Таццяна Дасаева Беларускі дзяржаўны універсітэт




Дата канвертавання13.10.2018
Памер37.4 Kb.
Таццяна Дасаева

Беларускі дзяржаўны універсітэт

Асаблівасці працы журналіста-міжнародніка ў Агенцтве телевізійных навін Першага канала
Вучэбна-азнаямляльная і вытворчая практыка студэнтаў Інстытута журналістыкі БДУ з’яўляецца важным этапам падрыхтоўкі журналіцкіх кадраў у сучасных умовах. Сувязь тэорыі з практыкай – перспектыўны напрамак журналісцкай адукацыі. Выпускнікі спецыяльнасці «Журналістыка міжнародная» працуюць у розных сродках масавай інфармацыі, таму ім падчас навучання неабходна азнаёміцца з працай журналіста-міжнародніка ў друкаваных СМІ, а таксама на радыё і тэлебачанні, каб вызначыць свой далейшы шлях у самастойнай журналісцкай дзейнасці. Пры правядзенні анкетавання сярод студэнтаў 4-га курса спецыяльнасці «Журналістыка міжнародная» (кастрычнік 2008 г.) на пытанне «Вашы прапановы па паляпшэнні падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне міжнароднай журналістыкі?» былі выказаны наступныя пажаданні: праходжанне практыкі ў айчынных СМІ непасрэдна па спецыяльнасці; стажыроўка ў замежных СМІ; паглыбленае вывучэнне замежных моў (пажадана дзвюх); павелічэнне колькасці прадметаў «з галіны радыё і тэлебачання», выразнае размежаванне спецыялізацыі на журналістаў-міжнароднікаў друкаваных СМІ і тэлежурналістаў-міжнароднікаў.

Грунтоўнай базай для праходжання вытворчай практыкі студэнтаў спецыяльнасці «Журналістыка міжнародная», якія вырашылі ў далейшым працаваць на тэлебачанні, з’яўляецца аддзел замежнай інфармацыі Агенцтва тэлевізійных навін Першага канала.

Аддзел замежнай інфармацыі АТН, які займаецца асвятленнем разнастайных падзей міжнароднай тэматыкі – ад палітыкі і эканомікі да навукі і культуры – цалкам кантралюе міжнародны відэаабмен матэрыяламі па каналах спадарожнікавай сувязі, забяспечвае падрыхтоўку матэрыялаў на міжнародную тэму для выпускаў навін, сюжэтаў з міжнароднага жыцця для «Панарамы», а таксама падрыхтоўку і выпуск уласнай штотыднёвай праграмы «Вокруг планеты», штотдзённых праектаў «Пресс–обзор», «Беларусь. История Победы».

Журналісты аддзела замежнай інфармацыі АТН працуюць на брыфінгах, канференцыях і іншых дзяржаўных мерапрыемствах, звязаных з міжнароднымі падзеямі, актыўна супрацоўнічаюць з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Дырэкцыя АТН Першага канала не мае ўласных карэспандэнтаў за мяжой (за выключэннем уласнага карэспандэнта ў Маскве), аднак па ўзгадненні з прадстаўніцтвамі замежных краін у Беларусі журналісты-міжнароднікі па неабходнасці могуць выязджаць у камандзіроўкі ў іншыя краіны. У абавязкі журналістаў-міжнароднікаў уваходзіць і выезд на здымкі у межах Беларусі для асвятлення падзей міжнароднага характару.

Праца журналістаў-міжнароднікаў аддзела замежнай інфармацыі цесна звязана з іншымі падраздзяленнямі АТН: аддзеламі выпуску навін, рэжысёрскага, камп’ютэрнай графікі, кардынацыі і інш. У структуры аддзела замежнай інфармацыі існуе група маніторынгу, якая ажыццяўляе сістэматычны збор і апрацоўку замежнай інфармацыі.

Журналіст-міжнароднік павінен ведаць асноўныя міжнародны падзеі бягучага дня, ведаць, што адбылося ўчора і што чакаецца заўтра; хутка арыентавацца ў інфармацыйных сайтах, суадносіць дакладнасць і аператыўнасць навін, перакладаць тэкст навін з замежных на рускую мову, ствараць дыктарскі тэкст, які павінен быць лаканічным і змястоўным.

Практыка студэнтаў-міжнароднікаў у адзеле замежнай інфармацыі АТН прадугледжвае як творчую, так і тэхнічную працу. У абавязкі практыканта ўваходзіць: засваенне структуры напісання тэксту відэаінфармацыі і сюжэта; уменне аператыўна працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, у тым ліку і замежнымі; набыццё навыкаў лінейнага мантажу, уключаючы складанне відэарада; асваенне тэхналогіі прыёму сеансаў спадарожнікавага канала «Eurovision». Як падкрэслівае загадчык аддзела замежнай інфармацыі АТН Л. Казакова, важнай умовай паспяховай працы журналіста-міжнародніка з’яўляецца авалоданне тэхналогіямі падрыхтоўкі эфіру, што магчыма толькі падчас практыкі. Таму пажадана, каб студэнт прайшоў вытворчую практыку ў аддзеле замежнай інфармацыі хаця б двойчы. Пры такой умове набытыя практычныя навыкі замацуюцца і будуць спрыяць творчаму самавыяўленню будучага журналіста-міжнародніка, росту яго прафесіяналізму.

Варта вылучыць такія якасці журналіста-міжнародніка, як універсалізм і разам з тым спецыялізаванасць у пэўных напрамках міжнароднай тэматыкі, а таксама кампетэнтнасць у сферы новых інфармацыйных тэхналогій, дасканалае веданне замежных моў.



Ці дапамагаюць у практычнай дзейнасці выпуснікоў Інстытута журналістыкі БДУ спецыяльнасці «Журналістыка міжнародная» веды, якія яны атрымліваюць па двух напрамках спецыялізацыі «Міжнародная журналістыка і эканоміка», «Міжнародная журналістыка і палітыка»? Безумоўна, дапамагаюць. Тэарэтычныя веды, набытыя праз вывучэнне дысцыплін спецыялізацыі, спецкурсаў, курсаў па профілі – аснова практычнай дзейнасці журналіста-міжнародніка аддзела замежнай інфармацыі АТН. У матэрыялах на міжнародную тэматыку заўседы прысутнічаюць пытанні палітыкі і эканомікі. Акрамя таго, у структуры АТН існуе ярка выяўленая спецыялізацыя ў творчых групах эканамічных навін, групе аналітыкаў і інш., дзе ёсць магчымасць самарэалізацыі выпуснікоў спецыяльнасці «Журналістыка міжнародная». Дарэчы, у аддзеле замежнай інфармацыі АТН паспяхова працуюць нашыя выпуснікі Вольга Саламаха, Вольга Давідовіч, Кацярына Трыпуцень.

Кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі БДУ плануе пашыраць творчае супрацоўніцтва з адзелам замежнай інфармацыі АТН Першага канала Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, дзе створаны спрыяльныя ўмовы для праходжання вытворчай практыкі студэнтаў–міжнароднікаў.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка