Славутая дачка Полацкай зямлі




Дата канвертавання25.02.2017
Памер107.53 Kb.
Тэма: Уладзімір Бутрамееў “Славутая дачка Полацкай зямлі”

Мэты урока:

даць уяўленне пра асобу полацкай князёўны Рагнеды, акрэсліць асноўныя этапы яе жыцця, паказаць ролю гэтай славутай жанчыны ў станаўленні нашай дзяржаўнасці; паглыбіць веды вучняў па гісторыі нашай краіны;

развіваць творчыя здольнасці вучняў, іх вобразнае мысленне; уменне дакладна высказвацца і абгрунтоўваць свой погляд; прыводзіць прыклады для падмацавання думкі, рабіць каментарыі і высновы;

абуджаць цікавасць да мінулага Беларусі; развіваць грамадзянскую і патрыятычную культуру; выхоўваць пачуцце адказнасці перад сучаснікамі і нашчадкамі.

Абсталяванне: прэзентацыя да ўрока, “Дрэва мудрасці”, эпіграф, твор, сшыткі вучняў.

Эпіграф:

Не пагарджаць святым сваім мінулым,

А заслужыць яшчэ, і вартым быць яго!

Уладзімір Караткевіч
Ход урока

I. Арганізацыйны момант

Дзень добры і сядайце, калі ласка,

Прыйшла сустрэч доўгачаканая пара.

Вас запрашаю на ўрок, нібыта ў казку,



Жадаю шчасця, поспехаў, дабра.

Сёння мы пачынаем знаёмства з новым раздзелам падручніка “Покліч мінулых часоў”. Як вы лічыце, якое слова самае галоўнае, значнае ў назве раздзела, слова на якое мы будзем абапірацца пры вывучэнні твораў? Сапраўды, гэта слова “мінулае”. Напэўна, у кожнага з вас сваё разуменне значэння гэтага слова. Паслухайце, калі ласка, адну з мелодый папярэдніх стагоддзяў і падумайце, якія карціны вы ўяўлялі, калі яна гучала (адказы вучняў) (Пачынае ціха гучаць музыка) Слайд 1

А з якімі словамі ў вас асацыіруецца слова “мінулае”? Разбяром яго па літарах. У кожнага з вас ляжаць вось такія карткі. На кожную літару са слова, падбярыце ці выберыце, калі ласка, словы-асацыяцыі.

Так. А вось, што атрымалася ў мяне.

Слайд 2

М – мінулае, магія, мара, мір

І – інтарэс, імкненне, імгненне

Н – надзея, навіны,

У – улада, Уладзімір

Л – любоў, людзі, летапіс, легенда

А – Анастасія, адвага, адданасць,

Е – еднасць,

Сёння мы з вамі адпраўляемся ў падарожжа ў мінулае, і патрэбна вызначыцца, што ўзяць з сабой. Перад вамі на сталах ляжаць чыстыя лісты паперы, вы сядзіце парамі. Той, хто сядзіць злева, абмалюе сваю левую руку, хто справа – правую руку. Малайцы! А зараз вам патрэбна на кожным пальчыку напісаць тыя якасці, якія вы з сабой возьміце ў дарогу.

Зачытайце тыя якасці, якія вы адзначылі. А зараз злучыце вашы рукі. Бачыце, усё ў вашых руках: і дружба, і ўзаемадапамога, і выручка, і многія іншыя якасці. А таксама, я спадзяюся, нам будзе спадарожнічаць толькі добры і бадзёры настрой. Поспеху вам і новых адкрыццяў.

II. Паведамленне тэмы, мэты ўрока

А дапаможа нам адкрыць таямніцы мінулага Уладзімір Бутрамееў, а менавіта яго кніга Слайд 3 (на экране з'яўляецца выява вокладкі кнігі У. Бутрамеева «Вялікія і славутыя людзі зямлі беларускай» ) «Вялікія і славутыя людзі зямлі беларускай».

III. Уступнае слова настаўніка

Праз смугу стагоддзяў з пажаўцелых старонак летапісаў паўстаюць перад намі велічныя постаці сыноў і дачок беларускага народа, якія пакінулі значны след у яго гісторыі і культуры. Слайд 4, 5, 6, 7 Гэта былі дзяржаўныя і культурныя дзеячы Беларусі — Рагвалод, Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Кірыл Тураўскі і яшчэ шмат выдатных асоб.

Сёння ж нас запрашае зазірнуць у чароўнае заслаўскае люстэрка полацкая князёўна Рагнеда — асоба яркая, неардынарная Слайд 8 (на экране тэма ўрока “Уладзімір Бутрамееў “Славутая дачка Полацкай зямлі”). Яна — адраджэнка нашай дзяржаўнасці, маці славутых дзяцей, вядомых не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Запішыце, калі ласка, у сшыткі тэму ўрока “Уладзімір Бутрамееў “Славутая дачка Полацкай зямлі”.

IV. Знаёмства з творам

З імем Рагнеды вы ўжо знаёміліся на ўроках гісторыі. Занатуем у сшытках тое, што вам вядома пра гэтую жанчыну, склаўшы асацыятыўны рад.

Як вы лічыце, багаж вашых ведаў багаты? А што яшчэ вы хацелі бы даведацца аб Рагнедзе? Пазнаёміўшыся з апавяданнем Уладзіміра Бутрамеева “Славутая дачка Полацкай зямлі” (выразнае чытанне апавядання Уладзіміра Бутрамеева “Славутая дачка Полацкай зямлі” настаўнікам з прыпынкамі), мы узбагацім свій багаж ведаў пра жыццёвы лёс гэтай палачанкі.

Звернемся да твора. Будзем чытаць яго з прыпынкамі, а вы, калі ласка, у тэксце ў час чытання алоўкамі на палях пазначайце тое, што вам было вядома знакам “+”, тое, што было невядома знакам “-”.



Першы прыпынак. Да слоў “У Рагвалода былі …”

Якое старажытнае племя ўзгадваецца ў апавяданні? (крывічы)

Ад назвы якой ракі пайшла назва горада Полацк? Чаму? (рака Палата, на якой быў пабудаваны горад)Слайд 9, 10

Хто быў першым полацкім князем? (Рагвалод)Слайд 11

Як вы разумееце значэнне слова “прастол”? (пасад, трон як сімвал улады князя)

Якія гарады існавалі ўжо тады акрамя Полацка? (Ноўгарад, Кіеў)



Слайд 12. Звернемся да карты. Вось старажытны горад Полацк. На поўнач ад яго знаходзіцца Ноўгарад, на поўдзень – Кіеў. Паглядзеўшы на размяшчэнне гэтых гарадоў, скажыце, чаму і Яраполк, і Уладзімір імкнуліся займець падтрымку полацкага князя? (Таму што Полацк мог аказаць значную падтрымку ім)Слайд 13

Другі прыпынак. Да слоў “Аднойчы, калі Уладзімір заснуў…”

Як звалі полацкую князёўну? (Рагнеда)

Як аўтар стварае вобраз Рагнеды? Знайдзіце радкі, асобныя словы. (“Слава пра яе прыгажосць…”, “гордая палачанка”)

У тэксце не ўзгадваецца апісанне знешнасці Рагнеды, Уладзімір Бутрамееў толькі адзначае яе незвычайную прыгажосць. А якой вам уяўляецца князёўна? Створым яе слоўны партрэт. (З партрэта на нас глядзіць прыгожая дзяўчынка 12— 14 гадоў. Як і ў многіх беларусаў, валасы ў яе светлыя. Вочы — сінія, як хвалі Дзвіны. А ў вачах толькі шчасце: яна любімая ўсімі — бацькамі, народам, полацкай зямлёй і нават самім жыццём. Добрая і паслухмяная дачка. Аўтар называе яе «гордая палачанка». Любіміца палачан. Патрыётка свайго краю)

А зараз звярніце ўвагу на партрэт Рагнеды. Слайд 14

Калі да палачанкі пасваталіся два браты – Уладзімір і Яраполк, каму аддала перавагу Рагнеда? (Яраполку)

Уладзімір не мог згадзіцца з такім рашэннем, і наняў варагаў дзеля таго каб заваяваць Полацк. Хто такія варагі? (найбольш ваяўнічыя германскія плямёны, што жылі на поўначы і , адпраўляючыся на лодках у іншыя краіны, рабавалі народы Еўропы)

Зачытайце радкі, у якіх апісваецца як палачане змагаліся з ворагам? (“Штурм цягнуўся некалькі дзён – палачане што ёсць сілы баранілі родны горад. У баі загінулі адважны Рагвалод і абодва яго сыны. Ворагі ўзабраліся на сцены, падпалілі дамы. Полацк быў разбураны дашчэнту”) Слайд 15

Які лёс чакаў Рагнеду? (Уладзімір прымусіў стаць яго жонкай)Слайд 16

Якое імя Уладзімір даў Рагнедзе і чаму? Знайдзіце ў тэксце (Гарыслава, каб памятала пра паражэнне Полацка)

Такім чынам, Уладзімір Бутрамееў апісаў полацкі перыяд жыцця Рагнеды.

Трэці прыпынак. Да слоў “Праз нейкі час…”

Як вы лічыце, якія пачуцці перапаўнялі душу Рагнеды, у кіеўскі перыяд яе жыцця? (Рагнеда не магла забыцца на тое, што зрабіў з яе сям’ёй Уладзімір. Пачуцці горычы, нянавісці, болю)

Чаму Рагнеда рашылася на жорсткі ўчынак? Свае развагі падмацуйце радкамі з тэксту (Каб адпомсціць забойцу яе сям’і. “Бацьку майго ты забіў, зямлю маю ты захапіў, а мяне як паланянку ўзяў за жонку”) Слайд 17

Хто заступіўся за Рагнеду падчас гневу князя? (Сын Ізяслаў)Слайд 18

Знайдзіце радкі, якія спынілі Уладзіміра? (“Бацька, ты тут не адзін!”)

Якое пакаранне чакала Рагнеду? (была выслана на радзіму, Уладзімір пабудаваў для яе горад Ізяслаў) Слайд 19, 20



Чацвёрты прыпынак. Да канца.

Якое імя абрала Рагнеда-Гарыслава ў заслаўскі перыяд жыцця? (Анастасія)

Які лёс абрала сабе палачанка? (прыняла хрысціянства, пайшла ў манастыр)Слайд 21

Калі адбываюцца падзеі апісаныя ў творы? (10 стагоддзі)

Як вы разумееце значэнне слова “дынастыя”? (прадстаўнікі аднаго роду)

Якую дынастыю прадоўжыла Рагнеда і яе дзеці? (полацкую)



V. Выяўленне першаснага ўспрымання твора

Што новае вы даведаліся пра лёс Рагнеды?



Фізкультхвілінка

Калі выказванне правільнае, вучні прысядаюць, калі выказванне няправільнае – стаяць нерухома.

  1. У творы ўпамінаюцца гарады Полацк, Ноўгарад, Кіеў, Заслаўе. (Да)

  2. Уладзімір быў першым полацкім князем? (Не)

  3. Яраполк княжыў у Кіеве? (Да)

  4. Уладзімір кіраваў Ноўгарадам? (Да)

  5. Уладзіміру аддала перавагу Рагнеда (Не)

  6. Уладзімір знішчыў Полацк (Да)

  7. Гарыслава трэцяе імя Рагнеды? (Не)

  8. Ізяслаў заступіўся за Рагнеду? (Да)

  9. Горад Заслаўе Уладзімір пабудаваў для свайго сына Ізяслава (Да)

  10. Анастасія – імя, якое ўзяла Рагнеда пасля пострыгу? (Да)

VI. Праца ў групах

Вось мы і пазнаёміліся з жыццёвым шляхам вядомай палачанкі. Але ці ўсе пытанні высветлены? Вядома ж не. Звярніце ўвагу на дошку. На ёй знаходзіцца “Дрэва мудрасці”, на якім змешчаны пытанні, на якія вам патрэбна знайсці адказы.

Якія назвы вы бы падабралі да кожнага з перыядаў жыцця Рагнеды?

Які вобраз Рагнеды стварыў Уладзімір Бутрамееў?

З якімі падзеямі, апісанымі ў творы, звязаны меч, полымя, манастыр?

Які настрой адпавядае кожнаму перыяду жыцця Рагнеды?

А для таго, каб прыйсці да ісціны, папрацуем у групах.

Кожны вучань выбірае картку адпаведнага колеру. Згодна з колерам размяркоўваемся ў групы. Злажыўшы карткі, вы атрымоўваеце заданне для вашай групы.

Заданне 1 групе.

У жыцці князёўны вызначаюцца тры перыяды: полацкі, кіеўскі, заслаўскі.

Чытаючы тэкст, мы падзялілі яго на часткі, якія адпавядаюць кожнаму з перыядаў жыцця князёўны. Падбярыце да кожнай часткі назву з прапанаваных ці прыдумайце сваю. Свой адказ абгрунтуйце.

1. Вольная птушка з берагоў Дзвіны.

Шчаслівае дзяцінства.

Гордая палачанка.

Любімая дачка свайго народа.

2. Незагойная рана.

Жыццё паняволі.

Абпаленая "Сонейкам".

Чужы лёс.

3. Вяртанне на Радзіму.

Душэўны спакой.

Князёўна з трыма імёнамі.

Апостал духу.


Заданне 2 групе

Суаднясіце кожны перыяд жыцця Рагнеды з колерам, які адпавядае настрою, пачуццям гераіні. Свой выбар растлумачце.



Рагнеда

Гарыслава

Анастасія

Ружовы


Чырвоны, чорны

Белы


Заданне 3 групе

“Чорная скрынка”. Знайдзіце, у творы радкі, звязаныя з дадзенымі прадметамі. Меч, полымя, манастыр. Суаднясіце з кожным з перыядаў жыцця Рагнеды-Гарыславы-Анастасіі.



Заданне 4 групе

Скласці сінквейн “Рагнеда”.



Кожная група прадстаўляе вынікі сваёй працы. Знімаючы па аднаму лістку, вучні дэманструюць адказы на пытанні.

VII. Падвядзенне вынікаў

Крыжаванка

1. Горад, з якога паходзіла князеўна Рагнеда. Слайд 22

2. Імя, якім называлася Рагнеда пасля таго, як выйшла замуж. Слайд 23

3. Старэйшы сын Рагнеды, які абараніў сваю маці. Слайд 24

4. Полацкі князь - бацька Рагнеды. Слайд 25

5. Горад, у якім першапачаткова княжыў Уладзімір. Слайд 26

6. Вялікі князь кіеўскі, які прымусіў Рагнеду стаць сваёй жонкай. Слайд 27

7. Імя, пад  якім Рагнеда пастрыглася ў манашкі. Слайд 28

8. Полацкая князеўна, вядомая пад трыма імёнамі. Слайд 29

9. Горад, назва якога пайшла ад назвы крэпасці, куды трапіла Рагнеда разам са сваім старэйшым сынам. Слайд 30



Чаму жыве памяць пра Рагнеду? (У. Бутрамееў піша: «...Кожны народ памятае заснавальнікаў княжацкіх і царскіх дынастый. У нас гэта Рагвалод і яго дачка Рагнеда, дзеці і ўнукі якой прадоўжылі дынастыю полацкіх князёў».)

Давайце звернемся да эпіграфа. Слайд 30 Як можна суаднесці словы У. Караткевіча з тэмай урока? (Жыццё славутай Рагнеды — частка мінулага Полацка, нашай беларускай зямлі. А мінулае трэба ведаць, вывучацъ, шанаваць і берагчы. Рагнеда — адна з самых вядомых I выдатных жанчын у гісторыі Беларусі.)

Рагнеда-Гарыслава-Анастасія... Гэта трыадзінае імя ідзе побач з намі не адно стагоддзе. Дзякуючы яму народу вяртаецца гістарычная памяць, бо ў нашых каранях і вытоках — наша сучаснасць і будучыня.

Асобе і жыццю славутай палачанкі прысвечаны паэмы Л. Случаніна «Рагнеда», Т. Бондар «Рагнеда», А. Вольскага «Выгнанне Рагнеды», аповесць К. Тарасава «Тры жыцці княгіні Рагнеды», п'есы I. Чыгрынава «Звон — не малітва», А. Дударава «Палачанка»...

А чаму навучыла вас Рагнеда? Запішыце і прымацуйце да “Дрэва мудрасці” (Прыкладныя адказы вучняў: легендарная палачанка вучыць мужнасці, годнасці, моцы духоўнай — узвышацца сэрцам, розумам, душой, любіць сваю Радзіму, ганарыцца сваімі продкамі, якія былі мужныя і прыгожыя...)

Дамашняе заданне

Перачытаць твор, знайсці дадатковыя звесткі пра Рагнеду.

Выстаўленне адзнак

Завяршыць нашу сённяшню сустрэчу хачу словамі Францыска Скарыны: любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас “літасцівы Бог на свет пусціў; любіце бацькоўскую зямлю, дзе вы былі ўскормлены і ўзгадаваны, і не шкадуйце сваіх сіл, каб дзейна і годна паслужыць свайму народу, бо “вера без справаў мёртвая”.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка