Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане




Дата канвертавання26.12.2016
Памер106.89 Kb.
Т. М. Тарасава (Мінск)
МАТЫЎ ПАРОГА, МЯЖЫ Ў РАМАНЕ

МІЛАНА КУНДЭРЫ “ВАЛЬС НА РАЗВІТАННЕ”

І АПОВЕСЦІ ВІКТАРА КАЗЬКО “ДА СУСТРЭЧЫ”
Праблему парога, мяжы да філасофскіх праблем упершыню далучыў Ф. Ніцшэ ў працах “Так гаварыў Заратустра”, “Антыхрыст”. Нямецкі мысліцель змадэляваў сітуацыю “вялікага разрыву”, калі пакінуў чалавека без Бога, без маралі, ведаў, ідэалогіі, у выніку чаго адбылася пераацэнка фактычна ўсіх каштоўнасцей, і свет у тым ліку застаўся без самога чалавека. Безумоўна, такая сітуацыя, калі “ўсё дазволена” і не варта “нічога баяцца”, выклікала дэфармацыю псіхікі, пагражала чалавеку апынуцца ў бездані, але зацягнуць яго "в беспредельности безумия" філосаф, як лічаць даследчыкі прац Ф. Ніцшэ, не адважыўся. На гэты крок пайшла літаратура.

Сучаснае расійскае літаратуразнаўства сцвярджае, што праблема мяжы, парога хвалявала і вялікіх рускіх пісьменнікаў Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, А. Белага, Л. Андрэева, І. Буніна, У. Набокава і інш. мастакоў прыгожага слова. Даследчык Валянціна Заманская піша: "... если экзистенциальное мышление исследует проблему пределов в ситуации "мир без Бога", то Л. Толстой "Бога" видит не столько в теологическом аспекте, сколько в качестве "предела" для человека. “Бог” в творчестве Толстого материализует собою те изначальные этические (падк. мной — Т. Т.) пределы, которые определяют человека” 3, с. 73. У плане праблемы мяжы, парога для рускай літаратуры важнай аказалася праблема суадносін інтэлекту і маралі. Чалавек, які страціў сумленне, сцвярджае класіка, страчвае ўсё.

Сучасная проза імкнецца спасцігнуць саму сутнасць чалавечага існавання, магчымасць выбару мадэлі ўласных паводзін, зразумець своеасаблівасць светаадчування эпохи, не даючы пры гэтым гатовых адказаў і рашэнняў. "Мудраць сумнення" (М. Кундэра) пануе ў літаратуры нашага часу. Пафас, адкрытая эмацыянальнасць, маралізатарства ёй не ўласцівы, мы хутчэй можам гаварыць пра мастацкі вопыт чалавецтва, прапушчаны праз суб’ектыўны, асобасны пачатак. "Под влиянием современных открытий, гипотез, прозрений в естественнонаучных и гуманитарных знаниях вызревает и кристаллизуется — в художественных произведениях! — новый тип мышления, новый тип философствования, характерный для нашего времени пересмотра ценностных ориентиров, воплощающий модель нелинейного мышления, идеи плюрализма научных знаний, ориентацию на будущие структуры глобальной цивилизации" 7, с. 5.

Як вырашае праблему парога, мяжы сучасная мастацкая проза? Якія аспекты гэтай праблемы найбольш актуальныя сёння? Пры любой пастаноўцы пытання відавочна адно — матыў парога, мяжы дае магчымасць мастаку зазірнуць у патаемныя куточкі чалавечай душы, у глыбіні падсвядомага. Нямецкі філосаф і сацыёлаг Ю. Хабермас сцвярджае, што ў сучасным свеце "отдельному человеку уже не реализовать свою индивидуальность в одиночку; окажется ли его выбор собственной жизненной истории успешным или нет, зависит от "да" или "нет" других" (6). Такім чынам, як трапна заўважае французскі пісьменнік і крытык Робэр Андрэ, "поиск себя предполагает и внимание к другим людям, живущим и действующим в определенную эпоху с ее нравами и отношением к истории" 1, с. 215.

Арыгінальная здольнасць заходнееўрапейскага Мілана Кундэры і беларускага Віктара Казько працаваць на мяжы сітуацый сведчыць аб іх жаданні спасцігнуць таямніцы быцця, чалавечую індывідуальнасць у паліфаніі грамадскіх сувязей. Верхні падзейны слой рамана "Вальс на развітанне" і аповесці "Да сустрэчы" просты, пад ім схаваны больш глыбокі пласт — філасофска-псіхалагічны. М. Кундэра і В. Казько востра адчуваюць духоўны бок быцця, звычайнага, штодзённага, але пранікненне ў псіхіку герояў адбываецца не толькі і не столькі праз сацыяльныя матывіроўкі, перш за ўсё — праз экзістэнцыяльныя, і экзістэнцыяльная прастора рамана і аповесці пабудавана на межах і парогах. Мастакоў цікавіць не логіка смерці (хаця матыў смерці ў творах сюжэтаўтваральны), а логіка жыцця, чалавечай псіхікі, акрэсленай праз матыў парога, мяжы, праз адначасовасць розных поглядаў на свет, праз няўлоўныя адценні думак, выказаных і нявыказаных слоў.

Мастацкае раскрыццё сутнасці дзеючых асоб у дыялогах з “іншымі” наогул паглыбляе нашы ўяўленні пра чалавека, яго псіхіку, фантазіі, мары і іх сувязі з рэчаіснасцю. Ніхто з герояў рамана Мілана Кундэры не можа выйсці за межы уласнай прасторы, выйсці з свайго "я" да "другога". Нават супругі Каміла і Кліма настолькі адчужаны, што не здольны спасцігнуць "другога" праз уласнае самаадчуванне, заглыбіцца ў сацыяльнае і прыроднае быццё другой палавіны. Не могуць пераадолець драматызм "я" — "не-я" Вольга і Якуб, Ружэна і Кліма. Псіхалагічны дыскамфорт скаваў іх свядомасць, выдаліў герояў Кундэры за межы ўзаемапрыцягнення. Усе персанажы рамана пры татальным пачуцці адзіноты адчуваюць балючую неабходнасць чалавечых кантактаў, сапраўдных, шчырых, але іх дыялогі сведчаць аб трагічнай адасобленнасці, хісткасці іх жыццёвых пазіцый пры агульным прыняцці жыцця наогул.

Дзеючыя асобы твора "Вальс на развітанне" ўзаемазалежныя і самадастатковыя, узаемападобныя і розныя адначасова. Гэтыя людзі ў пераважнай большасці сваёй заземленыя, бездухоўныя, але заземленая неінтэлектуальнасць герояў не адштурхоўвае чытача, няўлоўны экзістэнцыяльны падтэкст фарміруе ў творы глыбінную філасофскую канцэпцыю, якая ўздзейнічае на чытача не толькі вобразам, але і рытмічнай арганізацыяй фразы, рознаракурснымі сцэнамі, паўторамі. "Суть "Вальса на прощание" в снятии завесы. Он воспроизводит или, скорее, творит бесконечную протяженность мира, безграничное пространство, которое не только является воображаемыми декорациями действия,… но, по сути, составляет территорию… искусства романа, столь же реальную, сколь и ментальную" (Франсуа Рыкар).

Герой аповесці В.Казько, наадварот, чалавек з высокім інтэлектуальным патэнцыялам, прызнаны ў свеце Майстар, Мастак ("...яму асабіста, аднаму з усёй краіны, прыйшло запрашэнне ад ЮНЭСКА прыехаць у Парыж" 4, с. 22, тонкі знаўца чалавечай душы. Дэфармаванае грамадства прымушае яго адмовіцца ад сябе "ставшего" дзеля новага мастацкага эксперыменту, галоўным персанажам якога стане ён сам. Сутнасць гэтага выпрабавання Майстар сфармуляваў так: "... аддацца і зазірнуць у вочы свайму вар’яцтву. Паверыць яму. І вас будзе ўжо двое. Апроч гэтай дваістасці ў вас жа яшчэ і пара рук, дзве пары, дзве галавы. Праўда, абедзве яны могуць закончыць свой век у вар’яцкім доме. Але Бог і любіць бажавільных. Тут трэба толькі ведаць, захоўваць мяжу, ісці, набліжацца, але не хапаць Бога за бараду" 4, с. 25.

Навакольны свет для герояў М. Кундэры і В. Казько — гэта свет-паска, дзе важна намацаць хоць нейкую кропку апоры, каб зразумець, у якім вымярэнні, часавым і прасторавым, яны знаходзяцца. Усе персанажы без выключэння пастаўлены ў сітуацыю выпрабавання. І Мілан Кундэра, і Віктар Казько ствараюць своеасаблівы "раман выпрабавання" (М. Бахцін): "Мир этого романа — арена борьбы и испытания героя; события, приключения —пробный камень для героя" 2, с. 201. М. Кундэра выпрабоўвае сваіх герояў на "посредственность", і яны цалкам адпавядаюць мастакоўскай канцэпцыі, сутнасць якой у тым, што свет належыць чалавеку "сярэдзіны".

У аповесці "Да сустрэчы" В. Казько дакладна мадэлюе схему ўзаемаадносін мастака і грамадства, мастака і жыцця ў сістэме каардынат двух светаў: сучаснасць і памяць, жыццё і смерць, сон і рэчаіснасць, ісціна і хлусня. Ланцужок гэтых паняццяў можна працягваць да бясконцасці. Важна зразумець толькі адно — герой В. Казько заўсёды на мяжы, на парозе гэтых светаў. Майстар з твора "Да сустрэчы" часта сам шукае гэтыя межы, сам іх стварае, каб выпрабаваць сябе і тых, хто побач. Парог рэальнага і іррэальнага светаў у аповесці ледзь бачны, рухомы і няўлоўны, часам ён знікае паміж рэчамі, якія ў жыцці ніколі не могуць быць аб’яднаны, "но в пересечениях разных систем координат познается и истинный смысл бытия, и абсолютная цена явлений" 3, с. 230.

Майстар свабодна перамяшчаецца з аднаго свету ў другі, ён спалучае часы і прасторы, сучаснасць і вечнасць. Гэта дапамагае пісьменніку выявіць глыбінную экзістэнцыю чалавека, спасцігнуць вынікі жахлівага самаразбурэння і самазнішчэння праз прызму трагічнай рэтраспектывы Мастака, душа якога "драбніцца", "захлынаецца ад плачу", бачачы "пачварную прывіднасць" сённяшніх дзён.

Адна з галоўных ідэй рамана М. Кундэры "Вальс на развітанне" — ідэя алагічнасці быцця, у якім чалавек — ахвяра. Героі Кундэры не здольны вытлумачыць логіку быцця, і логіка жыцця губляе перад ёй сваё значэнне. Прычынна-выніковыя сувязі ў творы слабыя, а па вялікаму рахунку яны —алагічныя. Гэта дае магчымасць пісьменніку стварыць вобраз разарванага свету, перадаць яго пульс, рытм, дынаміку.

Сітуацыя, у якую трапіў трубач Кліма (цяжарнасць медсястры Ружэны), напоўнена экзістэнцыяльным зместам: прымусіць дзяўчыну шляхам падману і ўціску зрабіць аборт. Праз паводзіны музыканта пісьменнік спрабуе вызначыць парог, мяжу дабра і зла, веры і вернасці, здрады і кахання, і самае галоўнае — вызначыць ступень дэградацыі чалавека, які пераступіў гэты парог.

Медсястра Ружэна таксама на мяжы выбару: застацца з Францішкам, мясцовым хлопцам, які кахае яе, але асацыіруецца са "светам банальнасці і нуды, светам няўдач і капітуляцый", адкуль яна хацела ўцячы, ці дамагчыся праз сваю цяжарнасць трубача Клімы, свет якога не прымаў дзяўчыны. Па праўдзе, ваганняў у медсястры не было, яе цяжарнасць — гэта карт-бланш у прыгожае заўтра, таму яна, па ўласнаму перакананні, не павінна здавацца, не павінна капітуліраваць.

"Герои, — як трапна заўважае Э.Шэвякова пра персанажаў рамана, — как будто любят, дружат, пытаются остаться самими собой, постичь себя, другого, но это всегда (...) — "прощальный" вальс — прощание с "абсолютными" ценностями, с мечтой о неповторимо-личностном в человеке, о взаимопонимании, — вальс непостижимых, взаимообратимых слов, чувств, отношений" 7, с. 150.

Раман М. Кундэры “Вальс на развітанне” і аповесць В. Казько "Да сустрэчы" ёсць развянчанне грамадскага рамантычнага максімалізму, калі ідэал становіцца ілюзорным, каханне ператвараецца ў распусту, а жыццё ў іррацыянальны ланцужок выпадкаў і здарэнняў. "Рамантычнае тамленне па каханні", па высокаму гуманістычнаму ідэалу, хрысціянскай маралі суседнічае з затхлай пошласцю маленькага курортнага гарадка, сталіцы, чыноўніцкіх кабінетаў.

Дэфармаваная псіхіка герояў М. Кундэры адлюстроўвае працэс разбурэння іх асобы. Рэўнасць Францішака і Камілы выліваецца ў стрэсавую манію праследавання, яны загубілі сябе як асобу і жыццёвыя сітуацыі перажываюць неадэкватна. Аднолькава цынічны Якуб і доктар Шкрэта, першы кіруецца не проста логікай злобы на свет і абставіны з-за таго, што сядзеў у турме, а хутчэй жаданнем паэксперыментаваць над сабой, дайсці да мяжы, парога маральнай дэградацыі і паглядзець на вынік. Выпадак з таблеткай-ядам, якой ён забівае Ружэну, — гэта працэс самаразбурэння асобы Якуба. Яго свядомасць страціла мяжу рэальнага і іррэальнага, ва ўсіх бедах, няўдачах герой абвінавачвае іншых і паступова набліжаецца да маральнай катастрофы. Вобраз Якуба — увасабленне канцэпцыі адзіноты, абсалютнай і татальнай. Ступень дэградацыі доктара Шкрэты не меншая: пад ліслівай маскай благадушша хаваецца драпежніцкае нутро лекара-крымінальніка, бо метады лячэння яго як доктара далёкія ад гуманістычных прынцыпаў.

Інтэлект і мараль, як вынікае з мастацкай канцэпцыі М. Кундэры, непарыўна звязаны, разбурэнне аднаго з іх непазбежна выклікае дэфармацыю другога. Якуба пісьменнік паказвае адзін на адзін са сваімі думкамі — у такой экзістэнцыяльнай сітуацыі герой глыбей раскрываецца: "Нет на свете человека, который не способен был бы с относительно легкой душой послать своего ближнего на смерть. По крайней мере я ни одного такого не встретил. Если люди когда-нибудь изменятся в этом плане, то утратят свое первенствующее человеческое свойство. Это будут уже не люди, а какой-то иной вид существ" 5, с. 92. На што Вольга яму адказвае: "В силу того, что вы всех людей почитаете убийцами, ваши собственные убийства перестают быть преступлением и становятся лишь неотъемлемым знаком людского рода" 5, с. 92-93.

Чалавечая думка, як лічыць заходнееўрапейскі пісьменнік, фактычна, нічым не можа быць абмежавана, але тым не менш і яна мае мяжу, за якой пачынаецца незваротны працэс самаразбурэння. Для М. Кундэры такой мяжой становіцца маральны аспект. Ігнараванне Якубам маральных прынцыпаў разбурае яго інтэлект, асобасны пачатак. Думкі героя пераступілі сваю мяжу, парог, выйшлі з-пад кантролю, і Якуб стаў іх ахвярай. “Любая деформация естественных пределов мысли, любое нарушение ее естественных, гармоничных, адекватных родовым параметрам человека границ, обрекает на гибель не только мысль, но и человека" 3, с. 248.

Якуб адбыўся як адзінка соцыуму, але не адбыўся як асоба. Гэтым выклікана няўпэўненасць у сабе, жаданне хоць нешта змяніць у жыцці прыводзіць да думкі пакінуць радзіму, дзе ніхто і нішто не трымае. Ад’езд, дарога напоўнены сімвалічным сэнсам, на іх фоне заканчваецца трагедыя чалавека, які, па сутнасці, прайшоў "міма" ўласнага жыцця.

М. Кундэра не пазбаўляе сваіх персанажаў магчымасці выбару, які раскрывае сутнасць чалавечых якасцей герояў і вызначае іх лёсы. Уласную свабоду героі М. Кундэры бачаць не на аснове гармоніі са светам і людзьмі ў ім, а ў адчужэнні, адасобленасці, і над героямі навісла пагроза азлаблення, якая непазбежна вядзе да спусташэння і разбурэння душы, інтэлекту і жыцця. Навакольны свет паказаны пісьменнікам праз скажонае люстра адчужанай і раззлаванай свядомасці Ружэны, Клімы, Якуба, Камілы.

Твор Віктара Казько "Да сустрэчы" засведчыў схільнасць беларускага пісьменніка да экзістэнцыяльнага светаадчування. Мастацкая канцэпцыя аповесці трымаецца на пастаянным балансаванні на мяжы свядомага і падсвядомага, рэальнага і іррэальнага. Аповесць — прагны пошук мастаком-філосафам Майстрам з вялікай літары сваёй сутнасці на мяжы двух светаў. Межы пераходу з аднаго свету ў другі вельмі зыбкія, цякучыя, невыразныя. Назіранне Майстра за ўласным паміраннем адбываецца на працягу месяца, для яго час пайшоў "з адмоўным знакам", калі праявілася поўная страта жадання жыць, але працуе глыбінная свядомасць " зведаць усё да апошняй кропкі на гэтым свеце, у тым ліку і сваю ўласную смерць. Зведаць горкае і салодкае, усю брыдоту гэтага свету і яго прыгажосць. І не проста зведаць, адчуць самому, але і пераказаць, перадаць іншым, абудзіць іх ад той сярэдзіны, якая ніколі, нідзе і нікому не прайграе.

І тут з уласным паміраннем яму было вельмі цікава, як жа гэта яно будзе праходзіць. Гэта цікаўнасць абудзіла яго" 4, с. 61.

Традыцыйна экзістэнцыяльная сітуацыя — мяжа жыцця і смерці — прадстаўлена ў аповесці працэсам раздваення асобы Майстра на "Я", "не-Я" і "маё цела". Іх прысутнасць у розных прасторах і часе ажыццяўляецца сінхронна і адкрывае магчымасць для самапазнання. "У гэтым жыцці ў яго засталася яшчэ адна няспраўленая работа. Апошняя праца Майстра. І ён будзе не ён, калі не споўніць яе. (...) ...падсвядома ўжо недзе прагнуў адрэжысіраваць, паставіць на агляд усім сваю ўласную смерць, і яго натура, відавочна, была мацней за яго смерць. І на бальнічным ложку, канаючы, ён не адыходзіў, а працягваў тварыць апошняе дзеянне сваёй уласнай жыццёвай драмы. Смяротнай драмы, дзе ўсё ж рэжысёрам застаецца не смерць, а ён сам, Майстра, бо што разумее гэта смерць у мастацтве" 4, с. 63. Здольнасць беларускага пісьменніка працаваць у сістэме памежных сітуацый сведчыць аб яго схільнасці аналізаваць з’явы дасканала глыбока, усебакова.

Такім чынам, спалучэнне ў мастацкім метадзе Мілана Кундэры і Віктара Казько рэалістычнага і экзістэнцыяльнага кантэкстаў дазваляе глыбей раскрыць сутнасць канцэпцыі чалавека ў свеце. Экзістэнцыяльны аналіз на граніцах, на межах дае магчымасць высвяціць учынкі і падтэксты, якія мала матываваны знешнімі абставінамі і знаходзяцца за межамі лінейнага псіхічнага развіцця асобы. Паглыбленне канцэптуальнасці твораў пісьменнікаў адбываецца праз свядомую ўстаноўка на псіхалагічны экперымент, узмацненне ідэі адчужанасці чалавека ў свеце, праз пашыранае даследаванне сферы экзістэнцыяльнага быцця. Такім чынам, у мастакоў паступова сфарміраваліся прынцыпы экзістэнцыяльнага светабачання, якое выспявала ў нетрах традыцыйнага рэалізму і сфарміравала непаўторны тып экзістэнцыяльнага псіхалагізму як цэласнай і завершанай эстэтычнай сістэмы.

__________________________________



  1. Андре Р. Вчера и сегодня / Р. Андре. // Иностранная литература. 1988. № 9.

  2. Бахтин М. М. Эстетика словесного творчества. Изд. 2-е / М. М. Бахтин. — М., 1986.

  3. Заманская В. В. Экзистенциальная традиция в русской литературе ХХ века. Диалоги на границах столетий / В. В. Заманская. — М.: Флинта: Наука, 2002.

  4. Казько В. Да сустрэчы / В. Казько. // Полымя. 1997. №5.

  5. Кундера М. Вальс на прощание: Роман / Пер. с чеш. Н. Шульгиной / М. Кундера. — СПб.: Азбука-классика, 2002.

  6. Постмодернизм: Энциклопедия. — Минск, 2001.

  7. Шевякова Э. Н. Поэтика современной французской прозы: Монография / Моск. гос.ун-т печати / Э. Шевякова. — М.: МГУП, 2002.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка