Што стаяць перад імі. Такая з’ява атрымала назву “асіміляцыйная мяккасць”




Дата канвертавання11.05.2017
Памер39.75 Kb.
Асіміляцыйная мяккасць
У нашай мове памякчэнне зычных адбываецца не толькі перад ётавымі галоснымі і мяккім знакам, але і перад некаторымі мяккімі зычнымі, якія могуць перадаваць сваю мяккасць гукам, што стаяць перад імі. Такая з’ява атрымала назву “асіміляцыйная мяккасць” і сфармавалася ў нашай мове прыкладна ў перыяд з ХІІ па ХV стагоддзі. У чым яе сутнасць?

У з’яве асіміляцыйнай мяккасці бяруць удзел гукі з, с, д, т. Прычым гукі з, с перад усімі мяккімі зычнымі, акрамя заднеязычных (заднепаднябенных), прыпадабняюцца да іх і таксама становяцца мяккімі: з’вер (мяккі в’ уплывае на з і робіць яго таксама мяккім - з’), с’нег. Звярніце ўвагу, што такое памякчэнне адбываецца таксама і ў прыназоўніках: з’ Нінай, праз’ дзень. Гукі д і т змякчаюцца толькі перад мяккімі в’ і м’: дз’веры, ц’вік.


Як ужо было адзначана, памякчэнне з, с не адбываецца перад мяккімі заднеязычнымі (заднепаднябеннымі) гукамі г, к. х. У словах згінуць, схіліцца, скінуць з і с будуць вымаўляцца цвёрда. Асіміляцыйная мяккасць таксама не адбываецца перад мяккімі в’ і м’ у сярэдзіне некаторых словаў: у назве, пры адозве, пры капіталізме. Не змякчаецца перад мяккімі в’, м’ прыставачны і прыназоўнікавы д: падвезці, адмераць, пад Віцебскам , а таксама суфіксальны т у формах давальнага і меснага склонаў назоўнікаў на - тва-: у Літве, на брытве.
З’яву асіміляцыйнай мяккасці першым апісаў у 1918 годзе ў сваёй “Беларускай граматыцы для школ” Браніслаў Тарашкевіч. Паводле граматыкі Тарашкевіча, яна з’яўляецца адметнасцю не толькі беларускага вымаўлення, але і напісання: зьвер, сьнег, дзьверы, цьвік. У 1926 годзе ў Мінску адбылася Міжнародная акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускай азбукі і правапісу, якая была прысвечана абмеркаванню шэрагу правапісных пытанняў, у тым ліку і правапісу мяккага знака. У выніку створаная Правапісная камісія са Сцяпанам Некрашэвічам на чале падтрымала ідэю выкарыстання ь перад іншымі мяккімі зычнымі, але прапанавала скасаваць яго ў падаўжэннях: напрыклад, пісаць не насеньне, калосьсе, а насенне, калоссе. Аднак праекту правапісу ў тым выглядзе, у якім яго прапанавала камісія, не дадзена было рэалізавацца. З прыходам да ўлады ў 1929 годзе Сталіна пачалося згортванне т.зв. палітыкі беларусізацыі. Некрашэвіч быў звольнены з пасады віцэ-прэзідэнта Акадэміі Навук, а пасля рэпрэсаваны, а праца Правапіснай камісіі спынена. У 1930 годзе пачалася праца над новым, “пазбаўленым “нацдэмаўскага ўплыву” праектам рэформы правапісу. І ў выніку ў 1933 годзе адбылася сама рэформа, якая па сваёй сутнасці была русіфікатарскай і штучна наблізіла беларускую мову да рускай, у тым ліку і шляхам поўнага скасавання ь у пазіцыі перад іншымі мяккімі зычнымі. Аўтары абгрунтавалі такую прапанову “палягчэннем і эканоміяй для паліграфічнай справы”(!). І па сёння, як вядома, мяккі знак пры асіміляцыйнай мяккасці не пішацца.
І сёння мы можам канстатаваць, што скасаванне перадачы асіміляцыйнай мяккасці на пісьме адбілася на беларускім вымаўленні. Часта можна пачуць цвёрдыя з, с, д, т у той пазіцыі, дзе, паводле правілаў арфаэпіі, яны мусяць памякчацца. І гэта адбываецца перадусім у тых выпадках, калі мова засвойваецца не натуральным шляхам ад актыўных яе носьбітаў, напрыклад, у сям’і, а ў маўленні так званых “натуралізаваных” беларусаў, што вучыліся з падручнікаў і кніг. Тады многія, напраўду, не бачачы таго мяккага знака і забыўшыся на правілы, пачынаюць вымаўляць словы кшталту снег, звер, дзве цвёрда, фактычна так, як яны гучаць у рускай мове.
Дарэчы, сёння адлюстраванне асіміляцыйнай мяккасці на пісьме можна сустрэць не толькі ў выданнях да 1933 года, але і ў выданнях беларускай дыяспары, у друкаваных творах шмат якіх беларускіх аўтараў цягам апошніх 20-25 год, а таксама ў тэкстах газет і часопісаў 90-х і пачатку нулявых гадоў, калі ў Беларусі многія недзяржаўныя выданні актыўна карысталіся правіламі “клясычнага правапісу”. Але пазней, у звязку з абмежавальным законам аб СМІ, некаторыя перыядычныя выданні вярнуліся да афіцыйнага правапісу. Так, газета “Наша Ніва” з 2008 пачала выходзіць “школьным” правапісам, як яны самі яго вызначылі. Дасюль паслядоўную перадачу мяккага знака ў выпадку асіміляцыйнай мяккасці мы бачым, напрыклад, у тэкстах Радыё “Свабода”.
Заданне

Запішыце паводле афіцыйнага і клясычнага правапісу:
Сделать промах – схібіць

Смеяться – смяяцца, сьмяяцца

Проситель – просьбіт

Грамотный – пісьменны

Без тебя – без цябе, безь цябе

Затмение – зацьма; зацьменне, зацьменьне

Пропрощаться – развітацца, разьвітацца

Без денег – без грошай, бяз грошай

Утверждать – сцвярджаць, сьцьвярджаць

Скидель – Скідзель

Дует – дзьме

Транслировать – трансляваць, трансьляваць

С гитарой – з гітарай

Через лес – праз/цераз лес, празь/церазь лес

Склон – схіл

Одервенеть – здранцвець, здраньцьвець

Через Гервяты – праз Гервяты

Тусклый, неясный – цьмяны

Сфинкс – сфінкс, сьфінкс

Двести – дзвесце, дзьвесьце

Чуть – ледзьве

Мусор – смецце, сьмецьце

Обе – абедзве, абедзьве

Сберечь – зберагчы, зьберагчы

Медведь – мядзведзь, мядзьведзь

Кто-то – хтосьці

Направиться – скіравацца

Без слез – без слёз, бязь сьлёз

Зачерстветь – счарсцвець, счарсьцьвець

Расцвести – расцвісці, расьцьвісьці

С двумя – з дзвюма, зь дзьвюма

Резчик – разьбяр

Под Вильней – пад Вільняй


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка