яна ўсё малако, дарэшты.

Назаўтра бедаваў Цімох,

Што Рыжы здох.

Тут аднаго хачу, нарэшце, я:

Над байкаю мая каб не прапала праца,—

Хай помніць кожнае ліслівае цяля,

Што можна ссаць, ды можна й абассацца.


Дадатак 2

Водгук на байку Кандрата Крапівы “Ліслівае цяля”

Калі я прачытала байку Кандрата Крапівы, то адразу адчула, што гэта адзін з лепшых яго твораў.

Байкапісец з вялікім майстэрствам абыгрывае тут прыказку “Ліслівае цяля дзве маткі ссе”.

Байка была напісана ў 1928 годзе. Таму сквапнасць людзей паказана менавіта ў вобразе кулака Цімоха, які меў “штук пяць кароў”. І вось дзве з іх прывялі цялят:

Ды толькі для Цімоха дрэнна,

Што у Гнядой – бычок і ў Рабой – бычок.

Ён хацеў гадаваць цялушку. І тады кулак Цімох “Бычкоў рашыў прадаць”. Яго хвалюе толькі нажыва. З вялікім майстэрствам Крапіва апісвае з дапамогай паўтораў пакуты Гнядой:

І зараўла Гнядая:

Ёй не наўме яда.

Ёй не наўме вада.

Але над ёй не зжаліліся:

Бязлітасны ляснік панёс

Яе Пярэстага на воз.

А рабая “нават і не дбае: пры ёй рыжман яе малакасос”. Толькі яна яшчэ не ведае, што яе спаткае не лепшы лёс. Крапіва даводзіць, што нельга быць абыякавым да пакут іншых людзей. “Бычок-дурніца” праз дзірку ля сцяны пралез да Гнядой.

Прыдатак “дурніца” вельмі дакладна характаразуе героя. Яму ўсё роўна, чыё смактаць малако. Ён кінуў сваю матулю, і ў яго пачаліся “цялячыя пяшчоты” з Гнядой.

Эпітэт “цялячыя” ўзмацняе асуджэнне паводзін Рыжага: ён лашчыцца, каб атрымаць малако. Пры гэтым Бычок махае хвосцікам, “як быццам гэта той, Пярэсты”. Гнядая і аддала яму ўсё малако.

Але расплата за падман наступіла вельмі хутка:

Назаўтра бедаваў Цімох,

Што Рыжы здох.

Здаецца, што і нам павінна быць шкада Бычка. Але заключнымі радкамі байкі Крапіва даводзіць:

Хай помніць кожнае ліслівае цяля,

Што можа ссаць, ды можна й абсассацца.

Паўтор гукаў “с” і “ц” узмацняе асуджальны пафас твора. Пісьменнік асуджае сквапнасць. Ён здолеў узмацніць гучанне твора, яго навучальны сэнс праз вобраў кулака Цімоха, супрацьпастаўленне Гнядой і Пярэстай. Байка вучыць: не трэба баць сквапнымі, браць чужое, як сваё, радавацца чужому гору, бо усе мы пад богам ходзім і не ведаем свойго лёсу.

Я лічу, што гэты твор з’яўляецца самым дасканалым у творчасці Кандрата Крапівы.

Праблемы, узнятыя ў ім, у наш час вельмі надзённыя: многія людзі зараз не задумваюцца, што яны часта спажываюць чужое, што належыць не ім. Але гэтыя “ліслівыя цяляты” павінны ведаць, што гэта можа дрэнна для іх скончыцца, і не быць падобным да “Бычка – дурніцы”, памятаючы, чым закончыліся яго “цялячыя пяшчоты”.


Дадатак 3

Магчымы змест водгуку

I. Уступ:

1. Выяўленне першаснага ўражання ад твора.

2. Ланцужок пытанняў: Што ў творы падалося дзіўным? Што ў творы падалося незразумелым?

3. Зварот да асобы пісьменніка.

4. Расшыфроўка назвы твора.

5. Фармуліроўка тэмы.

6. Разважанне аб праблеме, заяўленай у творы.

7. Кароткая гісторыя, прытча, легенда, цытата, прыказка, афарызм.

II. Асноўная частка

У ёй разглядваюцца:



  1. тэматыка, праблематыка, ідэя твора.

  2. ключавыя вобразы і матывы.

  3. вобразна-выяўленчыя сродкі, іх прызначэнне.

  4. сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці.

  5. гукапіс, рытм, інтанацыя.

  6. мастацкі час (час напісання – час, які адлюстраваны – “сучасны час”) і прастора (месца, дзе існуе герой).

  7. пафас твора, аўтарскі ідэал.

  8. літаратурны, гістарычна-культурны, філасофскі кантэкт.

III. Заключэнне

  1. Агульная ацэнка твора.

  2. Адказ на заданае вышэй пытанне.

  3. Асацыяцыі, якія выклікаюць вобразы, створаныя аўтарам.

  4. Сугучнасць сучаснасці.

  5. Рытарычнае пытанне, заклік.

  6. Афарызм, цытата.

Дадатак 4

Уладзімір Караткевіч “І тады закалыхалася хмара”

I тады закахалася хмара...

У паплавы, ад расы прамяністыя,

I ва ўсю Беларусь маю чыстую,

Ў мары бору, ў палёў абшары.
I заплакала ад кахання,

I слязою чыстай абмыла

Ўсе абшары зямлі маёй мілай, –

Ўсе калыскі яе і магілы,

Усе змярканні яе і світанні.
I пад птушак зялёны гоман

Нарадзіліся для абшараў, —

Плод кахання бору і хмары, —

Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.


Дадатак 5

Памятка “Як пісаць водгук”



  1. Некалькі разоў прачытай прапанаваны твор.

  2. Паспрабуй зразумець, якія пачуцці ўзніклі ў цябе, калі ты чытаў тэкст. Пачні водгук са сваіх уражанняў.

  3. Можна пачаць водгук з паведамлення пра асацыяцыі, якія ўзніклі ў цябе, калі ты чытаў тэкст, з успамінаў, з асабістага вопыту.

  4. Можна пачаць водгук з прыказкі, прымаўкі ці прытчы, якую ты ўспомніў, і змест якіх непасрэдна звязаны з асноўнай думкай твора.

  5. Памятай: пачатак павінен быць цікавым і арыгінальным.

  6. Улічвай, што словы “водзыў” і “водгук” – блізкія. Таму той водзыў на прачытаны твор, які ўзнік у цябе, і ёсць аснова водгуку.

  7. Вызначы тэму тэксту і пастарайся яе дакладна сфармуляваць, расказаць пра яе. Вызначы, як гэта тэма выражаецца аўтарам праз кампазіцыю тэксту.

  8. Памятай, не захапляйся пераказам тэксту: усё роўна ён будзе горшы за аўтарскі.

  9. Вызначы галоўную думку тэксту. Памятай, што яна значна шырэйшая за сам змест, мае абагульненні, гаворыць пра жыццёвую пазіцыю аўтара.

  10. Звярні ўвагу на назву твора, пракаменціруй яе. Калі назвы няма, паразважай, чаму аўтар не назваў твор.

  11. Калі ў тэксце ёсць героі, ацані іх паводзіны, характары, параўнай з сабой, з вядомымі выпадкамі ў літаратуры ці гісторыі.

  12. Ацані мову герояў.

  13. Самае цікавае ў водгуку – паказаць, якімі сродкамі аўтар раскрывае тэму. Знайдзі цікавыя параўнанні, метафары, увасабленні, гаваркія прозвішчы і інш., растлумач іх значэнне.

  14. Пракаменціруй гукапіс, пашукай словы, якія ствараюць мелодыю. Які сэнс гучання гэтай мелодыі?

  15. Пашукай словы, якія надаюць тэксту колер, яго значэнне.

  16. Якімі сказамі і чаму карыстаецца аўтар?

  17. Пакажы, якія словы, словазлучэнні не толькі ствараюць мастацкую карціну, але і ўплываюць на твой стан, пачуцці.

  18. Адкажы на пытанні: - Якім ты бачыш аўтара твора? – Ці падзяляеш яго пунк гледжання?

  19. Калі ведаеш што-небудзь пра аўтара тэксту, то цікава падай гэтыя звесткі.

  20. Калі ты чытаў у іншых аўтараў творы па дадзенай тэме, абавязкова напішы пра свой чытацкі вопыт.

  21. У тэксце модна выкарыстаць вершы іншых паэтаў. (Дакладна!)

  22. Падумай, як закончыць водгук, каб адчувалася яго цэласнасць. Можна звярнуцца да пачатку работы.

  23. Пішы жвава, пранікнённа, даверліва і без памылак. Пішы так, каб чытачы адчулі тваю зацікаўленасць.

Дадатак 6

Недахопы ў водгуках вучняў

1. Несуадноснасць структурных частак. Зацягнуты ўступ, або ён далёкі ад мастацкага твора, нематываваны, нелагічны. Адсутнасць уступу і заключэння, або абрыў заключэння. Няўдала зроблены пераход да асноўнай часткі.

2. Нявытрыманасць стылю. Не заўсёды апраўданы стыль (пафаснасць). Прыблізная невыразная мова, словы-штампы, празмерная мастацкая “квяцістасць” стылю (шматслоўнасць, закручаныя сказы, дыялогі з кім-небудзь, вершаваная форма).

3. Недакладнасць, двухсэнсоўнасць, нелагічнасць, арфаграфічныя, пунктуацыйныя, моўныя, стылёвыя памылкі.

4. Празмерна дакладны пераказ зместу твора з выкарыстаннем аўтарскіх метафар і эпітэтаў.

5. Абмежаваны чытацкі вопыт, адсутнасць у водгуках інфармацыі пра аўтара і жанравую спецыфіку твора, параўнанняў з іншымі творамі прапанаванага аўтара, з тэматычна блізкімі творамі іншых пісьменнікаў, недарэчнае цытаванне твораў вядомых аўтараў.

6. Наяўнасць пэўнай цікавай формы (дыялог, ліст, урок, падарожжа, казка эсэ, верш, апавяданне, дзённік, нарыс, рэпартаж, прыпавесць, эцюд, навела, замалёўка і інш.) без яе належнай рэалізацыі, раскрыцця.

7. Адхіленне ад зместу і ідэі твора, разважанне пра тое, чаго ў тэксце няма.

8. Адарванасць ад аўтарскай пазіцыі.

9. Спрошчаны аналіз мастацкіх сродкаў (яны толькі называюцца або павярхоўна раскрываюцца, абмежаваны пералік). Фактычныя памылкі пры вызначэнні мастацкіх сродкаў (называюцца тропы, якіх няма ў творы, няправільна тропы класіфікуюцца).

10. Беспадстаўна вялікі аб’ём водгуку за кошт лішняй інфармацыі, не звязанай са зместам твора.
Дадатак 7

“Спіс літаратуры па напісанні водгука”

1. Куліковіч, Ул.І. Тэхналогія падрыхтоўкі да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры: Дапаможнік для настаўнікаў/ Ул.І.Куліковіч. – Мінск, РІВШ БДУ, 2010.

2. Куліковіч, Ул.І. Урокі падрыхтоўкі да алімпіяды па беларускай мове: практыкум для вучняў агульнаадукацыйных устаноў/ Ул.І.Куліковіч. – Мазыр: Белы Вецер, 2010.

3. Куліковіч, Ул.І. Школьныя алімпіяды па беларускай мове/ Ул.І.Куліковіч. – МН.: Аверсэв, 206.

4. Кушнярэвія В.В. Рыхтуемся да алімпіяды: водгук, вуснае выказванне: вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па беларускай мове і літаратуры для 10-11 класаў ліцэяў і гімназій.



5. Малажай Г.М., Красней В.П. Алімпіяды па беларускай мове: Дапаможнік для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ, гімназій, ліцэяў. – Мн.: ТДА “Аверсэв”, 2000.

6. Малажай Г.М. Беларуская мова: Дапаможнік для школ, гімназій, ліцэяў. – Мн.: ТАА “Аверсэв”, 1999.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка