Таболіч А. У. Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт, Рэспубліка Беларусь




Дата канвертавання12.01.2017
Памер110.33 Kb.
Таболіч А.У.

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт,

Рэспубліка Беларусь
ТУРЫСТЫЧНАЯ ЛЕКСІКА Ў МІЖМОЎНАЙ КАМУНІКАЦЫІ (беларуская мова – англійская мова)
Мова турызма адрозніваецца ад іншых моў са спецыяльнымі мэтамі тым, што ў ёй прадстаўлены надзвычай шырока культурны аспект. Прытым найбольшай ступенню маркіраванасці адрозніваюцца віды турстычнага дыскурсу, якія апісваюць турыстычны прадукт (даведнікі, праспекты, улёткі і г.д.). А таму ў турыстычным дыскурсе прысутнічае многа лексічных адзінак з глыбока культурна-гістарычнымі каранямі. Напрыклад, разам з інтэрнацыянальным словам гатэль ужываюцца словы славянскага паходжання (гасцініца, шынок, кавярня, страўня). Некаторыя з іх маюць адценне архаізма, але апошнім часам былі адроджаны і цяпер актыўна выкарыстоўваюцца.У агратурызме, які апошнім часам развіваецца ў Беларусі, адраджаюцца найменні старажытных рамёслаў (ткацтва, ганчарная справа, кавальства), з’яўляюцца старажытныя стравы і напоі, якія вельмі падабаюцца турыстам, асабліва замежным.

За апошнія гады надрукавана многа турыстычнай літаратуры пра Беларусь і яе славутасці, у якіх прысутнічае таксама і тэкст на англійскай мове. Прааналізаваўшы некаторыя з даведнікаў і кніг , мы прышлі да высновы, што аўтары перакладаў не выкарыстоўваюць адзіныя прынцыпы і прыёмы перадачы турыстычнай лексікі, да якой мы адносім геаграфічныя назвы, імёны славутых асоб, розныя рэаліі (этнонімы, назвы мясцін, гатэляў, рэстаранаў, кафэ, назвы страў, назвы газет і часопісаў, назвы выбітных твораў літаратуры і мастацтва і г.д.). Спецыяльныя турыстычныя тэрміны мы не разглядалі ў гэтым артыкуле.

Прааналізуем кнігу ”Russia & Belarus”, якая выпушчана выдавецтвам “Lonely Planet” (3-яе выданне) у Лондане, Мельбурне, Оклэндзе і Парыжы [1].

У кнізе прысутнічаюць розныя геаграфічныя назвы, для перадачы якіх аўтары карыстаюцца ў асноўным транслітарацыяй і калькаваннем або змешаным спосабам. Для транслітарацыі яны выбралі алгарытм, распрацаваны ў ЗША, асаблівасці якога ў перадачы ётавых пры дапамозе англійскай літары “j” (я -ja, ю - ju). У Брытанскай сістэме транслітарацыі “я” перадаецца праз “ya”.

Перадача геаграфічных назваў ідзе галоўным чынам з беларускай мовы (Hrodna, Nioman, Dzvina River, Narach), але паслядоўнасці, на жаль, не назіраецца. Некаторыя назвы перадаюцца з рускай мовы (Turov, Pripet, Polesye). Урбонімы (назвы вуліц і плошчаў) перадаюцца пры дапамозе транслітарацыі для больш зручнага карыстання (pr. Pushkina, pl. Peramohi, vul. Savetskaja).

У гістарычным экскурсе ўзгадваюцца гістарычныя назвы Беларусі (White Russia, Grand Duchy of Lithuania) і этнонімы (Крывічы, Радзімічы, Дрыгавічы). Апошнія, дарэчы, перадаюцца праз рускую мову (Krivichi, Radimichi, Dregovichi). З беларускай мовы яны пішуцца як Kryvichy, Radzimichy, Dryhavichy.

Імёны і прозвішчы знакамітых беларусаў перадаюцца з беларускай мовы. Але, на жаль, ёсць недакладнасці і памылкі. Імя Максіма Гарэцкага атрымалася як Maxim Haradsky, а Францыск Скарына чамусьці перадаецца з роднага склону (Francyska Skaryny).

Назвы беларускіх газет і часопісаў перадаюцца пры дапамозе транслітарацыі, часам з паралельным перакладам (Vecherny Minsk, Nasha NivaOur Cornfield). Назвы літаратурных і музычных твораў перакладаюцца (“The Locals”,” Young Spring).

Назвы святаў перакладаюцца (Catholic Easter), або транслітаруюцца і падаюцца з паралельным тлумачэннем (DzyadyMemory Day).

Назвы культавых устаноў звычайна перадаюцца змешаным спосабам (Orthodox Holy Spirit Cathedral, SS Peter and Paul Church). Але кідаецца ў вочы і няўдалая перадача (St Nikolaiv Church, Church of St Simon and Elena). Дарэчы, беларуская архітэктура мае свае асаблівасці. Напрыклад, словы галаснік патрабуe паралельнага тлумачэння пасля транслітарацыі (halasnik, a pot built in a wall for better acoustics).

Назвы музеяў, тэатраў перадаюца пры дапамозе калькавання, зрэдку транслітаруюцца (Belarusian State Art Museum, Palats Mastatstva), але назвы карцін звычайна перакладаюцца (Birch Grove).

Назвы гатэляў, кафэ, рэстаранаў перадаюцца праз транслітарацыю з дабаўленнем слоў “hotel”, “cafe” (Hotel Sputnik, Café Gourmand).

І нарэшце беларускія рэаліі – назвы жывёл, страў і г.д. (зубр – European bison, вальер – enclosure, дача Віскулі – dacha Viskuli). Стравы і напоі перадаюцца спосабам транслітарацыі з паралельным тлумачэннем (draniki potato pancakes, hribnoy soupmushroom and barley soup, samagonmoonshine).

А цяпер прааналізуем турыстычныя назвы ў даведніках, якія выдадзены беларускімі выдавецтвамі.

Геаграфічныя назвы перадаюцца з беларускай або часцей з рускай мовы. Выклікаюць сумненне ў правільнасці перадачы такія выпадкі, калі літара “у” перадаецца праз “ou” (Boudslav, Viskouli) [2, с.46; 3, с. 11]. Таксама не назіраецца паслядоўнасці ў перадачы літары “і” у фінальнай пазіцыі. Параўнаем: Zhirovichi, але Loshitsky Park [4].

Рэчка Заходняя Дзвіна мае англійскі слоўнікавы эквівалент Western Dvina, таму перакладаць Zapadnaya Dvina або West Dvina памылкова [5, с. 273]. Такія назвы як Панямонне або Прыдняпроўе лепш перадаць пры дапамозе функцыянальнага адпаведніка (Niоmanside, Dnieperside, па аналогіі з Merseyside), хаця можна ўжываць і кальку Dnieper Land / Area [6, с. 12]. Слова вобласць звычайна перакладаецца як region, але некаторыя перакладчыкі перадаюць яго пры дапамозе транслітарацыі (oblasts) [2]. Перадаваць адміністратыўную адзінку раён як region зусім памылкова.

Этнонімы ятвягі, крывічы перадаюцца па-рознаму (Yatviag population, Yatvyagi), хаця існуе два правільныя спосабы перадачы – праз калькаванне або транслітарацыю (Kryvichans / Kryvichy; Yatviah / Yatvegians) [2, 5]. Сарматы, жыхары старажытнай Сарматыі – гэта не Sarmat [5], а Sarmatians [12]. У слова татары ёсць два слоўнікавыя адпаведнікі (Tatars, Tartars), але розніца паміж імі ў тым, што другі варыянт часцей ужываецца ў пераносным сэнсе (асоба дзікая, раздражняльная) або ў словазлучэннях (Tartar sauce - соўс тартар).

У аснове урбонімаў часта ляжыць назва краіны або гістарычнага месца, выкарыстоўваюцца фальклорныя вобразы, нацыянальныя рэаліі. Такія назвы звычайна перадаюцца змешаным спосабам - пераклад з транслітарацыяй або транлітарацыя з тлумачэннем (кафэ “Мірскі замак”- café “Mir Castle”; магазін “Батлейка“- shopBatleika”, бар “ На посошок – barNa Pososhok”, a final drink before departure).

Назвы раёнаў, вуліц, плошчаў перадаюцца рознымі спосабамі – адныя перакладчыкі выкарыстоўваюць транслітарацыю (Troitskoye Predmestie), другія – літаральны пераклад (Victors Avenue), трэція – змешаны спосаб (Peramoga Square). Кожны з іх мае свой недахоп – перадача праз транслітарацыю гучыць пазнавальна для турыста, але не перадае значэння назвы і яе паходжання (тут трэба выкарыстоўваць яшчэ паралельнае тлумачэнне), калька часта дызарыентуе турыста, змешаны спосаб гучыць не вельмі мілагучна.

Святы і фестывалі перадаюцца праз транслітарацыю з паралельным тлумачэннем (Radaunitsa, AncestorsRemembering Day), хаця гэтую назву лепш перадаваць як Memory Day. Карыстаюцца таксама і калькаваннем (FestivalCall for Spring”) [7, с. 483].

Назвы культавых устаноў выклікаюць найбольш цяжкасцей у перакладчыкаў. Напрыклад, Сабор св. Сафіі – St Sofia Cathedral (прынята - Sophia ) [5, с.23]. Найбольш недакладнасцей у перадачы назвы Касцёл св. Сымона і св. Алены (Simeon and Alyona, Symon and Helen). Нам падаецца самай удалай перадача, зробленая перакладчыкамі кнігі “Ксты” Рыгора Барадуліна (St Symon and St Alena) [8]. Дарэчы, Дзмітрый Ермаловіч, аўтар слоўніка рэлігійных тэрмінаў, лічыць, што найбольш прыдатным з’яўляецца спосаб калькавання з традыцыйнай перадачай імёнаў святых (Michael, Nicholas, Sophia, Mary) [9 ]. Паводле брытанскай традыцыі імя святога падаецца у прыналежным склоне (St Pauls Cathedral), паводле амерыканскай – у назоўным склоне (St Andrew Catholic Church). Калі ў назве прысутнічаюць імёны двух святых, то ўжываюцца два варыянты перадачы SS Boris and Gleb Church, Church of St Peter and St Paul.

З назваў гарадскіх мясцін City Hall / City Council; Upper Town / Down Town мы прымаем першы варыянт. Рэалію Замчышча ўсе перадаюць праз транслітарацыю з рускай мовы (Zamchishche), а ў рускай мове такога слова няма (у перакладным слоўніку – гэтае слова тлумачыцца як место, где стоял замок). Таму лепш ужываць апісанне (site of a сastle), як гэта робіць Гай Пікарда ў перакладзе кнігі пра Мінск і яго наваколле [10, с.46]. Прыметнікі dramatic - драматычны і republican - рэспубліканскі таксама ўжываюцца памылкова ў назвах тэатраў і музеяў (трэба перадаваць Drama Theatre, National Reserve) [7,14], таму што прыметнік dramatic ужываецца толькі ў словазлучэннях тыпу dramatic society, а прыметнік republican - ў словазлучэнні Republican Party [13, с. 352, 998].

З назваў помніка Востраў слёз (афіцыйная назва – Сынам Айчыны, загінуўшым за мяжой) і скульптуры Хлопчык з лебедзем больш правільнымі будуць пераклады The Isle of Tears, A Boy with a Swan, а не The Island of Tears, A Boy Embracing a Swan.

Назіраецца многа недакладнасцей у перадачы беларускіх персаналій (Скарына, Ефрасіння, Сямён Полацкі, Кірыла Тураўскі, Радзівілы, Сапега і г.д.). Ян Запруднік, аўтар “Беларускага гістарычнага слоўніка”, дае некалькі варыянтаў перадачы такіх імёнаў (слоўнікавы адпаведнік, транслітарацыю з польскай або беларускай мовы) – Skaryna/Skorina, Efrasinnia/Euphrosyne, Symon of Polatsak, Ciryl of Turau/Kiryla Turauski, the Radzivils/ Radziwills, Sapieha , але не Skoryna [7, с.13], Symeon of Polatsk [ 5, с.30], Ephrossinia [7, с. 13], Sapega [3, с.11].

Выклікаюць недаразуменне пераклады беларускіх гістарычных тытулаў і пасад (князь, ваявода, стараста). Толькі Князь Вялікага княства Літоўскага перадаецца як Duke, усе астатнія – праз слова Prince (адпаведна – Duchy, Principality). Дарэчы, прынята перадаваць прыметнік Вялікае як Grand, а не Great [11, с. 112]. На жаль, у аналізаваных даведніках многае пераблытана (Polatsk Duchy, Great Lithuanian Principality) [2, с. 33; 5, с. 7]. Слова воевода ў слоўніку рускіх рэалій падаецца як voyevoda [7, с. 43], староста як starosta і тлумачыцца як headman of a village, а не town head [5, с. 79].

Такія беларускія рэаліі як тутэйшыя і шляхта перадаюцца праз прыблізны пераклад (locals), у якім страчваецца негатыўнае адценне слова, як у п’есе Янкі Купалы “Тутэйшыя”, або транслітарацыя ці функцыянальны аналаг (Belarusian shliakhta, Polish szliachta; gentry, nobility).

Бытавыя рэаліі таксама перадаюцца недакладна. Напрыклад, словa маёнтак - гэта не country seat [14] і не patrimony [5, с. 11], а estate, бо слова country seat азначае “вялікі дом на сяле, які належыць багатым, і куды яны выязджаюць час ад часу”; patrimony - спадчына, а маёнтак – гэта зямельная прыватнасць разам з рознымі пабудовамі. Самагонка перадаецца як home-brew vodka . Па-першае, home-brew - гэта зробленае дома піва [13, с. 134], па-другое, самагонку гоняць не толькі дома, але і ў лесе. Таму тут лепш падыходзіць амерыканскі аналаг moonshine (алкагольны напой, які робіцца нелегальна) [13, с. 760]. Дарэчы, слова samogon, як сцвярджае В. В. Кабакчы, шырока ўжываецца ў англамоўнай літаратуры [12, с. 370].

Такім чынам, як паказаў аналіз турыстычных кніг і даведнікаў, выпушчаных у Беларусі, назіраецца многа недакладнасцей, памылак, неразуменне сваіх рэалій, няўменне выбраць адпаведны прыём перакладу і адсутнасць арыентацыі на патэнцыяльнага карыстальніка.

Турыстычная лексіка часцей перадаецца пры дапамозе транслітарацыі, у той час як у перакладах мастацкай літаратуры ўжываюцца і іншыя спосабы перадачы беларускіх рэалій – калькаванне, аналаг, тлумачэнне. На жаль, ні ў англійскіх, ні ў беларускіх турыстычных кнігах не наглядаецца ні паслядоўнасці, ні дакладнасці ў перадачы беларускіх рэалій.

Наспеў час выпусціць перакладныя або тлумачальныя слоўнікі беларускіх рэалій у перакладзе на замежныя мовы. І было б добра, каб прозвішчы перакладчыкаў заўсёды падаваліся ў кнігах і даведніках, як гэта робіцца ў замежным друку [16, с. 4].



Літаратура:

1. Russia & Belarus. – London: Lonely Planet Publications, 2005. – 704 p.

2. Belarus. The Country and Its People. – Minsk: Kavaler Publishers, 2000. – 63 p.

3. Приглашаем в Беларусь. – Минск: РИФТУР, 2001. – 20 с.

4. Discover Belarus. – Minsk: CentreKurort, 2006. – 36 p.

5. Cities-Museums. – Minsk: RIFTOUR, 2005. – 86 p.

6. Welcome to Belarus. – Minsk: PIFTOUR, 2006. 40 p.

7. Chirsky N.A., Chirsky E.N. Minsk. Guidebook / N.A.Chirsky. – Minsk: Vysheishaya Shkola Publishing House, 2005. – 96 p.

8. Baradulin R. Ksty / R. Baradulin. – Minsk: Roman Catholic Parish of St Symon and St Alena, 2006. – 788 p.

9. Ермолович Д. И Имена собственные: теория и практика межъязыковой передачи. Учебное пособие для вузов / Д.И.Ермалович. – М.: Р. Валент, 2005. – 416 с.

10. Minsk. A Histirical Guide / Transl. Guy Picarda. – London, 1993. – 154 p.

11. Zaprudnik Jan. Historical Dictionary of Belarus / J. Zaprudnik. – Lanham: The Scarecrow Press, Inc., 1998. – 299 p.

12. Kabakchi V.V. The Dictionary of Russia / V.V. Kabakchi. – СПб.: Изд-во «Союз», 2002. – 576 p.

13. Oxford Advanced Learner’s Dictionary of Current English. 6-th ed. – Oxford: Univ. Press, 2002.- 1422 p.

14. Республика Беларусь. Туристический атлас. – Минск: РУП Белкартография, 2009. – 103 с.

15. Туристическая Беларусь / Общая ред. И.И. Пирожника, пер. А.У. Таболіч. – Минск: БелЭн, 2007. - 648 с.



16. Park Narodowy w Puszczy Bialowieskiej. – Jozefow: Oficyna Wydawnicza Forest, 2004. – 168 s.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка