Упраўленне адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аддзел адукацыі Крупскага раёнага выканаўчага камітэта




Дата канвертавання31.01.2017
Памер66.41 Kb.
Упраўленне адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта

Аддзел адукацыі Крупскага раёнага выканаўчага камітэта

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Нацкая сярэдняя школа імя М.Д. Шастакова Крупскага раёна”


РАЁННЫ ЭТАП АБЛАСНОГА КОНКУРСУ ТВОРЧЫХ РАБОТ

“Мае землякі – мой гонар”

Намінацыя: “Гонар і слава маёй Бацькаўшчыны”

Аўтар:


Мацюшонак Вікторыя Валер’еўна

ДУА “Нацкая сярэдняя школа

імя. М.Д. Шастакова Крупскага раёона”, 11 класс

Кіраўнік: Патапчык Святлана Афанасьеўна

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Тэлефон: +375298741940

2014 год

Любоў да Радзімы пачынаецца з самага дзяцінства. Гэта не цяжка вытлумачыць, бо перададзеныя нам у спадчыну продкамі матэрыялы - ёсць каштоўнейшыя моўныя і гістарычныя помнікі бацькоўскай зямлі.

Як населены пункт Нача вядомая з 1586 года. Аднак нельга сцвярджаць, што вёска ўзнікла менавіта ў той год. Па звестках некаторых аўтараў навуковых даследванняў (Мальдзіса, Грыцкевіча, афіцэра царскай арміі Глінкі) вёска была заснавана прыкладна ў 1497 годзе, пасля разгрому мангола-татар. Ды і першапачатковая назва гэтага месца была Радзівілаўская Воля.

Барысаўская воласць, барысаўскае староства, дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у ХІV-ХVІІІ ст. займала ўсходнюю частку сучасных Барысаўскага і паўднёвую Крупскага раёнаў. Першымі старастамі па традыцыі былі віленскія ваяводы М.Я. Радзівіл Чорны, потым М.Ю. Радзівіл Руды. Ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга заставалася на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Паводле адміністратыўнай рэформы ВКЛ 1565-1566 гадоў, большая частка Барысаўскай воласці ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя - у Мінскі павет. У ХVІІ стагоддзі ў гэта староства ўваходзіла каля 50 населеных пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у ХVІІІ ст. былі мястэчкі Лошніца, Нача, Ухвала і іншыя. У ХVІІІ ст. староства належыла князям Агінскім, потым - зноў Радзівілам.

У 1586 годзе Крыштаф Радзівіл, па мянушцы Пярун, (1547-1603), сын віленскага ваяводы Мікалая Юр’евіча Радзівіла Рудога (1512-1584), заснаваў на землях Барысаўскага староства, на бойкім тракце Барысаў-Орша, новае мястэчка на беразе ракі Нача, якому даў назву Радзівілаўская Воля. Пазней за мястэчкам замацавалася назва Нача, пад якой яно выступае на карце Т. Макоўскага і ў іншых крыніцах.

З 1793 года ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. У 1885 годзе цэнтр воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, было 54 падвор’і, 480 жыхароў. Было валасное праўленне, млын, царква, школа. У 1909 годзе ў складзе Лошніцкай воласці Барысаўскага павета. 20 жніўня 1924 года вёска стала цэнтрам сельскага савета Крупскага раёна Барысаўскай акругі. У 1941 годзе тут налічвалася 118 падвор’яў, 564 жыхары. У гады Вялікай Айчыннай вайны з канца чэрвеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У пасляваенныя гады вёска пачала разбудоўвацца.

Усе вышэй названыя падзеі наклалі свой адбітак і на гісторыю аграгарадка Нача. Статус аграгарадка вёска атрымала ў 2008 годзе.

За час існавання ў вёсцы неаднойчы змяняўся грамадска – палітычны лад. Яе не абмінулі важнейшыя падзеі сусветнага значэння і істотныя для развіцця Беларусі: Айчынная вайна 1812 года (вёска часткова была спалена), народныя паўстанні 1830 – 1831, 1863 – 1864гг., рэвалюцыйныя выступленні насельніцтва ў 1905 і 1917 гг., Першая сусветная і грамадзянская войны, польская акупацыя 1921 – 1939 гг., Вялікая Айчынная вайна і гітлераўская акупацыя 1941 – 1944гг., час перабудовы і набыццё суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, аграгарадок Нача мае багатую гісторыю. Па старажытных назвах вуліц – Татаршчына, Кацярынінскі тракт, Рынак, Папоўшчына – можна ўжо аб чымсьці меркаваць. sn852466

У вёсцы Нача няма ўжо той хаціны, у якой 10 лістапада 1896 года нарадзіўся Сцяпан Пятровіч Шупеня. Шасцёра дзяцей гадавалася ў сям’і вясковага бедняка Петрака Шупені. І як бы там ні было цяжка, усё ж Сцяпану далі “адукацыю”: ён скончыў 2 класы царкоўна-прыходскай школы і з 14 гадоў пайшоў працаваць на смалакурню, якая знаходзілася побач з цяперашнім ільнозаводам у вёсцы Дубешня, потым - на чыгунку.

Рабочыя універсітэты закалілі юнака, пасеялі ў яго душы зярняты нязгоды з існуючым ладам. І калі ў 1915 годзе яго прызвалі ў царскую армію і накіравалі на румынскі фронт, гэтыя зярняты далі ўсходы нянавісці да рэжыму крывавага Мікалая. Акопная праўда, цяжкае раненне пад Бухарэстам канчаткова адкрылі вочы маладому салдату на існуючую рэчаіснасць.

З 1917 года Сцяпан Пятровіч быў прызваны ў Чырвоную Армію. Кастрычніцкую рэвалюцыю Сцяпан Пятровіч сустрэў у Маскве, дзе лячыўся ў гэты час у шпіталі. І з першых дзён яе стаў у рады чырвонаармейцаў, удзельнічаў у баях з белагвардзейцамі. На Усходнім фронце, куды трапіў у 1918 годзе ў саставе Жалезнай дывізіі, С.П.Шупеня ўжо камандваў узводам. Чырвоныя байцы пад камандваннем праслаўленага палкаводца У.М.Азіна грамілі белагвардзейскія банды Калчака і Юдзеніча. Ён таксама быў удзельнікам грамадзянскай вайны. Чатыры раненні ў баях не выбілі Сцяпана Пятровіча з шарэнгі байцоў. Пасля чарговай выпіскі са шпіталя ён працягваў службу камандзірам узвода ў чыгуначных войсках.

Сцяпан Пятровіч скончыў Камуністычны ўніверсітэт нацыянальных меншасцей Захаду імя Мархлеўскага, а было гэта ў 1935 годзе. Да вайны знаходзіўся на партыйнай і савецкай рабоце. Вялікую Айчынную вайну С.П.Шупеня сустрэў на пасту (з 1940-1941 гг.) першага сакратара Шчучынскага РК КП(б)Б. 2 ліпеня 1941 года, адыходзячы на ўсход разам з часцямі Чырвонай арміі, прыбыў у Магілёў, адкуль праз 3 дні пайшоў на падпольную работу ў тыл ворага.

З 1942 года ён быў упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху па Шчучынскай зоне. У красавіку-снежні 1943 года быў кіраўніком Шчучынскага падпольнага міжрайцэнтра. Амаль 7 месяцаў Сцяпан Пятровіч займаўся арганізацыяй партыйна-камсамольскага падполля і разгортваннем партызанскага руху на Палессі. У студзені 1943 года рашэннем ЦК КП(б)Б ён быў накіраваны ў Шчучынскі раён, дзе ўзначаліў міжраённы падпольны камітэт партыі і партызанскае злучэнне. Пад непасрэдным кіраўніцтвам С.П.Шупені ажыццяўляліся шматлікія баявыя аперацыі народных мсціўцаў супраць фашыстаў. З сакавіка 1943 года па ліпень 1944 года – член Баранавацкага падпольнага абкома КП(б)Б, а з 1944 года знаходзіўся на партыйнай рабоце. Прызнаннем яго камандзірскага таленту сталі высокія ўзнагароды Радзімы – ордэны Леніна, Чырвонага Сцяга, Суворава другой ступені, шматлікія медалі.

Сцяпан Пятровіч Шупеня граміў ненавіснага ворага і нічога не ведаў пра лёс сваёй сям’і. А яна ў гэты час знаходзілася ў Начы. І толькі ў канцы 1943 года яму стала вядома, што яго жонка Яўгенія Фёдараўна, семнаццацігадовы сын Аляксандр і пятнаццацігадовая дачка Аня трымаюць сувязь з партызанскай брыгадай імя Шчорса. Сын стаў партызанскім разведчыкам і падрыўніком. Разам з таварышамі ён узарваў бензасховішча на станцыі Крупкі, пусціў пад адхон некалькі варожых эшалонаў. І Аня Шупеня, акрамя выканання сваіх прамых абавязкаў па рабоце на партызанскай кухне, таксама была адважнай разведчыцай. Не адзін раз яна прыносіла каштоўныя звесткі, якія дазвалялі партызанам паспяхова граміць ворага.

Яўгенія Фёдараўна таксама не раз выконвала заданні народных мсціўцаў. Гэта яна прынесла ў атрад імя Шчорса вестку аб тым, што ля вёскі Хутар спыніўся на прывал абоз гітлераўцаў. Атрад быў падняты па трывозе, і за гадзіну партызаны знішчылі каля сотні фашыстаў, захапілі падводы з боепрыпасамі і прадуктамі.

Аб гэтых баявых эпізодах сям’і Шупені расказвае ў дакументальнай кнізе “Людзі высокага абавязку” адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі Герой Савецкага Саюза Р.Н.Мачульскі.

Пасля вызвалення Беларусі Сцяпан Пятровіч Шупеня доўгі час знаходзіўся на партыйнай і савецкай рабоце, выбіраўся членам ЦК КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР. З’яўляецца ганаровым грамадзянінам горада Шчучына. Яго імя прысвоена сярэдняй школе ў в. Орля Шчучынскага раёна.у вёсцы Зачэпічы Шчучынскага раёна на месцы базіравання партызанскага злучэння пад камандваннем С.П. Шупені адкрыты мемарыяльны комплекс.Пасля выхаду на пенсію і да апошніх дзён свайго жыцця праводзіў вялікую работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Жыў у горадзе Мінску. Жыццё яго абарвалася ў 1979 годзе.

У Сцяпана Пятровіча родзічы жывуць у Мінску, Смалявічах, Барысае. Унук жыве ў Маскве, часта прыязджае ў вёску Вострава, дзе знаходзіцца яго дача. Пляменніца Сцяпана Пятровіча Раіса жыла ў в.Вострава Нацкага савета (памерла ў 2003 годзе). Дачка Раісы жыве ў Смалявічах. У аграгарадку Нача Нацкага савета Крупскага раёна жыве Швед Наталля Аляксандраўна – унучатая пляменніца бабулі Шупені Наталлі. У вёсцы Нача жылі сёстры Шупені Наталлі. У 1995 годзе памерла сястра Наталлі Сцепаніда.

Вось такая гісторыя пра Сцяпана Пятровіча Шупеню.



СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

  1. Памяць Беларусі: рэспубліканская кніга. - Мінск, “Беларуская Энцыклапедыя”, 2005.

  2. Памяць: гісторыка – дакументальная хроніка Крупскага раёна. Мінск: БЕЛТА, 1999.

  3. Памяць: Яны праславілі Крупшчыну. Мінск: “ПЭЙПИКО”, 2008.

  4. Тараноўскі, Я. Да пытання аб паходжанні назваў вёсак, мястэчак, гарадоў Беларусі/ Я. Тараноўскі.

  5. Юрэвіч, У. Слова жывое, роднае, гаваркое…: навукова – папулярная кніга. – Мінск: “Юнацтва”, 1992.

  6. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Том–1. - Мінск: “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 1993.

  7. Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя.

  8. Фальклорныя запісы, зробленыя вучнямі і настаўнікам гісторыі ДУА “Нацкая СШ імя М.Д. Шастакова Крупскага раёна”.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка