Упраўленне адукацыі Слонімскага райвыканкама Праектна-даследчая дзейнасць вучняў пачатковых класаў на тэму




Дата канвертавання04.04.2017
Памер92.52 Kb.
Упраўленне адукацыі Слонімскага райвыканкама

Праектна-даследчая дзейнасць

вучняў пачатковых класаў на тэму

Выпечка караваю



ў сучасны час”

c:\documents and settings\user\рабочий стол\каравай\d0bad0b0d180d0b0d0b2d0b0d0b9-11.jpg

ДУА”Навасёлкаўская сярэдняя агульнаадукацыйная школа-яслі-сад”

Аўтары: Стасюкевіч Паліна

Ярашэвіч Алеся

Скрундзь Елізавета

Кіраўнік: Ерамейчык Сняжана Аляксандраўна

2010/2011 вучэбны год



Уводзіны

Калісьці на зямлю ўпаў прамень сонца. Ён упаў на зялёную былінку пшанічнага парастка. Безумоўна, не сам пшанічны каласок навучыў першых жыхароў планеты выпякаць хлеб. Хлеб – творчасць разумнага чалавека. Зерне, якое было ў коласе, можна было ўжываць у ежу.

Спачатку хлеб быў рэдкі. Чалавек проста вымачваў зерне ў вадзе. Потым стаў драбіць і варыць з яго пахлёбку. Пазней з’явіліся каменныя зернецёркі і пачаўся выраб праснака – першага печанага хлеба.

Прайшло яшчэ шмат стагаддзяў і ў цеста пачалі дабаўляць дрожжы, якія ператварылі жорсткую ляпёшку ў пышную і мяккую булку. Хлеб сталі выпякаць ў спецыяльных гаршочках. З цягам часу хлеб набыў форму круглага бохана, які выпякалі ў пячы.

З боханам хлеба звязана шмат цікавых звычаяў. Хлеб выпякалі і ў будныя і ў святочныя дні. У будныя дні хлеб быў звычайнай формы. А святочным печывам быў – каравай.

Каравай – хлебны выраб, вялікі круглы бохан, спечаны для якой – небудзь урачыстасці, які ўпрыгожваўся фігуркамі птушачак, жывёл, шышачак, кветачак.

Мэта даследавання: садзейнічаць фарміраванню нацыянальнай свядомасці праз аднаўленне і апісанне як існуючых, так і страчаных традыцый.

Задачы даследавання:

- сабраць звесткі пра абрад “Выпечка караваю” у даўнія часы;

- параўнаць і прааналізаваць сабраны матэрыял;

- высветліць, ці застаўся абрад “Выпечка караваю” у сучасны час.

Аб’ект даследавання: выпечка караваю ў вёсцы Навікі Слонімскага раёна (мясцовы фальклор пры выпечцы караваю).

Прадмет даследавання: абрад “Выпечка караваю”

Гіпотэза даследавання: калі дасканала вывучым абрад “Выпечка караваю” – гэта будзе садзейнічаць нашаму духоўнаму і культурнаму развіццю.

Метад даследчай дзейнасці: аналіз краязнаўчай літаратуры, перыядычнага друку, выкарыстанне матэрыялаў школьнага музея, сустрэча і гутаркі са старажыламі, запіс іх успамінаў, прысутнасць пры выпечцы караваю.


Асноўная частка

Каравай - вясельнае абрадавае печыва. Сімвалізуе багацце, дабрабыт будучай сям'і.

Каравай пяклі спецыяльна запрошаныя бацькамі маладых (радзей самімі маладымі) жанчыны – каравайніцы.

Абрад каравая характэрны для ўсёй Беларусі, дзе кожны этап прыгатавання суправаджаўся мноствам адпаведных рытуальных дзеянняў, цырымоніяў, песень, заклінанняў, зваротаў да звышнатуральных сілаў і з'яваў прыроды і пачынаўся з трохразовых формулаў-зваротаў, у якіх каравайніцы прасілі дазволу ў бацькоў, святога покуця, суседзяў, прыяцеляў, роду дабраславіць змалоць і прасеяць муку, расчыніць, замясіць цеста, пасадзіць каравай у печ і г.д. Прысутныя тройчы адказвалі: «Бог дабраславіць». Адпаведнымі формуламі-падзякамі заканчвалася кожнае дзеянне.

Каравай пяклі ў хаце маладога і маладой часцей за ўсё ў суботу напярэдадні вяселля або ў той дзень, калі маладыя паехалі да шлюбу. Спяваць у час яго прыгатавання і ўпрыгожвання запрашалі маладых дзяўчатаў; рыхтаваць дровы, печ і неабходныя прылады для выпечкі абрадавага хлеба – жанатых мужчынаў; саджаць каравай у печ – нежанатага хлопца, пажадана кучаравага (толькі не лысага). Запрашалі і суседзяў, бо лічылася, што чым больш людзей, гоману і весялосці, тым лепшым удасца каравай, а значыць, і будучае жыццё маладых.

Дровы бралі з трох двароў і з трох розных пародаў дрэваў, якія лічацца ў гэтай мясцовасці «шчаслівымі», ваду – з трох крыніцаў, масла – ад кароваў першага ацёлу, мёд – ярых пчолаў, муку – з сырога зерня або сушанага не ў печы. Памяло, лапата, дзяжа, вілкі ды іншыя прылады павінны былі быць новымі.

Дзяжу ставілі пасярод хаты на вывернутым кажусе, сыпалі ў яе муку і лілі ваду за адзін прыём. Рошчыну размешвала правай рукой у адзін бок па ходу сонца старэйшая каравайніца – звычайна хросная маці – або па чарзе ўсе каравайніцы. Мясілі далонямі, а не кулакамі, каб малады ніколі не падымаў рукі на маладую; рабілі яго густым, салодкім, прыгожым, часам без солі, дадавалі невялікую колькасць самаробнага напою (віна, саладухі, медавухі, соку), што азначала багацце і весялосць будучай пары. Каб караваем надзяліць увесь род, яго рабілі вялікім. Цеста для галоўнага каравая брала з дзяжы старэйшая каравайніца за адзін прыём. Каравай меў форму круглай булкі, якую ў маладой апаясвалі абручом, сплеценым з цеста ў выглядзе касы, што сімвалізавала яе дзявоцкасць, а ў маладога на каравай клалі просты абручык. Часам каравай у маладога рабілі ў выглядзе паўмесяца.

З рэшткі цеста каравайніцы выраблялі другасныя караваі. Іх называлі каравайчыкі, падручнікі, шышкі, гускі, баранкі, ясачкі, драмушкі, ялавіцы, пастушкі, пеўнікі, музыкі і іншыя і выкарыстоўвалі з пэўнымі мэтамі ў розныя моманты вяселля. Дзяўчаты рабілі з цеста каравая розныя аздабленніі (гускі, шышкі, бочачкі з абручыкамі і г.д.) для асноўнага каравая і дробнае печыва для пачастунку дзецям. Памазаўшы каравай мёдам і пасыпаўшы сырам, саджалі яго ў печ. Лапатай, якой садзілі, тройчы стукалі ў паднябенне печы або ў столь хаты, калі ў гаспадара былі незамужнія дочкі, дакраналіся да іх галоваў, а затым выносілі лапату на двор і кідалі яе цераз хату, каб яна зламалася.

Дастаўшы каравай з печы і тройчы з ім пакружыўшыся, клалі яго на века дзяжы, пакрытае белым абрусам і пасыпанае аўсом, жытам і хмелем.

Калі каравай астываў, пачыналася яго упрыгожванне. Пераважалі два віды ўпрыгожвання: фігуркамі, спечанымі з цеста, і галінкамі. На каравай маладой пасярэдзіне ставілі спечаную з цеста вялікую шышку або гуску, а вакол – маленькія шышачкі, гусачкі, зорачкі, кветачкі, абараначкі, васьмёркі, фігурку спавітага дзіцяці ды інш., а пасярэдзіне каравая маладога – найчасцей паўмесяц, часам – шышку або гусачка, вакол – бочачкі з абручыкамі, пеўня, курыцу і інш. Зверху ўпрыгожвалі зелянінай (лісцікамі, пучочкамі руты, мірты, мяты, каліны), ягадамі брусніцаў, вішні, каліны, арабіны, кветкамі з каляровай паперы.

Звычайна падзелам каравая заканчвалася вяселле . Асноўныя элементы абраду захаваліся па ўсёй Беларусі да нашага часу. І таму мэтай нашага даследавання было знайсці людзей, якія і ў цяперашні час у нашай мясцовасці захавалі традыцыі продкаў па выпечцы вясельнага караваю. У нашым пошуку нам дапамагалі краязнаўчая літаратура, перыядычны друк нашай мясцовасці, матэрыялы школьнага музея. Мы знайшлі такіх людзей у вёсцы Навікі, дзе створана аматарскае аб’яднанне “Чараўніцы – каравайніцы.

c:\documents and settings\администратор\мои документы\мои рисунки\изображение\изображение.jpg

Мясцовыя жанчыны паведамілі нам, што у цяперашнія часы каравай пякуць не толькі на вяселле, але і у такія святы як Вялікдзень, Троіца, Каляды, Дажынкі і таксама пры сустрэчы дарагіх гасцей. Яны адзначылі, што часцей за ўсё іх запрашаюць на выпечку вясельнага караваю.

Мы папрасілі дазволу у жанчын-каравайніц папрысутнічаць, і прыняць ўдзел у выпечцы караваю.

Нас сустрэла старэйшая каравайніца, якая першая пачынае кожны этап у выпечцы караваю. Яна сыпле муку, расчыняе і месіць цеста, кіруе ўсім працэсам прыгатавання караваю. Увесь працэс выпечкі караваю суправаджаецца народнымі песнямі і заклічкамі.



Абрад

Выпечка караваю”



І. Замова для замешвання цеста.

- Чы ёсць тут бог, бацька і матка родныя, суседзі блізкія і далёкія, мужы статэчныя, бабкі заплечныя, дзеткі запечныя? Благаславіце кроснай пані каравай учыніць! (другі раз замесіць, за трэцім разам пытаецца)



  • Напрад пана бога, пачуццё святога, пана ойча, пані маткі, панове прыяцелі, панове суседзі, прошу гэтаму дзіцяці благаславіць, каравай расчыніць.

(Тройчы ўсе адказваюць:”Бог благаславіць”)

Песня:

Караваю- мой раю,

Я ж цябе ўчыняю,

Я ж цябе ўчыняю,

Я ж цябе і мясіць буду,

Я ж цябе і мясіць буду,

З печы вынімаць буду,

З печы вынімаць буду

І вадой паліваць буду,

У дарогу ў шчаслівую

Па дзевачку, па красівую.


Песня:

Свеціць месяц на дварэ,

На дварэ, на дварэ.

Гіблюць каравайчык на стале, на стале.

Гібле братка з сястрою,

З сястрою, з сястрою.

Ды за яснаю зарою

Свеціць месяц на дварэ,

На дварэ, на дварэ.

Каравай рагоча, ды да печы хоча.

А печ рагоча – караваю хоча.



ІІ. Замова для росту цеста каравая.


  • Падыходзі, падыходзі наш каравай.

З дубовай дзешкі дно выбівай.

Калі будзеш выбіваці.

То будзе цябе гібеці.

ІІІ. Замова, калі садзяць каравай у печ.


  • Саступі, Божа, з неба,

Як ты цяпер нам трэба,

Памагаў замясіць –

Памажы ж і ўсадзіць.

IV. Калі каравай пячэцца


  • Расці, караваю,

  • Вышэй таго гаю.

  • Вышэй той печы,

  • Што ўтрох можна легчы.

  • Расці, каравай,

  • Вышэй печы ледзяной,

  • Вышэй столі залатой,

  • Вышэй тандзі маладой.

V. Замова, калі вынімаюць каравай з печы.

  • Сыйдзі, божа, з неба.

Цяпер ты нам трэба -

Памагаў замысляці,

Памагаў учыняці,

Памагаў мясіці,

Памагаў садзіці,

Памажы і выняці.


VI. Калі прыбіраюць (упрыгожваюць) каравай

  • Караваю мой, караваю,

Я каля цябе іграю,

Я каля цябе іграю,

Я цябе прыбіраю,

Навокал сыр і масла,

Пасярод доля і шчасце!

Гатовы каравай выносяць на вяселлі да гасцей і пытаюць:



  • На людзі раздаць,

Ці ў камору схаваць?

Вяселле заканчваецца дзяленнем караваю.


Каравай ты наш харошы,

Хто з табою зраўняцца можа.

Хіба толькі казка.

Падыходце, калі ласка,

І адведайце на смак.

Ну і ведзьма не за так.

Ну за нейкі там пятак.

Таму, хто будзе яго есці,

Трэба кішэні патрэсці,

Бо ў нашым караваі

Мы ўсяго многа маем-

Ад сямі палёў пшаніцы,

Ад сямі кароў масла

І яец паўтараста.

А спяклі з усёй начынкай

Нашы слаўныя жанчынкі.



c:\documents and settings\администратор\мои документы\мои рисунки\изображение\изображение.jpg

c:\documents and settings\администратор\мои документы\мои рисунки\изображение\изображение 001.jpg




Заключэнне

Гістарыю і культуру свайго народа трэба ведаць і захоўваць. Без гэтага вопыту кожны чалавек значна бяднее. Бяднейшым становіцца і народ, які слаба ведае сваю культуру, не імкнецца захаваць традыцыі продкаў.

У апошні час мы ўсё часцей звяртаемся да народных абрадаў, свят, спрабуем аднавіць іх у сем’ях. Гэта цудоўная магчымасць азнаёміцца з амаль забытымі сёння старадаўнімі абрадамі, дазнацца пра духоўнае жыццё нашых продкаў.

Бадай не ў кожнай замежнай краіне захавалася столькі звычаяў, абрадаў, песень да сёння. як у Беларусі. І пакуль у такіх маленькіх вёсачках Беларусі, як наша суседняя вёска Навікі, захоўваюцца старажытныя традыцыі, а менавіта абрад “Выпечка караваю”, то яшчэ доўга будзе існаваць духоўная спадчына нашага народа.

Любыя веды пра мінулае ўзбагачаюць нашы пачуцці, абуджаюць духоўнасць. Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, мы атрымалі ў спадчыну такое духоўнае багацце, якім можам ганарыцца перад цэлым светам, якое павінны зберагчы і перадаць будучым пакаленням.

Сабраны матэрыял будзе захаваны ў школьным музеі. Мы верым, што кожны, хто будзе з ім знаёміцца, стане больш беражліва адносіцца да таго, што засталося нам ад продкаў і гэта будзе садзейнічаць духоўнаму і культурнаму развіццю кожнага.



.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка