У час, калі жыў скарына




Дата канвертавання25.02.2017
Памер29.31 Kb.
У ЧАС, КАЛІ ЖЫЎ СКАРЫНА
Першая палова XVI стагодцзя ў нашай свядомасці звязана перш за ўсё з дзейнасцю першадрукара, вучонага, асветніка Францыска Скарыны.
Ён пачаў друкаваць свае кнігі ў Празе (1517 г., а потым, з 1520 г., працаваў у Вільні. Як складваліся адносіны Скарыны з уладамі, у прыватнасці з вялікім князем? Існуе цікавы дакумент — грамата Жыгімонта I Старога 1532 г.: "Няхай ніхто, апрача нас саміх альбо спадчыннікаў нашых, як у каралеўстве, так і ў Вялікім Княстве Літоўскім, на землях Прусіі і Жамойціі і ў іншых уладаннях нашых не мае права прыцягваць яго да суда і судзіць, якой бы ні была важнай ці нязначнай прычына яго выкліку ў суд. Зразумела, аказваючы доктару Францыску такую ласку, мы адказваем за яго поўную бяспеку і бяром яго пад нашу ахову і апеку".
3 гэтай граматы няцяжка зрабіць выснову, што вялікі князь высока цаніў талент і дзейнасць Скарыны. Такая прывілея давалася толькі самым радавітым і паважаным асобам дзяржавы.
Вялікі князь літоўскі, кароль польскі Жыгімонт Казіміравіч, унук Ягайлы і Соф'і Гальшанскай, пакінуў аб сабе светлую памяць у гісторыі.

Ён асабіста прымаў удзел у стварэнні зводу законаў — Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. (Канчатковая яго рэдакцыя была надрукавана ў 1588 г.) У Статуце былі змешчаны нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, цывільнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і іншых галін права. Сучаснікі нездарма называлі Жыгімонта Вялікім. Ваявода віленскі і канцлер Гаштольд пісаў, што прыняццем Статута Жыгімонт зраўняўся са слаўным дзедам сваім Ягайлам і стрыем сваім Вялікім Вітаўтам... "Славный ясный король навчыл справедливости чынити".

Праславіўся Жыгімонт і як таленавіты военачальнік. У мірны час войска

падпарадкоўвалася гетману, у час вайны — самому вялікаму князю. А войны

тады, на жаль, былі несупыннымі — то з Маскоўскай дзяржавай, то з крымскімі

татарамі. Каб уявіць сабе маштабы набегаў крымчакоў, дастаткова прывесці адну

лічбу: у 1506 г. у бітве пад Клецкам быў вызвалены "палон" у 40 000 мірных

жыхароў, якіх татары гналі ў рабства ў Крым і Турэччыну.


Гетман уваходзіў у тройку самых высокіх урадавых асоб, якія назначаліся вялікім князем.
Гэта быў, кажучы сённяшняй мовай, яго кабінет міністраў: канцлер, падскарбны

і гетман.


Працаваў і двухпалатны парламент, як у большасці еўрапейскіх дзяржаў. Верхняя палата называлася Вялікакняжацкая Рада, ніжняя — Сойм.
У войску служыла толькі шляхта. Гараджане і сяляне ад службы ў арміі вызваляліся. Яны толькі плацілі ў казну падатак на ўтрыманне войска.

Земляробству ўдзялялася асаблівая ўвага, бо яно было асновай эканомікі. Закон дазваляў селяніну пакінуць сваю ці арандаваную зямлю толькі пры ўмове, што ён перадасць яе чалавеку, які таксама будзе займацца сельскай гаспадаркай. У гарадах жылі ў асноўным рамеснікі і гандляры. Гарады ў большасці мелі магдэбургскае права, г. зн. самакіраванне. Жыхары самі выбіралі бурмістра і раду, якія павінны былі рабіць справаздачы перад выбаршчыкамі. Праўда, для нагляду за парадкам вялікі князь прызначаў "свайго чалавека", які называўся войт.


Вялікае Княства Літоўскае ў той час складалася з 13 ваяводстваў: Віленскага, Троцкага, Полацкага, Віцебскага, Смаленскага, Менскага, Наваградскага, Мсціслаўскага, Падольскага, Берасцейскага, Валынскага, Браслаўскага і Кіеўскага. На чале кожнага стаяў прызначаны вялікім князем ваявода.

'

Вось такімі былі палітычны лад і адміністрацыйная будова дзяржавы ў час, калі жыў Скарына. Дзякуючы высокай прававой культуры, узроўню асветы і эканомікі, незалежнай годнай знешняй палітыцы Вялікае Княства Літоўскае займала пачэснае месца ў Еўропе.


Святлана КЛІМКОВІЧ


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка