Вернасць роднай зямлі




Дата канвертавання14.11.2018
Памер92.08 Kb.


Літаратурная імпрэза
па творчасці Піліпа Пестрака
“Вернасць роднай зямлі”
да 115-годдзя з дня нараджэння паэта, празаіка


Вядучы 1: Добры дзень, паважаныя сябры! Добры дзень усім, хто прыйшоў да нас на літаратурную імпрэзу прысвечаную 115-годдзю з дня нараджэння нашага земляка вядомага беларускага паэта, празаіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Піліпа Пестрака.

Вялучы 2: Чароўны кут, стары казачны край – наша Беларусь. Са старажытных часоў жылі на гэтай зямлі нашы продкі, ці, як прынята казаць, нашы бацькі і дзяды. Таму і называюць людзі землі сваіх продкаў “краем бацькоў”, а каб адна краіна адрознівалася ад другой, даюць ёй назву. Па назве амаль кожнай краіны мы з лёгкасцю разумеем, хто ў большасці тут жыве.

Чытальнік 1: Мяжуе з Польшчай, Украінай,

Расіяй, Латвіяй, Літвой.

Тут родны край, твая Айчына –

Жыццё тваё і гонар твой.

І ты яе запомні імя

Як неба, сонца і зару,

Твая зямля, твая Радзіма

Названа светла –

Бе-ла-русь!

Чытальнік 2: Радзіма наша – Беларусь

І колькі не шукай,

Не знойдзеш ты на ўсёй зямлі

Мілей, чым гэты край.

Не знойдзеш ты такіх людзей,

Іх сэрцы – дабрыня,

Яна струменіць, льецца ў свет

Крынічкаю штодня.

Таму ў жыцці не трэба быць

Няшчырым, сквапным, злым.

Не забывай, ты – беларус,

І заставайся ім.

Ю. Свірка

Вядучы 1: Наш родны беларускі край! Ён прыгожы, адметны і непаўторны сваімі рэкамі і азёрамі, сваімі лясамі і лугамі, а галоўнае, сваімі таленавітымі людзьмі, якія ўслаўляюць нашу Радзіму.

Вядучы 2: Косаўская зямля ўзгадавала многіх таленавітых, знакамітых пісьменнікаў, сярод якіх імя Піліпа Пестрака – змагара, паэта-трыбуна, асобы, чыя біяграфія ў савецкі час увасабляла лёс сапраўднага патрыёта роднай зямлі.

Чытальнік 1: Я – сын бароў, што родзяць шумы

Ў задуме шэптаў буйных дрэў

І пасля ціхай, соннай думы

Мяцежны родзяць рык і рэў.

Я сын чароўнай сіняй далі,

Скуль выглядае мне вясна

І будзіць у сэрцы сумным жалем,

Прастор абняць заве яна...



Вядучы 1: Нарадзіўся Піліп Пястрак 27 лістапада 1903 года ў вёсцы Сакоўцы Гродзенскай губерніі, Слонімскага павета, Косаўскай воласці. Піліп быў у сям’і перадапошнім сынам. А сям’я была вялікая, жылі бедна. Таму змалку Піліпку прывучалі да працы.

Тая хатка заўсёды стаіць прад вачыма, хоць яе ўжо даўно няма, – пісаў Піліп Пестрак у сваёй аўтабіяграфіі. – Яна была не толькі старая, бо адразу будавалася са старога бярвення, але і на дзіва малая. Цяпер, з перспектывы часу, дзівуешся, як магло мясціцца, жыць у ёй адзінаццаць душ сям’і. Але неяк жылося – вядома, больш з бядою” .



Вядучы 2: У сем гадоў Піліп пачаў вучыцца ў Бусяжскім двухкласным вучылішчы і да пачатку імперыялістычнай вайны скончыў пяць яго аддзяленняў. У 1914 годзе Першая міравая вайна вымусіла сям’ю Пестракоў эвакуіравацца ў Самарскую губерню, дзе ў сяле Максімаўка Піліп працягваў вучобу ў народным вучылішчы.

Вядучы 1: Пасля заканчэння працаваў памочнікам рахункавода ў крэдытным таварыстве. У 1918 годзе, скончыўшы месячныя бібліятэчныя курсы, юнак паступіў у пяты клас Бузулукскай гімназіі, але правучыўся там толькі год – гімназію зачынілі з прычыны эпідэміі тыфу. Вярнуўшыся ў Максімаўку, Піліп Пестрак уладкаваўся на працу памочнікам бухгалтара ў мясцовым валвыканкаме.

Вядучы 2: Падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі адыгралі вызначальную ролю ў фарміраванні будучага пісьменніка, як асобы. У 1920 годзе П. Пестрак паступіў на сацыяльна-гістарычны факультэт Самарскага ўніверсітэта. Але атрымаць вышэйшую адукацыю яму не ўдалося. На Паволжжы пачаўся голад. У пачатку зімы 1921 Пестракі вырашылі ехаць у Беларусь.

Вядучы 1: Вярнуліся ў родную вёску Сакоўцы. Непрыветна сустрэла радзіма сваіх землякоў. Вось як расказвае аб тых днях Аляксандр, брат Піліпа Пестрака: “Чартапалох узнімаўся да самых стрэх. Наша маленкая хатка, здавалася, у зямлю ўрасла, не пазнаць было... На палях навокал вёскі разросся густы берэзнік. Адсюль дыхала пустэчай, людзі, якія падобна нам прыехалі сюды нядаўна, сланяліся, нібы прывіды, худыя, у лахмоццях. За што было рукі зачапіць? З чаго пачаць?.. Халодным здаваўся свой родны кут, мачыхай выглядала радзіма...”

Вядучы 2: Была восень 1921 года. Халодны, снежны лістапад. Аб гэтым часе Пестрак пісаў: “Вярнуліся ў голад, сцюжу, смерць – у вялікае бяздолле.” Тут, у Сакоўцах, і пачаліся першыя выпрабаванні для ўсёй сям’і. Іх, вядома, чакалі, але не думалі, што столькі няшчасця наваліцца. На працягу двух тыдняў паміраюць бацька, Піліпава сястра і брат. Сам Піліп таксама захварэў ціфам і быў, як кажуць, на валаску ад смерці, але яму ўдалося выжыць. А стаўшы на ногі пачаў шукаць работу. Піліп уладкаваўся рабочым на лесапільні, потым працаваў лесніком. Тады ж яго мабілізавалі ў польскае войска, два гады аддаў воінскай службе.

Вядучы 1: З 1926 года ў жыцці Пестрака пачынаецца новая старонка. Па-першае, ён уступае ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі, а таксама становіцца членам павятовага камітэта Беларускай сялянска-рабочай грамады ў мястэчку Косава. У той жа час Піліп Пестрак пазнаёміўся з паэзіяй Янкі Купалы і Якуба Коласа, ўразіўся ёю і натхніўся на складанне па-беларуску ўласных вершаў. Першыя спробы пяра паэта можна аднесці да 1923 года. У 1927 годзе ў часопісе “Родныя гоні” пад псеўданімам Звястун быў апублікаваны першы верш Пестрака “Наперад, гэй”.

Вядучы 2: “- З першым вершам, – успамінаў паэт, – я, здаецца, уступіў на шлях барацьбы за родную краіну, і з таго часу верш зрабіўся ўжо частым госцем. Так стаў расці ўва мне беларускі паэт”.

Вось радкі з верша, дзе ён звяртаецца да сваіх землякоў:



Чытальнік 2: “Уставай, галодны беларус,

служыць радзіме

справай.

Скінь з плеч прыгоны і прымус,

Здабудзь дарогу к славе”.

Вядучы 1: З 1927 года П,Пестрак – сакратар Косаўскага падпольнага райкома і член Слонімскага акружкома КПЗБ. У тым жа годзе 3-га лютага ён удзельнічае ў Косаўскай палітычнай дэманстрацыі. Яго арыштоўваюць і амаль год трымаюць у астрозе. Каля адзінаццаці гадоў паэт-барацьбіт правёў за кратамі, але і там, у халодных сценах, ён працягвае верыць і жыць, змагацца за правы свайго народа.

Чытальнік 1: Мацуйся, мой браце, у крывавым змаганні

За волю Радзімы – забітай зямлі.

Няўжо нам заўсёды бадзяцца ў стагнанні,

Жыць тым, што вякі падняволля далі?

Змагайся, мой браце, - не здайся ніколі, -

За свой пад’ярэмны і змучаны люд,

Што ў цемры абдаран кайданнаю доляй,

Аплакваў у немачы бедны свой кут.

Мацуйся, мой браце, ты молад душою,

Бо песню змагарскую ты пераняў.



Чытальнік 2:

Ідзі ж непахіснай і смелай ступою –

Той самай дарогай, што сам распачаў.

Мы – дзеці цяжкое, мазольнае працы,

Мы – дзеці адзінай рабочай сям’і

Свабоды з няволі ідзем дабівацца

Цаною сваёй збунтаванай крыві.

Па-новаму свеціць зара небасхіла,

Нясе нам прыгожыя, новыя дні,

І мы – маладая ,паспеўшая сіла,

І мы – светазорныя бліскі-агні!

Вядучы 2: Верасень 1939 года падарыў пісьменніку новыя спадзяванні.
П. Пестрак не збочвае з ранейшай дарогі, актыўна ўключаецца ў савецкае жыццё, працуе сакратаром Гродзенскага рэўкома, абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.У 1940 годзе выйшаў першы зборнік П.Пестрака “На варце”, які склалі “заходнія” вершы.

Вядучы 1: У 1941 годзе грымнула вайна. І тут П.Пестрак, як кажуць, на перадавой. Паэт-партызан змагаецца з новым ворагам, узнімае народ на абарону Бацькаўшчыны. Вершы ваеннага часу ўвайшлі ў зборнік “За сваю Айчыну”(1946). Тэма Радзімы, любові да роднай зямлі – вось што прапісана ў гэтай кнізе.

Чытальнік 2: Я з вінтоўкай на варце стаю,

З вострай пільнасцю сэрца і воч,


А са мной толькі цёмная ноч

У маім партызанскім краю.

І здаецца, убачу на міг

Я глыбокі асветлены вір.

Круціць хвалі варожай крыві –

Беларусь мая ў агні.



Чытальнік 1: Ідзем мы лаваю

З народнай славаю

За край наш родны, дарагі.

Мы помсцім страшна,

Мы помсцім страсна –

Смерць за смерць і кроў за кроў.



Вядучы 2: Пасля вызвалення Беларусі ён вяртаецца на Радзіму. У 1946-1947 гг. Пестрак – навуковы супрацоўнік Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. Тры гады працаваў літаратурным кансультантам.

Вядучы 1: З 1951 года займаецца толькі літаратурнай дзейнасцю. Ён аўтар зборнікаў вершаў “На варце” (1940); “За сваю Айчыну”(1946);”Падарожнае”(1962). У 1968 годзе з’явілася паэма “Слова пра Мінск”. З 1951 па 1970 год выйшлі зборнікі празаічных твораў – апавяданні і аповесці – “Першыя ўсходы”, “Неспадзяванак”, “Лясная песня”, “Сярод чаротаў” і “Апавяданні”.

Вядучы 2: Сярод твораў Пестрака і вялікія празаічныя эпасы-раманы “Сустрэнемся на барыкадах” і “Серадзібор”.
Амаль пяць гадоў напружанай працы Пестрак прысвяціў раману “Сустрэнемся на барыкадах”. Па словах пісьменніка, твор “вырас з глыбінь перажытага часу” і ў значнай ступені распавядаў пра жыццёвы шлях самога аўтара. Даследчыкі творчасці Піліпа Пестрака лічаць раман адным з першых і найбольш значных у беларускай мастацкай прозе, прысвечаных жыццю і барацьбе працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

Вядучы 1: Знакавым ў творчасці пісьменніка з’яўляецца раман “Серадзібор” (1963), за які Піліп Пестрак ў 1964 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа. У творы ідзе аповед пра беларускую зямлю і людзей, якія яе аднаўляюць.

Вядучы 2: Як сцвярджаюць сучаснікі, П.Пястрак быў нястомным прамоўцам, палемістам, удзельнікам літаратурных дыскусій, спрэчак і абмеркаванняў. З асаблівай, бацькоўскай прыхільнасцю адносіўся Пестрак да літаратурнай моладзі. Стараўся яе падтрымаць. Яму належаць рэцэнзіі на першыя кнігі Янкі Брыля, Анатоля Вялюгіна, Уладзіміра Корбана, Рыгора Барадуліна і іншых.

Вядучы 1: Шматлікія пераклады твораў самога паэта на розныя мовы народаў свету, сведчаць пра яго папулярнасць і па-за межамі Беларусі. На яго вершы кампазітарамі Анатоліем Багатыровым, Яўгенам Цікоцкім напісаны песні.

Вядучы 2: Піліп Пестрак узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дружбы народаў, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга, медалямі, сярод якіх медаль “Заслужаны для польскай культуры”. У 1968 годзе Піліпу Пестраку прысвоілі званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.

Вядучы 1: Сваіх землякоў Піліп Сямёнавіч ніколі не забываў. У родных Сакоўцах жыў яго родны брат Аляксандр з сям’ёй, таму Пестрак быў частым госцем сваіх родзічаў. У вёсцы Сакоўцы дзейнічаў літаратурны музей пры бібліятэцы , экспанаты з якога перавезены ў бібліятэку Косаўскай СШ. Гэта месца сталася асаблівым цэнтрам духоўнага і патрыятычнага выхавання. Экспазіцыя ўражвае сваім грунтоўным афармленнем, выкананым з творчасцю і любоўю. Там не толькі матэрыялы пра Піліпа Пестрака, але і цалкам музейныя рэчы: фотаздымкі з асабістага архіва пісьменніка, многія яго рэчы, узнагароды, дакументы, кнігі з асабістай бібліятэкі.

Вядучы 2: Таксама ў Івацэвіцкай СШ № 3 ёсць пакой-музей, дзе сабрана нямала матэрыялаў пра Піліпа Пестрака . Наша раённая бібліятэка і вуліца ў Івацэвічах, Мінску і Гродне названа імем славутага земляка. На доме у Мінску, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Вядучы 1: Пра сябе Піліп Сямёнавіч казаў так:
- Мы, людзі, заўсёды імкнемся да прыгажосці, красы жыцця і красы паміж людзьмі. Усё ў прыродзе ад прыгожага, ад гармоніі. Краса – вось да чаго я імкнуся ў сваім жыцці, у сваёй рабоце.
Прыгажосць – мая філасофія, і – любоў да людзей!

Бібліяграфія:

1. Гапееў, В. Піліп Пестрак: паэт, празаік, грамадскі дзеяч / В. Гапееў // Івацэвіцкі веснік. – 2013.- 19 лютага.

2. Мароз, В. Мы яго помнім : да 100-годдзя з дня нараджэння Піліпа Пестрака / В. Мароз // Івацэвіцкі веснік . - 2003 . - 25 лістапада. - С. 2.

3. Хромчанка К. Непадуладнае забыццю: Заходняя Беларусь у рамане П. Пестрака “Сустрэнемся на барыкадах” / Х. Хромчанка // Роднае слова. – 2003. – №9. – С.5-9.

4. Кажадуб, С. Народны змагар і жыцця пясняр / С. Кажадуб // Газета для Вас. – 2002.- I.Маладыя гады, маладыя жаданні 1-7 лютага, 8-14 лютага.- II. Першыя выпрабаванні 15-21 лютага.- III.За турэмнымі кратамі- 22-28 лютага, 8-14 сакавіка. - IV.Паэзія змагання 1-7 лютага, 15-21 сакавіка.- V.Вайна праклятая 22-28 сакавіка.- VI. Сустрэнемся на барыкадах 29-4 красавіка.- VII. Такім яго помнілі 5-11 красавіка.

5. Шамякін І. Звястун і бунтар / І. Шамякін // Беларусь. – 2000. - №8. – С.42-45.

6. Кажадуб, С. Піліп Пястрак – паэт, празаік, грамадскі дзеяч : 95-гадоў з дня нараджэння / С. Кажадуб // Газета для Вас . – 1998. – 21-27 ліспапада.- С. 3.

7. Піліпу Пестраку – 95. Нашы знакамітыя землякі // Івацэвіцкі веснік. – 1998. – 25 ліст. – С.4.

8. Сачанка Б. Запісы розных гадоў: (Успаміны пра П. Пестрака) / Б. Сачанка. // ЛІМ. – 1993. – 8 студ. – С.14.

9. Прыходзка П. Ён меў свой характар / П. Прыгодзка // Полымя. – 1993. - №5. – С.218-223.

10. Пестрак Ф. Таков был путь: (писатель о своей жизни и творчестве) / Ф. Пестрак // Дружба народов. – 1969. - №7. – С.252-253.

Матэрыял падрыхтаваны


аддзелам бібліятэчнага маркетынгу

Складальнік Л.С. Джэжора





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка