"Вера і мары маленькай Верачкі" Зяленская Мілана Яўгенаўна




Дата канвертавання10.10.2017
Памер38.3 Kb.

Апавяданне

“Вера і мары маленькай Верачкі”

Зяленская Мілана Яўгенаўна

05.06.2006

ДУА “Чамярыскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”

3 клас

аг. Чамярысы



Брагінскі раён

Гомельская вобласць

Да 30-годдзя Чарнобыльскай трагедыі
“Гады пралятаюць і час не спыніць,

А боль не сціхае, а сэрца баліць…”


Маленькую дзевяцігадовую Верачку даволі часта здзіўляла тое, што яе маці, Наталлю, аднавяскоўцы завуць не па імені, а чамусьці клічуць “перасяленка”. Дзяўчынка чула, як на іх суседку гавораць “Іваніха”, але ж Верачка знала, што суседчынага мужа завуць Іван, таму яна – Іваніха. А яе бацьку завуць Юрась, дзядулю – Пятро, а маці клічуць “перасяленка”. Што азначае гэтае слова, дзяўчынка вырашыла спытаць у сваёй настаўніцы. Напэўна, яна ведае і патлумачыць Верачцы яго значэнне.

Марыя Пятроўна чамусьці здзіўлена паглядзела на дзяўчынку, цяжка ўздыхнула і пачала тлумачыць так, каб Верачка зразумела: “Перасяленка” – гэта чалавек, які перасяліўся, пераехаў з адной вёскі ці горада ў другі па прычыне жыццёвых або сямейных абставін”. Дзяўчынка ўважліва слухала тлумачэнне і па-дзіцячы разважала: наша сям’я ўвесь час жыве ў вёсцы Чамярысы і ніколі нікуды не пераязджала. Марыя Пятроўна бачыла, што Верачка мала што зразумела з яе тлумачэння і параіла дзяўчынцы звярнуцца з гэтым пытаннем да сваёй матулі. Каб не пакрыўдзіць дзяўчынку, настаўніца, крыху памаўчаўшы, дабавіла: “Верачка! Хутка ў нашым класе мы будзем праводзіць вусны часопіс ”Чарнобыль у сэрцы маім і тваім”. Няхай гэта будзе табе даручэннем да класнага мерапрыемства. Тое, што раскажа табе матуля, ты абавязкова раскажаш усім нам у час правядзення вуснага часопіса”.

Вечарам таго ж дня, калі маці ўправілася з усімі хатнімі справамі, Верачка падсела да яе і з асцярожнасцю запыталася: “Матулечка, чаму цябе ўсе завуць “перасяленка?”.

Наталля маўчала. Яна пра сябе думала: як расказаць гэтай маленькай дзяўчынцы аб трагічным здарэнні ў яе жыцці і не параніць кволае дзіцячае сэрца. Жанчына прытуліла да сябе Верачку і ціхім голасам павяла размову…

…Было гэта, дачушка, амаль 30 гадоў назад. Я была тады маленькай дзяўчынкай, вельмі падобнай на цябе. На двары стаяла цудоўная пара года – вясна. Але гэтую прыгажоць парушыла і азмрочыла страшная здарэнне – аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі. На станцыі адбыўся выбух, узарваўся адзін з энергаблокаў. Гэтая трагедыя пасеяла амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі смяротны радыяцыйны пыл. Наша вёска знаходзілася непадалёку ад станцыі, і ўсіх людзей неабходна было вывезці, перасяліць з гэтай тэрыторыі. Жыць у нашай вёсцы было небяспечна.

Крыху памаўчаўшы, як бы пераводячы дух, маці павяла размову далей. У той дзень я гуляла каля нашай хаты з любімай Люськай – так звала я сваю ляльку. Маці паклікала мяне ў хату, хуценька апранула чыстую сукенку, узяла ў рукі невялікі вузельчык і павяла мяне да клуба, дзе было шмат людзей і аўтобусаў. Незнаёмы мужчынскі голас скамандаваў: “Па аўтобусах!”. У гэты момант усе людзі пачалі крычаць і нават плакаць. Мы, дзеці, тады яшчэ нічога не разумелі, таму пакорліва падаліся ў аўтобус. Раптам я ўспомніла пра сваю ляльку, якую забылася каля хаты. Але забраць я яе не змагла. Дзверы аўтобуса зачыніліся і ён, павольна кранаючыся з месца, паехаў па вясковай дарозе, пакідаючы за сабой стоўб пылу. Лялька засталася ляжаць на лаўцы, чакаючы мяне, сваю гаспадыню. Але ж ніхто тады яшчэ не ведаў, нават дарослыя, што мы ніколі больш не вернемся ў сваю вёску, а ляльку разам з хатай праз некаторы час зграбуць у яму і засыплюць зямлёй. Маці змоўкла і Верачка ўбачыла , як па яе твары каціліся слёзы.

Праглынуўшы горкі камок у горле, матуля працягвала.

– Доўга прыйшлося нам яшчэ “вандраваць” па роднай краіне. Былі і на Брэстчыне, і на Віцебшчыне. А апошняй прыстанню ў нашым жыцці стала вёска Чамярысы, дзе мы пражылі больш за 20 гадоў. Тут жа нарадзіліся і вы, нашы дзеці…

Надышоў дзень правядзення выхаваўчага мерапрыемства. Верачка доўга рыхтавалася да гэтага дня, хвалявалася. Але Марыя Пятроўна дапамагла дзяўчынцы пераадолець усе хваляванні і папрасіла Верачку расказаць тое, аб чым дзяўчынцы расказала яе матулька. Верачка ціхім голасам павяла размову…

Пасля свайго расказу дзяўчынка акінула позіркам усіх прысутных, памаўчала і дабавіла: “У кожнага чалавека ёсць мара. А яшчэ ў сэрцах людзей ёсць вера, якая дапамагае здзейсніць мары. Я, як і многія з прысутных, зусім маленькая дзяўчынка. Але ў мяне ёсць мара: калі я вырасту, то абавязкова куплю і падарую сваёй матулі ляльку, вельмі падобную на тую Люську, што была ў яе дзяцінстве. А яшчэ мы ўсе разам, і дарослыя, і дзеці, павінны вельмі верыць у тое, што пройдзе крыху часу і на нашай роднай зямлі зусім знікнуць словы “перасяленка”, “радыяцыя”, “зона”, а маленькія анёлы будуць захоўваць дзяцей ад хвароб, няшчасцяў, трагедый. І пакінутым лялькам не прыйдзецца чакаць сваіх гаспадынь за калючым дротам.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка