Свята-турнір роднай мовы для трэціх класаў Алена Церашкова, Мінск Тлумачальны ліст




Дата канвертавання05.12.2017
Памер159.48 Kb.
Свята-турнір роднай мовы для трэціх класаў

Алена Церашкова, Мінск
Тлумачальны ліст

Ідэя правядзення свята роднай мовы ўзнікла ў мінулым годзе па выніках назірання за адукацыйным працэсам мінскай гімназіі №29.

Нягледзячы на добрую матэрыяльную базу школы і добры ўзровень выкладання ўсіх прадметаў, ва ўяўленні дзяцей беларуская мова заставалася на ўзроўні замежнай – з прычыны выкарыстання мовы толькі ў межах урокаў мовы і чытання.

Не маючы рэальных магчымасцяў пашырэння выкарыстання мовы падчас заняткаў, я вырашыла паспрабаваць правесці беларускае свята для паралелі трэціх класаў. Наш клас ужо меў станоўчы досвед правядзення беларускіх калядак, калі дзеці хадзілі па паралелі і калядавалі, зарабляючы цукеркі на калядны стол. Але сур’ёзным недахопам такой формы свята з’яўляецца, па-першае, пасіўнасць гледачоў, па-другое – прадказальнасць падзей для артыстаў. Так узнікла думка правесці свята, падчас якога гледачы не толькі пабачаць выступ сяброў па паралелі, але і праявяць сябе ў конкурсах на веданне мовы.

З мэтай паспрыяць пашырэнню ведаў навучэнцаў усе конкурсныя заданні былі абнародаваныя заранёў, настаўнікі самастойна памножылі тэксты заданняў і раздалі ўсім вучням, хаця меркаваўся ўдзел у турніры толькі 6 чалавек ад кожнага класа (1 пара на кожны з трох тураў).

Конкурсныя заданні былі скіраваныя не толькі на разуменне тэкста (конкурс загадак), веданне беларускай лексікі (конкурс перакладчыкаў), але і далі дзецям магчымасць паспрабаваць выказацца па-беларуску (тлумачэнне сэнсу прымавак).

Для сцэнара забаўляльнай часткі былі абраныя гумарыстычныя сцэнкі і песні, каб падкрэсліць натуральнасць і нязмушанасць, неафіцыйнасць беларускай мовы. Сітуацыі, прадстаўленыя артыстамі, адбываюцца на ўроку ці ў сям’і, што дазваляе з лёгкасцю уявіць сябе на месцы герояў і палягчае разуменне без пераклада.

Памоцны ўдзел бацькоў і дзяцей у падрыхтоўцы свята – развучванне роляў, выраб касцюмаў і рэквізіта, упрыгожванне залі – спрыялі ўмацаванню сувязяў сям’і і школы, выхаванню сяброўства і калегіяльнасці. Ад першага да апошняга моманту размеркаванне роляў і абавязкаў грунтавалася на добраахвотнай згодзе і ўласнай ініцыятыве. Віталіся дзіцячыя ідэі, але разам з тым прышчапляліся і першасныя арганізацыйныя (паводзіны за сцэнай, уменне прытрымлівацца сцэнара), самаарганізацыйныя (размеркаванне роляў унутры сцэнкі, самастойныя рэпетыцыі перад агульным прагонам) і сцэнічныя (маўленне, дыкцыя, пастава, рух, праца з мікрафонам, пабудова сцэны) навыкі.

Сапраўдным сюрпрызам як для гаспадароў-трацякласнікаў, так і для гасцей з паралельных класаў стаў выступ гурта архаічнай музыкі “Тутэйшыя”, якія сталіся сапраўднай разыначкай беларускасці – старажытныя строі, выдатная мова, незвычайная музыка вельмі спадабаліся і малым і дарослым.

Сталі дзеці і дарослыя і героямі інтэрв’ю: журналісты “БелАПАН”, “Нашай Нівы”, радыё “Свабода” бралі інтэрв’ю і ў арганізатараў, і ў артыстаў, і ў гледачоў, літаральна ў той жа вечар даўшы матэрыялы ў інтэрнэт:



http://www.svaboda.org/content/article/24592042.html (відэа);

http://nn.by/?c=ar&i=74147 ;

http://www.youtube.com/watch?v=fZAFUwz-4JY (відэа);

http://naviny.by/rubrics/society/2012/05/24/ic_media_video_116_6849/ ;

http://by.belapan.com/archive/2012/05/24/by_media_mova/ (відэа);

http://belsat.eu/be/wiadomosci/wideo/m,4400,sviata-bielaruskai-movy-u-stalichnai-ghimnazii-29.html ;

http://belsat.eu/be/wiadomosci/a,8473,nastaunitsa-2-ghadzinau-bielaruskai-movy-na-tydzien-niedastatkova.html (відэа);

http://dzietki.by/forum/weblog_entry.php?e=706 .

Свята ўдалося: дзеці адчулі, што могуць быць гаспадарамі сцэны, атрымалі досвед падрыхтоўкі і выступу, палепшылі мову і адчулі сваю адметнасць менавіта праз валоданне мовай, разняволіліся і пачуваліся свабодна, але паводзіліся адказна, не дапусціўшы ніякіх зрываў і накладак. А праз тыдзень паўтарылі свой выступ (ужо без конкурснай часткі) на бацькоўскім сходзе, прысвечаным вынікам навучання ў трэцім класе, сарваўшы самыя шчырыя авацыі.

Такім чынам, нашае свята спрыяла выхаванню свабоднай асобы, бо ў гульнёвай форме прышчапляла традыцыйныя каштоўнасці (мова, сяброўства, асабістая і калектыўная адказнасць, жаданне зрабіць нешта не толькі дзеля саміх сябе), спрыяла развіццю і разняволенню дзяцей усяго класа (на сцэну двойчы выходзіў кожны вучань, а шмат хто і часцей), дало магчымасць праяўляць ініцыятыву ў межах агульнай справы (касцюмы, рэквізіт і інш.), паказала ўдалы прыклад самарэалізацыі дзяцей (наш клас) і дарослых (група “Тутэйшыя”) праз беларускасць, лішні раз прадэманстравала дзецям, што беларуская мова можа спатрэбіцца ім не толькі дзеля напісання дыктоўкі, але і ў жыцці па-за ўрокамі (конкурс, выступ на сцэне, інтэрв’ю) і проста паказалі цэлы шэраг дарослых людзей, якія гаварылі па-беларуску не пра прыметнік і дзеяслоў, а на розныя тэмы (вядучы, адміністрацыя, музыкі, журналісты). Мы цалкам рэалізавалі схему “задумка – распрацоўка – увасабленне – рэфлексія”, не толькі атрымаўшы задавальненне ад высокіх адзнак дзяцей і дарослых, але і паставіўшы “планку” падрыхтоўкі мерапрыемстваў, па якой мусім раўняцца і самі, бо хацелі б не спыняцца на дасягнутым, працягваць далучаць дзяцей да беларускасці, менавіта ў гэтым рэчышчы раскрываць іх творчы і грамадскі патэнцыял.

Сцэнар свята-турніра
1. Уступ

Вядучыя (хлопчык і дзяўчынка):
- Прывітанне, сябры!

- Добрага дня!

- Мы запрашаем вас на свята – Міжнароднага дня роднай мовы.

- Але мы не будзем расказваць вам, як важна любіць сваю мову. Мы будзем разам з вамі весяліцца, спаборнічаць і проста спяваць.


2. Інсцэніроўка песні «Сеў камарык на дубочак» (спявае хор, чатыры ўдзельнікі паказваюць падзеі песні)

Словы (народныя):


Сеў камарык на дубочак,

На зялёненькі лісточак.

Ай, люлі-люлі-люлі,

На зялёненькі лісточак.


Ён сядзіць ды напявае,

Чорных мушак забаўляе!

Ай, люлі-люлі-люлі,

Чорных мушак забаўляе.


Наляцела злая бура,

Камара з лісточка здзьмула.

Ай, люлі-люлі-люлі,

Камара з лісточка здзьмула.


Ён ляжыць сабе, не дыша,

Ручкай-ножкай не калыша.

Ай, люлі-люлі-люлі,

Ручкай-ножкай не калыша.


Тут дзве мушкі прыбягалі,

Камара пад ручкі бралі.

Ай, люлі-люлі-люлі,

Камара пад ручкі бралі.


Камара пад ручкі бралі,

Падымалі, ратавалі.

Ай, люлі-люлі-люлі,

Падымалі, ратавалі.


Пасадзілі на дубочак,

На зялёненькі лісточак.

Ай, люлі-люлі-люлі,

На зялёненькі лісточак).





Вядучы: А цяпер уявіце сабе: звычайны дзень, звычайная школа, звычайны клас.
3. Сцэнка «На ўроку» (аўтар – Алена Церашкова)

7 удзельнікаў
Заходзіць 1 вучань. Насустрач 2 вучань.
1 вучань: Прывітанне! Чаму ты ўчора не быў у школе?

2 вучань: Мой старэйшы брат захварэў!

1 вучань: А ты тут пры чым?

2 вучань: А я катаўся на ягоным веліку!
Садзяцца на край сцэны, заходзяць 3 вучань і 4 вучань.
3 вучань: Салют! А ты хатняе заданне зрабіў?

4 вучань: Не, у мяне тата ў камандзіроўку з’ехаў!
З вучань раскрывае сшытак, 4 вучань зазірае.
4 вучань: Ого! Як прыгожа напісана! Хто гэта табе зрабіў заданне?

3 вучань: Не ведаю! Я ўчора рана пайшла спаць!
Садзяцца на край сцэны. Заходзяць 5 вучань і 6 вучань.
5 вучань: Здароў! Ты ўсё вывучыў?

6 вучань: Так!

5 вучань: Тады будзеш мне падказваць!

6 вучань: Не буду! Настаўнік кажа, калі падказваюць, адзнака ніжэй на бал!

5 вучань: Правільна! Ты падкажаш на 10, ён паставіць 9. А калі ты не падкажаш, ён паставіць 2!
Садзяцца. Заходзіць настаўнік.
Настаўнік: Добры дзень. Сядайце. І сядзіце ціха, каб я чуў, як муха праляціць!
Настаўнік глядзіць у журнал, вучні круцяцца ва ўсе бакі, нешта выглядаюць. Нарэшце 1 вучань не вытрымлівае.
1 вучань: Антон Антонавіч! Ну калі вы ўжо вашую муху выпусціце?

Настаўнік (захлопвае журнал): Якую муху? Ты зноў не даеш класу займацца! Шкада, што ты так рэдка прапускаеш школу!

2 вучань: А вы нам адзнакі за сачыненне скажаце?

Настаўнік: Тваё сачыненне слова ў слова паўтарае тое, што напісаў у мінулым годзе твой старэйшы брат.

2 вучань: Нічога дзіўнага! У нас з ім сястра адна на двух!

Настаўнік: А ты, Аліна, скажы: як адзін чалавек можа зрабіць столькі памылак?

3 вучаніца: Я не адна! Мы з мамай!

Настаўнік: Ах, з мамай! Тады хай заўтра ў школу прыйдзе твая бабуля! Я пакажу ёй, якія памылкі робіць яе дачка ў тваіх сшытках! Пачнем урок! Слава, колькі ты ведаеш частак свету?

6 вучань (падказвае): Пяць!

5 вучань (глядзіць на суседа, той паказвае на пальцах): Пяць!

Н. - Пяць? Пералічы, калі ласка.

5 вучань: Адзін, два, тры, чатыры, пяць!

Настаўнік (махае рукой): Сядай, геній! Саша, дзе знаходзіцца Панамскі канал?

4 вучань: Не ведаю! У нашым тэлевізары такога няма!

Настаўнік: І адкуль вы ўсе ўзяліся на маю галаву!

1 вучань: Мяне аіст прынёс.

2 вучань: Мяне ў краме купілі.

3 вучань: Мяне ў капусце знайшлі.

4 вучань: А мяне з інтэрнэта сцягнулі.
Звініць званок. Усе сыходзяць.
4. Сцэнка «Вось дык спісаў» (аўтар – Алена Церашкова)

3 удзельнікі
Выходзяць на сцэну дзве дзяўчынкі.
1 дзяўчынка: Вось якія вучні бываюць! Добра, што ў нашым класе такіх няма! (Садзіцца за парту, дастае сшытак.) Вось скажы, табе падабаецца хадзіць у школу?

2 дзяўчынка: Вельмі падабаецца! (Садзіцца за парту, дастае сшытак.) І ў школу хадзіць падабаецца, і са школы хадзіць падабаецца! Але паміж прыходам і сыходам столькі часу губляецца!
Дзяўчынкі пішуць ў сшытках. Выходзіць хлопчык.
Хлапчык: Як добра, што ў школе ёсць перапынкі! Праўда, сёй-той і на перапынку нешта піша. Дзяўчынкі, вы што пішаце?

1 дзяўчынка: Сачыненне.

2 дзяўчынка: Як я правяла канікулы.

Хлопчык: Дайце спісаць!

1 дзяўчынка: Сам напішы!

2 дзяўчынка: У цябе ж былі канікулы?

Хлопчык: Я ўсе канікулы дома матэматыкай займаўся! Ну, дайце спісаць, калі ласачка!

1 дзяўчынка: Ладна, спісвай!

2 дзяўчынка: Добра, спісвай!
Устаюць, адыходзяць на край сцэны. Хлопчык пачынае спісваць то з аднаго, то з другога сшытка.
1 дзяўчынка: Я на канікулах была ў Егіпце!

2 дзяўчынка: Крута! А я была на поўначы, бачыла Ледавіты акіян.

1 дзяўчынка: Вой, як цікава! (Да хлопца.) Ну што, спісаў?

Хлопчык (заканчвае пісаць, аддае сшыткі): Дзякуй, дзяўчаты! Я вам зараз пачытаю, што атрымалася!
Чытае сачыненне: «Як я правеў канікулы». Мы з татам на канікулах ляталі ў Егіпет. Гэта на поўначы, за Палярным кругам. Я ўзяў з сабою маску і ласты, каб плаваць у моры, а таксама валёнкі, футра, шапку і рукавіцы, каб не мерзнуць. У Егіпце паўсюль неабсяжныя пустыні, белыя ад снега. Пасярод пустыні я бачыў піраміды. А непадалёк белы мядзведзь лавіў у палонцы рыбу. Мы каталіся на вярблюдах і паўночных аленях, елі фінікі і дзікую марошку. Жылі мы на беразе Белага мора, а купацца хадзілі на бераг Чырвонага мора. Я стаў карычневы, як шакаладка, толькі вушы ледзь не адмарозіў. На наступны год я зноў хачу паехаць у Егіпет, каб здабыць маржа!

1 дзяўчынка: Малайчына!

2 дзяўчынка: Дзясятку атрымаеш!
Утраіх сыходзяць за сцэну.
5. Турнір сярод вучняў



Відэа з турніру: http://www.youtube.com/watch?v=fZAFUwz-4JY
1 тур - выразна прачытаць і адгадаць вершаваныя загадкі (аўтар – Алена Церашкова):


Каляровыя браткі

Носяць з дрэва кажушкі.

Мы завострым ім галоўкі,

Каб маглі пісаць… алоўкі.


Кола рэжу напалам,

Кола мажу маслам сам,

І гатовы мой сняданак!

Што за кола? Абаранак.


У кубку малако стаяла,

Паўдня на спёцы сумавала.

Пра малако ўзгадала Маша.

Пакаштавала – сыракваша.


Будзе дождж – ды што за страх,

Я нясу з сабою дах!

Як пачую кропляў звон,

Раскрываю… парасон.

Шарыць доўгай сквапнай лапай

Пад сталом і пад канапай,

Пыл збірае ў мяшок

Працавіты… пыласмок.


Па талерцы на стале

Дзіўны карабель плыве:

Чарпане ваду бартом –

Сустракаецца са ртом.

Што гэта? Падумай крышку.

Здагадаўся? Гэта – лыжка.


Як я з вуліцы прыйду –

Вопратку туды складу,

Каб з-за бруду ды з-за плямаў

Не перажывала мама.

Вечка шчыльна прыціскаю,

Парашку дам - і ўключаю.

Хутка справіцца павінна

З брудам… пральная машына.


Бруд адмыць, вядома ж, мала.

Каб усё прыгожым стала,

Стрэлачкі на нагавіцах

І аборкі на спадніцах,

Стужкі, што ўпляцеш у косы,

І фіраначкі ў палосы

Я разгладжу, дай мне час!

Я – бабулін сябра… прас.

Шафа белая жывая

Холад у сабе трымае.

Прачынаецца ўночы

І пад нос сабе буркоча:

- У мяне пастаўце ежу –

Зберагу я ежу свежай,

Будзе ў вас парадак поўны,

Калі спраўная… лядоўня.


Кожны дзень са зброяй гэтай

Я палюю на катлеты.

З першай спробы ў іх пацэліць

Вастразубы мой… відэлец.

Як паспее распаліцца,

Дык пачне шыпець-сварыцца.

Чуеш, пах ідзе з варэльні?

Смажыць бульбачку… патэльня.


Спрытная сястра алоўка

У руку кладзецца лоўка,

Піша ў сшытку чыста, гладка

Мая сіняя… асадка.


Уночы ціхенька бурчыць,

А зранку пеўнем пракрычыць.

Каб не праспаў я, сочыць пільна

Надзейны сябра – мой… будзільнік.


Бягу – пад ногі не гляджу.

Ўвесь лёд малюнкам распішу!

Імчаць мяне ўздоўж ракі

Мае сталёвыя… канькі.


Гэтыя браты-блізняты

Ёсць і ў сына, ёсць і ў таты.

Носяць доўгія вусы,

Крэмам пэцкаюць насы,

Парай быць заўсёды звыклі,

А завуцца – чаравікі.




2 тур - знайсці часткі прымавак і патлумачыць іх сэнс.
3 тур - перакласці словы з беларускай на рускую і наадварот.
6. Песня-танец «Пудзіла»

Вучань выконвае песню «Пудзіла» (музыка В.Сарокіна, словы У.Мазго), трое ўдзельнікаў - варонаў танчаць.
Словы:

Бараніць сябрам гароды буду я ад рознай шкоды:

Авіяцыі птушынай, артылерыі мышынай.

Нездарма мяне тут дзеці змайстравалі сёння ўвечар,

Ажывілі, апранулі і да неба павярнулі.
Прыпеў:

Я стаю, я стаю. я стаю ў капелюшы

Вартавым, вартавым, вартавым каля мяжы.

Капялюш мой саламяны мае розныя заганы,

Ды няма іх, ды няма іх у душы.
Я – вясёлы чалавечак, не баюся жартаў, спрэчак.

До-рэ-мі – спяваю ноты ад раптоўнай адзіноты.

Аднаго, сябры, баюся: што адзін я застануся.

Бо нялёгка ды няпроста мне без нашага сяброўства!


Прыпеў.
7. Выступ гурта архаічнай музыкі «Тутэйшыя»

(сайт гурта: http://vk.com/club38763133)


8. Уручэнне падарункаў…
Вядучыя:

- А я з усіх школьных прадметаў найбольш люблю званок!

- І я таксама!

- Заканчваюцца ўрокі, мы вяртаемся дахаты.

- А дома нас ужо чакаюць бацькі.
9. Сцэнка «Пасля школы» (аўтар – Алена Церашкова)

8 удзельнікаў
Выходзіць 1 мама, падмятае падлогу. Выходзіць 1 дачка, ідзе да мамы.
1 дачка: Прывітанне, мама!

1 мама: Прывітанне. Як справы ў школе?

1 дачка: Добра!

1 мама: Пакажы дзённік!

1 дачка: Няма чаго глядзець, там усяго адна двойка!

1 мама (хапаецца за сэрца): Усяго адна?!

1 дачка: Ды не хвалюйся так! Заўтра яшчэ прынясу!
Выходзіць 1 тата, садзіца чытаць газету. Заходзіць 1 сын, ідзе да таты.
1 сын: Прывітанне, тата!

1 тата: Прывітанне! Як поспехі?

1 сын: Тата, а слабо табе распісацца з заплюшчанымі вачыма?

1 тата: Распісацца?

1 сын: Ага!

1 тата: З заплюшчанымі вачыма.

1 сын: Вось-вось!

1 тата - Без праблем!

1 сын: Тады зрабі гэта ў маім дзённіку.
Ззаду засланяе рукамі вочы, тата распісваецца, тады сын імкнеццца выхапіць дзённік, але тата прыціскае рукамі, глядзіць.
1 тата: Ізноў два! Ну што трэба зрабіць, каб ты перастаў прыносіць двойкі?

1 сын - Пагавары з настаўніцай, хай перастане выклікаць мяне да дошкі!
Выходзяць 2 мама і 2 сын, мама з люстэркам, фарбуе вусны.
2 сын: Мама, скажы, гэта справядліва? Чалавек нічога не зрабіў, а яго пакаралі!

2 мама: Напэўна, несправядліва. Але раскажы, у чым была справа?

2 сын: Настаўніца спыталася, што я зрабіў дома па матэматыцы. А я нічога не зрабіў!

2 мама: А да дошкі цябе сёння выклікалі?

2 сын: Ага. А заўтра выклікаюць цябе!
Раззлаваны 2 тата і 2 дачка.
2 тата: Ты зноў прапусціла школу! Я хачу ведаць, чаму!

2 дачка: У настаўніцы было свята, дзень народзінаў. Я дала ёй ад мяне адпачыць!

2 тата: Я хачу ведаць, калі ты выправіш свае адзнакі!

2 дачка: Як толькі настаўніца пакіне журнал без нагляду!

2 тата: Чым далей – тым болей! Хоць бы адна добрая навіна!

2 дачка: Ёсць добрая навіна! За падручнікі ў наступным годзе плаціць не трэба!

2 тата: Чаму гэта?

2 дачка: Падобна, што ў наступным годзе я ізноў пайду ў трэці клас!
***
Вядучыя:

- Вось такая яна, родная мова! Прыгожая і мілагучная, дасціпная і вясёлая!

- А найлепей прыгажосць нашай мовы раскрываецца ў песнях.
10. Фінальная песня «Спяваем разам»

Вучань з хорам выконвае песню з рэпертуару дзіцячай вакальна-эстраднай студыі пры арт-групе «Беларусы».


Тэкст

Што было і марамі і снамі –

Ўсё збылося ў вясенюю пару.

Мы спяваем, і музыкі з намі.

З намі маладая Беларусь!
Прыпеў:

Спяваем разам нашу песню пра светлы беларускі дом.

Вясна і радасць у нашых сэрцах, і мы да сонейка ідзём.

Спяваем разам нашу песню, і свеціць нам вясёлы дзень.

Вясна і радасць у нашых сэрцах. і сонейка да нас ідзе!
Свята набліжаем дружнай працай.

Справай акрыляемся мы ўсе.

У мастацтве – велічным палацы –

Мы не здрадзім велічнай красе!


Прыпеў.
Лёсу непаўторнымі шляхамі

кожны пойдзе у сваім жыцці.

Ды святая бацькаўшчына з намі.

Толькі з ёю шчасце нам знайсці!


Прыпеў.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка