Стан сельскай гаспадаркі ў беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст




Дата канвертавання14.01.2017
Памер164.01 Kb.


СТАН СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ Ў БЕЛАРУСІ

Ў КАНЦЫ XVIII – ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIX СТ.
Люты, А. М. Стан сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў канцы XVIII  першай палове XIX ст. / А. М. Люты, А. Э. Лютая // Палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і этнакультурныя працэсы на тэрыторыі Беларусі ў XIX  пачатку ХХ ст. (Да 150-годдзя скасавання прыгоннага права ў Расійскай імперыі) : зб. навук. пр. / Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка ; рэдкал. : А.П. Жытко [і інш.]. – Мінск, 2011. – С. 38.

Ключевые слова: эканоміка, рэформы, феадальная анархія, магнаты, Расійская імперыя.

Вызначаючай галіной эканомікі Беларусі на працягу ўсяго даследуемага перыяду заставалася сельская гаспадарка, а яе асновай – земляробства, хоць па глебава-кліматычных умовах гэты раён і адносіўся да неспрыяльных. У кароткіх тапаграфічных апісаннях Віцебскай і Магілёўскай губерняў, складзеных у пачатку 80-х гг. XVIII ст., адзначалася, што ў гэтых губернях “грунт зямлі больш глеісты, месцамі гліністы, а месцамі пясчаны. Клімат умераны” [1]. Магчымасці развіцця сельскай гаспадаркі былі абмежаваны і з-за адсутнасці вольных для засваення зямель. У 80-х гг. XVIII ст. ва ўсходняй Беларусі на рэвізскую душу прыходзілася ўсёй прыдатнай зямлі каля 11,2 дзес. [2]. Да сярэдзіны XVIII ст. у гаспадарчы абарот былі ўключаны ўсе запушчаныя землі [3, с. 43–56].

Палітычны лад Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. перажываў глыбокі крызіс. Неабмежаванае валадарства рэакцыйных слаёў шляхты і магнацтва паралізавала каралеўскую ўладу і перашкаджала правядзенню рэформ, якія былі накіраваны на ўмацаванне палітычнай і эканамічнай моцы дзяржавы. З 60-х гг. XVIII ст. пагроза страты нацыянальнай незалежнасці стала настолькі рэальнай, што ў 1764 г. было праведзена шэраг рэформ палітычнага і эканамічнага характару, супраць якіх абрушыліся не толькі кансерватыўныя элементы шляхецтва Рэчы Паспалітай, але і знешнія сілы – Прусіі, Аўстрыі і Расіі [4].

Больш паслядоўная праграма прагрэсіўных рэформ была выпрацавана дзеячамі чатырохгадовага сейма (1788–1792 гг.) і выкладзена ў Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Спыняцца на сутнасці гэтых рэформ таксама не мае сэнсу, бо прыхільнікі кансерватыўнага лагера, якія выражалі інтарэсы розных груп магнатаў, або так званая “старашляхецкая партыя” былі зацятымі праціўнікамі любых рэформ дзяржаўнага ладу, адстойвалі непахільнасць існуючых парадкаў. Імкненні магнатаў падтрымлівала і дробнапамесная шляхта. Рэакцыйныя сілы спрабавалі сарваць працу чатырохгадовага сейма, а калі гэта ім не ўдавалася зрабіць, прызывалі на дапамогу замежныя дзяржавы. Удзелам ва ўзброенай барацьбе ў шэрагах Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 г. яны, па сутнасці, садзейнічалі Рэчы Паспалітай у 1793 г. Паражэнне паўстання 1794 г., якое адбылося пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, прывяло да ліквідацыі самастойнай польскай дзяржавы [5, с. 9–10], таму цяжка пагадзіцца з аўтарамі першага тома “Гісторыі Беларускай ССР”, якія сцвярджаюць, што рэформы другой паловы XVIII ст. узмацнілі цэнтральную ўладу і станоўча паўплывалі на гаспадарчую дзейнасць Беларусі [6, с. 354].

Ф. Энгельс пісаў: “Арыстакратыя сапраўды давяла Польшчу да ўпадку, да поўнага ўпадку. І давёўшы яе да такога стану, арыстакраты пачалі ўскладаць віну за гэта адзін на аднаго і прадаваць сябе і сваю дзяржаву іншаземцам” [7, с. 164]. Развал апарату дзяржаўнай улады і феадальная анархія; міжусобная барацьба магнацкіх груповак за ўладу, ваенныя сутычкі і войны адмоўна ўплывалі на эканоміку Беларусі і асабліва на развіццё сельскай гаспадаркі.

У ходзе войнаў урад Рэчы Паспалітай апынуўся ў даўгу ў многіх магнатаў і, не маючы іншых сродкаў разлічыцца з імі, акрамя зямельных надзелаў, перадаваў ім землі з дзяржаўнага фонду ў пастаяннае карыстанне. Так, у Чартарыйскіх знаходзіліся Гомельскае, Усвяцкае і Падусвяцкае староствы, графу Салагубу было перададзена Езярыцкае староства і Віцебская эканомія. Сапегам дасталася Полацкая эканомія [8, с. 191]. У выніку распрадажы дзяржаўных зямель і скупкі ўчасткаў у збяднелай шляхты ва ўласнасць асобных магнатаў перайшлі цэлыя паветы. У другой палове XVIII ст. яны былі ўласнікамі не толькі вёсак, але і многіх гарадоў і большасці мястэчак. 16 буйнейшых зямельных магнатаў Беларусі валодалі 46,4 % памешчыцкіх ці 29,9 % усіх увогуле дымоў [9, с. 19]. Да 1791 г. з агульнага ліку 259 тыс. сельскіх дымоў дзяржаве належала 55 тыс. (21,1 %), царкве – 32 тыс. (12,2 %) і прыватным зямельным уладальнікам – 172 тыс. (66,7 %). У тым ліку ва ўладанні памешчыкаў, г. зн. свецкіх феадалаў, якія валодалі прыгоннымі, знаходзілася 166 тыс. дымоў (64,4 % агульнага іх ліку), а дробная шляхта, якая не мела прыгонных, налічвала 6 тыс. двароў (2,3 %) [9, с. 18].

Пасля ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі змяняецца і структура землеўладання, што было выклікана секулярызацыяй духоўных уладанняў, канфіскацыяй маёнткаў памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстанняў, а таксама дараваннямі зямель рускім вяльможам, ваенным і грамадзянскім чыноўнікам. Насаджаючы рускае землеўладанне ў Беларусі, царскі ўрад імкнуўся стварыць тут сацыяльную апору і падтрымку ў барацьбе з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам. Частка канфіскаваных маёнткаў з той жа мэтай вярталася ўладальнікам, якія прысягнулі на вернасць царызму.

Падлікі былі зроблены на колькасць сялян, якія належалі тым ці іншым групам уладальнікаў з улікам сярэдняга зямельнага надзелу. Улічваючы, што за другую палову XVIII ст. звесткі дадзены толькі па “дымах”, г. зн. сялянскіх гаспадарках, намі ўзяты даныя за канец XVIII ст. Доля зямельных уладанняў, якія належалі купцам, мяшчанам, вольным людзям, сялянам і г. д., вызначана шляхам вылічэння з агульнай колькасці зямельных уладанняў, дзяржаўных, памешчыцкіх і духоўных зямель. Абсалютныя даныя прыблізныя і яны некалькі разыходзяцца з прыведзенымі М.М. Улашчыкам, В.У. Чапко, П.Г. Казлоўскім і В.І. Мялешкам. Усё ж агульная тэндэнцыя тут назіраецца вельмі наглядна: пэўны рост дзяржаўнага і памешчыцкага землеўдалання за кошт зямель духавенства; нязначны рост зямельных уладанняў мяшчан, купцоў, сялян і вольных людзей, зямельная ўласнасць якіх па-ранейшаму заставалася мізэрнай.



Табліца 1. Структура землеўладання ў Беларусі

ў канцы XVIII – сярэдзіне XIX ст. (у %) [10]



Зямельная ўласнасць

Канец XVIII ст.

Сярэдзіна XIX ст.

Дзяржаўная

24,3

30,8

Памешчыцкая

60,5

64,1

Духоўная

14,1

3,2

Мяшчанская, купецкая; сялянская, вольных людзей і г. д.

1,1

1,9

Змянілася і структура памешчыцкай зямельнай уласнасці ў залежнасці ад маёмаснага становішча.



Табліца 2. Структура памешчыцкай зямельнай уласнасці

ў канцы XVIII – сярэдзіне XIX ст. (у %)*



Катэгорыі ўладальнікаў

Канец XVIII ст.

Сярэдзіна XIX ст.

Дробныя (да 100 душ)

74,1

72,9

Сярэднія (ад 100 да 500 душ)

19,3

21,4

Буйныя (ад 500 да 1000 душ)

5,2

3,8

Буйнейшыя (больш за 1000 душ)

1,4

1,9

Калі аб’яднаць дзве апошнія групы ўладальнікаў, то назіраецца наступная тэндэнцыя: памяншэнне дробных і нязначнае павелічэнне сярэдніх уладанняў, агульнае памяншэнне буйных і буйнейшых уладанняў. Аднак у апошняй групе за кошт падараваных буйных зямельных уладанняў рускім вяльможам і вышэйшым ваенным і грамадзянскім чынам нязначна вырасла доля буйнейшых зямельных уладанняў, з лікам прыгонных больш за 1000 душ.



Табліца 3. Размеркаванне прыгонных сялян па катэгорыям

землеўладальнікаў у канцы XVIII – сярэдзіне XIX ст.**



Катэгорыі ўладальнікаў

Колькасць сялян у %

Канец XVIII ст.

Сярэдзіна XIX ст.

Дробныя (да 100 душ)

12,9

12,2

Сярэднія (ад 100 да 500 душ)

39,5

40,1

Буйныя (ад 500 да 1000 душ)

17,4

16,2

Буйнейшыя (больш за 1000 душ)

30,2

31,5

Гэтыя сярэднія па Беларусі даныя дакладна не адлюстроўваюць адрозненні кожнай з беларускіх губерняў [11, с. 51–145], але агульная тэндэнцыя развіцця сельскай гаспадаркі ва ўсіх губернях рэгіёну – гэта захаванне непарушнасці феадальна-прыгоннага спосабу вытворчасці, асновай якога, як вядома, была феадальная “зямельная ўласнасць, разам з прыкаванай да яе працай прыгонных” [12, с. 23] і феадальна-залежных сялян. Рост буйнога магнацкага землеўладання стрымліваў фарміраванне прадпасылак капіталізму ў сельскай гаспадарцы, кансерваваў старыя феадальныя эканамічныя адносіны. Буйныя феадалы па-ранейшаму захоўвалі манаполію ў эканоміцы рэгіёну, заснаваную на ўладанні велізарнымі зямельнымі масівамі і значнай часткай прыгонных сялян. Значная канцэнтрацыя панскага землеўладання захавалася ў Беларусі аж да рэформы 1861 г.

Сяляне Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. не былі ўласнікамі зямлі, якую яны атрымоўвалі ад пана, а былі ўсяго землекарыстальнікамі. У асноўным сялянскае землекарыстанне было падворным. Памер ворнага надзелу панскіх сялян на працягу стагоддзя вагаўся ў розных губернях, паветах і ўладаннях у сярэднім ад 5 да 40 дзесяцін ворнай зямлі ў другой палове XVIII ст. [6, с. 366] і ад 8 да 20 дзесяцін напярэдадні рэформы 1861 г. [11, с. 192; 13, с. 311–320]. З прычыны росту таварнасці земляробства памешчыкі расшыралі фальваркі за кошт сялянскіх надзелаў, аднак, добра разумеючы, што захаваць існуючыя парадкі можна толькі дзякуючы захаванню пражытачнага мінімуму для сялян, яны імкнуліся захаваць эканамічнае становішча іх гаспадарак шляхам захавання надзельнага ўчастка, здольнага забяспечыць пражытачны мінімум у дадзеным рэгіёне.

Буйной зямельнай феадальнай уласнасці садзейнічала і ў многім вызначала развіццё сельскай гаспадаркі ў рэгіёне дробная ўласнасць селяніна – асабістая гаспадарка, свойская жывёла, прылады працы і г. д. Прагрэсіўнай тэндэнцыяй з’яўляўся рост эканамічнай ролі індывідуальнай сялянскай гаспадаркі на аснове асабістай зацікаўленасці селяніна ў расшырэнні вытворчасці. Аднак развіццё баршчыннай сістэмы гаспадаркі ў Беларусі і захоп памешчыкамі сялянскай зямлі тармазілі гэтую прагрэсіўную тэндэнцыю.

Даследчыкі аграрнага ладу Беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст. не адзіныя ў ацэнцы форм і характару рэнты ў гэты перыяд. Е.П. Шлосберг адзначаў, што паншчына на працягу ўсяго XVIII ст. непадзельна ўладарыла ў Беларусі [14]. В.І. Мялешка лічыць, што ў XVIII ст. “на ўсходзе Беларусі існавалі ўсе тры формы феадальнай рэнты, з якіх на працягу ўсяго разглядаемага перыяду пераважала, асабліва ў буйных уладаннях, грашовая рэнта…”. На яго думку, “паншчына тут, у сувязі з адсутнасцю развітога фальварка, займала падначаленае становішча” [15]. Д.Л. Пахілевіч адзначаў, што ва ўласнагаспадарчых маёнтках усходняй Беларусі ў другой палове XVIII ст. асноўнай павіннасцю сялян працягвалі заставацца “чынш і розныя натуральныя падаткі, у тым ліку хлебныя” [16, с. 112], і тлумачыць гэта неспрыяльнай рынкавай кан’юнктурай для зерневай гаспадаркі і блізкасцю рускай мяжы, што дазваляла сялянам ухіляцца ад празмерна вялікіх феадальных павіннасцей, а заняткі промыслам і вырошчваннем тэхнічных культур аблегчылі ўнясенне даніны зернем [16, с. 112–113].

Відаць, бліжэй да ісціны А.П. Ігнаценка, які лічыць, што “калі нельга гаварыць аб панаванні адработачнай рэнты на ўсходзе Беларусі, то няма ніякіх падстаў і для яе адмаўлення” [17, с. 22]. Ён прыводзіць даныя аб 32 буйнейшых маёнтках памешчыкаў Магілёўскай губерні на канец XVIII ст., у якіх у 11 маёнтках сяляне знаходзіліся толькі на паншчыне, у 10 – на паншчыне і аброку і толькі ў 11 – на аброку [17, с. 22].

Даныя інвентароў Радзівілаў, Сапегаў, Тызенгаўзаў, Ельскіх і інш., многія маёнткі якіх знаходзіліся і ва ўсходняй Беларусі, пацвярджаюць думку А.П. Ігнаценкі аб пераводзе чыншавых сялян на палажэнне цяглых у першай палове XIX ст. [18].

Іншымі словамі з распаўсюджваннем фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадаркі з паўднёвага захаду на ўсход Беларусі змяняліся формы рэнты: усё большая колькасць сялян пераводзілася на паншчыну. Гэта пацвярджаюць даследаванні па гісторыі сельскай гаспадаркі Беларусі першай паловы XIX ст. К. Кернажыцкі прасачыў змяненне суадносін розных форм рэнты на карысць адработачнай на матэрыялах Бабруйскага староства [19, с. 49–164]. В.У. Чапко адзначае рост часткі паншчынных сялян з канца XVIII ст. да 50-х гг. XIX ст. з 72 % (даныя прыведзены па ўсёй тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага) да 97 % (у цэлым па Беларусі) [20, с. 116–117]. Яна робіць вывад, што ў першай палове XIX ст. адработачная рэнта была пануючай формай і расла не толькі доля гэтай формы рэнты, але і яе абсалютная велічыня [20, с. 116–117]. Сярод сялян дзяржаўных маёнткаў пераважалі тыя, хто адбываў паншчыну і іншыя адработачныя павіннасці [20, с. 162].

Адсюль можна зрабіць вывад, што нават у першай палове XIX ст. эвалюцыя феадальнай рэнты развівалася не ў бок капіталістычнай, а ў бок кансервацыі найбольш цяжкай формы феадальнай эксплуатацыі сялян – паншчыны, што стрымлівала не толькі фарміраванне буржуазных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі, але нават перашкаджала складанню перадумоў генезісу капіталізму.

Выкарыстоўваючы метад статыстычнай выбаркі пры аналізе інвентароў панскай і дзяржаўнай маёмасці, эканамічных матэрыялаў магнацкіх гаспадарак і ўлічваючы адначасова тры групы прыкмет: 1) паказчыкі эканамічнага патэнцыялу гаспадарак, 2) паказчыкі цяжкасці феадальных павіннасцей і 3) забяспечанасць гаспадаркі рабочай сілай, мы паспрабавалі даследаваць змены маёмаснага становішча сялян у вывучаемы перыяд.

Пры паншчыннай сістэме месца асобнай сялянскай гаспадаркі ў іерархічнай сістэме гаспадарак вызначалася тым, колькі ў ёй было зямлі, людской і цяглавай сілы. Але розныя камбінацыі гэтых трох фактараў прыводзяць да таго, што фармальна аднатыпныя гаспадаркі маглі адрознівацца адна ад другой па ступені эканамічнай заможнасці – адны былі багатымі, другія – беднымі [21, с. 7]. Таму ўлік ступені цяжкасці феадальных павіннасцей, забяспечанасці рабочай сілай і харчаваннем (хлебам) былі неабходнымі для складання праграмы групоўкі гаспадарак па прынцыпах найбольшага падабенства. Матэматычная апрацоўка, якая выконвалася кандыдатамі фізіка-матэматычных навук, дацэнтамі В.П. Гаўрыным, А.Ц. Кузняцовым, В.К. Панамарэнкам, паказала, што пры такім падыходзе ступень дыферэнцыяцыі сялянскіх гаспадарак у другой палове XVIII ст. была вышэйшай, чым у першай палове XIX ст. Параўнальныя даныя былі ў нашым распараджэнні па маёнтках Радзівіла “Смалявічы”, Празора “Хойнікі”, Храптовіча “Халопенічы” і дзяржаўных уладанняў “Новы двор” і “Бельскае” за розныя гады вывучаемага перыяду.

Табліца 4. Маёмасная дыферэнцыяцыя сялян Беларусі

ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. [22]



Групы сялянскіх

гаспадарак

Другая палова XVIII ст.

Першая палова XIX ст.

Колькасць сядзіб

у %

Колькасць сядзіб

у %

Бедныя

548

34,2

549

31,7

Сярэднія

870

54,3

1128

65,1

Багатыя

185

11,5

55

3,2

Усяго

1603

100

1732

100

Мы бачым, што ў параўнанні з другой паловай XVIII ст. рэзка скарацілася ўдзельная вага багатых сялянскіх гаспадарак. Гэта прадвызначалася развіццём паншчыннай сістэмы і ўзмацненнем прыгоннага гнёту. Удзельная вага бедных гаспадарак крыху паменшылася і значна ўзрасла яна у сярэдніх гаспадарках. Гэта тэндэнцыя пацвярджаецца і прыкладамі, якія прыводзяцца адносна першай паловы XIX ст. у працах В.У. Чапко і М.М. Улашчыка, таму некалькі неабгрунтаваным з’яўляецца вывад пра ўзмацненне працэсу дыферэнцыяцыі сялянства ў Беларусі ў першай палове XIX ст. [20, с. 214].

В.К. Яцунскі адзначаў, што ў 80-х гг. XIX ст. чарнігаўскія статыстыкі выявілі, што па даных Румянцаўскага перапісу ў 60-х гг. XVIII ст. гаспадарчая няроўнасць сярод вясковага насельніцтва была большая, чым у пачатку 80-х гг. XIX ст. А.Л. Шапіра паказаў, што ў Сярэднім Паволжы ў XVIII ст. у вёсках, якія знаходзіліся вакол вядомага сяла Мурашкіна, гаспадарчая няроўнасць была прыкладна таго ж парадку, што і ў другой палове XIX ст. В.А. Раманоўскі атрымаў аналагічныя даныя пры вывучэнні перапісных кніг XVIII ст. па Левабярэжнай Украіне. В.І. Старцаў пісаў, што ў адной са слабод Урала на мяжы XVII–XVIII стст. адрозненні ў ступені гаспадарчай самастойнасці сялян былі прыкладна тымі ж, што і ў апошняй чвэрці XIX ст. Львоўскія гісторыкі заўважылі моцную маёмасную дыферэнцыяцыю ў XV–XVI стст. у Заходняй Украіне. На падставе вывучэння пісарскіх кніг Ноўгарада гісторыкі прыйшлі да вываду пра значныя адрозненні ў памерах пасяўных плошчаў у канцы XV ст. [23, с. 173].

Павелічэнне эканамічна слабых сялянскіх гаспадарак было нявыгадна для памешчыцкай панскай гаспадаркі, ды і для казны, бо з беззямельных ці бясконных гаспадарак не браліся павіннасці. Таму памешчыкі і дзяржаўныя чыноўнікі (кіраўнікі) ў казённых маёнтках імкнуліся па меры магчымасці эканамічна падтрымаць бедныя гаспадаркі, надзяляючы іх зямлёй, жывёлай і інвентаром [20, с. 199; 24].

Надзяленне дробнымі кавалкамі зямлі значнай колькасці беззямельных сялян, мнагадзетнасць адносна зажытачных сем’яў замацавалі спажывецкі характар сялянскіх гаспадарак, садзейнічалі захаванню многіх рыс натуральнай і паўнатуральнай гаспадаркі, затрымліваючы працэс фарміравання прадпасылак капіталістычнага развіцця сельскай гаспадаркі, тым самым прадвызначаючы раней “прускі шлях” развіцця капіталізму ў вёсцы ў другой палове XIX ст., шлях, які кансерваваў феадальныя перажыткі і адсталасць. У дарэформенны перыяд ва ўмовах амаль непадзельнага панавання натуральнай і паўнатуральнай сельскай гаспадаркі немагчыма было ўзнікненне капіталістычных адносін. Фальваркова-паншчынныя адносіны пагаршалі матэрыяльнае становішча ўсіх сялян у цэлым і супрацьдзейнічалі складанню зажытачных катэгорый. Гэтыя рысы маёмаснай нівеліроўкі адзначаюць даследчыкі амаль паўсюдна [25].

Спроба ж памешчыкаў знайсці выйсце з крызісу шляхам развіцця таварнасці памешчыцка-паншчыннай гаспадаркі была рэакцыйнай па сваім змесце, таму што не забяспечвала развіццё прадукцыйных сіл сялянскай гаспадаркі, якая паступова прыходзіла ў заняпад і па тэмпах развіцця адставала ад памешчыцкай. Расшырэнне памешчыцкай гаспадаркі і распаўсюджванне фальваркова-паншчыннай сістэмы прывяло да ўзмацнення эксплуатацыі сялян. Канцэнтрацыя таварнай вытворчасці ў памешчыцкіх гаспадарках хоць і сведчыла аб разлажэнні феадальнага ладу, аднак зусім не садзейнічала паскарэнню тэмпаў гэтага працэсу, а наадварот, кансервавала феадальныя адносіны і захоўвала адну з самых прымітыўных форм рэнты – паншчыну. Развіццё таварнай гаспадаркі сродкамі памешчыцкага прадпрымальніцтва не стварала ўмоў для зараджэння новых адносін не толькі ў сельскай гаспадарцы, але затрымлівала іх фарміраванне ў гандлі і прамысловасці. Панаванне феадалаў у эканамічным жыцці рэгіёну перашкаджала развіццю гарадоў і мястэчак Беларусі, якія амаль да другой паловы XIX ст. заставаліся гандлёва-рамеснымі цэнтрамі, захоўваючы фактычна сярэдневяковы характар эканамічнага развіцця. Іншымі словамі, нягледзячы на паступовае развіццё таварнай гаспадаркі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст., у сельскай гаспадарцы паўсюдна панавалі феадальныя адносіны. Гэта зусім не адзначае, што на працягу стагоддзя не адбылося змяненняў структуры феадальнага грамадства і грамадскіх адносін. Магчыма, гэтым можна растлумачыць тое, што шмат гісторыкаў падмяняюць катэгорыі таварнай гаспадаркі познефеадальнага грамадства катэгорыямі генезісу капіталізму. І тут нельга не пагадзіцца з С.Д. Сказкіным, які прыйшоў да вываду, што “грашовыя адносіны на самай высокай стадыі феадалізму могуць развівацца на аснове існавання феадальных адносін” [23, с. 187].



Крыніцы і літаратура

1. Игнатенко, А.П. Введение в историю БССР: периодизация, источники, историография / А.П. Игнатенко. – Минск: Высшая школа, 1965. – С. 14; Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбурзе (РДГА). – Фонд 1350. – Воп. 312. – Спр. 50. – Л. 9.

2. РДГА. – Фонд 1290. – Воп. 6. – Спр. 11. – Л. 1–2.

3. Козловский, П.Г. Крестьяне Белоруссии во второй половине XVII – XVIII в. / П.Г. Козловский. – Минск, 1969. – 204 с.

4. Bardach, J. Historia panstwa i prawa Polskiego / J. Bardach, B. Lesnodorski, M. Pietrzak/ – Warszawa, 1985. – S. 261–263.

5. Польша на путях развития и утверждения капитализма. Конец XVIII – 60-е годы XIX в. – М., 1984.

6. Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. / рэдкал.: І.М. Ігнаценка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1972–1975. – Т. 1: Першабытны лад на тэрыторыі Беларусі. Эпоха феадалізму / рэдкал. тома: К.І. Шабуня (гал. рэд.) [і інш.]. – 1972. – 632 с.

7. Маркс, К. Сочинения: в 30 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – М.: Политиздат, 1960. – Т. 16. – 839 с.

8. История Белорусской ССР: в 2 т. / под ред. Л.С. Абецедарского [и др.]. – 2-е изд. доп. – Минск, 1961. – Т. 1. – 655 с.

9. Разложение крепостнической системы и процесс формирования капиталистического уклада в сельском хозяйстве Белоруссии и Литвы. – Вильнюс; Минск, 1975.

10. Табліца складзена на аснове даных: Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. – Warszawa, 1879–1902. – Т. 1–24; Bardach, J. Historia panstwa i prawa Polskiego / J. Bardach, B. Lesnodorski, M. Pietrzak/ – Warszawa, 1985. – S. 264; Kozuchowski, T. Kijowski okres (1856–1863) w zyciu Konstatego / T. Kozuchowski. Wroclaw-Warszawa, 1961 – S. 14–39; Швед, В.В. Торговля Белоруссии в период кризиса феодально-крепостнических отношений (30–50-е гг. XIX в.): автореф. дис. … канд. ист. наук / В.В. Швед. – Минск, 1984; Семенов, П.П. Полное географическое описание нашего отечества: настольная и дорожная книга для русских людей / П.П. Семенов. – СПб.: А.Ф. Девриен, 1905. – Т. 9. – С. 2–510; Рашин, А.Г. Население России за 100 лет (1811– 1913 гг.): стат. очерки / А.Г. Рашин. – М.: Госстатиздат, 1956. – 352 с.; Статистические таблицы Российской империи. Наличное население империи за 1858 г. – Вып. 2. – СПб., 1963; Переписи населения России. – Вып. 4–10. – М., 1972; Разложение крепостнической системы и процесс формирования капиталистического уклада в сельсом хозяйстве Белоруссии и Литвы. – Вильнюс; Минск, 1975. – С. 18–19, 49; Мелешко, В.И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии. (Вторая половина XVII – XVIII вв.) / В.И. Мелешко. – Минск: Наука и техника, 1975. – 247 с.; Чепко, В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX века / В.В. Чепко. – Минск: Наука и техника, 1966. – С. 11–23, 109–115; Тройницкий, А. Крепостное население по 10-й народной переписи / А. Тройницкий. – СПб., 1861; Улащик, Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии / Н.Н. Улащик. – М.: Наука, 1965. – С. 105–115; Козловский, П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII – первой половине XIX в. / П.Г. Козловский. – Минск: Наука и техника, 1982. – С. 51–78, 110–123; Бобровский, П. Материалы для географии и статистики России: Гродненская губерния: в 2 ч. / П. Бобровский. – СПб.: Тип. Иосафата Огризко, 1863. – Ч. 2. – 1076 с.; Зеленский, И. Материалы для географии и статистики России: Минская губерния / И. Зеленский. – СПб.: Военная типография, 1864. – 673 с.; Корева, А. Материалы для географии и статистики России: Виленская губерния / А. Корева. – СПб.: Типография Иосафата Огризко, 1861. – 817 с.; РДГА. – Фонд 18. – Воп. 2. – Спр. 87. – Л. 15–36; Воп. 4. – Спр. 340. – Л. 35; Фонд 571. – Воп. 9. – Спр. 50–58.

11. Козловский, П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII – первой половине XIX в. / П.Г. Козловский. – Минск: Наука и техника, 1982. – 206 с.

12. Маркс, К. Сочинения: в 30 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – М.: Политиздат, 1955. – Т. 3. – 630 с.

13. Улащик, Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии / Н.Н. Улащик. – М.: Наука, 1965. – 479 с.

14. Шлоссберг, Е.П. К вопросу об изменении феодальной ренты в Белоруссии XVII–XVIII веков / Е.П. Шлоссберг // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы; В.К. Яцунский (отв. ред.) [и др.]. – Талин, 1959. – С. 127; Шлоссберг, Е.П. Состояние сельского хозяйства. Усиление феодально-крепостнического гнета / Е.П. Шлоссберг // История БССР. – Минск, 1961. – С. 205.

15. Мелешко, В.И. Из истории аграрных отношений в восточной Белоруссии в период упадка Речи Посполитой (с середины XVII до 1772 г.) / В.И. Мелешко // Akta Baltico-Slavica. – Bialastok, 1967. – T. 5. – S. 80–81.

16. Похилевич, Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине XVIII в. / Д.Л. Похилевич. – Вильнюс: АН Литовской ССР, 1966. – 216 с.

17. Игнатенко, А.П. Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией (вторая половина XVII – XVIII вв.) / А.П. Игнатенко. – Минск: Изд-во БГУ, 1974. – 190 с.

18. РДГА. – Фонд 1350. – Воп. 312. – Спр. 50. – Л. 12, 17, 43, 47–48, 56, 86, 195–196; Спр. 51. – Л. 60–63, 134–138, 206; Спр. 79. – Л. 14–506; Спр. 94. – Л. 122–219; Спр. 97. – Л. 16, 33, 48–92; AGAD. Archiwum Тysenhausow. – Dzial B. – Sygn. 74, 109, 284a, 447, 686, 1120; AGAD. Archiwum Radzivillowskie. – Dzial XIX. – Sygn. 21. – Nas. XIX. – S. 1–2; Dzial XX. – Sygn. 1; Dzial 1–35; Archiwum Jelskich. – Dzial 1. – Sygn. 53; Archiwum Zabiellow. – Dzial 1. – Sygn. 949.

19. Кернажыцкі, К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з XVII да палавіны XIX стагоддзя / К. Кернажыцкі. – Мінск, 1931.

20. Чепко, В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX века / В.В. Чепко. – Минск: Наука и техника, 1966. – 220 с.

21. Кахк, Ю. К вопросу о типологии крестьянских хозяйств в Эстонии в начале XIX в. / Ю. Кахк. – Таллин, 1975.

22. Табліца складзена на аснове падліку і апрацоўкі даных: AGAD. Archiwum Radzivillowskie. – Dzial XXII. – Sygn. 138; Archiwum Branickich z Bialastoku. – Dzial 1. – Sygn. 25, 40; Archiwum Prosorow i Jelskich. – Dzial 1. – Sygn. 9, 12–13; Archiwum Тysenhausow. – Dzial B. – Sygn. 9/85, 34/124, 47/139, 48/140; Inw. Biblioteki Zaluskich. – Dzial 1. – Sygn. 205; РДГА. – Фонд 384. – Воп. 2. – Спр. 564, 573; Воп. 15. – Спр. 132; Фонд 1281. – Воп. 4. – Спр. 67–71; Фонд 142. – Воп. 1. – Спр. 24, 342, 549–550; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Фонд 457. – Воп. 1. – Спр. 152; Фонд 694. – Воп. 2. – Спр. 9132; Фонд 1297. – Воп. 1. – Спр. 17645, 18327; Чепко, В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX века / В.В. Чепко. – Минск: Наука и техника, 1966. – С. 194–214; Улащик, Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии / Н.Н. Улащик. – М.: Наука, 1965. – С. 326–343.

23. Теоретические и историографические проблемы генезиса капитализма: материалы науч. сессии, Москва, 11–13 мая 1966 г. / редкол.: акад. С.Д. Сказкин (отв.) [и др.]. – М., 1969. – 280 с.

24. НГАБ. – Фонд 142. – Воп. 1. – Спр. 5. – Л. 17; Фонд 2240. – Воп. 2. – Спр. 166. – Л. 12–14.

25. Янель, З.К. О некоторых вопросах “второго издания” крепостного права и социально-экономического развития барщинного поместья в России / З.К. Янель // Исторические записки. – 1965. – № 76. – С. 159.




** Табліца 2 складзена па тых жа даных, што і табліца 1.

**** Табліца 3 складзена па тых жа даных, што і табліца 1.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка