Сцяпан Лаўшук узорваючы агрэхі эпохі




Дата канвертавання07.02.2017
Памер250.46 Kb.
Старонка Я сын-вёскі
Лаўшук, С. Узорваючы агрэхі эпохі / Сцяпан Лаўшук // Полымя. – 2015. - №12. – С. 139-149.

Сцяпан Лаўшук

УЗОРВАЮЧЫ АГРЭХІ ЭПОХІ
Быў час, быў век... I была эпоха, якую не ўсе сучасныя беларусы ўспрымаюць адэкватна. Большасцъ маладзейшых — з-за адсутнасці жыццёвага досведу і аб’ектыўнай інфармаванасці, некаторыя ж старэйшыя — з-за ідэалагічнай заангажаванасці і палітычных прымхаў. Зрэшты, пэўныя карэктывы ў яе ацэнках вымушаны рабіць нават тыя, хто прывык давяраць гістарычнай праўдзе — XX стагоддзе на Беларусі пры ўсёй сваёй неаспрэчнай крэатыўнасці адзначылася і пераборам — не заўсёды, дарэчы, апраўданым — брутальнасці. Само сабою зразумела, што насяляў нашу краіну тым часам люд самы разнастайны, якому нішто чалавечае чужым не было. Важна тое, што аснову яго складала здаровая жыццядайная бальшыня, што ў народзе жыла шчырая вера ў светлае будучае, якая вызначала сацыяльны аптымізм, надавала штодзённаму існаванню пэўную матываванасць, а працоўнай дзейнасці — мэтава-стваральны кшталт. Што ж датычыцца папрокаў у саўковасці і сервільнасці, дык хай яны застануцца на сумленні тых нядобразычліўцаў, якія па розных прычынах спрабуюць густа замазаць наша мінулае чорнымі фарбамі. Факт жа застаецца фактам: пабудавалі ўсё ж беларусы на сваіх шматпакутных землях суверэнную дзяржаву! I ў асноўным — за XX стагоддзе, ператварыўшы тло гістарычнага мінулага ў трывалы падмурак. I не рабамі гэта зроблена, паколькі рабы таму і рабы, бо не маюць дзяржаўніцкіх інтэнцый. Беларусь паўстала з небыцця дзякуючы свабоднай тытанічнай працы лепшых яе сыноў. Колькасць іх — легіён. Таленавітыя і самаахвярныя, яны зрабілі вялікі ўклад у развіццё і духоўнай, і матэрыяльнай культуры народа. Менавіта яны прэзентуюць эпоху, без іх яна — гістарычны фантом, і не больш.

Мэтай гэтай піублікацыі з’яўляецца вельмі сціплая задача даць некалькі штрыхоў да сацыяльна-літаратурнага партрэта аднаго з такіх працаўнікоў — Андрэя Ягоравіча Макаёнка, якому 12 лістапада 2015 года споўнілася б 95 гадоў.

У анкеце ўдзельніка адной з маскоўскіх канферэнцый Усесаюзнага тэатральнага аб’яднання ў графе «партыйнасць» ён дапісаў: «Коммунист. По убеждению». Па перакананні... Сапраўды, такім ён і быў. Але вось што цікава. Гэтую сваю перакананасць у жыццёва-побытавых стасунках ніколі не пракламаваў. Славесна. Затое справамі — заўсёды. Натура цэласная, глыбінна-сумленная, ён вельмі не любіў слова «амаль». «Ты толькі паслухай, — саркастычна пацяшаўся ён, — «амаль крыштальна-чысты», «амаль святы», «амаль разумны», «амаль непераможны»... Пяць літар у слове, а што яно вытварае! «Амаль камуніст»... Папомніш маё слова: вось гэтыя дзелякар’ерныя партбілетчыкі моцна дадуцца народу ў знакі. Проста дзіўна, як яны хутка размнажаюцца, а яшчэ хутчэй апетыты ў іх растуць...»

Як у воду глядзеў А. Макаёнак! I народ ён узгадваў у такім кантэксце не пустаслоўна. Час паказаў, што ён глыбей за палітолагаў і іншых аналітыкаў разумеў тагачасныя грамадска-палітычныя працэсы, таму прадчуваў насоўванне на Беларусь паласы лёсавызначальных сацыяльна-эканамічных выпрабаванняў, ператрусаў. Гэтае разуменне межавала з празарлівасцю, народжанай вялікай любоўю да Радзімы, шчырай трывогай за яе лёс і будучыню, клопатам пра лепшую долю сваіх землякоў. Невыпадкова ж адна з яго п’ес называлася «Каб людзі не журыліся». I вось што дзіўна: хоць і быў ён па сваім творчым амплуа сатырыкам, а ў абыходжанні з людзьмі дастаткова стрыманым (яго пастаянная іранічнасць, як правіла, не пераступала пэўныя межы этыкету), у выражэнні ўласных пачуццяў да Радзімы не саромеўся быць і сентыментальна-чуллівым. Вось, напрыклад, як пачынае ён камедыю «Таблетку пад язык»:

«Хай будзе песня. Хай дзяўчаты яе спяваюць. Задушэўна. Мякка.

Люблю мой край, старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз пазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла.

Кожны раз, калі я пачую гэтую песню, перада мною ўзнікае, як дзівосны міраж, як дзіцячая казка, вобраз майго роднага сяла, і сэрца пачынае шчымець радасцю жаданай сустрэчы... I няважна — даўно я там быў ці толькі ўчора адтуль.

Не, не забыць мне яго ніколі. Там — радзіма. У душы яна. У памяці. У снах неспакойных. У пастаянным чаканні няясна чаго, у спадзяванні на нешта харошае, радаснае. Нібы вясну чакаю з цёплым ветрыкам і дожджыкам. А можа, першых усходаў, якія потым гіпнатычна вабяць твае вочы, твой пагляд, аж пакуль бледненькія расточкі паднімуцца сцебелькамі, а з іх ускалыхнуцца буйныя каласы — надзея і радасць сялянская...

Прыплюшчыш іншы раз вочы, і перад табою ўзнаўляюцца некалі бачаныя ці міжволі падслуханыя вячэрнія сельскія маленькія інтэрмедыі. Яркія, сакавітыя...

Вось яны.

Вясна.


Вечар.

Месячык. У нас яшчэ яго маладзіком завуць.

Зорак — поўны кош.

А гукаў!..

Здаецца, усе млеюць ад нейкіх салодкіх пакут жадання: і звонкія цвыркуны, і галасістыя лягушкі, і камары з далікатнымі скрыгікамі. А то раптам, спрасоння ці ад нуды, ляніва завые сабака ці цяжка-цяжка ўздыхне сумная, журботная карова.

А ля самых гарадоў плешчацца ў цемені вясенняя паводка. I гракі... Грачыны грай!..»

Зрэшты, нічога дзіўнага ў гэтых словах няма. Любоў і павінна выражацца ў такой танальнасці, бо якая ж любоў без цёплай замілаванасці, ласкавай захопленасці, адданай вернасці? Іван Шамякін сцвярджаў, што менавіта любоў была сутнасцю жыцця і дзейнасці А. Макаёнка. «Любоў з вялікай літары. Любоў да жыцця. Жыццё любяць усе, аднак любяць па-рознаму. Андрэй любіў яго як змагар, даследчык, пераўтваральнік, нястомны барацьбіт за яго чысціню і прыгажосць». Пагадзіўшыся з гэтымі высновамі, зазначым, што дзеля таго, каб выступаць даследчыкам, пераўтваральнікам жыцця, стаць нястомным змагаром і барацьбітом за яго чысціню і прыгажосць, трэба быць неардынарнай асобай з вельмі моцным характарам. Усё гэта ў А. Макаёнка было. 3 запасам. I хто ведае, адкуль што ўзялося. Падарунак прыроды ў выглядзе генетычнай спадчыны? Не без таго. Невыпадкова ж абодва родныя браты і сястра таксама бесхрыбетнымі не былі. Але не больш. Андрэй жа, бадай, з самага дзяцінства імкнуўся шлі- фаваць свой характар. Мэтанакіравана. Заложна. Матывавана. Узяць хоць бы аказію з пачаткам школьнага навучання. У 1927 годзе ў вёсцы Борхаў адкрылася пачатковая школа. Сябры расселіся па класах, а Андрэя не прынялі: аказаўся замалады — ажно двух месяцаў не хапала да сямі год. Іншае дзіцянё змірылася б, чакала б наступнага лета. Толькі не Андрэй. Дзень у дзень, штораніцы, браў ён палатняную торбачку з букваром і сшыткамі ды шыбаваў да школы. Сядзеў пад вокнамі, часам зазіраючы ў іх, чым выклікаў ажыўленне ў класе. Настаўніцы гэга не вельмі падабалася, але калі пачаліся замаразкі, яна злітасцівілася. Упусціла малога назолу ў клас, папярэдзіўшы, што толькі старанная вучоба забяспечыць яму сталае месца за партай. I ён стараўся, у класе таму і прыжыўся.

Тут напрошваецца сусальны працяг: і вучыўся настойлівы хлапчук толькі на «выдатна». Каб жа так! Прызнацца, аўтар гэтых радкоў быў вельмі расчараваны, калі, адшукаўшы ў архіве ведамасць паспяховасці А. Макаёнка за трэці клас, убачыў там вялікую перавагу адзнак «здавальняюча». Але! Знайшліся ў архіве і іншыя дакументы, якія засведчылі: вырваўся ён і ў перадавікі, закончыўшы Журавіцкую сярэднюю школу сярод лепшых яе выпускнікоў. Гэты поспех сам сабою не прыйшоў, давялося добра-такі папрацаваць. У сярэдзіне 1930-х гадоў Макаёнкі перабраліся на сталае жыццё ў раённы цэнтр Журавічы. Побыт сям’і змяніўся не дужа значна: у вялікай вёсцы Журавічы, як і раней у маленькім Борхаве, каб выжыць, пракарміцца, трэба было трымацца за асабістую гаспадарку, догляд якой вымагаў шмат высілкаў і часу. 3 сямейнікамі Андрэй заключыў джэнтльменскае пагадненне: ад дамашняй працы ён не ўхіляецца, але па выкананні вызначанай яму яе часткі атрымлівае суверэнную свабоду дзеля адукацыйных заняткаў. Сюды ўваходзілі не толькі агульнаасветніцкія «штудыі», але і заняткі жывапісам і разьбой па дрэве. Дарэчы, з ліповага пацурбалка ён латва выразаў моцна сціснуты кулак у камбінацыі з трох пальцаў. Абклаўшыся кнігамі, ён выстаўляў на стале тую «фігу на талерцы» ў бок дзвярэй, і ўсе ведалі: ні просьбамі, ні грозьбамі ад любімых заняткаў яго не адарваць. 3 усіх журавіцкіх сцежак найлепей пратаптаў ён сцежку ў раённую бібліятэку. Хіба што аднакласнік Пятро Васілеўскі, у будучым пісьменннік і кінарэжысёр, мог параўнацца з ім па колькасці прачытанага. Нават фізічная загартоўка — важнейшы атрыбут самавыхавання моладзі перадваеннай пары — саступала магіі чытання. Не было праблем і з так званай прафарыентацыяй. Культура. Мастацтва. Творчасць. Менавіта з гэтымі сферамі марыў юнак звязаць сваё жыцце. Утапічнай такая мара не была, але калі ўлічыць яго сельскае паходжанне, дык інакш як рамантычнай назваць яе было нельга. Творцамі, мастакамі нараджаюцца. Гэта калі на ўзроўні адоранасці, прызвання. А калі па прафесіі — становяцца. Але паспрабуй — стань, калі твая стартавая пляцоўка знаходзіцца надта ж далёка ад культурных цэнтраў. Ці не ўсведамленне гэтай ісціны падказала А. Макаёнку рашэнне паступаць пасля заканчэння ў 1938 годзе Журавіцкай сярэдняй школы ў ваеннае вучылішча: лепш сініца ў руках, чым журавель у небе. Паступіць паступіў, але прыжыцца там не здолеў. У яго, вольналюбівага, з пачуццём уласнай годнасці кніжніка-летуценніка элементарна не хапіла духу трываць казарменную дысцыпліну. Вось і «паспавядаў» аднаго залішне ўедлівага памкамузвода па поўнай праграме. Той паскардзіўся начальству. Маглі б і засудзіць, але паколькі прысягу прыняць яшчэ не паспеў — адпусцілі па-добраму дадому. Не, ніколі той не ўтопіцца, каму суджана згарэць у агні: покліч сапраўднага прызвання, а не толькі пачуццё ўласнай годнасці стаў прычынай бунту.

Што гэта так, сведчаць наступныя біяграфічныя крокі А. Макаёнка. Працаваць ён уладкаваўся ў раённы Дом сацыялістычнай культуры, а паступаць праз год паехаў не абы-куды, а ў Маскву, у славуты Інстытут кінематаграфіі. Не прынялі. I гэта не дзіўна, бо ён, правінцыя, пра некаторыя спеціспыты нават не чуу Але нечым таленавіты юнак з Беларусі спадабаўся прыёмнай камісіі, яго запрасі паступаць на наступны год, узяўшы «на заметку». Хто ведае, як бы ўсё было, але выйшла ўрадавая пастанова, паводле якой юнакі з сярэдняй адукацыяй прызываліся ў Чырвоную армію на адзін год раней. Вось і А. Макаёнку ў кастрычніку 1939 года давялося апрануць салдацкі шынель. Служыў спачатку на Каўказе, Грузіі, якая — з яе скаламі ды цяснінамі — здалася ледзь не казачнай краінай. Гэта пакуль не пачаліся паходы з поўнай баявой выкладкай, з частымі начнымі баявымі трывогамі, з капаннем акопаў у камяністай глебе. Прызначэнне памочнікам палітрука роты яшчэ дадало клопатаў: засталася ўсё тая ж салдацкая ношка, а прыплюсаваўся абавязак выпускаць баявыя лісткі, чытаць чырвонаармейцам свежыя газеты, праводзіць з імі гутаркі, паказваючы пры гэтым «узоры бадзёрасці і аптымізму». Служыў, сніў родную Борхаўшчыну і зусім не думаў, што самае цяжкае ўперадзе.

Пачатак кожнай чаканай з’явы псіхалагічна ўспрымаецца часцей за ўсё поўнай нечаканасцю. Усе, выключаючы хіба што закончаных пацыфістаў, ведалі, што ваеннага канфлікту паміж СССР і фашысцкай Германіяй пазбегнуць не ўдасца, але нават для кадравых ваенных пачатак вайны ўспрыняўся як гром з яснага неба. Яшчэ большай нечаканасцю сталіся татальныя няўдачы нашай арміі, бо свята верылі ў свае сілы і спадзяваліся на класавую салідарнасць нямецкіх рабочых і сялян. Многае выклікала недаўменне. У жніўні 1941 года дывізію, у якой служыў А. Макаёнак, кінулі да іранскай граніцы, каб апярэдзіць пранікненне туды фашысцкіх войскаў. Салдатам здавалася, што вязуць іх не туды: не там ішла сапраўдная вайна, не там здаваліся савецкія гарады. Туды — не туды... Паслалі і «туды» — у пекла крымскага дэсанта. I адбылося гэта перад самым новым годам, калі ўсе савецкія людзі (ды і шмат хто за мяжой) жылі пад моцным уражаннем ад разгрому немцаў пад Масквой. На жаль, крымскі дэсант такім паспяховым не быў. Больш за тое, А. Макаёнак лічыў гэту аперацыю самай бяздарнай за ўсю ваенную кампанію, стратэгічна непатрэбнай і злачыннай па панесеных стратах. За ім асабіста смерць хадзіла літаральна па пятах. Асабліва блізка адчуў яе дыханне 4 красавіка 1942 года. Падняўшы байцоў у чарговую атаку, быў аглушаны выбухам варожай міны. Адчуўшы, што паранены, паспрабаваў схавацца ў свежай варонцы. Аскепкамі яшчэ адной міны секанула ўжо па абедзвюх нагах...

Палату ваенна-палявога шпіталя без дрогкага хвалявання ўспамінаць не мог. Знясільваючы боль пераносіў стойка, нават пажартаваць з сябе і са сваіх суседзяў спрабаваў. Заглушаць боль дапамагала чытанне «Энеіды» Катлярэўскага, якую прынёс яму ўрач Аляксей Данілавіч Бугаенка — добрая, чулая душа, — які нават у такім пекле не страціў здольнасці суперажываць, блізка да сэрца прымаць лёс і будучыню кожнага параненага. Гэта ён па сакрэце падказаў маладому беларускаму хлапчыне, што яму пагражае ампутацыя абедзвюх ног і што ногі можна выратаваць. Вопытны ўрач быў перакананы, што калегі, якія вызначылі гангрэну, памыліліся: ногі пачарнелі таму, што былі вельмі густа пасечаны аскепкамі ды з-за элементарнага забруджання ран.

Сваю адмову ад ампутацыі А. Макаёнак паспяхова «аргументаваў» пры дапамозе трафейнага пісталета, якога ўмудрыўся пранесці з сабою ў шпіталь. I тут пачаліся сапраўдныя кашмары. Hi піць, ні есці ён не мог, бо баяўся, што падсыплюць снатворнага — і на стол, пад пілу. Высокая тэмпература, гарачка, трызненні... «Рэзаць не дам! Не дамся!..» I невядома, чым бы ўсё скончылася. Хутчэй за ўсё – вельмі кепска. Але на пазіцыі дэсанта прызямліўся — дзеля дазапраўкі — самалёт, які вывозіў з варожага тылу параненага партызанскага камандзіра. У ім знайшлося месца і для ўпартага палітрука. Пасля некалькіх складаных аперацый у Краснадарскім і Бакінскіх шпіталях ён яшчэ не ведаў, што вайна, дакладней, ваенныя дзеянні для яго асабіста — у мінулым. А на фронт хацелася вельмі — цяпер да фашызму з’явіліся і асабістыя рахункі. I ўсё нібыта складвалася нармальна. Пасля чатырохмесячнага лячэння са шпіталя яго выпісалі, перад адпраўкай на фронт далі кароткачасовы водпуск (на жаль, паехаць дамоў не мог — акупацыя). Але раны адкрыліся зноў. Пра фронт не магло быць і гаворкі. Замест яго — выкладанне ваеннай справы ў Акаурцкай сярэдняй школе ў Грузіі.

I распалавініўся для яго свет на дзве нераўназначныя часткі: на «тут» і «недзе». Тут — хай сабе і не чужы, але і не родны край (прырода казачнай ужо не здавалася). А недзе ішла грандыёзная бітва з фашысцкай ардой, а родная Борхаўшчына стагнала пад пятой акупантаў. Як рвалася яго душа да таго «недзе»!

I як радасна ўстрапянулася яна ад паведамленняў ТАСС аб вызваленні першых беларускіх гарадоў! Дамоў! Яму, бітаму-перабітаму ў баях з фашыстамі, моцна абпаленаму пякельным полымем франтавых выпрабаванняў, родная Беларусь з адлегласці ў тысячы кіламетраў убачылася ў сакральным арэоле. Ён не саромеўся старонніх цікаўных позіркаў, калі, саскочыўшы са спадарожнага грузавічка і моцна сціснуўшы зубы, каб не разрыдацца, шчыльна прыпаў грудзьмі да роднай зямелькі. Ён яшчэ не ведаў, як складзецца яго будучае жыццё. Адно для яго было зразумела як двойчы два: краіна, якая прайшла праз такія жахлівыя выпрабаванні, вынесла столькі неймаверна жорсткіх пакут, мірным часам мусіць жыць у атмасферы дабра, святла і справядлівасці, а ён, селянін і воін Андрэй Макаёнак, зробіць усё магчымае і немагчымае, каб так і было. Выконваючы гэты запавет, ён пазней сатырычным жыгалам паражаў зло ў імя дабра, цемрашальства — у імя святла, гнюснасці беззаконня — у імя справядлівасці. Адстойваючы ўсё тую ж справядлівасць, ён мог безаглядна атакаваць любога начальніка, прадстаў- ніка нават самай высокай улады. Неаднойчы пабываўшы ў абдымках смерці, ён зрабіў выснову аб адноснасці ўсяго існага. Узяць тую ж уладу. Розныя там цары, каралі, султаны, прэзідэнты з прэм’ерамі карыстаюцца толькі сімвалам, прывідам улады, а сапраўднай уладай валодае Вялікая Жанчына па імені Смерць. I няма чаго баяцца простых або прыўладных смертных, калі не заўсёды і не для ўсіх сама смерць не страшная.

Абжывацца на знявечанай вайною зямлі было надзвычай цяжка, паўсюль былі апусташэнні і нястачы. Хоць вайна яшчэ не закончылася, трэба было вызначыцца са сваім будучым. Даваенная мара атрымаць адукацыю ажыла з новай сілай. Але суровая рэчаіснасць ваеннага часу дыктавала свае ўмовы. Людзей катастрафічна не хапала, таму адукаванага юнака «прымервалі» да розных пасад. Спачатку працаваў у Журавіцкай СШ ваенруком, потым быў абраны сакратаром мясцовага райкама камсамола. Можна толькі падзівіцца, як пакручаста вымалёўваў яму лёс жыццёвыя дарогі: слухач курсаў прапагандыстаў пры ЦК КПБ (снежань 1944 — студзень 1945 гг.), сакратар Гродзенскага гаркама камсамола (люты— жнівень 1945 г.), загадчык парткабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (жнівень 1945 — чэрвень 1946 гг.), памочнік першага сакратара Журавіцкага райкама партыі (чэрвень—верасень 1946 г.). Усе гэтыя перамяшчэнні выклікаліся аб’ектыўнымі, а часам нават трагічнымі абставінамі. Пераехаць з Гродна ў Магілёў вымусіла вялікая бяда: у стане пасляродавай гарачкі скончыла жыццё самагубствам сястра Моця; груднічок-пляменнік застаўся круглым сіратой, паколькі за тыдзень да яго нараджэння ад хуткацечнай чахоткі памёр і яго бацька — былы камандзір партызанскага атрада Бархозаў; трэба было працаваць бліжэй да дому, каб хоць харчамі ў той галодны час дапамагаць сваёй маці ўздымаць на ногі няшчаснае дзіцянё. У працоўных клопатах праляталі дні за днямі, а ў душы ніяк не знікала трывога ад усведамлення ўласнай бездапаможнасці. Усе гэтыя перамяшчэнні па службовай лесвіцы ўяўляліся яму хаатычнымі, бесперспектыўнымі. Вучыцца, трэба абавязкова атрымаць сістэматызаваную адукацыю, бо без яе ў літаратуры рабіць няма чаго. Ужо і месца вучобы прыгледзеў: Рэспубліканская партыйная школа пры ЦК КПБ. Аддзяленне журналістыкі. У верасні 1927 года яго не пускалі ў пачатковую школу, бо не хапала гадоў. У верасні 1947 года не пускалі ў партыйную школу, бо не хапала кадраў на раёне. Пусцілі: у сваім імкненні трапіць на вучобу А. Макаёнак быў такі настойлівы, што справа дайшла да ЦК КПБ, і ў сярэдзіне верасня, калі заняткі ўжо ішлі поўным ходам, як і дваццаць год назад, над ім злітавіліся, дазволілі вучыцца, пусцілі ў аўдыторыі РПШ.

Стык 1940—1950 гг. — вельмі цікавы ў творчай біяграфіі А. Макаёнка. Тым часам ён шмат пісаў. Паколькі напісанае яго не вельмі задавальняла, з друкаваннем не спяшаўся. Выключэнне зрабіў толькі для аднаактоўкі «Добра, калі добра канчаецца», адзначанай другой прэміяй на Рэспубліканскім конкурсе лепшых драматургічных твораў за 1946 год. Яе апублікаваў у «Чырвонай змене» за 13 ліпеня 1946 года. Шматактовыя п’есы «Ворагі» (1947), «Выйгрыш» (1948) і «Узыходы шчасця» (1948) надрукаваны толькі пасля смерці драматурга ў пяцітомным Зборы яго твораў. А між тым, драма «Узыходы шчасця» была адзначана другой прэміяй Рэспубліканскага конкурсу, што па практыцы тых гадоў аўтаматычна адкрывала ёй дарогу на сцэну. Аднак малады драматург не спяшаўся ў тэатр ні з гэтай п’есай, ні з іншымі і меў, як потым аказалася, рацыю. I толькі ў 1951 годзе ён рызыкнуў прапанаваць Тэатру імя Янкі Купалы драму «На досвітку», хоць унутрана і адчуваў, што і гэтая п’еса яшчэ не тая, не таго мастацкага ўзроўню, якога жадала яго мастацкае самалюбства. Але, пастаўленая калектывам высокіх прафесіяналаў, яна адкрывала для маладога драматурга многія тонкасці сцэнічнага мастацтва. Без гэтага досведу супрацы з тэатрам, непасрэднага кантактавання з акцёрамі, рэжысёрамі, сцэнографамі яму было б нашмат цяжэй рэалізаваць адну з самых грандыёзных сваіх мастацкіх задум — напісанне сатырычнай камедыі «Выбачайце, калі ласка!» (1953). Працуючы на розных кіруючых пасадах у розных рэгіёнах Беларусі, А. Макаёнак нярэдка сутыкаўся з такімі фактамі і з’явамі, якія выклікалі пачуцці гневу, пратэсту. Гэтае звыродлівае параджэнне тупога адміністрацыйна-бюракратычнага стылю кіраўніцтва народнай гаспадаркай ён неаднойчы атакоўваў на старонках сатырычнага часопіса «Вожык», дзе працаваў пасля заканчэння партыйнай школы (1949—1953). Былі і пэўныя вынікі: некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку і адзін намеснік міністра, пазбавіліся сваіх пасад, але пісьменнік бачыў, што гэтая сацыяльная пошасць вельмі жывучая і маштабная. Таму і пастараўся, адшукаўшы, выкарыстаць адэкватныя мастацкія сродкі дзеля яе этычнага выкрыцця і разгрому. Сучаснікаў камедыя якраз і ўразіла майстэрствам мастацкіх абагульненняў. Прынцыповай удачай і аўтара, і ўсёй тагачаснай савецкай драматургіі справядліва лічыцца вобраз Каліберава, які стаўся назыўным. Калібераўшчына як сацыяльная з’ява (практыка цынічнага аўтарытарнага адміністравання, паказуха, прыпіскі, махінатарства) існавала даўно, але назыўной стала ідэнтыфікавацца па макаёнкаўскім архетыпе, па ўзоры-партрэце з камедыі «Выбачайце, калі ласка!». Дзеля дасягнення пераканаўчасці гэтага партрэта аўтар не скупіўся ў выдаткаванні сатырычных фарбаў, не абмяжоўваў сваю творчую фантазію і не займаўся самарэдагаваннем. Плённае выкарыстанне знайшоў у камедыі мастацкі прыём характарыстыкі галоўнага героя яго духоўным акружэннем.

Жонка Антаніна Цімафееўна — амбіцыйная мяшчанка; менавіта яна пастаянна натхняла разжалаванага з высокай сталічнай пасады ў старшыні сельскага райвыканкама Каліберава «націскаць», «закручваць гайкі», «узяць работнічкаў за жабры», прыдумала яму камяні ў печані і легенду кіраўніка, які згарае на працы. Муж павінен вярнуцца ў Мінск! На белым кані! Дзеля дасягнення гэтай мэты ўсе сродкі — амаральныя, крымінальныя, проста гнюсныя — прыдатныя. Дзеля яе здзяйснення не грэх абаперціся на любога памочніка. Нават на хакучу-казнакрада, дырэктара спіртзавода Кузьму Печкурова. Або на адпетага жуліка, упаўнаважанага па нарыхтоўках Моцкіна, вобраз якога з’яўляецца адным з самых яркіх сатырычных тыпаў у беларускай камедыяграфіі. Моцкін — фігура па-свойму маштабная. Праўда, маштабнасць тая — залюстэркавая, бо і сам ён — не герой, а антыгерой. 3 вывернутай мараллю, з антыподнымі параметрамі светабачання, з крайне цынічнымі крытэрыямі ацэнкі людзей, рэчаіснасці, свайго месца ў жыцці. У яго быў абсалютны нюх на чарвяточыну ў душах людзей, а таксама віртуознае ўменне пакарыстацца ў шкурных інтарэсах гэтым дарам прыроды. Менавіта яму належала ідэя выйсці ў перадавікі па збожжанарыхтоўках пры дапамозе фікцыі з гарантыйнымі распіскамі, сутнасць якой заключалася ў тым, што замест рэальна здадзенага збожжа ў органы статыстыкі паступалі квітанцыі, выдадзеныя старшыням калгасаў дырэктарам спіртзавода Печкуровым узамен на распіскі, якія гарантавалі здачу збожжа пазней. Афёру гэту ён зладзіў з вялікім спрытам, беспамылкова выбраў хаўруснікаў, умела абмінуўшы тых старшынь калгасаў, якія прынцыпова не маглі пайсці на падлог. Калі афёра ўсё ж лопнула, ён з зайздроснай выкрутлівасцю стараецца выратаваць уласную шкуру, перакладваючы віну на іншых: і квітанцый ніякіх ён не выпісваў, і распісак не даваў, і на старшынь не націскаў, і па радыё з пахвальбой не выступаў... Я не я, і хата не мая. Нібыта і праўда ён ні пры чым, гэтак жа як «ні пры чым» бывае лялькавод у тэатры марыянетак. Засвечвацца махляру не з рукі, бо і ў яго ёсць запаветная мара — узначаліць вялікую базу ў Бабруйску. І можна не сумнявацца: у яго ёсць рэальныя шанцы выйсці сухім з вады, паколькі падобныя спрытнюгі незаменныя ў тым сегменце соцыуму, які займае калібераўшчына, а яна — пра гэта сведчаць многія публікацыі ў сучасных СМІ — з’ява надзвычай жывучая. I па-ранейшаму златворная, бо наносіць грамадству побач з матэрыяльнымі незлічоныя маральныя страты.

Калі б А. Макаёнак быў аўтарам адной толькі сатырычнай камедыі «Выбачайце, калі ласка!», у гісторыі беларускай літаратуры ён усё роўна застаўся б выдатным драматургам. Яе высокія мастацкія якасці належным чынам ацанілі і за межамі Беларусі: там камедыю паставілі амаль 200 тэатраў. П’еса пісалася ў час, калі сумна славутая тэорыя бесканфліктнасці дасягнула зеніту сваёй уплывовасці. Невядома кім сфармуляванае патрабаванне паказу канфліктаў толькі добрага з лепшым (у савецкім грамадстве, маўляў, антаганістычныя супярэчнасці цалкам пераадолены) спустошвала, здрабняла творчыя задумы пісьменнікаў, прыводзіла да лакіроўкі ў мастацкім адлюстраванні рэчаіснасці. Абструкцыянісцкія ж адно- сіны да гратэску, гіпербалы, карыкатуры і да сатыры наогул рабілі праблему гарманічнага развіцця некаторых жанраў літаратуры невычарпальнай. На шчасце, не ўсіх пісьменнікаў задавальняла перспектыва напісання сусальных твораў, у якіх сапраўдныя эстэтычныя каштоўнасці саступалі месца эрзац-заменнікам. Лепшыя з іх, найбольш таленавітыя, гатовыя былі і на рашучае змаганне з той клятай тэорыяй — наперакор устаноўкам зверху А. Макаёнак, безаглядна і рашуча, зрабіў першы крок у гэтым напрамку. І можна зразумець вядомага савецкага драматурга М. Пагодзіна, на той час галоўнага рэдактара часопіса «Театр», які, азнаёміўшыся з рукапісам камедыі «Выбачайце, калі ласка!», напісаў на тытуле рэзалюцыю: «У друк! Тэрмінова!» Гэта азначала, што з цалкам звярстанага 10 нумара часопіса «Театр» за 1953 год здымаўся нейкі матэрыял на карысць п’есы маладога беларускага драматурга.



Сваю наступную п’есу А. Макаёнак назваў «Каб людзі не журыліся» (1957). За яе пастаноўку ўзяліся ўсе прафесійныя тэатры Беларусі, зацікавіліся ёю таксама ў бліжнім і дальнім замежжы. Сярод іншага, яе апублікавала з адпаведнымі каментарыямі мюнхенская газета беларускіх эмігрантаў «Бацькаўшчына». Гэты факт у немалой ступені пасадзейнічаў таму, што шлях на сцэну для адной з лепшых сатырычных камедый А. Макаёнка, у якой праўдзіва, на высокім мастацкім узроўні асэнсоўваліся праблемы, цяжкасці і супярэчнасці жыцця пасляваеннай беларускай вёскі, быў практычна закрыты. Спектакль купалаўцаў пасля двух- трох прэм’ерных паказаў быў зняты, у іншых тэатрах да прэм’еры справа не дайшла.

Такі афронт п’есе быў і нечаканы і непрыемны. Але трэба было працаваць, ісці далей. А далей напісалася камедыя «Лявоніха на арбіце» (1961), якая сваім поспехам у гледачоў прынесла яе аўтару шмат радасці. Прэм’ера спектакля ў тэатры імя Янкі Купалы, як і некаторых іншых тэатральных калектываў, супала з палётам Ю. Гагарына ў космас, і гэта выклікала ў гледачоў дадатковыя станоўчыя эмоцыі і асацыяцыі. Зрэшты, цікавасць да «Лявоніхі на арбіце» з боку гледачоў заўсёды заставалася самадастатковай і ў нейкіх знешніх пазаэстэтычных допінгавых ін’екцыях патрэбы не мела. Гэта быў твор, разлічаны на розную глядацкую аўдыторыю; поліфанічная па танальнасці, шматвектарная па ідэйна-палітычных арыентацыях, камедыя ў аднолькавай ступені цікавіла як высокалобага інтэлектуала, так і прастадушнага мешчаніна, бо ў ёй асэнсоўваліся надзвычай вострыя, надзённыя праблемы савецкай рэчаіснасці пачатку 1960-х гадоў. I асэнсоўваліся праніклівым мастаком, а не палітыкам, шчыльна звязаным з сацыяльна-эканамічнай кан’юнктурай часу. Фірменная праблема — каб людзі не журыліся — прысутнічае і ў гэтай п’есе. Але як? Побыт сельскага працаўніка істотна змяніўся, нястачы пасляваеннай разрухі засталіся ў мінулым, і зараз праблема заключалася не ў тым, каб проста выжыць, а жыць годна. I што ёсць дабрабыт? Колькі чаго трэба чалавеку? А над усім — найважнейшае пытанне: як дасягнуць таго, каб праца, крыніца ўсякага дабрабыту, не была рабскай, не закабаляла? Большасць герояў п’есы: самавіты старшыня калгаса Буйкевіч; каларытны бяссрэбранік, Лявонаў; сват і антаганіст Максім; саламяная ўдава Клава; па-юнацку прагматычныя маладажоны Міхал і Соня, не кажучы ўжо пра стыхійную бунтарку Лявоні- ху-Лушку, не жадаюць жыць па-старому. Увесь цывілізаваны свет арыентуецца на грамадскія фонды спажывання, а не на прысядзібную, уласную — лічы, натуральную — гаспадарку. Вольны час — важнейшы складнік паняцця «свабода». А без яе людское існаванне траціць усякі сэнс. Для драматурга гэтыя высновы былі крайне дарагія, але і да Лявона, носьбіта альтэрнатыўных поглядаў, аўтарскія адносіны вызначаліся спачувальнасцю і паразуменнем. Недарэмна ж гэты нібыта закаранелы кансерватар, абаронца бастыёнаў мінулага так умела, годна і пераканаўча абгрунтоўвае свае пазіцыі. Ён таксама за свабоду, але ўпэўнены, што забяспечыць яе можа толькі самадастатковая асабістая гаспадарка, якая будзе аплотам яго эканамічнай незалежнасці — ад самадурства калгасных старшынь і брыгадзіраў, ад кан’юнктуры ўрадавых пастаноў. Што тыя грамадскія фонды! Яшчэ не вядома, ці здолее грамадства даць чалавеку дастаткова высокі заробак, каб карыстацца тымі фондамі. Ніхто не вораг сабе. Даўно зажыў бы і Лявон на гарадскі манер, бо каму прыемна без патрэбы гарбаціцца на ўласным падворку, калі б у яго былі пэўныя гарантыі. А іх не было. Па словах свата Максіма, у суседнім калгасе рэфарматары цалкам аканфузіліся: «Абяцалі ж яны і малака рэкі разліўныя. I мяса багата, i да мяса хрэну ўдоваль, а потым праверылі і ...э-э-э... Толькі хрэнам і пахне». Сумненняў дадавала і наяўнасць не вельмі, на думку Лявона, самавітага начальства. У калгасе — гэта «перагібшчыкі», якія імкнуцца правесці рэформы кавалерыйскай атакай — ледзь не за адзін дзень. Яшчэ «мудрэйшае» раённае начальства ў асобе старшыні райвыканкама Глуздакова і яго памочніка Цесакова. Дзякуючы бліскучай аўтарскай абмалёўцы, гэтыя звыродлівыя канцылярскія робаты, якія за бюракратычнымі цыркулярамі, фармулярамі і пастановамі даўно перасталі бачыць людзей, занялі віднае месца ў паноптыкуме сатырчына-гратэскных тыпаў беларускай камедыяграфіі. Нідзе не дзенецца Лявон, адступіць пад дружным націскам апанентаў. I не таму, што довады ў іх аказаліся вельмі пераканаўчымі (ну, засабіралася Лушка пакінуць яго аднаго, перабраўшыся жыць у дом дачкі з зяцем, — дык хіба гэта довад?). Проста яму не хацелася, каб на яго людзі-суседзі паказвалі пальцамі.

Як гэта гаварылася вышэй, камедыя «Лявоніха на арбіце» прынесла яе аўтару многа радасці. У тэатры імя Янкі Купалы стварылі некалькі творчых калектываў, якія ў працяглых гастрольных турах паказалі «Лявоніху» літаральна па ўсёй Беларуси спектакль здолелі пабачыць нават у самых глухіх яе рэгіёнах — абы быў клуб і сякая-такая сцэна. I не было ніводнага выпадку, каб гледачы не ўспрынялі спектакль, расчараваліся ў ім. Яны дружна — у вуснай і пісьмовай форме — выказвалі падзяку артыстам і аўтару п’есы.

А яму трэба было думаць пра заўтрашні дзень. Яму, хто з самых першых крокаў на літаратурнай ніве ставіў перад сабой максімалісцкія задачы, мроіліся новыя творчыя вяршыні. Але заваёўваць іх было надзвычай цяжка. Антыгулагаўскую сатырычную камедыю «3 кірмашу» (1967) перастраховачнае чынавецтва нават блізка не дапусціла да сцэны. Абструкцыю свайму твору А. Макаёнак успрыняў не проста балюча, а хваравіта — да адчаю, да памкнення звесці рахункі з жыццём. I толькі франтавая закалка, падтрымка сяброў, усведамленне неабходнасці барацьбы за тое, каб людзі (у тым ліку і ён сам) не журыліся, дапамаглі выстаяць, не зламацца. Ратаваўся працай. Пераважна — самаадукацыйнай.

Прачытаў ён за гэты час надзвычай многа: творы сусветнай літаратурнай класікі, у тым ліку і антычных аўтараў, працы знакамітых філосафаў, эстэтыкаў... За ўласныя творы засеў толькі ў канцы 1960-х гадоў. Амаль адначасова, з інтэрвалам у некалькі месяцаў драматург давяршыў дзве трагікамедыі — «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970), якія далі падставы гаварыць пра новага Макаёнка.

Новы Макаёнак — гэта смелы, але разважлівы, вывераны нормамі мастацкай меры пошук. Згаданыя вышэй п’есы сталі пачаткам мэтанакіраванай працы драматурга па «прышчэпцы» беларускай камедыі разнастайных жанравых адгалінаванняў. У далейшай сваёй творчасці ён даказаў, што спектр камедыяграфічнага выяўлення практычна невычэрпны. У выніку творчай эвалюцыі пісьменніка адбыўся рашучы паварот ад паэтыкі традыцыйнай камедыі да камедыі эксперыментальнай, гратэскавай, ад паслядоўна вытрыманай праўдападобнасці — да нічым не абмежаванай фантазіі, сцэнічнай умоўнасці. Гэтыя новыя грані творчага аблічча драматурга асабліва яскрава адбіліся ў п’есе «Зацюканы апостал», якая выклікала жывейшую зацікаўленасць з боку тэатральнай грамадскасці: яна шырока ставілася не толькі тэатраламі СССР, але і за яго межамі — у Югаславіі, Іспаніі, Англіі і інш.

Канфлікт трагікамедыі «Зацюканы апостал» фарміруецца сродкам сутыкнення персанажаў, абагуленых да сімвалаў. Вось гэтая сімвалападобнасць вобразаў, абагуленасць, узбуйненасць падачы матэрыялу, абстрагаванне ад часавай і лакальнай прывязкі, афарыстычны тон выказванняў вызначаюць у творы своеасаблівы, непаўторны каларыт. Змясціўшы герояў у зачараванае кола бездухоўнага, спажывецкага побыту, дзе псіхічная дэпрэсія на аснове прыніжэння асобы нараджае культ сілы, фашысцкую ідэалогію, драматург на прыкладзе кароткага жыццёвага лёсу галоўнага героя п’есы Сына паказвае, наколькі згубная атмасфера ўтвараецца тады, калі чалавек слепа падладжваецца пад абставіны. Тата, Мама, Дзед... Пасіўнасцю сваіх грамадскіх пазіцый, аморфнасцю палітычных поглядаў яны нішчылі ў душы шырока начытанага, інтэлектуальна адоранага нашчадка ўсё святое і пазітыўнае. Яму, натуры бунтоўнай, але яшчэ духоўна неакрэплай, не было на каго абаперціся. Рашэнне выкінуцца з акна якраз і прадыктавана адчаем, безабароннасцю.

Яшчэ не астыўшы ад шчымлівага пачуцця творчага палёту, якое валодала ім пры стварэнні «Зацюканага апостала», А. Макаёнак узяўся за напісанне трагікамедыі «Трыбунал». Твор гэты атрымаўся да палемічнасці арыгінальным. Па- першае, пісьменнік смела парушыў жанравае табу: да яго ў савецкай драматургіі ніхто не рашаўся падзеі Вялікай Айчыннай вайны ўвасабляць у камедыйным аспекце (як жа так, столькі гора, пакут, крыві, смярцей — і раптам смех, камікаванне). Па-другое, носьбіты гераічнага ў п’есе выглядаюць па-бурлескнаму праставата. Пералік падобных адзнак можна доўжыць, аднак колькі іх ні было б, ні адна з іх самамэтай не з’яўлялася: «арыгінальнасць» А. Макаёнак не любіў і ў маладыя гады, стаўшы ж майстрам, клапаціўся болып пра пераканаўчасць, свежасць, мастацкую праўдзівасць уласных твораў. Перадаць у п’ёсе гераічны, суровы пафас Вялікай Айчыннай вайны, пазбегнуць штампаў, зацяганых сюжэтных хадоў, катурнавых герояў — гэты клопат, несумненна, паўставаў перад кожным драматургам, але толькі А. Макаёнку ўдалося напісаць такі твор, які не толькі адпавядаў згаданым патрабаванням, але вызначаўся невядомай ранейшай савецкай драматургіі на ваенную тэматыку якасцю выяўленчых фарбаў, наватарскімі падыходамі ў асэнсаванні прыроды гераічнага. Кідалася ў вочы, Што замест суровай аднатоннасці, уласцівай папярэднім п’есам на ваенную тэматыку, «Трыбунал» дэманстраваў проста-такі раскошны поліфанізм: у ім арганічна пераплецены трывога і надзея, адчай і аптымізм, будзённае і ўзнёслае, гідкае і высакароднае, скептычнае і пафаснае... А над усім — смех самых розных адценняў: ад сарданічнага да замілаванага. Менавіта ў такой «аплатцы» сама па сабе кур’ёзная, але сюжэтна адналінейная гісторыя аб тым, як бацьку, які пагадзіўся быць нямецкім старастам, яго блізкія наладзілі сямейны трыбунал і ледзь не ўтапілі ў копанцы, магла ўспрыняцца рэччу высокага мастацтва, а галоўны герой п’есы Цярэшка Калабок — найярчэйшай творчай удачай беларускай сцэнічнай партрэтыстыкі.

Многія даследчыкі адзначалі, што поспех п’есы на радзіме і за яе межамі ў немалой ступені абумоўлены яркім нацыянальным яе зместам. Сапраўды, у Цярэшку Калабку, у Паліне, у іх дзецях своеасабліва сфакусіраваліся многія анталагічныя рысы беларускага нацыянальнага характару.

Канец 1960-х — 1970-я гады былі вельмі плённыя ў творчасці А. Макаёнка. Ніколі яшчэ не адчуваў ён такой творчай раскаванасці. Майстар сатырычнай і сацыяльна-бытавой камедыі, ён удала асвоіў дзве няпростыя разнавіднасці трагікамедыі як палітычны памфлет («Зацюканы апостал») і народны лубок («Трыбунал»). На гэтым яго творчыя дзярзанні не скончыліся: наступнай напісалася камедыя-рэпартаж («Таблетку пад язык»), у якой драматург востра, па-грамадзянску смела асэнсаваў многія праблемы сельскай рэчаіснасці, у тым ліку і міграцыю сельскіх жыхароў у гарады. У шэрагу так званых вытворчых п’ес савецкай драматурги «Таблетку пад язык» па праве лічылася адной з самых лепшых.

У 1970-я ж гады былі завершаны такія розныя па сваіх выяўленчых аса- блівасцях і структурна-кампазіцыйных формах творы, як сатырычная камедыя трагікамічнага плана «Кашмар» (сцэнічная назва «Святая прастата»), камедыя-сентыментальны фельетон «Верачка» і трагікамедыя «Пагарэльцы». Праўда, апошні твор, дакладней, першапачатковы яго варыянт пад назвай «3 кірмашу» быў напісаны яшчэ ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Пасля істотнай перапрацоўкі п’еса атрымала назву «Пагарэльцы». У ёй аўтар адмовіўся ад прывычных сюжэтна-кампазіцыйных форм, што і адлюстравалася ў жанравай дэфініцыі: «пралог і эпілог адной трагікамічнай гісторыі». Паказальна, што ад гэтага трагікамедыя не страціла сваёй цэласнасці, а выкрыццё цынічнага прыстасавальніцтва, апалітычнасці, глумлення над святасцю гуманістычных ідэалаў — сваёй вастрыні, пера- канаўчасці. Бязлітаснаму сатырычнаму абстрэлу ў п’есе падвергліся маральныя пазіцыі Ухватава, які трапіў у высокія ўладныя структуры ў выніку д’ябальскай кадравай чахарды рэпрэсіўных 1930-х гадоў. Драматург добра разумеў шкоднасць ухватаўшчыны, бо гэта не толькі кар’ерызм, не толькі пралікі ў кадравай палітыцы, але і дрымучы кансерватызм, некампетэнтнасць, пасіўнасць і коснасць, і нежаданне мысліць па-сучаснаму.

Новыя грані драматургічнага таленту А. Макаёнка адкрыла камедыя «Верачка». Спецыялістаў здзівіла перш за ўсё яе танальнасць — тое, што дало падставы драматургу назваць п’есу сентыментальным фельетонам. Вытрыманая ў выяўленчым рэчышчы бытавой камедыі, яна мала падобна на ранейшыя творы пісьменніка-сатырыка, які ў кожнай сваёй п’есе зацята атакаваў розныя сацыяльныя недахопы. Ёсць сатырычная плынь і ў «Верачцы», але яна яўна прыцішана.

У выкрыцці таго ж чыноўніка-бюракрата Прокусава драматург карыстаецца больш гумарыстычнамі, чым сатырычнымі фарбамі. «Верачка», бадай, самы паэтычны твор А. Макаёнка, апалогія людской дабрыні, чалавечай спагадлівасці.

Апошняй завершанай п’есай, своеасаблівым творчым завяшчаннем драматурга была трагікамедыя «Дыхайце эканомна». Шлях да яе аказаўся вельмі доўгім: ад драмы «На досвітку» праз трагікамедыі «Зацюканы апостал» і «Кашмар» — шлях у трыццаць год. Асабліва блізкай да «Дыхайце эканомна» з’яўляецца, несумненна, п’еса «Кашмар». Калі ўчытваешся ў гэтыя п’есы, зноў і зноў уражваешся грамадзянскай праніклівасцю іх аўтара. Падчас прэм’еры трагікамедыі «Кашмар» чалавецтва больш бестурботна глядзела на праблемы вайны і міру. Магчымасць вайны, вядома, не адмаўлялася, але яна ўспрымалася хутчэй гіпатэтычна, чым рэальна. У А. Макаёнка наконт гэтага не было ніякіх ілюзій. Яго вельмі турбавала, што лепшыя навуковыя сілы планеты, аграмаднейшыя бюджэтныя ўкладанні накіроўваліся на распрацоўку, удасканаленне сродкаў знішчэння. Не на стварэнне, хоць чалавецтва не пазбылося яшчэ голаду, хвароб, непісьменна- сці, іншых напасцей. Складвалася ўражанне, што чалавецтва мэтавыя арыенціры свайго існавання, што палітыка і развіццё эканомікі паступова адчужаюцца ад разумнай волі чалавека.

У сваёй апошняй п’есе А. Макаёнак сінтэзаваў многія творчыя знаходкі з папярэдніх сваіх твораў. Як і ў «Зацюканым апостале», канфлікт камедыі фарміруецца сродкам сутыкнення персанажаў, абагуленых да сімвалаў. Прэзідэнт, Цэзар, Фарыд, Людовік Адольф, Ісак, Хіра Сіта і іншыя персанажы ўвасабляюць сабою не проста пэўныя сацыяльныя тыпы, а цэлыя грамадскія фармацыі. Свежасці ўспрыняцця садзейнічае тое, што драматург адшукаў арыгінальную перспектыву адлюстравання падзей, цікавы ракурс асвятлення, асэнсавання характараў. Перспектыва гэта як бы перакулена ў мінулае, дзеянне развіваецца ў адваротны бок, нібыта на кінаэкране, калі плёнка запраўлена наадварот. I гэты прыём прынёс столькі парадаксальнага, іранічна-саркастычнага зместу! Планетарная эліта, прадстаўнікі ўладных і ваенна-прамысловых структур задумалі суперсатанінскую афёру. Схаваўшыся ў надзейным модулі-арэшніку, знішчыць усё жывое на Зямлі магутным тэрмаядзерным ударам, каб праз пэўны час, калі адбудзецца натуральная дэзактывізацыя паверхні, зноў панаваць над светам, але ўжо без чырвоных, без класавых выступленняў працоўных, без пастаяннай пагрозы страціць свае капіталы. На самай жа справе прага нажывы, барацьба за ўладу ў гэтым ізаляваным мікрацарстве адкінула яго насельнікаў на тысячы гадоў назад — да дзікунства. Самае ж крыўднае для іх заключалася ў тым, што ядзерная катастрофа не адбылася. Прэзідэнту не ўдалося знішчыць усё жывое на планеце: у апошні момант вучоны Кейт здолеў адключыць фатальныя кнопкі ад крыніц сілкавання. I яго словы: «Не! Не дапусцім! Нават калі на планеце (паказвае на Біма і Крошку) іх было б толькі двое. То і тады варта ратаваць мір!» — успрымаюцца маральным імператывам камедыі і аўтарскім запаветам.



Сышоў у іншы свет А. Макаёнак да крыўднага рана. I адбылося гэта хмурным ранкам 16 лістапада 1982 года, калі свінцова-цяжкія, пульхна набрынялыя вільгаццю і нядрогкай настыласцю хмары так нізка навіслі над Мінскам, нібыта хацелі сцерці межы паміж небам і зямлёй. 3 такіх хмар звычайна не бывае ні маланак, ні грому. Але вестка пра заўчасную, а таму нечаканую, недарэчную смерць вялікага драматурга прагучала падобна магутнаму, да звону ў вушах, раскату грома. Беларусь ведала, каго яна страціла. Памяць пра яго была ўшанавана ў назвах вуліц і бібліятэк, у выданні пяцітомнага Збору твораў. Але памяць пра любога драматурга найлепш дэманструе сцэна. А вось тут пахваліцца нам асабліва няма чым. На сённяшні дзень у рэпертуары некалькіх нашых тэатраў прысутнічаюць трагікамедыі «Зацюканы апостал» ды «Трыбунал». I ўсё! А на добры лад у Беларусі даўно трэба было б паставіць пытанне аб стварэнні Тэатра Макаёнка. А новы Саннікаў — рэжысёр, які здолее зразумець глыбінную сутнасць твораў нашага па-сапраўднаму народнага пісьменніка, абавязкова знойдзецца.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка