Таццяна Дасаева Беларускі дзяржаўны універсітэт Радыёстанцыя “Беларусь” у інфармацыйнай прасторы




Дата канвертавання18.11.2017
Памер37.27 Kb.
Таццяна Дасаева

Беларускі дзяржаўны універсітэт
Радыёстанцыя “Беларусь” у інфармацыйнай прасторы

Эфірная палітыка радыёстанцыі “Беларусь” сканцэнтравана на асвятленні найважнейшых падзей грамадска-палітычнага і сацыяльнага жыцця Рэспублікі Беларусь, удзелу нашай краіны ў рабоце міжнародных арганізацый, на растлумачэнні замежнай аўдыторыі асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры. Згодна з канцэпцыяй развіцця замежнага вяшчання, адной з галоўных задач радыёстанцыі “Беларусь” з’яўляецца фарміраванне пазітыўнага вобразу нашай краіны.

Радыёстанцыя “Беларусь” ажыццяўляе вяшчанне на краіны Усходняй, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы на беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай мовах (15 гадзін у суткі).Вяшчаннена памежныя тэрыторыі ў ФМ-- дыяпазоне на беларускай, рускай і польскай мовах (24 гадзіны ў суткі). Інтернет-вяшчанне на англійскай мове (22 гадзіны ў суткі).Радыёстанцыя рыхтуе інфармацыйна-аналітычныя, культурна-пазнавальныя і музычныя праграмы. Аб’ём эфірнага вяшчання радыёстанцыі “Беларусь” пастаянна ўзрастае, што спрыяе яе пранікненню ў міжнародную інфармацыйную прастору, развіццю кантактаў і разнастайных сувязей Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі. Сярод новых праектаў – “З першых вуснаў” (каментарыі па найбольш актуальных пытаннях унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь), “З парламенцкай залы”, “Сацыяльнае партнёрства” (аб супрацоўніцтве грамадскіх арганізацый з дзяржаўнымі інстытутамі), “Аграрны сектар”, “Беларуская мадэль развіцця”, “Людзі і лёсы” (аб суайчынніках за мяжой), “Alma мater” (аб дзяржаўнай палітыцы ў сферы вышэйшай адукацыі, магчымасцях і ўмовах паступлення ў беларускія ВНУ замежных грамадзян), “Беларускі хай-тэк”, “У свеце беларускай культуры”, “З залатога фонду” (найлепшыя музычныя творы з фондаў беларускага радыё).

На сучасным этапе развіцця грамадства асаблівае значэнне набывае падрыхтоўка журналістаў, якія будуць працаваць на замежную аўдыторыю. Таму ўдасканаленне ўзаемадзеяння радыёстанцыі “Беларусь” з факультэтам журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта – адзін з прыярытэтаў кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры. Творчае супрацоўніцтва выяўляецца ў далучэнні радыёжурналістаў да выкладчыцкай працы, у планаванні месцаў для праходжання азнаямляльнай і вытворчай практыкі на радыёстанцыі “Беларусь”.

Галоўную дырэкцыю замежнага вяшчання ўзначальвае выдатны знаўца гісторыі і культуры Беларусі Навум Якаўлевіч Гальпяровіч. Два апошнія гады ён супрацоўнічае з кафедрай замежнай журналістыкі і літаратуры: выкладае журналісцкае майстэрства, чытае спецкурс “Методыка радыё- і тэлежурналістыкі”

На радыёстанцыі “Беларусь” штогод праходзяць практыку будучыя журналісты-міжнароднікі, некаторыя з іх потым трапляюць у штат супрацоўнікаў (К. Крыжаноўская, К. Атраднава, Т. Лісай. У бягучым годзе тут практыкаваліся А. Вайтулевіч (4 курс), А. Зенчык, В. Мікалаеўская, Н. Сітко, В. Шавела (усе 5 курс).

Падчас праходжання вытворчай практыкі на радыёстанцыі “Беларусь” студэнты атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца са спецыфікай працы замежнага вяшчання, адчуць яе напружанны рытм, асвоіць радыёапаратуру, набыць ці замацаваць веды і навыкі, неабходныя сучаснаму радыёжурналісту. Напрыклад, прапанаваць тэму і падрыхтаваць у эфір інфармацыйнае паведамленне; выступіць у ролі мадэратара; зрабіць спробу начыткі тэкстаў у студыі гуказапісу ў прысутнасці вопытных радыёжурналістаў і пачуць ад іх карысныя парады; прыняць удзел у вытворчай нарадзе штатных супрацоўнікаў, дзе абмяркоўваецца якасць падрыхтоўкі перадач і інш.

У калектыве радыёстанцыі “Беларусь” пануе творчая атмасфера для маладога журналіста (штатнага супрацоўніка ці практыканта) адкрываецца шырокае поле дзейнасці, дзе можна выявіць сябе. Тут цэняцца ініцыятыва, творчы пошук. Прафесійнае майстэрства маладым супрацоўнікам і практыкантам перадаюць вопытныя журналісты розных пакаленняў (Н.В. Шарпунова, Г.І. Махавікова, Л.У. Макарава, А.А. Вінярскі, В.В. Мацюшэнка, М.Р. Міцюшнікаў і інш. ).

Сярод маладых супрацоўнікаў радыёстанцыі “Беларусь” – выпускнікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага унівесітэта імя М.Танка, Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта. У творчай працы радыёжурналісту надзвычай дапамагае захапленне літаратурнай і перакладчыцкай дзейнасцю. Вольга Блажэвіч, Марыя Барадзіна – аўтары некалькіх паэтычных зборнікаў, Зміцер Занеўскі – перакладчык. Існуе праблема, звязаная з адсутнасцю дастатковай колькасці якасных перакладаў твораў класікаў беларускай літаратуры і пісьменнікаў сучаснасці. Гэта ў пэўным сэнсе абмяжоўвае папулярызацыю беларускага прыгожага пісьменства за мяжой сродкамі радыё.

Гуманітарны складнік – важны элемент сучаснай журналісцкай адукацыі. Асаблівасцю якаснай журналістыкі з’яўляецца праца са словам. Радыёжурналіст замежнага вяшчання павінен ведаць як замежныя мовы, так і родную – беларускую.

Напрыклад, Таццяна Сівец, аспірантка Інстытута літаратуры НАН, паэтка, якая актыўна супрацоўнічае з радыёстанцыяй “Беларусь”, выдатна спалучае веданне аглійскай і беларускай моў. Яна вядзе перадачу “ Ад “А” да “Я””, дзе дае ўрокі беларускай мовы па-англійску.

Увогуле, журналісту-міжнародніку неабходна мець высокі ўзровень развіцця, свабодна арыентавацца ў галіне гісторыі і культуры Беларусі (фальклор, мастацкая літаратура, музычнае мастацтва і інш.), паколькі ён раскрывае для замежжа духоўныя каштоўнасці беларускага народа, сутнасць нашай нацыянальнай ментальнасці.



Пашырэнне замежнай інфармацыйнай прасторы, павышэнне яе якасці непасрэдна звязана з узроўнем прафесійнай падрыхтоўкі будучых журналістаў-міжнароднікаў.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка