Старадаражане сустрэліся з Кастусём Цвіркам




Дата канвертавання12.12.2018
Памер19.85 Kb.
Старадаражане сустрэліся з Кастусём Цвіркам

Яркае і запамінальнае мерапрыемства, прысвечанае Году малой радзімы, адбылося ў раённай бібліятэцы. Вучні і настаўнікі сярэдніх школ №1 і №2, аматары паэзіі прыйшлі сюды, каб сустрэцца са сваім славутым земляком — Кастусём Цвіркам.



http://newsstd.by/images/2018/sustrecha-z-kastusem-cvirkay.jpg

Наша Старадарожчына ганарыцца тым, што сярод яе людзей, вядомых за межамі раёна, ёсць і Канстанцін Аляксеевіч — паэт, празаік, перакладчык, фалькларыст, этнограф, краязнаўца, даследчык, сцэнарыст, рэжысёр. Вядучыя сустрэчы — Святлана Дарошка і Таццяна Гапановіч — пазнаёмілі прысутных з біяграфіяй паэта, са зборнікамі яго твораў, іх асноўнымі тэмамі і матывамі. Іх словы перапляталіся з выступленнямі самога віноўніка ўрачыстасці, з паказам відэаролікаў, з цудоўнымі мелодыямі песень беларускіх кампазітараў у выкананні салістаў Палаца культуры — Людмілы Баратавай, Івана Жураўскага, Наталлі Валенцюкевіч.

Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць яшчэ раз пераканацца, што наш зямляк — асоба творчая, таленавітая, мнагагранная. Уся яго творчасць прасякнута моцным пачуццём любові да роднага краю. Радзіма для яго — і ўся Беларусь, і Старадарожчына, і вёсачка з мілагучнай назвай Зялёная Дуброва, якую заснавалі яго продкі Цвіркі–Гадыцкія ў далекім 1904 годзе. Многа гаварылася пра кнігу пісьменніка “Будзіла вёску берасцянка”, выдадзенную ў 2007 годзе, у якой Кастусь Цвірка цікава расказаў пра свой родны куток, яго гісторыю, сваіх землякоў.

Падчас сустрэчы прагучалі вершы паэта “Старадарожскі раён” і “Сцежка дадому”, якія расказвалі вучні СШ №1 Аліна Александрова і Таццяна Дарошка — пераможцы раённага конкурсу чытачоў “Жывая класіка”. Арганізатары мерапрыемства падрабязна расказалі і аб навуковай дзейнасці Канстанціна Аляксеевіча. Ён — кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, даследчык вясельных абрадаў, а таксама творчасці папулярных ураджэнцаў Беларусі XIX ст., збіральнік фальклору. Па сцэнарыях Кастуся Цвіркі пастаўлены дакументальныя фільмы “Іграюць вяселле гармоні” і “Вечны выгнаннік”. Ён перакладвае творы іншых аўтараў, і яго творы перакладзены на рускую, малдаўскую, польскую і англійскую мовы.

Удзельнікі сустрэчы не абмінулі ўвагай і раман “Воўчая выспа”, кнігу нарысаў “Зорка філаматаў”. Аб гісторыі напісання апошняй аўтар расказаў падрабязна.

Напрыканцы сустрэчы Канстанцін Аляксеевіч ахвотна адказаў на пытанні бліц-інтэрв’ю, падзяліўся сваімі жыццёвымі і творчымі планамі, расказаў аб падрыхтоўцы і выпуску серыі выданняў “Беларускі кніга-збор”, заснавальнікам і нязменным рэдактарам якой ён з’яўляецца.



Сустрэча атрымалася цёплай, бо сагравалі яе шчырыя ўсмешкі, прыгожыя кветкі, гарачыя апладысменты, добрыя пажаданні.

Жыць і тварыць дабро, прыносіць радасць людзям словам і творчасцю, справамі і здзяйсненнямі — вось што з’яўляецца сэнсам жыцця Канстанціна Аляксеевіча Цвіркі.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка