Танцавальны фальклор, як падмурак культурнай спадчыны беларусаў, з'яўляецца невычэрпнай крыніцай для творчасці




Дата канвертавання09.06.2018
Памер19.47 Kb.
Танцавальны фальклор, як падмурак культурнай спадчыны беларусаў, з'яўляецца невычэрпнай крыніцай для творчасці. Ён трансліруе ў людскія сэрцы глыбіню жыццёвай народнай этыкі і маралі, замацоўвае непарыўнасць традыцый паміж пакаленнямі. Яскравым пацверджаннем гэтаму з'яўляюцца побытавыя танцы, у якіх удзельнікаў яднаюць пранікненне ў глыбінны свет этнічнай культуры, эмацыянальнасць і парыў адчуванняў.

21, 22 мая 2011 года на базе Калінкавіцкага цэнтра вольнага часу і Новагуцкага сельскага дома культуры Гомельскага раёна былі праведзены занальныя конкурсы танцавальных пар - выканаўцаў народных побытавых танцаў. 174 танцавальныя пары з 62-х устаноў культуры Гомельшчыны змагаліся за званне дыпламантаў у 6-ці ўзроставых групах: вучні з 3 па 11 класы, культасветработнікі і рабочая моладзь, носьбіты танцавальнага фальклору. Узрост удзельнікаў вагаўся ад 8 да 85-ці гадоў. Такое прадстаўніцтва садзейнічала пераемнасці сапраўднай народнай манеры выканання, выразнасці пластычных рухаў, высокароднасці традыцыйнага танцавальнага стылю. Удзельнікі конкурсу пазнаёмілі гледачоў горада Калінкавічы і аграгарадка Новая Гута Гомельскага раёна са шматлікімі варыянтамі ўзораў танцаў, што бытуюць у розных рэгіёнах вобласці.

Самабытнасцю, непаўторнасцю хараэграфічнай мовы, высокім выканаўчым узроўнем вызначаліся танцавальныя пары Капаткевіцкага гарадскога дома культуры Петрыкаўскага, Дварэцкага гарадскога дома культуры і Грабаўскага сельскага дома народнай творчасці Жыткавіцкага, Прудкоўскага сельскага дома культуры і Лучажэвіцкага сельскага клуба Мазырскага, Ліплянскага і Тонежскага сельскіх дамоў культуры Лельчыцкага, Васільеўскага сельскага дома культуры Добрушскага, Парыцкага гарадскога дома культуры і Мядзведзеўскага сельскага клуба Светлагорскага, Сцяпнянскага сельскага клуба і Кіцінскага сельскага дома культуры Жлобінскага, Пярэдзелкаўскага сельскага дома культуры Лоеўскага, Рагачоўскай і Ціхініцкай дзіцячых школ мастацтваў Рагачоўскага, Свяцілавіцкага гарадскога дома культуры Веткаўскага, Камарынскага культурна-спартыўнага цэнтра Брагінскага, Пясочнабудскага сельскага клуба, Красненскай і Новагуцкай дзіцячых школ мастацтваў Гомельскага раёнаў, Калінкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, Акцябрскага цэнтра вольнага часу, Гомельскага раённага дома культуры і Кармянскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Упрыгожвалі, дапаўнялі народныя побытавыя танцы мясцовыя строі народных касцюмаў альбо іх копіі, якімі вызначаліся многія раёны, але асабліва трэба адзначыць касцюмы Лельчыцкага, Мазырскага, Гомельскага, Добрушскага, Ельскага, Калінкавіцкага і Жыткавіцкага раёнаў. Лепшымі касцюмамі прызнаны касцюмы танцавальных пар з Тонежскага і Васільеўскага сельскіх дамоў культуры Лельчыцкага і Добрушскага раёнаў.



Вынікі V абласнога конкурсу танцавальных пар - выканаўцаў народных побытавых танцаў даюць падставу сцвярджаць, што год ад году расце колькасць удзельнікаў і цікавасць дзяцей, падлеткаў, моладзі, культасветработнікаў да традыцыйнай танцавальнай культуры нашых продкаў.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка