Утварэнне і ўжыванне дзеепрыметнікаў




Дата канвертавання14.02.2019
Памер46.58 Kb.
Утварэнне і ўжыванне дзеепрыметнікаў

Дзеепрыметнік – дзеяслоўная форма, што абазначае ўласцівасць або прыкмету паводле дзеяння, то бок спалучае рысы дзеяслова і прыметніка. У нашай мове дзеепрыметнік не мае такога пашырэння, як у рускай.



Найбольш ужывальныя ў нашай мове – дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу з суфіксам –л- (пацяплелы, змарнелы, збялелы). Побач з імі існуюць малаўжывальныя формы дзеепрыметнікаў з суфіксамі -ш-/-ўш- (намокшы, адстаўшы, ацалеўшы), якія былі фактычна выцесненыя з ужытку ў нашай мове аманімічнымі дзеепрыслоўямі (Намокшы ад дажду, я забег у хату. Намокшы – які? і што зрабіўшы?). Таму гэтыя формы пры магчымасці сёння замяняюцца дзеепрыметнікамі з вышэй названым суфіксам –л- (намоклы, адсталы, ацалелы).
Да шырока ўжывальных у беларускай мове належаць таксама дзеепрыменікі залежнага стану прошлага часу з суфіксамі -н-/-ен-/-ан-/-т- (задуманы, куплены, напісаны, пасеяны, зжаты, вымыты).
Не ўжываюцца ў нашай мове дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу на -уч/-юч-  і -ач/-яч- за выключэннем тых, што фактычны перайшлі ў катэгорыю прыметнікаў (гаючая вада, ляжачы камень, бліскучы прамень), а таксама ўваходзяць у склад устойлівых выразаў-клішэ ў навуковых і публіцыстычных тэкстах (бягучы год, наступаючы год, дзеючы закон, вядучая галіна). Выцясненню з ўжытку такіх формаў паспрыяла аманімія з дзеепрыслоўямі, як і ў выпадку з дзеепрыметнікамі на –ш-/-уш-.
Дзеепрыметнікі залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі  -ом-/-ем- і -ім-/-ым- таксама абсалютна не ўласцівыя нашай мове, часам сустракаюцца ў навуковым і публіцыстычным стылях і ўспрымаюцца як чыстыя русізмы (неразлажымыя элементы (лепш казаць – нераскладальныя). Формы кшталту вядомы, любімы, рухомы сёння ўжываюцца ў ролі прыметнікаў.
Такім чынам, ужыванне любых дзеепрыметнікаў цяперашняга часу, якія не ўваходзяць ва ўстойлівыя словазлучэнні і не ўжываюцца ў ролі прыметнікаў, з’яўляецца парушэннем нормы беларускай літаратурнай мовы.
Трэба таксама памятаць, што для нашай мовы зусім нехарактэрныя зваротныя дзеепрыметнікі, якіх шмат у рускай (смяючыйся хлопчык – нельга!).
Паколькі ў рускай мове дзеепрыметнікі ўжываюцца без абмежаванняў і нашмат часцей, чым у беларускай, пры перакладзе мы сутыкаемся з неабходнасцю адэкватнай перадачы гэтых дзеепрыметнікаў на нашую мову.
Як пры перакладзе замяніць нетыповыя для нашай мовы дзеепрыметнікі і дзеепрыметныя звароты?


  1. Даданым сказам (Поющие в хоре дети – Дзеці, што спяваюць у хоры)

  2. Дзеепрыметнікам прошлага часу (рекомендуемая литература - рэкамендаваная літаратура, мяркуемы вынік - меркаваны вынік);

  3. Іншай часцінай мовы:

  • прыметнікам (дрожащий голос - дрыготкі голас, существующий -  існы);

  • назоўнікам  (лицо, составившее документ - складальнік дакумента, председательствующий - старшыня);

  • дзеясловам (Плачущий ребенок никого не хотел слушать. Дзіця плакала і нікога не хацела слухаць.);

  • дзеепрыслоўем (Уставший от работы отец решил отдохнуть. –Стаміўшыся ад працы, бацька вырашыў адпачыць.).

  1. Развітым прыдаткам (витамины, стимулирующие рост – вітаміны – стымулятары росту)

  2. Апусціць, калі дзеепрыметнік не нясе вялікай сэнсавай нагрузкі (Кастрюля, предназначенная для приготовления продуктов на пару – каструля (рондаль) для прыгатавання прадуктаў на пары.).

 

Заданне

Перакладзіце назвы на беларускую мову:
«Бегущая по волнам» (Аляксандр Грын) – “Тая, што бяжыць па хвалях” «Дающий» (Лаіс Лоўры) – “Той, хто дае”, “Даўца”

«Смеющийся волк» (Юка Цусіма) – “Смех ваўка”, “Воўк, што смяецца”
«Бегущий человек» (Стывен Кінг) – “Чалавек, што бяжыць”, “Чалавек бяжыць”

«Униженные и оскорбленные» (Фёдар Дастаеўскі) – “Прыніжаныя і зняважаныя”, “Прыніжаныя і абражаныя”, “Прыніжаныя і пакрыўджаныя”

«Хроника объявленной смерти» (Габрыэль Гарсія Маркес) – “Хроніка абвешчанай смерці”

«Дом утраченных грез» (Грэм Джойс) – “Дом страчаных мараў (летуценняў / мрояў)”

«Тим Таллер, или Проданный смех» (Джэймс Крус) – “Цім Талер, або Прададзены смех”

«Исчезнувшая» (Гіліян Флін) – “Зніклая”

«Сожженные заживо» (Суад) – “Спаленыя зажыва”

«Из жизни одыхающих» (фільм) – “З жыцця адпачыннікаў (адпачывальнікаў)”

«Крадущийся тигр, затаившийся дракон» (фільм) – “Тыгр, што крадзецца, (насцярожаны тыгр), прытоены (сцішаны) дракон”

«Рука, качающая колыбель» (фільм) – “Рука, што гайдае калыску”

«Спящая красавица» (Шарль Перо) - “Заснулая (спячая ) прыгажуня (красуня)”

«Любящее сердце» (Артур Конан Дойль) – “Сэрца, напоўненае каханнем”, “Закаханае сэрца”

«Непобежденный» (Эрнест Хэмінгуэй) – “Непераможаны”

«Зияющие высоты» (Аляксандр Зіноўеў) – “Раскрытыя вышыні”, “Вышыні зеўралі”, “Прадонныя (бяздонныя) вяршыні”

«Пропавшая грамота» (Мікалай Гогаль) – “Зніклая грамата”

«Песнь торжествующей любви» (Іван Тургенеў) – “Песня пераможнага кахання”



«Странствующий подмастерье» (Жорж Санд) – “Вандроўны чаляднік (падмайстар)”

«Тереза Батиста, уставшая воевать» (Жоржы Амаду) – “Тэрэза Батыста, што стамілася ваяваць”

«Земля обетованная» (Генрых Ман) – “Запаветная зямля”

«Блуждающие звёзды» (Шолам Алейхем) – “Блукальныя зоркі”

«Вверх по лестнице, ведущей вниз» (Бэл Каўфман) – “Уверх па лесвіцы, што вядзе долу (уніз)”

«Объяснимое чудо» (Герман Кант) – “Вытлумачальны цуд”

«Несуществующий рыцарь» (Італа Кальвіна) – “Няісны рыцар”, “Рыцар, якога не існуе”, “Рыцар, якога няма”, “Прывідны рыцар”

«Пейзаж, нарисованный чаем» (Міларад Павіч) – “Пейзаж (краявід), намаляваны гарбатай”

«Книга вымышленных существ» (Хорхе Луіс Борхес) – “Кніга выдуманых істотаў”

«Творящий благо» (Оскар Уайльд) – “Дабрадзей”, “Той, хто робіць дабро”, “Творца дабрыні”

«Тайна заброшенной часовни» (Ежы Брашкевіч) – “Таямніца закінутай капліцы”

«Женщина, не стоящая внимания» (Оскар Уайльд)- “Жанчына, не вартая ўвагі”


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка