Уводзіны Лекцыя Прадмет, задачы і функцыі гістарычнай навукі. Крыніцы вывучэння гісторыі Беларусі




старонка3/9
Дата канвертавання19.10.2017
Памер2.07 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

ТЭМА 4.

БЕЛАРУСЬ АД ЛЮБЛІНСКАЙ УНІІ ДА ПАДЗЕЛАЎ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Лекцыя 7
1.. Эканамічныя і палітычныя перамены ў Еўропе XVI-XVII стст. “Новы час”, станаўленне капіталізму.
У другой палове XVI ст. у эканоміцы Заходняй Еўропы панавала мануфактурная вытворчасць. Падзел працы ў мануфактуры садзейнічаў росту прадукцыйнасці працы, аднак тэхналагічны працэс быў прымітыўны. Машыны ў мануфактурах не выкарыстоўваліся, таму галоўнай вытворчай сілы з’яўляўся чалавек. Тэхнічных і тэхналагічных адкрыццяў у гэты час было мала. Тэхналагічныя змены ў вытворчасці адбыліся ў XVII ст. У гэты час у Заходняй Еўропе пачалі выкарыстоўваць сілу вады з дапамогай млына. Вадзяны млын меў усе элементы машыны: механічную рухальную сілу, першасны рухавік, крывашыпную перадачу і рабочую машыну. У другой палове XVII ст. у Францыі былі вынайдзены паравыя насосы, у якіх выкарыстоўвалася энергія пара. Была ўдасканалена тэхналогія вытворчасці металу, здабы жалезнай руды і каменнага вугалю. Вадзяныя рухавікі і паветраныя насосы прымяняліся пры апрацоўцы шкла, у здабычы солі, у піваварных і суконных мануфактурах.

Дзякуючы новым тэхналогіям, здабыча каменнага вугалю ў XVII ст. у Англіі ўзрасла ў 14 разоў, здабыча волава, свінца, солі – у 6-8 разоў, здабыча жалезнай руды ўзрасла ў 3 разы. На англійскіх мануфактурах працавала па 200-400 чалавек. Тэхналагічныя перамены адбываліся і ў мануфактурнай вытворчасці іншых краін Заходняй Еўропы: Францыі, Швецыі, дзяржавах, размешчаных на тэрыторыі Апенінскага паўвострава.

Павелічэнне вытворчасці тавараў садзейнічала развіццю гандлю. Амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах, якія мелі калоніі, склаліся гандлёвыя кампаніі. Накапленне капіталу ў гандлі ішло вельмі хутка. Таму сярод купцоў пачала фарміравацца фінансавая алігархія, якая стварала банкі, фінансавыя кампаніі, манапалізіравала фінансавы рынак і гандаль.

Развіццё рынкавых адносін закранула і еўрапейскую вёску. У XVII ст. 80% насельніцтва краін Заходняй Еўропы ўсё яшчэ займалася сельскай гаспадаркай. Генезіс капіталізму ствараў умовы і для аграрнага перавароту, які атрымаў назву “аграрнай рэвалюцыі”. Сутнасць гэтай рэвалюцыі заключаецца ў тым, што зямля стала таварам, а вядзенне сельскай гаспадаркі стала справай прыбытковай. Таму землеўладальнікі здавалі вялікія ўчасткі зямлі ў арэнду. У выніку сяляне страчвалі зямлю, ішлі ў горад шукаць працу і стваралі рынак таннай рабочай сілы. Адначасова ў вёсцы адбыўся падзел сялянства на беднату, сераднякоў і фермераў. Напрыклад, у Англіі ў XVII ст. 5% насельніцтва вёскі валодала капіталам ад 300 да 500 ф. ст. і мела ўласную фермерскую гаспадарку/йомены/, 20% сялян мелі ў сваёй гаспадарцы фермы, якія налічвалі па 5-8 кароў і па 5-6 коней /фрыгольдзьеры/, а астатнія 75% сялян былі беднякамі/коттэры/ і наймаліся на працу.

Развіццё рынкавых адносін знішчала сацыяльныя абмежаванні і стварала спрыяльныя ўмовы для аб’яднання грамадства. Таму на базе існаваўшых этнасаў/народаў/, якія мелі ўласныя дзяржавы, уласную мову і ўласную культуру адбылося станаўленне еўрапейскіх нацый. Прадстаўнікі трэцяга саслоўя, якія складалі каля 20% ад агульнай колькасці насельніцтва, абвясцілі сябе абаронцамі “нацыянальных інтарэсаў”. Гэтае насельніцтва склала новую палітычную эліту, якая імкнулася атрымаць дзяржаўную ўладу.

Станаўленне індустрыяльнай цывілізацыі надало магутны штуршок развіццю навукі. У XVII ст. адбылася навуковая рэвалюцыя. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што ў аснову навуковых даследаванняў была пакладзена новая метадалогія. Гэтая метадалогія была заснавана на прынцыпах рацыяналізму і прагматызму, на эксперыментальных методыках і назапашванні практычнага вопыту. Асновы новай метадалогіі былі замацаваны ў працах такіх філосаваў, як Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Б.Спіноза. У XVII ст. чалавек навукі быў не антычным мудрацом, не “ чорнакняжным “ магам сярэднявечча, а менавіта эксперыментатарам, які паспяхова спасцігаў раней невядомае. Навуковыя веды ўзнялі свядомасць грамадства на новую ступень. Светаадчуванне Бэкана, Дэкарта, Лейбніца было ўвогуле аптымістычным. Яно было прасякнута верай у магчымасць перабудовы грамадскага жыцця на аснове розума і рацыяналізма. Ідэалам новага светаадчування была постаць Санчо Пансы – героя М.Сервантэса, чалавека-рэаліста, які не меў выхавання і мовы арыстакрата. Тоўсты, просты і прагматычны ў жыцці, ён стаў сімвалам новага часу – эпохі трыумфальнага шэсця індустрыяльнай цывілізацыі.

“Новы час” – гэта перыяд сусветнай гісторыі, які ахоплівае другую палову XVI-XIX стст. – час станаўлення і развіцця індустрыяльнага грамадства. У гэты гістарычны перыяд адбыліся істотныя змены і ў палітычным жыцці грамадства. Палітычнымі сімваламі новага часу сталі англійская буржуазная рэвалюцыя 1640-1649 гг. і Вялікая французская рэвалюцыя канца XVIII ст. Перамога гэтых рэвалюцый адкрыла дарогу да палітычнай перамогі індустрыяльнай цывілізацыі і ў іншых краінах. Важнай палітычнай падзеяй новага часу была вайна за незалежнасць англійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы, якая закончылася ўтварэннем ЗША. У 1776 г. была прынята “Дэкларацыя незалежнасці” гэтай дзяржавы. З гэтага моманту індустрыяльная цывілізацыя выйшла за межы Еўропы і набыла сусветны характар.

Сусветнасць індустрыяльнай цывілізацыі была звязана і з такой палітычнай з’явай як утварэнне каланіяльных імперый. Філасофія XVII ст. стварыла знакамітую тэорыю “натуральнага права”. Сутнасць гэтай тэорыі была вельмі простая: “толькі той мае права на месца пад сонцам, хто валодае сілай”. Пры гэтым у разлік не браліся ні мараль, ні Бог, ні справядлівасць. На гэтым падмурку будаваліся ідэалогія рабаўніцтва іншых народаў. Вялікія геаграфічныя адкрыцці прывялі да таго, што такія краіны Заходняй Еўропы як Англія, Францыя, Галандыя, Іспанія, Партугалія, Данія захапілі і падзялілі Афрыку, Лацінскую Амерыку, Аўстралію, усталявалі сваё панаванне ў Індыі і Кітаі. У каланіяльных імперыях падвяргаліся жорсткай эксплуатацыі і знішчэнню каля 1,5 млрд. чалавек. Толькі англійскія кампаніі вывезлі ў XVII ст. з Афрыкі ў якасці рабоў каля 2 мільёнаў афрыканцаў. Рабаванне і эксплутацыя калоній былі адной з асноўных крыніц накаплення капіталу і індустрыялізацыі краін Заходняй Еўропы ў XVIII-XIX стст.


Пытанні для самакантролю.
1.     Якія змены адбыліся ў мануфактурнай вытворчасці краін Заходняй Еўропы ў XVII ст.?

2.     У чым была сутнасць аграрнай рэвалюцыі XVII ст.?

3.     Якія палітычныя змены адбыліся ў свеце ў XVII-XVIII стст.?

4.     Які метадалагічны, гістарычны і філасофскі змест мела навуковая рэвалюцыя XVII ст.?

5.     На якой аснове адбылося ўтварэнне каланіяльных імперый у XVII-XVIII стст.?
Лекцыя 8


1. Статут 1588 г. Дзяржаўна-прававое становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай.

Утварэнне Рэчы Паспалітай не скасавала Вялікага княства Літоўскага, але палітычнае і эканамічная становішча мясцовага насельніцтва значна пагоршылася. Выбары ў агульны сойм паказалі, што рашаючая роля ў ім належыла польскай шляхце. Так, усяго ў сойме налічвалася 180 дэпутатаў, але толькі 46 дэпутатаў прадстаўлялі ВКЛ. Многія беларускія магнаты не трапілі ў склад паноў - радных. Палітычныя пытанні, якія беларуская шляхта “прасіла” вырашыць у польскага караля шляхам прыняцця адпаведных законаў, не траплялі ў агульны Сойм.

Таму вельмі хутка дэпутаты сойма ад ВКЛ дамагліся выдання асобных заканадаўчых актаў для дзеяння ў межах ВКЛ, што не было прадугледжана Люблінскай уніяй. Цалкам верагодна, што гэтыя законы прымаліся на асобных паседжаннях дэпутатаў Сойма ад ВКЛ. Выданне Статута 1588 г. адбылося такім жа шляхам. Улічваючы дыскрымінацыю з боку Польшчы, Статут ВКЛ 1588 г. у многіх выпадках адыходзіў ад умоў Люблінскай уніі. Так, артыкул 12 Статута забараняў палякам набываць зямельную ўласнасць у межах ВКЛ. Статут захоўваў права ВКЛ на асобнае заканадаўства, уласны дзяржаўны апарат і войска. Польскія паны не мелі права займаць дзяржаўныя пасады ў межах ВКЛ. Адметным было і тое, што статут 1588 г. замацаваў у якасці дзяржаўнай старабеларускую мову.

Аднак у целым гэтыя прававыя нормы не маглі спыніць галоўнага- заняпаду дзяржаўнасці, страту беларусамі нацыянальнай Айчыны, наступу паланізацыі. Справа ў тым, што ў Рэчы Паспалітай з цягам часу ўсе галіны ўлады – заканадаўчую, выканаўчую, судовую – прыбрала ў свае рукі шляхта. Гэты працэс ішоў пад дэвізам: “ не рушыць старыны, не ўвадзіць навіны”.

Кароль Рэчы Паспалітай выбіраўся на сойме і поўнасцю залежыў ад яго рашэнняў. У 1573 г. была прынята пастанова згода з якой 16 сенатараў заўсёды знаходзіліся пры каралі і з’яўляліся яго дарадцамі ў любой справе. Гэта азначала, што палітычная ўлада набыла выразны алігархічны характар. Толькі шляхта мела права распараджацца дзяржаўнымі падаткамі, яна склікала паспалітае рушэнне, з 1632 г. шляхта пачала кантраляваць чаканку манеты, з 1775 г. - раздачу каралём дзяржаўных зямель. Палітычная абмежаванасць каралеўскай улады прывяла да таго, што рэальных фінансаў, маёмасці і ўлады кароль не меў.

Акрамя таго, у пачатку XVII ст. шляхта атрымала права на канфедырацыю і рокаш. Канфедырацыя – гэта саюз шляхты, выкліканы якой-небудзь прычынай. Як правіла, тая ці іншая частка шляхты ставіла сабе на мэце абарону сваіх правоў альбо барацьбу за палітычную ідэю, напрыклад, абарону каталіцтва. Рокаш – гэта выключнае права шляхты на барацьбу супраць караля, калі апошні парушаў якое-небудзь яе права замацаванае Соймам.

Такім чынам, агульная палітычная сістэма Рэчы Паспалітай была па форме рэспубліканскай, а па зместу і сутнасці – алігархічнай. Гэта садзейнічала развіццю ўсеагульнага крызісу Рэчы Паспалітай.

Выключныя правы, якімі валодала польская шляхта, вабілі палітычную эліту ВКЛ. Таму на працягу XVII ст. амаль уся беларуска-літоўская шляхта прыняла каталіцтва і была асімілявана палякамі. Гэты працэс ахапіў і дзяржаўную ідэалогію, якой з’яўлялася хрысціянства. У Рэчы Паспалітай галоўная роля належыла каталіцкаму касцёлу, а ў ВКЛ – праваслаўнай царкве.

Палітычныя супярэчнасці, войны паміж Вільняй і Масквой, а потым паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім царствам спрыялі таму, што ў ВКЛ узмацніўся ўніяцкі рух, які ставіў на мэце аб’яднанне праваслаўнай царквы, але не з касцёлам увогуле, а толькі з Ватыканам. Пасля таго, як у Маскве ў 1589 г. быў створаны патырярхат, які атрымаў права на кіраванне праваслаўнай царквой і ў ВКЛ, уніяцкі рух у ВКЛ рэзка ўзмацніўся.

У 1595 г. папа Рымскі падпісаў акт уніі для праваслаўнай царквы ў межах ВКЛ, а ў 1596 г. праваслаўныя епіскапы ВКЛ са свайго боку падпісалі царкоўную унію з Рымам у Брэсце. Згодна з умовамі ўніі праваслаўная царква трапіла ў палітычныю і кананічную залежнасць ад Рыма, але кампрамісам было тое, што яна захавала традыцыйную праваслаўную абраднасць.

Такім чынам, палітычнае, прававое і ідэалагічнае становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай вызначалася стратай асноў дзяржаўнасці і нацыянальнай самабытнасці ва ўсіх сферах жыцця народа.

Пытанні для самакантроля.

1. Чым вызначалася дзяржаўна -прававое становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай?

2. Якімі прычынамі была выклікана Брэсцкая ўнія 1596 г.?

2. Знешняя палітыка Рэчы Паспалітай у пачатку XVII ст. Узаемаадносіны з Расіяй.

Пасля Люблінскай ўніі каралем Рэчы Паспалітай быў абраны Стэфан Баторый. С.Баторый быў здольным палітыкам і ваеннаначальнікам. Негледзячы на адсутнасць сродкаў у дзяржавы, ён здолеў стварыць моцную армію, у кароткі тэрмін разграміў войскі Івана ІV і вызваліў тэрыторыю ВКЛ. У 1583 г. Рэч Паспалітая і Маскоўскае царства падпісалі мірную дамову, згодна з якой урад Івана IV страціў тэрыторыю Прыбалтыкі.

У 1584 г. маскоўскі цар Іван IV памер і ў Расіі пачаўся перыяд барацьбы за ўладу, перыяд сялянскіх і казацкіх хваляванняў, якія ахапілі цэлыя рэгіёны. Пашырэнню народнага руху ў Расіі спрыяла і тое, што ў 1597 г. Барыс Гадуноў забараніў сялянам пераходзіць ад аднаго гаспадара да другога і вызначыў тэрмін пошуку тых сялян, якія кінуліся ва ўцекі. Узмацненне прыгоннага права падштурхнула сялян Расіі да пошуку “справядлівага цара”.

У 1604 г. такі цар з’явіўся. Гэты быў былы манах Грыгорый Атрэп’еў, родам з ВКЛ. Гэты малады манах, які займаў пасаду памочніка маскоўскага патрыярха, абвясціў сябе сынам цара Івана IV – царэвічам Дзмітрыем. Сапраўдны царэвіч Дзмітрый трагічна загінуў, калі яму было чатыры гады. Таямнічая смерць царэвіча і народныя чуткі, а таксама незадавол расіян уладай былі спрытна выкарастаны Атрэп’евым, які сцвярджаў, што ён і ёсць сапраўдны “царэвіч Дзмітрый”. Ілжэдзмітрый І збег ў Рэч Паспалітую, дзе яго прыняў кароль Жыгімонт Ваза. Яны заключылі дамову, згодна з якой Ілжэдзмітрый І атрымаў войска, ажаніўся на палячцы і абяцаў пасля маскоўскай каранацыі прыняць каталіцтва. Пасля гэтага Ілжэдзмітрый І абяцаў заключыць з Рэччу Паспалітай ўнію па ўзору Люблінскай.

Да распрацоўкі гэтага палітычнага плана мелі адносіны і магнаты ВКЛ, войскі якіх склалі аснову арміі самазванца. У 1605 г. Ілжэдзмітрый І заняў Маскву, але маскоўскае баярства незадаволенае пачаткам польскага панавання, склала змову і забіла самазванца. Пасля гэтага пачалася інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай ў Расію. У 1609 г. войска Рэчы Паспалітай падышло да Масквы. Урад Масквы быў адхілены ад улады і маскоўскім царом быў абвешчаны сын польскага караля Уладзіслаў. Аднак Жыгімонт Ваза не пускаў свайго сына ў Маскву. Ён патрабаваў спачатку падпісаць унію аб аб’яднанні дзяржаў.

Пачатак іншаземнага панавання выклікаў нацыянальна-патрыятычны ўздым сярод простага народа. У 1612 г. грамадзяне Расіі стварылі народную армію і захапілі Маскву. Пасля гэтага ў 1613 г. Земскі сабор Расіі выбраў новым царом Міхаіла Раманава.

Такім чынам, палітыка Рэчы Паспалітай, накіраваная на ўсталяванне панавання ў Расіі, пацярпела крах. Больш таго, з гэтага моманту новая царская дынастыя Расіі пачала праводзіць палітыку, накіраваную на ліквідацыю Рэчы Паспалітай.
ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:


  1. Як складваліся адносіны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўская дзяржавай?


3. Казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг.
Значную ролю ў тым, што была падпісана Люблінская ўнія адыграла ўкраінская шляхта. У 1569 г. яна аднадушна падтрымала ўнію. Больш таго, украінская шляхта папрасіла караля Жыгімонта Аўгуста прыняць Украіну ў склад Польшчы. Нашчадкі дзеячоў Украіны, якія ў 1569 г. здрадзілі ВКЛ, ужо вельмі хутка зразумелі, якую памылку зрабілі іх бацькі. За кароткі перыяд польская шляхта захапіла ўсе землі Украіны, багатыя чарназёмам і хлебам.

Казацкай вольнасці на Ўкраіне прыйшоў канец. Польская шляхта лупцавала нават тых казакоў, якія мелі гербы і служылі ў войску. Да сацыяльнага прыгнёту дадаўся прыгнёт рэлігійны і нацыянальны, бо народ Украіны быў праваслаўным.

Усе цэрквы Ўкраіны былі перададзены пад адміністрацыю яўрэям. Хаваць памерлых і граць вяселлі дазвалялася толькі ў начны час. За самы нязначны ўчынак супраць волі пана ўкраінца чакала толькі смерць. Такім чынам, цяжкі сацыяльны і нацыянальны прыгнёт стаў асноўнай прычынай казацка-сялянскай вайны, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі.

Б.Хмяльніцкі змагаўся за стварэнне самастойнай Украіны, але весці барацьбу з дзяржавай яму было вельмі цяжка. У пастаўшых не хапала зброі, грошай, падтрымкі з боку іншых дзяржаў. Акрамя таго пастаўшыя змагаліся супраць шляхецкага панавання, але не супраць адмены прыгону. Таму сацыяльная база паўстання была абмежаванай, яно не абапіралася на ўвесь народ.

Паўстанне пачалося ў 1648 г. У шэрагу бітваў пастаўшыя атрымалі перамогу над войскамі Рэчы Паспалітай. Перамогі пастаўшых, атрыманыя ў 1648-1651 гг., спрыялі пашырэнню паўстання. У гэты перыяд паўстанне ахапіла і тэрыторыю Беларусі. Асноўныя падзеі разгортваліся на поўдні Беларусі, у раёнах, што межавалі з Украінай. Казацка-сялянскі рух ахапіў Гомель, Мазыр, Лоеў, Рэчыцу, Тураў, Пінск. Казакі авалодалі Брагіным, Бабруйскам, Чэчэрскам і іншымі гарадамі. Яны нават спрабавалі захапіць Слуцк, але безпаспяхова.

У 1649 г. у ВКЛ было створана шляхецкае войска ў складзе 10 тысяч чалавек. Войска ўзначаліў Януш Радзівіл, які ўмеў добра ваяваць. Рашаючая бітва паміж паўстанцамі і арміяй Я.Радзівіла адбылася пад Лоевым у 1649 г. У гэтай бітве 30 тысяч казакаў і сялян былі разбіты харугвамі Радзівіла.

У 1651 г. войскі Хмяльніцкага пацярпелі жорсткае паражэнне ў бітве пад Берасцечкам. Пасля гэтага была падпісана мірная дамова, згодна з якой казакі больш не мелі права знаходзіцца ў Беларусі. Гэта спыніла ваенныя дзеянні ў Беларусі, паўстанне працягвалі маленькія атрады, якія хаваліся ў лясах і балотах.

Такім чынам, казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг. аказала значны ўплыў на сацыяльнае жыццё Беларусі, яна садзейнічала фарміраванню беларускага казацтва.


ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:

1. Назавіце прычыны казацка-сялянскай вайны 1648-1651 гг.


4. Трынаццацігадовая вайна і яе вынікі (1654-1667 гг).
Казацка-сялянская вайна, якая пачалася ў Рэчы Паспалітай ў 1648 г. закранала інтарэсы Расіі. Б.Хмяльніцкі неаданаразова прасіў Расію аб дапамозе зброяй і грашыма. Масква асцярожна дапамагала паўстаўшым, пачаўшы праводзіць палітыку ўзброенага нейтралітэта. Усе войскі Расіі знаходзіліся на мяжы з Рэччу Паспалітай, пагражаючы вайной, але урад цара Аляксея Міхайлавіча цярпліва чакаў – ці зможа Рэч Паспалітая атрымаць рашаючую перамогу, умацаваць сваю армію і дзяржаўную ўладу.

У 1652 г. Б.Хмяльніцкі атрымаў новую перамогу над войскам Рэчы Паспалітай. Расія пераканалася, што Рэч Паспалітая страціла сваю моц і не мае магчымасці весці новую вайну. Таму ў 1654 г. урад Расіі прыняў прапанову Пераяслаўскай Рады Ўкраіны аб далучэнні Ўкраіны да Расіі. Анэксія Ўкраіны зрабіла вайну паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй непазбежнай.

У 1654 г. 100 тыс.войска рускага цара ўвайшло на тэрыторыю Беларусі. За кароткі перыяд яно заняло амаль усе беларускія гарады, таму што 10 тыс.войска Я.Радзівіла было не ў стане атрымаць перамогу ў адкрытай бітве. Вясной 1655г. рускія арміі занялі Мінск і рушылі на Вільню, якая была захоплена і спалена.

Новая расійская адміністрацыя праводзіла ў Беларусі недальнабачную палітыку. Мясцовае насельніцтва моцна цярпела ад новай улады. Таму на занятай тэрыторыі пачалі стварацца партызанскія атрады. У 1656-1661 гг. партызанскі рух ахапіў амаль усю Беларусь. У лясы пайшла шляхта, сяляне і гараджане. Ідэя вызвалення Радзімы ахапіла ўсе насельніцтва, якое ахвяравала грошы, харчаванне і жывёлу. У выніку партызанскія злучэнні вызвалілі цэлыя ваяводствы і паветы. Напрыклад, у 1661 г. гараджане Магілёва знішчылі рускі гарнізон, які складаўся з 2 тысяч чалавек. Царская улада была ліквідавана ў Мсціславе, Себежы, Шклове, Гомелі, Глыбокім, Бешанковічах. У гэты перыяд былі вызвалены Менскі, Барысаўскі, Навагрудскі паветы.

Вясной 1660 г. Рэч Паспалітая заключыла са Швецыяй мірную дамову і накіравала свае войска на Ўсход. Пасля вызвалення Вільні рускія войскі пачалі адыход і замацаваліся на новых пазіцыях. Пазіцыйная вайна цягнулася з пераменным поспехам. Ваенныя дзяенні скончыліся ў 1667 г. калі быў падпісаны Андрусаўскі мірны дагавор. Згодна з ім Левабярэжная Ўкраіна і г.Кіеў адышлі да Расіі. Адзін з артыкулаў дагавору даваў Расіі права на заступніцтва за праваслаўнае насельніцтва Рэчы Паспалітай.

У 1686 г. кароль Рэчы Паспалітай Ян Сабескі падпісаў з Расіяй новую дамову, згодна з якой Расія брала пад свой патранат праваслаўных Рэчы Паспалітай. Гэта давала Расіі права ўмешвацца ва ўнутраныя справы суседняй дзяржавы.

Такім чынам, трынаццацігадовая вайна скончалася перамогай Расіі. Пасля гэтай вайны Рэч Паспалітая трапіла ў частковую палітычную залежнасць ад Расіі, таму што дзяржава страціла суверэнітэт над часткай свайго насельніцтва. У эканамічных адносінах вынікі 13-ці гадовай вайны былі спусташальнымі. Насельніцтва Беларусі страціла 1,5 млн. чалавек, 70% хат у вёсках стаялі пустымі, большасць беларускіх гарадоў былі спалены. Для таго, каб узнавіць гаспадарку спатрэбілася каля 25 гадоў.
ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:

1. Назавіце асноўныя ваеныя падзеі вайны 1654-1667гг.


5. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай і яго наступствы.

Улада палітычнай алігархіі садзейнічала таму, што краіна трапіла ў паласу ўсеагульнага крызiсу. Палiтычны крызiс вызначаўся тым, што работа Сойма была паралiзавана знакамiтым шляхецкiм «лiберум вета». У 1652 годзе быў створаны працэдэнт, калi работа была сарвана дэпутатам ад ВКЛ. Сойм прызнаў «вета» дэпутата правамоцным і спыніў працу. З гэтага моманту і да 1764 г. было сарвана прыкладна 80% усіх Соймаў.

Акрамя таго, палітычная анархія і безладдзе ў сталіце дапаўнялася безладдзем на месцах. Павятовыя соймікі пачалі прымаць пастановы, якія давалі права шляхце не выконваць дзяржаўныя законы. Мясцовыя суды і Літоўскі трыбунал не маглі нічога зрабіць з самавольствам шляхты. На практыцы судовыя пастановы толькі тады выконваліся, калі той, хто выйграваў справу меў войска, каб выконваць рашэнне суда. А калі суд і ісцец бачалі, што з вінаватым нічога зрабіць нельга, суд аб’яўляў вінаватага выгнаннікам з Айчыны і пазбаўляў яго грамадзянства. Такую пастанову выдаваў кароль, сыходзячы з рашэнняў Трыбунала. Але гэтых рашэнняў ніхто не выконваў. Так, каронны стражнік Самуіл Лашч атрымаў 236 пастановы аб выгнанні з краіны. Але ён не толькі не пакінуў Радзіму, а працягваў займаць сваю пасаду і па-ранейшаму ваяваў са сваімі суседзямі. Такіх выпадкаў было вельмі шмат.

Крызіс праявіўся ў тым, што шляхта увесь час стварала канфедэрацыі, асабліва ў перыяд выбараў караля. На выбары караля магнаты ехалі з 20 тысячным войскам і артыллерыяй. Самі выбары рэдка праходзілі без крывавых сутычак. Як правіла, канфедэраты пісалі каралю скрагі і калі кароль іх не задавальняў, тады пачыналася грамадзянская вайна супраць улады.

Ад палітычнага крызісу асабліва цярпелі тыя сацыяльныя колы грамадства, якія не належылі ні да шляхты, ні да католікаў. У іх увогуле не было ніякіх правоў. Таму гэтая частка грамадства шукала абароны за мяжой. Пасля 13-ці гадовай вайны Расія мела права бараніць інтарэсы праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай, а ў гады Паўночнай вайны Расія атрымала магчымасць аказваць уплыў і на выбары караля.

Аднак негледзячы на знешнія пагрозы, шляхта яшчэ больш абвастрала становішча ў дзяржаве. У 1733 г. Сойм прыняў пастанову, якая пазбаўляла некатолікаў быць пасламі ў Сойме, прымаць удзел у рабоце Трыбунала і займаць грамадскія пасады.

Такім чынам, палітычны крызіс Рэчы Паспалітай садзейнічаў сацыяльнаму расколу ў грамадстве, разбураў асновы дзяржаўнасці і правапарадку, ствараў перадумову, якія прывялі да ліквідацыі гэтай дзяржавы.
ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:

1. Вызначце прычыны палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай.



6. Падзелы Рэчы Паспалітай і ўключэнне зямель ў склад Расіі.
У 1763 г. памёр Аўгуст ІІІ і магнацкія групоўкі пачалі барацьбу за ўладу. У гэты час дзяржаўнай улады ў Рэчы Паспалітай фактычна не было і яе суседзі: Расія, Аўстрыя і Прусія вырашылі выкарастаць зручны момант. Расія вырашала правесці на каралеўскі трон свайго прыхільніка, які б дапамог вырашыць пытанне аб далучэнне да Расіі тых тэрыторый, дзе жыло праваслаўнае насельніцтва. Такім прэтэндэнтам стаў Станіслаў Панятоўскі, які быў блізкім сябрам Кацярыны ІІ. Вясной 1764 г., калі чакалася скліканне выбарчага Сойму, прыхільнікі Панятоўскага стварылі канфедэрацыю ВКЛ і звярнуліся з дапамогай да Расіі. Кацярына ІІ накіравала ў ВКЛ войска. Аднак супраць расіян выступілі Радзівілы. У рашаючай бітве Радзівілы былі разбіты і пасля гэтага Панятоўскі быў абраны каралем Рэчы Паспалітай.

Але замест таго, каб дагадзіць Кацярыне ІІ, Панятоўскі пачаў праводзіць некаторыя рэформы. Гэтыя рэформы былі накіраваны на ўмацаванне ўлады і дзяржавы. Кацярына ІІ была абурана каварствам Панятоўскага. Яна вырашала дзейнічаць больш рашуча, не маскіруючы свае сапраўдныя намеры. Тым больш, што Панятоўскі запатрабаваў, каб Расія вывела свае войскі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

У адказ Расія, Аўстрыя і Прусія накіравалі ў Сойм патрабаванне адмяніць пастанову 1733 г. і ўраўнаваць правы католікаў і некатолікаў г.з. дысідэнтаў. У 1766 г. Сойм адмовіўся гэта зрабіць. Тады пры дапамозе Расіі і Прусіі былі створаны дзве канфедэрацыі – у Слуцку і Торуні. Пад уздзеяннем расійскай арміі, размешчанай пад Варшавай, Сойм у 1767 г. прыняў пастанову аб ураўнаванні правоў католікаў і дысідэнтаў. У адказ каталіцкя шляхта ў 1768 г. стварыла сваю канфедэрацыю ў Бары. Але ў 1771 г. барскія канфедэраты былі разбіты арміяй маладога Суворава ў мястэчку непадалеку ад Кобрына. Пасля гэтага Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі дагавор аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. Згодна з дагаворам да Расіі адыходзіла Полаччына, Віцебшчына, Магілёўшчына і частка Паўднёвай Беларусі. Дзяржаўная мяжа прайшла па Заходняй Дзвіне і Дняпру.

Пасля першага падзелу Кацярына ІІ абяцала, што ў Расіі больш няма тэрытарыяльных і палітычных прэтэнзій да Рэчы Паспалітай. Але на самой справе саюзнікі пачалі весці тайныя перагаворы аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Аднак вайна Расіі з Турцыяй і паўстанне Пугачова перашкодзілі Расіі на некаторы час.

Пасля перамогі Расіі над Турцыяй сітуацыя змянілася і для Расіі і для Рэчы Паспалітай. У Рэчы Паспалітай былі створаны перадумовы для пераадолення палітычнага крызіса і ператварэння краіны ў моцную дзяржаву. Гэтаму спрыялі рашучыя рэформы і работа Чатырохгадовага Сойма.

Сойм працаваў з 1788 г. па 1791 г. 3 мая 1791 года была прынята Канстытуцыя Рэчы Паспалітай. Гэта быў крок рэвалюцыйнага тыпу. Канстытуцыйны лад жыцця стварыў рэальныя ўмовы для хуткага развіцця дзяржавы, умацавання ўлады на сапраўды дэмакратычных пачатках.

Расія і яе саюзнікі ўбачылі ў гэтай канстытуцыі палітычную пагрозы для сябе. Яны пачалі падштурховаваць шляхту да рокаша. З гэтай мэтай у 1792 г. у Санкт-Пецярбургу была створана канфэдэрацыя шляхты, якая выступіла супраць Канстытуцыі 1791 г. Конфедэраты-здраднікі звярнуліся па дапамогу да Расіі.

У ліпені 1792 г. да гэтых канфедэратаў, якія дзейнічалі ў мястэчку Тарговіца, далучыўся кароль. Па загаду караля Канстытуцыя 1791 г. была адменена. У гэты момант Расія, Аўстрыя і Прусія накіравалі Сойму новы ультыматум. Яны запатрабавалі зацвердзіць другі падзел дзяржавы. Ультыматум саюзнікі падмацавалі дагаворам, які быў падпісаны ў Санкт-Пецярбургу.

У чэрвені 1793 г. на Сойме, скліканым ў Гродне, было зачытана патрабаванне аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Дэпутаты моўчкі заслухалі яго. Тады пасол Расіі сказаў, што маўчанне – знак згоды і дагавор быў зацверджаны, а тарговіцкая канфэдэрацыя распушчана.

Па ўмовах дагавору да Расіі адышла Цэнтральная Беларусь і Правабярэжная Украіна.

Другі падзел РП, здрада значнай часткі шляхты выклікалі пратэст у патрыётаў Айчыны. Патрыятычнай шляхта пачала рыхтавацца да паўстання. Цэнтр падрыхтоўкі знаходзіўся ў Варшаве. Паўстанне пачалося ў 1794 г., яго ўзначаліў Т.Касцюшка. Ён разлічваў на дапамогу Францыі, падтрымку Аўстрыі і Прусіі. Сацыяльная база паўстання была вельмі вузкай. Т.Касцюшка разлічваў у асноўным на шляхту. Сярод паўстаўшых не было адзінства. Т.Касцюшка не змог стварыць моцнай і баяздольнай арміі. Надзеі паўстаўшых на дапамогу Францыі не спраўдзіліся, а Аўстрыя і Прусія выступілі супраць паўстаўшых. У выніку паўстанцы былі разгромлены арміяй фельдмаршала Суворава. Рашаючыя бітвы адбыліся ў кастрычніку – лістападзе 1794 г. 6 лістапада Варшава здалася, а Касцюшка трапіў у палон.

Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, які адбыўся ў 1795 г. Да Расіі адышла Заходняя Беларусь.

Такім чынам, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расіі.

Пытанні для самакантролю.

1.     Якія прычыны абумовілі першы падзел Рэчы Паспалітай?

2.     Чаму адбыліся другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай?

3.     Па якіх прычынах паўстанне Т.Касцюшкі пацярпела паражэнне?



7. Пачатак прамысловага перавароту ў Заходняй Еўропе.

Прамысловая рэвалюцыя, яе змест і сутнасць.
У апошнія трэці ХVIII ст. магчымасці мануфактуры былі вычарпаны. Каб забяспечыць далейшае развіццё эканомікі патрэбны былі новыя тэхналогіі. Развіццё тэхналагічнага працэсу было звязана з вынаходніцтвам і ўкаранэннем у вытворчасць новага абсталявання. Творцамі новай тэхнікі сталі звычайныя прадпрымальныя майстры з ліку ткачоў, механікаў і металургаў.

Удасканаленне тэхналагічнага працэсу пачалося ў лёгкай прамысловсці. Лідэрам гэтай прамысловай галіны была Англія, якая паклала пачатак прамысловаму перавароту. У 1733 г. англійскі майстар Джон Кей, які працаваў ткачом і механікам, вынайшоў імклівы лятучы бегунок. Дзякуючы вынаходніцтву, прадукцыйнасць працы і вытворчасць тканіны выраслі ў два разы. У выніку прамысловасць пачала адчуваць недахоп пражы. У 1765 г. англійскі ткач і плотнік Джэймс Харгрывс вынайшоў механічную пралку, якую ён назваў «Джэнні». Гэтая пралка забяспечыла рост прадукцыйнасці працы ў 18-20 разоў. Затым у 1784 г. англійскія майстры стварылі механічны ткацкі станок, які забяспечыў рост прадукцыйнасці працы і вытворчасць тканіны ў 40 разоў. У гэтым жа годзе механік і вынаходнік Джэймс Уатт вынайшоў паравую машыну. Гэтае вынаходніцтва дазволіла стварыць прынцыповы новы рухавік не толькі для фабрык і заводаў, але і для транспарту.

Вельмі хутка ў Англіі, Францыі, іншых краінах пачалася вытворчасць паравых рухавікоў, якія стваралі аснову новага тэхналагічнага працэсу. У 1800 г. у краінах Заходняй Еўропы працавала 1000 паравых машын, на базе якіх ствараліся фабрыкі і заводы.

Тэхналагічны пераварот ахапіў і цяжкую прамысловасць. У 1784 г. Генры Корт стварыў пудынгавую печ, якая ўдасканаліла вытворчасць сталі. Доменныя печы, якія працавалі на коксе, паклалі пачатак рэвалюцыі ў металургіі.

Для мадэрнізацыі эканомікі быў неабходны сучасны транспарт. Рэвалюцыйныя перамены адбыліся і ў гэтай галіне. У 1807 г. Роберт Фултан пабудаваў у ЗША першы параход, а ў 1814 г. Д.Стэфенсон пабудаваў першы паравоз. У 1825 г. англічане пабудавалі першую чыгунку, у Германіі чыгункі пачалі будавацца ў 1835 г., а ў Расіі – у 1837 г.

Такім чынам, у канцы XVIII – першай палове XIX стст. у краінах Заходняй Еўропы адбылася прамысловая рэвалюцыя. Сутнасць гэтай рэвалюцыі была ў наступным:

1.У тэхналагічных адносінах адбыўся пераход ад мануфактурнай да фабрычна-завадской вытворчасці, заснаванай на машынах і механізмах новага тыпу;

2.Калі ва ўмовах мануфактуры галоўную ролю адыгрываў чалавек, то ва ўмовах фабрыкі чалавек стаў прыдаткам рабочай машыны;

3.Прадукцыйнасць працы цяпер залежыла ад ступені эксплуатацыі рабочай сілы;

4.У грамадстве сфарміраваліся асноўныя сацыяльныя групы насельніцтва індустрыяльнай цывілізацыі: вышэйшы, сярэдні і рабочы клас.


Пытанні для самакантролю.
1. У чым заключалася сутнасць прамысловай рэвалюцыі ў канцы XVIII – першай палове XIX стст.?
8. Еўрапейская Асвета і яе ідэі.
Прамысловая рэвалюцыя змяніла сацыяльнае жыццё грамадства. Будаўніцтва фабрык і заводаў (індустрыялізацыя) стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця гарадоў. У першай палове XIX ст. у Заходняй Еўропе хуткімі тэмпамі будаваліся гарады. Напрыклад, у Англіі ў 1811 г. у гарадах пражывала 65% усяго насельніцтва краіны, а ў 1841 г. у гарадах гэтай краіны пражывала ўжо каля 80% насельніцтва. Цэнтрамі індустрыяльнай цывілізацыі сталі прамысловыя гарады такіх краін, як Францыя, Германія, ЗША, Бельгія, Галандыя, Швейцарыя.

Змены ў сацыяльным жыцці былі звязаны і з такой з’явай, як эпоха Асветы. Асвета - гэта ідэйны і грамадскі рух новага часу, які ахапіў Еўропу і Амерыку. Яго гістарычныя рамкі ахопліваюць 1689 – 1789 гг. Першая дата звязана з пачаткам «славутай рэвалюцыі» у Англіі, а другая – з пачаткам Вялікай французкай рэвалюцыі. Дзеячы эпохі Асветы змагаліся за ўсталяванне «царства розуму», у аснове якога яны бачылі «натуральную роўнасць» грамадзян. З гэтай роўнасці вынікала патрабаванне палітычных правоў і свабод. Грамадская думка Асветы была ўпэўнена ў магутнасці чалавечага розуму, у прагрэсе навукі, што стварала ўмовы для ўсебаковага росквіту грамадства. Аднак у кожнай дзяржаве былі свае асаблівасці і свае асветнікі. У Англіі – гэта Д.Локк, які напісаў сачыненне «Вопыт чалавечага розуму». У гэтым творы Локк сцвярджаў, што неад’ёмным правам чалавека з’яўляецца права на жыццё, свабоду і ўласнасць. Французкая Асвета – гэта Вальтэр, Ж.Ж.Руссо, Д.Дзідро, Ш.Монтэск’е. Гэтыя асобы спачатку былі дысідэнтамі і радыкаламі, яны ўзначалілі грамадска-палітычны рух Францыі, які завяршыўся перамогай Вялікай французкай рэвалюцыі. Разам з тым гэтыя дзеячы паклалі пачатак новай філасофска-палітычнай плыні, якая атрымала назву «навуковай утопіі».

На пытанне – за што трэба змагацца чалавеку?, Вальтэр і Руссо адказалі – за роўнасць, братэрства і свабоду. Але ці ж можна зрабіць такім усё грамадства? Асветнікі адказалі – безумоўна, можна. Утапізм іх вучэння заключаецца ў тым, што яны жадалі стварыць шчаслівае «царства свабоды» для ўсіх і кожнага грамадзяніна. Утапічныя ідэі асветнікаў аказвалі ўплыў на філасофска-палітычную думку і культурнае жыццё індустрыяльнай цывілізацыі ў XVIII – XIX стст.

Прадстаўніком нямецкай асветы быў філосаф Э.Кант. Асабліваю ўвагу дзеячы Асветы надавалі барацьбе з рэлігіяй і царквой. На іх думку, рэлігія была перашкодай на шляху да царства свабоды і роўнасці. Э.Кант у рабоце «Крытыка чыстага розуму» абверг усе магчымыя доказы быцця Бога. Пасля гэтага філосафы абвясцілі свету, што новы чалавек «штурмам» узяў неба, не пакінуўшы там месца Богу. Праз некаторы час другі нямецкі філосаф Ф.Ніцшэ канстатаваў, што ў сацыяльным і духоўным жыцці чалавека індустрыяльнага грамадства «Бог памер». Яму на змену прыйшоў звышчалавек, які сам устанавліваў мараль, правілы і нормы чалавечага жыцця.

Каб хоць неяк наблізіць шчаслівае будучае, у XVIII ст. пачалі будаваць сады і паркі, якія павінны былі злучыць чалавека з прыродай і «новым раем». Гэта былі месцы філасофскіх і палітычных гутарак, месцы прыгажосці і адпачынку. У кампазіцыі паркаў уключаліся галерэі, музеі, тэатры, храмы. Усе гэта павінна было ўвасобіць рэалізацыю мары аб «жыцці ў райскім садзе», аб хуткім наступе шчаслівай будучыні. Ідэі еўрапейскай Асветы аказвалі вялікі ўплыў і на Беларусь. Будаўніцтва ў Беларусі палацава-паркавых ансамбляў у другой палове XVIII ст. сведчыць аб тым, што рэалізацыя асветніцкіх ідэй была сацыяльнай рэчаіснасцю нашай Бацькаўшчыны.
Пытанні для самакантроля.

1. У чым заключалася сутнасць ідэй асветнікаў XVIII ст.?


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка