Упраўленне адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аддзел адукацыі Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта




Дата канвертавання11.06.2018
Памер33.1 Kb.
Упраўленне адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта

Аддзел адукацыі Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Шашкоўская сярэдняя школа”

МОЙ МАКСІМ

ЭСЭ
Пазняк Вераніка Генадзьеўна,

16 гадоў,

в. Шашкі

ДУА “Шашкоўская СШ”

222675, Мінская вобласць,

Стаўбцоўскі раён,

аг. Шашкі, вул. Цэнтральная,

дом. 38, кв. 1

тэл. 8(01717) 47364
Шашкі 2013

МОЙ МАКСІМ
Няхай міне яшчэ не раз стагоддзе,

І паланяе нас касмічны век,

А ў нябесным сінім паўнаводдзі

Зорка Венера ззяць будзе навек!
Дазволь, я буду называць ЦЯБЕ на ТЫ.

Мне так лягчэй.

Проста Максім.

Максім.


Але з вялікай літары, бо павага мая бязмерная, а мая любоў – гэта мара. Мара і пакланенне ТВАЙМУ таленту, самаахвярнасці, мужнасці і чысціні.

Нас раздзяляе сотня гадоў, а я ўсё роўна адчуваю ЦЯБЕ побач. ТЫ дакранаешся да майго сэрца радкамі сваіх трапяткіх вершаў. Я ведаю, што яны прысвечаны не МНЕ, але я ўяўляю сябе на месцы ТОЙ, для якой яны пісаліся.

Я закрываю вочы і разам з ТАБОЮ бачу пафарбаванае ў казачныя вобразы наваколле. Вось люстэрка-возера, цвяток-васілёк. Вось зоркі - пацеркі, сняжынкі, кветкі. Напэўна, іх параўнанне залежыла ад пары года. А вось маланка - агністы меч.

А я бачу, як паласуе ТВАЕ грудзі іншы меч – меч сухотаў. І яму дапамагаюць горыч кахання, туга па Радзіме.

Колькі ж прыйшлося выцерпець ТВАЙМУ кволаму і трапяткому сэрцу. А колькі ж патрэбна сілы волі, каб заўсёды здавацца вясёлым, энергічным, бадзёрым, каб не выклікаць да сябе пачуцця жалю і нікога не палохаць сваёй хваробай. ТЫ пакутуеш, ТАБЕ балюча і крыўдна ад таго, што нават не маеш права цешыць сябе надзеяй на асабістае шчасце. ТЫ марыш аб шчасці з ЁЙ, але ведаеш пра сваю хваробу і лічыш, што не маеш права рабіць няшчасным іншага чалавека. ТЫ пакутуеш адзін.

Як балюча мне гэта ведаць. Мне здаецца, я аддала б ТАБЕ нават сваё сэрца, каб толькі ТЫ змог жыць. Нам бы хапіла аднаго на дваіх. Мы б дыхалі ва ўнісон, і мае лёгкія давалі б кісларод для нас абаіх. Я так мару. Я хачу так думаць. Бо я так адчуваю. Мне крыўдна, што ЯНА так не змагла. Але я ЯЕ не ганьбую. ЯНА проста не кахала так, як ТЫ. Яе сэрца не ўмела біцца разам з ТВАІМ, і дыхаць разам з табой ЯНА не ўмела. ЯНА ПРОСТА НЕ ЎМЕЛА! І ў гэтым Яна не вінавата.

А я пакутую разам з табою. Я зайздрошчу ЁЙ. У ТВАІХ вершах - што ні радок, то песня. Што ні слова, то пакланенне жаночаму хараству. У тваіх словах няма ні грама фальшы, нахабства і самаўпэўненасці, якімі перапоўнена свядомасць сучасных юнакоў. Ці ж яны ўмеюць так кахаць, як ТЫ! ТВАЁ каханне шчырае і самаадданае, палымянае і пакутнае, чыстае і самаахвярнае. Твае радкі аб жанчыне – гэта вобраз чысціні і нявіннасці. Твая лірыка – мяккая і далікатна-інтэлігентная.
Сучасная дзяўчына можа толькі марыць аб такім каханні. Вось я і мару пра ЦЯБЕ, Максім. Я малюю ТВОЙ вобраз у сваім сэрцы словамі з тваіх вершаў і міжволі кожнага юнака параўноўваю з ТАБОЙ.

Ведаеш, Максім, я чытаю ТВАЕ вершы і ўяўляю сябе то Веранікай, то Мадоннай. Тым больш, што мяне таксама завуць Веранікай. Няхай я не тая маленькая Роначка, якая стала правобразам твайго твора, але я ж таксама была маленькай і непасрэднай дзяўчынкай, і ТВАЕ пяшчотныя словы адношу і да сябе. Мне прыемна марыць аб гэтым.

Я ўяўляю, як мы крочым па любых абаім нам маляўнічых куточках Радзімы. Мы нарвём пралесак, і ТЫ зноў будзеш дзівіцца, што яны белыя, бо табе дзіўна , што яны не блакітныя. “ Інакш быць не можа, бо чыстаму блакітнаму небу зямля павінна нарадзіць адпаведны падарунак,”- гаворыш ТЫ. “І сапраўды, чаму яны не блакітныя?” – дзіўлюся і я.

І чытаючы нізку вершаў “ У зачарованым царстве”, “ Згукі Бацькаўшчыны” і іншыя, я адчуваю, як яны квітнеюць сваёй веснавой пекнатой. ТЫ раствараешся ў прыродзе, ТЫ жывеш яе кругаваротам. Толькі чалавек з тонкай душой можа так яднацца з ёю. А праз ТВАЕ радкі яднаюся з прыродай і я.

Я не хачу чытаць ТВАЕ радкі пра смерць. Ценямі смутку яна час ад часу мільгае ў ТВАІХ радках. Я хачу думаць толькі пра жыццё. Пра тваё такое кароткае, але такое яркае і палымянае жыццё.

Ляці, шэрая зязюля, з родных загонаў Беларусі ў далёкую Ялту. Скажы “малому вераб’ю”, што я ведаю, як “яму блага”. І скажы, зязюля, што ЯГО Зорка свеціць мне і дорыць свой непаўторны свет. А ЯГО вершы напаўняюць маё сэрца любоўю і хараством.



Я не буду ўплятаць новыя кветкі ў ЯГО “ Вянок”. Тыя, што там, ніколі не завянуць, як не пагасне ЯГО Зорка Венера! Бо ЁН там, у сузор’і Ліры – так высока, так недасягальна!


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка