Утварэнне складаных слоў І абрэвіятур як шлях дасягнення кароткасці тэрміна




Дата канвертавання17.02.2017
Памер28.42 Kb.
УТВАРЭННЕ СКЛАДАНЫХ СЛОЎ І АБРЭВІЯТУР ЯК ШЛЯХ ДАСЯГНЕННЯ КАРОТКАСЦІ ТЭРМІНА

Гусева В.М.

Сёння ў тэрмінасістэмах усіх моў свету назіраецца тэндэнцыя пашырэння шматслоўных тэрміналагічных намінацый, што звязана з развіццём навукі і, як вынік, з неабходнасцю ўдакладніць і канкрэтызаваць паняцце. Разам з тым адной з прынцыпова важных прыкмет тэрміна з’яўляецца кароткасць. Даследчыкі вызначаюць розныя шляхі вырашэння гэтай праблемы, найбольш прадуктыўныя з якіх – сэнсавая кандэнсацыя; выкарыстанне іншамоўных тэрмінаў (пры адсутнасці аднаслоўнай намінацыі ў нацыянальнай тэрміналогіі); стварэнне складаных слоў. Тэрміны, утвораныя шляхам аснова- і словаскладання, займаюць значнае месца ў тэрмінасістэме сучаснай беларускай мовы.

Да прадуктыўных тыпаў утварэння складаных тэрмінаў адносяцца: злучэнне асноў з дапамогай злучальнага кампанента; злучэнне асноў без дапамогі злучальнага кампанента; утварэнне тэрмінаў шляхам абрэвіяцыі.

З дапамогай злучальнага кампанента ўтвараюцца тэрміны ад уласнабеларускіх асноў або калькі з рускай мовы. Прадуктыўныя тэрмінаўтваральныя мадэлі:

– аснова назоўніка + злучальны кампанент складанага слова + назоўнік (у якасці злучальнага элемента выступае інтэрфікс -а-, -е-, -я): бактэрыяфаг, водазабеспячэнне, генатып, жыццяздольнасць, металаёмістасць, пенаўтварэнне, серавадарод, хвалеўстойлівасць;

– аснова прыметніка + злучальны кампанент + назоўнік: новаўтварэнне;

– аснова лічэбніка + злучальны кампанент + назоўнік: аднавалентнасць.

У першым з названых тыпаў кампаненты складанага слова могуць быць злучаны як спалучальнай сувяззю (сера і вадарод – серавадарод), так і падпарадкавальнай (устойлівасць да хваляў – хвалеўстойлівасць). У другім і трэцім – толькі падпарадкавальнай з азначальнымі адносінамі паміж кампанентамі (новае ўтварэнне – новаўтварэнне).

Без злучальнага кампанента ўтвараюцца тэрміны ад запазычаных асноў. Большасць такіх тэрмінаў утвораны з дапамогай грэка-лацінскіх словаўтваральных элементаў, якія маюць інтэрнацыянальны характар. Самым пашыраным і прадуктыўным тыпам пабудовы складаных тэрмінаў з’яўляецца мадэль з першым звязаным кампанентам грэчаскага паходжання: бія-, мікра-, макра-, нейра-, полі-, тэрма-, фота- і інш. (біямаса, макрамалекула, мікраарганізм, нейрахімія, полімерызацыя, тэрмарэгуляцыя, фотасінтэз). Аб прадуктыўнасці гэтага тыпу сведчыць здольнасць першых звязаных кампанентаў спалучацца з кампанентамі ўласнабеларускімі: біяпаліва, тэрмаапрацоўка, фотасупраціўленне.

Многія складаныя тэрміны ўтвараюцца шляхам злучэння беларускіх і запазычаных асноў з дабаўленнем суфікса (складанасуфіксальным спосабам): паветравод, спіртамер. Сярод тэрмінаў, утвораных складанасуфіксальным спосабам, большую частку складаюць формы з суфіксам -нік: кроплеаддзяляльнік, цеплаабменнік.

Важным сродкам у дасягненні кароткасці тэрміна трэба лічыць абрэвіяцыю. Гэты спосаб з’яўляецца простым і эфектыўным і найбольш часта выкарыстоўваецца ў тэхнічнай сферы. Абрэвіяцыя ўяўляе сабой складанне частак асноў. Па значэнні абрэвіятуры эквівалентныя словазлучэнням, шляхам скарачэння якіх яны ўтвораны.

У тэрмінаўтварэнні найбольш прадуктыўнымі з’яўляюцца наступныя тыпы абрэвіятур:

1) літарныя: ПВХ – полівінілхларыд, РНК – рыбануклеінавая кіслата;

2) гукавыя або фанетычныя: ФІПС – фактаграфічная інфармацыйна-пошукавая сістэма, ФАП – фосфарарганічныя пестыцыды;

3) змешаныя (якія сумяшчаюць элементы розных тыпаў абрэвіятур): тэрмаЭРС, РНК-вірусы.

Абрэвіяцыя дзейнічае толькі ў сферы назоўнікаў.

Неабходнасць выяўлення магчымасцей стварэння аднаслоўных тэрмінаў уяўляецца бясспрэчнай, і ўтварэнне складаных слоў і абрэвіятур – адзін з дзейсных шляхоў “згортвання” шмаслоўных тэрмінаў.

Літаратура

1. Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Арашонкава Г.У. [і інш]. – Мінск: Беларуская навука, 1999.

2. Антанюк, Л. А. Беларуская навуковая тэрміналогія / Л. А. Антанюк, Г. У. Арашонкава. – Мінск: Навука і тэхніка, 1987.

3. Антанюк, Л. А. Сучасная беларуская тэрміналогія / Л. А. Антанюк, Г. У. Арашонкава. – Мінск, 1995.



4. Багдзевіч, А. Словаўтваральная структура аддзеяслоўных тэрмінаадзінак у сучаснай беларускай літаратурнай мове / А. Багдзевіч. – Гродна, 2000.

5. Карпов, А. К. Современный русский язык: Словообразование. Морфология / А. К. Карпов. – М.: Владос, 2002.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка