В. В. Кулеш (Мінск) беларуска-балгарскія літаратурныя




Дата канвертавання31.01.2017
Памер57.37 Kb.
В. В. Кулеш (Мінск)
БЕЛАРУСКА-БАЛГАРСКІЯ ЛІТАРАТУРНЫЯ

СУВЯЗІ НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ
Беларуска-балгарскія літаратурныя сувязі маюць трывалыя і даўнія традыцыі. Аб гэтым сведчаць працы Мельцара Д. Б. Нікіфаровіча В. Цімашковай Л. і інш.

У нашым даследаванні мы засяродзім увагу на рэцэпцыі беларускай літаратуры ў Балгарыі ў перыяд з 1990-х гадоў і да нашых дзён.

Як адзначае М. Даўгяла, кантакты паміж дзяржавамі “у перыяд з 1992 па 1995 год развіваліся недынамічна з-за праблем унутрыпалітычнага і эканамічнага характару ў абедзвюх краінах”. [4, с. 27]. Падобнага меркавання прытрымліваецца і М. Костурава-Парашкевава, сябра рады таварыства «Балгарыя – Беларусь». У артыкуле «Адраджэнне традыцый – перадумова існавання славянскага адзінства» яна выкладае свае погляды на стан і развіццё культурна-грамадскіх сувязяў паміж усімі славянскімі краінамі і заклікае да пераацэнкі маральна-духоўных каштоўнасцяў і поглядаў мінулага, а таксама да «адраджэння лепшых самабытных традыцый паміж славянскімі народамі». [5, с. 9].

Пасля часовага зацішша, якое прыпадае якраз на пачатак 90-х гадоў, у літаратурных кантактах паміж Балгарыяй і Беларуссю пачынаецца аднаўленне культурных традыцый мінулых дзесяцігоддзяў, асабліва ў галіне перакладу. Прыкметнай з'явай стала выданне ў Сафіі ў 1997 годзе альманаха «Панарама: сучасная беларуская літаратура» («Панорама: съвременна беларуска литература»). У кнігу ўвайшлі пераклады вершаў Эдзі Агняцвет, Васіля Жуковіча, Алеся Пісьмянкова і Алеся Разанава. Проза была прадстаўлена імёнамі Уладзіміра Арлова, Янкі Брыля, Адама Глобуса, Генрыха Далідовіча, Анатоля Кудраўца і іншых. Як адзначыў у прадмове вядучы рэдактар выпуску балгарскі паэт і перакладчык Стэфан Паптонеў, «гэта першае маштабнае знаёмства з беларускімі пісьменнікамі балгарскага чытача, які цікавіцца працэсамі, што адбываюцца ў самастойнай Беларусі» (г.зн. не ўскладзе былога СССР, падчас існавання якога беларуская літаратура ў Балгарыі часцей за ўсё ўспрымалася ў кантэксце савецкай – В. К), «духоўнымі каштоўнасцямі яе народа, пошукамі беларускіх пісьменнікаў..» [6, с. 8]. У падрыхтоўцы гэтага выдання бралі ўдзел 16 балгарскіх перакладчыкаў, сярод якіх Зоя Васілева, Найдан Вылчаў, Стэфан Паптонеў, Румяна Яўцімава, Венета Казарава, Янка Дзімаў і іншыя.

У 1997 годзе па-балгарску загучала паэма вядомага беларускага паэта-гуманіста эпохі Адраджэння Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» («Песен за зубъра»). Твор пачаў перакладаць нябожчык Андрэй Германаў, завяршыў справу паэт і перакладчык Найдан Вылчаў.

Асобна хочацца адзначыць цікавасць ў Балгарыі да творчай спадчыны Васіля Быкава. Балгарская грамадскасць ужо добра знаёмая з творамі беларускага пісьменніка, якія выдаваліся на балгарскай мове ў папярэднія дзесяцігоддзі. Што ж тычыцца акрэсленага перыяду, то менавіта пераклады Быкава склалі значную частку з усёй беларускай літаратуры, якая загучала тады па-балгарску. Гэта аповесці “У тумане” (“В мъглата”) і “Аблава” (“Хайка”) (1996) і аповесць у Быкава “Пакахай мяне, салдацік” (“Обикни ме, войниче”) (1997).

Пачатак ХХІ стагоддзя з’яўляецца надзвычай плённым у развіцці сувязяў паміж братнімі літаратурамі. Па замацаванай у папярэднія часы традыцыі, адной з самых распаўсюджаных формаў літаратурных кантактаў выступіў пераклад. Перакладаліся перш за ўсё паэтычныя творы. У 2000 г. у сафійскім выдавецтве “Панарама” была выдадзена двухмоўная «Анталогія беларускай паэзіі» (“Антология на беларуската поезия”). Асаблівая заслуга ў з’яўленні гэтага выдання належыць яго ўкладальніку і аўтару прадмовы, вядомай балгарскай даследчыцы беларуска-балгарскіх літаратурных сувязей Румяне Яўцімавай. У анталогію ўключаны лепшыя творы беларускіх аўтараў розных пакаленняў. Першыя паэтычныя імёны гэтага збору паэзіі належаць тым, хто нарадзіўся ў далёкім ХІІ ст. (напрыклад, Кірыла Тураўскі), а апошнія – народжаным у 70-я і 80-я гады ХХ ст. (Зміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль). У акрэсленых храналагічных межах голас беларускай паэзіі то гучаў на ўсю моц, то заміраў. Галоўныя яе лірычныя героі – Паэт і Час. Яны і ствараюць лірычны аповед гісторыі Беларусі, азнаёміцца з якой атрымаў магчымасць балгарскі чытач. У анталогіі годна прадстаўлена і “жаночае аблічча” беларускай паэзіі. Гэта і Цётка (Алаіза Пашкевіч), і Вольга Іпатава, і Яўгенія Янішчыц, і Людміла Рублеўская, і Вальжына Морт.

Калі папярэдняя кніга з’яўляецца плёнам працы перакладчыцкага калектыву, то выдадзены ў гэтым жа 2000 годзе зборнік “Мой беларускі сшытак” (“Беларуската моя тетрадка”) – вынік амаль 40-гадовай працы аднаго перакладчыка – вядомага балгарскага паэта Найдана Вылчава, яго аўтарская анталогія.

Новы імпульс беларуска-балгарскім літаратурным сувязям быў нададзены пагадненннем аб супрацоўніцтве паміж саюзамі пісьменнікаў абедзвюх краін, якое было заключана ў выніку візіту ў Балгарыю ў кастрычніку 2001 г. старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольгі Іпатавай. У рамках візіту былі праведзены Дні культуры Беларусі ў балгарскіх гарадах Враца, Карлава і Велінград.

2002-і год адметны выхадам адразу трох перакладных кніг беларускіх аўтараў.

120-годдзе беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа і 110-годдзе Максіма Багдановіча балгарская культурная грамадскасць адзначыла выхадам зборніка выбраных паэтычных твораў “Магутны трыпціх. Выбраныя вершы беларускіх паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча” (“Могъщият триптих. Избрани стихове от беларуски поети Янка Купала, Якуб Колас, Максим Багданович”). Творчасці кожнага з паэтаў адведзены асобны раздзел. Балгарскія інтэрпрэтацыі твораў беларускіх класікаў належаць Андрэю Германаву, Зоі Васільевай, Івану Давыдкаву, Найдану Вылчаву, Хрыста Папову, Янка Дзімаву, Пырвану Стэфанаву. Дзеячы навукі і культуры Балгарыі ў выданні юбілейнага зборніка “Магутны трыпціх” бачаць і другую сімволіку – звязаную са 125-годдзем вызвалення Балгарыі ад асманскага прыгнёту”. Як вядома, сярод удзельнікаў вызваленчай Руска-турэцкай вайны 1877-1878 гг. былі і беларусы.

У 2002 г. была выдадзена ў Балгарыі і кніга вершаў Сяргея Законнікава «Шлях душы» («Пътят на душата»). На прэзентацыі гэтай кнігі адзначалася, што яе выхад стаў падзеяй у літаратурным жыцці Балгарыі і каштоўным падарункам усім аматарам беларускай паэзіі. Выдатным перакладчыкам Алене Алекавай, Зоі Васільевай, Найдану Вылчаву, Марка Ганчаву, Стэфану Паптоневу ўдалося дасканала перадаць каларыт аўтарскіх вершаў майстра філасофскай паэзіі на балгарскай мове. Складальнікам і рэдактарам зборніка быў Найдан Вылчаў.

2002-м годам датуецца і пераклад зборніка твораў Вольгі Іпатавай «Пятнаццаць вершаў і адна аповесць» («Петнайсет стихотворения и една повест»). З аповесці «Прадслава», прысвечанай 900-гадоваму юбілею Еўфрасінні Полацкай, балгарскія чытачы маглі даведацца аб жыцці і дзейнасці гэтай святой.

Увагу балгарскіх перакладчыкаў прыцягвалі не толькі знакамітыя, сталыя паэты, але і маладое паэтычнае пакаленне. 2004 год азнаменаваны выхадам зборніка з метафарычнай назвай «Сустрэча з вясной» («Среща с пролетта»). Яго аўтары – тыя, хто нарадзіўся ў 80-я гады ХХ ст.: Віка Трэнас, Віктар Іваноў, Янка Лайкоў і інш.

1986 год ўвайшоў у нашу гісторыю шчымлівым болеем. «Боль» («Болка») – гэта слова стала назвай для зборніка вершаў беларускіх паэтаў пра Чарнобыль, які быў выдадзены ў Сафіі ў 2005 г. Як адзначана ў прадмове да кнігі, «гэты зборнік не зварот па дапамогу. Уключаныя ў яго творы з'яўляюцца творчым і філасофскім асэнсаваннем паслячарнобыльскага шляху беларускага народа. Гэта калетыўная споведзь перад светам, які не зведаў такога болю» [7, с. 4].

Важна адзначыць ролю пасольства Рэспублікі Беларусь у Балгарыі па папулярызацыі твораў беларускай літаратуры, якое спрыяла перакладу і выданню іх ў гэтай дружалюбнай краіне, арганізоўвала іх прэзентацыі з удзелам культурнай эліты балгарскай сталіцы.

Акрамя перакладу як найбольш распаўсюджанай формы літаратурных кантактаў, выкарыстоўваюцца яшчэ і такія, як праводзімыя ў Сафіі і іншых балгарскіх гарадах літаратурныя вечары, прысвечаныя творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. А з нагоды 10-годдзя Дагавора «Аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Балгарыя» (кастрычнік 2003 г.) у Сафіі адбыўся літаратурны салон, арганізаваны пасольствам Беларусі сумесна з балгарскім таварыствам дружбы «Балгарыя—Беларусь».

______________________________

1. Мельцер Д. Б. Белоруссия и Болгария: дружба вечная, нерушимая / Д. Б. Мельцер. — Мн., 1981.

2. Нікіфаровіча В. Дарогі ў шырокі свет. Старонкі літаратурных узаемасувяей / В. Нікіфаровіч. — Мн., 1979.

3. Цімашкова Л. Беларуска-балгарскія літаратурныя сувязі / Л. Цімашкова. — Мн., 1963.

4. Даўгяла М. Беларуска-балгарскае супрацоўніцтва (1992-1997) / М. Даўгяла. // Беларускі гістарычны часопіс. 1998. № 2.

5. Костурава-Парашкевава М. Адраджэнне традыцый – перадумова існавання славянскага адзінства / М. Костурава-Парашкевава. // Кантакты і дыялогі. 1998. № 9.

6. Поптонев С. Към читателите // Панорама : съвременна беларуска литература / С. Поптонев. — София, 1997.



7. Петров А. Колективна изповед пред света. // Болка. Белоруски поети за Чернобил / А. Петров. — София, 2005.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка