Учебная программа по учебному предмету «человек и мир» для ІV класса




Дата канвертавання09.01.2017
Памер189.72 Kb.
ПРОЕКТ

Министерство образования Республики Беларусь

Национальный институт образования

УЧЕБНАЯ ПРОГРАММА

по учебному предмету

«ЧЕЛОВЕК И МИР»

для ІV класса

учреждений общего среднего образования

с русским (белорусским) языком обучения и воспитания

Минск 2016

IV класс
МАЯ РАДЗІМА — БЕЛАРУСЬ


ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Змястоўны блок «Мая Радзіма  Беларусь» з’яўляецца складовай часткай кампанента «Чалавек і грамадства» у вучэбным прадмеце «Чалавек і свет». У сучаснай адукацыйнай прасторы вывучэнне дадзенага блока арыентавана на асабістае развіцце і сацыялізацыю асобы вучняў, што звязана з іх паспяховым уваходжаннем у сацыякультурнае асяроддзе Беларусі.

У працэсе выхавання і навучання фарміруецца асоба як сацыяльная адзінка грамадства з такімі характарыстыкамі, як тэрытарыяльна-культурная ідэнтычнасць і гістарычная памяць. Фарміруемая ў вучняў тэрытарыяльна-культурная ідэнтычнасць звязана з перажываннем і разуменнем імі прыналежнасці да малой радзімы і краіны як сваей жыццевай прасторы і месца свайго развіцця. Калектыўная гістарычная памяць ўключае ў сябе сукупнасць уяўленняў і першапачатковых ведаў аб вобразах гістарычных падзей і іх удзельніках, а таксама здольнасць ганарыцца гістарычнай спадчынай.

Асаблівасць блока «Мая Радзіма  Беларусь» звязана з інтэграцыяй у яго змесце грамадазнаўчых, гістарычных, геаграфічных, краязнаўчых ведаў і пабудовай матэрыялу ва ўзаемасувязі гістарычнага мінулага і рэчаіснасці. Асаблівасцю таксама з’яўляецца асінхроннае прадстаўленне зместу вучэбнага матэрыялу, г. зн. упарадачанае не літаральна храналагічна ў паслядоўнасці гістарычных падзей. Такая асаблівасць абумоўлена педагагічнай мэтазгоднасцю фарміравання ў вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі сукупнасці першапачатковых збіральных вобразаў свайго роднага краю, краіны, дзяржавы.

Функцыянальна засваенне вучнямі зместу блока забяспечвае сістэматызацыю ведаў, набытых на працягу навучання ў пачатковай школе, і разам з тым стварэнне дыдактычных умоў для аптымальнага пераходу да сістэматычнага прадметнага навучання гісторыі Беларусі на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Такая дваістая прырода навучання вызначаецца прапедэўтычным характарам змястоўнага блока.

Мэтай навучання па змястоўнаму блоку «Мая Радзіма Беларусь», у адпаведнасці з мэтапалаганнем па вучэбным прадмеце «Чалавек і свет», з’яўляецца паступовае фарміраванне ў вучняў ведаў, спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, асабістага жыццевага вопыту, неабходных для разнастайнага ўзаемадзеяння з існуючым сацыяльна-культурным асяроддзем.

Для дасягнення абазначанай мэты прадугледжваецца вырашэнне наступных задач:

- сістэматызаваць і замацоўваць першапачатковыя ўяўленні і элементарныя веды, а таксама ўменні, звязаныя з засваеннем вучнямі звестак аб дзейнасці і творчасці выдатных асоб, аб важнейшых падзеях айчыннай гісторыі;

- выхоўваць патрыятычныя пачуцці вучняў на аснове любові да малой Радзімы, павагі да Бацькаўшчыны, засваення культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі;

- развіваць пазнавальную цікавасць вучняў да айчыннай гісторыі праз уздзеянне сродкамі вобразнага навучання на фарміраванне эмацыянальна-каштоўнаснай сферы асобы.

Структура вучэбнай праграмы прадстаўлена трымя раздзеламі. У раздзеле «Геаграфічныя і гістарычныя звесткі аб нашай Радзіме» прадугледжваецца інтэграцыя геаграфічных і гістарычных уяўленняў і ведаў. Вучні знаемяцца з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам Рэспублікі Беларусь, нацыянальным складам насельніцтва і гісторыяй сваіх продкаў (усходнеславянскіх плямен). У вучняў фарміруюцца на ўзроўні азнаямлення першапачатковыя ўяўленні аб лічэнні гадоў у гісторыі пры дапамозе «стужкі часу», асаблівасцях чытання гістарычнай карты пры дапамозе картасхем (карт атласа). Настаўнік таксама знаёміць вучняў з некаторымі гістарычнымі крыніцамі, якія з’яўляюцца помнікамі прыроды і гісторыі (валуны, курганы, рукапісныя кнігі).

Раздзел «Гісторыя Беларусі ў паданнях, імёнах і падзеях» раскрываецца праз гісторыка-краязнаўчы матэрыял, у т.л. той, што звязаны з паданнямі. Вывучэнне так званай «легендарнай гісторыі» з дапамогай паданняў накіравана на развіццё пазнавальнай цікавасці вучняў і засваенне зместу вучэбнага матэрыялу з улікам актывізацыі эмацыянальнай сферы асобы. Таму змест дадзенага раздзела прадстаўляецца ў выглядзе апавяданняў у сюжэтна-вобразнай форме. Праз фарміраванне ў вучняў усведамлення аб значнасці чалавечага жыцця на прыкладах духоўна-маральнай дзейнасці гістарычных асоб рэалізуецца выхаваўчая функцыя прадметнага навучання.

Раздзел «Мая сучасная краіна» прысвечаны асвятленню ў гістарычным і дзяржаўна-палітычным аспектах грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця ў Беларусі ў перыяд пасля Вялікай Айчыннай вайны, азнаямленню са сталіцай нашай краіны, атрыбутамі беларускай нацыі і дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь.

Напрыканцы кожнага з раздзелаў праграмы ў алфавітным парадку размешчаны спіс абавязковых для засваення вучнямі паняццяў.

Навучанне па змястоўнаму блоку «Мая Радзіма  Беларусь» ва ўмовах паступовай рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу да падрыхтоўкі вучняў прадвызначае засваенне зместу вучэбнага матэрыялу і вопыту сацыяльных адносін, неабходных для развіцця асобы, гарманічнага і адказнага ўзаемадзеяння яе з існуючым сацыяльным асяроддзем. Кампетэнцыі разглядаюцца як гатоўнасць вучняў выкарыстоўваць засвоеныя імі веды і ўменні для паспяховай інтэграцыі ў сучасным беларускім грамадстве. Дзякуючы засваенню вучнямі зместу блока ствараюцца ўмовы для паступовага фарміравання ў іх кампетэнцый у розных галінах жыццядзейнасці, у прыватнасці, у пазнавальнай сферы, накіраваных на выпрацоўку спосабаў набыцця ведаў з розных крыніц інфармацыі; у грамадска-палітычнай сферы, арыентаваных на фарміраванне патрыятызму (з улікам яго радзімазнаўчага і краіназнаўчага аспектаў) і пачаткаў грамадзянскасці; у маральнай сферы, абумоўленых далучэннем вучняў і прыняццем імі ў якасці норм сацыяльных паводзін традыцыйнай сістэмы каштоўнасцей сучаснага беларускага грамадства, сярод якіх сям’я і прыязныя адносіны з блізкімі родзічамі, сяброўства і ўзаемадапамога, сацыяльная талерантнасць і рэлігійная верацярпімасць.

Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу да падрыхтоўкі вучняў звязана з вызначэннем асабістых, метапрадметных і прадметных вынікаў навучання па змястоўнаму блоку «Мая Радзіма  Беларусь», якія будуць служыць падмуркам для далейшага паспяховага авалодання сістэматычнымі ведамі і спосабамі дзейнасці на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Асабістыя вынікі навучання арыентаваны на ўсведамленне вучнямі свайго месца ў прыродзе і грамадстве, абумоўленага прыняццем сацыяльнай ролі навучэнца і сістэмы каштоўнасцей сучаснага беларускага грамадства; на выхаванне пачуцця любові да малой Радзімы і гонару за гісторыка-культурныя дасягненні краіны Беларусь; на фарміраванне асноў тэрытарыяльна-культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці; на паступовае засваенне асобных кампанентаў гістарычнай памяці і паважлівых адносін да прадстаўнікоў розных сацыяльных пластоў і канфесій; на першапачатковую выпрацоўку асноў грамадзянскай ідэнтычнасці, звязаных з павагай да гісторыі, культуры, дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь.

Метапрадметныя вынікі навучання звязаны з фарміраваннем уменняў планаваць, арганізоўваць і рабіць самацэнку вынікаў калектыўнай і індывідуальнай вучэбнай дзейнасці; вызначаць галоўнае ў змесце вучэбнага матэрыялу; праводзіць параўнанне і рабіць высновы; лагічна і паслядоўна будаваць расказ; рабіць мэтанакіраваны запыт да крыніц неабходнай інфармацыі; даваць вызначэнне паняццяў; адэкватна ацэньваць свае паводзіны ў вучнеўскім калектыве.

Прадметныя вынікі навучання канкрэтызаваны ў раздзеле праграмы «Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці», дзе прадстаўлены абавязковы мінімум прадметных ведаў і ўменняў, якімі авалодваюць вучні за перыяд навучання па змястоўнаму блоку «Мая Радзіма  Беларусь».

У адпаведнасці з кампетэнтнасным падыходам да падрыхтоўкі вучняў у праграме до кожнага з раздзелаў пададзены прыкладныя практыка-арыентаваныя заданні. Іх фармулеўкі і выкарыстанне маюць рэкамендацыйны характар.

Засваенне гісторыка-краязнаўчага зместу вучэбнага матэрыялу арганізуецца праз правядзенне экскурсій, падарожжаў, наведванне музеяў і іншых устаноў, даследчую дзейнасць вучняў, правядзенне сустрэч са знакамітымі землякамі.

Настаўнік мае права з улікам асаблівасцей арганізацыі адукацыйнага працэса ва ўстанове адукацыі, вучэбна-пазнавальнай дзейнасці і пазнавальных магчымасцей вучняў змяніць колькасць вучэбных гадзін і паслядоўнасць вывучэння зместу матэрыялу ў межах часу, прызначанага для засваення змястоўнага блока.



ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА

(35 вучэбных гадзіны, у тым ліку 1 рэзервовая гадзіна)


Беларусь  мая Радзіма (1 г.) Радзіма і Бацькаўшчына. Шматнацыянальны склад насельніцтва Беларусі. Дзяржава Рэспубліка Беларусь. Паходжанне назваў «беларусы» і «Беларусь».
Раздзел І. Геаграфічныя і гістарычныя звесткі аб нашай Радзіме (7 г.)
Мы і нашы суседзі. Размяшчэнне Беларусі на карце Еўропы. Краіны – суседкі Беларусі. Тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел Рэспублікі Беларусь. Насельніцтва Беларусі.

Нашы продкі. Рассяленне ўсходнеславянскіх плямён на тэрыторыі Беларусі і паходжанне іх назваў згодна з паданнямі. Крывічы, дрыгавічы, радзімічы – продкі сучасных беларусаў.

Зямля блакітных рэк і азёр. Рэкі і азёры як сведкі гістарычнага мінулага нашай краіны. Рака Няміга ў старажытным Мінску. Беларускія рэкі  сродкі зносін і абмену на шляху «з варагаў у грэкі». Паданне пра возера Свіцязь і яго адлюстраванне ў творчасці паэта, ураджэнца Беларусі Адама Міцкевіча.

Наша Радзіма на гістарычнай карце. Гістарычная карта як крыніца звестак аб мінулым. Абазначэнні на гістарычнай карце. Правілы «чытання» гістарычнай карты.

Стужка часу. Гістарычныя падзеі і іх даты. Стужка часу. Перыяды гістарычнага часу «да нашай эры» і «наша эра». Паслядоўнае адлюстраванне гістарычных падзей на стужцы часу. Прыкладная дата засялення старажытнымі жыхарамі тэрыторыі нашай краіны. Першая дакладна вядомая дата ў гісторыі нашай краіны.

Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Адкуль узяліся камяні на беларускай зямлі. Роля камянёў у жыцці і вераваннях старажытных жыхароў Беларусі. Курганы як помнікі гісторыі. Дзейнасць братоў Тышкевічаў.

Як да нас прыйшла кніга. Пісьмовыя гістарычныя крыніцы пра нашу Бацькаўшчыну. Берасцяныя граматы. Летапісы. Рукапісныя кнігі. Дзейнасць і духоўны запавет Кірылы Тураўскага.

Паняцці: Бацькаўшчына. Вежа. Волат. Гісторыя. Дата. Дзяды. Дзяржава. Каляды. Курган. Купалле. Ледавік. Летапіс. Паданне. Племя. Продкі. Радаўніца. Радзіма. Рэспубліка Беларусь. Стаянка. Эра.

Прыкладныя практыка-арыентаваныя заданні.

Вызначэнне на картасхеме (карце атласа, контурнай карце) месцазнаходжання сталіцы і абласных цэнтраў, а таксама свайго месца жыхарства.

Вызначэнне на картасхеме (карце атласа, контурнай карце) тэрыторыі рассялення ўсходнеславянскіх плямён на тэрыторыі Беларусі.

Вызначэнне на картасхеме (карце атласа, контурнай карце) галоўных рэк і азер Беларусі.

«Чытанне» старажытнай карты пры дапамозе ўмоўных абазначэнняў.

Вызначэнне на стужцы часу перыядаў «да нашай эры» і «наша эра».

Стварэнне малюнка курганнага пахавання.

Вызначэнне на картасхеме (карце атласа, контурнай карце) месцазнаходжання Полацка і Турава як цэнтраў перапісвання кніг.



Вызначэнне сутнасці запавету Кірылы Тураўскага.
Раздзел ІІ. Гісторыя Беларусі ў паданнях, імёнах і падзеях ( 18 г. )
Князёўна з трыма імёнамі. Летапісныя звесткі пра дачку полацкага князя Рагнеду і яе жыццевы лёс. Тры імя полацкай князеўны: Рагнеда, Гарыслава, Анастасія. Сын Рагнеды  Ізяслаў.

Сын Рагнеды Яраслаў Мудры. Старажытнаруская дзяржава ўсходніх славян Кіеўская Русь. Асветніцкая дзейнасць вялікага кіеўскага князя Яраслава Мудрага. Зборнік законаў «Руская праўда». Запавет Яраслава Мудрага сваім сынам.

Усяслаў Чарадзей. Звесткі аб полацкім князе Усяславе Чарадзеі. Бітва на Нямізе. Полацкі Сафійскі сабор як сімвал магутнасці княства і гістарычны помнік.

Еўфрасіння Полацкая. Жыццёвы выбар юнай Прадславы. Асветніцкая дзейнасць Еўфрасінні Полацкай і яе павучанне людзям. Стварэнне Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы ў Полацку. Крыж Еўфрасінні Полацкай як культурна-хрысціянская каштоўнасць беларускага народа.

У што верылі нашы продкі. Старажытныя вераванні жыхароў Беларусі. Ушанаванне памяці продкаў на Радаўніцу і Дзяды. Купалле і Каляды. Прыняцце хрысціянства. Узнікненне цэркваў і манастыроў, заснаванне школ і бібліятэк. Праваслаўныя і католікі. Прыхільнікі іншых рэлігій. Верацярпімасць.

У абарону сваёй зямлі. Аб’яднанне беларускіх і літоўскіх зямель супраць крыжацкай пагрозы ў адну дзяржаву  Вялікае Княства Літоўскае. Вялікі князь Вітаўт. Грунвальдская бітва.

Пад сценамі старажытных замкаў. Замкі на тэрыторыі Беларусі: гісторыі і паданні, звязаныя з імі. Выгляд і ўмацаванні замкаў. Крэўскі, Гродзенскі, Нясвіжскі, Мірскі замкі як помнікі гісторыі і культуры. Сынковіцкая царква-крэпасць. Адлюстраванне помнікаў замкавага будаўніцтва ў мастацкай творчасці Напалеона Орды.

Па якіх законах жылі нашы продкі. Законы штодзённага жыцця людзей. Агульнанародны збор у Полацкім княстве  веча. Статут Вялікага княства Літоўскага. Леў Сапега.

Адкуль пайшлі назвы нашых гарадоў (3 г.). Беларускія гарады ў гістарычным мінулым. Полацк і Тураў. Наша сталіца і абласныя гарады ў старажытнасці: час узнікнення, паходжанне назваў, гербы.

Пачынальнік кнігадрукавання. Вучоба Францыска Скарыны. Ф. Скарына як пачынальнік кнігадрукавання сярод усходніх славян. Афармленне выдадзеных Ф. Скарынам кніг. Патрыятычны духоўны запавет Ф. Скарыны. Выдавец першай друкаванай на тэрыторыі Беларусі кнігі Сымон Будны – прадаўжальнік справы Скарыны.

У краіне майстроў і творцаў. Рамесныя вырабы народных майстроў. Слуцкія паясы і заснаванне майстэрняў па іх вырабу. Адлюстраванне вырабу паясоў у паэтычнай творчасці Максіма Багдановіча. Майстэрства каляровай кафлі.

Ад батлейкі да паланэза. Народны лялечны тэатр  батлейка. Асветніцкая дзейнасць Сімяона Полацкага. Слонімскі тэатр Міхала Казіміра Агінскага. Паланэз «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага.

Пясняры роднай мовы і Бацькаўшчыны. Запавет Францішака Багушэвіча берагчы і шанаваць родную мову. Адлюстраванне любові да Радзімы ў паэтычнай творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа. Паэтычная і народная спадчына ў музычнай творчасці Уладзіміра Мулявіна і ансамбля «Песняры». Святкаванне Дзен беларускага пісьменства.

Будаўніцтва новага жыцця. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. і ўстанаўленне Савецкай улады ў Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Аб’яднанне БССР і іншых савецкіх рэспублік у складзе Савецкага Саюза. Будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў і стварэнне ў вёсцы калектыўных гаспадарак ў 1920—1930-я гады. Развіццё навукі і адукацыі. Дзяржаўныя мовы ў БССР і дружба людзей розных нацыянальнасцей.

Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны (2 г.). Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Подзіг герояў і юных абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Першае выкарыстанне “Кацюш”. Дзейнасць Канстанціна Заслонава. Юны партызан Марат Казей. Народны герой дзед Талаш. Барацьба супраць захопнікаў Бацькі Міная і лёс яго дзяцей. Трагедыя беларускай вёскі Хатынь. Подзвіг летчыка Аляксандра Мамкіна па выратаванні дзяцей. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Легендарны подзвіг Трыфана Лук’яновіча. Дзяржаўныя святы Рэспублікі Беларусь (9 мая і 3 ліпеня).

Паняцці: Батлейка. Веча. Вялікая Айчынная вайна. Дзяржаўная мова. Дружына. Закон. Князь. Рыцар. Подзвіг. Сабор. Статут. Хрысціянства.

Прыкладныя практыка-арыентаваныя заданні.

Тлумачэнне паводзін сына Рагнеды Ізяслава.

Тлумачэнне прозвішча вялікага кіеўскага князя Яраслава «Мудры».

Характарыстыка дзейнасці полацкага князя Усяслава.

Стварэнне малюнкаў узбраення дружынніка полацкага князя.

Характарыстыка асветніцкай дзейнасці Еўфрасінні Полацкай.

Стварэнне малюнка Спаса-Ефрассінеўскай царквы.

Характарыстыка дзейнасці вялікага князя Вітаўта.

Азнаямленне з сутнасцю надпіса на выяве тытульнага ліста «Бібліі», выдадзенай Ф. Скарынам.

Тлумачэнне паходжання назвы свайго населенага пункта.

Паслядоўнае вызначэнне на картасхеме (карце атласа, контурнай карце) напрамкаў маршруту ўмоўнага падарожжа па гарадах Беларусі.

Стварэнне малюнка замка.

Стварэнне малюнка слуцкага пояса на аснове выкарыстання верша М. Багдановіча.

Правядзенне ўмоўна-графічнай рэканструкцыі прадстаўлення батлейкі з выкарыстаннем выяў лялек.

Тлумачэнне любові да Радзімы ў вершах Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Вызначэнне на карце атласа (контурнай карце) месцазнаходжання гарадоў, дзе ў 1920—1930-я гады былі пабудаваны новыя заводы і фабрыкі.

Апісанне подзвіга абаронцаў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Раздзел ІІІ. Мая сучасная краіна (7 г.)
Багацце нашай краіны. Пасляваеннае аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі. Вырабы беларускай прамысловасці. Герой Беларусі канструктар аўтамабільнай тэхнікі Міхаіл Высоцкі. Зямля  карміцелька жыхароў нашай краіны. Прадукцыя сельскай гаспадаркі. Святкаванне Дажынак. Герой Беларусі старшыня калгаса Аляксандр Дубко. Транспарт і шляхі зносін. Касманаўты – ураджэнцы Беларусі.

Тут мінуўшчына з сучаснасцю сышліся. Гарады на карце Беларусі. Салігорск: паданні і рэчаіснасць. Наваполацк: новы горад побач са старажытным. Жодзіна: захаванне памяці аб вайне ў горадзе, дзе вырабляюцца «БелАЗы». Старажытны Астравец: будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі.

Мінск сталіца нашай краіны (2 г.). Мінск – сталіца Беларусі, «горад-герой». Дзяржаўныя, культурныя, адукацыйныя, спартыўныя ўстановы ў Мінску. Герой Беларусі спартсменка Дар’я Домрачава. Адлюстраванне памяці аб гістарычных падзеях, дзеячах гісторыі і культуры ў назвах гарадскіх плошчаў, праспектаў і вуліц. Герой Савецкага Саюза кіраўнік Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Петр Машэраў.

Сучасная Беларусь. Утварэнне Рэспублікі Беларусь. Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання. Беларусь  адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі. Дзяржаўныя святы Рэспублікі Беларусь (15 сакавіка, 2 красавіка, 3 ліпеня). Першы Герой Беларусі летчык Уладзімір Карват.

Дзяржаўны герб нашай краіны. Герб як сімвал дзяржавы. Адлюстраванне ў Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь яе тэрыторыі, традыцый нашых продкаў, гатоўнасці жыхароў да абароны сваей Радзімы.

Сцяг беларускай дзяржавы. Гісторыя сцяга Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Сімволіка колераў Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Адлюстраванне ў арнаменце Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь старажытных традыцый і працалюбства беларускага народа. Чырвоны сцяг – сімвал мужнасці нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Паняцці: Арнамент. Дзяржава. Дзяржаўны герб. Дзяржаўны сцяг. Дзяржаўныя святы. Канстытуцыя. Прэзідэнт. Сімвал. Урад.

Прыкладныя практыка-арыентаваныя заданні.

Вызначэнне на карце атласа (контурнай карце) месцазнаходжання новых гарадоў.

Вызначэнне на картасхеме (карце атласа, контурнай карце) маршруту ўмоўнага падарожжа па Мінску.

Азнаямленне з артыкулам 49 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе права кожнага грамадзяніна на адукацыю.

Тлумачэнне элементаў Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

Тлумачэнне колераў і арнамента Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.



Абагульненне (1 г.)
АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ВЫНІКАЎ

ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ

Ведаць:

назвы краіны і дзяржавы;

– сучасныя дзяржаўныя сімвалы і святы Рэспублікі Беларусь;

– назвы сталіцы Беларусі, абласных цэнтраў, свайго населенага пункта;

– месцазнаходжанне Беларусі на карце Усходняй Еўропы і краіны-суседкі Беларусі;

– 1-2 памятныя мясціны роднага краю і звязаныя з імі помнікі прыроды і гісторыі;

– 1-2 традыцыйныя народныя святы;

– адзінкі вымярэння гістарычнага часу (эра, стагоддзе, год);

– 3-4 знакамітых гістарычных асобы ці дзеяча культуры Беларусі і звязаныя з іх дзейнасцю ці творчасцю падзеі;

– 1-2 помнікі пісьменнасці і кнігадрукавання, архітэктуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэатра, музыкі;

– 2-3 прыклады подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны;

– 2-3 прыклады працоўных дасягненняў беларускага народа.



Умець:

 паказваць на картасхемах (картах атласа) і абазначаць на контурнай карце тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, сталіцу і абласныя цэнтры, месца свайго пражывання;

 вызначаць паслядоўнасць гістарычных падзей па іх датам на «стужцы часу»;

 расказваць пра гістарычных асоб, дзеячаў культуры, знакамітых землякоў і звязаныя з імі гістарычныя падзеі;

 складаць кароткае апісанне па гістарычнай ілюстрацыі;

 узнаўляць вызначэнне паняццяў з дапамогай гістарычнага слоўніка.



Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў практычнай дзейнасці і паўсядзенным жыцці для:

 ідэнтыфікацыі сябе ў навакольным сацыяльна-культурным асяроддзі як ураджэнца Беларусі ці беларуса па нацыянальнасці;

 праяўлення павагі да дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь;

 падтрымання паважлівых адносін да асоб ішнай нацыянальнасці ці веравызнання;

 аказання клопату аб ветэранах і людзях, якім неабходна дапамога;

 складання паведамлення аб славутасцях роднага краю, краіны і дзяржавы;



 удзелу ў захаванні мясцовых помнікаў прыроды і гісторыі.


ВУЧЭБНА-МЕТАДЫЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ

АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ

Чалавек і свет. Мая Радзіма – Беларусь : падруч. для 4-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / С. В. Паноў [і інш.]. 2-е выд., дап. і выпр. – Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2013.

Чалавек і свет : атлас : вучэб. дапам. для 4 класа агульнаадукац. устаноў з бел. мовай навучання / С.В. Тарасаў [і інш.]. – Мінск : РУП «Белкартаграфія», 2013.

Чалавек і свет у 4 класе. Мая Радзіма – Беларусь : вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / С.В. Паноў [і інш.]. – Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2010.

Паноў, С.В. Чалавек і свет (Мая Радзіма – Беларусь) / Пачатковая школа. 4 кл. : прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне : дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / І.І. Паўлоўскі [і інш.]. – Мінск : НІА : Аверсэв, 2015.


Паноў, С.В. Мая Радзіма – Беларусь : 4 клас : рабочы сшытак : дапам. для вучняў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / С. В. Паноў. – 3-е выд., дап. і выпр. – Мінск : Аверсэв, 2014.

Паноў, С. В. Чалавек і свет : Мая Радзіма – Беларусь : 4-ы кл. : рабочы сшытак : дапам. для вучняў агульнаадукац. устаноў з бел. і рус. мовамі навучання / С. В. Паноў, Л.А. Ярашэвіч. – Мінск : ЮниПрессМаркет, 2013.

Трафімава, Г.У. Мая Радзіма – Беларусь. 4 клас : кніга для чытання / Г.У. Трафімава, С.А. Трафімаў. – Мінск : Аверсэв, 2015.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка