Таццяна Кохан




Дата канвертавання20.12.2017
Памер107.33 Kb.
Таццяна Кохан ГУМАР І САТЫРА Ў ТВОРЧАСЦІ ЯНА ЧАЧОТА

Камічнае з'яўляецца адной з найбольш складаных эстэтычных катэгорый, а таму існуюць розныя падыходы да асэнсавання гэтай з'явы. Даволі цікавай падаецца спроба аналізу камічнага ў творчасці Я. Чачота пры дапамозе канцэпцыі семіясферы Ю. Лотмана.

У семіятычнай «рэчаіснасці» 1820-1840-х гг. (перыяду актыўнай творчай дзейнасці Я. Чачота) заўважаецца поліфанія тэндэнцый: сінкрэтызм класіцызму, сентыменталізму і рамантызму. Аднак нельга казаць, што вышэй адзначаныя кірункі існавалі хаатычна і неарганізавана. Як слушна адзначае Ю. Лотман, раздзяленне на ядро і перыферыю - закон унутранай арганізацыі семіясферы [4, 553]. У цэнтры размяшчаюцца дамініруючыя семіятычныя сістэмы, з 1820-х г. гэтае месца адводзіцца рамантызму, а класіцызм і сентыменталізм займаюць перыферыйнае становішча.

Дыяхранічны аналіз дазваляе акрэсліць асаблівасці выражэння камічнага ў розных кампанентах сістэмы. Так, напрыклад, для асветніцкага класіцызму характэрна ператварэнне смеху ў вострую зброю, скіраваную на знішчэнне агульначалавечых заганаў, аб'ект сатыры - персанаж, які канцэнтруе ў сабе абстрактна-адмоўныя рысы, процілеглыя дабрачыннасці. У процівагу класіцызму, асветніцкі сентыменталізм, зыходзячы са сваіх эстэтычных норм і катэгорый, не мог утрымліваць у сваёй структуры з'едлівай сатыры, а толькі лёгкі і дасціпны гумар.

Рамантызм, у сваю чаргу, паспрабаваў патлумачыць неідэальнасць свету праз недасканаласць чалавечай натуры. Мастацкі аналіз рэчаіснасці ў рамантычных творах быў заснаваны на ўяўленні аб недасяжнай дасканаласці, праз прызму якой разглядаліся рэальны свет і асоба. Паступова на першы план выходзіць іронія, якая змяняецца самаіроніяй і, урэшце, перарастае ў сусветны скепсіс (рубеж ХІХ-ХХ стст.) [Гл.: 3].

Акрамя таго, у семіятычнай сістэме пачатку ХІХ ст. існавала перманентнае супрацьпастаўленне амбівалентнага, разбуральна- сцвярджальнага смеху народнай культуры і смеху літаратурнага, пераважна з'едлівага і знішчальнага [Гл.: 2]. Менавіта такое проціпастаўленне назіраецца ў творчасці Я. Чачота, бо адначасова існавала два аўтары, два Чачоты. Адзін - выхаваны ў традыцыях класічнага прыгожага пісьменства і шляхецкай культуры, другі - апантаны любоўю да роднага слова, паэт-фалькларыст, які імкнуўся прыўнесці ў сваю творчасць народны, карнавальны пачатак. Як слушна адзначае А. Баршчэўскі: «У час дзяцінства і ранняга юнацтва Яна Чачота дамінаваў у польскай літаратуры класіцызм і эпоха Асветы. Арыентацыя пісьменнікаў і даследчыкаў на старажытную літаратуру была дамінуючай і паўсюднай. Малады Ян Чачот таксама выхоўваўся ў духу культу да культуры Грэцыі і Рыма. Аднак, з другога боку, будучы пісьменнік, знаходзіўся пад ціскам беларускай моўнай і фальклорнай стыхіяў, якія фарміравалі яго ментальнасць і накіроўвалі ягонае інтэлектуальнае развіццё ў акрэсленым напрамку» [1, 27].

Агульнапрызнана, што Я. Чачот быў «ментарам» і маралізатарам, і далёка не кожнаму вядомы яго гумарыстычны талент. Тым не менш, у творчым набытку аўтара была нават няскончаная сатырычная аповесць «Litwa i Żmudź w karykaturze» («Літва і Жмудзь у карыкатуры») [7].

Яскрава каноны літаратурнага (рамантычнага) смеху прасочваюцца ў карэспандэнцыі паэта. Паказальнымі ў гэтым плане з'яўляюцца вершаваныя ўстаўкі, змешчаныя ў лістах Я. Чачота з Мінску да А. Міцкевіча ад 15(27) мая 1819 г. Так, пэўная іранічнасць адчуваецца ў апісанні мінскага тэатру. Я. Чачот не аднойчы бываў у віленскім тэатры, у параўнанні з якім мінскі тэатр здаваўся паэту малапрафесійным і правінцыйным: «Заслоны заўжды падцягальшчык, // Яўрэй тут разносіць талеркі -// На іх апельсіны, цукеркі. // Ля выйсця - бабуля старая // Тут дзверы сукном затуляе. // У партэр праз іх трэба ракам // Улазіць панам-небаракам» [6, 270]. У вершы адчуваецца, характэрны для рамантычнага канону, аўтарскі смех праз слёзы. Я. Чачот занепакоены стаўленнем мінчан да свайго духоўнага росту. Тым больш, яму не спадабалася і сама пастаноўка: «Ой, бо Лех - // Аж грэх, // Пустата, // Лухта, // Карчмарства, // Штукарства, // Смешкі, // Пацешкі, // Лехі, Кракі, // Світкі, фракі. // Мнагаслоўе, // Безгалоўе. // Трагедыя, // Камедыя. // Усё недарэчы // Ў беднай той рэчы. // Мешаніна, // Блытаніна. // Ой, Лех, //Аж смех» [6, 270].

З'едлівая крытыка Я. Чачота не абмінула і выканаўцу ролі галоўнай гераіні - актрысу Жукоўскую, партрэтная характарыстыка якой нагадвае апісанні багінь на Парнасе ў бурлескнай паэме «Тарас на Парнасе»: «Хто Жукоўская - не знаю, // Хто яе высока ўзнёс: // Хоць яна і не ліхая, // Твар - не наш, гарбаты нос. // Паглядзець - як вугаль, вочы І каса - чарней ад ночы. //Як дзве дужкі - бровы, // Губкі - пурпуровы: //

Ганіць тут не стану! // Ну, а што да стану - // Надта ж ён нязграбны // І, скажу, не вабны» [6, 271]. Паэта не задавальняла неадпаведнасць знешнасці «акторкі» славянскаму тыпу, таму і нос у яе «гарбаты», і «як вугаль» вочы. У выніку атрымаўся карыкатурны партрэт жанчыны паўднёвага тыпу. Аднак больш за ўсё Я. Чачот крытыкаваў яе непрафесійнасць: «А ледзь скажа слова - // Робленая мова. // Ах, што за гаворка - // Так сабе акторка» [6, 271].

У гэтым жа лісце паэт прыводзіць калектыўны партрэт мясцовых дзяўчат: «Ішлі ў галаву параўнанні // Да гэтых жа нашых лажастых, // Тут сціплыя болей ва ўбранні, // Не ўбачыш зусім «ларнецястых». // Калі ж паглядзець на іх твары - // У кожным ёсць нейкія чары. // Прывабныя ў цэлым дзяўчынкі, // Румяныя, нібы малінкі» [6, 271]. У тэксце прысутнічае яўнае параўнанне «нашых лажастых (жанчыны, што сядзяць у ложах і карыстаюцца ларнеткамі - Т.К.)» (свецкіх ільвіц Вільні) са сціплымі прыгажунямі мінчанкамі. Аднак, і правінцыйныя красуні, шчодра адораныя «абліччам узнёслым, чароўным, // Паглядам глыбокім, тактоўным», таксама не пазбегнулі Чачотавых кепікаў: «Ды штось не такія ў іх вусны // (Хаця не пра іх сёння мова). // І целам з іх кожная тлуста - // Прыкмета, што ўсё-ткі здарова» [6, 272].

У рэшце, Я. Чачот звяртаецца да самааналізу, так, у лісце з Вільні да А. Міцкевіча ад 25 ліпеня (6 жніўня) 1819 г. аўтар адчувае некаторую расчараванасць у сваім гумары: «Не магу пісаць да цябе весела, бо мой гумар цяпер трохі надкіслены» [6, 274]. У гэтым жа лісце Я. Чачот прыводзіць даволі цікавы выпадак: «Як той наш калега школьны, // Што праз долі сваёй звівы // Сёння ходзіць з вугламерам, // Перакройваючы рэчкі, землі, // А знаў косінусы, сінусы // Ён тады, як альфы, гамы - // Гэты Цыдзік, гнус, няжвавы, // Той, каго мы змалку знаем, // Ажаніўся і, каб хутка // Напладзіць Цыдзікаў племя, // Адным махам аж чацвёра // Выдаў Цыдзічат на свет. Во якое дзіва!» [6, 274]. Апісанне даволі нетыповай для паўсядзённага жыцця сітуацыі - нараджэння чацвёрні - само па сабе не з'яўляецца смешным, эфект камічнага дасягаецца за кошт увядзення неадпаведнасці, што Цыдзік, «гнус, няжвавы», змог стаць шматдзетным бацькам.

Расчараванне, народжанае неадпаведнасцю існуючай рэчаіснасці юначым надзеям, найбольш ярка адчуваецца ў лісце з Вільні да А. Міцкевіча ад 30 верасня-2 кастрычніка (12-14 кастрычніка) 1819 г.: «Сеў ты ў балоце, // Сядзі ж там, Чачоце!» [6, 276]. Паэт выкарыстоўвае фразеалагізм сесці ў лужыну (сесці ў балота), які найбольш трапна характарызуе яго жыццё, запоўненае шэрай паўсядзённай працай у Масе Радзівілаўскай. Аднак такі скептыцызм быў прадвызначаны агульнымі настроямі моладзі, бо аб'ектыўных прычын незадавальнення лёсам у Я. Чачота не было: ён быў студэнтам Віленскага універсітэта, да таго ж сябрам тайнага таварыства філаматаў. Пазней за ўдзел у нелегальнай арганізацыі паэта арыштавалі і выслалі ў аддаленыя раёны Расіі. Пасля вяртання Я. Чачот пераважна стварае асветніцкія вершы, скіраваныя на ўдасканаленне грамадства. Паэт выступае супраць п'янства, ляноты і іншых заганаў. Падобная тэндэнцыя назіраецца і ў гумарыстычнай творчасці.

У выданні «Кэіęа Humoru Polskiego» (1897) [8, 200-201] прыводзіцца тры польскамоўныя вершы Я. Чачота: «Woda i para» («Вада і пара»), «Biedny człoweczek» («Бедны чалавечак») і хрэстаматыйны «Co to starzy za waryaci» («Што старыя за вар'яты»). Нават падбор матэрыялу сведчыць пра шматграннасць палітры смеху Я. Чачота. Верш «Вада і пара» ўпершыню быў апублікаваны ў зборніку «Pieśni Ziemianina» («Песні землеўласніка») (1846) [9]. У сувязі з тым, што тэкст твора на Беларусі не друкаваўся, прыводзім яго без скарачэнняў:



Komu woda okręt niesie, para wóz popycha;

Nam od wody i odpary chudy trzos wysycha.

Rzekę wody w dzień wycadzim chinskie warząc ziele;

Stóg niejeden w dzień tytuniu dymem się rozściele.

Woda z dymem grosz swą sUą ostatni wywłoczy;

Pocim czoła nad herbatą, dym wyjada oczy.

Czas je przetrze

i dym z wodą ują

pod swą władzą;

Niech gdy suszą nam kieszenie i grosz w nieprowadzą.

Niech przewroci bystra rzeka sztucznych kół tysiące,

A potem się w samowary przelewa gorące.

Niech ogromny dziwną mocą lekki dym rozrucha,

A wstrząsnąwszy tysiąc machin, vejdzie do cybucha.

Anglik wskazał cuda czyni

i z wody i zpary;

Nie wielkiej już na naukę potrzeba ofiary.

Wstyd z fajkami nad herbatą zadymionym siedzie

;

O tem, co się dzieje w świecie, nic a nic nie wiedzie



[8, 200].

А. Мальдзіс акрэсліў галоўную ідэю верша трапным выказваннем - «трэба чытаць газеты» [5, 32]. Твор скіраваны на тое, каб паказаць веліч навукова-тэхнічнага прагрэсу, хоць традыцыйна лічылася, што паэт, захапляючыся сельскім патрыярхальным укладам, адмаўляў горад з яго дасягненнямі. Я. Чачот сцвярджае, што ў цывілізаваных краінах людзі даўно напоўніцу выкарыстоўваюць магчымасці тэхнікі, заснаванай на прыроднай моцы вады і пары, а на яго радзіме дым выядае вочкі сялянам, а пара ўзнікае толькі над гарачай гарбатай. Верш - своеасаблівы заклік далучыцца да сусветнага жыцця, прыўнесці ў гаспадарку новыя тэхналогіі. Не вядома, якімі крытэрыямі карыстаўся Казімір Барташэвіч, змяшчаючы верш у кнігу гумарыстыкі, бо твор закранае дастаткова сур'ёзныя праблемы паляпшэння жыцця грамадства.

Верш «Бедны чалавечак» таксама ўпершыню быў апублікаваны ў вышэйзгадным зборніку «Pieśni Ziemianina»:

Biedny bardzo ten czlowieczek! co to do żołądka

Zleje kwaśnych, praśnych smaków, zimna, ciepła, wrzątka.

Supy, bifsztyk, chrzan, musztardy, ryby, lody, szoda;

Wszystko co zawiera w sobie ląd, powietrze, woda.

I rozwiedzie winem, kawą, piwem i porterem;

Że się stanie brzuch wulkanem, głowa zaś kraterem.

A cho

którzy wstrzemięźliwsi jedzą i oczyma,

Wypatrują co na stole, albo czego niema;

Jednak dobrze rozważywszy zbytków tych rozpustę:

Chcemy zdrowi by

i możni? - jedzmy barszcz, kapustę! [8, 201].

Спецыфіка твора заключаецца ў тым, што для выяўлення чалавечых заган (празмернасці ў ежы), Я. Чачот выкарыстоўвае сатырычныя прыёмы эстэтыкі класіцызму. Дамінуючым з'яўляецца пафас барацьбы з чалавечымі недахопамі, для паказу якіх Я. Чачот выкарыстоўвае мудрагелістае змешванне разнародных элементаў рэчаіснасці (параўнанне чалавека і вулкана). Праявы матэрыяльна- цялеснага жыцця - ежа і пітво, губляюць сваё адраджальнае значэнне і ператвараюцца ў «нізкі побыт». Варта адзначыць, што Я. Чачот, арыентуючыся на патрабаванні класіцыстаў, адначасова прыўносіць у падтэкст твора (праз адмаўленне негатыўнага) станоўчы ідэал меры і гармоніі, у вершы выразна прасочваецца ідэя шчасця ў абмежаванні: «Chcemy zdrowi by

i możni? - jedzmy barszcz, kapustę!» [8, 201]. Для паэта найлепшымі і найбольш карыснымі з'яўляюцца простыя сялянскія стравы - боршч, капуста, а не панскія прысмакі - кава, віно, піва, біфштэкс і г.д.

Спектр гумарыстычнай паэзіі Я. Чачота не вычэрпваецца толькі літаратурнымі ўзорамі. Паэт шукаў народныя вытокі камічнага. Так, у вершы «Што старыя за вар'яты» прасочваецца новы матыў, характэрны для традыцый народнай смехавай культуры, - услаўленне жыцця ва ўсіх яго праявах (захапленне маладосцю, паўнатой пачуццяў). Паэт звяртаецца да паказу канфлікту пакаленняў, які дасціпна вырашаецца ў лаканічнай формуле: «Дык мяліце ж без прычыны // Вы, старыя людзі - // Вас паслухаем тады мы, Як дзядамі будзем!» [6, 27].

Такім чынам, творчасць Я. Чачота - выразны барометр развіцця прыгожага пісьменства свайго часу: у ёй, адпаведна агульным тэндэнцыям шматпланавай семіяфсферы 1820-1840-х г., назіраецца арганічнае спалучэнне розных мастацкіх кірункаў і стыляў, пры гэтым, калі ў пераважнай большасці «сур'ёзных» твораў паэт выступаў як асветнік-сентыменталіст, то яго гумарыстычны талент выразіўся ў вершах асветніцка-класіцыстычнай і рамантычнай скіраванасці.

ЛІТАРАТУРА:



  1. Баршчэўскі, А. Ян Чачот як чалавек і даследчык / А. Баршчэўскі // Ян Чачот, Ігнат Дамейка, сябры і паплечнікі Адама Міцкевіча: Матэрыялы Трэціх і Чацвёртых Карэліцкіх чытанняў /Рэд. Н. Давыдзенка,

А. Мальдзіс. - Мінск: ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1998. - С. 27-33.

  1. Бахтин, М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса / М. Бахтин. - 2-е изд. - М.: Художественная литература, 1990. - 543 с.

  2. Борев, Ю. Эстетика: учебник / Ю. Борев. - М.: Высшая школа, 2002. - 511 с.

  3. Лотман, Ю. Семиосфера / Ю. Лотман. - Санкт-Петербург: Искусство, 2000. - 704 с.

  4. Мальдзіс, А. Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў ХІХ ст. / А. Мальдзіс. - Мінск: Навука і тэхніка, 1966. - 159 с.

  5. Чачот, Я. Выбраныя творы / уклад., перакл., прадм., каментар К. Цвірка. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1996. - 374 с.

  6. Czeczot, J. Urywek z nieznaniej satyrycznej powieści Jana Czeczota / J. Czeczot // Księga pamiątkowa uczczenie setnej rocznicy urodzin A. Mickiewicza. T.1. -Warszawa, 1898. - S. 45-52.

  7. Księga Humoru Polskigo. T.4. / Uklad. Bartoszewicz K. - Petersburg: Druk. Grendyszyńskiego, 1897. - S. 200-201.

  8. Рieśni ziemianina przez tłumacza Piosnek wieśniaczych z nad Niemna i Dźwiny. - Wilno: Drukem Jozefa Zawadzkiego, 1846. - 59 s.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка