У. Е. Снапкоўскі знешняя палітыка рэспублікі беларусь




старонка1/16
Дата канвертавання18.11.2017
Памер2.6 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16
У. Е. Снапкоўскі

ЗНЕШНЯЯ ПАЛІТЫКА

РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

КУРС ЛЕКЦЫЙ

МІНСК

БДУ

2007
Ад аўтара: Нумерацыя старонак у камп’ютарным варыянце крыху не адпавядае нумерацыі старонак у кніжнай публікацыі акрамя нумерацыі зместу.
УДК 327 (476) (075.8)

ББК 66.4 (4Беи)я73

С 53
Друкуецца па рашэнні

Рэдакцыйна-выдавецкага савета

Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рэцэнзенты:

доктар гістарычных навук, прафесар Космач Г. А.;

кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ціхаміраў А. В.,



Снапкоўскі У. Е.

Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь: курс лекцый. / У.Е.Снапкоўскі. – Мінск: БДУ, 2007.  183 с.

ІSBN 985-985-485-521-9.
У курсе лекцый па прадмеце “Актуальныя праблемы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь” разглядаюцца пытанні станаўлення і развіцця знешнепалітычнай дзейнасці незалежнай Беларусі ў 1990—2004 гг. Асвятляюцца праблемы выхаду Рэспублікі Беларусь на міжнародную арэну, агульныя пытанні знешняй палітыкі беларускай дзяржавы, беларуска-расійскія адносіны, дзейнасць Беларусі ў міжнародных арганізацыях.

Прызначаецца для студэнтаў факультэта міжнародных адносін БДУ.



УДК 327 (476) (075.8)

ББК 66.4 (4Беи)я73

ІSBN 985-985-485-521-9.

© Снапкоўскі У. Е., 2007

© БГУ, 2007



УВОДЗІНЫ
Навучальны дапаможнік складзены на падставе вучэбнай праграмы па курсе «Актуальныя праблемы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь» для студэнтаў аддзялення міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін БДУ.

Курс лекцый складаецца з трох раздзелаў. У першым раздзеле разглядаюцца знешнепалітычныя дыскусіі ў беларускім грамадстве ў 1990—1991 гг., праблемы выхаду Рэспублікі Беларусь на міжнародную арэну ў пачатку 1990-х гг., распрацоўкі канцэпцыі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, агульныя пытанні знешняй палітыкі беларускай дзяржавы.

У другім раздзеле асвятляюцца розныя аспекты і праблемы беларуска-расійскіх адносін, у тым ліку беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях, рэакцыя Захаду і суседніх краін на працэс беларуска-расійскай інтэграцыі, а таксама адносіны Беларусі з іншымі замежнымі дзяржавамі і рэгіёнамі свету. Асобная тэма прысвечана развіццю беларуска-польскіх адносін у 1990—2003 гг.

У трэцім раздзеле аналізуюцца адносіны Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі. Даецца агульная характарыстыка сучаснага стану шматбаковай дыпламатыі Беларусі, разглядаецца яе ўдзел у працы ААН і яе спецыялізаваных устаноў. Асобныя тэмы прысвечаны складаным узаемаадносінам Рэспублікі Беларусь і еўрапейскіх міжнародных арганізацый, у тым ліку Савета Еўропы, а таксама супрацоўніцтву Беларусі з ЮНЕСКА.

Значная частка матэрыялаў, якія ўвайшлі ў курс лекцый, была апублікавана аўтарам у беларускіх і замежных (Польшча і Расія) навуковых выданнях. У дадзеным выданні прапануюцца апрацаваныя для вучэбных мэт, адрэдагаваныя і актуалізаваныя матэрыялы. Некаторыя тэксты лекцый друкуюцца ўпершыню (тэмы № 1, 3, 7, 12). Тэксты лекцый спалучаюць сістэматызаванае выкладанне матэрыяла з паглыбленым аналізам некаторых найбольш значных і актуальных праблем знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь.

Курс лекцый прызначаецца для студэнтаў факультэта міжнародных адносін БДУ, якія вывучаюць міжнародныя адносіны і знешнюю палітыку Рэспублікі Беларусь.




РАЗДЗЕЛ І

АГУЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ РАЗВІЦЦЯ

ЗНЕШНЯЙ ПАЛІТЫКІ СУВЕРЭННАЙ БЕЛАРУСІ
Тэма 1

РУХ ДА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

І ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНАЯ ДЫСКУСІЯ Ў БЕЛАРУСІ

(1990—1991 гг.)
Больш за 70 гадоў — ад адраджэння беларускай дзяржаўнасці ў 1918—1919 гг. і да мяжы 1980—1990-х гг. — у Беларусі не было хоць якога-небудзь шырокага грамадскага абмеркавання праблем міжнародных адносін і знешняй палітыкі беларускай дзяржавы. Гэта тлумачылася шэрагам вядомых прычын, перш за ўсё адсутнасцю самастойнай знешняй палітыкі Беларусі. Таталітарны рэжым, адсутнасць свабоды слова, свабоды друку, жорсткая барацьба з іншадумствам рабілі немагчымым свабоднае абмеркаванне, тым больш крытыку, такога моцнага і ўплывовага інструмента ўлады, як знешняя палітыка і дыпламатыя.

На працягу 20—80-х гг. у палітычнай лексікалогіі і навуковай літаратуры, як агульнасаюзнай, так і рэспубліканскай, не існавала тэрмінаў «знешняя палітыка Беларускай ССР» ці «беларуская знешняя палітыка». У Канстытуцыях БССР 1919, 1927 і 1937 гг. нічога не гаварылася аб мэтах, задачах і прынцыпах, асноўных накірунках міжнароднай дзейнасці рэспублікі. Адзінае на што адважылася рэспубліканскае кіраўніцтва — гэта на ўключэнне ў Канстытуцыю БССР 1978 г. палажэння аб тым, што БССР «во внешнеполитической деятельности руководствуется целями, задачами и принципами внешней политики, определенными Конституцией СССР».

Знешнепалітычная інфармацыя абмяжоўвалася афіцыйнымі справаздачамі аб удзеле беларускіх дэлегацый у сесіі Генеральнай Асамблеі, іншых органаў і арганізацый сістэмы ААН, паведамленнямі аб візітах прадстаўнікоў БССР у замежныя краіны, наведваннях рэспублікі замежнымі дэлегацыямі. Па волі цэнтральнага савецкага кіраўніцтва і рэспубліканскай партыйна-дзяржаўнай наменклатуры, якая ўспрымала міжнародныя справы з пазіцый правінцыяналізму, БССР — адна з заснавальніц ААН — апынулася на другасных ролях у еўрапейскай і сусветнай палітыцы.

Працэсы перабудовы, дэмакратызацыі, абнаўлення савецкай федэрацыі, новага палітычнага мыслення, што пачаліся ў 1985 г., разам з працэсамі нацыянальнага адраджэння ў Беларусі, паспрыялі абуджэнню інтарэсу розных колаў беларускага грамадства да праблем міжнародных адносін і знешнепалітычнай дзейнасці рэспублікі. Па меры з’яўлення на палітычнай арэне новых партый і рухаў, гэтыя праблемы сталі прадметам публічных дыскусій і палітычнай барацьбы. Масавы грамадскі рух «Беларускі народны фронт (БНФ)», які ўзнік у канцы 1988 г., выступіў у сваёй праграме з патрабаваннем рэальнага суверэнітэту Беларусі, яе незалежнасці ў міжнародных адносінах, рэальнага выкарыстання знешнепалітычных магчымасцеў рэспублікі, у тым ліку у ААН.

Камуністычная партыя Беларусі на XXXІ з’ездзе (лістапад--снежань 1990 г.) засталася на пазіцыях правінцыйнага мыслення ў пытаннях міжнароднай палітыкі. Падчас дыскусій, у шэрагу рэзалюцый, прынятых з’ездам, у тым ліку і паводле справаздачы ЦК КПБ, гэтыя пытанні па сутнасці не краналіся. Толькі невялікі абзац у справаздачы ЦК КПБ з’езду быў прысвечаны пазіцыі партыі адносна міжнародных праблем. У ім, у прыватнасці, было сказана, што КПБ будзе выступаць за тое, «каб рэспубліка ў поўнай меры ажыццяўляла свае правы ў галіне міжнародных адносін», актыўна брала ўдзел ў дзейнасці ААН і іншых міжнародных арганізацый, развівала непасрэдныя сувязі з замежнымі дзяржавамі. Аднак у далейшай арганізацыйна-палітычнай рабоце кіраўніцтва КПБ — кіруючай партыі ў рэспубліцы — не прадпрымала канкрэтных намаганняў па рэалізацыі гэтай палітычнай устаноўкі, якая адпавядала інтарэсам беларускага народа.

Важнай падзеяй на шляху Беларусі да незалежнасці з’явілася Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, прынятая Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 г. Дэкларацыя абвясціла поўны дзяржаўны суверэнітэт як самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублік ў межах яе тэрыторыі, незалежнасць рэспублікі ў знешніх адносінах; заявіла аб тым, што мэтай БССР з’яўляецца ператварэнне сваёй тэрыторыі ў бяз’ядзерную зону, а рэспублікі ў нейтральную дзяржаву, што БССР будзе самастойна ажыццяўляць права на саюзы з іншымі краінамі і на свабодны выхад з гэтых саюзаў; мае права на ўласныя Узброеныя Сілы.

Аднак Дэкларацыя заставалася па сутнасці заявай аб намерах і ўрачыстым актам. Напаўненне яе канкрэтным зместам, матэрыялізацыя артыкулаў, якія адносіліся да знешнепалітычных і абароных пытанняў, ажыццяўлялася марудна і непаслядоўна. Новым рашучым штуршком на шляху стварэння незалежнай беларускай дзяржавы з’явілася няўдалая справа дзяржаўнага перавароту 19—21 жніўня 1991 г.

Пазачарговая V сесія Вярхоўнага Савета БССР 25 жніўня 1991 г. надала статус канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР і аб’явіла аб эканамічнай і палітычнай самастойнасці рэспублікі. 19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб перайменаванні дзяржавы, якая стала называцца Рэспубліка Беларусь (Беларусь), а таксама аб увядзенні новай дзяржаўнай сімволікі — бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня», за якімі стаяла шматвяковая гісторыя.

Жнівеньскія падзеі з’явіліся моцным каталізатарам дэзінтэграцыі Савецкага Саюза. У Беларусі, якая абвясціла 25 жніўня 1991 г. сваю эканамічную і палітычную незалежнасць, актывізавалася грамадска-палітычная дыскусія па кардынальных праблемах суверэнітэту і дзяржаўнасці, захавання Саюза ССР, знешняй і абароннай палітыкі, палітыкі саюзаў з іншымі дзяржавамі, іншым аспектам міжнароднай дзейнасці рэспублікі. Разгледзім пазіцыі асноўных палітычных сіл і грамадскіх колаў Беларусі па вышэйназваных пытаннях.

Адносіны да будучыні Савецкага Саюза і Саюзнага дагавора. Большасць насельніцтва рэспублікі (82 %) на рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г. выказалася за захаванне Саюза, супраць — 16 % (каля 1 млн. чал.). Парламенцкая апазіцыя БНФ заклікала не ўдзельнічаць у рэферэндуме, ці сказаць «не» Саюзу; яе прадстаўнікі аб’явілі, што вынікі рэферэндуму «амаль поўнасцю сфальсіфікаваны камуністамі, асабліва ў сельскай мясцовасці». Аднак большасць Вярхоўнага Савета БССР, улічваючы вынікі рэферэндуму прыняла 12 чэрвеня 1991 г. рашэнне аб падпісанні Саюзнага дагавора. Напярэдадні яго падпісання, якое было прызначана на 20 жніўня 1991 г., і якое БССР мела намер падпісаць адной з першых саюзных рэспублік, апазіцыя БНФ рэзка раскрытыкавала запланаваны да падпісання дакумент. Было заяўлена, што праект новага Саюзнага дагавора «яшчэ больш імперыялістычны, чым дагавор 1922 г.; што ён мае на мэце зніштожыць нават фармальны суверэнітэт рэспублік, плануе ператварыць СССР з саюза дзяржаў у федэратыўную дзяржаву, дзе, як вядома, суверэнітэт мае толькі Федэрацыя, а не яе суб’екты». Апазіцыя заклікала ўсіх свядомых жыхароў Беларусі падтрымаць рух за незалежнасць беларускай дзяржавы і супрацьдзейнічаць падпісанню Саюзнага дагавора — «чарговага палітыканства крамлёўскай наменклатуры».

14 жніўня 1991 г. з заявай выступіў Выканкам Цэнтральнай Рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ) — адной з найбольш уплывовых палітычных партый. БСДГ, якая прынцыпова была не супраць Саюзу суверэнных дзяржаў, адзначала, што ў выпадку падпісання Саюзнага дагавора Беларусь ізноў будзе нераўнапраўнай, падначальнай Цэнтру рэспублікай.

5 дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР ад апазіцыі на чале са старшынёй сойма БНФ З. С. Пазняком у адкрытым лісце да Старшыні Вярхоўнага Савета БССР М. І. Дземянцея ў сувязі з яго намерам падпісаць «новы каланіяльны дагавор для Беларусі» указалі на яго асабістую адказнасць за гэты крок перад беларускім народам. У той жа час група дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР у складзе 9 чалавек, у лік якіх уваходзілі некалькі старшынь камісій парламента, выказаліся ў падтрымку новага Саюзнага дагавора. Яны адзначылі, што БССР у выніку працэсаў суверэнізацыі «не толькі не губляе сваёй самастойнасці і незалежнасці, а наадварот усё больш іх замацоўвае і тым самым набывае большы аўтарытэт і павагу ў Саюзе і свеце».

Пасля путчу ў Беларусі, як і ў іншых саюзных рэспубліках, пашырыліся цэнтрабежныя тэндэнцыі, справакаваныя між іншым і некаторымі непрадуманнымі дзеяннямі расійскага кіраўніцтва, якое ўзяло на сябе непапулярныя функцыі Цэнтра. Лідар БНФ З. Пазняк, які ў складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у рабоце пазачарговага V з’езда народных дэпутатаў СССР, на прэс-канферэнцыі ў Мінску сказаў, што пасля жнівеньскіх падзей Расію захіснула хваля імперскіх амбіцый, валюнтарызму і нават сапраўднага фашызму. На яго думку, імперскія паводзіны РСФСР праявіліся і на з’ездзе, паколькі яна выступала супраць прызнання суверэнітэту рэспублік.

З. Пазняк расцаніў пераходны перыяд як апошні клапан, праз які выпускаюць пару з агульнасаюзнага «катла», які распаўзаецца па швах. Задача пераходнага перыяду — аблегчыць канчатковы развал савецкай імперыі і прадухіліць катаклізмы. На руінах Саюза павінны ўзнікнуць суверэнныя дзяржавы. Мэтай для Беларусі ў гэты пераходны перыяд з’яўляецца дасягненне ёй поўнай незалежнасці, лічыў лідэр БНФ.

Аднак афіцыйныя палітычныя прадстаўнікі рэспублікі прытрымліваліся іншага пункту гледжання на праблему «Беларусь і Саюз». Новы Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С. С. Шушкевіч у выступленні пасля абрання на гэту пасаду (верасень 1991 г.) сказаў: «Тэндэнцыя да абасоблення ад Саюза мне проста не падабаецца. Я гэтага баюся. Мы за інтэлегентны Саюз. Інакш нам будзе цяжка».

На карысць новага Саюза суверэнных дзяржаў, за адзіную эканамічную прастору, разбурэнне якой прывяло б да зніжэння жыццёвага ўзроўню беларускага народа, выказаўся беларускі міністр замежных справаў П. К. Краўчанка ў сваёй прамове на агульнай дыскусіі 46 сесіі Генеральнай асамблеі ААН у кастрычніку 1991 г.

У заяве ўрада Рэспублікі Беларусь ад 18 лістапада 1991 г. было сказана, што ў сусветных цэнах імпарт прадукцыі ў рэспубліку толькі з Расіі перавышае экспарт на 2,1 млрд інвалютных рублёў і канстатавалася, што адмежаванне ад суседзяў значыла б крах усяго эканамічнага жыцця. Вынікі сацыялагічнага апытання ў парламенце Беларусі паказвалі, што каля 73 % дэпутатаў з ліку апытаных выказваліся за захаванне Саюзу ў той ці іншай форме. Зыходзячы з вышэй прыведзеных аргументаў, беларускае кіраўніцтва пайшло на падпісанне ў лістападзе 1991 г. дагавора аб Эканамічнай Супольнасці саюзных рэспублік; выступіла ў падтрымку стварэння Саюза суверэнных дзяржаў у форме канфедэрацыі.

Праблеме «Саюз і незалежная Беларусь» была прысвечана дыскусія на старонках «Народнай газеты» — органа Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якая адбылася ў верасні—кастрычніку 1991 г. Аглядальнік газеты А. Майсеня ў артыкуле «Амінь Саюзу?» паставіў пад сумненне дасягненне поўнага суверэнітэту Беларусі і выказаўся на карысць прагматычнага падыходу да будучыні Саюзу, які павінен быць карысным для грамадзян вольнай і незалежнай Беларусі. Аўтар прыйшоў да высновы, што не трэба спяшацца казаць «амінь» Саюзу.

Галоўным апанентам А. Майсені выступіў народны дэпутат, намеснік кіраўніка апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце А. Трусаў, які прывёў наступныя аргументы супраць Саюзу, на карысць незалежнасці Беларусі: незалежнасць — самая высокая каштоўнасць для кожнага народу; у свеце ніколі не было «няпоўнага суверэнітэту». Суверэнітэт ці ёсць, ці яго няма, яго нельга змяняць ідэяй «адноўленага Саюзу»; адзіную эканамічную прастору неабходна мець з тымі суседзямі, якія не маюць імперскіх амбіцый. Таму А. Трусаў прыйшоў да высновы, што незалежнасці не трэба баяцца.

Пазіцыя А. Трусава была падтрымана доктарам гістарычных навук А. Грыцкевічам, кандыдатам гістарычных навук А. Краўцэвічам, кінадзеячам У. Коласам. У прыватнасці, У. Колас адзначыў, што былы СССР з’яўляўся перыферыяй Еўропы, якая пачынаецца за Вязьмай і дасягае кульмінацыі каля Масквы; ён канстатаваў, што тыя, хто, падтрымае Саюз, прапануюць Беларусі стаць перыферыяй перыферыі. А. Краўцэвіч лічыў, што бяспеку Беларусі трэба забяспечваць шляхам закрыцця мяжы ў сувязі з магчымасцю самых нечаканых працэсаў у Расіі.

У заканчэнні дыскусіі А. Трусаву і іншым сваім апанентам адказаў А. Майсеня. Ён паставіў пытанне пра тое, як лепш забяспечыць рэальную незалежнасць і суверэнітэт і сам адказаў на яго: не незалежнасці патрэбна баяцца, а авантурызму. У гэтым выпадку аўтар меў на ўвазе кіраўніцтва БНФ, якое ён абвінаваціў у русафобіі і ў імкненні ўстанавіць манаполію над самой ідэяй незалежнасці. «Не нацыянальная незалежнасць робіць людзей вольнымі, а свабода і дэмакратыя робяць іх незалежнымі як нацыю і грамадзян» — казаў А. Майсеня. Ён таксама прызнаў, што ёсць розныя шляхі і сродкі для дасягнення нацыянальнага суверэнітэту.



Ідэя Балтыйска-Чарнаморскага саюзу (БЧС). У якасці альтэрнатывы існаванню СССР БНФ прапанавала план стварэння Балтыйска-Чарнаморскага саюзу. Канцэпцыя супрацоўніцтва краін Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну была распрацавана на межпарламенцкай сустрэчы дэпутатаў апазіцыі ў Вярхоўных Саветах Беларусі (БНФ), Украіны (Народная Рада) і дэпутатаў большасці Вярхоўных Саветаў Латвіі і Літвы, якая адбылася ў лістападзе 1990 г. у Мінску. Як зазначалі прадстаўнікі БНФ, ідэя БЧС была заснавана на гістарычным падмурку (мелася на ўвазе існаванне Вялікага княства Літоўскага) і была выказана яшчэ ў 1916 г. адным з лідэраў беларускага нацыянальнага руху А. Луцкевічам.

У прынятай па выніках сустрэчы сумеснай заяве было сказана: «Адзначаючы бесперспектыўнасць далейшага існавання СССР і жыццёвую неабходнасць палітычнай стабільнасці ў Балтыйска-Чарнаморскім рэгіёне пры распадзе імперскіх структур, дэлегацыі заяўляюць аб неабходнасці садружнасці дзяржаў гэтага рэгіёну на аснове суверэнітэту кожнай з іх».

На сустрэчы былі разгледжаны перспектывы палітычнага, эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж балтыйскімі краінамі, Беларуссю і Украінай, а таксама магчымасці доўгатэрміновага ўзаемадзеяння і кардынацыі сумесных намаганняў для дасягнення незалежнасці гэтых краін. У прыватнасці, былі абмеркаваны магчымасці міждзяржаўных дамоўленасцей аб умовах вываду савецкіх войскаў з Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёна і стварэння ўласных узброеных сіл.

Ідэя БЧС, аднак, не сустрэла шырокай падтрымкі ў парламентарыяў і грамадскасці Беларусі. Народны дэпутат, другі сакратар ЦК КПБ А. С. Камай назваў сустрэчу ў Мінску «закулісным мерапрыемствам», «змовай вузкай групы дэпутатаў», накіраваным на развал Саюза, а саму ідэю БЧС — нерэальнай.

Прафесар Мінскага педагагічнага інстытута С. Польскі прывёў аргументы «за» і «супраць» БЧС. Яго карыснасць ён бачыў у тым, што такі саюз даў бы магчымасць абараніць Беларусь ад спроб Цэнтра абмежаваць яе інтарэсы. Свае сумненні С. Польскі канцэнтраваў у наступных пытаннях: Ці дастаткова радыкальным будзе «Саюз пяці» (Украіны, Беларусі і прыбалтыйскіх рэспублік)? Як можна ажыццявіць палітычную ідэю БЧС, калі яго будучыя члены пачынаюць ужо зараз накіроўваць адзін аднаму тэрытарыяльна-нацыянальныя патрабаванні? Наколькі рэальна ініцыятары БЧС разумеюць становішча спраў у рэгіёне, дзе жыве 70 млн чалавек? Зыходзячы з прыведзеных аргументаў, аўтар прыйшоў да высновы, што гэта можа быць хутчэй эканамічны альянс, чым палітычнае аб’яднанне.

Даволі скептычна да ідэі Балтыйска-Чарнаморскага саюза аднесліся прадстаўнікі дзяржаў Прыбалтыкі, у прыватнасці Літвы. Былы Старшыня Савета Міністраў Літвы К. Прунскене паставіла пад сумненне рэальнасць стварэння БЧС, як супрацьвагі новаму Саюзу, заўважыўшы, што Літва, Латвія і Эстонія больш зацікаўлены ў супрацоўніцтве са скандынаўскімі краінамі, Польшчай і Германіяй, чым з Украінай і Беларуссю. Адзін з заснавальнікаў «Саюдзіса», старшыня камісіі Вярхоўнага Савета Літвы па паўднёва-ўсходніх тэрыторыях Р. Озалас сказаў: «Я не думаю, што такі саюз можа адпавядаць эканамічнаму і палітычнаму развіццю Еўропы. Гэта ідэя не з’яўляецца рацыянальнай».

У больш шырокім сэнсе за інтэграцыю краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы выказаўся Старшыня Вярхоўнага Савета С. С. Шушкевіч у прамове ў літоўскім парламенце 24 кастрычніка 1991 г. Ён зазначыў добрыя перспектывы інтэграцыі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы з заходняй перыферыяй былога Саюза, што дало б магчымасць хутчэй ажыццяўляць тут палітычныя і эканамічныя пераўтварэнні.

Працэсы распаду СССР суправаджаліся ўзмацненнем палярызацыі палітычных сіл у рэспубліцы па праблеме саюзаў Беларусі. Апазіцыя БНФ усё больш настойліва выступала за незалежную міжнародную палітыку Беларусі, патрабавала пазбягаць любых саюзаў і супольнасцей, якія вядуць да адраджэння СССР, стварэння унітарнай дзяржавы, эканамічнай залежнасці, пазбаўляцца вынікаў бальшавіцкага імперыялізму і савецкага каланіялізму.

С. Шушкевіч і ўрад В.Кебіча заставаліся на пазіцыях захавання Саюза. А. Майсеня папярэджваў, што адарваўшыся ад былой палітычнай прасторы, Беларусь можа яшчэ доўгі час, як вечны жыд, блукаць і не находзіць сабе месца ў сусветнай палітыцы. У сувязі з непамерным энтузіязмам наконт аб’яднання з усходнееўрапейскімі суседзямі, ён папярэджваў, што Беларусь можа апынуцца ў ролі буфера, ці «санітарнага кардону», якім жадаюць адмежавацца ад Расіі.

Адносіны Беларусі з замежнымі краінамі. Урад і апазіцыя зыходзіліся ў думцы, што за мяжой вельмі асцярожна адносіліся да абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Большасць дзяржаў занялі пазіцыю чакання. Толькі сейм Польскай Рэспублікі 30—31 жніўня 1991 г. афіцыйна прызнаў незалежнасць Беларусі. Дэ-факта незалежнасць Беларусі прызнала Чэха-Славакія, калі заявіла ў кастрычніку аб намеры ўстанавіць дыпламатычныя адносіны з Мінскам.

Як заявіў В. Кебіч, урад і парламент павінны зрабіць усё для таго, каб паскорыць прызнанне Беларусі тымі краінамі, якія яшчэ бачаць у ёй частку Саюза. У сувязі з гэтым характэрна пазіцыя ўрада Паўднёвай Карэі, які падчас візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў Сеул (пачатак верасня 1991 г.) заявіў, што не збіраецца «прызнаваць незалежнасць гэтай саюзнай рэспублікі пакуль яе афіцыйна не прызнае Масква».

За мяжой стрымана аднесліся да просьбы беларускага МЗС прыняць дэпутацкія дэлегацыі з Беларусі. Толькі 10 краін адказалі на яе; Францыя, Чэха-Славакія, Швейцарыя і Югаславія ўвогуле не адказалі на запытанні з Мінску. Адказы таксама прыйшлі самыя розныя. Генеральныя картэсы Іспаніі адказалі адмовай і паведамілі, што не бачаць неабходнасці ва ўсталяванні міжпарламенцкіх сувязей з БССР, паколькі яны ўжо супрацоўнічаюць з Вярхоўным Саветам СССР. У той жа час парламенты Вялікабрытаніі, ЗША, Польшчы, Германіі, Фінляндыі, Японіі запрасілі дэлегацыі Вярхоўнага Савета БССР наведаць іх краіны да канца 1991 г.

Трэба зазначыць, што ўсё гэта было да жнівеньскіх падзей. Неадназначную рэакцыю ў рэспубліцы выклікалі першыя замежныя візіты главы ўрада В. Кебіча у Рэспубліку Карэя, Японію, Рэспубліку Кітай (Тайвань), якія адбыліся ў верасні 1991 г.. Парламентарыі і аглядальнікі крытыкавалі В. Кебіча, што ён пачаў знешнепалітычную дзейнасць з далёкіх азіяцкіх краін і траціць на іх валюту, замест таго, каб тэрмінова заключыць дагаворы з Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, Украінай, Расіяй і Польшчай. У сувязі з прапановай Сеула аб пастаўках калійных угнаенняў і хімічнай ніткі (экалагічна небяспечная прадукцыя) журналісты адзначалі, што гэта можа ператварыць Беларусь у сыравінны прыдатак Паўднёвай Карэі.

Старшыня ўрада адказаў сваім апанентам, што ўрад праяўляе асобную цікавасць да вопыту дзяржаў, якія не мелі буйных мінеральна-сыравінных рэсурсаў і змаглі ў кароткі час ператварыцца са слабаразвітых краін у індустрыяльныя дзяржавы. Таксама ён адзначыў, што Беларусь з’яўляецца для Паўднёвай Карэі добрым плацдармам для атакі на еўрапейскі рынак. Гаворачы аб знешнеэканамічных прыярытэтах рэспублікі, В. Кебіч назваў найбольш зацікаўленым партнёрам Германію, за якой ідуць Аўстрыя, Італія, Іспанія, Польшча і іншыя краіны Усходняй Еўропы.

Прадметам палемікі стаў і першы замежны візіт Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С. Шушкевіча ў Германію, які адбыўся ў верасні 1991 г. На думку лідэра БНФ З. Пазняка, візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў Германію па запрашэнні прыватнай фірмы і перагаворы з бізнесменамі не першага рангу адбыліся з парушэннем элементарных дыпламатычных правілаў для асоб такога ўзроўню і выклікалі іранічныя ўсмешкі ў замежным друку.

З поглядам З. Пазняка не пагадзіўся прадстаўнік ФРГ К. Мецгер, які суправаджаў С. Шушкевіча падчас візіту; ён даслаў ліст, які быў надрукаваны ў «Народнай газеце». Абвінаваціўшы З. Пазняка ў наўмысным скажэнні фактаў, ён звярнуў увагу на тое , што візіт у Германію меў вельмі важнае значэнне для развіцця адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Германіяй; а яго аднабаковая трактоўка можа нанесці цяжкі ўрон іх далейшаму пашырэнню і паглыбленню. К. Мецгер адказаў, што станоўчы рэзананс і сімпатыі нямецкай грамадскасці, адносна візіту С. Шушкевіча, можна параўнаць толькі з рэакцыяй, якую выклікала наведванне ФРГ М. Гарбачовым у чэрвені 1989 г. Галоўнае значэнне візіту беларускага кіраўніка нямецкі прадстаўнік бачыў у тым, што «новая незалежная савецкая рэспубліка зрабіла свае першыя самастойныя крокі на такім узроўні, аб якім прэзідэнты іншых рэспублік могуць толькі марыць».

З. Пазняк адказаў на ліст К. Мецгера з’едлівай рэплікай. Ён адзначыў, што беларускі народ не парадуюць планы заходнегерманскай фірмы «Хенкель» арганізаваць у рэспубліцы буйнамаштабную экалагічна небяспечную вытворчасць мыйных сродкаў і касметычных тавараў. Указаўшы на сустрэчы і перагаворы Л. Краўчука з Дж. Бушам, Б. Малруні і Ф. Мітэранам, а Н. Назарбаева з Дж. Мейджэрам і М. Тэтчэр, З. Пазняк падкрэсліў, што нельга дапусціць, каб у гэтым сэнсе візіт кіраўніка краіны ўу адну з федэральных земляў ФРГ — Паўночны Рэйн-Вестфалію, расцэньвалі як найвышэйшы ўзровень, «аб якім прэзідэнты іншых краін могуць толькі марыць».

Адносна пытання аб прыярытэтах супрацоўніцтва Беларусі з замежнымі краінамі большасць парламентарыяў і аглядальнікаў лічыла, што перш за ўсё неабходна развіваць адносіны з суседнімі краінамі — Германіяй, Польшчай, прыбалтыйскімі рэспублікамі. У прыватнасці, такога пункту гледжання прытрымліваўся старшыня камісіі па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях Вярхоўнага Савета П. Садоўскі. Што тычылася больш далёкіх краін, то на яго думку, Беларусі патрэбна ўсталяваць сувязі з Ізраілем, таму што ў гэтай краіне жывуць і працягваюць эмігрыраваць туды шмат выхадцаў з Беларусі. У сваёй прамове ў парламенце 2 кастрычніка 1991 г. ён сказаў, што Беларусь павінна заняць рэалістычную пазіцыю ў сувязі з прапановай шэрагу краін адмяніць рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН, якая разглядала сіянізм як адну з форм расізму. Пазней гэта рэзалюцыя была адменяна. П. Садоўскі таксама заклікаў урад з асцярожнасцю падыходзіць да развіцця адносін з Кубай, лічачы, што там магчыма хуткае падзенне рэжыму Ф. Кастро.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка