У. А. Навумовіч (г. Мінск) Фальклорны дыскурс у мастацкай канцэпцыі развіцця беларускай аповесці




Дата канвертавання16.04.2017
Памер89.91 Kb.


У.А. Навумовіч (г.Мінск)
Фальклорны дыскурс у мастацкай канцэпцыі развіцця беларускай аповесці
Фальклор – вусная народная творчасць – аснова, гумус, падмурак, тая глеба, на якой развівалася беларуская мастацкая літаратура, якая, як вядома, пачыналася з вусных апавяданняў, жартаў, народных прытчаў, сцэнак, маналогаў, дыялогаў, расповядаў пра незвычайнае здарэнне ці “змешаны” душэўны стан асобы, пра ўнутраныя перажыванні, сумненні, трывогі, запытанні; “чаму, напрыклад, так здараецца, робіцца”, “хто ў гэтым вінаваты”, і “што ў такіх выпадках рабіць” – адвечныя пастановачныя пытанні вялікай класічнай рускай і ўсёй славянскай мастацкай літаратуры.

Можна сказаць, што фальклор як вербальнае самавыяўленне душы і творчасці народных мас ляжыць у аснове развіцця беларускай аповесці як жанра мастацкай творчасці. Ён – фальклор – найбольш паўплываў на станаўленне жанра, па-сутнасці, “дапамог” аповесці завяршэнню, “канструяванню”, самаідэнтыфікацыі, самавызначэнню як самастойнай структурна-стылёвай адзінкі сярод іншых форм мастацтва. Нагадаем, што ў многіх заходніх літаратурах жанра аповесці, як такого, няма. У французскай літаратуры сустрэнем навелу (novelea) і раман. Усё, што большае па аб’ёму за звычайнае апавяданне, там носіць назву “раман”.

У нас аповесць – жанр самастойны, самадастатковы, самасцвярджальны. Творы, якія заваявалі папулярнасць чытача яшчэ з часоў “Аповесцяў Белкіна” А.С. Пушкіна, хоць навелістычны іх характар найбольш падыходзячае вызначэнне. Гэта хутчэй не жанравая самахарактарыстыка, але найперш назва цыкла невялічкіх празаічных твораў, заснаваных ізноў жа на аснове вусных апавяданняў, пачутых у ваколіцах сяла Міхайлаўскае і ад людзей вандроўных, пілігрымаў, якія шмат пабачылі і маглі распавядаць мноства экзатычных (“Выстрал”), самых неверагодных (“Завіруха”), даволі парадаксальных(“Паненка-сялянка”) сітуацый, што і з’явілася асновай і “парадоксам” сюжэтаў пушкінскіх шэдэўраў.

Асаблівыя здабыткі ў беларускай мастацкай аповесці. Яна стала асноўным даследчыцкім жанрам беларускай мастацкай літаратуры, авангардам, разведчыкам і галоўным наступальным корпусам, той магутнай сілай, дзякуючы, мажліва, якой беларуская проза займала і займае па-ранейшаму тыя трывалыя пазіцыі ў спасціжэнні жыццёвай верагоднасці ў мастацтве слова, у адкрыцці “чалавечага ў чалавеку “(Ф.М. Дастаеўскі), у “перабудове чалавека па новаму штату” (Ф.М. Дастаеўскі), у адбіцці “перспектыў чалавека” (І.Т. Фралоў), у гэтым хутказменлівым, хуткаімклівым, а часам і “перакуленым” (Р. Барадулін) свеце, сёння ўжо з выразнай адцэнтрабежнай сілай ад самога чалавека.

Мы часта ўглядваемся ў зорнае неба, “шукаем”новыя гарызонты, адкрываем навыя планеты і знаходзім адметныя арбіты, але рэдка і менш за ўсё ўглядваемся ў таго, хто побач, разам з намі, зазіраем у душу і сэрца самога чалавека. Гэтаму якраз дапамагае аповесць. Яе “рамантычная”плошча, невялікая прастора, “фрагмент” жыццёвай мазаікі, а не ўсё жыццё ва ўсіх яго праявах і разнавіднасцях, частка ад цэлага, не “габелен веку”, а асобныя яго сюжэты, ніткі, колер, палатно, стыль і характар няпростай “ручной “ працы.

Беларуская аповесць – адна з унікальных і рэдкіх з’яў у сусветнай літаратуры, змятоўная старонка ў развіцці і станаўленні мастацтва слова.

Фальклорны дыскурс – вектар станаўлення і развіцця канцэпцыі беларускай мастацкай аповесці. Дыскурс – сувязь цэльнага тэкста, зместу ў цэлым, агульнай тканіны твора з некаторымі яго кампанентамі, складальнікамі, падзеямі, з’явамі, тэндэнцыямі, якія маюць тыя ж самыя параметры, што і дало мажлівасць узнікнуць падобнаму тэксту, з’яўляецца яго наступствам, вынікам, які і ёсць пераемнікам тых самых традыцый.

Тэндэнцыя вышэй фактаў, кажуць на Захадзе. Таму тэндэнцыя вектарнага фальклорнага развіцця беларускай аповесці абсалютна відавочная, хоць саміх канкрэтных фактаў “прамога” ці, як гаворыцца, “цытатнага”выкарыстання фальклорных сюжэтаў, вобразаў, матываў не так ужо і шмат мы знойдзем у беларускай аповесці. Тут хіба шчаслівым выключэннем будуць аповесці з відавочным фантастычна-прыгодніцкім зместам А. Федарэнкі (“Смута, альбо XII фантазій на адну тэму” – 1994 г.), Я. Сіпакова (“Блуканне па іншасвеце” (1997), “Жыві, як хочацца”), В. Гігевіча( “Карабель” – 1989, “Марсіянскае падарожжа”-1993), У. Клімовіча (“Сістэма Баслі” – 1997, “Па-за шклом скафандра”-1997), А. Паўліхіна (“Валадары надвор’я – 1997).

Фантазійныя малюнкі ў такіх аповесцях злучаюцца з фальклорным ілюзорным светам, уяўным , але на на аснове рэальных уяўленняў ствараецца лагічна несумяшчальная “цудоўная”, “незвычайная” карціна свету”. У дадзеным выпадку фальклорны пачатак у аповесцях праяўляецца ў мажлівасцях убачыць “усё ва ўсім”, паказваючы, як у старадаўніх казках, вандроўках, адкрыццях новага “свету без дыстанцый”, які не ведае прасторава-часавых бар’ераў і канкрэтнай рэальнасці. Прааналізаваўшы падобную тэндэнцыю сувязі фантазійнасці ў мастацкіх аповесцях з фальклорным пачаткам, мы бачым, што як адна так і другая тэндэнцыі маюць агульны крытэрый: яны больш схільныя да паказу незвычайнага, лагічна несумяшчальнага з рэчаіснасцю ў творах. Аднак, як і тыя, так і іншыя творы, фальклорныя і фантазійныя, маюць шмат агульнага.

Адна з асаблівасцей фантастыкі, яе адрозненне ад фальклорнай, міфалагічнай ці рэлігійнай канцэпцыі, што на месцы парушанага закона прыроды ў мастацкай форме “ствараецца” новы закон, якого фантаст абавязаны прытрымлівацца. Калі ж у творы груба парушаюцца законы логікі, твор губляе сваю прыцягальную сілу, гэта памылка аўтара, а не загана фантастыкі. Як відаць з аналізу мастацкіх тэкстаў , у фантазійных творах фальклорны дыскурс найбольш заўважны.

Фальклорна-этнаграфічны кантэкст можа толькі ўздымаць мастацкі ўзровень твораў . Што і адбываецца ў шэрагу аповесцей. Заўважым яшчэ, што ў шматліх мастацкіх аповесцях фальклорныя сюжэты (прытчы, жарты, гісторыіі) выконваюць асноўную стылеўтвараючую функцыю, вызначаюць вектар даследавання жыцця. У аповесці А. Асіпенкі “Абжыты кут” – жанчына, якая “падступілася” спачатку да мыцця вакон, убачыла бруд на падаконніку, а затым запрыкмеціла смецце на падлозе – так “вымыла”, “вышкрабла”, усю хату, ад вокан да парога. Фальклорная аснова – прытча – відавочная, тут яна прысутнічае ў форме дыдактыкі, павучання, заснаванага на вопыце народнага побыту і рыс нацыянальнага характару. Беларусы, як вядома, маюць схільнасць да белых колераў у адзенні, ва ўбранстве хаты. Адсюль і незвычайная прага да чысціні і хараства.

Фальклорны дыскурс – гэта іерархія каштоўнасцей - звязанасць, узаемазалежнасць ад фальклору ў працэсе станаўлення аповесці як жанра, па-сутнасці, адчуваецца ў беларускай мастацкай літаратуры на працягу ўсёй гісторыі яе развіцця. З фальклорных крыніц нараджалася аповесць і дзякуючы фальклорным асновам яна дасягнула сваёй мастацкай дасканаласці. Выспяленне, квітненне, наліванне сокамі зямлі адбывалася на фальклорнай аснове. “Рунець, красаваць, налівацца” – вядомая тэза паэта Р.Барадуліна, які так назваў свой паэтычны зборнік, складзены са студэнцкіх і ўніверсітэцкіх цалінных вершаў, народжанных у казахстанскіх стэпах, дзе студэнт аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта працаваў у студэнцкім будаўнічым атрадзе, што і дало два зборнікі “Маладзік над стэпам” (1959) і “Рунець, красаваць, налівацца” (1961). Беларуская мастацкая аповесць “зарунела”на беларускіх гонях прыгожага пісьменства яшчэ на пачатку ХХ ст. у творчасці В. Ластоўскага, “закрасавала” у 60-ыя гады ХХ стагоддзя ў творчасці М. Cтральцова, Б. Сачанкі, В. Адамчыка, А. Асіпенкі, “налілася” невычэрпнай сілай духоўнасці беларускага народа ў творчасці І. Мележа, Я. Брыля, І. Шамякіна. На рубяжы XX–XXI стагоддзя беларуская мастацкая повесць набыла філасафічнасць, сталае гучанне, глыбіню падтэксту, шырокі этнакультурны, сацыяльна-гістарычны змест. І ўсё гэта дзякуючы трывалай сувязі з народнай глебай , прынамсі, з фальклорам. Мяркуйце самі.

Першымі беларускімі аповесцямі ў беларускай літаратуры названы творы Власта-Вацлава Ластоўскага “Прыгоды Панаса і Тараса” і “Лабірынты”. На чым пабудавана аповесць пра прыгоды Панаса і Тараса? Амаль цалкам на фальклорнай аснове, матэрыялам для якой паслужылі байкі, быліцы, небыліцы, гісторыі, смешныя і жартаўлівыя, часам трагічныя і невясёлыя, здзеклівыя, пра вяскоўцаў, якія выпраўляюцца ў свет “людзей паглядзець”, але і пра саміх расказаць. Пра іх мы даведваемся шмат у самым розным абліччы, шматлікіх іпастасях.

Напрыклад, у жыцці берасцейцаў шмат дзівакаватага, непаўторна-казачнага, гулліва-фантазійнага. Даецца абагульнены вобраз цікавых і неардынарных асоб. Яны і бэльку “расцягваюць”, каб пакласці на ашлапы ды столь зладзіць, і са страхі “скочваюцца”, каб адразу ў порткі абедзвюмя нагамі “патрапіць”. Шмат дзівоцтваў сустрэнем у аповесцях Ластоўскага. Усе гэта сведчыць аб блізкасці аповесці да вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа.

Абодва творы напісаны з творчым, фантазійным выкарыстаннем розных жанраў (быліцы, небыліцы, анекдоты, сцэнкі, маналогі, дыялогі) вуснай творчасці беларускага народа. Тут і таямніцы (“Лабірынты памяці”), і народныя непаўторныя характары, і жывы незласлівы гумар, добры жарт, яркія праўдзівыя-непраўдзівыя гісторыя.

Яркі прыклад таго, як вырасла і расквецілася беларуская мастацкая аповесць ў канцы ХХ ст. могуць быць цудоўныя аповесці І. Шамякіна, І. Мележа, Я. Брыля, М. Стральцова, Я. Сіпакова, М. Лупсякова, А. Карпюка, В. Быкава.

На падобным народным матэрыяле,як і ў В. Ластоўскага, пабудаваны аповесці народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля “Ніжныя Байдуны” і “Золак, убачаны здалёк”, асабліва першая. У многім агульнымі рысамі і фальклорным матэрыялам яна нагадвае творы Вацлава Ластоўскага. Аднак у аповесцях Я.Брыля іншае “свячэнне” фальклорнага матэрыялу, тут іншыя люмінісцэнцыі, “эмацыйны зарад”, зусім адметны тэкст, падтэкст, абсалютна новы кантэкст. Дыскурс фальклорны і ў тых ранніх аповесцях В. Ластоўскага (1912) і ў аповесці Я. Брыля “Ніжнія Байдуны”, якая стваралася, калі зазірнуць у канец твора, на працягу 1958–1959 гг., відавочны і пераканаўчы, уплывы эстэтычна апраўданы, ён уздымае мастацкую вартасць твораў класіка беларускай літаратуры .

Аб фальклорнай аснове аповесці “Ніжнія Байдуны” сведчаць нават самі назвы раздзелаў: “Гісторыя”, “Чаму ж ён не сокал?”, “На саламянай эстрадзе”, “Ці быў, ці бачыў”, “Песня”, “Варона ела зрамузду”, “Грэх ці не грэх?”, “Жывое слова”. Народны гумар у празаіка Я.Брыля прасякнуты глыбокай філасофіяй, імкненнем даследаваць душу селяніна-працаўніка, жаданнем пранікнуць у “тайнае тайных” чалавечай псіхалогіі, заглыбіцца ў нацыянальны характар беларуса, “адкрыць” сакрэты паводзін персанажаў, іх неардынарнасць і адметнасць.

Аўтар прыкмячае ў мастацкай аповесці: “Або наш Турок, Мікіта. Каровы з пашы ідуць, а ён стаіць каля брамкі і пытаецца:

– Дзеці, а чыя гэта цялуха, вунь тая, пярэстая?

– Гэта, дзядзька, Асечкава!

– От каб яна яму здохла!”

“І не таму, што Асечкава, – заўважае пісьменнік, – а што чужая ды гладкая” (1, с. 417). Імкненне да трапнага слова, незласлівасць, незайздроснасць праяўляюцца тут даволі выразна, хоць і не без падтэксту.

А вось яшчэ адзін эпізод з жыцця “ніжнебайдунаўцаў”. Дзеянне адбываецца на рынку.

– Парасяты? – спытаецца, праходзячы, магчымы пакупец.

– Д-да, брат. Б-бяры, хоць рукі мне апрастай! Ніч-чаво не ядзят. (1, с. 359).

Аснова тут – фальклорная. Але, думаецца, з такім “камерцыялізацыйным” падыходам наўрад ці магчымы поспех у гандляра-самавучкі, гаспадара-саматужніка.

Возьмем іншы прыклад. Вось апісанне прыгажосці і цнатлівасці жанчыны-санітаркі ў шпіталі, пра якую распавядае вясковец, былы паранены баец Цімоха.

– Халацік беленькі, а сама, браце мой, ідзе – яечка з галавы не скоціцца. І ўсё пры ёй, як мае быць, і з тых самых, відаць, што толькі пераступі цераз яе – ужо і тоўстая (1, с. 351).

Вуснае апавяданне вясковага”артыста”, гаваруна, Цімоха Ярмоліча вылучаецца мастацкай дасканаласцю характарыстыкі, добрым гумарам, уменнем так “падаць”матэрыял, што слухачы заслухоўваліся, яму верылі, а ён сам рабіў гэта з такой “выхілкай-мімікай”, жэстам, інтанацыяй, якой пазайдросціў бы самы таленавіты мастак, ды і “маніў” Цімоха Ярмоліча “бескарысліва і часамі да поўнага самазабыцця” (1, с. 351).

Пра творчае філасофскае выкарыстанне фальклорнага пачатку у “Ніжніх Байдунах” Я. Брыля яскрава гаворыць расповед аўтара пра замілаванасць народнай песняй шасцідзесяці і васьмідзесяцігадовых вяскоўцаў – франтавікоў Уладзіка Чыркуна і Антося Навумовіча, якія “збіралі ля плота ледзь што не ўвесь кірмашовы натоўп” (1, с. 373). Вось цытата з аповесці: “Можна сказаць: лебядзіная песня. Правалачы сваю безліч дзён і начэй праз войны, нястачы, трывогі, некалькі зменаў улады – тут можна і стаміцца, і засумаваць. А людзі гэтыя спяваюць! Так шчыра, хораша. На два галасы. Нягучна, аднак яшчэ ўсё молада. І ім самім, відаць, таксама добра” (1, с. 374).

Фальклорная “закваска” дала мажліавсць узняцца да агульначалавечых абагульненняў, проза, густа замешаная на народнай творчасці, дазваляла развіваць яркі і дынамічны сюжэт, пранікаць у глыбіні народнага светапогляду, раскрываць лепшыя рысы беларускага нацыянальнага характару, напаўнялі беларускую аповесць святлом, цяплом, голасам чалавечай душы, сведчыла аб непаўторнасці слова, узятага пісьменнікамі ў народа і з удзячнасцю вернутага народу.


Літаратура:

  1. Янка Брыль. Аповесці // Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Аповесці. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1980.

  2. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 5. – Мінск: Беларуская Савецкая энцыклапедыя, 1987.

  3. Тамарченко Е. Уроки фантастики // В мире фантастики. – М.: Молодая гвардия, 1989.

  4. Рыгор Барадулін. Рунець, красаваць, налівацца. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1961.

  5. Эдуард Дубянскі. Культуралогія. Энцыклапедычны даведнік. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2003.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка