Урок выяўленчага мастацтва ў 3 класе "Вырабы сувеніраў з розных матэрыялаў: саломка. Беларускі сувенір "




Дата канвертавання08.02.2017
Памер58.58 Kb.
Урок выяўленчага мастацтва ў 3 класе “Вырабы сувеніраў з розных матэрыялаў: саломка. Беларускі сувенір “Жытняя баба” (раздзел “Дэкаратыўна-прыкладная дзейнасць і дызайн”)”

Мэта: пашырыць уяўленне вучняў аб тэхналогіі вырабу саламянай цацкі як аднаго з відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Задачы:

  • актуалізацыя ведаў пры стварэнні простых вырабаў з саломкі;

  • фарміраванне ўменняў працаваць у парах;

  • фарміраванне ўяўлення аб значнасці традыцый ў беларускай саломцы;

  • удасканальванне навыкаў і ўменняў працы з саломай;

  • развіццё мелкай маторыкі рук, творчага мыслення сродкамі дэкаратыўна-прыкладной дзейнасці;

  • выхоўваць любоў і павагу да твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстэрства беларускіх народных майстроў, да культуры і быту свайго народа.

Абсталяванне: фотаздымкі “Жніво”, сувеніры з саломкі, саломка вільготная, нажніцы, ніткі баваўняныя №10, ніткі чырвоныя вязальныя, лінейка, карткі “Лесвіца майстэрства”, табліца “Мае дасягненні”.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу

Ход урока

  1. Арганізацыйны момант. Псіхалагічны настрой

Настаўнік. Я вельмі хачу, каб вы ўсміхаліся,

І працай сваёй задаволены засталіся.



  1. Актуалізацыя ведаў.

Настаўнік . Сёння ў нас з вамі будзе незвычайны ўрок. Каб даведацца яго тэму і тое, што мы будзем вырабляць, вам неабходна адгадаць загадку.

Вясной –травою шаўкавістай,

Летам- нівай залацістай,

А зімоваю парою – аплікацыяй-гульнёю.

Сухая, вельмі ломкая.

Завуць яе ...(Саломка).



Настаўнік . Правільна. Сёння мы будзем працаваць з саломкай.

  1. Вывучэнне новага матэрыялу.

Настаўнік . А вось, што мы будзем рабіць, вы даведаецеся, калі паглядзіце на фотаздымак. (Дадатак 1)

Гутарка па фотаздымку.

- Што вы бачыце?

- Што робяць жанчыны?

- А хто ведае, як называецца тое, што яны складаюць? (Адказы вучняў).



Настаўнік. На гэтым фотаздымку жанчыны складаюць Жытнюю бабу для таго, каб каласы дасохлі і іх не замачыў дождж.

-Дзеці, можа хто з вас ведае, хто такая Жытняя Баба?



Паведамленне настаўніка.

Раней, калі яшчэ не было камбайнаў, жыта ў полі жалі рукамі. Гэта была вельмі цяжкая праца. Палі пасля жніва былі ўстаўлены бабкамі снапоў. Так дасушвалі зжатае жыта. Жытняя баба ў старажытных славян была багіняй ўрадлівасці. Яе вобраз можна сустрэць на вышытых ручніках.(Дэманстрацыя ручнікоў з выявай Жытняй бабы)

Лічылася, што Жытняя баба можа вылечыць жанчыну ад розных хвароб, дапамагае з'явіцца на свет немаўлятам. Жытнюю бабу рабілі з вялікага дажыначнага снапа, перавязвалі яго ручнікамі, палівалі святою вадою і ставілі ў хаце пад абразы.

У нашай краіне народныя майстры раней і цяпер робяць разнастайныя вырабы і сувеніры з саломкі.



Гутарка з апорай на жыццёвы вопыт вучняў.

- Дзе можна сустрэць вырабы народных майстроў зараз?



(Адказы вучняў. На выставах, у магазінах, на кірмашах).

  • Якія саламяныя вырабы вы ведаеце?

(Конікі, козачкі, птушкі, лялькі, кветкі, прадметы быту, падвясныя кампазіцыі, "павукі").

  • Дзе вы бачылі саламяных павукоў?

(У музеі).

Настаўнік . Мы з вамі пазнаёміліся на малюнку з сапраўднай Жытняй бабай, а зараз, я пакажу вам стылізаваныя лялькі Жытняй бабы з саломкі.

(Дэманструюцца саламяныя лялькі).

  1. Пярвічнае замацаванне ведаў.

Настаўнік. Зараз мы праверым, хто з вас быў уважлівым. Я буду задаваць вам пытанні, а вы будзеце адказваць.

Пытанні:

  • З чаго выраблялі Жытнюю бабу?

(З саломкі, снапоў)

  • Для чаго людзі рабілі Жытнюю бабу?

(Каб каласкі дасохлі і іх не замачыў дождж).

  • Дзе можна сустрэць вобразы Жытняй бабы?

(На ручніках, кірмашах, выставах, у музеях).

  • Хто зараз вырабляе розныя сувеніры з саломкі?

(Народныя майстры).

  • Для чаго трэба ўсё гэта ведаць?

(Каб зберагчы традыцыі, звычаі нашых продкаў).

Фізкультхвілінка. (Практыкаванні выконваюцца згодна тэксту).

Як гасцей у дом чакаем,

Хату чыста прыбіраем:

Пыласосім, падмятаем,

У люстры лямпы замяняем,

Стол абрусам засцілаем

І ядою застаўляем.

За стол, госцейкі, сядайце,

Частаванне пачынайце!

  1. Практычная работа.

1.Дэманстрацыя гатовага вырабу. Аналіз узору.

Настаўнік.

  • Якія матэрыялы нам патрэбны для вырабу Жытняй бабы? (Нажніцы, ніткі швейныя, ніткі вязальныя, вільготная саломка).

  • З якіх частак складаецца Жытняя баба? (Галава, рукі, тулава, спадніца).

2.Паўтарэнне правілаў тэхнікі бяспекі.

Настаўнік.Перад тым, як пачаць работу, давайце ўспомнім правілы працы з нажніцамі і саломкай.

Агучванне правілаў бяспекі вучнямі:



  • не трымаць нажніцы канцамі ўверх;

  • не пакідаць нажніцы раскрытымі;

  • перадаваць нажніцы кольцамі ўперад закрытымі;

  • не размахваць саломінкамі: яны крохкія, могуць зламацца, і аб іх можна параніцца.

3. Знаёмства з паслядоўнасцю вырабу сувеніра.

Настаўнік. Для вырабу Жытняй бабы нам спатрэбіцца 11 саломінак даўжынёй 15 см. (Вучні адбіраюць неабходную колькасць саломінак)

Далей настаўнік тлумачыць паслядоўнасць перавязкі выраба з апорай на схему, якая намалявана на дошцы, дэманструе перавязку тулава пасярэдзіне на саломцы.



Асноўныя этапы працы:

  1. Перавязка тулава.

  2. Перавязка шыі.

  3. Перавязка галавы.

  4. Перавязка рук.

  5. Упрыгожванне выраба.

  6. Выраўніванне выраба пад прэсам.

4. Выраб сувеніра.

  • Перавязка тулава пасярэдзіне. Праца ў парах.

(Вучні дапамагаюць адзін аднаму: адзін трымае саломку, другі яе моцна перавязвае так, каб саломка раскрылася веерам.

Праверыць па ўзору: з ніжняй часткі павінна атрымацца спадніца, з верхняй – шыя, галава і рукі).

  • Перавязка шыі.

(На шыю ўзяць разам тры саломіны, якія знаходзяцца пасярэдзіне другой паловы . Размеркаваць саломіны: 4 шт. – на рукі, 3шт. – на шыю і галаву, адступіць 1см ад сярэдзіны тулава і зрабіць перавязку.Правяраем па ўзору).

  • Перавязка галавы.

(Бяром 3 саломкі шыі, крайнія саломкі сагнуць (сачыць за тым, каб адрэзкі згінання былі аднолькавыя) і перавязаць іх уверсе. Правяраем па ўзору.)

  • Перавязка рук.

(Бяром 4 саломінкі для рук, крайнія згінаем пасярэдзіне і перавязваем. Правяраем па ўзору).

  • Падраўніванне саломкі нажніцамі.

  • Упрыгожванне выраба.

(Абвязванне чырвонымі вязальнымі ніткамі).

6. Падвядзенне вынікаў урока.

Настаўнік. А зараз праверым, як мы справіліся з работай. Раздаюцца карткі “Лесвіца майстэрства”, якія запаўняюць самі вучні. (Дадатак 2)

7. Рэфлексія.

Настаўнік.

  • Што атрымалася?

  • Што выклікала цяжкасці?

  • Калі ў каго што не атрымалася, не хвалюйцеся: у наступны раз усё атрымаецца.

Запаўненне табліцы “Мае дасягненні”. (Дадатак 3)


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка