Урок беларускай літаратуры ў 5 класе Тэма: М. Лынькоў «Васількі»




Дата канвертавання05.12.2018
Памер69.05 Kb.


Урок беларускай літаратуры ў 5 класе

Тэма: М.Лынькоў «Васількі» (першы ўрок па творы)

Мэта: паглыбіць веды пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны шляхам знаёмства з апавяданнем “Васількі”, данесці да вучняў трагедыю дзяцей, у якіх вайна адняла самых блізкіх і дарагіх людзей, пазбавіла шчаслівага дзяцінства, тым самым вымусіла стаць заўчасна дарослымі;

садзейнічаць асэнсаванню ідэйнага зместу твора, развіццю ўмення даказваць сваю думку, карыстацца тэкстам, характарызаваць вобразы;

спрыяць развіццю маўлення, выразнаму чытанню твора;

дапамагаць успрымаць гора, задумвацца над лёсам чалавека, ствараць пачуццё непрымання вайны як найвялікшага зла і бяды.



Абсталяванне: партрэт М.Лынькова, падручнік па беларускай літаратуры ( частка 2), сінія папяровыя кветкі, прэзентацыя, песня «Жураўлі» ў выкананні М.Бернэса.

Тып урока: вывучэнне мастацкага твора

Форма правядзення: традыцыйная

Метады навучання: славесны, наглядна-ілюстрацыйны, часткова – пошукавы.

Формы арганізацыі пазнавальнай дзейнасці: франтальная работа, самастойная, індывідуальная

Эпіграфы: Войны! Злачынная справа – вайна выклікае і гнеў мой, і слёзы, і боль. ( М.Гусоўскі)

Ваенны час любога ваенным робіць. (Ф. М. Глінка )

Ход урока:

І. Арганізацыйны момант

ІІ. Праверка дамашняга задання


  • Устаўце ў тэкст патрэбныя словы, якія дапамогуць узнавіць і абагульніць вашы веды пра тэму і ідэю літаратурнага твора. (Артыкул “Пра тэму і ідэю літаратурнага твора”)

Пры знаёмстве з літаратурным творам чытыча заўсёды цікавіць, пра што гэты твор, у які … адыбываюцца падзеі, пра якіх … расказваецца, а таксама, хто … літаратурнага твора, які здолеў так пераканальна расказаць пра падзеі і герояў.

Тое, што адлюстраваў пісьменнік (жыццёвая з’ява або кола з’яў, пра якія ідзе размова ў творы) з’яўляецца … літаратурнага твора. А асноўны сэнс твора, тое, што хацеў сказаць аўтар сваім чытачам, з’яўляецца … літаратурнага твора.

Словы для выкарыстання: аўтар, час, тэма, ідэя, героі.

ІІІ. Мэтавызначэнне

Слова настаўніка

  • Вайна пакінула жахлівы след у гісторыі нашай краіны. Гэта вечны боль і сум пра загінуўшых. Але гэта і пачуццё гонару за герояў і ўдзячнасць ім за дараваны мір і спакой.

Наша Радзіма найбольш за ўсіх краін адчула жахі Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гадоў. За незалежнасць Беларусі змагаліся не толькі салдаты, але ўсе яе жыхары, ад стогадовага дзеда Талаша да моладзі, дзяцей: Марат Казей, Коля Гойшык, Зіна Партнова і іншыя. Іх імёны назаўсёды застануцца ў нашай памяці.

  • Прыгадайце імёны вядомых герояў Беларусі.

Гучыць музыка (песня «Жураўлі» ў выкананні М.Бернэса)

  • Якія пачуцці выклікала ў вас музыка? Аб чым вы падумалі? (Сумныя думкі пра вайну).

Войны! Злачынная справа – вайна выклікае і гнеў мой, і слёзы, і боль. (М.Гусоўскі)

Калі чуеш слова «вайна», то ўяўляеш гора, няшчасце, скалечаныя лёсы, матуліны і дзіцячыя слёзы. Рускі паэт, удзельнік Айчыннай вайны 1812 года Ф. М. Глінка пісаў: “Ваенны час любога ваенным робіць”.

Вы – дзеці 21 ст., нарадзіліся ў мірны час. І гэта вялікае шчасце. Дзякуй Богу, што вы даведваецеся пра вайну толькі з кніг...


  • Усім заданне – напісаць у сшытак у першы слупок словы-асацыяцыі да слова «вайна».

  • Да падзей тых часоў звяртаюцца мастакі, музыканты і пісьменнікі, каб яшчэ раз нагадаць нашчадкам і папярэдзіць іх, што трэба зрабіць усё, каб вайна ніколі не паўтарылася. Сярод тых, хто выказаў свае адносіны да вайны, і вядомы беларускі пісьменнік Міхась Лынькоў (звяртаецца ўвага на партрэт пісьменніка і даюцца кароткія біяграфічныя звесткі падрыхтаваных вучняў).

Газетнае паведамленне Савінфармбюро ад 7 верасня 1941года:

“У адным калгасе недалека ад Жлобіна германскія афіцэры бязлітасна катавалі, а потым перабілі сям’ю рахункавода калгаса Тышкевіча.Фашысты закалолі штыкамі Тышкевіча, яго маці, сястру і дзвюх малых дачок.

З усей сям’і застаўся ў жывых толькі старэйшы, чатырнаццацігадовы сын Саша, якога не было ў гэты час дома. Прыйшоўшы дамоў і ўбачыўшы знявечаныя трупы сваіх родных, Саша пайшоў у Жлобін. Праз некалькі дзён германскія войскі занялі Жлобін.Саша дастаў ручную гранату і выйшаў на вуліцу. Ён цярпліва стаяў на вуліцы і сачыў за танкамі, бронемашынамі, артылерыяй і пяхотай, якія праходзілі міма яго. Калі паказалася вялікая штабная машына, у якой сядзела некалькі афіцэраў, Саша падбег і кінуў у машыну гранату. Выбухам былі знішчаны машына і ўсе германскія афіцэры. Азвярэўшыя фашысты на кавалкі разарвалі цела героя, забітага асколкам гранаты.”

Гэтае паведамленне натхніла М.Лынькова на стварэнне апавядання “Васількі” (паведамленне падрыхтаваных вучняў)



ІV Вывучэнне мастацкага твора

Тэкст чытае настаўнік або добра падрыхтаваны вучань .

Аналіз твора можна правесці па наступных пытаннях:


  • Якія пачуцці абудзіў у вас гэты твор? Якія эпізоды пакінулі найбольш моцнае ўражанне? (гераічны ўчынак Міколкі)

  • Вызначце тэму гэтага твора.

  • Паспрабуйце вызначыць ролю пачатка (пейзажнай замалёўкі) ў творы? Якім яна прасякнута настроем? (апісанне прыгожага летняга дня навявае спакой, вайна яшчэ не абрынулася на хлопцаў бядою)

  • Усім заданне – напісаць у сшытак у другі слупок словы-асацыяцыі да слова «мір».

Мір - гэта ранак зялёны,

Сонца на парастку кожным.

Мір – гэта маці, дзіцёнак,

Радасць на твары кожным.

Мір – калі ўсе пуцявіны

Водарам лета дурманяць.

Мір – калі толькі ўспаміны

Вочы слязамі туманяць.

(Е.Лось)


  • На які роздум наводзіць хлопцаў палёт бусла і чаму? (хлопцы мараць пра самалёты, каб “немца зручней біць”)

  • Як успрымаюць дзеці сцвярджэнне дарослых, што глухі гул зямлі, які штодзень нарастае, і частыя ўспышкі на захадзе гавораць аб набліжэнні навальніцы?

ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА

  • Зачытайце апісанне старой грушы на двары Міколкі ў той час, калі ён падыходзіў да сваёй хаты і калі на яго абрынулася вялікае гора – смерць маці і сястрычкі. Параўнайце гэтыя апісанні і назававіце прычыну змен у прыродзе. Ці звязаны гэтыя змены з душэўным станам Міколкі? (калі Міколка падыходзіў у добрым настроі да хаты, то і прырода радасцю адказвала хлопцу; калі ж хлопец з жахам убачыў забітых родных, “узрушана шалахцела дзедаўская груша-дзічка, самотна пчолы ляталі…Трывожна шчабятала дробнае птаства”; змяніўся душэўны стан хлопчыка)

  • Вызначце асноўнае пачуццё, якое завалодала хлопчыкам пасля трагедыі. (нясгасны боль, пачуццё нянавісці, жаданне помсты)

  • Да каго звяртаецца Міколка за парадай і падтрымкай? Чаму? Як паводзіць сябе дзед Нупрэй? (хвалюецца і шчыра спачувае хлопчыку)

  • Паразважайце, ці пераканаў дзед Нупрэй Міколку словамі, у якіх выказаў сваё бачанне праблемы помсты фашыстам за здзекі над мірнымі жыхарамі. (“Пачакай вось – прыйдзе бацька твой…”)

  • Якое рашэнне прыняў Міколка? Якія рэчы ўзяў з сабой? Чаму?

  • Прачытайце фінальны эпізод апавядання. Якія дэталі вас кранулі да глыбіні душы?

V Замацаванне

  • Як вы думаеце, для чаго трэба помніць падзеі вайны? Што хацеў давесці аўтар, расказаўшы нам гісторыю Міколкі?

  • Што зрабілі б вы на яго месцы?

  • Вызначце ролю дэталей – раструшчанага салдацкім ботам школьнага пенала і букеціка сініх васількоў.

  • Вызначце ідэю твора. Чаму твор называецца “Васількі”? (Вайна нішчыць усё, не шкадуе нікога. Дзеці – ахвяра вайны. У творы паказаны прыклад мужнасці і гераізму хлопчыка ў час Вялікай Айчыннай вайны.)

  • Ці ёсць у вашай сям’і блізкія, якія бачылі вайну і расказвалі аб ёй вам?

У Хатыні

У Смаленску,

У Брэсце,

Над Волгай, над Бугам,

Над Цісай.

Як вечнага полымя ўсплескі,

Застыўшы, стаяць абеліскі...
Куды б ні ішоў, ні ехаў ты,

А тут прыпыніся!

Магіле гэтай дарагой

Усім сэрцам пакланіся,

Тым, хто гарачае сэрца аддаў

Радзіме нашай любімай

Тым, хто прыкладам у жыцці

нам стаў


Клятву даём мы сёння:

У тым, што герояў не зможам

забыць ніколі

У гэтым зараз клянёмся.



  • Памяць паўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны пачцім мінутай маўчання.

VІ. Рэфлексія

  • Вазьміце сінія папяровыя кветкі (васількі , валошкі), напішыце словы аб вашых пачуццях, уражаннях ад твора.

VІІ. Выстаўленне адзнак

VІІІ. Дамашняе заданне

Перачытаць яшчэ раз апавяданне,



адказаць на пытанні пасля апавядання,

падрыхтаваць выразнае чытанне эпізоду сустрэчы Міколкі з дзедам Нупрэем.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка