В. В. Жыбуль (Мінск) Я. Сатуноўскі І е. Лось




Дата канвертавання14.02.2017
Памер86.69 Kb.
В. В. Жыбуль (Мінск)
Я. САТУНОЎСКІ І Е. ЛОСЬ:

НЕВЯДОМЫЯ СТАРОНКІ ТВОРЧЫХ СУВЯЗЕЙ
Ян Сатуноўскі (сапраўднае імя Якаў Абрамавіч; 1913 – 1982) – выбітны расійскі паэт-поставагардыст, прадстаўнік “неафіцыйнай” паэзіі, член андэграўнднай Ліянозаўскай групы, у якую таксама ўваходзілі паэты Я. Крапіўніцкі, Ус. Някрасаў, Г. Сапгір, І. Холін, мастакі Л. Крапіўніцкі, А. Рабін, М. Вячтомаў, Л. Масцяркова, У. Нямухін. У савецкім друку Я. Сатуноўскі, як і іншыя літаратары-ліянозаўцы, быў вымушаны рэалізоўваць сябе амаль выключна як дзіцячы паэт. Усяго ён выдаў 15 кніжак дзіцячых вершаў, загадак, лічылак.

Акрамя таго, Сатуноўскі выступаў як крытык і літаратуразнаўца: ён надрукаваў шэраг артыкулаў пра паэзію (пераважна дзіцячую). Цікаўнасць да крытычнай спадчыны Я. Сатуноўскага ў апошні час заўважная: у 2009 г. быў выдадзены зборнік яго артыкулаў [5], куды ўвайшло 16 прац, 9 з якіх апублікавана ўпершыню. Цяпер да гэтага спісу можна далучыць і яшчэ адну крытычную працу Я. Сатуноўскага – рэцэнзію на рукапіс кнігі “Лесной цветок” беларускай паэткі Еўдакіі Лось (1929 – 1977), выяўленую ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

У адрозненне ад Я. Сатуноўскага, творчасць Е. Лось не выбівалася з эстэтычна-ідэалагічных рамак савецкай літаратуры – паэтка дастаткова рана атрымала прызнанне як у Беларусі, так і за яе межамі. Яе вершы перакладзены (збольшага пры жыцці аўтаркі) на 30 моваў свету, у тым ліку на рускай выйшлі 5 кніг паэзіі для дарослых і 3 – для дзяцей. З іх апошняй па часе якраз і ўбачыла свет згаданая кніга “Лесной цветок”. Як сведчаць матэрыялы перапіскі Еўдакіі Лось з паэтам і перакладчыкам Якавам Акімам, ідэя выдаць трэцюю кнігу для дзяцей на рускай мове з’явілася ў яе ў 1974 г. [2, с. 2]. Праз пэўны час Е. Лось прапанавала рукапіс (на мове арыгіналу) маскоўскаму выдавецтву “Детская литература”. Пасля разгляду заяўкі ён быў перададзены на рэцэнзію Я. Сатуноўскаму як дзіцячаму паэту і патрабавальнаму крытыку “са стажам” і з вытанчаным эстэтычным густам. А 24 жніўня 1976 г. старшы рэдактар выдавецтва Карл Арон адаслаў Еўдакіі Лось ліст, да якога і прыкладаўся машынапіс рэцэнзіі [1, с. 6]. Асабіста ж Я. Сатуноўскі і Е. Лось, магчыма, ніколі і не сустракаліся: іншых сведчанняў іх перапіскі альбо асабістага знаёмства ў аб’ёмным архіўным фондзе паэткі не выяўлена.

Тым не менш, звяртае на сябе ўвагу наступны факт. Еўдакія Лось з’яўляецца адзінай аўтаркай з Беларусі, на чыю творчасць адгукнуўся Сатуноўскі-крытык. І гэта падаецца невыпадковым. На творчасць Е. Лось Я. Сатуноўскі звярнуў увагу яшчэ да знаёмства з рукапісам кнігі “Лесной цветок”. У 1970 – 1971 гг. паэт і крытык напісаў артыкул “Корнеева строфа”, прысвечаны асабліваму тыпу страфы з былінным альбо лічылкавым рытмам і апошнім халастым радком, распрацаванай Карнеем Чукоўскім. Прыводзячы прыклады такой страфы ў рускай арыгінальнай і перакладной паэзіі, аўтар згадвае і Е. Лось (“Нет медузы / В руке, / Нет медузы / На песке. / Высохла!” [5, с. 17]), але, відаць, памылкова, называе яе ўкраінскай паэткай. Звярнуўся Я. Сатуноўскі да паэзіі Е. Лось і ў артыкуле “А зачем нужен Азачем?” (апублікаванай пасмяротна ў вышэй згаданым зборніку), цытуючы на гэты раз верш “Пых”, дзе гукаперайманне робіцца найменнем персанажа – нейкай нябачнай істоты, якая жыве ў дзежцы з цестам: “Жил-был пых. / Он сначала / Был тих. / Он сидел в квашне / На самом дне, и т. д.” [5., с. 85]. (Праўда, публікатары артыкула, відаць, не расчыталі почырку ці машынапісу аўтара, і замест “Е. Лось” у артыкуле набралі “Е. Лесь”.) І ў першым, і ў другім выпадках Я. Сатуноўскі падае цытаты па кнізе “Синие дни”, якая выйшла ў 1971 г. у перакладзе Эльміры Катляр.

Ужо ў першым абзацы рэцэнзіі Я. Сатуноўскі характарызуе Е. Лось як “поэта фольклорной традиции” і зазначае, што “в ее творчестве значительное место занимают скороговорки, считалки, дразнилки, песенки типа закличек, загадки, небылицы и т. п.” [4, с. 1]. Сувязь паэзіі (асабліва дзіцячай) і фальклору – адна з тых ключавых тэм, якія Сатуноўскі-крытык паслядоўна распрацоўваў у сваіх артыкулах – дастаткова згадаць такія яго працы, як “Корнеева строфа”, “Ритмы считалки в стихах Маяковского”, “Сергей Третьяков – автор считалок”, «Автор “Зайчика”», “Считалкам больше полувека” і інш. Звяртаючы вялікую ўвагу на інтанацыю, рытм, фанетычную структуру дзіцячай паэзіі, Я. Сатуноўскі бачыў у фальклорных творах ідэальнае спалучэнне формы і зместу, тую жыватворную крыніцу, з якой варта чэрпаць матэрыял і сучасным аўтарам. І выкарыстанне фальклору ў вершах Е. Лось – як гульнёвых (“Быль ці не?”, “Што жывое?”, “Смачныя літары” і інш.), так і лірычных (“Вуліца Берасцянская”), – падалося рэцэнзенту адчувальным, жывым і ўдалым. Звярнуў увагу крытык і на наватарскі характар некаторых вершаў Е. Лось, дзе фальклорная аснова пераплятаецца з рэаліямі сучаснага жыцця і, такім чынам, “сутыкаюцца прыкметы старога і новага” [4, с. 2]. Станоўча адзначыў Я. Сатуноўскі і такія – безумоўна, істотныя для юнага чытача – якасці лірычных вершаў Е. Лось, як мажорнасць і жыццярадаснасць.

Даўняя зацікаўленасць пісьменніка дзіцячым фальклорам розных народаў і яго перакладамі вылілася, напрыклад, у выданне кнігі “Что за кони! (Считалки по мотивам фольклора разных народов)” (1972), але прыкладаў з беларускай вуснай народнай творчасці там не знойдзем – напэўна, таму, што Я. Сатуноўскі не меў на той момант адпаведнага матэрыялу. Аднак з цягам часу матэрыял быў здабыты, і ў 1976 г., рэцэнзуючы рукапіс кнігі Е. Лось, аўтар меў у сваім распараджэнні зборнік “Дзіцячы фальклор” (Мінск, 1972), падрыхтаваны Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Менавіта знаёмства са згаданым выданнем звярнула ўвагу Я. Сатуноўскага на недахоп скарагаворак у беларускіх фалькларорных выданнях, таму расійскі паэт вітаў зварот Е. Лось да гэтага жанру і выказаў спадзяванне, што “скороговорки Е. Лось найдут самое широкое распространение среди белорусской детворы” [4, с. 1].

У цэлым Я. Сатуноўскі ацаніў дзіцячую паэзію Е. Лось надзвычай станоўча. Заўвагі рэцэнзента выклікала толькі паэма “Здарэнне ў пушчы”. Аповед пра тое, як дзяўчынка Эла пайшла збіраць суніцы і заблукала ў Белавежскай пушчы і як яе выратавала аўчарка Керы, падаўся рэцэнзенту занадта зацягнутым. Але зусім пазбаўляць расійскага чытача знаёмства з гэтым творам Я. Сатуноўскі не хацеў, бо знаходзіў яго “не пазбаўленым паэтычна значных дэталяў”: “Вяловатый местами стих становится живым и напряженным при описании обитателей пущи – оленя, тетерки и т. д., в рассказе о пограничной службе” [4, с. 4]. І схільны да лаканізму рэцэнзент выбраў кампрамісны варыянт, прапанаваўшы перакласці на рускую мову некалькі найбольш яркіх урыўкаў з паэмы.

Аднак, як сведчыць ліст К. Арона, былі ў рукапісе прадстаўлены і такія творы, пра якія Я. Сатуноўскі ў рэцэнзіі не згадаў і якія былі відавочна найслабейшым бокам меркаванай кнігі. Размова ідзе пра вершы з выразнай ідэалагічнай афарбоўкай, прысвечаныя знакавым для таго часу будоўлям СССР і сацыялістычнаму будаўніцтву ўвогуле. Хутчэй за ўсё, Я. Сатуноўскі ў рэцэнзіі свядома вырашыў пазбегнуць гэтай несімпатычнай яму тэмы і палічыў за лепшае дыпламатычна прамаўчаць пра такія вершы, зрабіўшы акцэнт на найбольш удалых творах – тых, што маюць фальклорныя карані. І тады замест яго ў лісце да паэткі выказаўся К. Арон (сам, між іншым, аўтар некалькіх кніг для дзяцей): «В рецензии Я. Сатуновского… справедливо отмечается наиболее сильная сторона Вашего творчества как детского поэта – связь с фольклорной традицией. Неудивительно поэтому, что лучшие стихи сборника – те, которые так или иначе соприкасаются с детским фольклором. Они более самобытны и оригинальны, в них ярче проявляется Ваша поэтическая индивидуальность, чего, к сожалению, нельзя сказать о таких стихах, как “Моя пятилетка”, “Письмо с БАМа”, “Дом”, “Черный уголь” и т. п.» [1, с. 6].

Цікава, што з вершаў Е. Лось, якія падаліся Я. Сатуноўскаму “самымі цікавымі і адначасова самымі характэрнымі для яе творчасці”, шэсць ён падаў ва ўласным перакладзе. Таму рэцэнзія дазваляе ацаніць не толькі крытычныя, але і перакладчыцкія здольнасці Я. Сатуноўскага. Прапануючы свае рускомоўныя інтэрпрэтацыі вершаў Е. Лось, рэцэнзент прызнаецца, што перакласці іх блізка да тэксту (“почти дословно”) яму ўдавалася крайне рэдка, і пагаджаецца з меркаваннем паэта і перакладчыка Мікалая Ушакова: «“Существует мнение, что переводить с родственного языка на родственный более, чем легко, что в корне неверно. […] Близость языков создает дополнительные, иногда огромные трудности для переводчиков” (“Состязание в поэзии”, Киев, 1969 г.)» [4, с. 3].

Нягледзячы на “ўнутраны”, не публічны характар сваёй рэцэнзіі, Я. Сатуноўскі паставіўся да перакладаў з усёй адказнасцю, імкнучыся перадаць якраз не літаральны сэнс, а семантычную аснову, агульную інтанацыю і настрой вершаў, пакідаючы нязменнымі толькі ключавыя дэталі, неабходныя для паўнавартаснага ўспрымання паэтычных твораў. Вось, напрыклад, арыгінал і пераклад верша “Бераз-бераз”:

Е. Лось: “Бераз-бераз, / беразень, / ходзіць бусел / дзень у дзень. / Па балоце, / па чароце, / па спякоце / і па слоце. / Ходзіць бусел, / чап ды чап… / Разагнаў бульдозер / Жаб!” [3, с. 3];

Я. Сатуноўскі: “Март-апрель, / март-апрель, / ходит аист / пять недель. / Ходит, бродит, / сам не рад, / по болоту / наугад. / По болоту / чап да чап… / Разогнал бульдозер / жаб!” [4, с. 2].

Нечаканую інтэрпрэтацыю набыў верш “Вуліца Берасцянская”, які ў арыгінале выглядае наступным чынам: “Гула тут калісьці / труба-берасцянка, / пастух сустракаў / свае росныя ранкі. / Рыкалі рагулі, / бляялі ягняткі – / тупалі ў пыле / сонныя статкі… / Вулку таму / Берасцянскай назвалі, / хоць тут машыны / даўно зарыкалі / і збудавана / многа падрад / высокіх дамоў / і садоў дашкалят… / А што, раскажы, / на тым месцы было, / дзе твайго дома заззяла святло?” [3, с. 2].

Напэўна, вырашыўшы, што такая рэалія, як “труба-берасцянка”, не будзе зразумелая юнаму расійскаму чытачу, Я. Сатуноўскі прапанаваў іншую, не менш паэтычную этымалогію назвы вуліцы, адштурхнуўшыся ад другога значэння слова берасцянка – назвы птушкі (па-руску – зяблик). Толькі дзеля гэтага давялося “перайменаваць” і вуліцу, усталяваўшы асацыяцыю са знаёмым масквічам раёнам Зяблікава: “Наверно, здесь зяблики / пели когда-то. / Пастух хлопотал / от зари до заката. / Ревели коровы, / вставая с земли. / Ягнята – туп-туп! – / топотали в пыли. / Здесь встали дома – / за доминой домина. / Здесь автомашины / сегодня ревут. / А зяблики, — / зябликов нет и помину! / Но улицу / Зябликовой зовут” [4, с. 2].

Напраўду ж рэальна мінская вуліца Берасцянская (на якой, дарэчы, і жыла Е. Лось) атрымала імя ў канцы ХІХ ст., хутчэй за ўсё, ад старажытнай назвы горада Брэста – Бярэсце, Берасце.

Кніга “Лесной цветок”, як і меркавалася, выйшла ў перакладзе Я. Акіма, з далучэннем некалькіх вершаў (“Синие дни”, “Лесной цветок”, “Пых” і “Рыбалка”), перакладзеных раней Э. Катляр і ўжо друкаваных у кнізе “Синие дни” (1971). Прычым выданне адбылося толькі ў 1986 г., калі ні Е. Лось, ні Я. Сатуноўскага ўжо не было ў жывых. Як паказвае аналіз ліставання маскоўскіх выдавецтваў з Е. Лось, такая затрымка адбылася хутчэй за ўсё па прычыне перагружанасці рэдакцыйнага партфеля. Так, напрыклад, выхаду зборника “Песня твоей сестры” ў выдавецтве “Молодая гвардия” паэтцы давялося чакаць чатыры гады: з 1973 да 1977 г. [1, с. 7—8].

У выніку ў кнігу “Лесной цветок” увайшло 17 вершаў: “Голоса поля”, “Что живое?”, “Синие дни”, “Сани”, “Чёрный дятел”, “Лесной цветок”, “Мои рисунки”, “Зайчик-побегайчик”, “Светлячок”, “Сморчки”, “Сорока-белобока”, “Считалка”, “Беглец”, “Мой дедушка”, “Андрейкина рубаха”, “Пых”, “Рыбалка”. Атрымліваецца, што пачатковы рукапіс кнігі быў нашмат больш аб’ёмны за яе канчатковы варыянт, а з вершаў, да якіх звяртаўся і Я. Сатуноўскі, Я. Акім пераклаў толькі адзін – “Считалка”. Такім чынам, вершы “Самавар”, “Мала шыла…”, “Бераз-бераз…”, “Вуліца Берасцянская”, “Смачныя літары” па-руску існуюць толькі ў перакладзе Я. Сатуноўскага, што яшчэ больш павышае каштоўнасць яго рэцэнзіі.

Такіх непадобных адно да аднаго аўтараў, як Ян Сатуноўскі і Еўдакія Лось, аб’ядналі дзве стыхіі: дзіцячая паэзія і фальклор. Перакрыжаванне нечаканае, але і невыпадковае.

______________________________

1. Лісты выдавецтваў “Детская литература”, “Молодая гвардия”, “Советский писатель” да Е.Я. Лось па пытаннях творчага супрацоўніцтва // БДАМЛМ. – Ф. 141. – Воп. 3. – Адз. зах. 195. – Арк. 1 – 12.

2. Лось, Е. [Ліст да Я. Акіма ад 14.12.1974] // БДАМЛМ. – Ф. 141. – Воп. 3. – Адз. зах. 100. – Арк. 2 – 2 адв.

3. Лось, Е. Смачныя літары. / Е. Лось. – Мінск, 1978.



4. Сатуновский, Я. Евдокия Лось. Лесной цветок (рукопись): Рецензия // БДАМЛМ. – Ф. 141. – Воп. 3. – Адз. зах. 247. – Арк. 1 – 4.

5. Сатуновский, Я. Литературоведческие и критические статьи / Я. Сатуновский. – München: ImWerdenVerlag, 2009.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка