Сенненская сярэдняя школа-інтэрнат




Дата канвертавання08.03.2017
Памер114.98 Kb.
Актыўная ацэнка

Матэрыял падрыхтаваны

настаўніцай гісторыі

ДУА “Сенненская сярэдняя

школа-інтэрнат”

Цярэняй Т.В.

Усе мы адчуваем крызіс традыцыйнага спосабу навучання. Настаўнікі з розных краін шукаюць новыя метады выкладання, якія б дазвалялі глыбей уцягнуць вучняў у працэс навучання, бо старыя ўжо не працуюць. Проста загад ужо не дапамагае – настаўнік не з’яўляецца больш аўтарытэтам толькі таму, што ён – настаўнік. Вучні не хочуць хадзіць у школу, часта не бачаць сэнсу ў навучанні, а пасля яе заканчэння памятаюць аб школе толькі благое. Вядома, ёсць і вучні, і выкладчыкі, якія актыўна ўдзельнічаюць ў працэсе навучання і выкладання, але іх застаецца ўсё менш і менш. Безсэнсоўнасць навучання ў школе, якую адчуваюць маладыя людзі, прыводзіць да росту агрэсіі, падману (напрыклад, спісванне), і браку амбіцыяў. Адукацыя натыкнулася на сцяну і больш не можа ісці наперад. Напэўна, мы павінны змяніць напрамак. Актыўная ацэнка дае надзею на добры кірунак зменаў. Асабліва добрыя вынікі яна дае ў працы з вучнямі, якія маюць цяжкасці ў навучанні. Актыўная ацэнка эфектыўна рыхтуе маладых людзей вучыцца на працягу ўсяго жыцця, што ў сучасным свеце з’яўляецца неабходным навыкам.

Кожны настаўнік ведае, што навучанне – гэта не проста пасіўнае ўспрыняцце ведаў, а працэс, у якім вучні актыўна ствараюць уласнае разуменне таго, што яны вучацца. Кожнаму таксама вядома, што вучні павінны браць адказнасць за ўласнае навучанне і за самаацэнку, а простая перадача інфармацыі не прывядзе да зменаў у іх падыходзе.

Задачай настаўніка з’яўляецца стварэнне вучням умоў для пераймання адказнасці за сваё ўласнае навучанне. І тут з дапамогай прыходзіць актыўная ацэнка, якая прадугледжвае пераход ад самога навучання да арганізацыі навучальнага працэсу.

Методыка Актыўнай ацэнкі прадугледжвае цэлы шэраг стратэгій, якія можна выкарыстоўваць ў навучанні ўсіх прадметаў, але ў залежнасці ад спецыфікі кожнага з іх пэўныя тэхнікі могуць аказацца больш ці менш карыснымі.

Пачнем з мэт уроку. Каб іх дасягнуць, трэба добра іх прадумаць. Настаўнік сам павінен быць у стане адказаць на пытанне, чаму ён вучыць менавіта гэтаму матэрыялу і што вучні ўжо на гэтую тэму ведаюць. Мэты ў сістэме актыўнай ацэнкі адрозніваюцца ад агульнапрынятых тым, што яны кіруюцца да вучняў, і таму мусяць быць прадстаўленымі зразумелай для іх мовай. Вучні павінны ведаць, што яны вучаць і якія навыкі будуць практыкаваць на занятках. Настаўнік дзеліцца гэтымі мэтамі з вучнямі і тым самым дзеліцца з імі адказнасцю за іх дасягненне. Такая практыка ўжо сама па сабе падштурхоўвае настаўніка да падрыхтоўкі ўрока (падборка матэрыялу, практыкаванняў і заданняў) такім чынам, каб вучні як мага бліжэй наблізіліся да рэалізацыі пастаўленых мэт.

Пасля заняткаў настаўнік павінен суаднесці мэты і дасягненні і ацаніць, што атрымалася, а што – не. Прычын няўдач можа быць шмат – неадпаведная падборка матэрыялу, занадта вялікая колькасць мэт, альбо несканцэнтраванасць класа і размовы на тэме. Тады варта падумаць, што мы можам з гэтым зрабіць.

Другім важным элементам працэсу навучання з’яўляюцца крытэрыі ацэнкі (а ў сістэме актыўнай ацэнкі часта выкарыстоўваюць тэрмін “НаШтоБуЗУ” – на што я буду звяртаць увагу?). Настаўнікі гісторыі ведаюць, як складана акрэсліць “НаШтоБуЗУ” ў гэтым прадмеце. Што вучні мусяць ведаць, што ўмець пасля ўроку, каб і яны, і настаўнік маглі заявіць, што мэта ўроку дасягнута. Колькі дат, якія прозвішчы, якія прычыны і наступствы выбраць, каб не перайначыць ход мінулых здарэнняў? Што зрабіць, каб факталогія не засланіла сабою іншых патрэбных навыкаў – пошуку, упарадкавання і выкарыстання інфармацыі, разумення ўзаемасувязі і вытлумачэння гістарычных крыніц, апісання і тлумачэння змяненняў.

Акрэсліванне “НаШтоБуЗУ” вельмі карысна не толькі для вучняў, але і для настаўнікаў. Гэта такі невялічкі кантракт паміж намі і вучнямі, дзе дакладна агаворваем, што будзем ацэньваць. Так яны могуць лепш падрыхтавацца да кантрольных і штодзённых заданняў. А настаўнік павінен ацаніць толькі тое, што было абумоўлена кантрактам.

Вялічэзны плюс “НаШтоБуЗУ” ў тым, што вучні таксама прымаюць удзел у выпрацоўцы крытэрыяў ацэнкі іхняй працы. Яны ўсведамляюць сабе, што самі іх вызначылі, а гэта мабілізуе іх да навучання і павялічвае зацікаўленасць у працы над заданнямі. Дзякуючы “НаШтоБуЗУ”, вучні адчуваюць сябе больш упэўненымі, бо ведаюць, што настаўнік не запытае ў іх знянацку нешта абсалютна новае.

План урока гісторыі на прынцыпах актыўнай ацэнкі
Тэма: Утварэнне Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі

Узаемасувязь з ведамі, атрыманымі раней:

Вучні ведаюць, хто з еўрапейцаў даплыў да Амерыкі, ведаюць, якія падзеі былі прычынай эміграцыі ў Паўночную Амерыку, валодаюць асноўнымі ідэямі філасофіі Асветніцтва.



Мэты заняткаў:

1. Распавесці вучням пра працэс вызвалення брытанскіх калоній з-пад улады Кароны і пра спосабы арганізацыі новастворанай дзяржавы Злучаных Штатаў Амерыкі

2. Удасканаленне навыкаў вучняў працаваць з першакрыніцамі.

Мэты заняткаў на мове вучня:

1. Пасля сённяшніх заняткаў мы зможам пералічыць прычыны, якія прывялі калоніі да змагання за сваю незалежнасць.

2. Мы прааналізуем дакументы, прынятыя калоніямі і дакажам, што падставай для іх былі ідэі эпохі Асветніцтва.

На Што Бузу (што вучні павінны ўмець пасля заняткаў):

1. Ведаюць прычыны пачатку вайны за незалежнасць.

2. Ведаюць пра два дакументы: Дэкларацыя Незалежнасці і Канстытуцыя Злучаных Штатаў i акалічнасці іх прыняцця.

3. Умеюць адзначыць фрагменты гэтых дакументаў, выразна запазычаныя з філасофскай думкі таго часу: Мантэск’ё, Русо і Вальтэра.



Як павінны прайсці гэтыя заняткі (метады і заданні):

Пачатак заняткаў:

Матывацыйнае пытанне:

1. Ці ведаеце вы хто жыў у Паўночнай Амерыцы перад прыбыццём туды еўрапейцаў? Ці ведаеце вы назвы індыйскіх плямёнаў?

2. Ці можаце вы назваць па адным звычаі індзейцаў Паўночнай Амерыкі?

3. Ці ведаеце вы аб паходжанні звычая есці індыка на Дзень падзякі?

4.Ці ведаеце вы, калі амерыканцы святкуюць сваё галоўнае дзяржаўнае свята? Ці ведаеце вы, з якімі падзеямі яно звязана?

Уводзіны новага матэрыялу: Паслухай і запішы (вучні запісваюць свае разважанні, абагульненні ці пытанні, якія прыйшлі ім да галавы).

Заняткі каланістаў (стоп), палітыка Вялікабрытаніі ў дачыненні да калоній (стоп), узрост напружаннасці паміж калоніямі і Каронай (стоп), ваенныя дзеянні (стоп), утварэнне новай дзяржавы (стоп).

Праца ў парах: чытанне першакрыніц, спачатку – Дэкларацыі Незалежнасці, і падкрэсліванне выразаў, якія нагадваюць ідэі французскіх філосафаў. Кожная пара па чарзе падае адзін з падкрэсленых выразаў пакуль яны не скончацца. Пасля вучні запісваюць падкрэсленыя сказы ў сшыткі і суадносяць іх з канкрэтнымі прозвішчамі. Тое самае заданне вучні выконваюць і на падставе Канстытуцыі Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі.

У групах з чатырох вучняў яны параўноўваюць і правяраюць свае вынікі.

Ключавыя пытанні да вучняў:

Ці ідэі французкіх філосафаў-асветнікаў надалей застаюцца актуальнымі і ажыццяўляльнымі? Ці можам мы напаткаць іх ў нашым сучасным жыцці на дзяржаўным узроўні?

Нататкі і дадатковыя практыкаванні:

Паказаць на карце Паўночнай Амерыкі 13 амерыканскіх калоній, якія змагаліся за незалежнасць.



Хатняе заданне:

Дома вучні маюць пашукаць сучасныя дакументы (напрыклад, Канстытуцыю РБ альбо Агульную Дэкларацыю Правоў Чалавека), якія маглі б служыць прыкладам ажыццяўлення ідэй філосафаў эпохі Асветніцтва.

Матэрыялы і дыдактычныя дапаможнікі: Атлас, два тэксты першакрыніцы, падручнік.
Прыклады мэт настаўніка і тыя ж мэты мовай вучняў
Тэма: Узмацненне Царквы

Мэты настаўніка:

- Можа абмеркаваць метады, якімі карыстаўся каталіцкі касцёл для супрацьстаяння Рэфармацыі.

- Можа прадставіць найважнейшыя рашэнні Трыдзенцкага Сабора.

- Можа абмеркаваць мэты і дзейнасць езуітаў.

- Можа растлумачыць, як мастацтва барока дачынілася да контррэфармацыі.

Тыя ж мэты мовай вучняў:

Сёння мы разгледзім, як каталіцкі касцёл адрэагаваў на з’яўленне новых рэлігійных канфесій у Еўропе, як, спрабаваў аднавіць згубленыя пазіцыі, і да якіх наступстваў прывяла контррэфармацыя.



Тэма: Растаноўка вайсковых сіл у XVII стагоддзі

Мэты настаўніка:

- Вучань можа знаходзіць інфармацыю па карце, выкарыстоўваючы назапашаныя раней веды



Тыя ж мэты мовай вучняў:

На сённяшніх занятках мы прыгадаем месца бітваў, перамір’яў і зняволенняў, і знойдзем іх на карце. Такім чынам, мы ўпарадкуем гэтыя веды. Вы ўбачыце, што карта ўтрымоўвае шмат важнай інфармацыі, і навучыцеся карыстацца ёю так, каб, напрыклад, знаходзіць землі здабытыя ці страчаныя ВКЛ.



Урок:

Дата:

Клас:




Тэма:




Узаемасувязь з атрыманымі раней ведамі:




Мэты заняткаў:

1.

2.



Мэты заняткаў мовай вучня:

1.

2.



3.




НаШтоБуЗУ (на што буду звяртаць увагу):


Як маюць прайсці гэтыя заняткі (метады і заданні):

Ключавыя пытанні да вучняў:


Нататкі і дадатковыя практыкаванні:


Хатняе заданне:

Матэрыялы і дыдактычныя дапаможнікі:


Як падрыхтаваць зваротную інфармацыю ад настаўніка да вучня

Паглядзіце на зваротную сувязь, падрыхтаваную Вамі для вучня, і адкажыце на наступныя пытанні:

1. Ці напісалі Вы напачатку якую-небудзь пахвалу ці камплімент?

2. Ці звярталіся Вы да вучня па імені?

3. Ці тычыліся Вашы заўвагі толькі працы вучня (а не самога вучня)?

4. Ці пераважаюць у Вашай ацэнцы станоўчыя заўвагі адмоўныя?

5. Ці да кожнай крытычнай заўвагі была дададзена прапанова таго, як павінен выглядаць правільны адказ?

6. Ці атрымаў вучань таксама і нейкую агульную параду, якая магла б у будучыні дапамагчы яму дасягнуць лепшых вынікаў?

7. Ці было зададзена вучню пытанне, якое заахвоціла б яго да далейшых разважанняў над выкананай працай?

8. Ці зразумелай мовай для вучня былі прадстаўлены заўвагі да працы?

9. Ці ўсе Вашы каментары былі дастаткова падрабязнымі?

10. Ці атрымаў вучань параду, у якім накірунку ён павінен развівацца далей?

11. Ці была прапанавана вучню Ваша дапамога ў пераадоленні складанасцей і паляпшэнні сваёй працы?

12. Ці было прапанавана вучню абмеркаванне Вашых каментарыяў, калі ў яго ёсць да гэтага пытанні?

13. Ці ўсе заўвагі былі пасля падсумаваныя?
За кожны станоўчы адказ залічыце сабе адзін пункт. Калі лічба пунктаў не перакрочвае дзесяці, варта дапрацаваць сваю зваротную сувязь.
Усведамленне вучнямі мэт і вызначэнне крытэрыяў ацэнкі – гэта толькі пачатак. Каб працэс навучання рухаўся спраўна, трэба дапамагаць вучням праз зваротную сувязь. Гэты элемент уключае ў сябе прыгатаванне водгукаў па вучнёўскіх працах, якія зазначаюць добрыя бакі ў яго працы, паказваюць, што вучань мае паправіць, падказваюць, як гэта зрабіць, і ў якім кірунку ён мае працаваць далей. Водгук заўсёды грунтуецца на раней агавораным “наштобузу”. Дзякуючы дакладна вызначанаму “НаШтоБуЗУ” прыгатаваць водгук па працы вучня можа не толькі настаўнік, але і таварыш, і нават сам вучань.

Асаблівае месца ў выкладанні гісторыі і грамадазнаўства займаюць ключавыя пытанні. Ідэя заключаецца ў тым, каб не затрымліваць вучняў на ўзроўні ведаў “хто?”, “што?”, “калі?, а закранаць усе ўзроўні навучання. Настаўнік павінен паразважаць над тым, як і аб чым ён пытаўся ў вучняў дагэтуль, ці заахвочвала вучняў пытанне да мыслення, ці прадстаўляў ён дастаткова часу ім на адказ і якая была яго рэакцыя на памылкі.

Падаўжэнне часу чакання на адказ, прадастаўленне магчымасці праверыць сваю ідэю на аднакласніку ці прыгатаваць сумесны адказ (праца ў парах) і, тым самым, будаванне атмасферы даверу і бяспекі, а самае галоўнае, папярэдняя апрацоўка пытанняў, якія б развівалі мысленне, дазваляе перайсці ад простай перадачы фактаў і згадвання правільных адказаў да дыялогу і пошукаў рашэння праблемы.

Пытанні вартыя задавання маюць быць цесна звязанымі з мэтамі ўроку, развіваць разуменне, паказваць больш шырокую перспектыву, зацікаўліваць і запальваць вучняў. Такія пытанні ў актыўнай ацэнцы называюцца ключавымі. Падчас аднаго ўроку можа хапіць нават адного такога пытання, галоўнае, каб яно натхняла і заахвочвала большасць вучняў.

Калі вучань сам можа ацаніць, як шмат ён даведаўся і што яшчэ неабходна зрабіць, каб дасягнуць жаданай мэты, гэта дапамагае яму ў працэсе навучання і робіць яго актыўным удзельнікам гэтага працэсу.

Самаацэнка дазваляе навучэнцам знайсці адказы на пытанні: што я ўжо ведаю? Над чым яшчэ трэба папрацаваць? Што варта змяніць у сваім спосабе навучання? Якія рашэнні я мушу прыняць у будучым?



Перавагі і недахопы актыўнай ацэнкі

Актыўная ацэнка з’яўляецца часткай настаўніцкай інтуіцыі. Шмат хто з настаўнікаў заўважаюць, што выкарыстоўвалі некаторыя элементы актыўнай ацэнкі ў сваёй практыцы і раней. Тым не менш, яны прызнаюць, што толькі сістэматычнае прымяненне цэласнага падыходу прыносіць жаданыя вынікі. У той жа час выкарыстоўванне актыўнай ацэнкі цалкам змяняе стыль выкладання, і, такім чынам, атмасферу ў класе з падыходам да навучання.

Актыўная ацэнка нясе з сабой дадатковую рабочую нагрузку і працаемкасць. Ніжэй прыведзены спіс цяжкасцей, звязаных з увядзеннем АА:


  • Прыгатаванне водгукаў кожнаму вучню для зваротнай сувязі займае шмат часу.

  • Працаемкасць падрыхтоўкі да ўроку (мэты, крытэрыі ацэнкі, ключавыя пытанні).

  • Фармуляванне ключавых пытанняў.

  • Задаванне пытанняў і атрыманне адказаў займае шмат часу.

  • Недахоп часу на ўроку, каб здзейсніць усе яго элементы.

  • Скарачэнне колькасці адзнак.

  • Схіленне бацькоў і вучняў да актыўнай ацэнкі.

  • Прывіванне вучням навыкаў узаема- і самаацэнкі.

Напрыканцы хацелася б таксама ўзгадаць супрацоўніцтва з бацькамі. Настаўнікі гісторыі, як і настаўнікі іншых прадметаў, павінны падыйсці да гэтага задання асабліва ўважліва. Большасць бацькоў прызвычаена да адзнак і нясхільныя эксперыментаваць на ўласным дзіцяці. Пераканаць іх у вартасці актыўнай ацэнкі дапаможа адпаведна прадстаўленая, вычарпальная інфармацыя, выразныя водгукі з боку настаўніка, ну і канешне ж, меркаванне саміх дзяцей. Такім чынам, трэба скіраваць іх увагу не на адзнакі, а на развіццё сапраўдных уменняў іх дзяцей.

Актыўная ацэнка, дапаможная ў навуцы, пакуль яшчэ не вельмі распаўсюджан ў нашых школах, бо патрабуе ад настаўнікаў грунтоўных змен у падыходзе. Кожная змена, нават трывіяльная, – гэта пэўная рызыка для настаўнікаў, а напачатку яшчэ і дадатковая праца. Але гэты наватарскі метад дазваляе настаўнікам атрымліваць куды больш задавальнення ад працы, калі яны бачаць, як дзеці пачынаюць выказваць не толькі куды лепшае разуменне матэрыялу, але і больш актыўна ўдзельнічаюць у працэсе навучання. І ўжо толькі дзеля гэтага варта паспрабаваць!



Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Запрудскі, М. I. Як эфектыўна арганізоўваць самастойную пазнавальную дзейнасць вучняў М. I. Запрудскі // Фізіка: праблемы выкладання. — 2011. — № 5.

  2. Методические рекомендации по совершенствованию качества образования / Инструктивно-методическое письмо Министерства образования // Настаўніцкая газета-2011.-2 ліпеня.

  3. Нормы оценки результатов учебной деятельности учащихся общеообразовательных учреждений по учебным предметам / Приказ Министерства образования Республики Беларусь от 29.05.2009 № 674.

  4. Хуторской А.В. Современная дидактика: учебник для вузов / А.В. Хуторской. — СПб. Питер,- 2001.-544 с.

  5. Метад актыўнай ацэнкі. Рэжым доступу — Дата доступу — www.aacenka.by/16 лістапа 2011 года.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка