Свята прызначана для вучняў сярэдняга звяна школы




Дата канвертавання04.02.2018
Памер121.88 Kb.
АНАТАЦЫЯ
Вусная народная творчасць – важная частка духоўнай культуры народа, якая спадарожнічае чалавеку на працягу ўсяго жыцця, з’яўляецца неад’емнай часткай звычаяў і абрадаў, сваеасаблівым люстэркам, якое адбівае патрэбы людзей, іх светапогляд. І таму даннае мерапрыемства мае на мэце знаёмства вучняў з працэсам ручной апрацоўкі льна і ткацтва на ручным ткацкім станку; далучэнне дзяцей да народнай творчасці, звязанай з ільном, пашырэнне слоўнікавага багацця вучняў; выхаванне ў вучняў цікавасці да этнаграфічнай спадчыны беларускага народа і жаданне берагчы яе.

Мерапрыемства цесна звязана са школьным краязнаўчым кутком “Азбука роднай гісторыі і прыроды”, і таму сфера правядзення свята адбываецца менавіта ў гэтым цудоўным месцы. Усё абсталяванне да мерапрыемства (усе прылады працы) – гэта і сявенька, і пранік, церніца, трапло, грэбень для часання льну, верацяно, калаўрот і кросны – усё ёсць у краязнаўчым кутку.

Пра многае могуць расказаць нам старыя рэчы: як жылі, як працавалі нашы продкі, чым даражылі, у што верылі. І менавіта дзякуючы гэтаму мерапрыемству можна даведацца пра тыя рэчы, якія дапамагалі нашым бабулям апранаць сям’ю, упрыгожваць сваё жыццё цудоўнымі рэчамі. А самае цікавае, што паглядзеўшы гэтае свята, можна даведацца, як такое маленькае ільняное зярнятка магло ператварыцца ў прыгожы рушнік.

Усё мерапрыемства суправаджаецца мастацкім гучаннем (выкананне вершаў, народных песень).

Свята прызначана для вучняў сярэдняга звяна школы.

Такім чынам, фальклорныя традыцыі – гэта не толькі каштоўнейшая спадчына, але і жывое мастацтва сучаснасці, якое актыўна ўплывае на ідэйна-эстэтычнае выхаванне шырокіх мас, фарміруе маральна-эстэтычнае ідэалы, з маленства вучыць чалавека працавітасці, праўдзівасці, справядлівасці.



Мэты мерапрыемства:

1.Пазнаёміць вучняў з працэсам ручной апрацоўкі льна і ткацтва на ручным ткацкім станку.

2.Далучыць дзяцей да народнай творчасці, звязанай з ільном.

3.Пашырыць слоўнікавы запас дзяцей, пазнаёміўшы іх са словамі тэматычнай групы “лён”.

4.Выхоўваць у вучняў цікавасць да этнаграфічнай спадчыны беларускага народа і жаданне берагчы яе.
Задачы мерапрыемства:
Садзейнічаць развіццю станоўчых тэндэнцый у адраджэнні, захаванні і развіцці народнай культуры;

здзяйсняць прынцып узаемасувязі нацыянальнага і агульначалавечага выхавання, звароту да народнай педагогікі нацыянальных традыцый і культуры;

папулярызаваць вусную паэзію, яе ролю ў культурным жыцці народа; народнае мастацтва.

Падрыхтоўка да мерапрыемства


  1. Падбор літаратуры да мерапрыемства. ( Заблоцкая Т.Р.)

  2. Этнаграфічная “экспедыцыя” да састарэлых жыхароў вёскі з мэтай знаёмства з тэхналогіяй апрацоўкі ільна. (Заблоцкая Т.Р., члены краязнаўчага гуртка)

  3. Экскурсія ў краязнаўчы куток “Азбука роднай гісторыі і прыроды”, знаёмства з этнаграфічнай экспазіцыяй “Быт беларусаў”. (Заблоцкая Т.Р., члены краязнаўчага гуртка)

  4. Складанне сцэнарыя, размеркаванне роляў. (Заблоцкая Т.Р.)

  5. Развучванне песень і вершаў да мерапрыемства з музычным суправаджэннем. (Заблоцкая Т.Р. , настаўнік музыкі )



Абсталяванне мерапрыемства:

Прылады працы: сявенька, пранік, церніца, трапло, грэбень для часання ільну, верацяно, калаўрот, кросны.



Афармленне мерапрыемства: зала, дзе будзе адбывацца свята, упрыгожана тканымі ільнянымі вырабамі, іншымі вырабамі з ільна: лялька Кастрыца, інш., прадметамі беларускага побыту: лава, гармонік, інш.

СЦЭНАРНАЯ РАСПРАЦОЎКА СВЯТА
Ох, сэрца лянок, мая радасць ты, лянок, усё бялюсенькі кужалёк”


А пад столлю,

Скрытая шалёўкай,

З торбай паляўнічаю

Жвіроўка.


І пагаварыць яшчэ

Ў ахвоту


З матчыным гуллівым калаўротам,
З дзяжой, з печчу

Можа, ацалелі,

З якіх хлеб

Запрацаваны елі.


А калі няма іх,-

Родных, вешчых,-

Мне больш гаварыць тут

Не з кім, не з чым.

Максім Танк




Мне пагаварыць бы

З бацькам, з маці...

Кажаце, даўно іх

Няма ў хаце...


Што ж...Тады

Пагавару хоць з плугам,

Што ржавее

Польны валацуга.


Мусіць недзе

Яшчэ быць сякера

І вядро, што

Бразгала з асверам,


Сярод лому,

Жаляззя старога -

І падкова

З цуглямі Гнядога.




Вядучы. Пра многае могуць расказаць нам старыя рэчы: як жылі, як працавалі нашы продкі, чым даражылі, у што верылі. Сёння мы паслухаем тыя з іх, якія дапамагалі нашым бабулям адзяваць сям’ю, упрагожваць сваё жыццё цудоўнымі рэчамі. Мы даведаемся, як вось такое ільняное зярнятка магло ператварыцца ў прыгожы рушнік.
Вучань. Лён людзі ведалі здаўна. У Егіпце яго ведалі за тры тысячы гадоў да нашай эры. Сляды ільна знойдзены пры раскопках у Швейцарыі за 8 тысяч гадоў да нашай эры. На тэрыторыі Беларусі лён быў вядомы, па дадзеных археалогіі, у другім стагоддзі да нашай эры. У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя лён быў распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Вучань. Вырошчвалі лён у кожнай сялянскай гаспадарцы.

Для пасева ільна выбіралі пэўныя дні тыдня. Лічылася, што лепей за усё сеяць лён у пятніцу або суботу.

На гэты конт існавала шмат прымет. Напрыклад, каб лён рос чыстым, без пустазелля, на Пасху нельга было падмятаць пол, а , адпраўляючыся ў поле, сейбіт нёс семя ільна ў беласнежным абрусе.

Пасеў ільна суправаджаўся рознымі пажаданнямі.


Гучыць першыя два слупкі песні “Ох,і сеяла Ульяніца лянок”. Дзяўчаткі імітуюць дзеянні пры севе ільна: выносяць у белым абрусе сявеньку, “рассейваюць” з яе лён.(Дадатак 1)

Светлы дзень, як вакно,

Урадзіся добрае валакно.

Вучань. Рвалі лён у другой палове жніўня. Затым вязалі ў снопікі і ставілі для прасушкі ў “бабкі”. Для абівання ільняных галовах карысталіся пранікам. (Паказвае, як гэта рабілі.)

Для змякчэння трасцы лён рассцілалі на лузе або пожні звычайна ў канцы жніўня, у час вялікіх рос. Пры даждлівым надвор’і саломка вылежвала 3 – 4 тыдні, пры сухім – 5 -6. У некаторых раёнах яе вымочвалі (часам спачатку вымочвалі, а потым рассцілалі). Валокны з мачанца лепш выбельваліся і былі больш моцнымі. Гатовую трасцу звязвалі ў кулі, сушылі ў ёўні, на печы і інш.


Выконваецца песня “На гары лён...” (Дадатак 2)

Вучань.У кастрычніку ільняное валакно трэба было ачысціць ад кастрыцы. Ці не таму і месяц так называецца – кастрычнік.

Пры дапамозе церніцы, або мялкі лён мялі . (Паказвае, як гэта рабілі.)


Выконваецца традыцыйны танец “Церніца” ( Дадатак 3)
Вучань.Каб канчаткова ачысціць лён ад кастрыцы, яго трэба было трапаць траплом , а затым часаць вось на такім грэбені. У выніку атрымлівалі кудзелю ці кужаль у залежнасці ад якасці.
Вучань.З лістапада па сакавік кудзелю або кужаль пралі. Працэс прадзення верацяном быў вядомы вельмі даўно. Вось як аб ім напісаў рымскі паэт Катул у першым стагоддзі да нашай эры:

Привычны руки над вечной корпели

работой,

Левая прясло держала, увитое мягкою

шерстью,

Правая же, то легко приподнявши

персты, отводила

Нить, что пряла, то пальцем

большим

Веретено равновесное круто запускала,



словно кубарь закруживши.
Вучань.А беларускія жанчыны і дзяўчаты пралі і верацяном, і на калаўроце.

У хаце яго шанавалі –

Быў рэччу патрэбнай такой.

Як многа на ім перапралі

Кудзелі і воўны сівой.

Паціху круцілася кола,

І нітка плыла і плыла.

Яго вуркатаннем вясёлым

Напоўнена хата была...
Вучань. Некалькі жанчын збіраліся ў адной хаце, каб сукаць і прасці. Гэтай работай займаліся ў піліпаўскі пост (з 28 лістапада па 6 студзеня). Гаварылі так:

Піліпаўскія ночкі надзенуць сарочкі.

Што ў піліпаўку спрадзеш, то ў Вялікі пост сатчэш.

Спорны піліпаўскі клубок, як пятроўскі стажок.


Вучань. Чым лепшай была прадуха, тым танчэйшай у яе атрымоўвалася пража.

Тонкапрадуха пад пахай нясе,

А тоўстапрадуха возам вязе.

Тая, што пад пахай нясе,

Перацягне тую, што возам вязе.
Выконваецца песня “Дуня ж, наша Дуня...” ( Дадатак 4 )

Гыта ж тканіна – тонка парусіна.


Вучань.Працавалі ўсе дні тыдня, акрамя нядзелі і свят, калі можна было адпачыць ад цяжкай працы.

Ой, кудзелька мая, ды назола мая,

Я цябе прала і ў дзень, і ў ночы.

А ты на мяне варочала вочы.

Пайду ў лужочак, выражу пруточак,

Заганю кудзельку ў цёмненькі куточак.

Ой, стой, кудзелька, аж да панядзелка.
Вучань.Пасля таго, як кудзеля была спрадзена, яе адбельвалі, часам фарбавалі і пачыналі ткаць на кроснах.У сакавіку, калі дзень павялічваўся, у хату прыносілі ставы і ўвесь панарад (ніты, бёрды, набіліцы і інш.). У наладцы красён і ткацтве звычайна ўдзельнічала 2 – 3 жанчыны.
На кроснах дэманструецца працэс ткацтва.

Выконваецца песня на вершы М.Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” (Дадатак 5)


Вядучы. Вось і ператварылася наша ільняное зярнятка ў ільняное палатно. А пакуль вы нас слухалі, дарагія госцейкі, у нас зварылася бульба. І зараз мы ўсе паспрабуем нацыянальную беларускую страву, якая назыаецца камы, або макуха. А калі прасцей, - гэта вараная бульба, якую макаюць у тоўчанае ільняное семя. Смачна вам есці!

Дадатак 1


ОХ, І СЕЯЛА УЛЬЯНІЦА ЛЯНОК
Ох. і сеяла Ульяніца лянок,

Ох, і сеяла Іванаўна лянок.


Ох, сэрца лянок,

Мая радасць ты, лянок,

Ўсё бялюсенькі кужалёк!
Ох, палола Ульяніца лянок,

Ох, палола Іванаўна лянок.


Ох, ірвала Ульяніца лянок,

Ох, ірвала Іванаўна лянок.


А сарваўшы, у снапочкі ставіла,

А сарваўшы, у снапочкі ставіла.


Ох, і слала Ульяніца лянок,

Ох, і слала Іванаўна лянок.


Ох, і мяла Ульяніца лянок,

Ох, і мяла Іванаўна лянок.


Ох, і прала Ульяніца лянок,

Ох, і прала Іванаўна лянок.


Ох, і ткала Ульяніца лянок,

Ох, і ткала Іванаўна лянок.


А саткаўшы, ды сарочак нашыла,

А саткаўшы, ды бялёвых нашыла.

Дадатак 2
На гары лён.

На гары лён, на гары лён, белы кужаль,

Валакністы, валакністы.

Не з кім стаці, не з кім стаці лён ірваці

І гукаці, і гукаці. (Гэты куплет паўтараецца пасля кожнага наступнага)

Мамка кажа, мамка кажа:- Я з табою,

З маладою , з маладою.

А мне з мамкай, а мне з мамкай а ні рвання,

Ні гукання, ні гукання.

Татка кажа, татка кажа: - Я з табою,

З маладою, з маладою.

А мне з таткам, а мне з таткам а ні рвання,

Ні гукання, ні гукання.

Сястра кажа, сястра кажа: -Я з табою,

З маладою, з маладою.

Мне з сястрою, мне з сястрою а ні рвання

Ні гукання , ні гукання.

Мілы кажа, мілы кажа: -Я з табою,

З маладою, з маладою.

А мне з мілым лён ірванне, лён ірванне і гуканне.

Дадатак 3

Танец “Церніца”


Музычны памер 2\4. Тэмп умерана хуткі. Выканаўцы (дзяўчаты), паклаўшы рукі адзін другому на плечы, станавіліся ў два кругі. Ідучы ў парах па крузе, яны выконвалі прытопы (імітуючы абіванне льну), адначасова папераменна падымалі і апускалі рукі (быццам церлі лён церніцай). Танец суправаджаецца прыпеўкамі:

А на вуліцы сама церніца трэ,

А да мяне сама дзеўчына ідзе!

А я тую церніцу паламлю,

А да сябе дзеўчыну прыгарну!

Дадатак 4

Дуня ж, наша Дуня
Дуня ж, наша Дуня

Тонкапраха была.

Тонкапраха была,

Тры дні нітачку віла.

У гадочак прасціночак,

У нядзельку нітачку.

Вот дзівятая вясна,

Яна не ставіла красна.

На дзісятая вясна

Дуня паставіла красна.

Скрозь гораду ткала,

Колам прабівала.

Ехалі казакі

Бог-помач казалі:

Памажы, Бог, Дуні

Рагожу даткаці.



  • Хоць вы казакі,

Дык вы дуракі.

Гэта ж тканіна – тонка парусіна.

Дадатак 5
Максім Багдановіч
СЛУЦКІЯ ТКАЧЫХІ
Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна, -

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна;

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі;

Цямнее край зубчаты бору...

І тчэ, забыўшыся, рука,

Замест персідскага узору

Цвяток радзімы васілька.



Літаратура:

1.Беларускі фальклор. Хрэстаматыя. Складальнікі: К.П.Кабашнікаў, А.С.Ліс, А.С.Фядосік, І.К.Цішчанка. Мн., “Вышэйшая школа”, 1996

2.А.Н.Курилович. Белорусское народное ткачество. Мн., «Наука и техника», 1981

3.У.М.Сысоеў. З крыніц прадвечных. Мн. “Вышэйшая школа”, 1997

4. “Этнаграфія Беларусі”. Энцыклапедыя. Мн. “Беларуская савецкая энцыклапедыя” 1989

Аналіз гэтага мерапрыемсва быў праведзены у форме круглага стала з удзелам настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў, на якім былі выказаны наступныя думкі:




  • гэта мерапрыемства дапамагло дзецям мэтанакіравана назапашваць непасрэдныя жыццёвыя ўражанні, развівала іх адчуванні і ўспрыманні;

(настаўніца пачатковых класаў Лышчык Ж.В.)

  • правадзенне гэтага мерапрыемства якраз накіравана на атрыманне асалоды ад бягучага імгнення, як бы самім лёсам заклікана да ўзвышэння ў сучаснай школе ролі жывога сузірання акаляючай рэчаіснасці;

( настаўніца гісторыі Сіняк Т.М.)

  • тое, што мы ўбачылі, глыбока і арганічна злучана з самім жыццём, з прыродай, з нацыянальнымі асаблівасцямі беларусаў, з выканаўчай дзейнасцю, з сапраўдным, арыгінальным мастацтвам;

(намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Залуцкі В.Ч.)

  • нам цікава было даведацца, як раней нашы бабулі апрацоўвалі лён;

( вучаніца 4-га класа Баранава В.)

  • мы бачылі гэтыя прылады працы ў нашым краязнаўчым кутку, але не ведалі, як іх выкарыстоўвалі.

( вучаніца 7-га класа Шашко В.)

  • такія мерапрыемствы вучаць нашых дзяцей з маленства з пашанай адносіцца да працы людзей, працавітасці, праўдзівасці, паважаць і ведаць традыцыі свайго народа;

( бацькі)





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка