Урок-віктарына “Наш край” у IV класе Мэты




Дата канвертавання22.01.2018
Памер102.38 Kb.
Урок-віктарына “Наш край” у IV класе

Мэты: паглыбіць і замацаваць веды школьнікаў пра наш край; выхоўваць цікавасць да гістарычнага мінулага беларускай зямлі, павагу да продкаў, пачуццё гонару за Бацькаўшчыну.

Афармленне: класнае памяшканне ўпрыгожваецца беларускімі ручнікамі. На дошцы вісяць выявы бусла і зубра, фізічная карта Рэспублікі Беларусь.

Ход урока

Клас дзеліцца на дзве каманды. Кожная каманда загадзя рыхтуе верш-прывітанне, каб прадставіць сваю каманду.

Настаўнік вітае ўдзельнікаў гульні і гасцей. Вучні чытаюць верш М. Пазнякова “Беларусь”.

1-ы вучань.

Усяму вядомы свету

Наш руплівы край здавён.

Тут на сонечных палетках

Спеюць бульба, жыта, лён.

2-і вучань.

Тут Дняпро бяжыць прывольна,

Сож, Бярэзіна, Дзвіна,

Прыпяць, Шчара, Свіслач, Нёман,

Вілля, Піна, Буг, Дзісна.

3-і вучань.

Тут крыштальныя азёры –

Нарач, Свіцязь, Снуды, Свір.

Полацк – наш старэйшы горад,

Віцебск, Тураў, Кобрын, Мір.

4-ы вучань.

Тут умельцы вырабляюць

Слаўны трактар “Беларус”.

Тут ствараюцца БелАЗы –

Трохсоттонны весці груз.

5-ы вучань.

Тут сыны ляцяць у космас,

Песні матчыны пяюць.

Гэты край наш найдзівосны

Беларуссю ўсе завуць.

Настаўнік. Як называецца краіна, у якой мы жывём? Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч напісаў кнігу пра Беларусь і назваў яе “Зямля пад белымі крыламі”. Пад крылы якой любімай нашым народам птушкі ідзе гаворка?

Вучні з каманды “Бусляняты” чытаюць свій верш-прывітанне.

Ён жыхар палескіх сёл,

У Афрыцы ж – ён наш пасол.

Там ён кожны год зімуе.

У гняздзе яшчэ з вясны

Стала цеснавата,

Выраслі яго сыны –

Хлопцы-бусляняты.

Хутка ім ужо ляцець

Зімаваць за мора.

А ў красавіку ізноў

Вернуцца ўсе дамоў.

Настаўнік. Амаль 500 год назад Мікола Гусоўскі напісаў паэму “Песня пра зубра”. У ёй ён уславіў багацце і прыгажосць нашай зямлі і самага магутнага звера нашых лясоў.

Каманда “Зубраняты” чытае верш-прывітанне.

Вось і надышла пара

Завітаць і да зубра,

Запытацца, ці здароў

Самы грозны цар звяроў.

Ён стаіць сярод дарогі,

Апусціўшы долу рогі,

І пільнуе ў пушчы спрат

Для маленькіх зубранят.

Даглядае іх зубрыца,

Белавежская царыца.

Зубраня зубрыла зруб.

Хвалявалася зубрыца:



  • Зубрык, можна зазубрыцца!

З лесу чуўся

Рык зубрыны:



  • Мы зубры,

А не зубрылы!
Пытанні і заданні віктарыны:

  1. Раскажыце аб паходжанні назваў “Белая Русь” і “беларусы”.

  2. Колькі жыхароў у нашай краіне?

  3. Назавіце буйнейшыя рэкі Беларусі. пакажыце іх на карце.

  4. Чаму нашу краіну называюць сінявокай? Назавіце самае вялікае возера ў Беларусі, пакажыце яго на карце.

  5. Пералічыце формы паверхні, якія мае наша краіна.

  6. Якімі карыснымі выкапнямі багатыя нетры Беларусі?

  7. Якія дрэвы растуць у змешаным лесе?

  8. Колькі кілаграмаў макулатуры трэба сабраць, каб захаваць адно дрэва? (200 кілаграмаў)

  9. Дзе знаходзіцца і якую назву мае найстарэйшы ў Беларусі запаведнік?

  10. Назавіце сталіцу нашай краіны. Пакажыце яе на карце.

  11. Назавіце і пакажыце на карце старажытныя беларускія гарады.

  12. Назавіце абласныя цэнтры Беларусі. (Гомель, Гродна, Брэст, Віцебск, Магілёў, Мінск )

  13. Назавіце галоўныя рэкі Беларусі. (Нёман, Заходняя Дзвіна, Днепр, Прыпяць).

  14. Як называюцца старажытныя пісьмовыя крыніцы. (Летапісы)

  15. Як называецца самы старажытны летапіс усходніх славян? (“Аповесць мінулых гадоў”)

  16. Як завуць першага пісьменніка Беларусі? (Кірыла Тураўскі)

  17. Як завуць першадрукара Беларусі? (Францыск Скарына)

  18. Як завуць друкара, які выдаў першую на тэрыторыі Беларусі кнігу? (Сымон Будны) Як называецца гэтая кніга? (“Катэхізіс”)

  19. Хто з кіеўскіх княгінь меў тры імя? (Княгіня Рагнеда)

  20. Як звалі вядомага і мудрага кіеўскага князя – сына Рагнеды? (Яраслаў Мудры)

  21. Чым вядомы полацкі князь Усяслаў Чарадзей? (Пра яго казалі як пра чарадзея; ён сабраў вялікую дружыну і абараняў Полацкую зямлю; князь пабудаваў у Полацку вялікі замак і храм святой Сафіі.)

  22. Чым вядомая Ефрасіння Полацкая? (Калі была дзяўчынкай, дапамагала параненым воінам; пайшла ў манастыр, каб прысвяціць сваё жыццё Богу і людзям; раздавала бедным грошы, вучыла ў манастыры дзяўчынак; вучыла дзяцей паважаць адзін аднаго і жыць мірна)

  23. Як называецца кніга першых пісаных законаў? (“Руская праўда”)

  24. На якой мове быў напісаны Статут Вялікага княства Літоўскага? (на беларускай)

  25. Чаму гарады так называюцца? Каманды адказваюць па чарзе.

Полацк – узнік ля рэчкі Палаты

Тураў – ад імя князя, які пабудаваў яго (Тур)

Мінск – паводле адной з крыніц, сваю назву сталіца ўзяла ад наймення рэчкі Менкі, багатай на рыбу мень.

Віцебск – ад назвы рэчкі Віцьбы, якая працякае праз яго.

Магілёў – магілай льва называлі курган, насыпаны над магілай Машэкі, які жыў на месцы цяперашняга Магілёва.

Гомель – ёсць думка, што назва горада звязана з рэчкай Гамеюкі, якая ўпадае ў Сож.

Брэст – кажуць, што горад названы так у гонар бяросты, якая дапамагла купцу ў даўнія часы выйсці з балота.

Гродна – раней горад называўся Гарадзень, што азначае “агароджанае месца.”



  1. Назавіце вядомыя старажытныя беларускія замкі. Каманды адказваюць па чарзе. (Гальшанскі, Крэўскі, Лідскі, Мірскі, Навагрудскі, Нясвіжскі)

  2. Якую назву меў вядомы лялечны тэатр? (Батлейка)

  3. Назавіце аўтара вядомага музычнага твора – паланеза “Развітанне з Радзімай” (Міхаіл Клеафас Агінскі)

  4. Назавіце паэтаў – вялікіх песняроў зямлі беларускай. Каманды адказваюць па чарзе (Янка Купала, Якуб Колас)

  5. Што вырабляе зараз прамысловасць нашай краіны? Каманды адказваюць па чарзе. (Самазвалы, трактары, станкі, прыборы, тэхніку для сельскай гаспадаркі, тэлевізары, халадзільнікі, гадзіннікі, вылічальную і электронную тэхніку, мэблю, запалкі, будаўнічыя матэрыялы, паперу, ільняныя, суконныя, шаўковыя тканіны, абутак, хімічныя валокны, пластмасы, мінеральныя ўгнаенні, веласіпеды, матацыклы і г.д.)

  6. Назавіце новыя гарады Беларусі. Пакажыце іх на карце.

  7. Колькі абласцей у краіне? (Адной камандзе трэба паказаць Магілёўскую, Брэсцкую, Гродзенскую вобласці, другой – Гомельскую, Віцебскую, Мінскую.)

  8. З якімі краінамі мяжуе Беларусь?

  9. Якімі таварамі славіцца наша краіна?

  10. Якія беларускія народныя танцы вы ведаеце? (Бульба, полька-трасуха, лявоніха, крыжачок, скакуха і інш.)

Конкурс “Бюро прагнозаў”

Настаўнік зачытвае прыкметы, каманды вызначаюць, добрае ці дрэннае надвор’е прадказваюць гэтыя прыкметы.



Для першай каманды.

  • Дзьмухавец склаў свій пушысты парасончык. Усе кветкі на лузе моцна пахнуць. (На дрэннае надвор’е)

  • Камары-таўкуны таўкуцца слупком. (На добрае надвор’е)

Для другой каманды

  • Пчолы сядзяць у вуллях і моцна гудуць. (На дрэннае надвор’е)

  • Ластачкі і стрыжы лётаюць высока. (На добрае надвор’е)

Настаўнік. Абедзве каманды выправіліся ў падарожжа пры добрым надвор’і з добрым настроем. Але падарожжа станецца карысным, калі вы будзеце ўважлівыя і назіральныя.

Конкурс “Вострае вока”

Пытанне для першай каманды.

  • Якія ягады можна збіраць вясной з-пад снегу? (Журавіны, брусніцы)

Пытанне для другой каманды.

  • Што азначае выраз “плач бярозы вясной”? (сок рухаецца па ствале дрэва)

Настаўнік. Толькі назіральным і ўважлівым лес адкрывае свае таямніцы. Вось і мы з вамі ўваходзім у лясное царства, дзе з ранку да вечара гучаць на розныя галасы птушыныя спевы. Няхай нашы каманды крыху адпачнуць, а мы для іх паспяваем.

Хвілінка адпачынку “Вясёлы прыпынак”. Балельшчыкі спяваюць песні пра жывёл і расліны.

Конкурс “Зялёныя сябры”

На малюнках дуба і клёна – пытанні для каманд. Каманды выбіраюць іх па чарзе.



  • Якую частку Беларусі займаюць лясы? (1/3)

  • Чаму загінуў лес, калі высеклі старыя дуплаватыя дрэвы? (у дуплах старых дрэў жывуць кажаны, якія знішчаюць шкодных насякомых. Калі высякаюць дрэвы, кажаны пакідаюць лес, які можа потым загінуць з-за вялікай колькасці шкодных насякомых)

  • Чаму ў сасны ніжнія галінкі адміраюць, а ў елкі не? (Сасна святлолюбівае дрэва, яна цягнецца ўверх. Ніжнія галінкі пры гэтым гінуць. Елка – ценелюбівае дрэва)

  • Якое лясное дрэва з’яўляецца паказчыкам чысціні паветра? Якім чынам? (Сасна: яе верхавіна пры брудным паветры засыхае)

Конкурс “Звяры, рыбы, птушкі”

Кожная каманда па два разы кідае кубік з малюнкамі на гранях (звяры, птушкі, рыбы).

Пытанні па тэме “Звяры”:


  • Які звер можа лятаць? (Кажан)

  • Які звер лёгка бегае па багністых балотах? (Лось)

  • Якой істоце беларускага лесу лягчэй бегчы ўгару, чым з гары? Чаму так атрымліваецца? (Заяц: у яго заднія ногі даўжэйшыя за пярэднія)

Пытанні па тэме “Птушкі”:

  • Якая птушка выводзіць птушанят у лютыя маразы? (Крыжадзюб)

  • Якую птушку называюць перасмешнікам за тое, што яна ўмее перадражніваць галасы іншых птушак? (Шпак)

  • Чаму цецерукі і курапаткі вельмі не задаволены, калі снег на ноч пакрываецца шарпаком? (Яны начуюць у снезе)

Пытанні па тэме “Рыбы”:

  • Якая беларуская рыба плыве на нераст у Саргасава мора? Дзе яна жыве на тэрыторыі Беларусі? (Вугор, Нарач)

  • Якіх рыб называюць гаспадарамі глыбінь? Яны без лускі, маюць вялізны рот і ледзь бачныя вочкі. (Сом)

  • Самая вялікая драпежная рыба беларускіх рэк і азёраў. (Шчупак)

Бліц-турнір

Камандам за адну хвіліну трэба адказаць на большую колькасць пытанняў.



Пытанні да першай каманды:

  • Якое галоўнае прыроднае багацце нашай краіны? (Лес)

  • Чаму Беларусь называюць сінявокай? (Шмат азёраў)

  • Якая рыба нагадвае змяю? (Вугор)

  • Любімая ежа бусла. (Жаба)

  • Хітры, як… (Ліса)

  • Дзе робяць гнёзды ластаўкі-берагавушкі? (Па абрывах рэк)

  • Хто носіць навіны на хвасце? (Сарока)

  • Які звер лічыцца санітарам лесу? (Воўк)

  • Дрэва, якое прыходзіць у госці на Новы год? (Елка)

  • Як называецца дзіця сабакі? (Шчаня)

  • Сімвалам чаго прызнаны голуб? (Міру)

  • Якое дрэва любяць пчолы? (Ліпу)

  • У якога дрэва белы ствол? (Бяроза)

  • У чалавека рукі і ногі, у звяроў - … (лапы)

  • З чаго робяць алей? (Са сланечніку, рапсу)

  • Самы вядомы “ткач” сярод жывёл. (Павук)

  • Якое возера самае вялікае на Навагрудчыне? (Свіцязь)

  • Як называецца прыбор для арыентавання на мясцовасці? (компас)

  • Як называецца трэці месяц восені? (Лістапад)

  • Якую жывёлу называюць “лясная кошка”? (Рысь)

  • У якога насякомага орган слыху знаходзіцца на лапках? (У коніка)

  • Цела звяроў пакрыта…(поўсцю)

  • Хто свой дом носіць на карку? (Слімак)

  • З чаго робяць “Геркулес”? (З аўса)

Пытанні да другой каманды:

  • Якое дрэва самае распаўсюджанае ў Беларусі? (Сасна)

  • Як называецца нацыянальны парк на тэрытарыі Беларусі, адзін з самых старажытных лясоў Еўропы? (Белавежская пушча)

  • Якое дрэва самае даўгавечнае ў беларускіх лясах? (Дуб)

  • Працавіты як… (Мурашка)

  • Каго называюць “цар Белавежскай пушчы”? (Зубра)

  • Цела птушак пакрыта … (Пер’ем)

  • Які матылёк носіць самае высокае марское званне? (Адмірал)

  • Якая рыса маецца на ўвазе, калі чалавека называюць сарокай? (Балбатлівасць)

  • Як называецца кветка з белымі духмянымі званочкамі? (Ландыш)

  • Калі тэмпература цела вераб’я ніжэйшая: летам ці зімой? (Аднолькавая)

  • Як называецца дзіця каровы? (Цяля)

  • Як называецца нос птушкі? (Дзюба)

  • Як называецца чалавек, які ахоўвае лес? (Ляснік)якое возера самае вялікае ў Беларусі? (Нарач)

  • З якой збожжавай культуры робяць манныя крупы? (З пшаніцы)

  • У якую пару года бывае бабіна лета? (увосень)

  • Верасень – ад верасу. Ліпень – ад … (Ліпы)

  • Якое насякомае самае пражэрлівае? (Страказа)

  • Як называецца першы месяц вясны? (Сакавік)

  • “Зямля пад белымі крыламі”. Пад чыімі? (Буслоў)

  • Як называецца самая маленькая птушка беларускага лесу? (Каралёк)

  • Які прадукт харчавання даюць пчолы? (Мёд)

  • У якіх грыбоў шапачкі рознага колеру, а імя аднолькавае? (Сыраежкі)

  • Павук – гэта насякомае? (Не)

Падводзяцца вынікі (шляхам падліку лісточкаў-балаў).

Адгадайце загадкі.

 З грывай, а не конь,

З рагамі, а не бык.

З барадой, а не казёл.

Гучна-гучна зароў

Цар пушчанскіх звяроў. (Зубр.)

 У ваду нырае смела,

Хатку ён вядзе ўмела,

Пад вадой і на вадзе

Будаўніцтва ён вядзе. (Бабёр.)

 Адна я ў лесе з белаю карой,

Багата сокам веснавой парой.(Бяроза.)

 Якое дрэва зімой і летам зялёнае? (Елка.)

 Рук многа, а нага адна. (Дрэва.)

Пакуль журы падлічвае балы, настаўнік прапануе дзецям прыняць удзел у гульні “Сарві яблык”. Пад музыку яны танцуюць вакол імправізаванай яблыні, на якой вісіць на адзін яблык менш, чым дзяцей. Калі сціхае музыка, трэба хуценька сарваць яблык. Хто не паспее – выходзіць з гульні. Пасля гэтага ўбіраецца адзін яблык, астатнія вешаюць на яблыню, і зноў гучыць музыка. У гульні перамагае той, хто сарве апошні яблык.

Падводзяцца вынікі віктарыны, вызначаецца каманда-пераможца.

Настаўнік чытае верш В. Вярбы “Не забывай”.

Ад ветру гнуцца вербалозы,

Бяжыць дарога напрасткі.

Мой край – бялюткія бярозы

Абапал сіняе ракі.

Высока ў небе вырай кружыць,

Ляціць за сіні небакрай.

Не забывай ніколі, дружа,



Сваю зямлю, свой родны край.
Літаратура:

Часопіс “Пачатковая школа”, № 10, 2009 г.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка