Тэма: Ян Баршчэўскі. Асоба пісьменніка. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» галоўны твор пісьменніка. Вобраз шляхціца Завальні




Дата канвертавання09.12.2018
Памер77.89 Kb.
У 9 класе вывучаецца жыццё і творчасць Яна Баршчэўскага. Існуе спектакль і мастацкі фільм, у якіх аўтары па-рознаму рэпрэзентавалі твор Яна Баршчэўскага, таму лічу, што вучням будзе цікава і карысна пры вывучэнні твора «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» пазнаёміцца і з поглядамі рэжысёраў і актораў на літаратурны твор, вучыцца дэкадаваць медыятэксты і выказаць свой погляд як на літаратурны твор, так і на медыятэксты. Гэта будзе садзейнічаць глыбокаму разуменню ідэйнага зместу твора, яго значэнні ў зараджэнні новай беларускай літаратуры, значэння дзейнасці самога Яна Баршчэўскага, крытычнаму асэнсаванню поглядаў на твор стваральнікаў медыятэкстаў.
Тэма: Ян Баршчэўскі. Асоба пісьменніка. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» - галоўны твор пісьменніка. Вобраз шляхціца Завальні.

(першы ўрок па вывучэнні тэмы з двух)



Мэта настаўніка на ўрок: стварыць умовы для засваення асноўных звестак з жыцця і творчасці Яна Баршчэўскага – пачынальніка новай беларускай літаратуры; арганізаваць сітуацыю для аналізу вобраза шляхціца Завальні ў літаратурным творы, спектаклі і кінафільме, садзейнічаць развіццю уменняў вучняў рабіць самастойныя і аргументаваныя высновы з прагледзеных медыятэкстаў (дэкадаваць медыятэкст).

Мэта вучня на ўрок: буду ведаць асноўныя звесткі з жыцця і творчасці Яна Баршчэўскага, вучыцца аналізаваць вобраз у медыятэксце; пазнаёмлюся з пунктамі поглядаў на асобу аўтара і герояў у медыятэкстах, параўнаю вобраз шляхціца Завальні у літаратурным творы, спектаклі і фільме, аргументавана выкажу свае адносіны да стварэння вобраза шляхціца Завальні ў медыятэкстах.
Абсталяванне: вучэбны дапаможнік «Беларуская літаратура» для 9 класа, кніга Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», кампʼютар з доступам да сеткі Інтэрнэт, мультымедыйны экран (тэлевізар) для паказу фрагментаў фільма і спектакля.

Фарміраванне медыйных уменняў вучняў будзе адбывацца на наступным матэрыяле: відэафільм «Ян Баршчэўскі», спектакль Беларусь у фантастычных апавяданнях, кінафільм «Шляхтич Завальня, или Беларусь в фантастических рассказах»,


Ход урока

(Пад час працы над першым урокам тэмы «Рамантызм як вядучы літаратурны напрамак» (усяго на вывучэнне тэмы праграмай адводзіцца чатыры гадзіны, з іх два - на вывучэнне жыцця і творчасці Яна Баршчэўскага) звярталася ўвага вучняў на тое, што мы будзем вывучаць твор Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» і давалася папярэдняе заданне прачытаць апавяданні «Шляхціц Завальня», «Плачка», «Сын Буры».

Дадзены ўрок – першы ў вывучэнні жыцця і творчасці Яна Баршчэўскага).



І. Асоба пісьменніка.

Да ўрока вучні павінны былі пазнаёміцца з матэрыялам падручніка (с. 101-102), паглядзець відэафільм Ян Баршчэўскі і адказаць на пытанні:



  • Якім паўстае пісьменнік у відэафільме? (пры неабходнасці ў класе праглядаецца відэафільм)

  • Ці адрозніваецца вобраз у відэафільме ад вобраза ў падручніку? Як?

  • Ці дапоўніў відэафільм ваша ўяўленне аб пісьменніку? Чым?

  • Якія сродкі дапамагаюць аўтарам відэафільма стварыць вобраз пісьменніка?

  • Якую ролю выконваюць у відэафільме пісьменнік Уладзімір Арлоў і гісторык Аляксандр Краўцэвіч?

Падчас гутаркі ў класе вучні запаўняюць табліцу «Ян Баршчэўскі» і адказваюць на пытанне: у чым значэнне дзейнасці Яна Баршчэўскага?

1. Назавіце асноўныя рысы асобы пісьменніка (матэрыял падручніка)




2. Назавіце рысы асобы пісьменніка, аб якіх даведаліся пасля прагляду відэафільма




3. Дакажыце аргументавана, што Ян Баршчэўскі – пісьменнік рамантык, запішыце не менш чым тры прыкметы рамантызму ў творчасці Яна Баршчэўскага





ІІ. Вобраз шляхціца Завальні.

Слова настаўніка. Перад намі не звычайны твор – а «кніга сэрцаў і характараў людскіх», у якой Ян Баршчэўскі адным з першых звярнуў увагу на самабытнасць беларускай міфалогіі, традыцый і вераванняў народа. У вуснай народнай творчасці ён убачыў крыніцу пазнання багатага духоўнага свету беларусаў і важны сродак нацыянальнага адраджэння. І гэта ў той час, калі нават саму назву «Беларусь» было забаронена ўжываць у афіцыйных паперах. Расійскі цар Мікалай І увёў такую забарону ў 1840 годзе. У кнізе выразна выяўлены маральна-этычныя погляды народа. Сучаснік Яна Баршчэўскага, выдатны беларускі крытык публіцыст Рамуальд Падбярэскі пісаў: «Тое, што піша пан Баршчэўскі прозай...мае сувязь...з духам і паэзіяй народа, адкуль выйшлі гісторыя, і літаратура, і мова».

Кампазіцыйна твор складаецца з апавяданняў-прытчаў, устаўных навел, лірычных адступленняў і ўспамінаў. Звязваюцца яны пры дапамозе шырокавядомага са старажытнасці прыёму: увядзення вобраза слухача і каментатара народных апавяданняў – шляхціца Завальні.



Заданне 1.

  • Знайдзіце ў тэксце апавядання аўтарскую характарыстыку пана Завальні, назавіце яго рысы характару.

  • Апішыце край, у якім ён жыў.

  • Якім вы ўяляеце пана Завальню?

Заданне 2. Дэкадаванне медыятэксту: прагледзім фрагменты спектакля (першыя 5 з паловай хвілін, фрагмент з 19 па 20 хвіліну, фрагмент з 36 па 37 хвіліну, фрагмент з 47.30 хвіліныі да заканчэння спектакля) і адкажам на наступныя пытанні: (пытанні раздадзены вучням на парты, таксама раздадзены карткі «Сродкі кінамовы» (гл. Дадатак).

  • Што адбываецца ў кадры?

  • Ці паверылі вы персанажу спектакля?

  • Ці здаўся ён вам рэальным чалавекам?

  • Ці спадабалася вам, як у спектаклі ўвасоблены персанаж?

  • Як пабудаваны кампазіцыя кадра і асвятленне?

  • Якое значэнне колеру і ракурсу ў кадры?

  • Якія сродкі выкарыстоўвалі аўтары для стварэння настрою? Для перадачы эмоцый?

  • Як вы зразумелі характар гукарада ў фільме?

  • Чым спадабаліся фрагменты спектакля? Якія эмоцыі выклікалі?

  • Хто выканаўца роляў у спектаклі, рэжысёр, аўтар музыкі?

  • Ці спраўдзіліся вашы чаканні?

Заданне 3. Абагульняючае пытанне:

Як адрозніваецца вобраз шляхціца Завальні літаратурны і ў спектаклі, што агульнага ў вобразах? Што асноўнае, характэрнае ў вобразе вызначылі вы? (запаўняем першыя два слупкі табліцы)



Вобраз шляхціца Завальні

Якім паказаны Завальня у творы?

Якім паказаны Завальня у спектаклі?

Якім паказаны Завальня ў фільме











Заданне 4. Цяпер прагледзім фрагмент (першыя пяць з паловай хвілін фільма) кінафільма рэжысёра В. Турава і прааналізуем у групах па плане:

1-я група. Што было прадэманстравана на экране?

Якія думкі выклікала дадзеная сцэна фільма?

Ці згодны вы з падборам актораў на выкананне ролей ці не? Чаму?

2-я група.

З дапамогай якіх сродкаў кінамовы (музыка, ракурс, святло, план...) рэжысёру ўдалося перадаць мастацкі тэкст? А што перашкодзіла яму зрабіць гэта?



3-я група.

Ці поўнасцю адпавядае эпізод з фільма тэксту мастацкага твора? Калі не – напішыце адрозненні.

Чаму рэжысёр адмовіўся ад некаторых момантаў з тэксту, што яму перашкодзіла і як гэта паўплывала на адлюстраванне зместу твора?

Афішаванне вынікаў работы ў групах.

Узаемаацэнка: Як вы ацэньваеце прапановы аднакласнікаў? Ці пагаджаецеся з таварышамі? Вучні карэкціруюць вынікі працы, дэманструюць веданне сродкаў медыятэксту, запаўняюць трэці слупок табліцы.
ІІІ. Абагульненне.

Гутарка па пытаннях:



  • Як адрозніваюцца погляды режысёраў спектакля і кінафільма на вобраз шляхціца Завальні? Чым і чаму? (розныя сродкі стварэння вобраза, розныя погляды саміх рэжысёраў на твор і вобраз).

  • Чым было карысна знаёмства з медыятэкстамі? (кіно – свае сродкі паказу жыцця і стварэння вобразаў персанажаў, погляд рэжысёра можа адрознівацца ад погляду аўтара літаратурнага твора, разуменне магчымасцей медыятэксту дапамагае выпрацоўваць крытычныя і рэфлексіўныя адносіны, разуменне таго, што экранізацыя – гэта погляд рэжысёра на твор, як і ў кожнага з нас павінен быць свой погляд).

  • Ці карысна фарміраваць пункт погляду на літаратурны твор на аснове экранізацыі ?

  • Ці заменіць прагляд фільма ці спектакля чытанне літаратурнага твора? Чаму?


IV. Рэфлексія. Вучні працягваюць сказы:

  • Я зразумеў, што...

  • Я быў здзіўлены, што...

  • Я хачу больш дэталёва ведаць пра...


V. Дамашняе заданне.

1) Давайце вернемся да асобы пісьменніка Яна Баршчэўскага і яго твора, падумаем: які галоўны пасыл (месыдж) быў бы ў вас, калі б вы здымалі фільм ці спектакль па творы? Паспрабуйце стварыць афішу да вашай уяўнай экранізацыі твора Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» або рэкламны тэкст

2) Паўтарыць апавяданні Яна Баршчэўскага «Плачка» і «Сын Буры»
Заўвага: калі вучні першы раз будуць дэкадаваць медыятэкст, то дастаткова для аналізу ўзяць толькі адзін тэкст - або фрагменты спектакля, або фільма, на выкарыстанне абодвух тэкстаў можа не хапіць часу аднаго ўрока.
Дадатак

Сродкі кінамовы

(выкарыстаны матэрыял са старонкі «Працуем з кінатэкстамі» дыстанцыйнага курсу «Школа медыяадукатараў»)


Кампазіцыя кадра – гэта сукупнасць усіх элементаў кадра, іх узаемнае размяшчэнне і спалучэнне, а таксама прымяненне розных мастацкіх і тэхнічных метадаў, якія дазваляюць з выразнасцю паказаць задуму стваральніка фільма.
Вугал камеры:

Нізкі (калі камера глядзіць на героя знізу) выкарыстоўваецца, каб павялічыць памер ці значнасць аб’екта, паказаць яго сілу, уладу ці статус.

Высокі – каб падкрэсліць уразлівасць, бясілле, страх.
Буйны план факусуе нашу ўвагу на дэталях, нейкім важным аб’екце, выразе твару, эмоцыі, рэакцыі персанажа. У буйным плане мы бачым звычайна галаву, ці галаву і плечы героя.

Агульны план дае магчымасць паказаць рух вялікіх людскіх мас.
Візуальныя коды: адзенне, асяроддзе, абстаноўка, сімвалы, знакі. Касцюм: звычайна служыць указаннем на гістарычны перыяд, сацыяльнае паходжанне персанажа, асаблівасці яго характару. Касцюм нярэдка адсылае да пэўных стэрэатыпных уяўленняў пра тых ці іншых прадстаўнікоў грамадства.
На ўспрыняццё карцінкі, стварэнне эмацыйнага фону моцна ўплывае гук, мантаж, колеравая гама і асвятленне.
Мантаж – гэта адбор мастаком падзей, іх супастаўленне ў пэўным тэмпе і рытме, іх трактоўцы. Мантаж – галоўны, асноўны спецыфічны сродак кінамастацтва. Пры дапамозе мантажу можна злучаць падзеі, знятыя ў розных месцах і ў розны час, выразіць думку рэжысёра-мастака чыста кінематаграфічна.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка