Вечна жывы агонь




Дата канвертавання26.12.2016
Памер68.37 Kb.
ВЕЧНА ЖЫВЫ АГОНЬ

Эсэ


Калі высокія таполі Цэнтральнага дзіцячага парку на правым беразе Свіслачы пагубляюць усю лістоту, з балкона мае кватэры добра відаць праз парадзелае плеціва вецця белаватую стэлу з прыгожым Ордэнам на макаўцы, што вянчае велічны манументальны ансамбль на плошчы Перамогі. Сталася ў мяне добрай звычкаю: калі ад працы за рабочым сталом ці ад клопату і мітрэнгі дня, што, здараецца, прайшоў іначай ніж табой планавалася, галава пацяжэла, бы ўчадзела, выходзіць з хаты і, мінуўшы будынак Дзяржаўнага цырка, шнураваць усцяж праспекта менавіта сюды, на славутую мінскую плошчу. Панізу помніка героям Вялікай Айчыннай вайны і мужнасці народа тут, акаймаваны адшліфаванымі да люстранога бляску чырвонымі гранітнымі плітамі, удзень і ўначы трапечацца, бы крылы казачнай птушкі, Вечны агонь памяці і ўдзячнасці жывых.

Звычайна прыцішыш хаду на мосце праз Свіслач, паглядзіш на спакойную плынь ракі, дзе зыркія мярэжкі святла электрычных ліхтароў крояць на дрыготкія трохкутнікі няўтомныя качкі, а потым праз шырокі падземны пераход выходзіш па доўгіх прыступках на плошчу. I ў той жа міг, як толькі ступіў на яе і ўбачыў трапяткія каснікі полымя, што мкнуцца ў вечаровае неба, адразу ж трапляеш пад абладу дзівоснай і магутнай энергетыкі гэтага невялічкага лапіка зямлі і адчуваеш, як дзівосна іначыцца ўся твая існасць: ясніцца ў галаве, чэзне і сплывае з душы дзённая тлумнасць, і няма стомы ў нагах, і сыходзіць на сэрца ўрачыстая лагода. I ты стаіш, адасобіўшыся ад бегу хвілін, ад шырокага няспыннага шлейфу аўтамабільнага святла, што высвечвае невысокі, амаль непрыкметны бардзюр, раздвойваецца, абціскае плошчу і тут жа, адкінуўшы вузейшыя палосы святла ўлева і ўправа, зноў зліваецца ў адно, плыве ў бок плошчы Якуба Коласа, і гнуткія языкі полымя Вечнага агню, бы нечыя клапатлівыя рукі, робяць яму добры знак на шчаслівую дарогу.

Нават у позні вечаровы час плошча не бывае бязлюдная. Прыходзячы сюды, я, часцей за ўсё, бачу маладых хлопцаў і дзяўчат, прыкмячаю задуменнасць і павагу на тварах, асветленых трапяткім полымем; амаль заўсёды на блішчастых гранітных плітах ляжаць прыгожыя жывыя кветкі.

У перадапошнюю пятніцу мінулагодняга снежня я завітаў сюды са сваім сябрам, слынным беларускім паэтам Міколам Мятліцкім. Мы бралі ўдзел у пасяджэнні круглага стала па тэме "Літаратура і наша армія", што праводзіла ў мінскім Доме афіцэраў ваенна-шэфская камісія Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гаворка цікавая, змястоўная, крыху зацягнулася, і патрэба ў праходцы па свежым паветры была аднолькавая ў абодвух, і мы не выбіралі маршрут, бо ён склаўся сам сабою.

На вуліцах ужо запаліліся ліхтары і падсветка будынкаў. Завіруха, што пранеслася над горадам пад канец дня, шчодра і прыгожа зацерушыла тратуары, абляпіла, бы бялюткай ватай, голле дрэў, і машыны, што імчалі праспектам, неслі на сабе зіхоткія снегавыя кучомкі.

Бела-белай, нібыта ў казцы, была і плошча Перамогі. Толькі два ланцужкі слядоў цягнуліся ад верхніх прыступкаў падземнага пераходу да Вечнага агню, і ля яго стаялі хлопец і дзяўчына. Угрэтыя гранітныя пліты паблісквалі ад расталага снегу, і на адной з іх ляжала чырвоная ружа з доўгім ціўем і шырокімі зялёнымі лісцінамі.

Вецер матляў полымя, і гул агняных струменяў, што выляталі з чыгуннага вянка ўглыбі гранітнага квадрата, зменьваўся, і зменьваўся колер ружы: яна то святлела, рабілася ружовай, то набрыняла густымі барвамі. Гэткія ж водсветы агню трымцелі на маладых тварах, асабліва на твары дзяўчыны, якая стаяла, прытуліўшыся да пляча хлопца; хлопец быў мажны і высокі, у вязанай кепцы, зухавата пасунутай з чупрыны на лоб і зацярушанай снегам, і на гэтым белым пагорачку таксама міталіся агняныя крэскі.

Не ведаю чаму, але яе папытаў, ці не яны прынеслі сюды гэтую прыгожую ружу, спадзеючыся на станоўчы адказ. Але хлопец адмоўна хітнуў галавой. А дзяўчына сцішана прамовіла;

— Дзяўчаты тут былі да нас. Яны толькі што пайшлі. Вунька іх след на снезе...

Полымя выгнулася ў наш бок, у твар тхнула гарачынёю. У памяці ажылі радкі песні, якую я ўпершыню пачуў з шапіка на базары ў Піцундзе, дзе ішоў бойкі гандаль касетамі, што былі тады пад забаронаю. "А в Вечном огне вижу вспыхнувший танк, // Горящие русские хаты, // Горящий Смоленск и горящий рейхстаг, // Горящее сердце солдата".

Зноў закарцела даведацца, ці ведаюць закаханыя, хто напісаў гэтыя радкі. На жаль, не ведалі, і я адчуў непамыснасць: наладзіў, бач ты, нейкі экзамен на святым месцы. Ды іх жа — напэўна ж! — і на свеце яшчэ не было, калі песні Высоцкага бралі ў палон сэрцы мільёнаў.

Правёўшы Міколу да ўваходу ў метро, я не пакіраваў дамоў, а ўзняўся па прыступках на плошчу, падпарадкоўваючыся неўсвядомленым парываннем папрасіць тых хлопца і дзяўчыну прабачыць мне залішнюю цікаўнасць.

Але іх на плошчы ўжо не было. На тым месцы цяпер стаяла модна апранутая жанчына, і яна ўважна сачыла за хлопчыкам гадоў на пяць у чырвонай, спартыўнага крою куртачцы, які сіліўся дацягнуцца да прымацаванага да бакавіны помніка доўгага трохграннага мяча, спавітага пасярэдзіне лаўровай галінкаю і стужкай з металу. Прысыпаны снегам меч з вітой рукаяткаю, асветлены дрогкімі промнямі святла аўтамабільных фараў, выглядаў фантастычна, як бы сунуўся ў рукі хлопчыка. Але пастаўленыя наўскос мармуровыя пліты, на якія ў святочныя дні кладуцца рытуальныя вянкі і кветкі памяці, былі гладкія, слізкія ад снегу і рабілі марнымі ўсе хлапчукоўскія высілкі.

— Андрэйка! Не трэба туды караскацца, — ласкава паклікала жанчына. — Ідзі сюды! Дамоў трэба ісці. Вячэра чакае!

Хлопчык нейкі час сядзеў панізу пастамента, зачараваны цяпер шлейфам святла аўтамабільных фараў, што ляцеў з боку Кастрычніцкай плошчы, потым ускочыў, патрос рукой, быццам вітаў гэты бясконцы і трапяткі шлейф святла. Адале ён гарэзна заскакаў па прыступках і падбег да маці. Ад новага парыву ветру полымя Вечнага агню матлянулася яму насустрач, і гук агняных струменяў набыў прыгожае гучанне. Хлопчык нахіліўся, здзіўлены, і, паслухаўшы спеў агню, радасна выгукнуў:

— Агонь жывы! Ён спявае! Ты чуеш, мама?

— Чую, мой даражэнькі, чую. Але хадзем дамоў, - настойліва папрасіла хлопчыка маці.

— А чаму ён спявае? Пра што?

— Будзем вячэраць, Андрэйка, і наш дзядуля табе пра гэта раскажа. Ён жа быў на вайне і ўсё пра гэты агонь ведае...

Маці ўзяла хлопчыка за руку, і яны пайшлі. Ля ўваходу ў падземны пераход прыпыніліся, нейкі час глядзелі на Вечны агонь. А я глядзеў на іх, незвычайна ўзрушаны і ўсцешаны. Не ведаю, як і што тлумачыў Андрэйку яго дзядуля. Але перакананы і сёння: адкрыццё, зробленае хлопчыкам на вечаровай плошчы — "Агонь жывы! Ён спявае!" — зыначыла яго дзіцячую душу, пакінула знак на ўсё жыццё. Бо хлопчык пачуў не проста спеў агню, а дзівосны голас, які не толькі здзівіў і завабіў, але і паклікаў у новы, шчэ неспазнаны свет.

Неўзабаве я таксама пайшоў з плошчы. Ля ўваходу ў падземны пераход ступіў убок, каб не замінаць дзяўчыне і хлопцу, якія ўзнімаліся па доўгіх прыступках, яшчэ не ачышчаных ад снегу. У правай руцэ дзяўчына трымала вялікую белую ружу.

Да Вечнага агню яны пакіравалі не па добра ўжо ўтаптанай сцежцы, а павольна і спаважна прайшлі па цаліку ўсцяж каменных кубоў, на кожным з якіх напісаныя назвы гарадоў-герояў, пакідаючы роўны ланцужок слядоў на зырка-белай снегавой роўнядзі. Калі дзяўчына паклала ружу на блішчасты чырвоны граніт, полымя Вечнага агню выгнулася ад парыву ветру, нахілілася над кветкай, нібыта прылашчыла новы дарунак маладых і добрых сэрцаў.



Алесь САВІЦКІ

газета "Звязда", 09.01.2009 г.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка