Шляхі да незалежнасці (барацьба за аутаномію паўночна-заходняга краю у пачатку ХХ ст.)




Дата канвертавання09.01.2017
Памер80.3 Kb.


ШЛЯХІ ДА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

(БАРАЦЬБА ЗА АУТАНОМІЮ ПАЎНОЧНА-ЗАХОДНЯГА КРАЮ У ПАЧАТКУ ХХ СТ.)
Забаўскі М.М. г.Мінск, БДПУ, д.г.н.
Забаўскі М.М. Актуальныя праблемы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці: да 90-годдзя ўтварэння БССР: Матэрыялы рэсп. навук.-тэарэт. канф., Мінск, 27 лют. 2009 г.: у 2 ч. – Ч. 1. – Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ад старажытнасці да 1918 г. / Беларус. дзярж. пед. ун-т. ім. М. Танка; рэд. кал. А.І. Андарала, М.М. Забаўскі (стар. арг. кам. канф.), А.М. Люты [ і інш.]. – Мінск: БДПУ, 2009. – С. 142–145.

Ключавыя словы: аўтаномія, расійская імпреыя, партыі, нацыянальная дэмакратыя.

Пачатак ХХ ст. – час карэных змен у Расійскай імперыі. Дзяржава і права, эканоміка і жыццё патрабавалі рэфармавання. На палітычнай арэне дзейнічалі манархічныя (урадавыя), ліберальныя, сацыялістычныя і інш. партыі і групоўкі. Апошнія выражалі і абаранялі інтарэсы пэўных класаў і сацыяльных пластоў насельніцтва, якія вызначылі свае адносіны да існуючага ладу і былі ў пастаянным пошуку дзейсных формаў арганізацыі для абароны сваіх інтарэсаў. Асаблівасцю палітычных партый у Расіі была іх шматнацыянальная стракатасць, адсутнасць дакладнай класавай дэферэнцыяцыі. Да выключэння можна аднесці Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). У праграме 1903 г. Грамада характарызавала сябе як “сацыяльна-палітычную арганізацыю беларускага працавітага народа”, г.зн. беларусаў працоўных, без адрознення сялян і рабочых. На другім з’ездзе ў студзені 1906 г. з партыі “Беларускай працавітай беднаты” яна ператварылася ў партыю “Працавітай беднаты беларускага краю без адрознення нацыянальнасцяў”. На з’ездзе было вылучана патрабаванне дзяржаўнай аўтаноміі для Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі і культурна-нацыянальнай аўтаноміі для нацыянальных меншасцей. З пачаткам першай расійскай рэвалюцыі 1905 г. беларускі нацыянальны рух стаў масавы, мэтай якога з’яўлялася самасцвярджэнне беларусаў як самастойнай нацыі ў межах іх этнічнага рассялення, а таксама іх права на нацыянальную дзяржаўнасць.

Раней барацьбу за незалежнасць Літвы і Польшчы як першапачатковую задачу вылучылі Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП) і Польская сацыялістычная партыя (ППС).

У пачатку ХХ ст. лідэрамі польскага руху на беларускіх і польскіх землях сталі “краёўцы”. Да іх адносілі ўсіх грамадзян, хто ўсведамляў сябе “грамадзянамі Краю”, належаў да адзінай нацыі незалежна ад этнічнага паходжання і культурнай прыналежнасці. Краёўцы лічылі роўнымі палякаў, беларусаў, літоўцаў і яўрэяў як карэнных народаў Беларусі і Літвы. Спецыфіка краю дыктавала адметныя краёвыя інтарэсы [1; 125-134]. Як адзначае А.Смалянчук, аўтар “Нацыянальнага катэхізіса Літвы” Б.Ялавецкі прапанаваў “канкрэтную праграму сацыяльных, культурных і эканамічных пераўтварэнняў, якая ў сваіх асноўных рысах стала асновай дзейнасці краёўцаў кансерватыўна-ліберальнай арыентацыі”. Падмуркам грамадскай дзейнасці краёўцаў абвяшчаўся Маніфест 17 кастрычніка 1905 г. і заканадаўчая дзейнасць Дзяржаўнай думы і Дзяржаўнай рады. Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская і Ковенская губерні павінны былі ўтварыць Літоўскую правінцыю з цэнтрам ў Вільні, акружным і гмінным самакіраваннем [1; 135].

У сувязі з выбарамі ў Дзяржаўную думу Расіі першага склікання (люты-сакавік 1906 г.) у Беларусі актывізавалі дзейнасць акцябрысты, манархісты, кадэты, сацыял-дэмакраты і інш.

Многія партыі і іх органы друку былі ўтвораны ў самы разгар выбарчай кампаніі і рабілі першыя крокі на палітычнай арэне. Інтарэсы ўрадавага лагера абаранялі памешчыцка-манархічныя партыі: “Саюз рускага народа” (СРН), “Паўночна-заходняе рускае веча”, часткова праваслаўныя брацтвы. Нягледзячы на прывілеяванае становішча і падтрымку адміністрацыі іх перадвыбарчая агітацыя не мела поспеху. Манархісты не прапаноўвалі дакладных мер для паляпшэння становішча рабочых, а дыскусіі па аграрных праблемах часта пераводзіліся імі ў плоскасць нацыянальных адносін [2, c. 33]. Гэта акалічнасць тлумачылася тым, што ў 1905 г. у краіне дзейнічалі каля 50 нацыянальных партый, а к 1917 г. іх колькасць павялічылася да 113. Большасць з партый мелі органы друку і праз іх даносілі да электарата свае праграмныя палажэнні. Нацыянальнае пытанне вылучылася ў лік важнейшых у грамадска-палітычным жыцці краіны. Тэрміны “іншародцы”, “іншаверцы”, “аўтаномія”, “аўтанамісты”, “самакіраванне”, “лібералізм” часта ўжываліся ў перыядычным друку розных палітычных плыняў.

Пра лёс Беларусі найбольш клапаціліся палітычныя партыі беларускай нацыянальнай арыентацыі: БРГ (Беларуская рэвалюцыйная грамада), БРП (Беларуская рэвалюцыйная партыя), БСГ.

БСГ і левыя сацыялістычныя партыі байкатавалі выбары, аднак сяляне прынялі ў іх актыўны ўдзел. Выдатных поспехаў у Беларусі дабіліся кадэты. Пры падтрымцы яўрэйскіх і інш. нацыянальных арганізацый па гарадской курыі яны заваявалі 90 % выбарчых месцаў (па Еўрапейскай Расіі працэнт вагаўся ад 16 да 68).

З 36 дэпутатаў, абраных ад 5 заходніх губерняў, 29 прайшлі пад кадэцкім сцягам, пры падтрымцы сіяністаў, “Саюза дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі”, Канстытуцыйна-каталіцкай партыі. Сярод дэпутатаў ад Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў было 12 беларусаў. 11 з іх – былі сялянамі: М.С.Гатавецкі, М.М.Грынцэвіч (Віленская губ.); Ф.С.Трасун, Р.П.Філіпаў (Віцебская губ.); М.М.Жукоўскі, С.П.Кандрашук, А.В.Курапацкі (Гродзенская губ.); М.І.Аўсяннікаў, В.А.Каранькоў, М.Е.Сямёнаў, А.І.Сакалоўскі (Магілёўская губ.); С.І.Гатоўчыц (Мінская губ.). У І Думе 8 з іх апынуліся “лявей кадэтаў”, у складзе “трудавой групы”.

У Думе лідэры Польскай нацыянальнай дэмакратыі (эндекі) на чале з Р.С.Дмоўскім імкнуліся стварыць гурток усіх польскіх дэпутатаў. Яшчэ ў 1902 г. як аўтар працы “Думкі сучаснага паляка” ён пісаў, што беларусы яшчэ не сфарміраваліся як нацыя, таму іх трэба разглядаць як племя, а Беларусь – як усходнюю тэрыторыю Польшчы [3]. Але пад уплывам і па ініцыятыве дэпутата ад Мінскай губерні Р.А.Скірмунта (які заяўляў, што ён беларус, прыняўшы польскую культуру, і няма неабходнасці далучаць яго да прадстаўнікоў польскай нацыянальнасці) прыхільнікі Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі (13 дэпутатаў) стварылі ў пачатку мая самастойную тэрытарыяльна-нацыянальную парламенцкую групу – “Тэрытарыяльнае кола”. Кіраўнікі – князь І.Э.Друцкі–Любецкі, А.Р.Лядніцкі (Мінская губ.), Г.К.Янкоўскі (Віленская губ.). Акрамя іх, у склад “Кола” увайшлі ад Мінскай губерні Я.І.Любанскі, Я.Я.Вішнеўскі, В.В.Янчэўскі, Г.М.Масоніус; ад Віцебскай – Б.Б.Шахно, П.І.Перасвет–Солтан; ад Віленскай – барон Э.Ю.Роп, Б.А.Ялавецкі; ад Гродзенскай – ксёндз А.П.Сангайла. Такім чынам, планы Р.А.Скірмунта наконт стварэння мясцовага тэрытарыяльнага кола, у які б уваходзілі мясцовыя, краёвыя палякі і беларусы, маларосы і літоўцы, яўрэі і рускія, часткова былі рэалізаваны.

Своеасаблівых палітычных перакананняў прытрымліваўся дэпутат ад Віленскай губерні, каталіцкі епіскап барон Эдвард фон Роп, ураджэнец Латвіі, “немец па паходжанню, паляк па перакананнях”. У 1905 г. ён заснаваў і ўзначаліў “Канстытуцыйна-каталіцкую партыю Літвы і Беларусі”. Партыя патрабавала абласнога самакіравання для Беларусі і Літвы, аўтаноміі з заканадаўчым сеймам для Польшчы. Як дэмакрат ён разумеў і запатрабаванні беларускага народа. Друкаваны орган “Рускага ўскраіннага саюза” газета “Окраины России” крытыкавала епіскапа Э.Ропа за яго выказванне: “Замест таго, каб настойваць на вялікай рускай мове, школьным уладам мусіла б увесці беларускую мову ў дзяржаўных школах” [4].

Адной з самых яркіх і ўплывовых палітычных асоб у вызначаны перыяд быў ураджэнец г.Мінска, юрыст А.Р.Лядніцкі. У 1905 г. ён удзельнічаў у заснаванні Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі і ўваходзіў у яе ЦК. А ў 1906 г. быў абраны дэпутатам І Думы ад Мінскай губерні. Як адзначае А.Ф.Смалянчук, як краёвец ён у польскім нацыянальным руху “прапанаваў вылучыць на першы план заклікі, якія б адпавядалі інтарэсам беларусаў і літоўцаў” [5].

Адным з абаронцаў беларусаў у І Думе быў князь І.Э.Друцкі–Любецкі. Уладальнік вялікіх зямельных уладанняў на Палессі лічыў, што самым галоўным пытаннем з’яўляецца аграрнае, якое неабходна вырашаць у адпаведнасці са спецыфічнымі ідэаламі кожнай нацыянальнасці. І.Э.Друцкі–Любецкі, падтрымаўшы выступленне Э.Ю.Ропа, выказаў прапанову пасля слоў аб неабходнасці адчуждэння часткі прыватнаўласнацкіх зямель дадаць: “адпаведна з патрэбамі і пажаданнямі мясцовага насельніцтва”. Дэпутат заявіў: “Адзін з ідэалаў сельскага насельніцтва нашай мясцовасці – ідэал уласнасці. Трэба рэалізаваць гэты ідэал, але справядліва, бяскрыўдна і толькі так, як гэтага жадае мясцовае насельніцтва” [2, c. 59]. Дума адхіліла гэту папраўку. “Аб усебаковым рэгуляванні зямельных адносін на месцах”, – заяўляў дэпутат Б.А.Ялавецкі. Аўтар “Нацыянальнага катэхізіса” падкрэсліваў “адзінства крыві літоўцаў, палякаў, беларусаў, якія належаць да адзінай нацыі літоўцаў”. Краёвыя мовы (польская, літоўская, беларуская), на яго думку, павінны былі дамінаваць у культурным і грамадскім жыцці [2, c. 68].

Дэпутаты адхілілі прапанову ксяндза з Пружан А.М.Сангайла “…адпаведна з мясцовымі ўмовамі, – з дабаўленнем слоў, – у выпадку неабходнасці прыступіць да прымусовага адчужэння” [72, c. 59]. Трэба адзначыць, што рымска–каталіцкі святар прыкладаў намаганні ў справе асветніцтва народа і карыстаўся вялікай павагай сярод шматнацыянальнага насельніцтва Гродзенскай губерні. Ён быў вылучаны кандыдатам у Думу з польскага боку, але быў падтрыманы і праваслаўнымі, і іўдзеямі [2, c. 70].

Ідэю аўтаноміі як аснову для зямельнай рэформы падтрымалі і сялянскія дэпутаты. Валасны старшыня з Гродзенскай губерні М.М.Жукоўскі звяртаўся з думскай трыбуны да буйных землеўладальнікаў з прапановай задаволіць зямельную патрэбу сялян і не чакаць часу, калі апошнія забяруць памешчыцкія землі самі. Ён прапаноўваў падзел зямлі перадаць у рукі мясцовых губернскіх павятовых і валасных камісій, якія б складаліся з мясцовага насельніцтва [2, c. 60]. Селянін з Лідскага павета М.С.Гатавецкі быў яшчэ больш катэгарычным. Ён падверг крытыцы аграрныя праекты і кадэтаў, і трудавікоў і заявіў: “Нашы сяляне дабра разумеюць, што яны самі павінны быць гаспадарамі на сваёй зямлі і вырашаць свой лёс, …яны патрабуюць, каб рэгіянальныя выбарчыя ўстановы, спецыяльна створаныя для гэтай мэты, былі ўпаўнаважаны вырашаць такія пытанні ў рэгіянальным масштабе” [2, c. 60-61].

8 мая 1906 г. на разгляд Думы быў унесены за подпісамі 42-х кадэтаў “Законапраект асноўных палажэнняў аграрнай рэформы”. Яны прапанавалі стварыць “Дзяржаўны зямельны запас” з казённых, манастырскіх, царкоўных і часткі прыватнаўласніцкіх зямель, якія здаваліся у арэнду ці зусім не апрацоўваліся. Для большасці прадстаўнікоў заходніх губерняў план кадэтаў адзначаў нацыяналізацыю, якую яны лічылі “рускай асаблівасцю”, якая не адпавядала менталітэту мясцовага насельніцтва, дзе нормай была прыватная ўласнасць.

Па высновах Я.Запрудніка, які ў 1969 г. абараніў у Нью-Йоркскім універсітэце доктарскую дысертацыю “Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай думе. 1906-1917”, ідэя палітычнай аўтаноміі Паўночна-Заходняга краю ў Думе была спалучана яе прыхільнікамі з зямельнай рэформай – самым тэрміновым і складаным пытаннем, якое давялося вырашаць першаму расійскаму парламенту. Практычна ні адзін з дэпутатаў ад заходніх губерняў ў Думе не выступаў супраць аўтаноміі. Яна мела і нацыянальныя, і філасофскія, і псіхалагічныя асаблівасці [6].

Па розных крыніцах, колькасць аўтанамістаў у І Думе вар’іравалася ад 63 да 200 чалавек (у Думе ўсяго было 523 дэпутаты), сярод якіх былі ўкраінцы, палякі, беларусы, казакі, прадстаўнікі прыбалтыйскіх і мусульманскіх губерняў.

Такім чынам, частка дэпутатаў ад Беларусі ў перыяд выбараў і дзейнасці першай Дзяржаўнай думы, афіцыйна далучаныя па саслоўных і нацыянальных курыях да “рускіх” і “палякаў”, належалі да той катэгорыі палітыкаў, якая садзельнічала ўздыму беларускай нацыянальнай і палітычнай свядомасці і ўрэшце з’яўленню беларускай палітычнай дзяржавы. У першую чаргу, вылучаліся ў гэтай справе вядомы грамадскі і палітычны дзеяч з Віцебскай губерні А.А.Валковіч і будучы старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта Р.А.Скірмунт.

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц:

1. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларуска–літоўскіх землях. 1864– люты 1917 г. / А.Ф.Смалянчук. – 2-е выд., дапрац. – СПб.: Неўскі прасцяг, 2004. – 404 с.

2. Забаўскі, М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі / М.М.Забаўскі. – Мн.: БДПУ, 2008. – 266 с.

3. Кітурка, Ю. Дмоўскі Р. / Ю. Кітурка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мн., 1996. – Т.3. – С. 259.

4. [Барон Э.Ю.Роп] // Окраины России. – 1906. – № 18. – 2 июля. – С. 315.

5. Смалянчук, А. Лядніцкі А. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мн., 1997 – Т.4. – С. 422.

6. Zaprudnik, J. Political Struggle for Byelorussia in the Tsarist State Dumas, 1906–1917. / J. Zaprudnik. – N.-Y., 1969. – 292 p.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка