Тэма: Максім Багдановіч. «Зімой» Мэта




Дата канвертавання08.05.2017
Памер58.85 Kb.
Тэма: Максім Багдановіч. «Зімой»

Мэта: Фарміраваць разуменне пра пейзажную лірыку як аднаго з відаў паэтычнага майстэрства, выклікаць пачуццё захаплення прыгажосцю і гармоніяй карцін прыроды; удасканальваць навыкі выразнага чытання, умення рабіць высновы, узнаўляць мастацкія карціны, створаныя пісьменнікам на аснове аналізу лірычнага твора. Садзейнічаць развіццю камунікатыўных і медыя-інфармацыйных кампетэнцый вучняў.
І. Арганізацыйна-матывацыйны этап
1. Слова настаўніка.

Імя Максіма Багдановіча назаўсёды ўвайшло ў нашу літаратуру. Любоў да Бацькаўшчыны жывіла высокае натхненне паэта, дапамагала яму здзейсніць свой пісьменніцкі і грамадзянскі подзвіг. Бо інакш як подзвігам яго кароткае жыццё і нельга назваць. За 25 гадоў свайго жыцця Максім Багдановіч зрабіў для беларускай літаратуры вельмі многа. Прырода шчодра надзяліла яго шматгранным талентам, дазволіла развіцца як паэту і празаіку, перакладчыку і крытыку, публіцысту і гісторыку. Яго поўнае неаслабнага гарэння жыццё было ўзорам высокага служэння роднаму народу. Максім Багдановіч даказаў, што мова нашага народа ніколькі не бяднейшая і не горшая за іншыя, што на ёй можна перадаваць найтанчэйшыя адценні чалавечых пачуццяў.



2. Давайце пазнаёмімся з асобай паэта. ( Прагляд Слайд-шоу "Жыццё М. Багдановіча" (настаўнік каменціруе фотаздымкі, расказваючы пра жыццёвы і творчы шлях паэта).

3. Максім Багдановіч верыў, што беларуская літаратура стане неад’емнай часткай сусветнай культуры. І вера яго спраўдзілася. Творы многіх беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і самога Максіма Багдановіча перакладзеныя на многія мовы свету.

Прагляд відэа Буктрэйлер да кніг М. Багдановіча



4. Гутарка па пытаннях:

  • Што вы даведаліся пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча?

  • Ці садзейнічаў прагледзены матэрыял стварэнню вобраза паэта ў вашым уяўленні?

  • Як садзейнічаў гэты матэрыял стварэнню вобраза паэта?

  • Якім вы ўявілі Максіма Багдановіча?

ІІ. Асноўны этап.

1. Слова настаўніка.

Тэматыка твораў паэта разнастайная, гэта тэма мастацтва і гістарычнага мінулага, грамадская плынь жыцця, захапленне мюдрасцю і здольнасцямі народа, хараство свету і чалавека



З замілаваннем і любоўю падае М. Багдановіч беларускія пейзажы, адзначаючы новыя і новыя штрыхі роднага краю. Пейзажы паэта поўныя бадзёрасці, жыццесцвярджальнай сілы. У іх — вітанне жыцця, імклівасці руху, жаданая гармонія паміж чалавекам і прыродай. Паэт тонка разумее і любіць прыроду, адчувае сябе часцінкай вялікага свету, умее слухаць і бачыць усё навакольнае: «як дрыжаць ад ветру зоркі, «як расце ў цішы трава».

2. Выразнае чытанне настаўнікам ці падрыхтаванымі вучнямі вершаў «Зімовая дарога», «Добрай ночы, зара-зараніца!»

3. Аналіз верша «Зімой»

Настаўнік. Паэтычная зорка М. Багдановіча ззяе высока і сёння. Кожнае пакаленне нанава адкрывае для сябе яго паэзію. Давайце і мы далучымся да чароўнага свету паэта. Верш "Зімой" чытае Лілія Давідовіч

4. Гутарка па пытаннях:

  • Які пейзажны малюнак адкрыўся слыху і зроку чалавека?

  • Як паэту ўдалося дасягнуць таго, каб у нашым уяўленні узнікла менавіта такая карціна?

  • Як аўтар перадае слыхавыя, зрокавыя ўражанні лірычнага героя? (слыхавы фон вечара ствараецца з дапамогай азначэнняў звонкі, скрыпучы, за кошт адпаведнага падбору галосных гукаў, пераважна [а], [о], яны хораша перадаюць той розгалас, які чуецца ў зімовым марозным паветры. Звонкасць дасягаецца за кошт гукаў [з], [р], [ ч], якія сустракаюцца ў кожным слове радка)

  • З дапамогай якіх зрокавых колераў ствараецца апісанне зімовага вечара? (наваколле вызначаецца багаццем колераў: белы, сіні, светлы, срэбны, усё зіхаціць, пераліваецца)

  • Якім паўстае наваколле ва ўспрыманні героя? (наваколле не застылае, а рухомае, жывое: зоркі дрыжаць ад марозу, месяц на зямлю спускае стоўп, які пакрывае сінеючыя снягі і робіць іх цудоўнымі, зоркі пахаладзелі і дрыжаць)

  • Як зімовы пейзаж паўплываў на настрой героя, яго адчуванні, пачуцці?

  • Перачытайце яшчэ раз верш і падумайце, якое значэнне на думку паэта, мае прырода ў жыцці чалавека (усім зместам верша «Зімой» паэт пераконвае чытача: прырода дабратворна ўплывае на людзей, толькі трэба ўмець чуць і бачыць, ставіцца да яе з любоўю і зычлівасцю).

  • Які настрой выклікае ў вас верш? (светлы, бадзёры, радасны, суладны з прыгажосцю прыроды).

  • Якія вобразы, малюнкі вам уяўляюцца падчас праслухоўвання верша? (слоўнае маляваннне).

  • Растлумачце сэнс вобраза «Як мары белыя бярозы// Пад сінявой начной стаяць».

  • Чаму, на вашу думку, паэт называе вечар звонкім, месяц вільготным?

  • Як вы разумееце паэтычны вобраз «У небе зоркі ад марозу // Пахаладзеўшыя дрыжаць»?

  • Якія незвычайныя паэтычныя словы выкарыстаў аўтар, каб перадаць прыгажосць роднай прыроды?

  • Як у мастацтве называюцца малюнкі , на якіх адлюстравана прыроды? (пейзажныя, запіс у сшытак азначэнняў «Пейзаж» і «Пейзажная лірыка»)

5. Выразнае чытанне верша вучнямі.

Дома вы паўтарылі змест артыкула «Пра выразнае чытанне літаратурнага твора», змешчанага ў падручніку на ст. 12 і адказалі на пытанне, якім павінна быць выразнае чытанне (эмацыянальным у адпаведнасці з задумай пісьменніка і выяўленнем сваіх адносін; неабходна пастарацца ўявіць карціны і вобразы, створаныя паэтам; адчуць настраёвасць верша; стварыць партытуру выразнага чытання; перадаць пры чытанні аўтарскія перажыванні і сваё ўражанне ад твора.



Настаўнік. Верш вучыцца на памяць, як вы лічыце, ці трэба вучыць вершы на памяць? Чаму? (адказы вучняў: каб развіваць памяць; каб вучыцца прыгожа гаварыць; каб перадаваць пачуцці; каб развіваць і ўзбагачаць душу, мастацкі густ; каб атрымаць адзнаку; каб расказаць маме...)
Настаўнік:
- Ці ставіце вы перад сабой якую-небудзь мэту, расказваючы верш на памяць? (адказы вучняў: атрымаць высокую адзнаку; расказаць, каб зразумеў увесь клас; расказаць лепш за аднакласнікаў).
Настаўнік:
Ці трэба, расказваючы верш, старацца перадаць аўтарскія вобразы, пачуцці, настрой, якія мы вызначылі, аналізуючы тэкст? (вучні згаджаюцца, што трэба)

Ці задумваліся вы аб тым, што ваша чытанне, акрамя таго, што хочацца атрымаць добрую адзнаку, павінна несці нейкую ідэю, не толькі ідэю аўтарскую, але і вашу ідэю, бо чытаючы выразна верш, вы таксама ствараеце пэўны вобраз і павінны слухачам даць нейкі пасыл. Што мы будзем гаварыць тым, хто нас слухае? Давайце вызначым, што мы скажам нашым выразным чытаннем, якім будзе пасыл нашай працы (адказы вучняў: перадаць карціны зімы, каб слухачы іх адчулі, апісаць зімовы вечар, каб слухачы ўявілі яго, перадаць нашыя пачуцці ад зімовага вечара).

- Давайце паспрабуем! Чытаем верш на памяць, робім відэазапіс чытання верша вучнямі.

Чытае Мікіта Палавец

Чытае Яна Гетун

Праглядваем, абмяркоўваем, ці удалося пры чытанні перадаць пачуцці, перажыванні, ці стараліся вучні ўявіць і перадаць малюнкі і вобразы верша (абмяркоўваючы, памятаем, што ацэньваецца работа, а не асоба; што правяраем толькі тое, што дамовіліся перадаваць чытаннем верша, вучні прыходзяць да высновы, што Мікіта і Яна, асабліва Яна, выразна чыталі, стараліся спасцігнуць вобразны і інтанацыйны лад верша, выказаныя аўтарскія пачуцці і перажыванні, стараліся ўявіць і перадаць нам вобраз зімовага вечара).

Параўноўваем чытанне верша вучнямі з чытаннем Ліліі Давідовіч (ці ёсць што агульнае? Чым адрозніваюцца чытанні?)

Настаўнік.

Мы з вамі будзем вучыцца працаваць творча, ствараць розныя медыяпрадукты. З якімі медыяпрадуктамі мы пазнаёміліся на пачатку ўрока? (слайд-шоу, буктрэйлер).

Якую задачу ставілі аўтары гэтых твораў? (расказаць пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча, сабраць разрозненыя фатаграфіі паэта, падабраць музыку, стварыць адпаведны настрой, выклікаць адпаведныя пачуцці для таго, каб паказаць якім цудоўным паэтам быў Максім Багдановіч, нягледзячы на складаныя абставіны жыцця; стварыць вобраз паэта ў нашым уяўленні).

Вершам Максіма Багдановіча «Зімой» мы з вамі пачалі вывучаць тэму «Прыроды вечная краса» і будзем знаёміцца з творамі Якуба Коласа, Анатоля Грачанікава, Уладзіміра Караткевіча, Петруся Броўкі, у якіх раскрываецца прыгажосць нашай прыроды, будзем вучыцца разумець пейзажную лірыку, удасканальваць навыкі аналізу твораў. А завяршацца вывучэнне тэмы будзе вусным сачыненнем з элементамі апісання на падставе ўласных назіранняў за прыроднымі з’явамі. Таму вывучаючы творы, будзем ствараць малюнкі да іх, малюнкі ўласных назіранняў за прыроднымі з’явамі, з якіх мы зробім слайд-шоу ў рэдактары You Tube, з узорам слайд-шоу мы пазнаёміліся ў пачатку ўрока, і гэтае слайд-шоу дапаможа нам падрыхтавацца да сачынення і выкарыстаем яго падчас адказу.


IV. Рэфлексія: Давайце паразважаем, якія якасці развівае спалучэнне літаратурных твораў з медыятворамі?
V. Дамашняе заданне: Падрыхтуйце выразнае чытанне верша на памяць, паспрабуйце зрабіць відэазапіс свайго чытання. Чытае Людміла Вяроха

Стварыце ілюстрацыю да твора або малюнак на зімовую тэму, у якім адлюструйце ваша самае любімае эмацыйнае захапленне ад зімы.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка