Структура дзяржаўнага кіравання паштовай сувяззю на тэрыторыі беларусі ў 1772 — 1917 гг. Канойка А. У




Дата канвертавання05.04.2017
Памер45.71 Kb.

powerpluswatermarkobject242961


СТРУКТУРА ДЗЯРЖАЎНАГА КІРАВАННЯ ПАШТОВАЙ СУВЯЗЗЮ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ Ў 1772 — 1917 ГГ.

Канойка А.У.

Мінск, БДПУ
Адным з прыярытэтных накірункаў развіцця транспартных камунікацый у Беларусі з канца XVIII ст. была паштовая служба. Яе станаўленне пачалося яшчэ пры ВКЛ, але пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі, пачынае стварацца сістэма рэгулярнай паштовай сувязі. Так, згодна з вышэй зацверджаным дакладам беларускага губернатара графа З.Г. Чарнышова «О почтовом учреждении в Псковской и Могилевской губерниях» ад 23 лістапада 1772 г. у Магілёўскай губерні былі арганізаваны першыя паштовыя ўстановы адпаведна з агульнарасійскім узорам. [1] Паводле гэтай пастановы вызначалася адкрыццё паштовых устаноў, выпрацоўвалася сістэма дзяржаўнага ўтрымання і аховы, прыёму і своечасовага размеркавання карэспандэнцыі; складаліся агульныя маршруты перамяшчэння пошты ў межах імперыі.

Паштовыя ўстановы адчыняліся першапачаткова ў буйных, а пазней і ў невялікіх павятовых і валасных гарадах і мястэчках, па межах руху шашэйных, гандлёвых і паштовых трактаў. Адметна таксама тое, што паштовыя дамы будаваліся па асабліваму плану і мелі назву паштовы двор, у губернскіх гарадах яны называліся «Пашт-Амт», на дарогах — «станцыя». [2] Паштовы дом складаўся з канторы, дзе размяшчалася карэспандэнцыя і месца «для жылля падарожных людзей». Кантора займалася прыёмам, рэгістрацыяй і адпраўкай пошты.

Галоўнае ўпраўленне паштовых спраў было створана ў 1782 г., а па пастанове Паўла I ад 16 красавіка 1799 г. яно было пераўтворана ў Галоўнае паштовае праўленне [3]. Пасля стварэння Беларускай паштовай канторы ў 1797 г., якая адносілася да Санкт-Пецярбургскага паштамта, склалася і пэўная ўпраўленчая структура. (гл. табл. 1.)
Табліца № 1. Паштовае ўпраўленне на беларускіх землях.

Паштовыя станцыі

Кіраўніцтва

Справаводства

Галоўнае упраўленне паштовых спраў, пасля 1799 г. - Галоўнае паштовае праўленне.

Губернскі Пашт-Амт

Губернскі паштмейстар

Падканцэлярыст, капііст

Павятовыя паштамты

Павятовы паштмейстар

Паштовыя станцыі («ямы»)

Станцыйны пашткамісар

Функцыі паштмейстра заключаліся ў забеспячэнні бесперапыннай работы ўсіх паштовых устаноў губерні, будаўніцтве і рамонце паштовых дамоў, паштовых трактаў, мастоў і перапраў, заключэнні кантрактаў па ўтрыманню паштовых дамоў і перавозцы пошты, кантроль за іх выкананнем. Справаводства ў паштовых канторах належала падканцэлярыстам і капіістам.

Структура паштовага праўлення да 1918 г., калі яна была перададзена Народнаму камісарыяту сувязі, паступова змянялася. Паводле пастановы 1799 г. уводзіліся паштовыя канторы і паштовыя экспедыцыі. (гл. табл. 2.)

Табліца № 2. Структура паштовых кіравання паводле пастановы 1799 г.

Паштовы дэпартамент

Паштовая кантора

Паштовая экспедыцыя

паштмейстар

паштмейстар

Памочнік паштмейстара

Памочнік паштмейстара (перакладчык)

перакладчык

бухгалтар

Паштовы экспедытар

унтэр-афіцэры

Памочнік экспедытара

паштальёны

канцэлярыст

паштальёны

22 кастрычніка 1830 г. былі выдадзены пастановы «О новом устройстве почтовой части» і «Положение об устройстве почтовой части». На аснове іх паштовыя ўстановы былі падзелены на акругі з паштінспектарамі і класы для лепшага кіраўніцтва. Пры гэтым губернскія паштамты былі спрошчаны (акрамя сталічных), упраўленне створанымі губернскімі паштовымі канторамі ўскладвалася на губернскіх паштмейстраў, якія займаліся ўсімі адміністрацыйнымі пытаннямі.

У 1853 г. былі спрошчаны паштовыя акругі, якія дубліравалі дзейнасць кантор. Тым не менш, гэты ўклад праіснаваў да 1865 г, калі пастановай ад 15 чэрвеня было створана Міністэрства пошты і тэлеграфаў. Перыядычныя змены адбываліся ў 1867, 1869, 1885 гг., але яны насілі лакальны характар, не змяняючы структуры.

Трэба адзначыць, што паштовыя станцыі і двары маглі сдавацца ў арэнду прыватным асобам тэрмінам на 15 гадоў, а паштамты — безтэрмінова. Таксама арандатар мог перадаваць упраўленне станцыяй іншай асобе да заканчэння арэнднага тэрміну.

Дакладам графа З.Г. Чарнышова ад 23 лістапада 1772 г. вызначалася таксама колькасць паштальёнаў і коней, якія павінны былі забяспечваць бесперапынны рух карэспандэнцыі і падарожнікаў. Так, на 11 паштальёнаў належала 22 кані, на 7 — 15, на 6 — 12. Пры гэтым на станцыі для прадухілення прастояў павінны былі быць падрыхтаваны для тэрміновай адпраўкі да наступнай станцыі 2 паштальёны і 4 кані. [4]. Усе паштальёны мелі спецыяльную форму: «каптаны, зялёныя картузы, на грудзях медны дзяржаўны герб». На ўсіх станцыях мелася апісанне дарог, назвы паштовых станцый і адлегласць паміж імі.

Паштовыя дарогі таксама мелі своеасаблівыя адметнасці: іх будавалі па найбольш кароткаму шляху ад станцыі да станцыі (пажадана было, каб адлегласць складала не больш за 20 вёрст); дарога павінна была быць прамой, з пастаўленымі верставымі слупамі, для таго, каб падарожнік ведаў колькі плаціць прагонных грошай Кошт праезду па паштовай дарозе складаў каля 15 капеек за кожныя 10 вёрст; кошт пасылкі складаў 2 кап. з фунта за кожныя 100 вёрст, але пры адлегласці да адрасата меньш за 50 вёрст — па 1 кап. з фунта. [5].

На падставе архіўных крыніц і літаратуры можна зрабіць вынік аб тым, што развіццё паштовых устаноў ішло даволі хуткімі тэмпамі. Гэтага патрабала не толькі ваенная, але і эканамічная сітуацыя ў Расійскай імперыі. Менавіта паштовае будаўніцтва ў гэты час стала базісам для хуткага аб'яднання эканамічных патэнцыялаў Беларусі і Расійскай імперыі.



Спіс крыніц і літаратуры.

  1. I Полное Собрание Законов Российской Империи. - т. 19. - № 13911;

  2. I ПСЗРИ. - т. 19. - № 13911. № 2;

  3. Иоффе И.А. Главное почтовое правление // Государственность России: словарь-справочник. Книга 1. М., 1996. - с. 174;

  4. I ПСЗРИ. - т. 19. - № 13911;

  5. I ПСЗРИ. - т. 19. - № 13911. № 21, 34.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка