В. А. Мандзік (Мінск) цытата ў паэзіі в. Шніпа




Дата канвертавання14.02.2017
Памер82.19 Kb.
В. А. Мандзік (Мінск)
ЦЫТАТА Ў ПАЭЗІІ В. ШНІПА
Асаблівасці паэзіі Віктара Шніпа вызначаюцца яе функцыянаваннем у семантычнай прасторы інтэртэксту, які фарміруецца міжтэкставымі сувязямі вершаў з цэлым шэрагам твораў (як празаічных, так і вершаваных) пераважна беларускай і рускай літаратур. Адным з асноўных тыпаў адсылак да прэцэдэнтных тэкстаў у аўтара з]яўляецца цытата.

Аб'ём паняцця цытаты ў літаратуразнаўстве вызначаецца па-рознаму. Сучасныя даследчыкі схільны разглядаць яго як родавае, агульнае; у гэтым выпадку яно ўключае ў сябе ўласна цытату, алюзію і рэмінісцэнцыю. “Такім чынам, цытатай — у шырокім сэнсе — можна лічыць любы элемент чужога тэксту, уключаны ў аўтарскі (“свій”) тэкст” [1, с. 497]. Як бачым, увага акцэнтуецца на тым, што важная не дакладнасць цытавання, але пазнавальнасць цытаты. Калі ж дадаць да вызначэння гэтага тэрміна крытэрый дакладнасці, то адпаведна аб’ём паняцця звузіцца да даслоўнага ўзнаўлення якога-небудзь тэксту. Прычым тут істотная і такая характарыстыка, як выдзеленасць чужога тэксту — графічна, пунктуацыйна або сінтаксічна. Гэтая фармальная прыкмета з’яўляецца вызначальнай для адрознення паняцця цытаты ў вузкім сэнсе ад тэрмінаў, якія з ёй карэлююць, але ўяўляюць сабой аб’ект асобнага даследавання (алюзія і рэмінісцэнцыя). Пры наяўнасці агульнай для трох гэтых паняццяў фукнкцыі — ствараць “на малой плошчы аўтарскага тэксту вялікае сэнсавае напружанне” [1, с. 503] - уласна цытата мае адметныя задачы, звязаныя з яе асаблівасцямі (дакладнасцю, выдзеленасцю). “Калі цытата незалежна ад ступені сваёй дакладнасці фармальна выдзелена, г.зн. указвае на сваю чужароднасць у адносінах да дадзенага тэксту і, асабліва, на сваё паходжанне (эпіграф), то яна арыентавана на інтэлект чытача, бо прымушае яго не да пазнавання, а да тлумачэння сваёй ролі” [2, с. 303]. Сапраўды, алюзія і рэмінісцэнцыя, асабліва ўзятыя з літаратурных твораў, маюць больш асацыятыўны патэнцыял, але часта скіроўваюць мысліцельную дзейнасць чытача на пазнаванне крыніцы. Цытата ж пазбаўляе ад такой неабходнасці і тым самым дазваляе засяродзіцца на яе зместава-ідэйнай сутнасці, аднесенасці да дадзенага тэксту.

Акрамя адзначаных вышэй фармальных характарыстык, цытата мае некалькі анталагічных прыкмет: двухпланавасць, літаральнасць і дыскрэтнасць [3, с. 23—30]. Двухпланавасць цытаты прадвызначаецца яе асаблівай прыродай — здольнасцю адначасова належаць двум семантычным планам: тэксту-крыніцы і новаму тэксту. Літаральнасць цытаты, натуральна, карэлюе з паняццямі “дакладнасці/недакладнасці” цытавання. Гэтая прыкмета часта служыць падставай для размежавання цытаты і рэмінісцэнцыі. Вышэй гаварылася, што цытата ўяўляе сабой даслоўную перадачу тэксту-крыніцы. Але часам аўтар нязначна змяняе яго структуру ці змест (верш В. Шніпа “Бывай, пакінутая ў сэрцы, дарагая…”, першы радок якога з'яўляецца недакладанай цытатай з верша А. Куляшова). Такое скажэнне цытаванага фрагменту можа быць свядомым (тады гаворка ідзе пра ўласна цытату) або несвядомым, неспецыяльным (а гэта ўжо ўласцівасць рэмінісцэнцыі). Нарэшце, прыкмета дыскрэтнасці заключаецца ў перарванасці аўтарскага тэксту чужародным элементам. Але дыскрэтнасць цытаты не адмяняе звязнасці тэксту, а, наадварот, выступае як умова яго цэласнасці.

Функцыя цытаты напрамую залежыць ад яе пазіцыі ў тэксце. Умоўна можна абазначыць тры асноўныя пазіцыі: пачатак, фінал, “паміж пачаткам і фіналам” [1, с. 503—504]. Пачатак і фінал — гэта моцныя пазіцыі. Пад пачаткам трэба разумець загаловак, эпіграф, прысвячэнне і першы радок вершаванага тэксту, пад фіналам — апошні радок верша.

Цытата ў пачатку падключае ўвесь аўтарскі тэкст да крыніцы і адразу ж вызначае ўстаноўку на ўспрыманне, разуменне ўсяго наступнага пад пэўным вуглом бачання. Звернемся да верша В. Шніпа “Колькі прызнанняў у шчырым каханні…”, змешчанага ў зборніку “На рэштках Храма”. Эпіграфам да твора аўтар абраў радкі з верша Ларысы Геніюш: “Слова “кахаю” — то слабае слова. // Мужнае слова — абараню”. Такое паняцце, як патрыятызм, можна са значнай доляй упэўненасці аднесці да грамадзянскай пазіцыі любога беларускага мастака слова. Але жыццё і творчасць Л. Геніюш найбольш ярка рэпрэзентуюць гэтую важную для кожнага з нас катэгорыю. Двума радкамі сфармулявана ключавая ідэя, якую паэтэса даносіла многімі вершамі: любоў да Радзімы праяўляецца не на словах, а на справе і мае дзейнасны, актыўны пачатак. Такім чынам, эпіграф адразу, яшчэ да прачытання верша, дазваляе чытачу ўсвядоміць агульную ідэйную скіраванасць творчасці Л. Геніюш і на аснове гэтага падрыхтавацца да правільнага разумення аўтарскага тэксту. Што цікава — ні Геніюш, ні Шніп не выкарыстоўваюць у дадзенай сітуацыі заклікавых інтанацый. У вершы В. Шніпа адбываецца канстатацыя фактаў — крыўдных і нават абуральных — і толькі, але няма ніякага пабуджэння:
Покуль гаворым, руйнуюцца замкі,

Песні ў нябыт адыходзяць з людзьмі.

Часта гаворкі — выгодныя лямкі, —

Раз ухапіўся — цягні і цягні [4, с. 97].


Абыякавасць да руйнавання гістарычных каштоўнасцей, атрафіраванасць нацыянальна-культурнай свядомасці — ці можна гэта перамагчы? Відаць, адказ на такое пытанне трэба шукаць у апошняй страфе верша. Аўтар двума апошнімі радкамі яшчэ раз цытуе словы эпіграфа, зноў ставячы іх у моцную пазіцыю — толькі ўжо фінала. Гэта прымушае чытача ўспрыняць дадзеныя словы на свой рахунак, што няяўным, апасродкаваным чынам заклікае да дзеяння. Так падвойнае цытаванне ў вершы “Колькі прызнанняў у шчырым каханні…” дазволіла аўтару з дапамогай аднаго і таго ж сродку стварыць розныя сэнсы, пашырыць і паглыбіць семантычнае поле цытаваных радкоў.

Такі прыём “падвойнай цытацыі” аўтар выкарыстоўвае даволі часта. У кнізе В. Шніпа “Страла кахання, любові крыж” змешчана аповесць у вершах і прозе “Першы папяровы снег”. Герой аповесці складае інтымныя вершы дзяўчыне, у якую закахаўся. У адным з такіх вершаў аўтар звяртаецца да знакамітага гімна каханню — верша А. Куляшова “Бывай”. Нават непадрыхтаваны чытач ведае гэты праграмны паэтычны твор, разумее асноўную яго ідэю: смутак лірычнага героя з прычыны немагчымасці быць побач са смуглявай Алесяй. Таму эпіграф да верша В. Шніпа, якім паслужыў першы радок куляшоўскага твора (“Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая...”) адразу падключае ўвесь аўтарскі тэкст да крыніцы, рыхтуе чытача да ўспрымання і асэнсавання дадзенага верша. Сапраўды, паэтычны твор Шніпа мае тую ж мінорную танальнасць, заключае ў сабе тую ж ідэю, што і верш Куляшова. Моцную пазіцыю цытаты-эпіграфа аўтар яшчэ болып узмацняе, зрабіўшы яе першым радком свайго вершаванага твора. Праўда, цытаванне тут недакладнае:


Бывай, пакінутая ў сэрцы, дарагая. Ніколі болей разам нам не быць з табой [5, с. 84].
Замена словазлучэння “абуджаная сэрцам” на “пакінутая ў сэрцы” бачыцца не выпадковай. Так падкрэсліваецца трываласць і працягласць лірычнага перажывання: тое, што пакінута ў сэрцы, застаецца ў ім назаўжды.

Цытата — гэта магчымасць дыялогу з іншымі тэкстамі, дыялогу, які ўзбагачае аўтарскае выказванне коштам цытаванага тэксту. Дыялог з паэтамі, што пісалі вершы інтымнай лірыкі, В. Шніп у вышэйзгаданай аповесці працягвае творам “А ў вашым голасе жывуць анёлы...”. Тут таксама ў якасці эпіграфа выкарыстаны першы радок верша прызнанага майстра інтымнай лірыкі Леаніда Дранько-Майсюка “у Вашым голасе квітнеюць астры...”. Як вядома, гэты твор уваходзіць у склад цэлага вершаванага цыкла пад назвай “Вершы для А.”. Традыцыя напісання вершаваных цыклаў, прысвечаных жанчыне, у літаратуры далёка не новая (узгадаем хаця б блокаўскія “Стихи к прекрасной даме”). В. Шніп ідзе не зусім традыцыйным шляхам — чаргуе вершы, якія, па сутнасці, таксама ўяўляюць сабой цыкл, з лістамі ў празаічнай форме ўсё да той жа Цудоўнай і Непаўторнай. Такім чынам, падабраная паэтам цытата адсылае нас не толькі да канкрэтнага верша, але і да цэлага цыклу.

Паколькі эпіграф — асноўны від цытавання ў В. Шніпа, варта болып падрабязна разгледзець функцыі эпіграфа ў вершаванай спадчыне гэтага мастака слова. Н. А. Кузьміна называе дзве асноўныя функцыі —інфарматыўную і формаўтваральную [6, с. 148]. Інфармацыя, якая ўводзіцца эпіграфам, можа быць двух тыпаў: інфармацыя пра аўтара (творчага суб'екта), які выбірае эпіграф, і інфармацыя пра тэкст, які размяшчаецца пад эпіграфам. Так, напрыклад, аналізуючы эпіграфы В. Шніпа, няцяжка заўважыць, што паэт цытуе, як правіла, вядомыя больш-менш шырокаму колу чытачоў творы класікаў беларускай літаратуры. Гэта дазваляе выказаць адпаведныя меркаванні пра літаратурныя густы паэта.

Эпіграф як пэўная інфармацыя пра аўтарскі тэкст выконвае ў адносінах да яго неаднолькавыя функцыі. Ён можа заключаць у сабе зместава-фактуальную інфармацыю, задаючы тэму, якая будзе раскрыта наступным тэкстам. Такую функцыю выконвае, напрыклад, эпіграф да “Балады Алеся Пісьмянкова” (зборнік “Балада камянёў”): “Ведайце: калі мяне не стане — // Я ў сваю дывізію пайшоў (Аляксей Пысін)” [7, с. 33]. Гэтыя радкі раскрываюць тэму вялікай душэўнай страты, якую адчувае кожны з нас, губляючы блізкага чалавека, сябра і паплечніка. В. Шніпу пашчасціла з Пісьмянковым сябраваць, працаваць у газеце “ЛіМ”, выступаць на літаратурных вечарынах... Думаючы пра А. Пісьмянкова, паэт уяўляе, што той пайшоў у дывізію А. Пысіна — свайго земляка: і на тым свеце сябры павінны быць побач...

Часам эпіграф утрымлівае зместава-канцэптуальную інфармацыю, выяўляючы ідэю, канцэпцыю твора. Возьмем эпіграф да "Балады Турава": "На Беларусі Бог жыве (Уладзімір Караткевіч)" [7, с. 17]. Гэтымі радкамі сцвярджаецца, з аднаго боку, ідэя богаабранасці нашай краіны, з другога — яе неўміручасці: Бог ёсць любоў і Бог ёсць вечнасць.

Зместава-падтэкставая інфармацыя сустракаецца ў эпіграфах даволі рэдка. Да верша са зборніка “Беларускае мора” пад назвай “Выкраданне Беларусі” В. Шніп абраў наступны эпіграф: “О Беларусь, мая шыпшына, // зялёны ліст, чырвоны цвет! (Уладзімір Дубоўка)”. У. Дубоўка ўспрымае лёс Радзімы ў цэлым аптымістычна, верачы, што ёй не страшны ні дзікі вецер, ні густы чарнобыль. Пры гэтым настрой верша В. Шніпа мінорны, калі не сказаць песімістычны: ствараецца адчуванне разгубленасці і бездапаможнасці: // Над морам зжаўцелым травы Шыпшыны лісточак зялёны Вятрамі на злом галавы Падхоплены ў неба шалёна [8, с. 74]. Такая неадпаведнасць зместу эпіграфа і аўтарскага тэксту здаецца нам не выпадковай. Паколькі эпіграф мае моцную пазіцыю пачатку твора, то аўтар пакідае за ім права на прэваліруючую сэнсаўтваральную ролю і прызнае заключаны ў яго падтэксце аптымістычны пачатак.

У якасці тэксту-крыніцы часта выкарыстоўваюцца творы, што адыгрываюць важную ролю ў станаўленні нацыянальнай культуры. Для нас адным з такіх твораў з’яўляецца паэма Якуба Коласа “Новая зямля”, першае двухрадкоўе якой стала не проста крылатым выслоўем, а сімвалам адданасці і любові да Бацькаўшчыны. В. Шніп цытуе гэтыя словы неаднаразова, устаўляе іх у розныя кантэксты ў залежнасці ад аўтарскай ідэі і сэнсавай нагрузкі. У “Баладзе Міхася Стральцова” дадзеная цытата мае экзістэнцыяльную афарбоўку, падкрэсліваючы марнасць і хуткаплыннасць жыцця. Паэт жыве, гарыць, аддае ўсяго сябе вершам, каб пасля пераўтварыцца ў палын-траву... I хоць яго сэрца б'ецца ў вершах -ці можна тое ж самае сказаць пра яго суайчыннікаў? // I я стаю каля тваёй магілы, // Як ля ўзарванае стаю царквы. // Шапчу:”Мой родны кут, як ты мне мілы...” // I шэпат чуецца палын-травы...” [7, с. 29]. Па сваёй спецыфіцы лірыка ўвогуле і лірыка В. Шніпа ў прыватнасці адлюстроўвае ў першую чаргу стан чалавечай свядомасці. Свядомая арыентацыя В. Шніпа на творчую спадчыну сваіх папярэднікаў і сучаснікаў, з аднаго боку, вызначае светапоглядныя арыенціры мастака слова, з другога — дазваляе ўзбагаціць аўтарскі тэкст новымі сэнсамі. Такая найбольш агульная роля інтэртэкстаў у паэзіі В. Шніпа.

__________________________



  1. Фоменко, И. В. Цитата / И. В. Фоменко // Введение в литературоведение. Литературное произведение: основные понятия и термины: учеб. пособие / под ред. Л. В. Чернец. — М., 1999. — С. 496—505.

  2. Тамарченко, Н. Д. Скрытая цитата как отсылка к жанровой традиции / Н. Д. Тамарченко // Искусство поэтики — искусство поэзии. К 70-летию И. В. Фоменко: сб. науч. тр. — Тверь, 2007. — С. 303—321.

  3. Семенова, Н. В. Цитата в художественной прозе (на материале произведений В. Набокова): Монография / Н. В. Семенова. — Тверь, 2002.

  4. Шніп, В. А. На рэштках Храма: Вершы / В. А. Шніп. — Мінск, 1994.

  5. Шніп, В. А. Страла кахання, любові крыж: паэзія і проза / В. А. Шніп. — Мінск,, 2008.

  6. Кузьміна, Н. А. Ннтертекст н его роль в процессах эволюции поэтического языка / Н. А. Кузьмина — М., 2004.

  7. Шніп, В. Балада камянёў: паэзія і проза / В. Шніп. — Мінск, 2006.

  8. Шніп, В. Беларускае мора: Вершы / Віктар Шніп. — Мінск, 2004.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка