Тэма абагульнення педагагічнага вопыту «Паэтычная зорка зямлі Дзяржынскай»




Дата канвертавання25.02.2017
Памер75.73 Kb.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

«Томкавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа»
Тэма абагульнення педагагічнага вопыту

«Паэтычная зорка зямлі Дзяржынскай»

описание: img_2312


О, Дзяржынскі мой край, сонцам расквечаны гай!

Ты ў расе на світанні сустракаеш мяне.

Сустракаеш мяне… Я іду на спатканне.

О, Дзяржынскі мой край, незабудкавы рай!

Г. Казак

Аўтары: Балашова Ганна Аляксееўна, дырэктар ДУА “Томкавіцкі ВПК ЯС-СШ”, настаўнік геаграфіі вышэйшай катэгорыі, 8(01716)42138;

Алфёрава Вольга Віктараўна, намеснік дырэктара па ВР, настаўнік беларускай мовы і літаратуры 1-ай катэгорыі, класны кіраўнік 7 класа; tomkovichi@schoolnet.by
Любая Радзіма! Вельмі шаноўная мая Беларусь! Маці наша родная – усіх нас разам і кожнага паасобку! Нізка схіляюся перад табою ў пашане ўжо толькі за тое, што ты заўсёды была, заўсёды ёсць і заўсёды будзеш. І калі думаеш пра цябе, і калі часам забываешся – ты спрадвеку з намі!

Вельмі прыгожая наша зямля. У нас шмат лясоў, рэк і рэчак, вялікіх і малых азёраў. Нездарма нашу краіну называюць у свеце сінявокаю.

У нас вельмі цудоўныя людзі – добрыя, ласкавыя, спагадлівыя, працалюбівыя, сціплыя, вясёлыя, але не бесклапотныя.

Мы крыху задумлівыя – час і войны, якія, з рэдкім пастаянствам, праяджаліся па нашай зямлі, навучылі нас думаць пра многае.[2]

Мы глыбока перакананы, што любоў да Радзімы пачынаецца з любві да свайго роднага краю, да сваёй сям’і, школы, да таго кутка, дзе ты нарадзіўся і вырас. Але для таго, каб беражна ставіцца да сваіх каранёў, трэба ведаць – адкуль ты родам, кім былі твае продкі.

Дык дзе ж мы жывём, дзе знаходзімся на дарагой нашай планеце, якая мае такое прыгожае імя – Зямля і маленечкім касмічным караблём блукае ў неабсяжных прасторах космасу?

Дзе шукаць цябе, Беларусь?

Калі глобус у вас пад рукою, паволі пакруціце яго па гадзінкавай стрэлцы, знайдзіце нулявы мерыдыян. Зусім побач, крыху лявей ад яго, паміж 22 і 34 ўсходняй даўгаты, паміж 50 і 60 паўночнай шыраты вы лёгка заўважыце зялёную, нават смарагдавую выяву, якая сваімі абрысамі-межамі нагадвае вытанчаны кляновы лісток…

Гэта і ёсць Беларусь, наша старажытная зямля.[2]

На гэтай цудоўнай планеце ёсць маленькі куточак, які называецца аграгарадок Томкавічы. Тут мы нарадзіліся, выраслі і пайшлі ў школу.

Вывучаючы мінулае сваёй краіны па кнігах і дакументах, мы зрэдку задумваемся над тым, што яно непарыўна пераплецена не толькі з лёсам маёй сям’і, але і з лёсамі іншых сем’яў. Значыць для таго, каб зразумець жыццё дзяржавы, для таго, каб ганарыцца сваёй краінай, у першую чаргу, трэба ведаць гісторыю сваёй маленькай радзімы.

На жаль, мы не можам пахваліцца багатай гісторыяй нашай вёскі, у нас няма значных прыродных і культуралагічных аб’ектаў. Аднак, мы лічым, што у нас ёсць найбольш важнае для вывучэння і захавання нашчадкам – нашы землякі, якімі мы можам ганарыцца.

У рабоце выкарыстоўваліся матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва, цэнтральнай бібліятэкі г.Дзяржынска і сельскай бібліятэкі аграгарадка Томкавічы, інтэрв’ю Галіны Казак, успаміны мясцовых жыхароў, энцыклапедычныя выданні.

Беларуская зямля – край шчодрай прыроды, непарушных традыцый і багатай падзеямі гісторыі. Тут спачываюць нашы продкі, жывуць і працуюць нашы бацькі і будуць працаваць нашы дзеці і ўнукі.

На нашай зямлі нарадзілася, вырасла і доўгі час жыла паэтэса Галіна Казак, якая зараз пражывае ў г. Дзяржынску. Але немагчыма расказаць пра творчасць чалавека не ўзгадаўшы пра яго радзіму, пра тое, што паўплывала на станаўленне асобы і выбар жыццёвага шляху. Таму, мы, вучні ДУА “Томкавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа”, вырашылі спачатку заняцца даследваннем мясцовасці.

Пра нас звычайна пішуць і гавораць: «Беларусы – народ добры, шчыры, цярплівы, мудры, памяркоўны, спагадлівы, працавіты, паслухмяны, дабрадушны, сумленны».

Беларусы – гэта ўсё: наша дагледжаная зямля, і наша чыстая, як сляза, вада, нашы добраўпарадкаваныя вёскі і гарады, нашы цудоўныя архітэктурныя шэдэўры, узведзеныя нашымі рукамі, нашы прыгожыя жанчыны і мужныя мужчыны.

І, вядома ж, беларусы – гэта славутыя і самыя звычайныя людзі, якія стварылі ў стагоддзях гонар і славу нашай зямлі.

Гэта Ігнат Дамейка – народны герой Чылі; Мікалай Судзілоўскі – прэзідэнт Гавайскіх астравоў; Іван Чэрскі – яго іменем названа сістэма горных хрыбтоў у Сібіры і Забайкаллі; Тадэвуш Касцюшка – герой грамадзянскай вайны ў Амерыцы і кіраўнік паўстання 1794 года, помнікі якому пастаўлены ў Кракаве, Лодзі, Вашынгтоне, у яго гонар названа гара ў Аўстраліі, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы. [2]

На нашай маленькай радзіме таксама ёсць людзі, якімі мы ганарымся, таму мы заняліся даследваннем біяграфіі нашай зямлячкі – паэтэсы Казак Галіны Аляксандраўны, якой у 2012 годзе споўнілася 55 год.

Галіна Казак па сваіх каранях – чалавек вясковы. І душа яе, яе шчырасць, сардэчнасць, як і яе любоў па жывому ўцягнуты ў стыхію паэтычных пачуццяў.

Люблю цябе, маё сяло, мае Булынкі!

Тут маці наракла мяне Галінкай…

Калі я нарадзілася на свет,

пах мёдам красавіцкі першацвет. (зборнік Г. Казак “Подых шчасця”, верш “Першацвет”, 2004 год)

Менавіта тут 18 красавіка 1957 года нарадзілася Галіна Аляксандраўна Казак. Пасля заканчэння Томкавіцкай сярэдняй школы (1974 г.) вучылася ў Мінскім ПТВ №76, працавала кантралёрам АТК на ВА «Інтэграл», таваразнаўцам, начальнікам забеспячэння ў будаўнічай фірме.

Шмат гадоў жыла ў роднай вёсцы Булынкі, працавала мастацкім кіраўніком у Томкавіцкім сельскім Доме культуры. Зараз жыве ў г.Дзяржынску, піша вершы, рэгулярна друкуецца ў раённай газеце «Узвышша». Уваходзіць у літаратурна-мастацкі клуб «Выток», які працуе пры аддзеле абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі.

На станаўленне Галіны Аляксандраўны аказалі вялікі ўплыў настаўнікі і бацькі, якія спрыялі фарміраванню творчага асэнсавання жыцця.

Падчас сустрэчы з Галінай Аляксандраўнай, мы ўзялі ў яе інтэрв’ю.

«Яшчэ ў дзяцінстве я пастаянна аб чымсьці марыла, фантазіравала. Тады я жыла ў вёсцы, пасвіла кароў, вакол мяне была цудоўная прырода, і я адчула. Як мая душа з ёй зліваецца. Вось тады я і пачала пісаць вершы. Выдатна памятаю, што першы верш быў пра бярозку.

У школе вельмі любіла літаратуру, шмат чытала. Таксама з дзяцінства я праніклася любоўю да патрыятычных фільмаў. Верш «Тры кулямётчыкі» прысвяціла бацьку. Мяркую, што выканала свой доўг перад ім…

Зараз я проста не магу жыць без творчасці. Але бываюць такія перыяды, калі ў галаву зусім нічога «не лезе». Але калі ўжо прыходзіць натхненне, магу напісаць некалькі вершаў падрад! Таксама пішу тэксты песень.

У мяне ёсць два зборніка, у планах выпусціць трэці. Першы – «Белая птица». У ім лірыка. Другі зборнік – «Подых шчасця».

У напісанні вершаў я самавучка. Пачынаючаму паэту трэба ведаць, што самым лепшым будзе той верш, які напісаны ад душы. Шчырасць – вялікі плюс для паэта. Не трэба паўтарацца, трэба шукаць нешта сваё, нікім не сказанае. Пошук, душа, час – усё ўзаемазвязана, як і мы теснай ніткаю звязаны з бацькамі, радзімай, якую бязмерна любім і ганарымся».

Галіна Аляксандраўна піша вершы рознай тэматыкі. Галоўная асаблівасць паэзіі заключаецца ў тым, што яна засяроджана перш за ўсё на адлюстраванні ўнутранага свету чалавека. Паэзія перадае ўражанні, роздум, перапісыванні, настроі, думкі і пачуцці, якія ўзнікаюць у душы паэта пад уплывам жыццёвых абставін. Кожны чалавек у паэтычных творах знаходзіць для сябе адказы на многія пытанні.

У сваім вершы Галіна Аляксандраўна Казак піша “Кажуць, што няўдзячная справа быць у роднай краіне паэткай”. Згодна паэзіі дзейнасць паэта звязана з тайнай слова. Словам можна падтрымаць, пакрыўдзіць, здзівіць, “забіць”, “зрушыць”, натхнуць любога чалавека. Толькі ва ўмелых руках спрацуе творчы інструмент – Слова: “Маё слова не б’е, не калечыць. Мая думка не рэжа, не коліць. Слова – душы счаўрэлыя лечыць. Думка – сэрцы людзей бажаволіць.”.

Ідэю беражлівых адносін да Слова трэба браць на ўзбраенне любому чалавеку – і свет стане лепшым, і адносіны паміж людзьмі цяплейшымі.

У вершы ідзе спроба асэнсавання вытокаў сваёй творчай дзейнасці: “Хто даў табе права карыстацца прафесіяй гэткай?”філасофскае пытанне сэнсу выбранага шляху, якое могуць задаць чытачы і сама паэтка звяртаецца з ім да сябе. І гучыць такі просты ў сваім разуменні адказ: “Бог мне даў, напэўна, натхненне. Усе астатняе – маці-айчына”.

Зварот да вобраза Радзімы ў творчасці любога пісьменніка – гэта класіка. Не выключэннем з’яўляецца і Галіна Казак. Адным са знакавых твораў лічыцца верш “*** О, краіна мая!..”.

Паназіраўшы за ўзаемаадносінамі Дачкі і Маці, лёгка разумеецца параўнанне Маці – Айчына: “прытулюся шчакою”, “калыханку ўначы праспяваеш”, “сэрца мае супакоіш”, “будуць маліцца аблокі”, “месяц сваё срэбра ўпляце ў твае паясы”, “адзіная ў свеце”, “я малюся, каб нам не сустрэцца з бядою”. Гэтыя выразы добра кладуцца ў адносінах да Маці і, адпаведна, Радзімы. Калі вялікай любоўю сагрэта сэрца да роднай Матулі, то і Айчына будзе квітнець, бо ў пошуках “лёгкіх” грошай за межамі краіны мы не пакінем іх. Як у народзе кажуць: “Дзе нарадзіўся – там і згадзіўся”. І як жа загарэліся вочы Вольгі Віктараўны, калі сярод творчых рукапісаў паэткі знайшліся строкі і пра яе родныя Рубяжэвічы, каля якіх знаходзіцца вёсачка Ручына (раней Няшота).

Мы пражываем на тэрыторыі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Тут размешчана самая высокая кропка Беларусі – г.Дзяржынская. На тэрыторыі раёна шмат месцаў, якія можна наведаць. Але мы ганарымся не толькі прыроднымі аб’ектамі, музеямі, а таксама самым галоўным нашым багаццем – нашымі землякамі.

Знаёмства з яркімі старонкамі мясцовай гісторыі, з вядомымі жыхарамі выклікае пачуццё гонару за сваіх продкаў. Даследчая работа па краязнаўству дапамагае нам рэалізаваць свае інтарэсы, раскрывае новыя старонкі ў летапісе родных мясцін.

Мы вырашылі пачаць сваю работу з вывучэння біяграфіі Галіны Казак, таму што яна не толькі наша зямлячка, але яшчэ і творчы чалавек. Атрымаўшы тэхнічную адукацыю, яна прысвяціла свой лёс паэзіі. Галіна Аляксандраўна піша цудоўныя вершы, дзе адлюстраваны ўсе яе пачуцці, яе няпростае жыццё. Кожны твор – часцінка яе душы, напоўненая любоўю да Радзімы. Яна з павагай ставіцца да бацькоў, даглядае сваю маці, якой у 2012 годзе споўнілася 90 год.

Нельга не згадзіцца са словамі П. Броўкі: “Усё пакінуць след павінна, бо, як пачаўся белы свет, прамень, пясчынка і расінка нязменна пакідаюць след.”

Кожны чалавек пакідае пасля сябе след. Наша слаўная зямлячка пакіне яго сваёй творчасцю. Творчасць, культура – гэта тое, што застаецца пасля ўсяго. Гэта – наша будучыня, наша выхаванасць. Менавіта яна робіць чалавека чалавекам. Толькі ў духоўна культурнага чалавека жыццё будзе напоўненым. Без ежы чалавек не можа жыць увогуле, а без культуры ён дэградзіруе і таксама памірае. Духоўна – як асоба.

Чалавек будзе любіць свой край, сваю гісторыю, калі будзе ведаць яго мінулае і сучаснае. Наш родны край – самая прыгожая, самая дарагая краіна ў свеце. Мы любім сваю Радзіму і ганарымся яе гісторыяй, традыцыямі, людзьмі, бо мы – патрыёты.



СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

  1. Валаханович А.И., Кулагин А.М. Дзержинщина: Прошлое и настоящее. Мн.: Наука и техника, 1986. – 1999 с.: ил.

  2. Зялёны лісток на планеце Зямля. Партрэт Беларусі: эсэ/ Я. Сіпакоў. – Мінск: Беларус. Энцыкл. Імя П. Броўкі, 2010. – 368 с.: іл.

  3. Казак Г.А. Белая птица. Стихи. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”,1999.-32 с.

  4. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мн.: БЕЛТА, 2004.- 704с.: іл.

  5. Подых шчасця. Вершы/ Г.А. Казак. – Мн.: УП “Тэхнапрынт”, 2004. – 128 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка