В. М. Галай (г. Мінск)




Дата канвертавання05.12.2018
Памер113.64 Kb.
Галай В.М. Адлюстраванне германізмаў у творах Максіма Гарэцкага // Беларуская гістарычная літаратура: жанры, характары, праблемы (да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага): матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 22-23 сакавіка 2018 г.) /Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Інстытут літ. імя Я.Купалы.- Мінск: Беларуская навука. 2018.- с.337-341.
В.М.Галай (г.Мінск)

АДЛЮСТРАВАННЕ ГЕРМАНІЗМАЎ У ТВОРАХ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА


Максім Гарэцкі – самабытны і арыгінальны мастак слова. Мне здаецца, што ён умеў па-свойму бачыць, чуць, успрымаць і ўсведамляць жывую народна-гутарковую мову. Творы Максіма Гарэцкага яскрава сведчаць пра ўласцівы толькі яму індывідуальны стыль, так называемы гарэцкаўскі стыль. Пісаў ён лёгка і вобразна, такі талент з’яўляецца вынікам яго цеснай сувязі з народам. Блізкасць да народнай глебы, да вытокаў народнага жыцця, імкненне да лаканічнасці, уменне ўмясціць у малым вялікае - вось адметныя рысы таленту пісьменніка.

Працуючы над чатырохтомнікам твораў М.Гарэцкага, мы ставілі мэту-адшукаць запазычаныя словы нямецкага паходжання і выявіць, як яны ўжываюцца ў народнай мове. Трэба падкрэсліць, што такіх слоў .сустракаецца даволі шмат. У дакументальна-мастацкіх запісках “На імперыялістычнай вайне” часта ўжываецца ваенная лексіка: патранташ, бруствер, фланг, гільза, карабін, кулямет, штык (штых), гармата, куля, шрапнель і інш. Нас цікавяць у першую чаргу тыя германізмы, якія вылучаюцца сваёй адметнасцю, арыгінальнасцю, а таксама ўнутранай і знешняй формай:



Брыжок (польск. bryż- сяр.-верх.-ням. brize).У помніках пісьменнасці брыжики занатавана ў 1569 г.са значэннем “аборкі”.У І.І.Насовіча “аборкі каўнерыка жаночай рубашкі або рукавоў”. Сучаснае брыжы “аборка, падзор; махры вакол хусткі, абруса, блузкі, спадніцы, фартуха; край (у слоўніку У.Бялькевіча)”. Максім Гарэцкі ўжывае назоўнік брыж толькі ў адзіночным ліку са значэннем “край, беражок чаго-небудзь”: Не ўсё поўна адбілася з Беларусі ў беларускай маладзенькай літаратуры: тое трошачку бачком, тое брыжком, тое краюшком, тое, зламаўшыся, скрывіўшыся...; Адзін пастукаў відэльцам па брыжку талеркі; лыжачка звінела аб брыж у шклянцы.

Лантухстарабеларускай мове лантухъ, лантушокъ “мяшок” з нов.-верхне-ням. Leintuch). У слоўніку І.І.Насовіча лантухъ “бруха, вантробы. Гаворыцца так зняважліва і пра чалавека”. Сучаснае дыялектнае лантуг, лантух “мяшок, сяннік; вялікі мяшок; непаваротлівы тоўсты чалавек; гультай; посцілка на ложак; коўдра”. У “Краёвым слоўніку ўсходняй Магілёўшчыны” У.Бялькевіча лантух ”трыбух, жывот, страўнік”. Слова лантух са значэннем “вялікі мяшок (напрыклад, для солі)” занатавана ў “Невялічкім беларуска-маскоўскім слоўніку” Максіма Гарэцкага (Вільня, 1927, с.135). У творах М.Гарэцкага лантух “жывот”: нажарэцца мужыцкай крыві, дый лопнуць яго лантухі; у свой вялікі лантук каўбасу з салам і сітны хлеб з батарэйнае крамкі.

Лёс (старабеларускае лиосъ “лёс, жэрабя” – польск. los - нов.-верхне-ням. Los): ...пабываў Стахван на прызыве. Выцягнуў лёс з вельмі вялікім нумарам. У Гарэцкага лёс – гэта жэрабя. Сучаснае літаратурнае лёс “1.ход падзей, якія складваюцца незалежна ад волі чалавека; збег акалічнасцей; 2. доля; 3.развіццё чаго-небудзь, далейшае існаванне, будучыня”. У дыялектнай мове Гродзеншчыны часта сустракаецца слова лёс са значэннем “жэрабя”.

Лупа “губа” ( польск. lupa - сяр.-ніжне-ням. lippa , lupа ”тоўстая ніжняя губа”): клаў пальцы на ніжнюю лупу.

Плястар (старабеларускае плястръ, плястеръ, флястръ “пластыр, соты” ад 1517-1519гг. - польск. plaster -сяр.-верхне.ням. plaster): набралі... міскі дзве лепшых плястраў. Цікаўныя вулейчыкі: сплецены з саломы і ракітніку. Слова не ўжываецца ў літаратурнай мове ў значэнні “соты”, адзначаецца толькі ў народных гаворках.

Цэгла ”прадукт харчавання”(польск. cegla - сяр.-верхне-ням. ziegel): маленькі кавалачак цэглы з бульбянога шалупіння і льняных жмакоў – гэта пад відам хлеба ці “бабкі”. Можна уявіць сабе, які гэта быў прадукт харчавання.

Цэбар (польск.ceber - сяр.-верхне-ням.zober, помнікамі беларускай пісьменнасці зафіксавана ад 17 ст.). Сучаснае цэбар “шырокая круглая драўляная пасудзіна з клёпак з двума вушкамі”. У М.Гарэцкага: цэбар з памыйкамі; выліваючы ... цэлыя цэбры бруду; рукамі мяшала ў цэбры мякіну.

Чэп “жалезная пласцінка, з дапамогай якой замыкаюць дзверы”: Батрак кляўся, бажыўся, што ў хату чалавек залезці ніяк не мог, бо ён на ноч залажыў чэп у прабой, засадзіў кіёк і слясак з клямкі выцягнуў (польск.czop, czep - нов.-верхне-ням. Zapfe). Старабеларускае чопъ у значэнні “чан” занатавана ад 1566г. Сучаснае літаратурнае чоп “чан; размоўнае: затычка; тое, чым затыкаюць шчыліну, адтуліну ў бочцы ці іншай пасудзіне”.

Па-майстэрску ўведзены ў творы і параўнанні. Вядома, што параўнанні ніколі не сыходзілі і не сыходзяць з вуснаў беларускага народа. Народна-гутарковая мова, у якой ужываюцца параўнанні, вельмі дакладная. Прыводзім некалькі прыкладаў параўнанняў са словамі нямецкага паходжання:

слёзы ... у чырвоным бляску каралямі - кап!.. кап! – капалі на свежую магілу (старабеларускае корали, карали праз польскае koral з сяр.-верхне-ням. koralle);

белы як крэйда (польск.krejda -нов.-верхне-ням. Kreide);

маладуха белая-белая, як папера; збялелы, як папера (польск. papier сяр.-верхне-ням. papier);

дырыжабль як чорная цыгара, цёмная, непарушная (нов.-верхне-ням. Zigarre);

кулі над галавою так і гудуць, як пчолы; з інтэлігента салдат, як з гразі куля (польск.kula – сяр.-верхне-ням. kule);

штыкі, як шчэць бліскучая, даўгой змяёю ўкрылі ўсю дарогу (старабеларускае штыхъ, польск. sztych - нов.-верхне-ням. Stich).

Найбольш пашыраны ў мове аўтара злучнікавыя параўнанні, часцей за ўсё параўнальныя звароты ўводзяцца ў сказ пры дапамозе злучніка як. Злучнік як выконвае ролю фармальнага паказчыка вобразнага сродку, супастаўленне суб’екта і аб’екта на аснове іх падабенства. Параўнанне звычайна заснавана на двух кампанентах па іх поўным падабенстве. Такія параўнанні ў кантэксце набываюць калі не новае, то асаблівае гучанне.

Мова твораў Максіма Гарэцкага непаўторна вобразная. Не ў малой ступені гэтаму садзейнічаюць фразеалагізмы – трапны сродак мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Асноўная крыніца фразеалагізмаў – жывая народная мова. Амаль усе пісьменнікі ўжываюць фразеалагізмы са словам ланцуг (старабеларускае ланцугъ, ланьцугъ, ланцухъ ад 1569 г. праз польск. łancuch -сяр.-верхне-ням. lannzug). Але найбольш значную выразнасць яны дасягаюць у мове М.Гарэцкага: Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыцця і зраблю жыццё новае... Парву ланцугі спрадвечнай гульні-лені, ланцугі глуму, шальмоўства і страшэннай, аграмаднай цемнаты векавечнай, тыя ланцугі, што робяць з чалавека скаціну...; як з ланцуга сарваўся “пра паводзіны, учынкі чалавека, які страціў кантроль над сабой; перастаў сябе стрымліваць”; скіну з сябе ... ланцугі сямейнай прывязанасці;

нашчупаць грунт “асцярожна, незаўважна, непрыкметна старацца даведацца пра каго- або пра што-небудзь”(польск.grunt - сяр.-верхне-ням. grund): калі прыйшоў князь, каб паказвацца Міколу Мартынавічу і адным захадам нашчупаць грунт у справе сватання;

з гакам (польск.hak - нов.-верхне-ням. Hacke) “з лішкам, з лішнім”: дзве тысячы статуй і нават з гакам;

узяць на цугундар ”прыцягваць да адказнасці; караць каго-небудзь, распраўляцца з кім-небудзь”: Вы хочаце сёння канчаткова ўзяць мяне на цыліндр! На цугундар, а не на цыліндар. Вы думаеце, я не ведаю, што азначае на цугундар?Я ўспомніла: нямецкае цуг – ланцуг, а гундар – сабака, -- на сабачы ланцуг.

У жывой народнай мове твораў Максіма Гарэцкага сустракаецца шмат назоўнікаў з памяншальнымі суфіксамі. Гэта пераважна словы, якія з”яўляюцца назвамі канкрэтных прадметаў. Усе лексемы ўтвораны шляхам далучэння да ўтваральнай асновы суфіксаў:

к-: зэдлік (польск.sedel - сяр.-верхне-ням.sedel) ”зэдаль”: заснуў на зэдліку; зэдлік вузкі, нізкі, вось і зваліўся стары; зэдлік ківаецца на няроўных ножках; крамка (польск. krama - сяр.-верхне-ням. kram)”невялічкі магазін”: І крамку адчыніў; пляшка (старабеларускае фляша, пляша, хвляша “пляшка, бутэлька” – польск.flasza - сяр.-верхне-ням. vlasche): дзве пляшкі віна паклалі; Аўстрыяк ... бразнуў бляшанаю пляшкаю, з якой пілі гарэлку, аб сваю стрэльбу; пляшкі гільзы; піпка (старабеларускае піпа ”бочка” – польск.pipа “бочка; люлька для курэння” – сяр.-ніжне-ням. pipe)“люлька для курэння”: набіўшы піпку табакою; шафка (польск.szafa- нов.-верхне-ням. Schaff): лямпачка на століку - шафцы; фортка (старабеларускае форта “фортка,дзверы” -польск.forta – нов.-верхне-ням. Pforte): фортка ў браме – толькі на ланцугу; шыбка (польск.szyba - сяр.-верхне-ням. schibe): падбегла да шыбка; шуфлядка (польск.szuflada - нов.-верхне-ням.Schublade): шуфлядку адчыняе; шпулька (польск.szpula - нов.-верхне-ням. Spule): шпулька з кабелем; шрапнелька (руск. шрапнель – нов.-верхне-ням. Schrapnel): Жжу – жшу-гру-укх! - вагам, з растучымі націскамі ў гуках ... прагудзела шрапнелька;

-ачк-: пампушачка (старабеларускае пампушокъ, помпушка, понпушка польск.pampuch - нов.-верхне-ням.Pfannkuchen): іншы ў сталовай кілбаскі ўбірае ды пампушачкі розныя смакуе; Ужываецца ў мове М.Гарэцкага і слова пампушкі: пякла... розныя пампушкі; пляшачка: пляшачкі з лякарствамі; пушачка (старабеларускае пушка “гармата; скрынка” – польск.puszka - чэшск.puŝka -ст.-ням. buhsa): кідалі яму ў бляшаную пушачку грошык; пушачка з махоркаю; пушачка ад ваксы; фортачка: (Кузьма сказаў дзяцём слоў колькі праз фортачку); рэштачкі (польск. reszt - нов.-верхне-ням. Rest): рэштачкі соку і інш.;

-оўк-: прыйдуць людзі з рання з сякерамі, з грацоўкамі (польск. graca - нов.-верхне-ням. Kratze).

У творах Максіма Гарэцкага звяртаюць на сябе ўвагу наступныя дзеясловы нямецкага паходжання:



бракаваць (польск.brakowa

-нов.-верхне-ням. bracken) ”не хапаць”: няможна ім ехаць, чалавека бракуе;



гвалтаваць, гвалціць (польск. gwałcić, gwałtowa

, gwałt з нов.-верхне-ням. Gewalt): гвалтавалі панічы; як немцы гвалцілі дзяўчат-жмудзінак;

мардаваць, замардаваць, намардаваць (польск.mordowa

- нов.-верхне-ням.morden) “знясільваць цяжкай працай, марыць, мучыць”: усе мы адны, старыя, мардуемся; Шклянскі замардаваў людзей прыгонам; замардаваныя коні; людзі замардаваліся; калі варта намардаваць другога сабаку за што якое – не ўваж! змардоваліся за дзень дарогі;



перажагнацца (польск. żegna

- нов.-верхне-ням. segnen)” перахрысціцца”: перажагнаўся на абразы;



пляцкаць (нов.-верхне-ням. platzen “ступаць, хутка ісці, урывацца, трэскацца”) ”ступаць”: пляцкалі конскія падковы;

рапараваць (нов.-верхне-ням. reparieren) “рамантаваць”: узяўся рапараваць абутак;

шмальцаваць (нов.-верхне-ням. Schmalz, schmelzen) ”запэцкваць, вымазаць чым-небудзь”: паперы... ад часу звільгатнелі, зашмальцаваліся.

Як бачым, кожнае слова Максіма Гарэцкага сведчыць пра яго назіральнасць над рознымі прадметамі, пры гэтым знаходзіў і выбіраў ён тыя словы, якія дазваляюць дасягнуць дакладнасці і арыгінальнасці. Мастацкасць выказвання дасягаецца памяншальна-ласкальнымі формамі. Адметная асаблівасць творчай манеры пісьменніка – гэта шырокае выкарыстанне народных слоў. “Ён чэрпаў з чыстых народных крыніц, прычым чэрпаў, пісаў праўдзіва, як чуў. У яго мове ёсць натуральнасць, праўдзівасць, зусім няма штучнасці. Усё ішло ад жыцця, ад слова народнага” [1, c.77].

З непадробнай праўдай маляваў жыццё Максім Гарэцкі; вельмі чутны да народна-дыялектнай мовы. Напісанае ім па-народнаму проста, займальна і мудра. Чытаючы творы М.Гарэцкага, я атрымала найвялікшую асалоду.

Спіс літаратуры



  1. Гаўрук Ю. Максім Гарэцкі. Успаміны, артыкулы, дакументы. - Мн.: Мастацкая лiтаратура, 1984.- с.77

Звесткі пра аўтара

Галай Вольга Максімаўна – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры нямецкай мовы Беларускага джяржаўнага універсітэта. г.Мінск, Беларусь


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка