Выкарыстанне сучасных сродкаў навучання на ўроках беларускай мовы як адзін з фактараў індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі навучання




Дата канвертавання31.01.2017
Памер53.76 Kb.
Выкарыстанне сучасных сродкаў навучання на ўроках беларускай мовы як адзін з фактараў індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі навучання

Самсонава Ірэна Эдвардаўна

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура”



Е-mail: senno.school1@gmail/com
У выніку змен у грамадстве, росце навукова-тэхнічнага прагрэсу, павелічэнні аб’ёма інфармацыі ўзнікае неабходнасць удасканальваць вучэбны працэс, павышаць яго якасць і эфектыўнасць. Важная роля ў вырашэнні дадзенай праблемы адводзіцца сродкам навучання. Ад рацыянальнай арганізацыі іх выкарыстання ў значнай ступені залежаць эфектыўнасць і вынік навучання.

Да асноўных сродкаў навучання адносяцца падручнікі, разнастайны дыдактычны, раздатачны матэрыял у выглядзе набору заданняў, практыкаванняў, тэстаў, схем, зборнікі тэкстаў для пераказу, перакладу, слоўнікі і іншая даведачная літаратура, наглядныя дапаможнікі рознага тыпу.

Аднак, сённяшні ўрок складана ўявіць без выкарыстання сучасных сродкаў навучання. Найбольш эфектыўнае ўздзеянне на вучняў аказваюць сучасныя аўдыявізуальныя і мультымедыйныя сродкі навучання (электронныя адукацыйныя рэсурсы).

У сваёй працы на ўроках беларускай мовы і літаратуры імкнуся выкарыстоўваць і сучасныя сродкі навучання. Часцей прымяняю камп’ютар. Выкарыстанне камп’ютара магчыма на разнастайных тыпах і відах сучаснага ўрока, а таксама на асноўных структурных этапах занятка. Гэта эканоміць час на тлумачэнне матэрыялу, дазваляе больш якасна арганізаваць самастойную работу вучняў, індывідуальную і групавую формы навучання, дыферэнцыраваць работу вучняў, матываваць цікавасць да вывучэння беларускай мовы , павышаць узровень самаадукацыйных навыкаў і ўменняў вучняў.

З дапамогай камп’ютэрнай праграмы Power Point можна стварыць слайды з разнастайнымі апорнымі схемамі, малюнкамі, табліцамі, фотаздымкамі, неабходным тэкстам. Таксама ёсць магчымасць дэманстраваць анімацыйныя фільмы, відэафрагменты, слухаць мелодыі як на ўроках мовы, так і літаратуры.

Да ўрокаў беларускай мовы рыхтую мультымедыйныя прэзентацыі. Напрыклад, у 5 класе па тэме “Стылі маўлення”, “Даданыя члены сказа”, “Сказы з аднароднымі членамі, знакі прыпынку”. У 6 класе выкарыстала прэзетацыі па тэме “Назоўнік як часціна мовы”, “Прыметнік як часціна мовы”, у 9 класе падрыхтавала прэзентацыю па тэме “Складаназалежныя сказы: будова, значэнне, ужыванне”. Пры наяўнасці гатовых прэзентацый прыстасоўваю іх да свайго ўрока і карыстаюся імі. Заданні для вучняў падбіраю з улікам дыферэнцыяцыі, прадугледжваю заданні рознага ўзроўню. Цікава, хутка і рэзультатыўна праходзяць арфаграфічныя хвілінкі з выкарыстаннем камп’ютара ( заданне выконваецца на картках, праверка – ключ на слайдзе), розныя віды дыктантаў( на адным слайдзе фармулюецца заданне дыферэнцыраванае або па варыянтах, на наступным слайдзе знаходзіцца ключ да задання). У якасці арфаграфічнай хвілінкі падабаецца выкарыстовываць асобныя слайды прэзентацый “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (рэсурсны цэнтр). Заданні з наступнай праверкай і самаправеркай актывізуюць ўвагу навучэнцаў, фарміруюць арфаграфічную і пунктуацыйную пільнасць.

Значную дапамогу ў падрыхтоўцы ўрокаў з выкарыстаннем ІКТ аказвае Рэсурсны цэнтр, створаны на базе нашай школы. Медыятэка распалагае дастатковай колькасцю прэзентацый да ўрокаў літаратуры як пра жыццё і творчасць пісьменнікаў і паэтаў, так і па літаратурных творах, ёсць дакументальныя фільмы пра беларускіх пісьменнікаў, якія, пры наяўнасці часу, цалкам або часткова можна скарыстаць на ўроку.

У якасці тэматычнага кантролю можна прапанаваць вучням тэставыя заданні, якія пры жаданні можна зрабіць дыферэнцыраванымі. Тэставы спосаб кантролю ведаў значна эканоміць час настаўніка на ўроку, дае магчымасць аб’ектыўна ацаніць практычна ўсіх вучняў па тэме. Такія заняткі на камп’ютары выпрацоўваюць навыкі індывідуальнай працы.

Пры стварэнні тэставых заданняў карысным будзе сайт http:// krabtest.narod.ru. А на сайце “Каб харашэць душой” (адрас:http://zhukovich4.narod.ru) можна скарыстаць некаторыя ўзоры па складанні тэстаў.

Высокаматываваным вучням для праверкі свайго ўзроўню ведаў прапаную сайты http://vedy.by, http://testirovanie.org. Там змешчаныя комплексныя тэсты па прадметах.

На ўроках літаратуры выкарыстоўваю аўдыязапісы літаратурных твораў, электронны запіс мастацкіх тэкстаў ці іх фрагментаў у выкананні прафесійных акцёраў, спевакоў, калі гэта музычны твор. Тут я нават не заўсёды карыстаюся камп’ютарам, а праводжу ўрок з дапамогай мультымедыя 3D калонкі і электроннага носьбіта (флеш-карты) з адпаведным літаратурным творам. У гэтым годзе даволі часта такія ўрокі праходзілі ў 6 класе па тэмах: “Народныя песні.Каляндарна-абрадавыя песні”, “Народныя песні. Сямейна-абрадавыя песні”, “Літаратурная песня.А.Ставер. “Жураўлі на Палессе ляцяць””, “Генадзь Бураўкін. “Малітва”. Алесь Бачыла. “Радзіма мая дарагая…” і інш.

Для падрыхтоўкі да такіх заняткаў я найчасцей звяртаюся да інтэрнэт-рэсурсаў. Гэта наступныя сайты: http://knihi.com, www.staroeradio.ru; фальклор можна знайсці на сайце http://iplayer.fm і інш.

Ёсць выпадкі, калі вучні самі праяўляюць ініцыятыву ў падборы адпаведнага матэрыялу па тэме ўрока, у стварэнні прэзентацыі да ўрока. Гэта садзейнічае фарміраванню ўмення работы з інфармацыяй, яе пошукам, адборам і перапрацоўкай.

Зрэдку карыстаемся трэнажорам, тэкставым рэдактарам. Аднак, хочацца адзначыць, што гэтыя сродкі навучання таксама спрыяюць дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання. На стадыі засваення мной знаходзіцца такі сучасны сродак навучання, як інтэрактыўная дошка.

Сучасным сродкам навучання з’яўляецца электронны падручнік.Такія кнігі ўяўляюць сабой цэлы комплекс навучальных трэніровачных і кантралюючых матэрыялаў. Яго таксама можна было б задзейнічаць для дыферэнцыраванай або індывідуальнай работы з вучнямі, карысны ён быў бы і для самаадукацыі. На жаль, я не змагла адшукаць электронны падручнік па беларускай мове, літаратуры. У інтэрнэце ёсць толькі копіі вучэбных дапаможнікаў, якімі мы карыстаемся на ўроках.

Зараз амаль у кожнага вучня ёсць персанальны камп’ютар.Таму я заўсёды стараюся прадстаўленую падчас урока інфармацыю або прэзентацыю прапанаваць вучням. Рэкамендую ім скапіраваць і дома пры падрыхтоўцы да ўрока скарыстаць яе. Такім чынам, вучань можа сам выбіраць уласны тэмп працы, пасільны аб’ём інфармацыі і ступень яе цяжкасці. Такі прыём, у сваю чаргу, дае магчымасць настаўніку рэалізоўваць дыферэнцыраваны і індывідуальны падыход у навучанні. Так вучні больш грунтоўна запамінаюць новы матэрыял.



Выкарыстанне сучасных сродкаў навучання дае магчымасць дыферэнцыяцыі працэса навучання школьнікаў за кошт выкарыстання сродкаў і тэхналогій выбару заданняў рознага ўзроўню, арганізацыі самастойнай працы па тэмах прадмета для вучняў з больш высокай матывацыяй і вяртання да недастаткова вывучанага матэрыялу нізкаматываваных вучняў.

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Жуковіч, М. М. Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры: дапаможнік для настаўнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі / М. М. Жуковіч. – Мінск: Аверсэв, 2007. – 157 с.

  2. Жуковіч, М. М. Лічбавыя адукацыйныя рэсурсы і інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ў сучасным вучэбным працэсе / М.М.Жуковіч // Беларуская мова і літаратура. – 2014. – №2 – С.3-13.

  3. Метадычны сайт настаўнікаў [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.nastaunik.info. – Дата доступу: 12. 12. 2015.

  4. Казлова, А. У. Камп'ютарная падтрымка ўрокаў беларускай мовы і літаратуры / А. У. Казлова // Беларуская мова і літаратура. – 2008. – №12. – С.19-21.

 


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка