Усё, што было не са мной памятаю




Дата канвертавання05.04.2017
Памер68.3 Kb.
Канцэртная праграма “Усё, што было не са мной – памятаю”
Мэта: выхоўваць у падрастаючага пакалення любоў да роднай зямлі, фарміраваць патрыятычныя пачуцці, гонар за старэйшае пакаленне,якое выстаяла ў гады Вялікай Айчыннай вайны і заваявала незалежнасць Радзімы, выхоўваць імкненне ствараць моцную, квітнеючую дзяржаву.

Зала ўпрыгожана. На сцэне плакаты «Ни шагу назад!», «Родина-мать зовет!»
Гучыць калакольны звон. Выходзяць вядучыя.
Вядучы 1: Ты чуеш? Што гэта?

Вядучы 2: Гэта званы. Званы памяці…

Вядучы 1: Памяці? А такія бываюць?

Вядучы 2: Бываюць, слухай! Гэта гаворыць сама памяць…

Вядучы 1: Дык няўжо памяць бывае жывой?

Вядучы 2: А ты не верыш? Чалавек можа памерці двойчы:

на полі бою, калі яго дагоніць куля, а другі раз – у памяці народнай.

Другі раз паміраць страшней. Другі раз чалавек павінен жыць!
Гучыць песня “Нам нельзя позабыть” автора-исполнителя Валерия Литвина
Вядучы 1: Добры дзень усім, хто сёння знаходзіцца ў гэтай зале!

Вядучы 2: Вельмі хутка споўніцца 70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, што бязлітасна прайшла па беларускай зямлі. Раны загойваем і па сёння… Так, мы вытрымалі, выстаялі, перамаглі. Цана таму – невымерная.

Вядучы 1: Дзіўная рэч – чалавечая памяць, часам мы помнім , чаго ніколі не бачылі і не ведалі. Мы нарадзіліся ў мірны час, і тым не менш, мы помнім. Чаму?

Вядучы 2: Хтосьці сказаў: “Чалавек да тых пор чалавек, пакуль ён помніць”. Мы вяртаемся ў той далёкі час саракавых, які ніколі не бачылі і не ведалі, але які помнім.
Раздаюцца гукі вайны
Вядучы 1: Што гэта?

Вядучы 2: Гэта вайна… На досвітку 22 чэрвеня 1941 года Германія напала на Савецкі Саюз. На працягу ўсёй заходняй граніцы ад Баранцава да Чорнага мора пачалася рэалізацыя плана “Барбароса”. На 400 км у глыб СССР вораг наносіў масіраваныя бомбавыя ўдары.

Брэсцкая крэпасць першая прыняла на сябе ўдар перадавых часцей вермахта. 28 дзён, з 22 чэрвеня па 20 ліпеня 1941 года без вады, прадуктаў, медыкаментаў, пры вострым недахопе боепрыпасаў змагаўся гарнізон, паказваючы добрую вывучку і незгібальную волю. Раззлаваныя ўпартым супраціўленнем, фашысты імкнуліся спаліць пагранічнікаў з агнямётаў, прымянялі слезатачывы газ, але нішто не магло зламіць іх дух!

Подзвіг абронцаў Брэсцкай крэпасці стаў прыкладам мужнасці і адвагі, вернасці воінскаму абавязку. Абаронцы ішлі на подзвіг, не думаючы пра славу. Яны змагаліся за Радзіму. І так было на ўсіх франтах на працягу ўсёй вайны: у бітвах пад Масквой і Сталінградам, пад Курскам і на берагах Дняпра.
Гучыць песня “ Я ангелом леталисполнителя Николы Дмитриева

Вядучы 1: А варожая армія была моцная?

Вядучы 2: Так. Фашысты пакарылі ўсю Еўропу. У іх былі тысячы пушак, самалётаў і танкаў. Яны расстрэльвалі, вешалі, палілі, забівалі жанчын і старых, дзяцей і раненых. 22 сакавіка 1943 года фашысцкія карнікі знішчылі вёску Хатынь. Яны зажыва спалілі 149 яе жыхароў, у тым ліку і немаўлят.

Вядучы 1: А я ведаю аб Хатыні. Сёння на месцы Хатыні – помнік. Там, дзе былі хаты, свечкамі стаяць коміны. А ўверсе на іх – званы.

Вядучы 2: Такі ж трагічны лёс напаткаў 627 беларускіх вёсак, з якіх 186 так і не былі адноўлены. Хатынскія званы трывожна нагадваюць людзям аб гэтай жудаснай трагедыі. Не засталося жыхароў, якія маглі б паставіць новыя хаты, пасадзіць сады, вырасціць і навучыць дзецей. За гады вайны было зруйнавана больш 200 беларускіх гарадоў, спалена больш за 9 тысяч вёсак. Каля трох мільёнаў жыхароў Беларусі загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Калі ўшанаваць хвілінай маўчання кожнага, хто загінуў толькі ў нашай Беларусі, то мы маўчалі б чатыры гады.
Гучыць песня “Колокола Хатыни” ( Сл. Ю. Коргина, муз. К. Сивца).


Вядучы 1: Мне страшна, я не хачу, каб была вайна!

Вядучы 2: Так, і зямля, і людзі стагналі пад ботам крывавага звера. Як можна забыць тыя жахі, якія вытваралі нелюдзі! Фашысты стварылі на тэрыторыі Беларусі больш за 260 канцэнтрацыйных лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў. Сотні тысяч ваеннапалонных, жанчын, дзяцей, старых былі іх вязнямі. Людзей утрымлівалі пад адкрытым небам, вельмі дрэнна кармілі. Трагічны лёс напаткаў яўрэяў. Для іх у буйных гарадах стваралі спецыяльныя кварталы для пражывання – гета. Тэрыторыя гета абгароджвалася калючым дротам, а людзей бязжаласна вынішчалі.

Моладзь адпраўлялі на прымусовыя работы ў Германію і іншыя еўрапейскія краіны.



Вядучы 1: Я чуў, што беларусы вельмі ціхія і міралюбівыя. Няўжо людзі цярпелі такія здзекі над сабой?

Вядучы 2: Беларускі народ – міралюбівы, спокойны, адданы Радзіме і ласкавы да сваей зямлі, добразычлівы ў адносінах з усімі блізкімі і далёкімі суседзямі і адначасова рашучы і самаахвярны ў ліхія часы варожых нашэсцяў.Сэрца кожнага беларуса палала гневам і няскоранасцю і вылівалася ў гераічную барацьбу з захопнікамі. У ей удзельнічалі як дарослыя, так i дзеці. Партызанскім разведчыкам i сувязным стаў амаль стагадовы дзед Талаш. Гераічна змагаўся з фашыстамі юны партызан Марат Казей, якому было ўсяго 14 гадоў. Наш самы добразычлівы народ выстаяў у схватцы з жорсткім ворагам. Беларусы стойка пераносілі ўсе нягоды і мужна змагаліся з ворагам! А ў перапынках паміж баямі марылі аб перамозе і пісалі пісьмы дадому.
Гучыць песня “Письмо, пришедшее с войны” (Сл.В. Сидоровой,

муз. О.Сидорова)
Вядучы 1: Вайна ішла вельмі доўга?

Вядучы 2: 1148 дзён і начэй працягвалася Вялікая Айчынная вайна. Тысячы кіламетраў пераадолелі воіны на шляху да перамогі.

Вядучы 1: Але ж вайна была так даўно…

Вядучы 2: Ужо 70 год няма на нашай зямлі вайны. 70 год мы жывём без гарматных выстралаў. 3 ліпеня 1944 года беларуская сталіца была вызвалена ад ворага. У тым месцы, дзе адбылося акружэнне фашысцкіх войскаў пад Мінскам, пасля вайны ўзняўся Курган Славы. Ён сімвалізуе подзвіг і мужнасць савецкіх воінаў. У выніку наступальнай аперацыі “Баграціён” у 1944 годзе была вызвалена ўся тэрыторыя Беларусі.

Цяпер мы святкуем 3 ліпеня як дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі).


Гучыць песня “Я вернусь победителем” ( Сл. С. Золотухина, муз. А. Ермолова)

Вядучы 1: Перамога нам далася нялёгка?

Вядучы 2: Так, у нашай краіне загінуў кожны трэці. За сваю гераічную адданасць Радзіме каля 400 тыс. воінаў-беларусаў узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі, урадавымі ўзнагародамі СССР. 444 беларусы ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, чацвёра з іх – двойчы. 67 беларусаў сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеняў .

Сотні тысяч беларусаў самааддана працавалі ў савецкім тыле, у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, забяспечвалі Чырвоную Армію зброяй, боепрыпасамі, амуніцыяй, харчовымі прадуктамі. Дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў за свой працоўны подзвіг у час Вялікай Айчыннай вайны былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.


Гучыць песня “Боевые ордена” автора Юрия Давидюка

Вядучы 1: Як цудоўна, што мы больш ніколі не пачуем ні свісту куль, ні завыванняў падаючых бомб!

Вядучы 2: З кожным годам усё далей і далей у глыбіню гісторыі адыходзяць суровыя гады Вялікай Айчыннай. Вось ужо сямідзясятая мірная вясна высцілае травой-муравой лясы, палі і ўзгоркі, дзе некалі падалі снарады і бомбы...

Але дзесяцігоддзі не змаглі сцерці з нашай памяці гераічны подзвіг людзей, якія набліжалі Дзень Перамогі, якія заваявалі для нас мір і свабоду. Памяць пра мінулае для нас свяшчэнная, а ў сэрцы кожнага не гасне падзяка жывым і загінуўшым воінам.



Вядучы 1: Стой! Прыпыніся! Час, замры! Замры і азірніся ў мінулае!

Вядучы 2: Азірніся на тых, каго зараз ужо няма з намі, хто зараз глядзіць на нас з вышыні сваіх помнікаў. Стой! Прыпыніся! Ніколі не праходзь міма гранітнай сцяны, на якой пазалочанымі літарамі ўпісаны імёны тых, хто паў на полі бою, замучаныя ў фашысцкіх засценках, спаленыя, павешаныя, знішчаныя, але ўсё ж непакораныя! Спыніся! Падумай, якой цаной заваявана наша шчасце!

Гучыць песня “Ты помни, никогда не забывай” (Сл. О. Ткач, муз. Л. Остапенко)


Літаратура

  1. Буткевич, В.В. Патриотическое воспитание учащихся: история и современность / В.В.Буткевич. – Минск: Нац. ин-т образования, 2010. – 208 с.

  2. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце сусветнай вайны): вучэб. дапам. для 11 кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / А.А.Каваленя; пад рэд. А.А.Кавалені, М.С.Сташкевіча. – 2-е выд.,выпр. - Мінск:Выд.цэнтр БДУ, 2009.- 231 с.: іл., карт.

  3. Грамадзянскае выхаванне школьнікаў: Дапаможнік для настаўнікаў і выхавальнікаў /Аўт. – уклад. Т.М. Прудко. – Мінск: Полымя, 2000. – 200 с.: іл.


Інтэрнэт- рэсурсы

http://www.detsad-kitty.ru/

http://www.istoriya.org/vav.html

http://www.kovaleva.net/article/104



http://www.kuzenkovd.ru/yutanovka/stsenariy-ko-dnyu-pobedyi/


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка