Семантыка і сімволіка атмасферных з’яў у «Казках жыцця» Я. Коласа. Сярод празаічных твораў Я. Коласа асобнае месца займаюць алегарычныя апавяданні пад агульнай назвай «Казкі жыцця»




Дата канвертавання09.01.2017
Памер75.96 Kb.
Семантыка і сімволіка атмасферных з’яў у «Казках жыцця» Я. Коласа.
Сярод празаічных твораў Я. Коласа асобнае месца займаюць алегарычныя апавяданні пад агульнай назвай «Казкі жыцця», у якіх выявіліся лепшыя рысы творчай індывідуальнасці мастака слова. Перш за ўсё «Казкі жыцця» закранаюць злабадзённыя праблемы тагачаснага сацыяльна-палітычнага становішча Беларусі (большасць твораў была напісана ў дакастрычніцкі перыяд), а таксама адвечныя філасофскія пытанні чалавечага быцця (жыццё, рух, дабро і зло і г.д.). Літаратуразнаўца У. Навумовіч адзначае, што «гэта першая вельмі ўдалая і арыгінальная спроба ў беларускай літаратуры развіць філасофскі пачатак, выводзіць мараль, апеляваць да свядомасці і розуму чытача, зыходзячы з простых і даступных рэчаў, разглядаючы акаляючае жыццё свету; спроба паразважаць над гэтым жыццём і часам, заглыбіцца ў натуральныя працэсы, якія адбыліся і адбываюцца ў прыродзе і грамадстве» [навумовіч, 239].

Таксама «Казкі жыцця» вызначаюцца выключнай паэтычнасцю і вобразнасцю, што гаворыць пра непасрэдную сувязь творчасці пісьменніка з сялянскім светабачаннем і светаадчуваннем, шчырай любоў да роднай старонкі, яе прыроды і людзей. У«Казках жыцця» яскрава выявілася сувязь творчасці пісьменніка з невычэрпнымі крыніцамі вуснай народнай творчасці, а менавіта з народным казачным эпасам, які паслужыў асновай для стварэння аўтарскіх алегорый. Міфолаг Т. Шамякіна заўважае, што «шмат якія беларускія даследчыкі зусім слушна гаварылі пра міфалагічнае ў сваёй аснове светаадчуванне Якуба Коласа, пра аддадзеную даніну міфалагічным павер’ям беларусаў. Так, І. Навуменка пісаў: “Янка Купала, Якуб Колас засталі ў сваім народзе яшчэ амаль не крануты кніжнай апрацоўкай духоўны свет, які сваімі вытокамі меў старажытнае, у пэўнай меры міфалагічнае светаадчуванне з яго культам неба, сонца, наогул прыродных сіл, верай у таямнічае і звыштаямнічае, што мае несумненную ўладу над чалавекам”» [шамякіна, 347–348].

На матэрыяле беларускіх народных павер’яў, легенд і паданняў можна вызначыць некалькі версіі паходжання навальніцы, грому і маланкі. Так, гэтыя атмасферныя з’явы ў народнай інтэрпрэтацыі лічыліся атрыбутамі вышэйшых нябесных сіл (Бога, святых, анёлаў, Перуна): зброяй (стралой, бічом), светачам, следам калясніцы або гукам ад яе руху. Навальніца, гром і маланка (асабліва апошняя) уяўляліся Божым гневам на нячысцікаў або грэшнікаў і выступалі ў якасці зброі для іх пакарання як у хрысціянскай, так і язычніцкай інтэрпрэтацыі. Паходжанне і бытаванне твораў беларускай народнай прозы, у якіх навальніца, гром і маланка караюць ліхіх паноў або князёў за маральныя і фізічныя бясчынствы і здзекі над прыгоннымі, звязана з рэальнымі ўмовамі жыцця сялянства («Прыйшла мяжа цярпенню зямлі. У адну ноч пачалі біць шалёныя маланкі, грымець перуны, аж калацілася цвердзь, а замак і ўсё наваколле пачалі правальвацца ў воды возера» [легенды, 247]) (таксама паданні «Перунова гара», «Пра князя Слуцкага і яго замак на Князь-возеры», «Тры камяні»).

Пад уплывам буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1905–1907 гг. Я. Коласам была напісана алегорыя «Жывая вада», у якой ставяцца і вырашаюцца пытанні сацыяльнай несправядлівасці, класавай барацьбы, эксплуатацыі чалавека чалавекам. Вобраз Гары, якая сваім з’яўленнем знішчыла крыніцу – Жывую Ваду, – увасабляе рабскі прыгнёт. Але аўтар сцвярджае, што такому становішчу рэчаў прыдзе канец і жыццё на зямлі закрасуе з новай сілай. Як і ў народных павер’ях, у гэтай алегорыі навальніца становіцца кульмінацыяй справядлівага знішчэння старога ладу і ўсталявання новага: «Адвечная скарга цяпер грымела ў небе страшным голасам Бога і скалынала ўсю зямлю; стогны людскія, якіх дагэтуль ніхто не чуў, блішчалі маланкамі, а слёзы цяклі халоднымі, чыстымі ручаямі на зямлю і ажыўлялі яе» [колас, 12]. Жывая Вада, спалучыўшыся з дажджавой, вырываецца з-пад Гары, якая рассыпалася ў пясок і пыл, і зноў напаўняе жыццём Мёртвае Поле. Вобраз Жывой Вады – вытоку жыцця, носьбіта жыватворчых сіл прыроды, якія перамагаюць смерць, можна знайсці ў творах народнага казачнага эпасу. Даследчык Д. Гальмакоў заўважае, што «тая ідэйна-мастацкая роля, якую адыгрывае ў алегорыі традыцыйны для фальклора вобраз, сведчыць аб творчым, своеасаблівым характары яго выкарыстання» [гальмакоў, 159].

У алегарычным апавяданні «Проціў вады», напісаным напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі, Я. Колас ставіць праблему ўзаемаадносін паміж воляю аднаго чалавека і воляю калектыва – паміж воляю царскага самадзяржаўя (увасобленым у вобразе Старога Дзеда) і народа (вобраз Азярка). Перш за ўсё на жаданне Азярка выйсці з балотных берагоў паўплывалі «крынічкі жывой вады», якія прабіваліся да яго, «але надышла навальніца і паддала Азярку сілы і ўсе Дзедавы скрэпы былі знесены, і яго самога панесла вада» [колас, 37]. Тут, як і ў папярэдняй алегорыі, навальніца атаясамліваецца з ачышчальнай, пераўтваральнай рэвалюцыяй, калі на змену старому прыходзіць новы, заснаваны на пачатках справядлівасці і раўнапраўя, парадак, дзе «не воля аднаго, а воля ўсіх толькі і можа мець сілу і права» [колас, 38]. Паказальнымі, на нашу думку, з’яўляюцца словы Я. Коласа, што «зноў глядзела сонца на зямлю, лашчыла пакрыўджаных навальніцаю» [колас, 37–38], якія датычацца тых, хто пэўным чынам пацярпеў ад навальніцы-рэвалюцыі, якая набыла менавіта стыхійны, усеагульнай характар барацьбы са злом. Так, у народным уяўленні чалавек, які загінуў ад маланкі, трапляе ў рай. Падчас навальніцы нячысты хаваецца ад маланак, дзе толькі можа, нават пад (у) чалавека, які ахвярай уласнага жыцця (хоць гэта і не яго свядомы выбар) спрыяе пакаранню злога.

У сувязі з вышэй сказаным, слушнай падаецца думка даследчыка А. Семяновіча аб тым, што «Коласа цікавіла ˂…˃ праблема вечнага руху свету (матэрыі), г. зн. дыялектыка жыцця, згодна якой матэрыяльны свет знаходзіцца не ў стане вечнага спакою, як гэта сцвярджала метафізіка, а ў стане безупыннага руху і змянення, безупыннага абнаўлення і развіцця, дзе заўсёды штосьці ўзнікае і развіваецца, штосьці разрушаецца і аджывае свой век» [семяновіч, 159–160].

Навальніца таксама становіцца выпрабаваннем, якое дае Дрэўцу зразумець, што ні Вецер, ні Ручаёк не з’яўляюцца яго сябрамі, бо паказваюць у гэты крытычны час сваю сапраўдную натуру («Адзінокае Дрэва»). Камень, у адрозненне ад дубоў, не пакутаваў ад стрэл маланак падчас навальніцы («Камень»), якая таксама станавілася прычынай брудных «няпрошаныя гасцей-ручаёў» [колас, 21]. Раскацісты гул грому абуджае вяз, які развейвае «прыгожы туман зманнага шчасця» [колас, 26] бярэзінкі, што была зачаравана балотнымі агнямі-гнілякамі («Балотны агонь»). Аўтар у гэтым творы заўважае, што дзеянне адбываецца ў поўнач перад Ілліным днём, які, паводле народных назіранняў, з’яўляецца часам найбольшай колькасці навальніц (гэты факт таксама знайшоў адлюстраванне ў міфалагічных ўяўленнях нашых продкаў). У алегорыі «Чыя праўда?» адзін з маладзейшых дубоў на перасцярогі старога дуба аб неапраўданай радасці кажа: «От мы стаімо тут, а заўтра можа загрымець гром, лясне пярун – і няма нас!» [колас, 29]. Стары дуб пагаджаецца, што на працягу жыцця ўзнікае шмат сітуацый, на якія немагчыма паўплываць. Але ён не разумее таго, што іншыя адмаўляюцца бачыць і ўспрымаць жыццё з яго неспрыяльнымі, нават трагічнымі, праявамі, і заклікае «лепш быць няшчаснымі, але відушчымі, чымся шчаслівымі, ды сляпымі» [колас, 30].

Раса ў традыцыйным беларускім фальклоры з’яўляецца жыццядайнай нябеснай (божай) вільгаццю, паказчыкам для першага веснавога выгану жывёлы на пашу (т.зв. «юраўская раса»); чароўным сродкам, які маглі выкарыстоўваць як звычайныя людзі (дзеля ўмацавання здароўя, абароны жывёлы ад ваўкоў і сурокаў), так і ведзьмы. Так, у апавяданні «Дудар» слёзы Меншага Брата падалі на зямлю і «змешаныя з Божай расой, падымаліся да неба і адтуль вярталіся ˂…˃ чыстымі кропелькамі» [колас, 6–7]. Слёзы замучанага непасільнай працай і пазбаўленага ўсякіх правоў працоўнага народа (алегорыя «Жывая вада»), што стагоддзямі акраплялі знішчаны, а некалі прыгожы і ўрадлівы край (бо нават дождж перастаў там ісці, а ранішнюю расу, бляск якой аўтар параўноўвае таксама са слязьмі – слязьмі самой зямлі, – сонца хутка высушвала), перапоўнілі неба і «рваліся туды, дзе нарадзіліся» [колас, 11]. Слёзы-раса далі жыццё Хмарцы, якая з’яўляецца алегорыяй сляпой зачараванасці невядомымі далячынямі, марнага бадзяння па чужых краях і нежадання прыносіць карысць сваёй радзіме. Урэшце Хмарка вяртаецца туды, дзе нарадзілася: убачыла яна «пажаўклыя палі, сухія травы» [колас, 25], бо «цяпер там нават расы не бывае» [колас, 24], і «заплакала халоднымі слязьмі» [колас, 25].

Даследчыкі творчасці беларускага класіка адзначаюць, што пейзаж – адзін з істотных элементаў яго мастацкага стылю. Па-першае, пейзаж у алегорыях (таксама як і ў іншых творах) характарызуецца натуралізмам непаўторных карцін беларускай прыроды. Па-другое, «у шматлікіх пейзажных замалёўках пісьменнік выказвае свае адносіны да рэчаіснасці, стварае адпаведна ідэйнай задуме твора настрой. У творах пісьменніка даволі часта сустракаюцца прыклады паралелізму паміж чалавекам і прыродай ˂…˃, прычым гэты паралелізм мае звычайна выразную сацыяльную накіраванасць. ˂…˃ У іх выяўляецца багацце мастацкай палітры пісьменніка, у якой арганічна спалучыліся ўсе колеры спектра. Тут і журботныя малюнкі замірання прыроды, і трывожная светавая гама надыходзячай навальніцы («Жывая вада», «Хмарка»), і светлыя, радасныя пейзажы, мастацкае прызначэнне якіх у сцвярджэнні радасці жыцця» [гальмакоў, ]. Напрыклад, «хмары, як мухі над гаршком куцці, віліся чорным роем над зямлёй, апярэзваючы яе агнявістымі стужкамі і трасучыся магутнымі громамі» [колас, 15] («Адзінокае Дрэва»); «сонейка ˂…˃ рассыпалася золатам, дыяментамі ў кожнай кропельцы расы, зіхцела ўсімі колерамі вясёлкі» [колас, 18] («На чужым грунце»); «цяжэрныя хмары меціліся на іх залатымі стрэламі пякучых маланак» [колас, 21] («Камень»), «прамень сонейка, прабіўшы гушчар зялёнага лісця, дакрануўся да расы, і яна ўся заіскрылася, зачырванелася, бы гожая дзяўчына, якой сказалі, што прыгожая і мілая» [колас, 33] («Вадаспад»).

Я. Колас у невялікіх па памеры, але змястоўных і высокамастацкіх алегорыях паказаў веру народа ў вызваленне ад прыгнёту, яго сілу і непераможнасць. У кожным з алегарычных твораў адчуваецца глыбокая любоў пісьменніка да роднага краю і людзей, роздум над неад’емным правам беларускага народа самому вызначаць шляхі свайго гістарычнага развіцця.

Праз апісанні прыроды пісьменнік паказвае, як моцна развіта эстэтычнае пачуццё ў душы простага чалавека, падкрэслівае гарманічнасць яго яднання з прыродай. «Прырода ў Я. Коласа не дае чалавеку быць простым сузіральнікам, толькі захапляцца яе хараством, а абуджае ў чалавеку імкненне да лепшага, прыгожага жыцця» [семяновіч, 166], – слушна заўважае даследчык А. Семяновіч.

Жыватворнай крыніцай творчасці Я. Коласа, як і многіх класікаў беларускай літаратуры, з’яўляецца менавіта вусна-паэтычная народная традыцыя. Яе вобразы, сімвалы, сюжэты ў кожнага мастака слова знаходзяць сваё адметнае аўтарскае выкарыстанне, і ў той жа час аб’ядноўваюць пісьменнікаў на глебе нацыянальнага характару іх творчасці.


Літаратура

  1. Гальмакоў, Д. Прырода жанру і стыль «Казак жыцця» // Стыль прозы Якуба Коласа / Д. Гальмянкоў. – Мінск: Выд-ва БДУ, 1973. – С. 151–181.

  2. Колас, Я. Збор твораў. У 20 т. Т. 7 / Якуб Колас; рэд. тома Т.С. Голуб; падрыхт. тэкстаў і камент. Т. Голуб [і інш.]; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. Я. Коласа і Я. Купалы. – Мінск: Белар. навука, 2009. – 502 с.

  3. Легенды і паданні / М. Грынблат [і інш.]. – Мінск: Бел. навука, 2005. – 552 с.

  4. Навумовіч, У. Класікі беларускай літаратуры // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. / У. Навумовіч. – Мінск: Выш. школа, 2007. – С. 203–466.

  5. Семяновіч, А. Казкі жыцця // Вялікі пясняр беларускага народа: зборнік артыкулаў аб жыцці і дзейнасці Якуба Коласа / склад. І. Жыдовіч, Д. Міцкевіч; рэд. кал. П. Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Выд-ва Акадэміі навук БССР, 1959. – С. 145–167.

  6. Шамякіна, Т. Гісторыя беларускай літаратуры ў яе міфапаэтычных вытоках. Станаўленне літаратурнай класічнай традыцыі // Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ: для стар. шк. узросту / Т. Шамякіна; пасляслоўе І. Чароты. – Мінск: Маст. літ., 2008. – С. 281–366.

«» []


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка