Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў 18–25 студзеня 2017 г. Паяднанне — любоў Хрыста ахапіла нас




Дата канвертавання14.02.2017
Памер288.51 Kb.
ТЫДЗЕНЬ МАЛІТВАЎ ЗА АДЗІНСТВА ХРЫСЦІЯНАЎ
18–25 студзеня 2017 г.

Паяднанне — любоў Хрыста ахапіла нас (пар. 2 Кар 5, 14–20)

Матэрыялы на сёлетні Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў падтрыхтавалі хрысціяне з Германіі.

У біблейскім тэксце (2 Кар 5, 14–20) падкрэсліваецца, што паяднанне з’яўляецца дарам ад Бога, прызначаным для ўсяго стварэння. Праз Божае дзеянне асоба, якая была паяднана ў Хрысце, паклікана да абвяшчэння гэтага паяднання словам і чынам: «Любоў Хрыста ахапіла нас». Гэты тэкст падкрэслівае, што паяднанне не здзяйсняецца без ахвяры. Езус аддае сваё жыццё. Ён памірае за ўсіх. Пасланнікі паяднання пакліканы ў Яго імя і падобна Яму аддаваць сваё жыццё. Яны ўжо жывуць не толькі для сябе, яны жывуць для таго, хто памёр за іх.


Частка I

Тэкст з другога Паслання да Карынцянаў (2 Кар 5, 14–20) вызначае разважанні васьмі дзён, якія развіваюць выбраныя тэалагічныя часткі паасобных вершаў наступным чынам:

Дзень 1: Адзін памёр за ўсіх

Дзень 2: Жыць ужо не дзеля сябе

Дзень 3: Ужо нікога не ведаем паводле цела

Дзень 4: Даўняе мінула

Дзень 5: Вось сталася новае

Дзень 6: Бог паяднаў нас з сабою

Дзень 7: Служэнне паяднання

Дзень 8: Паяднаныя з Богам


Сімвалы падчас набажэнства

Сцяна

Падзенне Берлінскай сцяны ў 1989 годзе, якому паклаў пачатак Рух малітвы аб міры ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы (ГДР, Усходняя Германія). На вокнах і каля дзвярэй людзі ставілі свечкі і маліліся аб міры. Хорст Зіндэрман, член ураду ГДР да 1989 года, занатаваў: «Мы распланавалі ўсё. Былі падрыхтаваны да ўсяго, але толькі не да свечак і малітвы». Таму падзел хрысціянаў і паяднанне, якога мы шукаем, сімвалізуюцца ўзвядзеннем сцяны і яе разбурэннем. Гэта можа стаць знакам надзеі ў кожнай сітуацыі, калі падзел здаецца непераадольным. Таму ўзвядзенне сімвалічнай сцяны падчас вызнання грахоў, бачная наяўнасць гэтай сцяны падчас абвяшчэння слова і ўрэшце яе разбурэнне з мэтай стварэння крыжа як знаку надзеі, даюць нам адвагу назваць балесныя падзелы і перамагчы іх з Божай дапамогай.

Пасля кароткіх уводзінаў прызначаныя асобы будуюць мур. Ён працягвае стаяць да адпаведнай малітвы на кожны дзень, пасля якой сцяна разбіраецца камень за каменем, і яны выкладваюцца ў форме крыжа. У залежнасці ад памераў прасторы для гэтага сімвалічнага дзеяння могуць спатрэбіцца наступныя матэрыялы: 12 скрынак аднаго памеру (напрыклад, скрыні ад абутку), загорнутыя ва ўпаковачную паперу так, каб яны нагадвалі камяні. На пярэднім баку кожнай са скрыняў будзе напісаны «грэх» (недахоп любові, нянавісць і пагарда, несправядлівае абвінавачванне, дыскрымінацыя, пераслед, знішчэнне супольнасці, неталерантнасць, рэлігійныя войны, адкідванне, злоўжыванне ўладай, ізаляцыя, пыха). Назваўшы грэх, адпаведны яму камень пераносяць у вызначанае месца для ўзвядзення сцяны. Праз хвіліну цішыні асоба, якая прыносіць камень (або лектар), просіць прабачэння за гэты грэх, на што супольнасць адказвае: «Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым». Пасля прачытання Божага слова і казання настае малітва аб паяднанні. У гэты час сцяна дэмантуецца, камяні выкладваюцца ў форме крыжа, гучыць спеў, прыдатны да тэмы паяднання. Пасля вызнання веры прамаўляюцца чатыры заступніцкія малітвы. Пасля кожнага закліку тры асобы (або адна) запальваюць свае свечкі ад цэнтральнай крыніцы святла (напрыклад, ад пасхала) і стаяць ля крыжа, пакуль не распачнецца частка пад назвай «Указанне Хрыста». Калі ўмовы дазваляюць, дванаццаць асоб (або чатыры) разносяць святло сярод супольнасці, пакуль усе не запаляць свае свечкі. Набажэнства заканчваецца благаслаўленнем і рассыланнем.

Частка II



Парадак набажэнства
С — святар

Л — лектар

Н — народ (усе прысутныя)



  1. Сабраныя ў імя Езуса.

Спеў на ўваход. Працэсія з Бібліяй/лекцыянарыем
Уступ

С – У імя Айца і Сына і Духа Святога.

Н – Амэн.

С – Ласка і супакой ад Бога, які праз Хрыста паяднаў нас з сабою, няхай будзе з усімі вамі (2 Кар 5, 18).

Н – І з духам тваім.
Частка II

Уступнае слова

С – Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, сёлета шмат хрысціянаў і шмат Цэркваў адзначаюць гадавіну Рэфармацыі. Святы Павел нагадвае, што Бог паяднаў нас праз Езуса Хрыста і што любоў Хрыста ахапіла нас, каб мы сталі слугамі паяднання. Разам будзем праслаўляць Бога ў еднасці Духа Святога!

Псальм 98 (спеў) або песня праслаўлення


  1. Падзеленыя па нашай віне (вызнанне грахоў)

С – У гісторыі Касцёла, вернікам якога заўсёды патрэбна навяртанне да Езуса Хрыста, было шмат рухаў аднаўлення. Часам гэтыя рухі вялі да ненаўмысных падзелаў. Гэты факт супярэчыць таму, пра што Езус просіць Айца (пар. Ян 17, 23): «Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне». Вызнаем нашыя грахі і памолімся аб прабачэнні і аздараўленні ран, якія былі нанесены нашымі падзеламі. Называючы гэтыя грахі, мы ўбачым, як сталі яны сцяною, якая нас падзяляе.

С – Молімся: Божа і Ойча Нябесны, прыходзім да Цябе ў імя Езуса. Мы зведваем аднаўленне праз Твайго Духа Святога, але, нягледзячы на гэта, будуем сцены, якія нас падзяляюць, сцены, якія ўскладняюць стварэнне супольнасці і нішчаць адзінства. Прыносім гэтыя камяні, з якіх мы ўзнеслі сцены, і молімся аб Тваім прабачэнні і аздараўленні.

Н – Амэн.

(Пасля называння кожнага граху адпаведны яму камень прыносяць да месца ўзвядзення сцяны. Праз хвіліну цішыні асоба, якая нясе камень [Л], прамаўляе малітву перапрашэння, а супольнасць адказвае: «Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым»).

С – Адным з камянёў у нашай сцяне з’яўляецца недахоп любові (кладуць камень з надпісам «недахоп любові»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за недахоп любові ў нас. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

С – Чарговым камнем у нашай сцяне з’яўляецца нянавісць і пагарда (кладуць камень з надпісам «нянавісць і пагарда»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за нашу нянавісць і ўзаемную пагарду. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

С – Чарговым камнем у нашай сцяне з’яўляецца несправядлівае абвінавачванне (кладуць камень з надпісам «несправядлівае абвінавачванне»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за асуджэнне і ўзаемныя несправядлівыя абвінавачванні. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

С – Чарговы камень у нашай сцяне — дыскрымінацыя (кладуць камень з надпісам «дыскрымінацыя»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за ўсе формы ўзаемнай крыўды і дыскрымінацыі. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

С – Чарговы камень у нашай сцяне — пераслед (кладуць камень з надпісам «пераслед»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за ўсе формы пераследу. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

С – Чарговы камень у нашай сцяне — знішчэнне супольнасці (кладуць камень з надпісам «знішчэнне супольнасці»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за знішчэнне хрысціянскай супольнасці. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

С – Чарговы камень у нашай сцяне — неталерантнасць (кладуць камень з надпісам «неталерантнасць»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за акты рэлігійнай неталерантнасці. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

С – Чарговы камень у нашай сцяне — гэта рэлігійныя войны (кладуць камень з надпісам «рэлігійныя войны»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за ўсялякія войны, якія мы вялі супраць адно аднаго ў Тваё імя. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

С – Чарговы камень у нашай сцяне — гэта адкідванне (кладуць камень з надпісам «адкідванне»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за адкідванне іншых і жыццё, нязгоднае з нашым супольным пакліканнем. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

P – Чарговы камень у нашай сцяне — гэта злоўжыванне ўладай (кладуць камень з надпісам «злоўжыванне ўладай»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за нашыя злоўжыванні ўладай. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

P – Чарговы камень у нашай сцяне — гэта ізаляцыя (кладуць камень з надпісам «ізаляцыя»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за самазадаволенасць, калі мы ізалёўваліся ад нашых сясцёр і братоў і ад грамадстваў, у якіх жывём. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

С – Чарговы камень у нашай сцяне — гэта пыха (кладуць камень з надпісам «пыха»)

Л – Ласкавы Божа, любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне за нашую пыху. З пакораю просім:

Н – Адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

С – Молімся: Пане, наш Божа, узглянь на гэтую сцяну, якую мы пабудавалі і якая аддзяляе нас ад Цябе і адно ад аднаго. Прабач нам грахі нашыя. Аздараві нас. Дапамажы нам разбурыць усе сцены падзелу і ўчыні нас адзінствам у Табе.

Н – Амэн.

Песня на перапрашэнне («Пане, прабач нам»)


  1. Паяднайцеся з Богам — слухайце Божае слова

Гамілія

  1. Адказ у веры — жыць паяднаннем

С – Молімся: (адпаведная малітва на кожны дзень)

Н – Амэн.



(Сцяна разбурана, камяні выкладваюцца ў форме крыжа; гучыць адпаведны спеў)

Знак супакою

С – Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі. Перададзім адно аднаму знак супакою. Гімн/Песня


  1. Адказ веры — паяднанне

Вызнанне веры

Заступніцкая малітва (пасля кожнага закліку тры (або адна) асобы запальваюць свечкі ад цэнтральнай крыніцы святла, напрыклад, ад пасхала, і стаяць ля крыжа, пакуль не распачнецца частка пад назвай «Указанне Хрыста»).

Л – Усемагутны Божа, Ты паслаў свайго Сына Езуса Хрыста, каб Ён паяднаў свет з Табою. Праслаўляем Цябе за тых, каго Ты паслаў моцаю Духа абвяшчаць Евангелле ўсім народам. Дзякуем Табе, што ва ўсіх частках зямлі збіраецца супольнасць любові праз малітву і працу, і што ў кожным месцы Твае слугі заклікаюць Тваё імя. Няхай Твой Дух абудзіць у кожным грамадстве голад і прагненне адзінства ў Табе. Цябе просім:

Н – Выслухай нас, Пане.

Л – Ласкавы Божа, молімся за нашыя Цэрквы. Напоўні нас усялякай праўдай і спакоем. Блукаючым пакажы шлях. Тых, хто абвяшчае Евангелле, умацуй. Прыйдзі з дапамогай да патрабуючых. Падзеленых паяднай. Цябе просім:

Н – Выслухай нас, Пане.

Л – Божа Стварыцель, Ты ўчыніў нас на свой вобраз і адкупіў нас праз Езуса Хрыста, Твайго Сына. Узглянь ласкава на ўсю чалавечую сям’ю; знішчы пагарду і нянавісць, якія атручваюць нашыя сэрцы; разбуры муры, якія нас падзяляюць; паяднай нас повязямі любові. І нават праз нашую слабасць рэалізоўвай Твае мэты на зямлі, каб кожны чалавек і кожны народ мог служыць Табе ў спакоі вакол Твайго нябеснага трону. Цябе просім:

Н – Выслухай нас, Пане.

Л – Духу Святы, Даўца жыцця, мы створаныя, каб, будучы аздароўленымі ў Табе, жыць на зямлі разам з нашымі братамі і сёстрамі. Абудзі ў кожным з нас Тваю любоў. Дай нам сілу і адвагу працаваць на карысць справядлівасці там, дзе мы жывём, ствараць спакой у нашых сем’ях, суцяшаць хворых і паміраючых, дзяліцца ўсім, што мы маем, з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе. Перамяні нашыя сэрцы. Цябе просім:

Н – Выслухай нас, Пане.

С. Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.

6. Пасланнікі Хрыста — слугі паяднання. Указанне Хрыста

С – Запаленая свечка з’яўляецца глыбока чалавечым сімвалам: яна асвятляе цемру, дае цяпло, бяспеку і еднасць. Яна сімвалізуе Хрыста — Святло свету. Як пасланнікі Хрыста будзем несці гэтае святло ў свет, у змрок змаганняў, нязгоды і падзелаў, якія зацямняюць супольнае сведчанне. Няхай святло Хрыста здзейсніць паяднанне ў нашых думках, словах і дзеяннях. Прыміце святло Хрыста і занясіце яго ў цёмныя месцы нашага свету! Будзьце слугамі паяднання! Будзьце пасланнікамі Хрыста! (дванаццаць або чатыры асобы разносяць святло сярод сабраных)

Благаслаўленне і рассыланне

С – Усклікаем да Цябе, міласэрны Божа: няхай усе, хто шукае паяднання, зведаюць Тваю дапамогу, каб маглі абвяшчаць Твае магутныя справы любові! Просім аб гэтым у імя Твайго Сына, Езуса Хрыста, нашага Пана.

Н – Амэн.

С – Няхай благаслаўленне ўсемагутнага Бога, Айца і Сына, і Духа Святога сыйдзе на вас і застанецца з вамі назаўсёды.

Н – Амэн.

С – Ідзіце ў спакоі Хрыста.

Н – Дзякуем Пану Богу.

Гімн/песня «Узыйдзі, o Сонца справядлівасці» Christiana Davida (Sonne der Gerechtigkeit) альбо іншая песня.

Частка III

Біблейскія разважанні і малітвы на асобныя дні тыдня
Дзень першы – серада, 18 студзеня 2017 г.

Адзін памёр за ўсіх (2 Кар 5, 14)
ПЕРШАЕ Чытанне

Іс 53, 4–12



Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства.

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Ён узяў на сябе немачы нашы, Ён сам перанёс хваробы нашы; а мы думалі, што Ён пабіты, пакараны Богам і прыніжаны. Ён быў пакалечаны за грахі нашы, пабіты за нашы злачынствы; ушчуванне за свет наш — на Ім, і ранамі Яго мы аздароўлены.


Усе мы, як авечкі, заблукалі, кожны з нас павярнуўся на дарогу сваю, а Пан усклаў на Яго ўсю нашу несправядлівасць.
Здзекаваліся з Яго, але Ён сам паддаўся і не адкрыў вуснаў сваіх; як ягня, на зарэз ведзенае, ды як авечка маўчыць перад стрыгалямі, — не адкрыў Ён вуснаў сваіх! На прыніжэнне і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго, за грахі майго народа забіты быў насмерць.
І прызначылі Яму паграбенне разам з бязбожнікамі, ды разам з багатымі магіла Яго, бо нікому не зрабіў крыўды і не было падману на вуснах Яго.
Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны.
Таму дам яму ўдзел сярод вялікіх, і з моцнымі ён будзе дзяліць здабычу за тое, што аддаў сябе на смерць, і быў залічаны да злачынцаў. Ён сам панёс грахі многіх і стаў заступнікам злачынцаў.

Гэта слова Божае.



РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 118 (117), 1 і 14–15



Рэфрэн: Пан — мая моц і маё збаўленне.

1. Хваліце Пана, бо Ён добры, †


бо навекі міласэрнасць Ягоная. *
14. Пан — сіла мая і песня, Ён стаў маім збаўленнем.
15. Голас радасці і збаўлення *
ў шатрах праведнікаў: Правіца Пана чыніць цуды.

Рэфрэн:
Другое ЧЫТАННЕ

1 Ян 2, 1–2



Мы маем Заступніка перад Айцом.

+ Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Дзеці мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. Калі ж хто зграшыць, то мы маем Заступніка перад Айцом, Езуса Хрыста справядлівага. Ён ёсць ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі, і не толькі за нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету.

Гэта слова Божае.

Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус Хрыстус памёр за нас,

каб прывесці нас да Бога.

Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле

Ян 15, 13–17



Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.


Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Гэта слова Пана.

Молімся: Божа, наш Ойча, Ты даў нам свайго Сына, які памёр за ўсіх. Ён жыў нашым жыццём і памёр нашаю смерцю. Ты прыняў Яго ахвяру і ўваскрасіў Яго да новага жыцця з Табою. Учыні, каб мы маглі стаць з Ім адно праз Духа Святога і жыць у шчодрасці Тваёй Божай прысутнасці цяпер і на вякі вечныя. Амэн.

Дзень другі – чацвер, 19 студзеня 2017 г.

Жыць ужо не дзеля сябе (пар. 2 Кар 5, 15)
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Міх 6, 6–8



О чалавек, сказана табе, чаго патрабуе ад цябе Пан

Чытанне кнігі прарока Міхея.

З чым я з’яўлюся перад Панам


і пакланюся перад Найвышэйшым Богам?
Ці прынясу Яму ўсеспаленні
і аднагадовых цялят?
Ці спадабаюцца Пану тысячы баранаў
і дзесяткі тысяч патокаў алею?
Ці мне прынесці за маю правіну першынца майго,
плод майго ўлоння за грэх маёй душы?
О, чалавек, сказана табе, што ёсць дабром,
і чаго патрабуе ад цябе Пан:
паступаць справядліва, любіць міласэрнасць
і  пакорна хадзіць перад тваім Богам?

Гэта слова Божае.


РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 25 (24), 2–3. 4–5ab



Рэфрэн: Дай спазнаць Твае дарогі, Пане.

2. Божа, на Цябе спадзяюся, няхай не буду асаромлены, *


няхай не весяляцца мае ворагі нада мною.
3. Няхай не будуць асаромлены ўсе, хто на Цябе спадзяецца. *
Сорам тым, хто веру ламае дзеля марнасці.

Рэфрэн:

4. Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *


і навучы мяне сцежкам Тваім.
5. Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, *
бо Ты Бог збаўлення майго.

Рэфрэн:


Другое ЧЫТАННЕ

1 Ян 4, 19-21


Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас. Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога», — а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць. І мы маем ад Яго такую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.


Гэта слова Божае.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Хто хоча ісці за Мною,

няхай адрачэцца ад самога сябе,

возьме свой крыж і ідзе за Мною.



Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле

Мц 16, 24-26



Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе.
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю?
Гэта слова Божае.

Молімся: Божа, наш Ойча, праз грэх мы трапляем у пастку эгаізму; жывём і думаем толькі пра сябе. У Езусе Хрысце Ты вызваліў нас да жыцця, якое выходзіць па-за нас. Вядзі нас праз свайго Духа і дапамажы нам жыць як браты і сёстры ў Хрысце, які жыў дзеля нас, цярпеў, памёр і змёртвыхпаўстаў, і які жыве і валадарыць на вякі вечныя. Амэн.

Дзень трэці — пятніца, 20 студзеня 2017 г.

Ужо нікога не ведаем паводле цела (2 Кар 5, 16)
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Сам 16, 1. 6–7



Намасціў Самуэль Давіда між братоў ягоных, і Дух Пана сышоў на яго

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Пан сказаў Самуэлю: Колькі будзеш смуткаваць па Саўлу, якога Я адкінуў як караля Ізраэля? Напоўні рог свой алеем і ідзі. Я пасылаю цябе да Есэя з Бэтлеема, бо Я знайшоў сабе караля між сынамі ягонымі.

Калі яны ўвайшлі, ён убачыў Эліява і сказаў: Сапраўды перад Панам гэта памазанік Ягоны! І сказаў Пан Самуэлю: Не зважай ні на аблічча яго, ні на высокі ягоны рост, бо Я адкінуў яго. Я не гляджу, як глядзяць людзі, бо чалавек бачыць тое, што навідавоку, а Пан заглядае ў сэрца.

Гэта слова Божае.


РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 19 (18), 2–3, 4–5 (Р.: 2а)



Рэфрэн: Загады Пана справядлівыя і радуюць сэрца.

2. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, *


пра справу рук Яго расказвае небасхіл.
3. Дзень дню апавядае слова, *
ноч ночы адкрывае веды.

Рэфрэн: 

4. Няма мовы, і няма слоў, *


але чуецца іх голас.
5. Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх гук, †
і да межаў сусвету словы іхнія. *
Для сонца там шацёр у іх.

Рэфрэн:
Другое ЧЫТАННЕ

Дз 9, 1–19



Гэты чалавек маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем.

Калі ён падчас падарожжа набліжаўся да Дамаска, раптам святло з неба асвяціла яго. Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне? Ён жа сказаў: Хто Ты, Пане?

А той адказаў: Я Езус, якога ты пераследуеш. Устань і ідзі ў горад, і скажуць табе, што ты павінен зрабіць.
Людзі, якія ішлі разам з ім, анямелі, бо чулі голас, але нікога не бачылі. Саўл падняўся з зямлі і, хоць вочы былі адкрытыя, нікога не бачыў. Узяўшы за руку, павялі яго ў Дамаск. Тры дні ён не бачыў і не еў, і не піў.

У Дамаску быў адзін вучань па імені Ананія. Пан аб’явіўся яму і сказаў: Ананія. А ён адказаў: Гэта я, Пане! Пан сказаў яму: Устань і ідзі на вуліцу, якая завецца Простай, і спытайся ў доме Юды пра Саўла з Тарсу, бо ён цяпер моліцца.

I ўбачыў Саўл у аб’яўленні чалавека па імені Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго рукі, каб ён зноў мог бачыць.

Адказаў Ананія: Пане, шмат ад каго я чуў пра гэтага чалавека, колькі ён учыніў зла Тваім святым у Ерузалеме. I тут ён мае ад першасвятароў уладу зняволіць усіх, хто заклікае імя Тваё.

Але Пан сказаў яму: Ідзі, бо гэты чалавек маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля. Я пакажу яму, колькі ён павінен выцерпець дзеля Майго імя.

Тады пайшоў Ананія і ўвайшоў у дом. І ўсклаўшы на яго рукі, сказаў: Браце Саўле, Пан Езус, які з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў мог бачыць і напоўніўся Святым Духам. І адразу нібы луска спала з вачэй ягоных, і стаў відучым, падняўся і быў ахрышчаны. А калі спажыў ежу, набраўся сілы.

Некалькі дзён Саўл быў з вучнямі ў Дамаску.

Гэта слова Божае.


Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Напоўні, Пане, нашыя сэрцы сваім святлом,

Няхай Тваё слова прабывае ў нас ва ўсім сваім багацці.

Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле
Мц 5, 1–12

Шчаслівыя ўбогія духам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:
Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне.
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах. Бо так пераследавалі прарокаў, якія былі перад вамі.

Гэта слова Пана.


Молімся: Божа, у Тройцы адзіны, Ты крыніца і мэта ўсіх жывых істот. Прабач нам, калі мы думаем толькі пра сябе і аслепленыя ўласнымі крытэрыямі. Адкрый нашыя сэрцы і вочы. Вучы нас любові, прыняццю і міласэрнасці, каб мы маглі ўзрастаць у адзінстве, якое з’яўляецца Тваім дарам. Табе хвала і пашана праз усе вякі вечныя. Амэн.


Дзень чацвёрты – субота, 21 студзеня 2017 г.

Даўняе мінула (2 Кар 5, 17)
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 19, 15–26



І спаслаў Пан на Садом і Гамору дождж з серы і агонь

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Анёлы прыспешвалі Лота, кажучы: Устань, вазьмі жонку тваю і дзвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуў ты за беззаконні горада. А паколькі ён марудзіў, то мужы тыя, з літасці Пана да яго, узялі за руку яго і жонку, і дзвюх дачок ягоных і павялі яго, і вывелі за горад.

Калі ж вывелі іх вонкі, то адзін з іх сказаў: Ратуй жыццё сваё; не азірайся і нідзе не спыняйся ў гэтай ваколіцы; ратуйся на гары, каб табе не загінуць.

Але Лот сказаў ім: Не, Пане. Вось слуга Твой знайшоў упадабанне ў вачах Тваіх, і павялічыў Ты міласць сваю да мяне, каб уратаваць жыццё маё. Але я не магу ратавацца на гары, каб не застала мяне бяда і я не памёр. Вось блізкі гэты горад, каб уцякаць туды, і ён малы. Я ўратуюся ў ім. Ці ж ён не малы? І будзе захавана жыццё маё.

І сказаў яму: Вось учыню яшчэ і гэта для цябе: не знішчу горада, пра які ты кажаш. Спяшайся, ратуйся там, бо Я нічога не магу ўчыніць, пакуль ты не ўвойдзеш туды. Таму і названы горад гэты: Сэгор. Сонца ўзышло над зямлёю, і Лот увайшоў у Сэгор.

І спаслаў Пан на Садом і Гамору дождж з серы і агонь ад Пана з нябёсаў. І знішчыў гарады гэтыя і ўсю ваколіцу, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расліннасць зямлі. А жонка Лота азірнулася назад і ператварылася ў слуп солі.

Гэта слова Божае.


РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

 Пс 80(79), 2аc і 3b



Рэфрэн: Божа, аднаві і дай нам збаўленне.

2. Пастыр Ізраэля, паслухай, *


які сядзіш на хэрубінах, з’явіся.
3. Абудзі сваю магутнасць *
і прыйдзі нам на паратунак.

Рэфрэн:

Другое ЧЫТАННЕ

Флп 3, 7-14


Але што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай.
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Але што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай. Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Езуса Хрыста, майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста і апынуцца ў Ім не са сваёю справядлівасцю, якая паходзіць з Закону, але з тою, якая паходзіць з веры ў Хрыста, са правядлівасцю ад Бога, заснаванай на веры, каб пазнаць Яго і моц Ягонага ўваскрасення і саўдзельнічаць у цярпеннях Ягоных, прыпадабняючыся да Ягонай смерці, каб нейкім чынам дасягнуць уваскрашэння з мёртвых. Не тое, каб я ўжо атрымаў гэта і ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Хрыстус Езус. Браты, я не лічу, што ўжо атрымаў гэта, але толькі забываю тое, што за мною, і сягаю да таго, што наперадзе. Паводле мэты імкнуся да ўзнагароды высокага паклікання Божага ў Хрысце Езусе.
Гэта слова Божае.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Ідзіце і абвяшчайце Валадарства Бога,

які быў, ёсць і які прыходзіць.

Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле

Лк 9, 57–62



Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус і вучні Ягоныя былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву.

А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае.

Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да  Валадарства Божага.

Гэта слова Пана.



Молімся: Пане Езу Хрыстэ, той самы ўчора, сёння і навекі. Вылечы раны нашага мінулага, благаславі сёння нашую пілігрымку да адзінства і вядзі нас да Тваёй будучыні, дзе Ты будзеш усім ва ўсіх, з Айцом і Духам Святым, на вякі вечныя. Амэн.

Дзень пяты – нядзеля, 22 студзеня 2017 г.

Вось сталася новае (2 Кар 5, 17)
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Эзх 36, 25–27



Дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан:

I акраплю вас вадою чыстаю, і будзеце ачышчаны ад ўсяго бруду вашага, і ад ўсіх ідалаў вашых Я ачышчу вас. I дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці. I дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх.

Гэта слова Божае.



РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 126 (125), 1–2аb. 2cd–3



Рэфрэн: Божа, аднаві нас і дай нам збаўленне.

1. Калі Пан перамяніў лёс Сіёну, *


мы былі, быццам у сне.
2. Вусны нашыя тады былі поўныя смеху, *
а язык спяваў з радасці.

Рэфрэн:

Тады гаварылі між народамі: *


Вялікія рэчы ўчыніў Пан для іх.
3. Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас, *
і мы ўзрадаваліся.

Рэфрэн:


Другое ЧЫТАННЕ

Клс 3, 9-17



Апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Браты:


Не хлусіце адзін аднаму, бо вы знялі з сябе старога чалавека разам з ягонымі ўчынкамі і апрануліся ў новага, які абнаўляецца для пазнання паводле вобраза таго, хто стварыў яго. І тут ўжо няма ні эліна, ні юдэя, ні абразання, ні адсутнасці абразання, ні варвара, ні скіфа, ні раба, ні свабоднага, але ўсё і ва ўсім — Хрыстус.

Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць, церпячы адно аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы.

А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці. І няхай валадарыць у сэрцах вашых спакой Хрыстовы, да якога вы пакліканыя ў адным целе. І будзьце ўдзячнымі.

Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адно аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу. І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.

Гэта слова Божае.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Словы Твае, Пане, ёсць духам і жыццём,

Ты маеш словы жыцця вечнага.

Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле

Ян 3, 1–8



Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Быў сярод фарысеяў чалавек па імені Нікадэм, адзін з правадыроў юдэйскіх. Ён прыйшоў да Езуса ўначы і сказаў Яму: Раббі, мы ведаем, што Ты прыйшоў ад Бога як настаўнік. Бо ніхто не можа чыніць такіх цудаў, як Ты чыніш, калі не будзе з ім Бога.

Езус адказаў яму: Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца нанова, не можа ўбачыць Божага Валадарства.

Нікадэм кажа Яму: Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Ці ж можа ён другі раз увайсці ва ўлонне маці сваёй і нарадзіцца?

Езус адказаў: Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства. Тое, што нарадзілася з цела, ёсць целам, а што нарадзілася з Духа, ёсць духам. Не здзіўляйся таму, што Я сказаў табе: Трэба нарадзіцца нанова. Дух вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся ад Духа.

Гэта слова Пана.


Молімся: Божа, у Тройцы адзіны, Ты аб’яўляеш нам сябе як Айцец і Стварыцель, як Сын і Збаўца, і як Дух і даўца жыцця, і, нягледзячы на гэта, Ты адзін. Ты перакрочваеш нашыя людскія абмежаванні і нас аднаўляеш. Дай нам новае сэрца і дапамажы нам перамагаць усё, што разбурае нашае адзінства з Табою. Просім аб гэтым у імя Езуса Хрыста, моцаю Духа Святога. Амэн.

Дзень шосты – панядзелак, 23 студзеня 2017 г.

Бог паяднаў нас з сабою (2 Кар 5, 18)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 17, 1–8



Няхай будзе абрэзаны кожны мужчына на знак запавету. Сара народзіць табе сына

Чытанне кнігі Быцця.

Калі Абраму было дзевяноста дзевяць гадоў, Пан аб’явіўся Абраму і сказаў яму: Я Бог Усемагутны, хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганны.

Я ўстанаўлю запавет Мой паміж Мной і табой, і выйдзе з цябе вялікае патомства.

Абрам упаў ніцма на зямлю, і Бог сказаў яму: Вось Мой запавет з табою: ты станеш айцом мноства народаў. І больш не будзеш называцца Абрамам, але імя тваё будзе Абрагам, бо Я зраблю цябе айцом мноства народаў. Я зраблю цябе надзвычай плодным, і выведу з цябе народы, і каралі выйдуць з цябе.

І ўстанаўлю запавет Мой паміж Мною і табою, і паміж нашчадкамі тваімі ў іх пакаленнях; запавет вечны, каб Я быў Богам для цябе і для тваіх будучых нашчадкаў. Я дам табе і тваім будучым нашчадкам зямлю, па якой ты падарожнічаеш, усю зямлю Ханаан, на вечнае валоданне, і буду ім Богам.

Гэта слова Божае.



РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 98 (97), 1. 2–3аb. 3cd–4. (Р.: 1а)



Рэфрэн: Пан паказаў народам сваё збаўленне.

1. Спявайце Пану новую песню, *


бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:
2. Паказаў Пан сваё збаўленне, *
перад вачыма народаў аб’явіў сваю справядлівасць.
3. Успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць*
для дому Ізраэля.

Рэфрэн:
Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікайце Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.

Рэфрэн:
Другое ЧЫТАННЕ

Быц 5, 6-11



З запісу радаводу Адама

Чытанне кнігі Быцця.

Сэт пражыў сто пяць гадоў і меў сына Эноса. Пасля нараджэння Эноса пражыў Сэт васямсот сем гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок. І было ўсіх дзён Сэта дзевяцьсот дванаццаць гадоў, і ён памёр. А Энос пражыў дзевяноста гадоў і меў сына Кенана. І пражыў Энос пасля нараджэння Кенана васямсот пятнаццаць гадоў, і меў сыноў і дачок. І было ўсіх дзён Эноса дзевяцьсот пяць гадоў, і ён памёр.


Гэта слова Божае.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Хвала на вышынях Богу,

а на зямлі спакой людзям добрай волі.

Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле

Лк 2, 8–14



Нарадзіўся вам сёння Збаўца.

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях.

І раптам з’явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:

Хвала на вышынях Богу,


а на зямлі спакой
людзям добрай волі.

Гэта слова Пана.


Молімся: Міласэрны Божа, з любові Ты заключыў запавет са сваім народам. Учыні нас здольнымі супрацьстаяць усялякім формам дыскрымінацыі. Няхай дар Твайго поўнага чуласці запавету напоўніць нас радасцю і пабудзіць да большага адзінства. Праз Езуса Хрыста, нашага ўваскрослага Пана, які жыве і валадарыць з Табою і Духам Святым цяпер і на вякі вечныя. Амэн.

Дзень сёмы – аўторак, 24 студзеня 2017 г.

Служэнне паяднання (2 Кар 5, 18-19)
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 50, 15–21



Ці ж можам працівіцца волі Божай!

Чытанне кнігі Быцця.

Пасля смерці бацькі Якуба браты Юзафа баяліся і казалі паміж сабой: «Каб часам не ўспомніў ён пра несправядлівасць, ад якой пацярпеў, ды не адпомсціў нам за ўсё ліха, што мы ўчынілі».

І перадалі яму, кажучы: «Бацька твой загадаў нам перад смерцю, каб мы табе яго словамі сказалі: Прашу, забудзь пра злачынства братоў сваіх, і грэх, і ліха, якога дапусцілі адносна цябе. Мы таксама просім, каб слугам Бога бацькі твайго дараваў ты гэтую несправядлівасць».

Выслухаўшы іх, Юзаф заплакаў.

І прыйшлі да яго браты яго і, упаўшы перад ім, казалі: «Слугі мы твае».

Ён ім адказаў: «Не бойцеся. Ці ж можам працівіцца волі Божай! Вы задумалі для мяне благое, а Бог перамяніў яго на дабро, каб узвысіць мяне, як цяпер бачыце, і каб уратаваць многія народы. Не бойцеся: я буду карміць вас і дзяцей вашых».

І суцешыў ён іх, ласкава і зычліва гаворачы з імі.

Гэта слова Божае.


РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 72 (71), 1–3



Рэфрэн: Пан Бог валадарыць, поўны Ён велічы.
    
1. Божа, дай суд Твой каралю *
і сыну караля Тваю справядлівасць.
2. Няхай судзіць народ Твой справядліва *
і прыгнечаных Тваіх паводле права.

Рэфрэн:

3. Няхай горы прынясуць спакой народу, *


і ўзгоркі справядлівасць.
4. Няхай рассудзіць прыніжаных з народа, *
выбавіць дзяцей убогіх.

Рэфрэн:
Другое ЧЫТАННЕ

1 Ян 3, 16b –21



І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў. Калі хтосьці мае дастатак у свеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім?

Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю. І па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім нашыя сэрцы. Бо калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё. Умілаваныя, калі  сэрца нашае не асуджае нас, то мы маем адвагу перад Богам.

Гэта слова Божае.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Учыні, Ойча, каб усе былі адно,


каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне.

Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле

Ян 17, 20—26



Каб былі з’яднаныя ў адно

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.

Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.

Гэта слова Пана.


Молімся: Добры Божа, дзякуем, што нас і ўвесь свет Ты паяднаў у Хрысце. Умацоўвай нас, нашыя супольнасці ў служэнні паяднанню. Вылечы нашыя сэрцы і дапамажы нам распаўсюджваць Твой спакой. «Там, дзе ёсць нянавісць, дазволь нам сеяць любоў; там, дзе крыўда, — прабачэнне; там, дзе сумненне, — веру; там, дзе роспач, — надзею; там, дзе цемра, — святло; там, дзе смутак, — радасць». Аб гэтым просім Цябе ў імя Езуса Хрыста, моцаю Духа Святога. Амэн.

Дзень восьмы – серада, 25 студзеня 2017 г.

Паяднаныя з Богам (2 Кар 5, 20)
ПЕРШАЕ Чытанне

Міх 4, 1–5



Узыдзем на гару Пана, і будзе Ён вучыць нас шляхам сваім

Чытанне кнігі прарока Міхея.

І будзе ў апошнія дні: гара дома Панскага пастаўлена будзе на вяршыні гор і ўздымецца над узгоркамі; і сцякуцца да яе народы.


І пойдуць народы многія, і скажуць: «Хадземце, узыдзем на гару Пана, і да дома Бога Якубава, і будзе Ён вучыць нас шляхам сваім, і будзем хадзіць сцежкамі Яго». Бог з Сіёна выйдзе закон, і слова Пана — з Ерузалема.
І будзе Ён судзіць многія народы, і будзе выдаваць прысуды на народы магутныя і далёкія; і перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае — на сярпы; народ на народ не падыме мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць.
І кожны будзе сядзець пад сваім вінаградам і пад сваім дрэвам фігавым, і не будзе ніхто страшыць іх; бо гэта сказалі вусны Пана Магуццяў.
Бо хай усе народы ходзяць кожны ў імя Бога свайго; а мы будзем хадзіць у імя Пана, Бога нашага, у вякі вечныя і надалей.

Гэта слова Божае.


РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 87 (86), 1–3



Рэфрэн: Хвалі і благаслаўляй, душа мая, Пана.

1. Умацаванне Яго на святых гарах, *


2. любіць Пан брамы Сіёна
больш за ўсе шатры Якуба. *
3. Абвяшчаецца твая хвала, горад Божы.

Рэфрэн:


Другое
ЧЫТАННЕ

Ап 21, 1-5a



І судзілі кожнага паводле ўчынкаў ягоных, і ўбачыў я новы Ерузалем, які сыходзіў з неба

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я ўбачыў новае неба і новую зямлю. Бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма. І ўбачыў я святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, як нявеста, упрыгожаная для свайго мужа.

І пачуў я гучны голас з трона, які казаў: «Вось скінія Бога з людзьмі, які будзе жыць з імі; яны будуць Ягоным народам, а Ён будзе “Богам з імі”. І вытра кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула».

І сказаў той, хто сядзеў на троне: «Вось чыню ўсё новае».

Гэта слова Божае.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус Хрыстус перамог смерць,

Ён Вытра кожную слязу з вачэй народа свайго.

Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле

Ян 20, 11–18



Бачыла Пана, і Ён сказаў ёй

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі, адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса.

І яны кажуць ёй: Жанчына, чаго ты плачаш?

Адказала ім: Забралі Пана майго, і не ведаю, дзе паклалі Яго.

Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў там, але не ведала, што гэта Езус.

Кажа ёй Езус: Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?

Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.

Езус кажа ёй: Марыя! А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: Раббуні, — што азначае «Настаўнік».

Кажа ёй Езус: Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага.

Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.

Гэта слова Пана.


Молімся: У Тройцы адзіны Божа, Айцец, Сын і Дух Святы, дзякуем за гэты тыдзень малітваў, за прабыванне разам як хрысціянаў і за розныя спосабы спазнання Тваёй прысутнасці. Дазволь нам заўсёды разам праслаўляць Тваё святое Імя, каб мы маглі і далей узрастаць у адзінстве і паяднанні. Амэн.
Баранку Божы, праслаўляюць Цябе нябёсы, святыя і анёлы спяваюць перад Табою пад чыстыя гукі арфы і цымбалаў. Мы, яднаючыся з несмяротным хорам, збіраемся вакол Твайго яснеючага трону. Ніводнае вока не бачыла гэтага святла, ніводнае вуха не чула магутнасці Тваёй хвалы; а мы будзем у перамозе спяваць ад радасці нястомна! Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка