Сваяцка-роднасныя адносіны ў беларускай фразеалогіі І этнакультуры




Дата канвертавання22.02.2017
Памер54.07 Kb.
СВАЯЦКА-РОДНАСНЫЯ АДНОСІНЫ Ў БЕЛАРУСКАЙ ФРАЗЕАЛОГІІ І ЭТНАКУЛЬТУРЫ

Садоўская А. Л. 
Сваяцка-роднасныя адносіны заўсёды адыгрывалі значную ролю ў традыцыйнай беларускай этнакультуры і свядомасці нашых продкаў. Асаблівая ўвага ў сям’і надзялялася бацьку і маці, вобразы якіх знайшлі шырокае і глыбокае асэнсаванне ў традыцыйным фальклоры і фразеалагічна-парэміялагічным матэрыяле; не менш важным кампанентам сямейна-родавых каштоўнасцей былі ўзаемаадносіны паміж бацькамі і дзецьмі, сямейнае выхаванне, шанаванне продкаў і да т.п. Аднак, апісанне шматграннасці сваяцка-роднасных стасункаў не будзе вычарпальным без асэнсавання ролі ў пабудове гэтых адносінаў такіх “персанажаў”, як зяць, цешча, прымак, нявестка, свякроў, свёкар, залоўка, чаму і прысвечаны наш даклад.

Агульнавядома, што зяць – гэта муж дачкі. Новаму сваяку пры ўваходжанні ў сям’ю казалі: Адно дзіця народжанае (дачка), а другое наканаванае (зяць); Адно дзiця раджона, а другое суджона, але: Белы снег, ды не сыр, добры зяць, ды не сын. Лічылі, што з зяця мала карысці, больш растрат: Зяць толькі узяць; Цесць любіць чэсць, а зяць любіць узяць; Залаты зяць, ды няма дзе залатое лыжкі ўзяць. Згодна з фразеалагічным матэрыялам, вельмі супярэчлівыя і рознабаковыя адносіны складваюцца ў зяця з цешчай – жончынай маці. Яна, напрыклад, то ежу хавае, каб не пачаставаць любімага зяця, то нааддварот – усё выстаўляе на стол дзеля яго пачастунку: Як зяць за парог, дык цёшча за пірог; Зяць за парог цешча за яечню; Зяць на двор – цешча за яйцы; Зяць на двор, то й чарка на стол. З паціцыі цешчы – Зяць усё пажрэ: яйца зварыць і юшку пажлукціць. А зяць, у сваю чаргу, абдзяляе праз гэта цешчу: Як цёшчы зяць укроіць хлеба, то кажа: на хутчэй, бо пераломіцца; а як жонцы: на, бо рука замлела. У сувязі са сказаным прыгадаем і наступную прыгаворку: Закурым, каб цешча зачхала.

Адносіны да цешчы ў зяця часта былі пабудаваны толькі на абавязковасці, бо цешча – маці любімай жонкі, і ўнікнуць ад зносінаў з ёй было немагчыма: Жонка для савету, цешча для прывету, а маці радней усяго свету. Любіў жа зяць цешчу і рад быў яе бачыць, паводле народных назіранняў, толькі як вып’е: Такі зяць: як п'яны, дык вітаецца, а як цвярозы, дык ругаецца. Ці не бачыць ніколі: Рад бы я быў, каб бацька жыў, а цешча памярла. Разам з тым, цешча і зяць як блізкія родзічы былі ў свядомасці беларусаў цесна звязаны паміж сабой, пра што сведчыць, напрыклад, наступны выраз: Скараў бог цёшчу за зяцевы грахі.

Але былі і прыемныя моманты ў адносінах паміж цешчай і зяцем – гэта прыезд у госці “да цешчы на блінцы”. Цешча пякла бліны, налівала чарку, што адлюстравалася нават у прымаўках ваенных часоў: На вайне (на перадавой) – гэта не ў цешчы ў гасцях; На вайну (на перадавую) – гэта не да цешчы на бліны. Але, нягледзячы на гэта, зяць, пад’еўшы, папіўшы, хацеў як мага хутчэй збегчы: Быў у цёшчы, рад уцёкшы; Жонка люба для савету, а цёшча для заезду. У сувязі з гэтым, канешне ж, зяцем цаніўся матэрыяльны дабрабыт і багацце цешчы: Зяць любіць цёшчу багатую, а жонку здаровую.

Цэлы комплекс фразеалагічна-парэміялагічных адзінак прысвечаны апісанню вобразу цешчы. Створаны вобраз досыць яркі, але не самы пазітыўны. Перадусім, відаць, таму, што цешча надакучвала сваімі павучаннямі і часта бессэнсоўнымі перамовамі: Пранік бялізну палошча, а цёшча языком хвошча. Усё нядобрае, няякаснае, небяспечнае, нясмачнае маглі называць цешчыным: цешчын язык – круты і небяспечны паварот на дарозе; толькі цешчу вазіць – так казалі пра вельмі кепскую, з ухабамі дарогу; цешчын мёд – гарчыца.

Калі зяць пасля вяселля не забіраў жонку ў свой дом, а пераязжаў да цешчы, яго называлі прымаком. Быць прымаком было ганебна і сорамна, жыццё прымака параўноўвалі з сабачым: Хто ў прымаках не бывае, той і гора не знае; Прымачы хлеб – сабачы. У жончыным доме ён падпарадкоўваўся цешчы або цесцю і абавязаны быў выконваць усе іх загады, часта прымак не меў нават права голасу пры вырашэнні якіх-небудзь пытанняў у доме. Таму ў яго адрас адрасаваны жартаўлівы выраз Прымак пятнаццаць гадоў цешчынага ката на "вы" заве. Зыходзячы з усяго сказанага вышэй зразумела, што жыццё прымака ў хаце цешчы было маларадаснае, яго маглі ў любы момант выгнаць нават за нязначны праступак: Прымак – тэй жа парабак; Прымачку і торбачка на кручку. Але трываў гэта ўсё зяць дзеля сваёй жа выгады: Няма ў хаце сала й малака, дык няма і прымака.

Падобныя адносіны ў доме свекрыві чакалі і нявестку – жонку сына, пра што таксама сведчаць беларускія ўстойлівыя выразы: Кукушка – не птушка, нявестка – не дачушка; Нявестка не дачушка – сяннік не падушка; Свякроў любіць нявестку, як сабакі дзеда; Самая грубая дзяруга ў нявесткі; Хоць нявесткі няма, але андарак вісіць: як-ніяк нявесткай смярдзіць. Са з’яўленнем нявесткі ў хаце змяняліся і некаторыя парадкі: Калі ў хаце завядзецца нявесціна лыжка, то не будзе старому ложка. Чым больш станавілася гаспадынь ў хаце – тым менш работы рабілася па дому: Дзе нявесткі ў хаце тры, там няма вады ў вядры. Нават калі родная дачка свекрыві была гаспадыняй, не лепшай за нявестку, да чужога дзіцяці ўсё роўна адносіліся горш: На дачку крычу, а нявестка дола дайся.

Свякроў (маці мужа), пра што згадвалася і вышэй, не ўяўлялася народу добрай і спагадлівай ў адносінах да нявесткі: Свякруха добра не бывае, усё ліхая ды ліхая; Свякроў – пся кроў; У каго свякроў дурная, то й дома не ахвоціцца. Адносіны паміж гэтымі дзвюма жанчынамі аднаго роду забаўлялі суседзяў і аднавяскоўцаў: Свякруха і нявестка – сялу павестка. Негарманічныя адносіны паміж свякроўю і нявесткай часта перадаваліся праз пакаленні: Ці не дзіва, што нявестка стала свякрухаю; Помніць свякруха свае маладыя гады і нявестцы не верыць.



Народ меркаваў, што нявестцы удаецца лягчэй наладзіць адносiны з мужчынскай паловай сваякоў мужа i значна горш і цяжэй складваюцца адносiны з паловай жаночай, асаблiва з сёстрамi абранніка, пра што сведчаць і фразеалагічныя выразы: А залоўка злая, як свякроў ліхая; Лучшай дзевераў чатыры, чым заловачка адна; Залоўка – змяіная галоўка. Так або інакш, але ў чужым для дзяўчыны доме свёкра і свекрыві было заўсёды горш, чым у доме родных бацькоў: Як была я ў баценька, то была чубаценька, а як трапіла да свякрухі, то аб’елі чубок мухі; Як я была ў баценькі, то й была хароша, а цяпер у свёкара – як белая бяроза; Свякор нявестку навучаець, да ў лоб векам лучаець. Таму, калі маладая дзяўчына пасля вяселля пакідала родную хату, яна прасіла ў Бога лепшай долі ў чужым доме: Ой, дай, божа, добру долю: свёкарку – як баценьку, свякроўку – як маценьку; дзеверка – як браценьку, залоўку – як сястрычку.

Абапіраючыся на прыведзеныя парэміі, можна зразумець, што жыццё ў новага члена сям’і было, як казалі ў народзе, “не мёд”. Маці як мужа, так і жонкі часта з недаверам і пагардай адносілася да выбранніка свайго дзіцяці. Асабліва, як сведчыць прааналізаваны моўны матэрыял, супярэчлівымі былі адносіны паміж зяцем і цешчай, свякроўю і нявесткай.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка