Сучасныя тэндэнцыі развіцця гістарыяграфіі гісторыі беларусі




Дата канвертавання02.04.2017
Памер111.98 Kb.


СУЧАСНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ РАЗВІЦЦЯ ГІСТАРЫЯГРАФІІ

ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ
Лютая, А. Э. Сучасныя тэндэнцыі развіцця гістарыяграфіі гісторыі Беларусі / А. Э. Лютая // Труд. Профсоюзы. Общество. – 2010.  № 3. – С. 9497.

Ключевые слова: гістарычная канцэпцыя, таталітарный рэжым, метадалагічны крызіс, гістарычная навука.
Распрацоўка нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі ў Беларусі ў першай палове 90-х гг. ХХ ст., прадвызначыла не толькі ўвядзенне ў навучальныя праграмы гістарычных факультэтаў ВНУ курса “Гістарыяграфія гісторыі Беларусі”, але і павелічэнне ўвагі даследчыкаў да актуальных праблем гісторыі айчыннай гістарычнай навукі.

У 1993 г. Інстытут гісторыі НАН Беларусі і гістарычны факультэт БДУ правялі Усебеларускую канферэнцыю гісторыкаў “Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новая канцэпцыя і падыходы)”[1].

Удзельнікі канферэнцыі адзначылі, што на працягу дзесяцігоддзяў савецкая гістарычная навука ў Беларусі знаходзілася ў такіх абставінах, калі яе галоўнай задачай з’яўлялася ідэалагічнае абгрунтаванне камуністычнага ладу і заканамернасці яго перамогі ў будучым ва ўсім свеце. Другая задача заключалася ў крытыцы антыкамуністычных тэорый і поглядаў ці поглядаў, якія супярэчылі марксісцка-ленінскім ацэнкам тых ці іншых гістарычных падзей. Адсюль выцякаў і крытэрый аб’ектыўнасці. Адыход ад вышэйназваных задач, разглядаўся як адыход ад аб’ектыўных адзнак, як спаўзанне на буржуазныя ці ва ўсякім разе рэфармісцкія пазіцыі.

П.А. Шупляк, напрыклад, сцвярджаў, што ва ўмовах таталітарнага рэжыму, які імкнуўся стварыць бязлікую супольнасць у выглядзе так званага “адзінага савецкага народа”, нацыянальная гісторыя не магла займаць вядучага месца не толькі ў навуцы, але і ў сістэме адукацыі. На працягу дзесяцігоддзяў яна не з’яўлялася самастойнай дысцыплінай. Ажыццяўлялася вульгарна-сацыялагічнае скажэнне гісторыі Беларусі, вымываўся яе палітычны і культурны змест. Панаваў тэзіс аб бездзяржаўнасці беларусаў да 1919 г., замоўчваліся цэлыя пласты гістарычных падзей савецкага перыяду гісторыі. Усё гэта мела на мэце не дапусціць фарміраванне ў беларускага народа разумення сябе як самастойнай асобнай нацыі, этнасу, на працягу многіх стагоддзяў дасавецкага перыяду, пазбавіць яго пачуцця нацыянальнай годнасці і патрыятызму [2].

Але аналіз дакладаў і тэзісаў дазваляе сцвярджаць не толькі аб метадалагічным крызісе 90-х гг. ХХ ст., але аб ваяўнічым настроі гісторыкаў, якія засталіся на марксісцка-ленінскіх пазіцыях [3].

Не здолілі пераадолець метадалагічны крызіс і спробы беларускіх гісторыкаў абмеркаваць гэтае пытанне ў час правядзення рэспубліканскіх канферэнцый [4] і пры выданні зборнікаў навуковых артыкулаў [5] у 90-я гг. ХХ ст.

Дыскусія паміж староннікамі марксісцка-ленінскай метадалогіі і тымі, хто імкнуўся пазбавіцца ад дагматычных падыходаў у гістарычных даследаваннях прадоўжылася і на навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю Інстытута гісторыі НАН Беларусі, праведзенай у Мінску 6–7 кастрычніка 1999 г. Грунтоўныя даклады І.М. Ігнаценкі, М.П. Касцюка, Г.В. Штыхава, А.М. Лютага былі прысвечаны актуальным праблемам гістарыяграфіі гісторыі Беларусі, пастаноўцы новых задач, якія неабходна было вырашыць беларускім гісторыкам. Праблемны характар насілі даклады Л.Д. Побаля “Спрэчныя пытанні ў гістарычнай археалогіі Беларусі”, Л.У. Дучыца “Гістарыяграфія праблемы балта-славянскага сінтэзу ў паходжанні беларусаў”, В.М. Ляўко “Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ранняга сярэднявечча ў сучасных даследаваннях”, А.К. Краўцэвіча “Актуальныя праблемы беларускай гістарыяграфіі перыяду сярэднявечча”, В.В. Шведа “Гістарыяграфія палітыкі царызму ў Беларусі канца XVIII – першай паловы XIX ст.”, Л.М. Лыча “Нацыянальнае пытанне на Беларусі ў публіцыстыцы 1920-х гадоў”, У.І. Кузьменкі “Беларусь у другой сусветнай вайне: аспекты сучаснага падыходу да праблемы” і інш. Прадоўжылі адстойваць свае марксісцкія погляды ўдзельнікі канферэнцыі, якія разлядалі, галоўным чынам, праблемы гістарыяграфіі сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі і праблему станаўлення беларускай нацыі (В.П. Панюціч, М.М. Шаўчэня, М.У. Смяховіч і інш.) [6].

Становішча гістарычнай навукі ў Рэспубліцы Беларусь у пачатку XXI ст. можна даследаваць, калі прааналізаваць матэрыялы навукова-практычных канферэнцый. Такую спробу зрабіў П.Ц. Петрыкаў у маганрафіі “Очерки новейшей историографии Беларуси (1990-е – начало 2000-х годов)”, выдадзенай ў Мінску ў 2007 г. [7]. Але гэтая спроба была не толькі няўдалай, але і неаб’ектыўнай. Яго метадалагічныя падыходы выкладзены ўжо на першых старонках манаграфіі. Аўтар сцвярджае, што “…классовое содержание исторической науки устранить невозможно”, а “попытки некоторых современных историков отказаться от классового содержания исторических реалий могут вызывать только иронию”, таму “мнения некоторых белорусских историков в 1990-х – начале 2000-х годов о деполизации, департизации и деидеологизации исторической науки не имеют под собой научной основы и не могут отражать объективный политизированный процесс истории белорусского народа” [8].

У якасці найбольш характэрных прыкладаў П.Ц. Петрыкаў прыводзіць аналіз матэрыялаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі, праведзенай у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы (“Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця”. У 4-х частках. Гродна, 2003) і Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па гістарыяграфіі, праведзенай БДПУ імя М. Танка (“Сучасныя праблемы гістарыяграфіі гісторыі”. У 3-х частках. Мн., 2003) [9].

На канферэнцыі ў Гродна, адзначае П.Ц. Петрыкаў, галоўная ўвага ўдзялалася навуковаму аналізу гісторыі Беларусі, метадалогіі і гістарыяграфіі. Аўтар зноў сцвярджае, што грунтоўнай базай гістарычнай навукі з’яўляецца дыалектычна-матэрыялістычная аснова і фармацыйны падыход ці прынцып даследавання ўсіх праблем развіцця грамадства. Ён лічыць, што і ў далейшым “деление … истории по формациям, от низших ступеней к высшим, останется надежной методологической основой исторической науки” [10], спасылаючыся на даклады А.М. Нечыхрына і М.А. Сакаловай.

Не мог П.Ц. Петрыкаў не заўважыць, што агульную ацэнку дасягненняў беларускай гістарычнай навукі далі М.С. Сташкевіч і М.П. Касцюк і тое, што М.С. Сташкевіч аб’ектыўна ацаніў не толькі дасягненні айчыннай гістарыяграфіі, але і даказаў, што дамініруючая ў савецкі час ідэалогія КПСС – КПБ не заўсёды спрыялі “объективному анализу истории белорусского народа” [11]. П.Ц. Петрыкаў і сам лічыць, што айчынная гістарыяграфія знаходзілася ў ідэалагічных і метадалагічных рамках марксісцка-ленінскага вучэння, але “не научно в пропагандистско-политических целях третировать это учение как какую-то ошибку истории” [12]. Як гаворыцца – якія тут патрэбны каментарыі.

Рэзка крытыкуе П.Ц. Петрыкаў і даклад А.К. Краўцэвіча, які сцвярджаў, што “у асяроддзі беларускіх гісторыкаў абазначыўся ідэалагічны раскол, не заўсёды прыкметны, але ад таго не менш глыбокі. Шматлікі атрад дыпламаваных спецыялістаў падзелены на два працілеглыя лагеры: гісторыкаў, якія працуюць у кантэксце нацыянальнай гістарыяграфіі і гісторыкаў-прапагандыстаў, якія на замову ўлады рэаніміруюць каланіальную прарасійскую гісторыю Беларусі” [13], М.С. Сташкевіча, які падзяліў гісторыкаў канца ХХ – пачатку XXI ст. на тры групы: кансерватыўна-дагматычная; староннікаў “творческого созидательного подхода” і тых, хто патрабуе поўнага дэмантажу савецкай гістарычнай навукі. Да першай групы ён аднёс членаў грамадскіх аб’яднанняў Славянскага сабора “Белая Русь” і “Гістарычныя веды”, назваўшы прозвішча А.І. Залескага [14]. М.П. Касцюк да другой групы гісторыкаў, лічыць П.Ц. Петрыкаў, аднёс аўтараў “Нарысаў гісторыі Беларусі” у 2-х частках (Мн., 1994, 1995), “работавших ранее И.М. Игнатенко, Я.С. Павлова, Р.П. Платонова, А.Ф. Хацкевича и работающих Г.Я. Голенченко, Л.М. Лыча и В.И. Новицкого” [15].

У сувязі з гэтым асаблівую цікавасць у П.Ц. Петрыкава выклікае праблема вызначэння характару барацьбы беларускага народа ў сярэдзіне XVII ст., якую закрануў у сваім выступленні ўдзельнік канферэнцыі з Гомеля С.А. Чаропка. Ён прыводзіць погляды І.М. Ігнаценкі, Л.С Абецэдарскага, У.М. Ігнатоўскага, В.І. Мялешкі і іншых аўтараў. У якасці мэты вайны 1648 – 1651 гг., на думку С.А. Чаропкі, было не ўз’яднанне з Расіяй ці ліквідаванне феадальнага ладу ў цэлым, а барацьба супраць усеўладдзя шляхты з мэтай яе поўнага знішчэння [16].

Трэба адзначыць, што ў 2009 г. С.А. Чаропка абараніў кандыдацкую дысертацыю “Казацка-сялянская вайна ў Беларусі 1648 – 1651 гг.” [17], у якой ён некалькі змяніў свае погляды на характарыстыку падзей на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVII ст. Аўтар падрабязна апісвае ход казацка-сялянскай вайны і ўплыў на яе нацыянальна-вызваленчага руху. Але цяжка знайсці ў дысертацыі адказ на пытанне: чаму падзеі на терыторыі Беларусі насілі толькі антыфеадальны характар, а на тэрыторыі Украіны – нацыяльна-вызваленчы?

Сацыяльна-эканамічныя, этнаканфесійныя, палітычныя і культурныя прычыны барацьбы, склад удзельнікаў узброеных выступленняў і характар барацьбы – таксама.

С.А. Чаропка сцвярджае, што “узмацненне нацыянальнай свядомасці ўкраінцаў напрыканцы XVI – у першай палове XVII ст. разам з замацаваннем казацтва як магутнай сацыяльнай сілы сталі галоўнымі фактарамі зараджэння вызваленчай барацьбы на Украніне” [18].

Трэба аднак заўважыць, што ў першай палове XVII ст. беларусы і ўкраінцы ўспрымаліся як “русіны”, праваслаўныя не толькі палякамі, рускімі, але і самім насельніцтвам гэтага рэгіёна. Таму, калі Б. Хмяльніцкі выступіў за ўтварэнне незалежнай казацкай дзяржавы, то да казацкіх земляў ён аднёс “…правінцыі Сармацкія, або казацкія нашы рускія, ад Падолля, Валыні … аж да Самой Вільні і Смаленска, а менавіта зямлю Кіеўскую, Галіцкую, Львоўскую … Мсціслаўскую, Віцебскую і Полацкую” [19].

Тым больш вядома, што 40% запарожскага казацтва складалі выхадцы з тэрыторый Беларусі і 45% – з тэрыторыі Украіны [20].

Таму спроба С.А. Чаропкі вырваць падзеі, якія праходзілі ў сярэдзіне XVII ст. на тэрыторыі Беларусі і назваць іх казацка-сялянскай вайной, якая насіла толькі антыфеадальны характар, нам здаецца памылковай.

Канферэнцыя ў Гродна прадэманстравала ўзважаны падыход і да праблем гісторыі Беларусі савецкага перыяду. Палеміку выклікалі артыкулы В.В. Баранавай і У.І. Навіцкага, прысвечаныя рэпрэсіям і антысавецкім настроям у БССР [21]. Неабходна адзначыць, што гэта складная і вельмі актуальныя праблема толькі абазначана, а неабходна аб’ектыўна і комплексна яе даследаваць.

Значны ўклад ў гістарычную навуку ўнесла спецыяльная Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя па гістраыяграфіі, праведеная кафедрамі гісторыі Беларусі і ўсеагульнай гісторыі БДПУ імя Максіма Танка ў лістападзе 2003 г. [22]. У 5 працаваўшых секцыях выступілі 173 удзельнікі. А.М. Люты адзначыў, што з утварэннем Рэспублікі Беларусь узнікла неабходнасць распрацоўкі нацыянальнай канцэпцыі гістарычнай навукі і адукацыі, выказаў аб’ектыўную незадаволенасць прапановай асобных гісторыкаў адмовіцца ад вывучэння асобнага курса гісторыя Беларусі, а айчынную гісторыю і культуру разглядаць ў час выкладання рэгіянальнай гісторыі (усходняга славянства, Расіі, СССР, дзяржаў і народаў СНД), тлумачачы такі падыход тым, што большасць дзетак Беларусі сваёй роднай мовай лічуць рускую [23].

Ю.А. Заяц звярнуў ўвагу на працы гісторыкаў і археолагаў перыяду феадальнай раздробленасці [24], І.Б. Канапацкі – вывучэнню гісторыі татар у ВКЛ [25], А.Ф. Рацько – вывучэнню сялянскай рэформы 1861 г. у Беларусі, адзначыўшы як дасягненні, так і недахопы ў гістарыяграфіі гэтай праблемы [26].

Адзначаючы гэта, П.Ц. Петрыкаў убачыў неабходнасць вывучэння станоўчай дзейнасці ўраду Расіі і мясцовых органаў улады ў Беларусі. Ён піша: “Да, были самодержцы, были царские «сатрапы», которые подавляли террор экстремистов против властей, подавляли восстания и революции, под тяжестью которых в конце-концов рухнуло и самодержавие. Но была, кроме этого, и повседневная «рутинная» работа власть имущих по развитию экономики, образования и науки, культуры и духовности» [27]. А дзе ж факты, якія маглі б падцвердзіць гэты тэзіс аб клопатах расійскага самадзяржаўя па развіццю эканомікі, адукацыі, навукі, культуры і духоўнасці беларускага народу?

Асобую цікавасць выклікае даклад А.С. Рабкова, прысвечаны вайне 1812 г. у Беларусі [28], выступленні Е.А. Рабковай, Дз.А. Трафімовіча, Э.С. Ярмусіка, Г.А. Астрогі, Я.У. Пчэльніка, Дз.В. Лянкевіча па вывучэнню гісторыі канфесій у Беларусі [29], М.М. Забаўскага па гістарыяграфіі паўстання 1863-1864 гг. [30] і С.Б. Марозава – аб асобе Віленскага генерал-губернатара М.М. Мураўёва [31].

Праблеме тэндэнцыі ў гістарыяграфіі гісторыі Беларусі ў канцы ХХ – ХХІ ст. прысвяціў свой грунтоўны даклад акадэмік НАН Беларусі М.П. Касцюк, які фактычна падвёў вынікі канферэнцыі і вызначыў задачы перад даследчыкамі, якія неабходна вырашыць у бліжэйшы час [32].

28 сакавіка 2008 г. кафедрамі гісторыі Беларусі і новай і навейшай гісторыі БДПУ імя Максіма Танка была праведзена Рэспубліканская навукова-тэарэтычная канферэнцыя “Гістарыяграфія гісторыі Беларусі, новай і навейшай гісторыі краін Еўропы і ЗША”, на якой працавалі тры рабочыя секцыі па гістарыяграфіі айчыннай гісторыі [33].

Аналіз дакладаў і выступленняў удзельнікаў канферэнцыі сведчыць, што ў апошнія гады даследчыкі не толькі цікавяцца невывучанымі пытаннямі гісторыі Беларусі, але і пераглядаюць вынікі навуковых пошукаў папярэднікаў. Асаблівую цікавасць выклікаюць разнастайныя праблемы гісторыі ВКЛ. Так, з 19 дакладаў на секцыі “Гістрыяграфія гісторыі Беларусі са старажытных часоў да канца XVIII ст.” 11 было прысвечана гістарыяграфіі гісторыі Беларусі ў складзе ВКЛ (пытанні знешняй і ўнутранай палітыкі, гісторыі выхаваўча-адукацыйнага працэсу, гістарыяграфія гісторыі “праваслаўнага пытання” у ВКЛ і інш.).

Перыяд гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст. гістарыяграфічна даследаваны слабей. Даклады былі прысвечаны галоўным чынам гістарыяграфіі гісторыі правядзення рэформаў расійскага самадзяржаўя на землях Беларусі, развіццю эканомікі краю, гісторыі гарадоў і мястэчак, мясцовага сялянскага самакіравання, праблемам гарамадска-палітычных руху і думкі ў Беларусі. Цікавымі і змястоўнымі выступленнямі былі даклады А.М. Філатавай “Асаблівасці працэсаў паланізацыі і русіфікацыі: гістарыяграфія праблемы” [34]. А.У. Унучак “Феномен “заходнерусізму” ў беларускай гістарыяграфіі” [35], А.І. Багдановіча “Гістарыяграфія правядзення ў Беларусі ідэалогіі расійскага самазяржаўя ў 1772 – 1917 гг.” [36] і М.М. Забаўскага “Ліберальны друк у грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1906 – 1917 гг.): гістарыяграфія пытання” [37].



Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ХХ – пачатку ХХІ ст. (секцыя 3) была прадстаўлена дакладамі па гісторыі даследаванняў праблем нацыянальнага і рэвалюцыйнага рухаў у Беларусі, сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця БССР, Вялікай Айчыннай вайне, гістарыяграфіі гісторыі этнічных меншасцяў у Беларусі і інш. Трэба адзначыць, што з’явіліся гістарыяграфічныя працы тэарэтычнага характару: Л.Ф. Шырко [38] і Т.С. Будзянковай [39]. Такім чынам, прыйшоў час распрацоўкі тэарэтычных гістарыяграфічна-крыніцазнаўчых манаграфічных даследаванняў актуальных праблем гісторыі Беларусі, якія б не толькі падвялі вынікі даследаванняў, але і вызначылі задачы далейшай плённай працы гісторыкаў. У час правядзення канферэнцый неаднаразова гучала прапанова стварэння шматтомнай працы па гістарыяграфіі гісторыі Беларусі, бо магчымасці яе напісання і падрыхтаваныя кадры ў Рэспубліцы Беларусь на сённяшні час ёсць.

Літаратура і крыніцы

  1. Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў “Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь” (новыя канцэпцыі і падыходы). Мінск, 3 – 5 лютага 1993 г. Тэзісы дакладаў і паведамленняў. – Мн., 1993. – 263 с.

  2. Там жа. – С. 3.

  3. Там жа. – С. 23, 44 – 46, 171 – 174, 196 – 198.

  4. Методологические проблемы исторической науки. Материалы республиканской научно-теоретической конференции. Минск, 29 сентября – 1 октября 1992 г. – Мн. – 248 с.

  5. Пытанні гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі. Зборнік артыкулаў. Мн., 1997. – 249 с.

  6. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: стан і перспектывы развіцця. Матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Мінск, 6 – 7 кастрычніка 1999 г. – Мн., 1999. – 282 с.

  7. Петриков П.Т. Очерки новейшей историографии Беларуси (1990-е – начало 2000-х годов). – Мн.: Белорусская наука, 2007. – 292 с.

  8. Там жа. – С. 4.

  9. Там жа. – С. 194 – 224.

  10. Там жа. – С. 197.

  11. Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця. У 4-х частках. Гродна, 2003. – Ч. 1 – С. 9.

  12. Петриков П.Т. Указ. соч. – С. 199.

  13. Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця. У 4-х частках. Гродна, 2003. – Ч. 4 – С. 9.

  14. Там жа. – Ч. 1. – С. 12 – 13.

  15. Петриков П.Т. Указ. соч. – С. 201.

  16. Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця. У 4-х частках. Гродна, 2003. – Ч. 1 – С.258.

  17. Чаропка С.А. Казацка-сялянская вайна ў Беларусі 1648 – 1651 гг. // Дысертацыя на суісканне вучонай ступені канд. гіст. навук. Мн., 2009.

  18. Там жа. – С. 38.

  19. Там жа. – С. 42.

  20. Кадира В.Н. Антифеодальная борьба во второй половине XVI – первой трети XVII в. / Автореферат на соискание ученой степени канд. ист. наук. Мн., 2008. – С. 12.

  21. Петриков П.Т. Указ. соч. – С. 206 – 207.

  22. Сучасныя праблемы гістарыяграфіі гісторыі. / Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя. г. Мінск, 28 лістапада 2003. У 3-х ч. Мн., 2003.

  23. Там жа. Ч. 1. – С. 5.

  24. Там жа. – С. 15 – 23.

  25. Там жа. – С. 96 – 106.

  26. Там жа. – С. 173.

  27. Петриков П.Т. Указ. соч. – С. 212.

  28. Сучасныя праблемы гістарыяграфіі гісторыі. / Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя. – Ч. 1. – С. 50.

  29. Там жа. – С. 47, 121; Ч. 2. – С. 283, 440; Ч. 3 – С. 527, 576.

  30. Там жа. – Ч. 2. – С. 262 – 267.

  31. Там жа. – С. 348 – 351.

  32. Там жа. – С. 401 – 405.

  33. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі, новай і навейшай гісторыі краін Еўропы і ЗША. / Рэспубліканская навукова-тэарэтычная канферэнцыя. г. Мінск, 28 сакавіка 2008 г. У 2-х ч. Мн., 2008.

  34. Там жа. – Ч. 1. – С. 157 – 160.

  35. Там жа. – С. 169 – 172.

  36. Там жа. – С. 173 – 176.

  37. Там жа. – С. 192 – 194.

  38. Там жа. – Ч. 2. – С. 3 – 5.

  39. Там жа. – С. 148 – 151.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка