Урок па творы Петруся Броўкі «Зямля Беларусі» (урывак з паэмы




Дата канвертавання14.02.2017
Памер116.96 Kb.
Урок па творы

Петруся Броўкі

«Зямля Беларусі»

(урывак з паэмы «Беларусь»)



Тэма. Пятрусь Броўка.«Зямля Беларусі»

(урывак з паэмы «Беларусь»)(1 гадзіна)
Мэта і задачы. Абудзіць патрыятычныя пачуцці вучняў (любоў да сваёй зямлі, захапленне яе прыгажосцю, гонар за слаўную гісторыю Бацькаўшчыны, шматвекавыя традыцыі, культуру свайго народа). Прааналізаваць вобразна-выяўленчыя сродкі мовы твора. Развіваць творчае ўяўленне вучняў пры ўспрыманні карцін прыроды, створаных паэтам, удасканальваць іх уменні вызначаць настраёвасць, танальнасць, пафас твора.

Абсталяванне. Тэкст урыўка з паэмы П. Броўкі «Беларусь».

Запіс музычнага твора – “Разітанне з Радзімай” М.К.Агінскага.

Рэпрадукцыя карціны Уладзіміра Масленікава «Зямля дзядоў”.


Эпіграф.

Беларускія краявіды…

Перазвоны азёр і бароў.

Над палеткамі бульбы і жыта –

Песня велічных курганоў.

Анатоль Грачанікаў

Ход урока


  1. Арганізацыйны момант.

  2. Вызначэнне тэмы і задач урока.

Закончыце прыказку:

Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай … . (крыніцы)

Для ўсякай птушкі сваё гняздо … . (міла)

Родная зямелька як зморанаму … . (пасцелька)

У сваім краі, як у … . (раі)

Далёкая старонка без ветру … . (сушыць)

На чужыне і камар … . (загіне)

Кожнаму свой куток … . (мілы)

Усюды добра, а дома … . (лепей)

Кожная сасна свайму бору песню … . (пяе)

Жыць — Радзіме … . (служыць)

Настаўнік. Вы, напэўна, здагадаліся, аб чым будзе ісці размова на ўроку? Так, сёння мы будзем гаварыць пра нашу Радзіму, пра Беларусь. Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве: павінен мець пачуццё нацыянальнай годнасці. А гонар, у сваю чаргу, мацнее ад назапашвання ведаў пра самыя цікавыя і адметныя звесткі з гісторыі роднага куточка: якой была мясцовасць у даўнейшыя часы, адкуль паходзіць назва, якія цікавыя людзі жылі і якімі сваімі справамі, здольнасцямі запомніліся ў народзе. І толькі так узнікае неабдымная любоў да Радзімы, вялікі гонар за яе дасягненні, імкненне зрабіць свой уклад у агульную справу.
Любоў да Радзімы — гэта не абстрактнае, а рэальнае пачуццё, якое кожны чалавек можа выказаць у штодзённым жыцці шчырымі словамі, карыснымі справамі, светлымі думкамі.


  • Як выказваюць любоў да Радзімы таленавітыя людзі, прадстаўнікі розных відаў мастацтва.

  • Як можа выразіць сваю любоў да Радзімы паэт? Мастак? Музыка?

Так, кожны зробіць гэта па-свойму.

  1. Знаёмства і аналіз твораў мастацтва па тэме ўрока

  1. Музыка

Гучыць музычны твор – “Развітанне з Радзімай” М.К.Агінскага.

Гутарка:

  • Які музычны твор мы праслухалі?

  • Якія пачуцці хацеў перадаць аўтар?

  • Якія вобразы ўсплывалі перад вачамі падчас праслухоўвання твора?

  • Хто яго аўтар?

  • Што вы ведаеце пра М.К.Агінскага?

  • Раскажыце гісторыю напісання твора.

«Развітанне з Радзімай» — такую назву мае самы славуты твор вядомага кампазітара Міхала Агінскага. Ёсць у яго і іншая назва, яшчэ больш вядомая: «Паланез Агінскага». Спытайцеся ў першага сустрэчнага, што з музычнай творчасці Агінскага яму вядома, — і атрымаеце стопрацэнтны адказ: «Паланез Агінскага». А між тым Агінскі — аўтар 40 фартэпіянных п’ес, з іх аж 25 паланезаў. І самы славуты паланез мае даволі празаічную назву: паланез а-тоll № 13. Так што, як бачыце, пад «самым нешчаслівым нумарам» з’явіўся на свет твор, які і праславіў імя кампазітара на ўвесь свет.

Нарадзіўся ён 7 кастрычніка 1765 года непадалёку ад Варшавы, у маёнтку Гузава.

— Чаму ж ён наш зямляк? Справа ў тым, што ў часы Рэчы Паспалітай адбывалася так званая паланізацыя беларускай шляхты. Продкі Агінскага — менавіта з такіх апалячаных беларусаў. Калісьці іх прозвішча было Глушонкі, і жылі яны на ўсходняй Магілёўшчыне, ля самай мяжы з Расійскай дзяржавай. Каталікамі Агінскімі праваслаўныя Глушонкі сталі пасля таго, як ім быў падараваны каралём Рэчы Паспалітай маёнтак Агінты.

У 15—18 стагоддзях род Агінскіх быў адным з найбольш багатых і ўплывовых у Вялікім княстве Літоўскім. У міжусобных войнах магнатаў за першынства ў Рэчы Паспалітай, якія адбываліся на беларускіх землях у 60-х — 80-х гадах 17 стагоддзя, Агінскія прымалі самы актыўны ўдзел.

Але бурлівае 17 стагоддзе саступіла месца 18-му, у якім Рэч Паспалітая аслабела настолькі, што стала лёгкай здабычай трох суседніх моцных дзяржаў: Расіі, Прусіі і Аўстрыі. У 1772 годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай паміж гэтымі дзяржавамі. Рэч Паспалітая страціла значныя тэрыторыі.

І якраз у гэты нялёгкі для Радзімы час, у 1784 годзе, малады (яму яшчэ не споўнілася і 20 гадоў) Міхал Клеафас Агінскі становіцца дэпутатам сойма Рэчы Паспалітай ад шляхты Трокскага павета.

У 1789 годзе Міхал Агінскі становіцца паслом Рэчы Паспалітай у Галандыі. У Галандыю малады дыпламат едзе разам з жонкай Ізабэлай.

Яшчэ праз год Агінскі ўжо ў Лондане. Ён сустракаецца там з каралём Георгам ІІІ, вядзе з англічанамі паспяховыя перамовы аб пашырэнні гандлёвых кантактаў паміж Англіяй і Рэччу Паспалітай. І адначасова з гэтым знаёміцца з культурна-гістарычнымі каштоўнасцямі англійскай сталіцы, бярэ ўрокі музыкі ў мясцовых музыкантаў. Тут Міхал Агінскі набыў сабе новую скрыпку, зробленую калісьці славутым італьянскім майстрам Страдзівары. Праўда, музыка ў гэты час для Агінскага — толькі прыемны занятак для душы.

Першыя музычныя творы Міхал Агінскі напісаў у 1792 годзе ў Варшаве. Гэта паланезы. Менавіта паланезы, дарэчы, будуць самымі любімымі музычнымі творамі кампазітара да канца яго жыцця.

Адзін з першых паланезаў — паланез В-dur, як гэта не сумна, знік і да гэтага часу не знойдзены, другі — паланез F-dur, больш вядомы як «Паланез смерці», напісаны пад уражаннем другога падзелу Рэчы Паспалітай, у Еўропе назвалі «Раздзелам Польшчы», і менавіта ён прынёс Міхалу Агінскаму еўрапейскую вядомасць.

Гэты паланез, дарэчы, стаў амаль адразу ж вельмі папулярным і ў Расійскай імперыі, яго выконвалі амаль на ўсіх пецярбургскіх балах, сумнай меланхалічнай мелодыяй гэтага паланеза захаплялася нават сама расійскай імператрыца Кацярына ІІ.

Здавалася б, усё складваецца як нельга лепш у жыцці Міхала Агінскага. Ён мае ганаровы і даволі высокі чын літоўскага падскарбія, яго як таленавітага кампазітара ўжо ведаюць не толькі ў Рэчы Паспалітай, але і па ўсёй Еўропе. Усё выдатна… толькі Агінскі, палымяны патрыёт сваей Радзімы, не можа не разумець, што Рэч Паспалітая дажывае свае апошнія гады…

І гэта сапраўды было так. Пасля другога падзелу, які адбыўся ў студзені 1793 года, ад некалі вялізнай і магутнай Рэчы Паспалітай застаўся невялікі кавалачак. Ды і той не быў самастойным. Расійскія гарнізоны стаялі амаль па ўсёй тэрыторыі краіны, апошні кароль Рэчы Паспалітай, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, быў паслухмянай марыянеткай расійскага двара…

Паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, якое выбухнула ў Рэчы Паспалітай вясной 1794 года, было апошняй спробай выратаваць дзяржаву ад поўнага знікнення. І Агінскі адразу ж праяўляе сябе палымяным прыхільнікам і аднадумцам Касцюшкі.

Ён накіроўваецца ў Вільню, публічна адмаўляецца ад чына падскарбія і аднагалосна выбіраецца ў Часовы савет, які кіруе паўстаннем на тэрыторыі ВКЛ. На ўласныя 40 тысяч дукатаў (вялізныя грошы па тым часе, і, каб сабраць іх, Агінскі ахвяруе нават фамільнымі каштоўнасцямі сваёй жонкі, аддаўшы іх у якасці залогу) Міхал Агінскі збірае атрад ў 800 чалавек, узбройвае іх і вядзе на Беларусь. Атрад Агінскага прымае ўдзел у баявых дзеяннях супраць расійскіх войскаў, спачатку — пад Ашмянамі, затым — каля Валожына. Мэтай Агінскага было прарвацца да тэрыторый, якія знаходзіліся ў спадчынным уладанні роду Агінскіх, і ўзняць там на барацьбу прыгонных сялян, паабяцаўшы ім за гэта волю.

Але гэты рэйд закончыўся няўдачай, і рэшткі атрада Агінскага вымушаны былі адступіць.

Больш паспяховым быў паход Міхала Агінскага праз Браслаўшчыну на Дынабург (зараз Даўгаўпілс). Потым Агінскі, як спецыяльны кур’ер Часовага савета, едзе ў Варшаву і сустракаецца там з Касцюшкам.

Але, нягледзячы на мужнасць паўстанцаў і першапачатковыя поспехі, шанцаў перамагчы ў паўстання не было. Атрады Касцюшкі, Ясінскага, Агінскага, іншых кіраўнікоў паўстання не маглі супрацьстаяць добра ўзброеным і шматлікім царскім войскам пад кіраўніцтвам вопытных ваеначальнікаў Ферзена і асабліва Суворава. 10 кастрычніка 1794 года пад Мацёвіцамі адбылася рашаючая бітва: паўстанцы былі разбіты, паранены Касцюшка трапіў у палон. А 6 лістапада таго ж года капітуліравала Варшава. Паўстанне было задушана, Рэч Паспалітая перастала існаваць як самастойная дзяржава, падзеленая (ужо ў трэці раз) паміж моцнымі суседзямі. Усе беларускія землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, польскія землі падзялілі паміж сабой Прусія і Аўстрыя.

За галаву Агінскага была прызначана буйная грашовая ўзнагарода, але яму ўдалося разам з рэшткамі корпуса Дамброўскага трапіць на прускую тэрыторыю. Дарэчы, крыху пазней Агінскі напісаў спецыяльна для паўстанцаў "Мазурку Дамброўскага", якая стала потым нацыянальным гімнам Польшчы. Пасля Прусіі былі Італія, Турцыя… Нарэшце Агінскі трапляе ў Парыж і сустракаецца там з імператарам Напалеонам. Але гэтая сустрэча нічога не змяніла ў яго жыцці і ўрэшце рэшт Міхал Агінскі вымушаны вярнуцца ў Польшчу, у маёнтак свайго цесця Бжэзіны пад Варшавай (на той час гэта была тэрыторыя Прусіі). Адносіны з жонкай канчаткова сапсаваліся з-за каштоўнасцей, пад залог якіх Агінскі ў час паўстання ствараў свой атрад, і Агінскі не бачыць для сябе ніякага выйсця з таго цяжкага становішча, у якое трапіў...

Але ў гэты час у ягоным жыцці ўсё пачынае змяняцца да лепшага. Павел І, які стаў расійскім імператарам пасля смерці Кацярыны ІІ, аб’яўляе амністыю паўстанцам, і Міхал можа вярнуцца на радзіму. А ў 1802 годзе бяздзетны дзядзька Агінскага Францішак Ксаверый Агінскі перадае пляменніку маёнтак Залессе (зараз Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці).

У гэтым жа 1802 годзе на бале ў Мінску Міхал Агінскі сустракаецца з новым расійскім імператарам Аляксандрам І. Паміж імі адразу ж узнікае ўзаемаразуменне, крыху пазней Міхал Агінскі стане расійскім сенатарам.

Але пазней, у 20-я гады 19 стагоддзя, Міхал Агінскі, расчараваўшыся ў расійскім імператары і ягонай усё больш і больш кансерватыўнай палітыцы, вырашае назаўсёды пакінуць Радзіму і падацца ў Італію. Была і другая прычына ад’езду, глыбока асабістая. Ажаніўшыся з дачкой простага веніцыянскага гандальера Марыяй, Міхал Агінскі так і не стаў шчаслівым у гэтым другім сваім шлюбе. Вось тады, ці то перад ад’ездам, ці то ўжо ў Фларэнцыі, і быў створаны Міхалам Клеафасам Агінскім ягоны знакаміты паланез…

Паланез а-тоll № 13 трывала ўвайшоў у сусветную музычную скарбніцу і заняў там ганаровае месца побач з творамі Моцарта, Бетховена, Шапэна, Чайкоўскага і яшчэ многіх і многіх выдатных кампазітараў, якімі па праву ганарыцца ўвесь свет.


  1. Паэзія

Чытанне і аналіз верша П.Броўкі “Зямля Беларусі”

Біяграфічныя звесткі пра аўтара.

Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям'і (9 дзяцей). Бацька, Усцін Адамавіч, рабіў куфры, шафы і толькі гэтым прырабляў на пражытак сям'і. Маці, Алена Сцяпанаўна, была занята хатняй працай, клопатамі пра дзецей (у час нямецкай акупацыі вывезена ў Асвенцым, дзе і загінула ёй прысвечана паэма «Голас сэрца» (1960)). Пятрусь пасвіў гусей, потым авечак і пазней кароў, вадзіў коней на начлег. У 9-гадовым узросце, літаральна па складах, па просьбе сялянак, пісаў пісьмы іх мужам на франты 1-й сусветнай вайны. Вучыўся П. Броўка спачатку ў школе па хатах. У Лепелі скончыў царкоўна-прыходскую школу і вучыўся у Лепельскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, але на поўнае навучанне ў сям'і не хапіла сродкаў. З 1918 у 13-гадовым узросце пачаў працаваць перапісчыкам у Вяліка-Долецкім валасным камісарыяце (савецкай грамадскай установе), потым справаводам валвыканкома, рахункаводам у саўгасе. Пачаў дасылаць допісы ў газеты. Пісаў у барысаўскую павятовую газету «Бядняк», у газеты «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда». Ахвотна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці вясковай моладзі, стаў селькорам. У 1919 перажыў польскую акупацыю. У 1923 быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі ў роднай вёсцы, у 1924 — старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925 быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ. У 1927—1928 працаваў адказным сакратаром акруговай газеты «Чырвоная Полаччына» (Полацк), адначасова з 1927 кіраўнік мясцовага філіялу «Маладняка». У Полацку наведваў вячэрнюю школу для дарослых. У 1928 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1931. Член СП СССР (з 1934). У 1934 П. Броўка ажаніўся з Аленай Міхайлаўнай Рыдзеўскай, у 1936 у іх нарадзіўся сын Юрка. У 1940 прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Член ВКП(б) з 1940. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. У 1941—1942 быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» на Бранскім і Заходнім франтах, супрацоўнічаў з партызанскім друкам. З 1943 — адказны сакратар праўлення СП БССР, а з 1945 у другі раз прызначаны галоўны рэдактар часопіса «Полымя». У 1948 абраны старшынёй праўлення СП БССР (да 1967). Член ЦК КПБ (1952—80). У 1959 дэлегатам ад БССР удзельнічаў у рабоце XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1967—1980 — галоўны рэдактар БелСЭ (цяпер яе пераемніца «Беларуская Энцыклапедыя» носіць імя П. Броўкі). Выбіраўся дэпутатам ВС СССР (1956—1980) і БССР (1947—1955), сакратаром праўлення СП СССР.



Выразнае чытанне верша настаўнікам

Гутарка.

  • Як паэт ставіцца да беларускай зямлі, з якім пачуццём гаворыць пра яе?

Лексічная работа

Мурог – сухадольная трава высокай кармавой якасці.

Прысады – дрэвы, пасаджаныя вакол, каля чаго-небудзь.

Байкар – той, хто быў сведкам падзей і цікава пра іх расказвае.
Самастойнае чытанне верша вучнямі


  • Якой паўстае зямля Беларусі ва ўяўленні паэта? Якія малюнкі і вобразы ўявілі вы пры чытанні верша?

  • З дапамогай якіх сродкаў мастацкай выразнасці паэт паказвае адметнасць, непаўторнасць нашага краю? Пры адказе зачытайце радкі з твора. (Параўнанні: што яблыкі, зоры; што клёкат буслоў – ручаёў перамовы; быліны, паданні плывуць, як аблітыя сонцам чаўны; бары-байкары. Эпітэты: шаўковы мурог, у шумных прысадах,празрыстыя высі нябёс, па чорных разорах, аблітыя сонцам чаўны, па краю зялёным, прасторах бяскрайніх, сівыя муры. Увасабленні: вачамі азёраў глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс; гамоняць пра гэта бары-байкары, Полацка вежы, Турава сцены, шум Белавежы, Мінска сівыя муры).

  • Якія беларускія рэкі называе аўтар? Што нас, сучасных людзей звязвае з гэтым рэкамі? Знайдзіце і зачытайце адпаведныя радкі.

( Усе рэкі Беларусі вельмі прыгожыя. Дняпро з высокім правым берагам неагляднымі далячынямі зарэчных паплавоў. Прыпяць з яе празрыстай цёмнай вадой, астравамі, пратокамі і шапкамі буслянак на прырэчных дрэвах. Ласкавы Нёман, у воды якога глядзяцца старажытныя вежы.)

  • Пра што нагадвае нам паэт, называючы старажытныя беларускія гарады? (Полацк — самы старажытны горад Беларусі. Летапісцы паведамляюць, што ён існаваў ужо ў 862 годзе. Полацк даў Беларусі і ўсяму свету шмат выдатных людзей. Наш народ заўсёды будзе памятаць імёны асветніцы Еўфрасінні і дойліда Іаана, першадрукара Францішка Скарыны і славутага паэта Сімяона Полацкага).

  • Паразважайце, чаму Беларусь называюць краем белых буслоў, краінай лясоў, рэк і азёр?




  1. Жывапіс

Заданне. Разгледзьце рэпрадукцыю карціны Уладзіміра Масленікава “Зямля дзядоў” , адкажыце на пытанні:

  • Што вы бачыце на пярэднім плане карціны? У цэнтры? На заднім плане?

  • У якіх колерах напісана карціна? Чаму?

  • Якой уяўляе сваю зямлю мастак?

  • Як вы думаеце, чаму карціна мае такую назву?

  • Якія паэтычныя радкі, на вашу думку, сугучныя настрою мастацкага палатна?

  • Якія ўражанні, пачуцці выклікала карціна ў вас?

  1. Падагульненне:

  • З дапамогай якіх сродкаў выказалі сваю любоў да Радзімы паэт, мастак, кампазітар?

  • Як выяўляецца асоба аўтара кожнага з разгледжаных твораў мастацтва? Што можна сказаць пра П.Броўку, М.К.Агінскага, У.Масленікава?

  • Ці існуе сувязь паміж гэтымі творамі мастацтва?

Вывад

Аўтары разгледжаных твораў мастацтва па рознаму выказваюць свае пачуцці да Радзімы. Паэт выкарыстоўвае пры гэтым слова, мастак – фарбы, кампазітар – гукі. І хоць не кожны можа стаць паэтам, мастаком, кампазітарам, але кожны можа навучыцца разумець прыгажосць, кожны можа зберагаць багацце сваёй Радзімы. Паспрабуйце стаць стваральнікамі прыгажосці, каб у вашых сэрцах заўжды была радасць творчага натхнення, незалежна ад таго, якой справай вы будзеце займацца.



  1. Д/з. Падрыхтаваць выразнае чытанне твора П. Броўкі. Прачытаць і прааналізаваць вершы Ю. Свіркі «Верны крэўнаму брацтву», Л. Якубовіча «О, Беларусь! Старонка дарагая... », Л. Тарасюк «Імя Айчыны». Творчае заданне: напісаць міні-сачыненне “За што я люблю Беларусь?” або намяляваць карціну па дадзенай тэме.

  2. Рэфлексія

  • Што новага вы даведаліся на сённяшнім уроку?

  • Аб чым хацелі б паглыбіць свае веды?

  • Які спосаб выказаць сваю любоў да Радзімы выбралі б вы? Чаму?

  • Чаму эпіграфам да ўрока абраны словы А.Грачанікава?


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка