Т. В. Кабржыцкая, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, кафедра славянскіх літаратур




Дата канвертавання01.02.2017
Памер106.54 Kb.
Т. В. КАБРЖЫЦКАЯ,

кандыдат філалагічных навук, дацэнт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, кафедра славянскіх літаратур

З УДЗЯЧНАСЦЮ ПРА ВЕРУ РЫЧ – АНГЛАМОЎНАГА ПЕРАКЛАДЧЫКА КУПАЛАВЫХ ТВОРАЎ, УКРАІНСКАЙ І БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУР

Вера Рыч. Гэтае імя даўно ўпісалася ў беларускі літаратурны працэс. У 1971 г. ў Лондане яна выдала ва ўласных перакладах анталогію беларускай паэзіі пад метафарычнай назвай “Like water, like fire”i (“Як вада, як агонь”). Адрэзак часу, ахоплены перакладчыкам, быў пазначаны ў падзагалоўку: “З 1828 г. па сённяшні дзень” [1]. Выданне стала сапраўдным творчым подзвігам Веры Рыч. Яшчэ задоўга да перабудоўчых працэсаў, якія знялі ў нашай краіне з мастацтва палітычную цэнзуру, у кнігу ўвайшла паэзія Алеся Гаруна і іншыя творы, забароненыя ў савецкай Беларусі. У анталогіі Вера Рыч выступіла ў многіх іпастасях: яна не толькі перакладчык, але і ўкладальнік, аўтар прадмовы і каментарыяў.

Беларускіх аўтараў Вера Рыч пачала перакладаць з 60-х гг. ХХ ст. Такім чынам, як перакладчык яна працавала на беларушчыну амаль паўстагоддзе. Столькі ж часу трывала яе творчае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі ўкраінскай літаратуры.

Нарадзілася Вера Рыч у 1936 г. у Лондане. У 1958 г. скончыла Оксфардскі ўніверсітэт, па адукацыі -- матэматык. Аднак “магія паэтычнага слова” зрабіла сваё -- і Вера Рыч рэалізавалася як літаратар. Яна цудоўная паэтэса -- лаўрэат англійскіх прэстыжных прэмій, музычна адораны чалавек. Сапраўднае імя Веры Рыч — Фэйт Элізабет Джоан Рыч. Псеўданім, славянскае імя “Вера”, прыйшоў да яе з творчасці Оскара Уальда, пад уплывам прачытанай яго ранняй п’есы, якая так і называлася: “Vera”. Знамянальна, як значыўся лонданскі адрас паэткі, — Vera avenue. Раён Вялікага Лондану, дзе жыла Вера Рыч, планаваў архітэктар-арыгінал. Імёны сваіх дзяцей, — Vera, Maxim, Basil, Viga (ад Jadviga), — ён зрабіў назвамі вуліц. Як разважала сама Вера Рыч, архітэктар, відавочна, быў беларусам па паходжанню. Калі б ён быў палякам, не назваў бы дзяцей Вера і Максім, для ўкраінцаў не ўласцівае імя Базыль. Беларусы ж выкарыстоўваюць усе гэтыя імёны. Вось такое цікавае супадзенне.

Акрэсліць творчы партрэт Веры Рыч адначасова і вельмі проста, і вельмі складана. З аднаго боку, гэты быў чалавек, моцна падпарадкаваны славутым англійскім традыцыям. З другога, яе вызначала шчырасць, дабразычлівасць, сардэчнасць, адсутнасць рацыянальнага цвярозага разліку і непрактычнасць. А яшчэ выбуховая эмацыянальнасць. За вонкавай хаатычнасцю і неарганізаванасцю — каласальная працаздольнасць.

Вера Рыч актыўна перакладала з польскай, украінскай, беларускай, стараанглійскай і нарманскай моваў, добра арыентавалася ў антычнай культурнай спадчыне. Аднак перакладчыцкае сэрца належала ўсходнеславянскім літаратурам. Цяжка вызначыць, што пераважала ў яе творчым даробку — украініка ці беларусіка. Ды адно можна сцвярджаць з упэўненасцю: у перакладзе яна заўсёды была мэтанакіраваная, у творчым плане адважная і самакрытычная.

Перакладчыцкае ўкраіназнаўства Веры Рыч цудоўна раскрываецца на прыкладзе яе дачыненняў з творчасцю Лесі Украінкі. Для паўнаты творчага партрэта Веры Рыч адзначым, што з украінскай літаратуры яна перакладала яшчэ творы Гр. Скаварады, Т. Шаўчэнкі, І. Франка, А. Ольжыча, А. Тэлігі, М. Орэста, Яра Славуціча, тэксты, якія гіпатэтычна належаць пяру гетмана Украіны Івана Мазепы, паэзію Л. Кастэнка, В. Сіманенкі і інш. Англамоўнае ўзнаўленне твораў Лесі Украінкі ў гэтым кантэксце асабліва паказальнае.

Перакладаць Лесю Украінку Вера Рыч пачала ў 1963 г. Першыя пераклады выявілі як станоўчае, так і пралікі ў яе творчай практыцы. Па-майстэрску перадаўшы музычнасць верша Лесі Украінкі, душэўныя зрухі лірычнага героя, перакладчыца ў той жа час належнай увагі не звярнула на экспрэсіўнасць стылю паэтэсы, не палічылася з патрабаваннямі эквірытмічнасці і эквілінеарнасці пры перакладзе вершаў “Ритми. Частина 1”, “Сім струн” [2]. Аднак настойлівасць у творчых імкненнях дала свае вынікі — у колькасным і якасным вымярэнні. У 1968 г. у Таронта выходзяць выбраныя творы Лесі Украінкі ў перакладзе Веры Рыч [3]. Гэтае выданне засведчыла новы ўзровень інтэрпрэтацыі: у перакладах добра перададзена эмацыянальная дынаміка думкі аўтара. З цягам часу перакладчыца ўключаецца ў творчае спаборніцтва з іншымі англамоўнымі ўзнаўленнямі твораў Лесі Украінкі. Яшчэ ў 1916 г. у Лондане выйшаў зборнік “Five Russian plays with one from the Ukrainian” (“Пяць рускіх п’есаў з адной украінскай”) [4], куды ўвайшла, побач з творамі Чэхава і Фанвізіна, паэма Лесі Украінкі “Вавілонскі палон”, перакладзеная К.Бечгоферам. У 1950 г. гэты твор англамоўныя чытачы маглі ўбачыць і ў перакладзе Персіваля Кандзі. Да папулярызацыі гэтага “сусветнага шэдэўра” (вызначэнне перакладчыцы) прыклала свае намаганні ў 1993 г. і Вера Рыч [5]. У “Вавілонскім палоне” перакладчыца падкрэслівае і тое, што хвалюе яе як творцу, вылучае праблему ролі і абавязку мастака ў час чужаземнага прыгнёту, “канфлікту пры такіх умовах паміж абавязкам перад мастацтвам, перакананнямі і ўціскам: калі хочаш выжыць — мусіш ісці хоць на найменшы кампраміс з існымі уладамі” [6].

Адметнай з’явай у культурным жыцці Лондана ў 1992 г. стала публікацыя забароненай на тэрыторыі Расійскай імперыі і ў УССР драматычнай паэмы Лесі Украінкі “Баярыня” [7]. І на гэты раз Вера Рыч выступіла з новым падыходам да твора, пераклад якога быў ужо здзейснены П. Кандзі. Кожная з публікацый Веры Рыч суправаджаецца разгорнутым уступным словам перакладчыцы. Яна канцэнтруе ўвагу чытача на найбольш важкіх сэнсавых дамінантах паэм.

Асаблівы поспех, найяскравейшая выява перакладчыцкага майстэрства Веры Рыч — драма-феерыя Лесі Украінкі “Лясная песня”, пераклад якой яна скончыла ў 1994 г. [8]. На гэты раз яе працы папярэднічалі аж трое майстроў: “Лясная песня” ўжо была агучана па-англійску тройчы — П. Кандзі, Ф.Р.Г. Лайвсэй, Г. Эванс. Веры Рыч удалося перадаць амаль усё з найбольш галоўнага: жанрава-стылёвыя асаблівасці, майстэрства дыялогу, рытміку, нацыянальны каларыт. Філасофская алегарычнасць таксама патрабавала ад іншамоўнага інтэрпрэтатара сур’ёзнай даследчыцкай працы. У выніку таленавітага творчага асэнсавання і зместу, і формы арыгіналу ў Веры Рыч атрымаўся, бадай, адзін з лепшых англамоўных перакладаў цудоўнага твора Лесі Украінкі.

У 1998 г. часопіс “Ukrainian Review” друкуе артыкул “New light on Lesya Ukrainka and Serhiy Merzhynskyi” (Т. Кабржыцкая, “Новы погляд на Лесю Украінку і Сяргея Мяржынскага”) [9]. Перакладаючы гэты матэрыял, Вера Рыч і сама звярнулася да інтымнай лірыкі ўкраінскай паэтэсы. Апынуўшыся ў палоне трагічнай чысціні узаемаадносінаў Лесі Украінкі і Сяргея Мяржынскага, Вера Рыч у дадатак да артыкула публікуе свой пераклад верша “Уста говорять: він навік загинув, а серце каже: ні, він не покинув…” [10]. Геаграфічная тоеснасць “мінскага” перыяду жыцця Лесі Украінкі і “мінскай тапаграфіі” Максіма Багдановіча вельмі ўзрушылі Веру Рыч. Двор пры сучасным будынку №10 па вуліцы Куйбышава, дзе калісьці стаяў дом, у якім жыў Сяргей Мяржынскі, куды неаднойчы прыязджала да хворага сябра і Леся Украінка, царква Марыі-Магдалены, у якой Леся Украінка перажывала апошнія развітальныя хвіліны з заўчасна памерлым каханым, месца, дзе нарадзіўся М. Багдановіч, помнік паэту, Музей М. Багдановіча — усё сканцэнтравалася ва ўяўленні Веры Рыч у адну знітаваную карціну культуралагічнай прасторы. Лонданская публікацыя, як дадатковы аргумент, пэўным чынам пасадзейнічала ў вырашэнні пытання ўшанавання мінскага перыяду жыцця і творчасці знакамітай украінскай паэтэсы. Ініцыятыва Беларускай асацыяцыі ўкраіністаў была падтрымана Мінскім гарвыканкамам: на доме № 10 па вул. Куйбышава была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Лесі Украінкі.

Праца Вера Рыч над перакладамі з украінскай літаратуры была высока ацэнена ва Украіне. У маі 1998 г. на пленуме Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны адбылося ўрачыстае ўручэнне Веры Рыч дыплома лаўрэата Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Івана Франко за шматгадовую прапаганду ўкраінскай літаратуры, за плённую перакладчыцкую дзейнасць.

У творчым асэнсаванні беларускай паэзіі для Веры Рыч вельмі паказальны зварот да паэзіі Максіма Багдановіча і Янкі Купалы. У анталогіі “Like water, like fire” гэтыя аўтары рэпрэзентаваныя найбольш поўна. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць каментарыі, складзеныя перакладчыкам да кожнага пададзенага ў анталогіі твора. Наколькі сур’ёзна працавала Вера Рыч над абраным для перакладу матэрыялам, сведчыць хаця б тое, што ў навуковы апарат сваіх даследаванняў яна ўключае замежныя крыніцы.

Магчыма, навуковая скрупулёзнасць не заўсёды добры спадарожнік для паэтычнага натхнення. У працэсе перакладу такі аналітычны падыход можа часам стаць перашкодай на шляху эмацыянальнага спасціжэння тэксту, прывесці да літаралізму ў перадачы арыгіналу. Аднак пераважае тут іншае: паўнавартасны, прафесійны, комплексны падыход да творчасці пісьменніка, за пераклад якога бралася Вера Рыч. Улічваючы ідэйную скіраванасць арыгінальных твораў, Вера Рыч імкнулася перадаць майстэрства паэтаў у галіне формы верша. Яна бліскуча ўзнавіла па-англійску Багдановічавы рандо, трыялеты, танкі, імітацыі персідскіх, скандынаўскіх, іспанскіх песняў Дарэчы, пра гэта больш дэталёва – ў нашым артыкуле “Вера Рыч – перакладчык Лесі Украінкі і Максіма Багдановіча” (сааўтары – У. Рагойша і П. Рагойша) [гл.: 11].

У выданне “Like water, like fire” увайшлі пераклады 21 твора Янкі Купалы. Даючы ацэнку гэтага перакладчыцкага даробку Веры Рыч, Л. Казыра заўважыў, што вершы Купалы гучаць на англійскай мове арганічна, лепшымі даследчык палічыў пераклады твораў “За ўсё”, “А хто там ідзе?”, дзе “ўдала перададзены змест, рытм і форма купалаўскай паэзіі” [12]. На асобнае слова падзякі заслугоўвае Вера Рыч за ўзнаўленне санетарыя Янкі Купалы. У 2002 г. у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла кніга санетаў Янкі Купалы ў арыгінале і ў перакладзе на сем еўрапейскіх моў, у тым ліку – на англійскую. Па прапанове ўкладальніка выдання Вячаслава Рагойшы ўсе 22 санеты песняра па-англійску ўзнавіла Вера Рыч. Пераклады атрымалі высокую ацэнку спецыялістаў, у прыватнасці -- ў дакладзе калектыву выкладчыкаў англійскай мовы БДУ М. Дрозд, Ю. Сакаловай, Л. Хмурэц пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесара Н. М. Ніжнёвай, што прагучаў на VІ Міжнародных Купалаўскіх чытаннях (2002). Даследчыкі адзначылі, што «І арыгінал, і англійскі тэкст нясуць аднолькавую сэнсавую нагрузку (што вельмі важна пры перакладзе). Англійскі тэкст таксама эмацыянальна афарбаваны, у ім адчуваецца голас аўтара. У цэлым паэтычная форма арыгінала вытрымана ў арыгінале – дзякуючы ўменню перакладчыцы ўлічыць і арганізаваць паэтычныя дамінанты ў адзінае цэлае. Але перадача сэнсу і духу арыгінала немагчыма без глыбокага пранікнення ў сутнасць усёй творчай спадчыны. А Веры Рыч, што ўзяла на сябе пэўныя абавязкі перад паэтам, удалося зрабіць свой пераклад фактам другой мовы, другой паэзіі” [13].

На мяжы ХХ і ХХІ ст. Вера Рыч некалькі разоў наведала Беларусь, яе прыязнасць да нашай радзімы, ступень роднаснасці з беларусамі мацнела. У прыватнасці, Вера Рыч – удзельнік ІV Міжнародных Купалаўскіх чытанняў “Янка Купала і Адам Міцкевіч”, ІІ Міжнародных Ракаўскіх чытанняў “Ракаўскія Паўночныя Афіны: Мар’ян Здзяхоўскі, Эліза Ажэшка і праблемы культурных кантактаў народаў Цэнтральнай і Цэнтральна-Усходняй Еўропы” (абедзве канферэнцыі -- 1998).

У нашым сямейным архіве захоўваюцца рукапісы некалькіх арыгінальных вершаў Веры Рыч, тэматычна звязаных з беларускай культурай. Сярод іх асаблівую цікавасць уяўляе акраверш паэтэсы, напісаны ў сакавіку 1996 г. падчас сустрэчы са студэнтамі ўкраінскага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ. Вера Рыч, як зазвычай, спалучала наведванне Украіны і Беларусі. На гэты раз яна накіроўвалася ў Кіеў на святкаванне 100-годдзя ад дня нараджэння паэтэсы Алены Тэлігі. У падараваным нам Верай Рыч буклеце пра адзначэнне 100-годдзя ад дня нараджэння Алены Тэлігі, дзе надрукаваны Указ Прэзідэнта Украіны ад 22 мая 2006 г. пад № 416/2006, значыцца: “Олена Теліга – видатна поетеса і громадянка України, якій вона віддала, не вагаючися, своє життя. Після Лесі Українки Олена Теліга найбільша жіноча постать в українській літературі. Розстріляна нацистами 1942 р. у Бабиному Яру разом з чоловіком і соратниками. Олена Теліга (Шовгеніва) народилася 21 липня 1906 р. в місті Іллінську під Москвою у шляхетній напівбілоруській – напівукраїнській родині…». Відавочна, ужо гэтая сціплая інфармацыя можа нам патлумачыць, чаму Вера Рыч звярнулася да перакладу вершаў А. Тэлігі: тут і патрыятычны складнік, і павага да сапраўднай паэзіі, і спалучанасць сімпатыі да ўкраінцаў і беларусаў. Тая ж павага да беларускага і ўкраінскага народаў, іх самабытных культур, да студэнцкай моладзі Беларусі, што вырашыла авалодаць ведамі пра суседні сонечны край Украіну, прывяла Веру Рыч на сустрэчу з філфакаўцамі, дзе і склаўся паэтычны экспромт:


Behold, ten young heads in a wondrous tableaU

Each studiously bent to can a booK

Learning a tongue, a poetry, a grammaR

Akin to theirs… This sight, like heaven’s mannA

Rejoices now my soul, To honour them, I

Uptight my voice, greet in congratulatioN

Students, and their good teacher, TatianA
Заўважым, што сутнасныя ключавыя словы, — у дадзеным выпадку Беларусь і Украіна, — ўтвораныя не толькі пачатковымі, але і апошнімі літарамі радкоў, што ў паэзіі сустракаецца вельмі рэдка.

Апошні раз Вера Рыч наведала Беларусь у 2007 г., вяртаючыся дамоў у Лондан праз Мінск з Кіева. Украінскі ўрад выклікаў Веру Рыч, каб уручыць ёй высокую дзяржаўную ўзнагароду: за актыўную, плённую, высокамастацкую прапаганду ўкраінскай літаратуры Вера Рыч была ўзнагароджана ордэнам Княгіні Вольгі.

Натхнёная ўвагай украінцаў, Вера Рыч адчула прыліў фізічных і творчых сіл, паверыла, што справіцца з цяжкай хваробай, адужае пасля перанесенай аперацыі, зможа закончыць распачатую працу над перакладам “Новай зямлі” Якуба Коласа. Верыла, што “цар-звон беларускай літаратуры” (А.Адамовіч) неўзабаве загучыць у англамоўным свеце ў яе выкананні. На жаль, лёс распарадзіўся іначай. У 2009 г. раптоўна спынілася сэрца няўрымслівага чалавека, апантанага прыхільніка славянскага культурнага свету. Пашану памяці Веры Рыч выказваюць на Украіне: пра яе піша прафесар Львоўскай кансерваторыі Р. Заріўчак, перакладчыцкае майстэрства Веры Рыч становіцца аб’ектам дысертацыйных даследаванняў (Ю. Косіў) і інш. Артыкул пра Веру Рыч В. П. Рагойшы ўвайшоў у “Багдановічаўскую энцыклапедыю”. Ацэнка, дадзеная ў ім, фактычна датычыцца не толькі англамоўнай прэзентацыі Багдановіча, але і ўсёй перакладчыцкай манеры Веры Рыч: яе пераклады “вызначаюцца захаваннем найтанчэйшых адценняў сэнсу арыгінала, галоўных асаблівасцей яго паэтыкі: рытма-інтанацыйнага малюнка, тропаў, строфікі, рытмікі” [14].

Па запавету Веры Рыч месцам яе апошняга зямнога прытулку стала Чарнечая гара каля Канева ва Украіне. Тая самая, дзе знаходзіцца Кабзар. Там, дзе чутно, як “раве равучы Дніпро”, дзе відны ўкраінскія “палі шыракаполыя”…

Гэта публікацыя — таксама своеасаблівая форма падзякі Веры Рыч, арыгінальнаму творцу і чалавеку. Бо ў асобе Веры Рыч і ўкраінская, і беларуская культуры мелі выключнага, надзвычайнага і паўнамоцнага прадстаўніка ва ўсім англамоўным свеце.
ЛІТАРАТУРА

1. Like water, like fire. An anthology of Byelorussian poetry from 1828 to the present day. Translated by Vera Rich.-- London, 1971.

2. The Ukrainian Review. 1963, №3,4.

3. Ukrainka Lesya. Life and Work by C.Bida, Selected works translated by Vera Rich.-- Toronto, 1968.

4. Five Russian plays with one from the Ukrainian. Translated from the originals with an introduction by C.E.Bechhofer. -- London, 1916.

5. Ukrainka Lesya. Babylonian captivity // The Ukrainian Review. 1993, №3.

6. Ukrainka Lesya. Babylonian captivity. p. 45.

7. Her Excellency. A dramatic poem in five acts by Lesya Ukrainka (translated by Vera Rich) // The Ukrainian Review. 1992, №1,2,3.

8. Ukrainka Lesya. Forest song. Translated by Vera Rich // The Ukrainian Review. 1994, №1,2,3,4.

9. Kobrzhytska Tetiana. New light on Lesya Ukrainka and Serhiy Merzhynskyi // The Ukrainian Review. 1998, №3.

10. Ukrainka Lesya. In memory of Serhiy Merzhynskyi // The Ukrainian Review. 1998, №3. p. 88.

11. Зб. “Прад высокаю красою…” -- Мінск, 2001.

12. Казыра Л. Вера Рыч / Янка Купала: энцыклапед. даведнік. – Мінск, 1986, с. 539.

13. Янка Купала і еўрапейскі літаратурны працэс: VІ Міжнародныя Купалаўскія чытанні: навук. канферэнцыя 4 -5 ліпеня 2002 г. – Мінск, 2003, с. 222.

14. Рагойша В. П. Вера Рыч / Максім Багдановіч: энцыклапедыя. – Мінск, 2011, с. 454.

Кабржыцкая Т. В. З удзячнасцю пра Веру Рыч – англамоўнага перакладчыка Купалавых твораў, украінскай і беларускай літаратур / Янка Купала: Дыялог з ХХІ стагоддзем: Х Міжнарод. Купалаўскія чытанні, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Капалы – Матэр. навуковай канференцыі (Мінск, 20-21 чэрвеня 2012 года). – Мінск, 2013. – С. 119-127



i



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка