Сяргей Кавалёў пацалунак ночы п’еса­казка ў 2­х дзеях




Дата канвертавання23.12.2017
Памер373.54 Kb.


Сяргей Кавалёў

ПАЦАЛУНАК НОЧЫ
П’еса­казка ў 2­х дзеях

АСОБЫ
Рыгорка — хворы хлопчык.

Лера — хворая дзяўчынка.

Клоун Клаус — проста з Нямеччыны.

Санта — белы пацук.

Матчына Душа.

Смерць.

Хвароба.


Большы Пацук

Меншы Пацук

Алхімік.

Двухгаловы

Чатырохрукі

Малпа.


Вартаўнік Сада.

Медсястра.

Дзеці ў больніцы.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ


З’ява першая
Ноч. Бальнічная палата. На ложках неспакойна спяць хворыя дзеці.
1­ы Хлопчык. Мне баліць! Баліць!

2­і Хлопчык. Хачу вады! Хачу ўбачыць белы снег!

Дзяўчынка. Мама, забяры мяне дадому!
Між ложкаў узнікае постаць жанчыны ў чорным убранні. Гэта сама Смерць. Яна ўважліва аглядае хворых дзяцей, потым нахіляецца над 1­ым Хлопчыкам і цалуе яго ў лоб.
2­і Хлопчык (трызніць). Чорныя дрэвы, чорны снег... Пацукі! Вялізныя шэрыя пацукі!

Дзяўчынка (праз сон). Я вып’ю ўсе лекі, якія загадаеш, мама. Толькі не пакідай мяне адну.


Смерць нахіляецца над 2­ім Хлопчыкам і цалуе яго. Потым накідае сабе на галаву капюшон плашча і ціха адыходзіць.
(Плача.) Мне страшна! Забярыце мяне адсюль!


З’ява другая
Раніца. Бальнічная палата. З’яўляецца Медсястра, яна вядзе за сабой Рыгорку. Спыніўшыся каля аднаго з вольных ложкаў, Медсястра кладзе Рыгоркавы рэчы на тумбачку.
Медсястра. Вось твой ложак, хлопча. (Гладзіць Рыгорку па галаве.) Не журыся. Заўтра табе зробяць аперацыю, і ты паправішся.
Медсястра мяняе на ложку пасцель. Рыгорка насцярожана аглядае палату.
Дзяўчынка (высоўваецца з­пад коўдры). Новы? (Да Медсястры.) А дзе хлопчык, які спаў на гэтым ложку ўчора? (Аглядае палату.) І дзяўчынка з суседняга ложка?

Медсястра (схаваўшы вочы). Іх перавялі ў іншую палату. Цяпер тут будзе спаць Рыгорка.

Дзяўчынка. А чаму іх перавялі ў іншую палату?

Медсястра (раздражнёна). Перавялі, бо так трэба было. (Да Рыгоркі.) Пазнаёмся, Рыгорка: гэта Лера. Добрая дзяўчынка, але... занадта цікаўная.

Дзяўчынка (задзірыста). Проста я хачу ведаць праўду, а тут ніхто праўды не гаворыць!

Медсястра (ненатуральна бадзёрым голасам). Дзеці, вас чакае сёння сюрпрыз. Да вас проста з Нямеччыны прыехаў клоун Клаус. Ён пакажа вясёлыя цыркавыя сцэны, а потым кожнаму дасць падарунак.

Дзяўчынка (да Рыгоркі). Падумаеш, клоун! Мы з татам шмат разоў бачылі іх у цырку. А твае бацькі вадзілі цябе ў цырк?

Рыгорка (ціха). Не. Я ніколі не бачыў сапраўдных клоу­


наў.
Дзверы адчыняюцца, і ў палату праціскваецца клоун Клаус з пакункамі і торбамі. На ланцужку ён цягне за сабой вялізнага белага пацука, празванага Сантам.
Клаус (весела). Hallo!

Дзяўчынка (спалохана). Пацук! (Хаваецца пад коўдру.)

Клаус. Nein, nein! Гэта незвычайны пацук. Па­першае, ён белы. А па­другое, выхаваны і адукаваны. Hoppla! (Клоун пстрыкае пальцамі, і пацук кланяецца.) Мяне завуць Клаус. А майго пацука — Санта. А разам мы: Санта Клаус. Праўда, смешна? Калі нямецкія дзеці чуюць нашыя імёны, яны адразу ўсміхаюцца. А калі нас з Сантам бачаць — проста рагочуць.
Медсястра хмыкае, але хуценька спахапляецца. Дзяўчынка вылазіць з­пад коўдры.
Медсястра (строга). Якія нявыхаваныя дзеці!

Клаус (пагаджаецца). Ja, нявыхаваныя. І зашмат гля­


дзяць тэлевізара. Але добрыя. Гэта яны сабралі падарункі для хворых беларускіх дзетак. (Здымае з шыі пацука ланцужок і аддае яму ў лапкі.) Hoppla!
Санта скача праз ланцужок, як праз скакалку. Медсястра і дзеці пляскаюць у далоні. Клаус тым часам вымае з торбы бубен і вялізныя кубікі, на якіх намаляваныя лічбы і літары.
Санта ўмее не толькі скакаць праз ланцужок, алe i хадзіць на пярэдніх лапках. Hoppla! (Пстрыкае пальцамі.)
Пацук, кінуўшы ланцужок, ходзіць на пярэдніх лапках.
O, гэта вельмі разумны пацук. Яшчэ ён умее пісаць. (Пстрыкае пальцамі.) Санта, складзі слова... (Шэпча пацуку нейкае слова.)
Санта падбягае да кубікаў і складае слова.
Хто з вас, дзеці, умее чытаць?
Дзеці падымаюць рукі.
Gut. Якое слова склаў Санта?
Дзеці маўчаць. Клоун стаіць да кубікаў спінай і таму не бачыць напісанага слова. Медсястра шматзначна пакашлівае. Клоун паварочвае галаву і бачыць кітайскія іерогліфы.
(Сканфужана.) Санта, па­беларуску!
Пацук хуценька мяняе кубікі і складае патрэбнае слова.
Дзеці і Медсястра (разам). Ма­ма!
Медсястра пляскае ў далоні.
Дзяўчынка (да Рыгоркі). Просты фокус! У цырку гэта рабіў сабака.

Клаус. А яшчэ Санта ўмее лічыць. Hoppla! (Пстрыкае пальцамі.)


Пацук сядае і бярэ ў лапкі бубен.
Санта, колькі ў пацука лапак?
Пацук б’е ў бубен чатыры разы.
Дзяўчынка. Зусім просты фокус!

Медсястра (паглядзеўшы на Дзяўчынку). Сапраўды. Мо­


жа, ён палічыць нешта больш складанае?

Клаус. Gut (падміргвае пацуку). Санта, колькі зорак на сцягу Еўрапейскага Звязу? (Паказвае сцяжок.) Wieviel?


Пацук як заведзены лупіць у бубен, выбіваючы гімн Еўразвязу.
Медсястра (закрыўшы вушы). Усё, дзецям трэба рыхтавацца да працэдур!

Клаус. Gut. Тады апошняе пытанне: простае, але вельмі важнае. Санта, колькі падарункаў мы прынеслі?


Пацук б’е ў бубен тры разы.
Медсястра. Ой, я забылася папярэдзіць... (Падыходзіць да клоуна і нешта шэпча яму на вуха.)

Клаус. Mein Gott! Ja, ja, разумею... (Вымае з пакунка вялізную ляльку і аддае Леры.) Гэта табе, дзяўчынка. Bitte.

Дзяўчынка (важна). Увогуле, я ўжо дарослая. Але лялька мне падабаецца. Зусім як жывая. (Занепакоена да Медсястры.) Яе не перавядуць у іншую палату?
Клоун вымае з наступнага пакунка пажарную машыну і працягвае Рыгорку.
Клаус. А гэта табе, хлопчык.

Рыгорка (хавае рукі за спіну). Я не хачу пажарнай машыны. Я хачу ліхтарык.

Клаус (здзіўлена). Ліхтарык? Taschenlampe? Такая дробязь... (Пакапаўшыся ў торбе.) Але ў мяне няма з сабой ліхтарыка.

Медсястра (строга да Рыгоркі). Які яшчэ ліхтарык? Навошта ён табе?

Рыгорка. Я баюся цемры. Бабулька заўсёды клала мне ў ложак ліхтарык.

Дзяўчынка. Хі­хі!

Клаус (разводзіць рукамі). Tut mir Leid. (Разгублена глядзіць на Рыгорку, на Медсястру, на пацука Санту.)
Пацук таксама зазірае ў торбу і разводзіць лапкамі.

(Да Рыгоркі.) Заўтра раніцай мы ад’язджаем дадому, у Нямеччыну. Але калі ты хочаш...

Медсястра (перапыняе клоуна). У больніцы ліхтарыкі не дазволены. (Хапае з рук Клауса пажарную машыну і аддае Рыгорку.) Бяры пажарную машыну. (Загадным голасам.) Усё, цырк скончаны, час развітвацца. Дзеці, падзякуйце нашаму госцю за падарункі.

Дзеці (нясмела). Дзя­куй...
Санта спрытна збірае кубікі ў торбу, клоун прымацоўвае да пацуковай шыі ланцужок. Забраўшы торбы і трэці, неаддадзены пакунак, Клаус і Санта адкланьваюцца.
Клаус. Хутчэй выздараўлівайце, дзеці! Мы да вас яшчэ прыедзем. Tschüs!
Медсястра ветла, але настойліва выштурхоўвае гасцей з палаты.
Медсястра (да дзяцей). Зараз будзе сняданак. (Знікае за дзвярыма).

Дзяўчынка (да Рыгоркі). Ты яе не бойся, яна толькі ўдае, што строгая. (Разважліва.) Такая ў яе праца.

Рыгорка (пакрыўджана). Я нічога не баюся. Толькі цемры... крышачку.

Дзяўчынка (уважліва разглядае Рыгорку). Ты мне падабаешся. Бо не надзімаешся, як іншыя хлопцы.

Рыгорка. Дзякуй. З табой таксама можна вытрымаць... (Паспешліва папраўляецца.) Я хацеў сказаць — сябраваць.

Дзяўчынка (строга). Толькі давай дамовімся: ніколі не хлусіць адзін аднаму.

Рыгорка. Давай. Я ніколі не хлушу. (Шчыра.) Амаль.

Дзяўчынка. Добра. Я мушу адкрыць табе страшную таямніцу, Рыгорка. (Шэптам.) Хлопчык, які спаў на тваім ложку, і ягоная суседка — іх не перавялі ў іншую палату. Яны памерлі.



З’ява трэцяя
Ноч. Бальнічная палата. На ложках спяць хворыя дзеці.
Дзяўчынка (абняўшы ляльку, праз сон). Не бойся, я цябе нікому не аддам.
У палаце з’яўляецца Матчына Душа. Яна набліжаецца да ложка, на якім спіць Рыгорка, і нахіляецца над хлопчыкам.
Матчына Душа (ціха). Рыгорка, хлопчык мой, прачніся.

Рыгорка. Бабуля?.. Я не хачу ўставаць, мне ўсё баліць.

Матчына Душа. Я прынесла табе лекі, сынок. Яны ўратуюць цябе ад Смерці.

Рыгорка. Якія лекі? (Працірае вочы.) Ты не бабуля?

Матчына Душа. Вазьмі гэты Срэбны Лісток з Чароўнага Сада. І што б ні здарылася — не выпускай яго з рук. (Кладзе соннаму хлопчыку ў руку Срэбны Лісток.)

Рыгорка. Хто ты? Твой голас такі знаёмы...

Матчына Душа (усхвалявана). Яна набліжаецца! Памятай, што б ні здарылася — не выпускай з рук Срэбны Лісток. (Знікае.)
Рыгорка засынае, заціснуўшы ў кулачку Срэбны Лісток. Праз нейкі час дзверы ў палату прыадчыняюцца і крадком уваходзяць клоун Клаус з пацуком Сантам.
Клаус (шэптам). Стой ля дзвярэй, Санта. Каб толькі не разбудзіць Медсястру. Пакладзём ліхтарык хлопчыку пад падушку і хуценька знікнем. (Нахіляецца над Рыгоркавым ложкам, каб ціхенька пакласці ліхтарык пад падушку.)
Нечакана пацук з пранізлівым віскатам хаваецца пад Дзяўчынчын ложак.
Клаус. Што такое? Нас заўважылі? Scheiße! (Хаваецца за Рыгоркаў ложак.)
У палаце з’яўляецца Смерць. Яна падыходзіць да Дзяўчынкі, нахіляецца над ёй і цалуе ў лоб. Потым накіроўваецца да Рыгоркі. Наблізіўшыся, нахіляецца над хлопчыкам, але раптам адскоквае, нібы аблітая кіпенем. Пацук Санта вішчыць ад страху, клоун Клаус запальвае ліхтарык. Рыгорка прачынаецца і сядае ў ложку.

Смерць. Гэтага не можа быць! (Глядзіць на сціснуты хлопчыкаў кулачок.)

Рыгорка. Хто тут?

Клаус (уражаны). Mein Gott! Гэта сама Смерць!

Смерць (уладным голасам). Ціха! Досыць віскатаць, неразумнае стварэнне! (Пстрыкае пальцамі.)
Санта паслухмяна вылазіць з­пад ложка.
(Да Клауса). А ты патушы свой ліхтарык, блазен. (Узмах­
вае рукой, ліхтарык гасне, а палата напаўняецца таямнічым зялёным святлом. Да Рыгоркі.)
Пакажы, што ў цябе ў руцэ, хлопчык.
Рыгорка расціскае кулачок і здзіўлена глядзіць на Срэбны Лісток. Потым працягвае Срэбны Лісток Смерці. Смерць спалохана адыходзіць на некалькі крокаў назад, не зводзячы вачэй з Лістка.
Клаус (зрываецца з месца). Verschwinde! Verschwinde! Прэч, пачвара! Пакінь хлопчыка ў спакоі! (Спрабуе стаць паміж хлопчыкам і Смерцю.)
Смерць робіць знак рукой, і Клаус нерухома застывае на месцы.
Смерць. Супакойся, блазен. Пакуль у ягоных руках гэты лісток — Смерць яму не страшная. (Недаверліва.) Падумаць толькі, сапраўдны Срэбны Лісток з Дрэва Жыцця, якое расце ў Чароўным Садзе. Даўно я не бачыла яго ў гэтым свеце. (Да Рыгоркі.) Адкуль ён у цябе?

Рыгорка. Не ведаю. (Разглядае Лісток у сваёй руцэ.) Свеціцца, як ліхтарык.

Смерць (задумліва). А я, здаецца, ведаю. (Робіць ледзь прыкметны знак рукой.)
З’яўляецца Матчына Душа.
Ты гэта зрабіла?

Душа Маці (са страхам). Так.

Смерць. Разумееш, што цябе за гэта чакае?

Душа Маці (плача). Так. Смерць без збавення.

Смерць. І не шкадуеш?

Душа Маці. Не. Рыгорка — мой сын.

Смерць. Што ж, хадзем. Ты зрабіла свой выбар. (З Матчынай Душой адыходзіць, але нечакана вяртаецца. Да Клауса.) Паслухай, блазен. (Робіць знак рукой у бок клоуна.) Я даўно за табой назіраю, і мне вельмі смешна. Але не ад тваіх бяздарных жартаў і фокусаў. Я ведаю, хто ты ў сапраўднасці і адкуль твой клопат пра хворых дзетак. Твая спагада і падарункі не дапамогуць ім. Але я дам табе шанец выкупіць сваю віну. (Паказвае на дзяўчынку.) Гэтая дзяўчынка памерла.
Клоун інстынктыўна робіць некалькі крокаў у бок Дзяўчынкі.
Але калі ты згодны памяняць сваё жыццё на яе — яна ажыве. Яна зноў будзе смяяцца, гуляць з лялькай, спяваць бязглуздыя песенкі. (Махае рукой.)
Дзяўчынка ўздымаецца з ложка і пачынае спяваць, абняўшы
ляльку.
Дзяўчынка

Разбудзіце маму!

З ёй пайду я ў краму,

Там куплю для мамы

Аж тры кілаграмы

Пернікаў мядовых,

Вішанек цукровых.

Толькі б сёння маму

Мне завесці ў краму!1

Рыгорка (усхвалявана). Яе завуць Лера. Яна добрая дзяў­


чынка, хоць і задавака. Не трэба яе нікуды забіраць!

Дзяўчынка

Лю­лі, лю­лі, гушкі

Спі, мая дачушка.

Коўдрай накрывайся,

Хутка папраўляйся.

Лю­лі, лю­лі, трэба спаць,

Каб здаровенькаю стаць.

Пойдзем мы на двор гуляць,

Будзем кветачкі збіраць...

Смерць (да Клауса). Твой адказ, прафесар.

Клаус (разгублена). Так раптоўна... я ж зусім яе не ведаю... а іншыя дзеці... а мой фонд міласэрнасці...

Смерць (пагардліва). Усё зразумела: і з табой, і з тваёй міласэрнасцю. (Уздымае руку.)
Нечакана пацук Санта падбягае да дзяўчынкі, вырывае ў яе з рук ляльку і працягвае Смерці.
(Усміхаецца, зразумеўшы прапанову Санты.) Не, такі абмен немажлівы. Але ты мне падабаешся, наіўнае стварэнне. Буду рада вітаць цябе ў сваіх уладаннях.
Спалоханы пацук хаваецца за клоуна. Смерць робіць знак рукой і дзяўчынка нежывая падае на ложак.
Клаус (бездапаможна). Пачвара, ненавіджу цябе, ненаві­
джу! Du Ungeheuer!

Рыгорка (да Смерці). Ты злая. Навошта ты загубіла Леру?

Смерць. Ты памыляешся, Рыгорка. Яе загубіла Хвароба. Я толькі выконваю сваю працу. Павер, у маіх уладаннях ёй будзе лепш, чым на бальнічным ложку. А потым...

Рыгорка (нечакана). Хочаш, я аддам табе Срэбны Лісток? А ты вярні Леру.

Матчына Душа (роспачна). Не!

Смерць. Я не магу яго ўзяць, хлопча: ён мне не нале­


жыць. І ён не выратуе Леру, бо твая маці сарвала яго для цябе. (Сурова.) І цяпер дорага за гэта заплаціць.

Рыгорка. Але я яго вярну! Каму я магу яго вярнуць, скажы?

Матчына Душа (плача). Не! Не трэба!

Смерць. Ты можаш вярнуць яго ў Чароўны Сад. Срэбны Лісток пакажа табе дарогу. (Задумліва.) Але гэта вельмі небяспечны шлях: праз уладанні Хваробы, праз сховішча Алхіміка... Наўрад ці ты дойдзеш, Рыгорка.

Клаус. Не вер ёй, хлопчык! Яна хлусіць, яна заваблівае цябе ў пастку!

Смерць. Дзіўныя людзі... Не я вінаватая ў тым, што адбываецца. Я толькі выконваю сваю працу і... (Пазяхае.)


І нават стамілася. Бывай, Рыгорка. (Разам з Матчынай Душой знікае з палаты.)

Рыгорка (пасля працяглага маўчання). Жанчына, якая прынесла мне Срэбны Лісток... Гэта была мая маці!

Клаус. Ты яе не пазнаў?

Рыгорка. Я ніколі яе не бачыў.




З’ява чацвёртая
У пакінутым людзьмі доме. На падлозе валяюцца старыя газеты і часопісы, некалькі парожніх бутэлек. Праз незачыненыя дзверы ўлятае Срэбны Лісток. Услед за ім уваходзяць клоун Клаус, Рыгорка і пацук Санта. Пацук падазрона прынюхваецца.
Рыгорка. Нікога няма ў гэтым доме.

Клаус. Нікога няма ва ўсім горадзе. Людзі пакінулі яго, ратуючыся ад хваробы.

Рыгорка. Жахлівае месца!

Клаус. Ja, непрыемнае. Але Срэбны Лісток прывёў нас акурат сюды.


Рыгорка працягвае руку, і Срэбны Лісток апускаецца яму на далонь.
Рыгорка (стомлена). А цяпер ён хоча адпачыць з да­
рогі.

Клаус (зірнуўшы на хлопчыка). Я зусім забыўся, мой хлопчык, што ты хворы. Застанемся тут на начлег. (Скідае заплечнік і ладзіць са старых газет і часопісаў месца для начлегу.)

Рыгорка. Я баюся спаць у пакінутым людзьмі доме.

Клаус. Не бойся. Санта будзе ахоўваць наш сон. (Пстрыкае пальцамі і падзывае да сябе пацука. Вымае з кішэні свісток на бліскучым ланцужку і вешае Санце на шыю.) Санта, застанешся за вартаўніка. Калі адчуеш небяспеку, свішчы як мага ў гэты свісток. Pfeife darauf!


Пацук з цікавасцю разглядае свісток. Клаус і Рыгорка ўладкоўваюцца спаць на газетах.

Рыгорка. А ліхтарык?

Клаус. Augenblick! Вось ён. (Вымае з заплечніка ліхтарык і аддае хлопчыку.)
Праверыўшы, ці працуе літарык, хлопчык кладзе яго побач з сабой.
Рыгорка. Цікава, што цяпер робіць мая бабуля?

Клаус (зірнуўшы на гадзіннік). Спадзяюся, што спіць.

Рыгорка. А можа, зноў плача? Апошнім часам яна шмат плакала, асабліва ўначы. Думала, што я сплю і не чую.

Клаус. Ты зусім не памятаеш сваіх бацькоў?

Рыгорка (пасля працяглага маўчання). Здаецца, я памятаю матчын голас.

Клаус (пагладзіўшы хлопчыка па галаве). Гэта вельмі важна для чалавека — помніць матчын голас.

Рыгорка (прытуліўшыся да Клауса). Дзякуй, што вы з Сантам пайшлі разам са мной шукаць Чароўны Сад. Без вас я не дам рады.

Клаус. Глупства. Ты — адважны і кемлівы хлопчык і цудоўна справіўся б без нас. Дзякуй, што дазволіў нам цябе праводзіць. (Сумна ўсміхаецца.) Даў мне мажлівасць адчуць сябе выканаўцам нейкай важнай місіі, патрэбным і вартым чалавекам. Пасля той жудаснай ночы ў шпіталі... (З болем у голасе.) Падумаць толькі: я мог уратаваць маленькую дзяўчынку, а выбраў уласнае, нікчэмнае жыццё!

Рыгорка. Не трэба, Клаус.

Клаус (задумліва). Кожны з нас аднойчы трапляе ў сітуацыю, калі трэба выбіраць: ратаваць жыццё іншага чалавека ці сваю ўласную скуру. Найчасцей мы проста не паспяваем зрабіць належнага выбару. А потым да смерці пакутуем і просім у Бога толькі аднаго: каб сітуацыя паўтарылася і тады... На жаль, дублі здараюцца толькі ў кіно.

Рыгорка (сонна). Я вельмі люблю кіно.

Клаус. Спі, Рыгорка. Не слухай старога дурня. Ты адразу зрабіў правільны выбар. Gute Nacht!


Рыгорка, а ўслед за ім і Клаус засынаюць. Санта знаходзіць стос нейкіх часопісаў і, уладкаваўшыся ля сцяны, з цікавасцю іх гартае.

Нечакана ў падлозе адчыняецца люк і адтуль вылазяць два шэрыя пацукі, узброеныя трызубцамі. Захоплены чытаннем, Санта занадта позна заўважае з’яўленне шэрых сваякоў. Ён хапаецца за свісток, але бачыць прыстаўлены да горла трызубец.


Большы Пацук. Шы­шы­шы­шы! (Што, мусіць, азначае: «Не рабі глупстваў!»)
Санта паслухмяна аддае свісток Большаму Пацуку.
Меншы Пацук. Ці­ці­ці­ці! (Што, пэўна, перакладаецца: «Малайчына. Вітаем цябе ва ўладаннях Хваробы!»)
У пакоі з’яўляецца Хвароба, ледзь праціснуўшыся праз дзверы. Гэта надзвычай агіднае стварэнне, надзьмутае бы паветраны шар. Пабачыўшы Хваробу, Санта дранцвее ад жаху.

Шэрыя пацукі накідваюцца на клоуна і хлопчыка і спрытна звязваюць ім вяроўкамі рукі і ногі — раней, чым яны паспяваюць як след прачнуцца.


Рыгорка. Пусціце нас! Навошта вы нас звязалі?

Хвароба. Вітаю вас у маіх уладаннях, неабачлівыя падарожнікі!

Рыгорка. Ты хто?

Хвароба. Не пазнаеш? А я даўно цябе ведаю, Рыгорка. (Падыходзіць бліжэй.) Я — Хвароба.

Клаус (успамінае). Смерць казала, што дарога ў Чароўны Сад вядзе праз уладанні Хваробы.

Рыгорка (прыгадвае). Здаецца, я цябе бачыў некалі ў сне... Але тады ты была меншая.

Хвароба (задаволена). Так, з таго часу мая магутнасць вырасла ўдвая. (Ляпае сябе па баках.) Я знішчыла гэты горад, а неўзабаве знішчу ўсю вашу краіну, увесь свет.

Большы Пацук. Шы­шы­шы­шы!

Хвароба (пагаджаецца). Так, застануцца толькі пацукі.

Меншы Пацук. Ці­ці­ці­ці!

Хвароба. Увесь свет будзе заселены пацукамі.
Шэрыя пацукі капаюцца ў клоунавым заплечніку. Знаходзяць там бутэрброды з сырам і ўсчыняюць за іх зацятую бойку.

Хвароба. Што за вэрхал?


У час замяшання асмялелы Санта неўпрыкмет падбірае з падлогі Срэбны Лісток і хавае за спіну. Шэрыя пацукі разрываюць пакунак з бутэрбродамі на дзве часткі і імгненна з’ядаюць разам з абгорткавай паперай.
Клаус (да Хваробы, іранічна). Відаць, у тваім войску не важна з дысцыплінай.

Хвароба (да Клауса). Маўчаць! (Да пацукоў.) А вам толькі сыры ды кілбасы ў галаве. Знайшлі што цікавае?


Большы Пацук адмоўна круціць галавой і паказвае на кавалак бутэрброда ў сваіх лапках.
Хвароба (да Рыгоркі і Клауса). Прызнавайцеся, што прывяло вас у мёртвы горад? Усе ўцякаюць ад мяне, а вы самі прыйшлі.

Рыгорка. Мы...

Клаус (паспешліва). Мы збіліся з дарогі. Wir sind vom Weg abgekommen!

Хвароба (да Рыгоркі). Што ты хацеў сказаць, хлопчык?

Рыгорка. Ты... Ты страшная, праз цябе памерла Лера і шмат іншых дзяцей! Але не радуйся: людзі ўсё роўна перамогуць цябе!

Клаус (да хлопчыка). Маўчы, Рыгорка.

Хвароба. Люблю дзяцей, кажуць тое, што думаюць. (Пагардліва.) А ты ведаеш, дурненькі, што людзі самі спарадзілі мяне? Табе з сябрам усё роўна не выбрацца адсюль жывымі, таму адкрыю вам адну таямніцу. Недалёка адсюль знаходзіцца сховішча Алхіміка, які пабудаваў цудоўную Машыну. Яна ператварае ваду ў золата, але разам з тым губіць прыроду і выклікае ў людзей хваробу. А ты кажаш, людзі мяне перамогуць.

Рыгорка. Калі я вырасту, я стану лекарам, і тады пабачым!

Хвароба. Але ты ніколі не вырасцеш, хлопчык. Ты застанешся назаўсёды ў гэтым доме разам са сваім спадарожнікам, пакуль вы не памраце з голаду і не ператворыцеся ў два шкілеты, прывязаныя адзін да аднаго. Мае служкі паклапоцяцца пра гэта.

Большы Пацук. Шы­шы­шы­шы!

Хвароба (перакладае). Пацучызм — новы гуманізм! (Зірнуўшы на Санту.) А гэта што за гібрыд?

Меншы Пацук. Ці­ці­ці­ці!

Хвароба. Мой новы служка? (Незадаволена.) Прыгледзьцеся да яго ўважліва, нешта ён не выклікае ў мяне даверу.

Большы Пацук. Шы­шы­шы­шы!

Меншы Пацук. Ці­ці­ці­ці!

Хвароба (да Рыгоркі і Клауса). Што значыць: няхай жыве наша гаспадыня! (Да пацукоў.) Пільнуйце іх як след, яны зашмат ведаюць, каб заставацца ў жывых. (Хвароба пакідае дом, з цяжкасцю прасунуўшыся праз дзверы.)


Санта падбягае да шэрых пацукоў і пачынае ім нешта горача даво­
дзіць.
Рыгорка (з пагардаю глядзіць на Санту). Санта здрадзіў нам!

Клаус. Ты думаеш? Можа, ён таксама не меў часу на выбар? (Прыслухоўваецца да перашэптвання пацукоў.) Цікава, цікава... Na, gut, Санта: скажы сваім сваякам, што Хвароба іх проста падманвае. Спачатку яна знішчыць людзей, а потым возьмецца за іншыя жывыя стварэнні. Дойдзе чарга і да пацукоў.

Рыгорка (здзіўлена). Ты разумееш мову пацукоў?

Клаус. Крыху. (Сумна ўсміхаецца.) Апошнім часам маім суразмоўцам быў пераважна Санта, і мы шмат адзін у аднаго навучыліся.

Большы Пацук (падышоўшы да людзей). Шы­шы­шы­шы!

Клаус. Ja, ja, людзі выкарыстоўваюць пацукоў для доследаў, труцяць іх і ставяць на іх пасткі. Але растлумач ім, Санта, што разам з людзьмі знікнуць не толькі атруты і пасткі, а і шмат прыемных рэчаў. Напрыклад, сыры і кілбасы.

Меншы Пацук (паслухаўшы Санту, жаласліва). Ці­ці­ці­ці!

Клаус. Не будзе эры пацукоў: тыя пацукі, якія не па­


мруць ад хваробы, загінуць з голаду. Так што няхай выбіра­
юць: альбо суседства з чалавекам, альбо... den Tod.
Параіўшыся, шэрыя пацукі развязваюць Рыгорку.

Рыгорка. Што яны робяць?

Клаус (радасна). Яны надумалі цябе адпусціць.

Рыгорка. Мяне аднаго?

Клаус. Ja. Хуценька ўцякай, Рыгорка!
Санта аддае хлопчыку Срэбны Лісток.
Рыгорка. Срэбны Лісток! Ты проста малайчына, Санта! (Усхвалявана.) Але растлумач сваім сябрам, што без вас з Клаусам я не дайду да Чароўнага Сада!

Клаус. Няпраўда, Рыгорка!

Рыгорка. Лепей я ўжо застануся з сябрамі, бо адзін усё роўна загіну.
Санта горача пераконвае шэрых пацукоў. Нарэшце, Большы Пацук ківае галавой на знак згоды, але паказвае лапкай на Санту. Санта пагаджаецца.

Меншы Пацук вызваляе Клауса. Санта забірае ў Большага Пацука свісток і аддае Клаусу.


Рыгорка. Што яны сказалі?

Клаус (расчулена). Я таксама магу быць вольны, але Санта застанецца з імі.

Рыгорка. Нельга іх угаварыць?

Клаус. Ausgeschlossen. Гэта катэгарычная ўмова. (Гла­


дзіць Санту па галаве.)
Бывай, дружа. Я пакідаю цябе, бо мушу дапамагчы хлопчыку. Але спадзяюся, што мы з табой яшчэ сустрэнемся. Bis nachher.
Клоун і Санта развітваюцца.
Большы Пацук. Шы­шы­шы­шы!

Меншы Пацук. Ці­ці­ці­ці!

Клаус. Хутчэй, Рыгорка. Пацук давядзе нас праз падземны ход да ўладанняў Алхіміка! (Збірае параскіданыя рэчы ў заплечнік.)

Рыгорка. Бывай, Санта!


Рыгорка і Клаус у суправаджэнні Меншага Пацука спускаюцца ў патаемны лаз. Большы Пацук і Санта застаюцца ў доме. З вачэй Санты цякуць слёзы. Большы Пацук здзіўлена глядзіць на сваяка, які ўмее плакаць.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ


З’ява пятая
Сховішча Алхіміка, якое нагадвае заводскі цэх на адкрытым паветры. На заднім плане стаіць аграмадная Машына, што працуе на ўсю моц. На пярэднім плане двое памочнікаў Алхіміка — Двухгаловы і Чатырохрукі — гуляюць у косці. Стаўкай у гульні —
залатыя зліткі, складзеныя ў два стосы каля кожнага з гульцоў. Недалёка ад Чатырохрукага стаіць пустая тачка.
Чатырохрукі (кідае косці). Дзесяць.

Двухгаловы (кідае косці). Адзінаццаць. Я выйграў. (Забірае сабе адзін злітак са стоса Чатырохрукага.)

Чатырохрукі (гэтым разам кідае косці іншай рукой). Чатырнаццаць.

Двухгаловы (кідае косці). Пятнаццаць. Зноў я выйграў.

Чатырохрукі (злуецца). Не разумею. Я кідаю з чатырох рук, а ты — з дзвюх. Чаму ты ўвесь час выйграеш?

Двухгаловы (забіраючы выйграны злітак). Бо важна не колькі ты маеш рук, а колькі галоў.

Чатырохрукі. Хочаш сказаць, што ў Алхіміка ты таксама б выйграў? (Трасе косці.)

Двухгаловы. Алхіміку я напэўна б прайграў, бо ён —


мой гаспадар.

Чатырохрукі. Нічога не разумею. (Кідае косці.)

Двухгаловы. Вось таму ты — мой падначалены, а не я твой. Таму ты цягаеш тачку, а я працую на помпе.

Чатырохрукі (радасна). Васемнаццаць! Фул!

Двухгаловы (паглядзеўшы на косці). Праўду кажуць: дурням шанцуе.

Чатырохрукі (нецярпліва). Кідай!


Двухгаловы неахвотна бярэ косці і пачынае няспешна іх трэсці, зірнуўшы на насценны гадзіннік. Натужліва раве сірэна, Машына спыняе працу.
Двухгаловы. Скончыўся цыкл, трэба ісці да Машыны.

Чатырохрукі (пагрозліва). Кідай!

Двухгаловы (кінуўшы косці). Таксама васемнаццаць! (Усхопліваецца і робіць колькі паспешлівых крокаў убок Машыны.) Хадзем працаваць! Вернецца Алхімік — абодва атрымаем!

Чатырохрукі. Д’ябал, каб так не шанцавала! (Хапае тачку і бяжыць з ёй да Машыны.)


Двухгаловы вяртаецца і хуценька змешвае косці.
Двухгаловы (задаволена). Перамагае той, хто ўмее лічыць, а не той, хто лепш кідае. (Падыходзіць да панелі кіравання Машынай і запускае водную помпу.)
Чатырохрукі складае ў тачку залатыя зліткі, вырабленыя Машынай. Нечакана помпа спыняецца.
Чатырохрукі (адрываецца ад працы). Што здарылася?

Двухгаловы. Няма вады. На сёння праца скончана. (Падыходзіць да калегі і з цікавасцю зазірае ў тачку.)

Чатырохрукі. Мала. Гаспадар будзе незадаволены.

Двухгаловы. Склад і так перапоўнены. (Сквапна.) Ты не задумваўся, навошта Алхіміку гэтулькі золата?

Чатырохрукі (строга). Наша справа — працаваць, а не думаць. Давай завязём золата на склад і працягнем гульню. Я адчуваю, шчасце само ідзе мне ў рукі. (Робіць рухі адразу чатырма рукамі.)

Двухгаловы. Спачатку трэба ўзяць у гаспадара ключ ад склада.


Памочнікі Алхіміка коцяць тачку на склад.

Праз нейкі час у сховішча залятае Срэбны Лісток, за ім з’яўляюцца Рыгорка і Клаус. Рыгорка падстаўляе далонь, і Лісток апускаецца на яе. Хлопчык асцярожна кладзе Лісток у кішэню.


Клаус. Вось яна, Машына Алхіміка. (Падыходзіць да Машыны.)

Рыгорка. Я хачу піць! Мы ішлі цэлы дзень і не сустрэлі ні возера, ні рачулкі, ні крыніцы.

Клаус (разглядае канструкцыю Машыны). Бо Машына працуе на вадзе, яна высмактала ўсе азёры і рэчкі навакол. Вось чаму засох і счарнеў лес, загінулі звяры і птушкі, вось чаму хварэюць і паміраюць людзі.

Рыгорка (падыходзіць бліжэй да Машыны). Пра гэтую Машыну казала Хвароба? Яна вырабляе золата?

Клаус. Машына можа вырабляць розныя рэчывы. Цяпер яна вырабляе золата. Банальна, але выгодна для яе гаспадара.

Рыгорка (спалохана глядзіць на Машыну). Праз гэтую Машыну столькі няшчасцяў у свеце. Які злы чалавек яе прыдумаў?

Клаус (з цяжкасцю). Ты не паверыш, Рыгорка. Гэтую Машыну прыдумаў...
На пляцоўцы, што над Машынай, з’яўляецца Алхімік. За спінамі Клауса і Рыгоркі вырастаюць постаці Двухгаловага і Чатырохрукага.
Алхімік (самазадаволена). Гэтую Машыну прыдумаў я. Я матэрыялізаваў мару старадаўніх мудрацоў пра філасофскі камень. Я — Алхімік.

Рыгорка (глядзіць на Алхіміка ва ўсе вочы). Праз цябе гінуць лясы і рэкі, паміраюць дзеці ў больніцы!

Алхімік. Так, паміраюць. Бо яны слабыя, не прыстасаваныя да жыцця ва ўмовах сучаснай цывілізацыі. Затое паглядзіце, якія дасканалыя стварэнні нараджаюцца дзякуючы працы маёй Машыны. Я б сказаў, людзі будучыні. (Паказвае на сваіх памочнікаў.)

Рыгорка (азірнуўшыся, заўважае Чатырохрукага і Двухгаловага). Клаус, страшыдлы! (Інстынктыўна спрабуе схавацца за Клауса.)


Чатырохрукі спрытна хапае хлопчыка. Двухгаловы ў гэты час прыстаўляе клоуну да скроні пісталет.
Алхімік. Вам пашанцавала: вы першыя, хто пабачыў маю Машыну! (Нядобра ўсміхаецца.) На жаль, вам давядзецца заплаціць за гэта жыццём. Ніхто не можа даведацца пра маю таямніцу.

Двухгаловы. Што загадаеш з імі зрабіць, гаспадар?

Чатырохрукі (хапае з­за пояса адразу некалькі кінжалаў). Пасячы іх на кавалкі?

Двухгаловы. А можа, апусціць іх у бочку з кіслатой, каб не засталося ніякіх слядоў?

Клаус. Пачакайце. Гэты чалавек хлусіць. (Паказвае на Алхіміка.) Ein Verbrecher.

Алхімік (здзіўлена). Што?

Чатырохрукі (пагрозліва). Ты абражаеш нашага гаспадара?

Клаус (спакойна). Ваш гаспадар — ашуканец. Гэта я прыдумаў Машыну.

Двухгаловы, Чатырохрукі (разам). Ты?

Клаус. Ja, гэтую жахлівую Машыну, якая адно рэчыва мяняе на іншае, праз якое гіне ўсё жывое на Зямлі, прыду­


маў я.

Алхімік (разгублена). Прафесар? (Спускаецца ўніз да


Клауса.)
Як вы тут апынуліся? (Уважліва разглядае Клауса.)
І чаму ў клоунскім касцюме?

Рыгорка (дрыготкім голасам). Клаус, гэта праўда?

Клаус. Tut mir Leid, Рыгорка. Я не меў адвагі прызнацца табе раней.

Двухгаловы (падазрона). Растлумачце, гаспадар. Ён кажа праўду?

Алхімік (неахвотна). Не зусім. Ідэя Машыны сапраўды належыць яму. Формулы, чарцяжы. О, гэта быў геніяльны вучоны. Але недалёкі чалавек. Ён спалохаўся свайго вынаходніцтва і знішчыў усе паперы.

Клаус (сумна). Выходзіць, не ўсе. Мой найлепшы вучань паспеў зняць копіі.

Алхімік (задаволена). Так, я зняў копіі і пабудаваў Машыну. Я — яе стваральнік.

Чатырохрукі (да Алхіміка). Не разумею, ён што — вар’ят?

Двухгаловы (глядзіць на Клауса). Табе не патрэбна золата?

Алхімік. Вядома, вар’ят. Зірніце, як ён выглядае.

Клаус. Ihr seid verrückt! Зірніце, y што вы ператвараеце Зямлю! Успомніце пра цара Мідаса: ён загінуў, бо ўсё, да чаго дакранаўся, адмянялася на золата. Трэба знішчыць Машыну, пакуль не позна!

Чатырохрукі. Сапраўды, вар’ят.

Двухгаловы. І вельмі небяспечны. Трэба хутчэй апусціць яго ў бочку з кіслатой.

Рыгорка (вырываецца). Не чапайце яго! Ён кажа праўду. Праз вашу машыну загінула Лера!

Чатырохрукі (моцна трымае хлопчыка). І гэтага выкрутня разам з ім. Як загадаеш, гаспадар?

Алхімік (да Клауса). Я, вядома, паважаю ваш талент, прафесар. (Нядобра ўсміхаецца.) І ўдзячны вам за навуку. Але нашыя шляхі разышліся... (Робіць знак памочнікам.)

Клаус. Адпусціце хоць хлопчыка.

Алхімік. Не. Ніхто не павінен ведаць пра Машыну.

Чатырохрукі. Хадзем, небарака. (Цягне Рыгорку за сабой.)

Двухгаловы (да Клауса). Ты свой шанец змарнаваў. Сам вінаваты.

Клаус (раптоўна). Augenblick! Машына спынілася, бо скончылася вада?

Чатырохрукі (здзіўлена). Адкуль ён ведае?

Алхімік (асцярожна). Часова скончылася.

Двухгаловы (незадаволена). Давядзецца перабірацца на новае месца.

Клаус (наўмысна абыякава). А чаму б вам не выкарыстаць паветра?

Чатырохрукі (да Алхіміка). Ён жартуе ці здзекуецца з нас? (Штурхае Рыгорку.) Хадзем.

Алхімік. Чакайце! (Усхвалявана.) Прафесар, вы сапраўды ведаеце, як адмяніць паветра на золата?

Клаус. Ja. Адпусціце хлопчыка, а я пакажу вам, як запраграмаваць Машыну.

Рыгорка (вырываецца). Не, Клаус! Не кажы ім!

Алхімік (павагаўшыся). Згода. (Да Чатырохрукага.) Пусці малога.

Чатырохрукі (да Двухгаловага). Пра што гэта яны дамаўляюцца?

Двухгаловы (схаваўшы пісталет). Не трэба болей перавозіць Машыну з рэчкі да рэчкі. Будзем рабіць золата проста з паветра.


Чатырохрукі адпускае Рыгорку, хлопчык падбягае да клоуна і туліцца да яго. Алхімік адводзіць Чатырохрукага ўбок.
Алхімік (гучна). Правядзеш хлопчыка да межаў нашых уладанняў і адпусціш яго. (Шэптам.) Гэта значыць — заб’еш. (Гучна.) Зразумеў загад?

Чатырохрукі. А як жа, гаспадар. (Нядобра ўсміхаецца.) Выканаю найлепшым парадкам.

Алхімік (да Двухгаловага). А ты застанешся пільнаваць Прафесара.

Рыгорка. Як ты можаш, Клаус? Гэта... здрада!

Клаус. Не бойся, Рыгорка. (Неўпрыкмет перадае хлопчыку свісток Монікі.) Sorge dich nicht! Sei glücklich! (Да Алхіміка.) Калі, не дай бог, з хлопчыкам нешта здарыцца...

Алхімік (пакрыўджана). Слова навукоўца! Бярыся за працу, пра хлопчыка мы паклапоцімся.


Чатырохрукі хапае Рыгорку і цягне яго за сабой.
Рыгорка (крычыць). Не рабі гэтага, Клаус! Ты не можаш так зрабіць!

Клаус. Усё будзе добра, Рыгорка! Усё будзе добра. (Праводзіўшы Рыгорку позіркам.) Дык вы хочаце адмяняць паветра на золата? (З нядобрай усмешкай.) Gut, калегі!




З’ява шостая
На ўскраіне чорнага лесу, у якім знаходзіцца сховішча Алхіміка, з’яўляюцца Рыгорка і Чатырохрукі.
Чатырохрукі. Вось мяжа нашых уладанняў. Першы загад свайго гаспадара я выканаў. А цяпер выканаю другі. (Вымае з­за пояса кінжал.)

Рыгорка. Твой гаспадар даваў слова!

Чатырохрукі. Колькі разоў! І колькі разоў сваё слова парушаў. (Паўтарае ўлюбёнае выказванне Алхіміка.) Навука вымагае ахвяраў, хлопчык.
Рыгорка падносіць да вуснаў свісток і з усяе сілы свішча ў яго.
Чатырохрукі (зацікаўлена). І што будзе? Прыбяжыць міліцыянер? (Адбірае ў Рыгоркі свісток і таксама свішча.) Дзе там, адкуль яму ўзяцца ў гэтым лесе. (Падымае над Рыгоркам кінжал.)
Нечакана з­за дрэў з’яўляюцца ўзброеныя трызубцамі пацукі на чале з Сантам.
Рыгорка (радасна). Санта!

Чатырохрукі. Утрох на аднаго? Пабачым, чый будзе верх! (Хапае з­за пояса яшчэ тры кінжалы.)

Большы Пацук (агрэсіўна). Шы­шы­шы­шы!

Меншы Пацук (ваяўніча). Ці­ці­ці­ці!

Рыгорка (да пацукоў). Асцярожна, ён вельмі небяспечны!
Пацукі адважна змагаюцца з Чатырохрукім, але відавочна саступаюць яму ў баявым майстэрстве. Чатырохрукі раніць Меншага Пацука, той падае.
Чатырохрукі (задаволена). Было тры пацукі, засталося два!
Большы Пацук раніць Чатырохрукага ў руку. Чатырохрукі выпускае адзін кінжал.
Рыгорка (пераможна). Было чатыры рукі, засталося тры.

Чатырохрукі (злосна). Ах так? Ну, трымайся, пацучынае насенне.


Меншы Пацук уздымаецца з зямлі і працягвае бойку. Але Чатырохрукі робіць спрытны выпад і працінае кінжалам Санту. Санта падае.
Рыгорка (пранізліва). Санта! (Кідаецца да Санты.)
Раптам паветра скаланаецца ад магутнага выбуху, усе падаюць на зямлю.

Чатырохрукі. Машына! (Усхопліваецца на ногі.) Ён са­


псаваў нашую Машыну! (Бяжыць у той бок, адкуль прагучаў выбух.)
Рыгорка і пацукі нахіляюцца над Сантай.
Рыгорка. Санта, не памірай! Прашу цябе, Санта!
Нечакана пацукі з віскатам уцякаюць. З’яўляецца дзіўная працэсія. Наперадзе ідзе Смерць, услед за ёй, злева рухаюцца Алхімік і Двухгаловы, справа крочыць Клаус. Алхімік і Двухгаловы — у цёмных накідках, Клаус — у светлай.
Рыгорка. Клаус! (Узіраецца.) Клаус, гэта ты?

Смерць. Ц­с­с! Ён не чуе цябе, Рыгорка. Твой сябар


памёр.

Рыгорка (не разумее). Як памёр?

Смерць. Загінуў, падарваўшы Машыну Алхіміка. Пры­
знацца, не чакала ад яго такога ўчынку. (Падыходзіць да Санты.)
Смешнае стварэнне таксама памерла з годнасцю. Добрыя ў цябе сябры, Рыгорка. (Нахіляецца да пацука і дакранаецца да яго рукой.)
Санта ўздымаецца з зямлі, Смерць апранае яго ў светлую накідку. Пацук займае месца ў працэсіі побач з Клаусам.
Рыгорка (у роспачы). Але ж яны — нежывыя, таксама як злы Алхімік з ягоным памочнікам. Што з імі цяпер будзе?

Смерць. Алхімік і Двухгаловы застануцца ў маіх уладаннях назаўсёды, а клоун з пацуком... Мажліва, ты з імі яшчэ сустрэнешся. Дарэчы, што ты збіраешся рабіць далей?

Рыгорка (няпэўна). Шукаць Чароўны Сад.

Смерць. А можа, лепш вернешся дадому, да бабулі? Машына знішчана, Хвароба пераможана... У цябе ёсць Срэбны Лісток — будзеш жыць доўга і шчасліва.

Рыгорка. Адпусці маю Маці!

Смерць. Я ўжо казала, што не магу гэтага зрабіць. Твая Маці выкрала Срэбны Лісток з Чароўнага Сада і мусіць несці пакаранне. (Робіць знак памерлым і адыходзіць на чале дзіўнай працэсіі.)

Рыгорка (услед). Дзе гэты Чароўны Сад? Ці далёка яшчэ да яго ісці?

Смерць. Не ведаю, ніколі там не была.


Рыгорка застаецца адзін. Вымае з кішэні Срэбны Лісток і падкідае ў паветра. Лісток ляціць у супраціўны бок ад таго, куды пайшла працэсія Смерці.
Рыгорка. Няма ў мяне больш сяброў. Толькі ты застаўся, Срэбны Лісток. Вядзі мяне ў Чароўны Сад, дружа. (Адыходзіць за Срэбным Лістком.)
Праз нейкі час на тым самым месцы з’яўляецца Хвароба. Яна ўдвая меншая, чым была раней, мае зацкаваны і пануры выгляд.
Хвароба (сычыць). Знішчылі цудоўную Машыну, узбунтавалі маіх верных служак... Выгналі мяне з гарадоў і вёсак... Думаеце, перамаглі Хваробу, пазбыліся мяне назаўсёды? Не, мае даражэнькія. Я запаўзу ў гушчар, адляжуся ды пачакаю, пакуль з’явіцца новы Алхімік. Я да вас яшчэ вярнуся... (Знікае ў глыбіні чорнага лесу.)


З’ява сёмая
У Чароўным садзе. На пярэднім плане — срэбная яблынька, або Дрэва Жыцця. На заднім плане гуляюць дзеці, якіх мы бачылі раней у больніцы. Недалёка ад іх уладкаваліся на траве клоун Клаус і пацук Санта. Клаус трымае ў руках кнігу і натхнёна зачытвае з яе Санце нейкія фрагменты, махаючы пад тое рукой.

Да яблынькі падлятае Срэбны Лісток, за ім з’яўляецца Рыгорка. Хлопчык здзіўлена разглядаецца навакол, заўважае дзяцей і сярод іх — Леру.


Рыгорка. Лера! (Робіць колькі крокаў у бок дзяцей.) Гэта я, Рыгорка! (Махае дзецям рукой.)
Дзеці не заўважаюць Рыгоркі. Чуваць Клаусаў голас.
Клаус. Жывым істотам не дадзена ведаць, як насамрэч выглядае Рай. Таму ў іх уяўленні паўстае ідылічны малюнак Чароўнага Сада, дзе бесклапотна гуляюць дзеці і вызваленыя ад штодзённых праблемаў дарослыя...

Рыгорка (узрадавана). Клаус! Санта! (Робіць колькі крокаў і быццам натыкаецца на невідочную сцяну.) Гэта я, Рыгорка!


За спінай у Рыгоркі ўзнікае Малпа.
(Расчаравана). Яны мяне не чуюць. (Працягвае руку да сяброў, на далонь яму апускаецца Срэбны Лісток.)

Малпа. Хто дазволіў табе парушаць спакой Чароўнага Сада?

Рыгорка (убачыўшы Малпу). Ты хто?

Малпа (важна). Я — Гаспадар Чароўнага Сада.

Рыгорка (здзіўлена). Гаспадар?

Малпа. А ты чаго круцішся тут, хлопчык? (Падазрона.) Можа, надумаўся ўкрасці Яблык з Дрэва Жыцця?

Рыгорка. Не. (Працягвае Малпе Срэбны Лісток.) Я прынёс Срэбны Лісток.

Малпа (паспешліва хавае лапу за спіну). А... Лісток... І што ты хочаш наўзамен? Яблык?

Рыгорка (здзіўлена глядзіць на Малпу). Я хачу выратаваць сваю Маці. (Усхвалявана.) Прашу цябе, даруй ёй: яна зрабіла гэта дзеля мяне.

Малпа (абыякава). Значыцца, ты ўва ўсім вінаваты?

Рыгорка. Так, Маці выкрала Срэбны Лісток, каб уратаваць мяне ад Смерці. За гэта Смерць забрала яе з сабой, хоць мая Маці памерла даўно і... (Замаўкае.)

Малпа (здзекліва). І?

Рыгорка (разгублена). ...І я не зусім гэта разумею. Дакладней, я нічога не разумею.

Малпа. Прызнацца, я таксама мала што разумею з твайго аповеду. (Ласкава.) Але бачу, ты — сумленны хлопчык, вярнуў украдзены Лісток і заслужыў узнагароду. Можаш сарваць з Дрэва Яблык і з’есці.

Рыгорка. Яблык? Пры чым тут яблык? Я хачу дапамагчы Маці.

Малпа. А пры чым тут твая маці? Яна ўкрала, ты вярнуў. Табе належыць узнагарода. Ты хоць ведаеш, што гэта за Яблык?

Рыгорка (абыякава). Не.

Малпа. О, ён мае яшчэ большую сілу, чым Срэбны Лісток. Калі ты з’ясі яго — будзеш жыць вечна.

Рыгорка. А што будзе з маёй Маці?

Малпа. Паслухай, ты пачынаеш мяне раздражняць. Можа, ты і сумленны хлопчык, але наўрад ці разумны. (Хітра.) Добра, давай так: ты зрываеш Яблык з Дрэва, а я вяртаю ў Чароўны Сад тваю Маці.

Рыгорка (узрадавана). Мама! Я пабачу сваю Маці! (Робіць колькі крокаў да срэбнай яблынькі, але раптам спыняецца.)

Малпа (нецярпліва). Давай, давай! Што здарылася?

Рыгорка. Я не ўпэўнены, што раблю добрую справу. Што маёй Маці гэта спадабалася б.

Малпа. Ты хочаш з’есці Яблык ці не?

Рыгорка. Так. (Падумаўшы.) Не.

Малпа (не вытрымлівае). Тады сарві яго для мяне.

Рыгорка. Калі ласка. (Уздымае руку, але раптам апускае яе і абарочваецца да Малпы.) Для цябе? Але чаму ты не сарвеш яблык сама? А можа... гэта не твой Сад?
З’яўляецца Вартаўнік Сада, убачыўшы Малпу, замахваецца на яе рукой.
Вартаўнік. Прэч! Прэч адсюль, аблуда!

Малпа (да Рыгоркі, злосна). Ты яшчэ пашкадуеш, хлопча! (Уцякае з сада.)

Вартаўнік. Ніяк яе не пазбыцца. Хоць ты мур узвядзі.

Рыгорка. Ты — Гаспадар Чароўнага Сада?

Вартаўнік. Што ты, Рыгорка! Я ўсяго толькі сціплы вартаўнік.

Рыгорка. А Гаспадар?

Вартаўнік. Ц­с­с! (Робіць таямнічы знак.) Ты прынёс Срэбны Лісток?

Рыгорка. Так. (Падае Вартаўніку Лісток.)


Вартаўнік прымацоўвае Срэбны Лісток да яблынькі.
Вартаўнік (задаволена абглядвае галінку). Нібыта ніхто яго ніколі і не зрываў.

Рыгорка (нясмела). А што з маёй Маці?

Вартаўнік (паказвае рукой у той бок, дзе гуляюць дзеці). Там.
Рыгорка абарочваецца ў той бок, куды паказвае Вартаўнік, і ба­
чыць, што разам з дзецьмі гуляюць цяпер Санта, Клаус і ягоная Маці.
Рыгорка. Мама! (Кідаецца да Маці, але натыкаецца на невідочны мур.)

(Запытальна глядзіць на Вартаўніка). Я не магу да яе падысці?

Вартаўнік. Не.

Рыгорка. Яна мяне не бачыць і не чуе?

Вартаўнік. Не. Але Гаспадар дараваў ёй і прыняў назад у свой Сад.

Рыгорка. А я? Я магу тут застацца? Разам з Клаусам і Сантам, разам з маёй Маці?

Вартаўнік. Можаш. (Памаўчаўшы.) Але тады ты назаўсёды застанешся маленькім хлопчыкам і не выканаеш свайго абяцання.

Рыгорка. Якога абяцання?

Вартаўнік. Стаць лекарам і перамагчы Хваробу.

Рыгорка. Але ж Клаус падарваў Машыну Алхіміка...

Вартаўнік. Хвароба затаілася і чакае з’яўлення новага Алхіміка. (Азіраецца.) А яшчэ гэтая надакучлівая Малпа... (Па­


спешліва.)
Вядома, ты можаш выбраць: застацца тут ці вярнуцца ў свой небяспечны свет.

Рыгорка. Я хачу вярнуцца. Толькі не ведаю як. Цяпер у мяне няма Срэбнага Лістка. (Уздыхае.) І няма побач верных сяброў.

Вартаўнік. Я дапамагу табе. Заплюшчы вочы і ўяві сябе...

Рыгорка (узрадавана). У бабульчыным доме?

Вартаўнік. На жаль, не. Мусіш вярнуцца ў тое самае месца, якое пакінуў. У больніцу.
Рыгорка на ўсе вочы глядзіць на дзяцей, на Клауса з Сантам, на сваю Маці.

(Спагадліва). Ты надумаў застацца?

Рыгорка. Не. Проста... так цяжка заплюшчыць вочы. (Заплюшчвае вочы.) Усё, я гатовы.

Вартаўнік. Бывай, Рыгорка. Хай Гаспадар дапамагае табе на тваім нялёгкім шляху. (Робіць таямнічы знак, і Чароўны Сад знікае.)


З’ява восьмая
Раніцай у бальнічнай палаце. На сваім ложку спіць Рыгорка. Уваходзіць Медсястра.
Рыгорка (праз сон). Няма сілаў адплюшчыць вочы. Усё.

Медсястра. Дзень добры, Рыгорка. Бачу, ты прач­


нуўся?

Рыгорка (расплюшчвае вочы). Так. (Аглядае палату.)

Медсястра. Як адчуваеш сябе пасля аперацыі?

Рыгорка (здзіўлена). Пасля аперацыі? (Зразумеўшы.) Добра.

Медсястра. Малайчына! Зараз прыйдзе лекар на агляд, а пасля абеду цябе наведае твая бабуля.

Рыгорка (зірнуўшы на ложак, дзе ляжала Лера). А Леру... перавялі ў іншую палату?

Медсястра (адвярнуўшыся). Як звычайна. (Бадзёрым голасам.) Але ёсць добрыя навіны: сёння хворых дзяцей не прывозілі. Нашы лекары кажуць, што хвароба адступіла.

Рыгорка (задумліва). Калі мне рабілі аперацыю, значыцца... (Раптам.) Скажыце, што здарылася з Клаусам? З тым клоунам, што ўчора да нас прыходзіў?

Медсястра (разгублена). А чаму ты думаеш, хлопча, што з ім нешта... здарылася?

Рыгорка (пераканана). Бо я ведаю.



Медсястра. Не павінна табе гэтага казаць, але калі ты сам спытаўся... (Вымае з кішэні газету.) Клаус загінуў учора ў аўтакатастрофе. Разам са сваім маленькім сябрам. (Расчулена.) Душэўны быў чалавек, хоць і немец. (Працягвае газету Рыгорку.)
Вазьмі, у газеце змешчаны яго фотаздымак. (Выходзіць з палаты.)
Рыгорка разгортвае газету і доўга­доўга глядзіць на фотаздымак Клауса. Хлопчыку пачынае здавацца, што ў палаце гучыць клоунаў голас.
Голас Клауса (весела). Hallo! Мяне завуць Клаус. А майго пацука — Санта. Паверце мне, гэта вельмі смешна... (Сумна.) Кожны з нас аднойчы трапляе ў сітуацыю, калі трэба выбіраць: ратаваць жыццё іншага чалавека ці сваю ўласную скуру. Найчасцей мы проста не паспяваем зрабіць належнага выбару. А потым да смерці пакутуем і просім у Бога толькі аднаго: каб сітуацыя паўтарылася, і тады... (Голас абрываецца.)
Заслона


1 Верш Галіны Багданавай.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка