Уводзіны ў літаратуразнаўства (дадатковы экзамен)




Дата канвертавання04.03.2017
Памер197.96 Kb.
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт

імя І.П.Шамякіна”

ЗАЦВЯРДЖАЮ

Рэктар


УА МДПУ імя І.П. Шамякіна

_____________ В.В. Валетаў

_________________________

УВОДЗІНЫ Ў ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВА

(дадатковы экзамен)
Праграма ўступнага іспыту для паступаючых

у магістратуру па спецыяльнасці

1-21 80 10 “Літаратуразнаўства”

2014 г.


СКЛАДАЛЬНІКІ:

кафедра літаратуры УА МДПУ імя І.П. Шамякіна




РЭКАМЕНДАВАНА ДА ЗАЦВЯРДЖЭННЯ:
Навукова-метадычным саветам філалагічнага факультэта УА МДПУ імя І.П. Шамякіна

____________________________________

(дата, нумар пратакола)

Саветам філалагічнага факультэта УА МДПУ імя І.П.Шамякіна

____________________________________

(дата, нумар пратакола)


І. Змест вучэбнага матэрыялу (раздзелы, тэмы)

1. Літаратуразнаўства як навука

1.1. Сістэма ведаў пра літаратуру. Літаратуразнаўства як філалагічная навука пра сутнасць, своеасаблівасць, гістарычныя заканамернасці развіцця, соцыякультурную ролю і прынцыпы аналізу мастацкай літаратуры. Абгрунтаванне самастойнасці і паўнавартаснасці літаратуразнаўства як асобнай навукі, якая мае ўласны прадмет даследавання, сваю тэрміналогію і методыку даследавання. Сувязь яго з іншымі гуманітарнымі навукамі – мовазнаўствам, эстэтыкай, фалькларыстыкай, гісторыяй, філасофіяй, мастацтвазнаўствам, журналістыкай, культуралогіяй, псіхалогіяй.

1.2. Галоўныя і дапаможныя галіны літаратуразнаўства: гісторыя літаратуры, тэорыя літаратуры, літаратурная крытыка. Дапаможныя галіны літаратуразнаўства: палеаграфія, археаграфія, літаратурнае архівазнаўства, краязнаўства, крыніцазнаўства. Бібліятэказнаўства і бібліяграфазнаўства. Гісторыяграфія і храналогія. Кнігазнаўства. Тэксталогія, яе сутнасць і задачы.

1.3. Метадалагічныя праблемы літаратуразнаўства. Галоўныя прынцыпы аналізу мастацкіх твораў: эстэтычны, гістарызму, сістэмнасці, цэласнасці, паяднання аналізу з сінтэзам.
II. Эстэтыка літаратуры

1. Агульнае і рознае ў мастацка-эстэтычным і навуковым пазнанні жыцця.

1.1. Прадмет і аб’ект мастацкага і навуковага пазнання (мадэлявання) рэчаіснасці. Змест пазнання ў навуцы (матэрыяльны і духоўны свет безадносна да суб’екта пазнання) і ў мастацтве (духоўны і матэрыяльны свет ва ўзаемадачыненнях з суб’ектам пазнання). Рэчаіснасць (пры ўсёй часамі «фантастычнасці» твора) у яе цэласнасці, шматбаковасці, канкрэтнасці і агульнацікавасці як змест мастацкага пазнання. Агульнацікавасць як адна з перадумоў мастацкага пазнання (у адрозненне ад навуковага). Сродак пазнання: лагічны довад, сілагізм – у навуцы; вобраз – у мастацтве. Вобразная прырода мастацтва. Даўгавечнасць твораў навукі і мастацтва. Мэты (функцыі) мастацкага і навуковага пазнання. Агульнае і рознае ў асобных функцыях: пазнавальнай, эстэтычнай, геданістычнай, выхаваўчай, эўрыстычнай, прагнастычнай, этнагенетычнай (нацыятворчай, мовазахавальнай), камунікатыўнай.

1.2. Мастацтва і грамадскае жыццё. Узаемаўплыў мастацтва і грамадскага жыцця. Ідэйнасць і безыдэйнасць, ідэалагізацыя і дэідэалагізацыя. Тэндэнцыйнасць. Грамадзянскасць. Крытыка «чыстага мастацтва», «мастацтва для мастацтва». Пафас мастака як «ідэя-страсць» (В. Бялінскі), якой ён служыць, якая прадвызначае кірунак усіх яго ідэйна-мастацкіх пошукаў. Мастацкасць як спецыфічная ўласцівасць сапраўдных твораў мастацтва і як паказчык іх дасканаласці. Прыгажосць, ісціна, дабро – тры састаўныя часткі мастацкасці. Паняцце народнасці творчасці пісьменніка.

2. Літаратура як від мастацтва

2.1. Падзел мастацтваў на асобныя віды, крытэрыі гэтага падзелу. Мастацтвы прасторавыя (жывапіс, графіка, скульптура, архітэктура), часавыя (музыка, харэаграфія, літаратура), прасторава-часавыя (тэатр, кінамастацтва, музычныя шоў). Узнікненне новых відаў мастацтва дзякуючы развіццю тэхнікі (тэлевізійнае мастацтва), сувязі мастацтва з немастацтвам (сінхроннае плаванне, фігурнае катанне, карнавальныя шэсці і інш.).

2.2. Падзел мастацтваў на віды паводле іх галоўнага сродку вобразнага пазнання (мадэлявання) рэчаіснасці: музыка – мастацтва гуку; харэаграфія – мастацтва танца; жывапіс – мастацтва лініі і фарбы і г. д. Сінтэтычныя мастацтвы: тэатр (драматычны, опера, балет), кіна- і тэлемастацтва і інш.

2.3. Літаратура як мастацтва слова. Мова – не толькі сродак зносін, а «матэрыял і інструмент пісьменніка» (Я. Колас). Своеасаблівасць і перавага мастацтва слова ў параўнанні з іншымі відамі мастацтва – прасторавымі і часавымі. Слова і вобраз. Вучэнне А. Патабні пра слова-вобраз, яго «знешнюю» і «ўнутраную» форму і значэнне, пра падобнасць стварэння слова і мастацкага макрасвету. Пісьменнік як адзін з асноўных стваральнікаў, узбагачальнікаў і захавальнікаў «душы народа» – яго мовы.
ІІІ. Паэтыка

1. Паэтыка як навуковая дысцыпліна. Паэтыка як 1) літаратуразнаўчая дысцыпліна, што вывучае структуру, характэрныя асаблівасці і змястоўнасць літаратурна-мастацкай формы; 2) абумоўленая ідэйнай задумай мастака сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага спасціжэння свету ў іх змястоўнай, сэнсавыяўленчай сутнасці. Раздзелы паэтыкі: агульная, функцыянальная (апісальная), гістарычная, параўнальная, практычная.

2. Літаратурныя роды, віды, жанры. Эпас, лірыка, драма – роды мастацкай літаратуры і фальклору, іх паходжанне і развіццё. Правамернасць увядзення паняцця віду літаратуры як унутрыродавай і міжродавай катэгорыі, якая ўказвае на форму літаратурнага твора паводле яго некаторых структурных кампанентаў (архітэктанічных, кампазіцыйных, моўных, метрычных і інш.). Жанр літаратурны як гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып мастацкай формы, дзе структура пэўных фармальных прыкмет (архітэктанічных, вобразных, моўных) выяўляе больш-менш канкрэтны мастацкі сэнс. Дыфузія родаў, відаў і жанраў. Узнікненне міжродавых і міжвідавых утварэнняў.

3. Літаратурны твор як мастацкае цэлае. Змест і форма. Паняцце пра літаратурны твор як вынік немеханічнай, адухоўленай дзейнасці аўтара. Змест і форма як кампаненты структуры мастацкага твора. Арганічнае адзінства вобразнай формы і эмацыянальна-абагульненага зместу.

3.1. Змест твора і яго кампаненты. Разуменне тэмы як аб’екта мастацкага ўзнаўлення, жыццёвых характараў і сітуацый. Праблема як сфера разумення, асэнсавання пісьменнікам узноўленай рэчаіснасці і суб’ектыўны бок твора, як праяўленне аўтарскай канцэпцыі свету і чалавека, у якой занатоўваюцца роздумы і перажыванні пісьменніка, а тэма разглядаецца пад пэўным вуглом бачання. Ідэя – галоўная абагульняючая эмацыянальна-вобразная думка твора, вобласць мастацкіх рашэнняў, сфера, у якой становяцца зразумелымі аўтарскія адносіны да свету, аўтарская пазіцыя, сцвярджаецца ці адмаўляецца аўтарам пэўная сістэма каштоўнасцей. Разуменне пафасу як вядучага эмацыянальнага тону твора.

3.2. Вобразны свет твора. Віды вобразаў у літаратурным творы: вобраз-рэч, вобраз-пейзаж, вобразы жывёл і птушак, вобраз чалавека, вечныя вобразы, вобраз краіны і народа. Спосабы характарыстыкі і сродкі стварэння тыповага вобраза-персанажа. Спосабы характарыстыкі таго ці іншага персанажа. Сродкі стварэння вобраза-персанажа: 1) паказ дзеянняў, учынкаў персанажа; 2) мова персанажа; 3) партрэт; 4) прамая аўтарская характарыстыка; 5) характарыстыка вуснамі іншых дзейных асоб; 6) рэчыўны свет, паказ абстаноўкі, якая акружае персанажа; 7) пейзаж; 8) псіхалагічная характарыстыка; 9) вымоўнае прозвішча (гаваркое імя).

3.3. Форма мастацкага твора і яе кампаненты. Паняцце пра ўзноўлены свет твора як змадэляваную аўтарам рэчаіснасць. Мастацкі час і мастацкая прастора ў творы (паняцце пра хранатоп). Мова мастацкага твора. Маўленчая арганізацыя твора і маўленчая характарыстыка персанажаў. Стылістычныя зрэзы твора: лексіка ўзвышаная, зніжаная, нейтральная. Сродкі ўзбагачэння мовы твора: 1) сістэма прамых значэнняў слоў (сінонімы, антонімы, амонімы, паронімы, іх функцыі); 2) словы рознага моўнага асяроддзя (гістарызмы, архаізмы, неалагізмы/аказіяналізмы; жарганізмы, прафесіяналізмы, варварызмы, дыялектызмы), іх функцыі; 3) тропы (агульнамоўныя і аўтарскія), іх функцыі. Эпітэт, яго віды (характарызуючы, пастаянны, метафарычны); метафара і яе віды (увасабленне, персаніфікацыя, метанімія, сінекдаха, перыфраза, гіпербала, літота); алегорыя, гратэск; сімвал, аксюмарон і інш. Сінтаксіс і інтанацыя як важнейшыя маўленчыя сродкі мастацкай літаратуры. Гукапіс (фоніка). Асноўныя прыёмы гукапісу, іх мастацкая функцыя: алітэрацыя, асананс, гукаперайманне. Паняцце пра кампазіцыю ў шырокім (як структуру мастацкай формы) і ў вузкім (склад і размяшчэнне частак, элементаў і вобразаў твора ў некаторай часавай паслядоўнасці) значэннях. Кампазіцыя ўнутраная (уласна кампазіцыя) і знешняя (архітэктоніка), іх структурныя адзінкі. Канфлікт як па-мастацку значная супярэчнасць, рухавік сюжэта. Суадносіны ў творы сюжэта, фабулы, канфлікту. Кампазіцыйныя прыёмы: паўтор на мікра- і макраўзроўнях (кальцавая кампазіцыя), узмацненне (градацыя, ампліфікацыя), супрацьпастаўленне (антытэза, кантраст), кантамінацыя (люстраная кампазіцыя), мантаж, рэтраспекцыя і інш. Просты (адна сюжэтная лінія) і складаны (некалькі сюжэтных ліній) тыпы кампазіцыі твора.

4. Асновы вершазнаўства. Проза, верш, паэзія. Адрозненне паэзіі ад проста верша. Вершаваны рытм. Разуменне вершаванага рытму як раўнамернага чаргавання аднародных моўных з’яў. Функцыі рытму: генетычная, эмоцыястваральная, сэнсавыяўленчая, мнеманічная. Рытм і метр. Рытм і вершаваны памер. Сістэмы вершавання, залежнасць іх ад прасадычных уласцівасцей мовы, літаратурных традыцый. Метрычная (антычная) сістэма. Танічная сістэма вершавання. Сілабічнае вершаванне. Сілаба-танічнае вершаванне. Свабодны верш (верлібр). Рыфміка. Вызначэнне рыфмы, яе месца ў вершаванні. Віды рыфмы. Строфіка. Азначэнне страфы. Простыя строфы. Класічныя віды строфаў.

5. Стыль мастацкага твора. Паняцце пра стыль як эстэтычнае адзінства ўсіх элементаў формы твора, што мае на ўвазе падпарадкаванне ўсіх элементаў формы адзінай мастацкай заканамернасці, наяўнасці арганізуючага прынцыпу стылю, які можна знайсці ў любым фрагменце твора.
IV. Тэорыя літаратурнага працэсу.

1.1. Разуменне літаратурнага працэсу. Літаратурны працэс як гістарычнае развіццё і функцыянаванне сусветнай літаратуры, нацыянальных літаратур, узаемасувязі, узаемаўплывы, пераемнасць традыцый. Літаратурны напрамак. Літаратурная школа (плынь). Стыль пісьменніка – сістэма вобразаў, эмоцый, паняццяў і думак, выяўленых адметнымі мастацкімі сродкамі. Індывідуальны стыль і творчая манера. Літаратурны працэс як змена метадаў і напрамкаў, дыялектычнае адзінства традыцый і наватарства ў творчасці.

1.2. Літаратурныя метады ў еўрапейскіх краінах у XVII-пачатку ХХІ стст.: класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм. Сацыялістычны рэалізм як літаратурны напрамак. Мадэрнізм як літаратурны метад і як сацыяльная з’ява. Напрамкі мадэрнізму: сімвалізм, футурызм, імажынізм, акмеізм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Постмадэрнізм.

1.3. Літаратурныя сувязі, іх віды. Віды пісьменніцкіх сувязей: асабістае сяброўства, ліставанне, з’езды, канферэнцыі, творчыя камандзіроўкі, замежныя паездкі, падарожжы. Сувязі пісьменнік–чытач.

1.4. Мастацкі пераклад. Мастацкі пераклад – спецыфічны род мастацкай творчсці ў сферы літаратуры. Адрозненне яго ад сінхроннага, камунікатыўнага, машыннага перакладу. Праблемы адэкватнасці і эквівалентнаці ў мастацкім перакладзе.

ІІ. Літаратура


  1. Беларуская энцыклапедыя: у 18 тт. Мн., 1996–2004.

  2. Лазарук, М. А., Ленсу, А. Я. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў. 2-е выд. / М. А. Лазарук, А. Я, Ленсу. Мн., 1996.

  3. Литературный энциклопедический словарь. М., 1987.

  4. Литературная энциклопедия терминов и понятий. М., 2003.

  5. Рагойша, В. П. Паэтычны слоўнік. 3-е выд. / В. П. Рагойша. Мн., 2004.

  6. Рагойша, В. П.Слоўнік – мінімум па літаратуразнаўству / В. П. Рагойша. Мн, 2000.

  7. Рагойша, В. П. На шляху да Парнаса: Даведнік маладога літаратара / В. П. Рагойша. Мн., 2003.

  8. Энциклопедический словарь юного литературоведа. М., 1987.

  9. Энциклопедия литературных героев. М., 1998.

  10. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5-і тт. Мн., 1985–1987.

  11. Абрамович Г. Введение в литературоведение / Г. Абрамович. М., 1975.

  12. Введение в литературоведение / под ред. Г. Н. Поспелова. М., 1988.

  13. Введение в литературоведение: Литературное произведение: основные понятия и термины / Л. В. Чернец, В. Е. Хализев, С. Н. Бройтман и др. М., 1999.

  14. Введение в литературоведение: Литературное произведение: основные понятия и термины / под ред. Л. В. Чернец. М., 2004.

  15. Введение в литературоведение: учебник / Под ред. Л. М. Купчапова. М., 2005.

  16. Есин, А. Б. Принципы и приемы анализа литературного произведения / А. Б. Есин. М., 2001.

  17. Зарев, П. Теория на литература. В 2 тома. / П. Зарев. София, 1979.

  18. Лазарук М., Ленсу А. Уводзіны ў літаратуразнаўства. 2-е выд. / М. Лазарук, А. Ленсу. Мн., 1982.

  19. Майсейчык, Л. А. Уводзіны ў літаратуразнаўства: практыкум / Л. А. Майсейчык. Мн., 1992.

  20. Основы литературоведения /под ред. В. П. Мещерякова. М., 2000.

  21. Рагойша, В. П. Уводзіны ў літаратуразнаўства: Вершаванне: Курс лекцый / В. П. Рагойша. Мн., 2004.

  22. Тимофеев, Л. Основы теории литературы / Л. Тимофеев. М., 1976.

  23. Уводзіны ў літаратуразнаўства: хрэстаматыя / аўт.-уклад. М. І. Мішчанчук, М. ф. Шаўлоўская. 3-е выд. Мн., 2004.

  24. Федотов, О. Основы теории литературы. Ч. 1, 2. / О. М. Федотов. М., 2003.

  25. Андреев, А. Н. Целостный анализ литературного произведения / А. Н. Андреев. Мн., 1995.

  26. Гиршман, М. М. Стиль литературного произведения / М. М. Гиршман. Донецк, 1984.

  27. Грехнев, В. А. Словесный образ и литературное произведение / В. А. Грехнев. Н.Новгород, 1997.

  28. Корман, Б. О. Изучение текста художественного произведения / Б. О. Корман. М., 1972.

  29. Купина, Н. А., Николаева, Н. А. Филологический анализ художественного текста: практикум / Н. А. Купина, Н. А. Николаева. М., 2003.

  30. Лазарук, М. А., Ленсу, А. Я. Пытанні тэорыі літаратуры / М. А. Лазарук, А. Я. Ленсу. Мн., 1964.

  31. Лотман, Ю. М. Анализ поэтического текста. Структура стиха / Ю. М. Лотман. М., 1972.

  32. Лебединский, С. И. Теория и практика перевода / С. И. Лебединский. Мн., 2001.

  33. Мартынава, Э. М. Мастацкая дэталь у творы / Э. М. Мартынава. Мн., 1977.

  34. Маслова, В. А. Филологический анализ художественного текста / В. А. Маслова. Мн., 2000.

  35. Пяткевіч, А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар / А. Пяткевіч. Мн., 1981.

  36. Ралько, І. Д. Беларускі верш: пытанні гісторыі і тэорыі / І. Д. Ралько. Мн., 1969.

  37. Тимофеев, Л. И. Основы теории литературы / Л. И. Тимофеев. М., 1976.

  38. Томашевский, Б. В. Теория литературы. Поэтика / Б. В. Томашевский. М., 1996.

  39. Хализев, В. Е. Теория литературы / В. Е. Хализев. М., 1999.

  40. Шпакоўскі, І. С. Структура вершаванага вобраза / І. С. Шпакоўскі. Мн., 1972.

  41. Шпакоўскі, І. С. Тыпізацыя ў лірыцы / І. С. Шпакоўскі. Мн., 1980.

  42. Элсанек, А. Я. Основы литературоведения: Анализ художественного произведения / А. Я. Элсанек. М., 2001.

  43. Яскевич, А. С. Ритмическая организация художественного текста / А. С. Яскевич. Мн., 1991.

  44. Гачев, Г. Д. Содержательность художественных форм. Эпос. Лирика. Театр / Г.Д. Гачев. М., 1968.

  45. Гаспаров, М. Л. Очерк истории европейского стиха / М. Л. Гаспаров. М., 1989.

  46. Гаспаров, М. Л. Очерк истории русского стиха / М. Л. Гаспаров. М., 1984.

  47. Гаспаров, М. С. Современный русский стих / М. С. Гаспаров. М., 1989

  48. Гілевіч, Н. С. Паэтыка беларускіх загадак / Н. С. Гілевіч. Мн., 1976.

  49. Гілевіч, Н. С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі / Н. С. Гілевіч. Мн., 1975.

  50. Гинсбург, Л. Я. О лирике / Л. Я. Гинсбург. Л., 1974.

  51. Гинсбург, Л. Я. О литературном герое / Л. Я. Гинсбург. Л., 1979.

  52. Гончаров, Б. П. Звуковая организация стиха и проблема рифмы / Б. П. Гончаров. М., 1973.

  53. Грынчык, М. М. Шляхі беларускага вершаскладання / М. М. Грынчык. Мн., 1973.

  54. Жирмунский, В. М. Теория литературы. Поэтика. Стилистика / В. М. Жирмунский. Л., 1977.

  55. Жирмунский, В. М. Теория стиха / В. М. Жирмунский. Л., 1975.

  56. Жук, І. В. Празаічны тэкст: дынаміка рытмавага існавання / І. В. Жук. Гродна, 2003.

  57. Жураўлёў, В. П. Структура твора: Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм / В. П. Жураўлёў. Мн., 1978.

  58. Жураўлёў, В. П., Шпакоўскі І. С., Яскевіч А. С. Пытанні паэтыкі / В. П. Жураўлёў, І. С. Шпакоўскі, А. С. Яскевіч. Мн., 1984.

  59. Потебня, А. А. Теоретическая поэтика / А. А. Потебня. М., 1990.

  60. Скобелев, В. П. Поэтика рассказа / В. П. Скобелев. Воронеж, 1982.

  61. Тычына, М. Карані і крона: фальклор і літаратура. 2-е выд. / М. Тычына. Мн., 2002.

  62. Тюпа, В. И. Художественность литературного произведения / В. И. Тюпа. Красноярск. 1987.

  63. Федоров, В. В. О природе поэтической реальности / М., 1984.

  64. Фрейденберг, О. М. Поэтика сюжета и жанра / О. М. Фрейденберг. М., 1997.

  65. Хализев, В. Е. Драма как род литературы / В. Е. Хализев. М., 1986.

  66. Шкловский, В. Б. О теории прозы / В. Б. Шкловский. М., 1983.

III. Крытэрыі ацэнкі ведаў на ўступным іспыце


Балы

Валоданне філалагічнымі ведамі, уменнямі, навыкамі. Характар вуснага выказвання

1

Адсутнасць адказу ці адмаўленне ад адказу.

2

Літаратуразнаўчы матэрыял выкладаецца ў выглядзе частковых адказаў на наводзячыя пытанні выкладчыка: нелагічна, несістэмна, практычна няправільна, няпоўна і неўсвядомлена. Адсутнасць умення каменціраваць праграмны матэрыял. Не валодае паняційным літаратуразнаўчым апаратам, навуковымі ведамі. Фактычная база адказу адсутнічае.

3

Літаратуразнаўчы матэрыял выкладаецца толькі ў выглядзе адказаў на наводзячыя пытанні выкладчыка: няпоўна, непаслядоўна, несамастойна. Веды неглыбокія і нетрывалыя. Фактычная база адказу ўзнаўляецца механічна. Адсутнасць умення каменціраваць праграмны літаратуразнаўчы матэрыял. Не валодае паняційным апаратам, навуковымі ведамі.

4

Змест літаратуразнаўчага матэрыялу выкладаецца павярхоўна, фрагментарна, няпоўна, непаслядоўна, несамастойна, адказы практычна на ўсе дапаможныя пытанні недакладныя альбо няправільныя. Пры адказе назіраецца адсутнасць логікі і паслядоўнасці. Не прыводзяцца прыклады і не робяцца абагульненні. Не прасочваецца глыбіня і трываласць ведаў. Не ўзнаўляюцца альбо з цяжкасцямі ўзнаўляюцца вывучаныя раней літаратуразнаўчыя тэрміны і паняцці. Разуменне фактаў і іх узаемасувязі абмежавана. Вялікія складанасці пры каменціраванні праграмнага матэрыялу.

5

Валоданне літаратуразнаўчым матэрыялам абмежавана ўзнаўленнем асобных фрагментаў матэрыялу. Разуменне фактаў і іх узаемасувязі носіць частковы характар. Змест матэрыялу выкладаецца павярхоўна, фрагментарна, няпоўна: адказы па палову дапаможных пытанняў недакладныя і няправільныя. Усвядомленасць выкладаемага матэрыялу прасочваецца ў недастатковай ступені. Няма ведання асноўных літаратуразнаўчых паняццяў і тэрмінаў. Пры адказе назіраецца адсутнасць логікі і паслядоўнасці. Практычна не прыводзяцца прыклады з літаратурных тэкстаў і не робяцца абагульненні. Узнаўляе праграмны матэрыял па памяці, але не арыентуецца пры наводзячых пытаннях.

6

Валоданне літаратуразнаўчым праграмным матэрыялам носіць адносна ўпэўнены характар. Змест матэрыялу выкладаецца павярхоўна, фрагментарна, недастаткова поўна, з некаторым парушэннем логікі адказу ці недакладным вызначэннем паняццяў. На дадатковыя пытанні некаторыя адказы недакладныя; магчыма дапушчэнне 3-4 нягрубых памылак ці 2 істотных памылак, якія выпраўляюцца з дапамогай выкладчыкаў; прыклады з літаратуразнаўчых і тэарэтыка-літаратурных крыніц прыводзяцца з цяжкасцю. Праблемы пры каменціраванні літаратуразнаўчага праграмнага матэрыялу. Узнаўляе вучэбны матэрыял дзякуючы мнеманічным здольнасцям, пры наводзячых пытаннях здольны “сабрацца”, асэнсаваць прапанаваную інфармацыю.

7

Змест літаратуразнаўчага матэрыялу выкладаецца паслядоўна, правільна, асэнсавана, самастойна. Прысутнічае дакладнае разуменне фактаў і іх узаемасувязі. Магчыма дапушчэнне 2-3 нягрубых памылак ці адной істотнай, якія самастойна выпраўляюцца. Літаратуразнаўчыя веды ў пэўнай ступені глыбокія і трывалыя. Ёсць нязначныя цяжкасці каменціравання праграмнага літаратуразнаўчага матэрыялу.

8

Упэўненае валоданне тэарэтыка-літаратурным праграмным матэрыялам, спробы яго аналізу; наяўнасць адзінкавых неістотных памылак у адказе, якія самастойна выпраўляюцца. Дапускаюцца некаторыя недакладнасці, 1-2 нягрубыя памылкі. Змест выказвання адрозніваецца звязнасцю, лагічнасцю, аргументаванасцю. Студэнт здольны ўсвядомлена ўзнаўляць вучэбны матэрыял і выкарыстоўваць веды на практыцы.

9

Упэўненае валоданне праграмным літаратуразнаўчым матэрыялам, веданне фактаў з дадатковых крыніц. Змест выказвання адрозніваецца звязнасцю, паўнатой, лагічнасцю, выяўленнем свайго пункту погляду на тую ці іншую літаратуразнаўчую з’яву. Матэрыял выкладаецца паслядоўна, правільна, асэнсавана, самастойна; даюцца адказы на дадатковыя пытанні; у пацвярджэнне прыводзяцца прыклады; робяцца правільныя высновы. Дапускаюцца пэўныя недакладнасці, 1-2 нягрубыя памылкі, якія знаходзяцца і выпраўляюцца самастойна. Веды дастаткова глыбокія і трывалыя. Здольны інтэпрэтаваць літаратуразнаўчыя веды, рабіць высновы, абагульненні.

10

Упэўненае і свабоднае валоданне літаратуразнаўчым матэрыялам рознай ступені складанасці з выкарыстаннем звестак з іншых вучэбных курсаў і дысцыплін; уменне ўсвядомлена і аператыўна трансфармаваць атрыманыя веды для вырашэння праблем у нестандартных сітуацыях. Гісторыка-літаратурны і тэарэтыка-літаратурны матэрыял выкладаецца поўна, сістэмна, паслядоўна, усвядомлена, вобразна, даказальна; прыкметна крытычнае мысленне студэнта; прыводзяцца дадатковыя прыклады для ілюстрацыі і пацвярджэнння выкладзеных палажэнняў. Даюцца ўсвядомленыя, вычарпальныя адказы на дадатковыя пытанні па тэме адказу: высокі ўзровень самастойнасці, эрудыцыі. Веды глыбокія і трывалыя. Здольны на аснове базавых літаратуразнаўчых ведаў рабіць самастойныя высновы, сістэматызаваць, абагульняць навуковы матэрыял.


Асобы, якія паступаюць ва УА МДПУ імя І.П. Шамякіна для атрымання вышэйшай адукацыі ІІ ступені, што не з’явіліся на ўступны іспыт без уважлівых прычын, альбо атрымалі адзнакі “адзін” – “пяць”, альбо ў ходзе ўступнага іспыта забралі дакументы з прыёмнай камісіі, да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка